epub
 
падключыць
слоўнікі

Адам Бабарэка

Як красназорцы зямлі сцураліся

- Чакайце бо, вось мне набегла на памяць! Вы ўсё жаліцеся на долю: «Мусіць доля наша такая. І цяпер праўды няма. Казалі: зямлі будзе ўсім удосталь. Казалі: усе будуць роўнымі, а дзе ж яно ўсё гэта? Палёгкі ніякай няма. Ліхая наша доля...» А вы?.. Але, пэўна, вы не ведалі Міхаля Старога з Красназорак, што за балотам, за галамі. Памёр і не дачакаўся таго часу, пра які ён, бывала, любіў часта казаць: «Эх, прыйдзе час, - але я ўжо, мусіць, не прычакаю, - прыйдзе і ўсіх параўнае. Усе будуць роўна гараваць, будуць роўна і панаваць. І мужыкі самі сцураюцца сваёй зямлі, сваёй уласнасці. От успомніце некалі маё слова. Сабакам назавеце, калі будзе няпраўда». Дык але ж, на ліха яму, і праўда. Гэтак сталася ў тых жа Красназорках. Я сам на свае вочы бачыў, на свае вушы чуў. Каб хто казаў - не паверыў бы, а то сам. Дык ось слухайце, раскажу вам, як гэта сталася, дык мо і нам льга будзе што пераняць.

Неяк гэтым летам жонка прыстала: паедзь і паедзь у Прыдолле. «Аднак ухадзіліся з сенам, а там мо паможаш нашым, ды што і дастанеш». Падумаў я, падумаў - і хлеб выходзіць, а дзе яго так скора варвеш, і адзетку няма, - запрог каня і паехаў. А ехаць у Прыдолле трэба праз Красназоркі.

Даўно я ўжо праз іх не ехаў. А была гэта звычайная вёсачка, ну двароў мо з сорак.

Будынкі, быццам апенькі, каля пня-цэркаўкі паскучваліся-паскручваліся. Пасярэдзіне - вуліца. Сям-там, як тыя тычкі ці пужалы на агародах, тарчалі старэнькія бярэзіны ды кляны. Як буслы на адной назе, гуськом, пазіраючы ўніз вочапамі, папрытульваліся «бабы» з «жураўлямі» і нудна скрыгіталі, п'ючы раніцою ваду са студняў. Абгароджвалі вёску вузкія стужкі палеткаў і сенажацяў. З аднаго боку, ушчапіўшы на шыю пацеркі-праслы, пластом разлягаўся выган - міска з паўбіватаю, перамешанаю травою-кашкаю. Штодзень тут таўклося - збіралася - гаўяда. Дык я кажу, звычайныя былі Красназоркі, як і наша вёска.

Я гэта еду сабе, напоркваю свайго цюхцяя гнядога ды паглядаю наабапал дарогі - любуюся на збажынку людскую. А дзень быў лагодны.

От як цяпер памятаю, сонейка сабе песціцца, палыскаецца ў белых, пухленькіх аладках-воблачках. Паветра над палеткамі калышацца, гойдаецца, і здаецца, быццам за вушы падцягвае жытнія калосікі на шнурочках, што звязваюць сіне-смуглыя наміткі лясоў і краскі - рассыпаныя каралі лугоў. Еду і сам сабе думаю: «Добрае жытца, а і ярына паказвае на ўраджай. Добра, у каго многа зямелькі, а вот мне і прырэзку далі, і то не ведаю - ці стане на той год свайго. Жытцо маё нешта хібіла. Але і як яму не хібіць - без гною. А яго ж і не збярэш шмат з гэтага вось цюхцяя ды з аднае кароўкі. Ды які і ёсць, дык хаця б на сваё, а прыдатак... ці будзе шчэ мой...» Так сабе раздумліваю, не ўгледзеў, калі і ў Красназоркі прыехаў, а гэта ж такі ў аб'езд балота, дык мусіць вёрст з пятнаццаць будзе.

Аб'ехаў я гэта - і што за ліха, няўжо мой гняды дзе звярнуў у Другую дарогу - не пазнаю Красназорак, дый годзе. Гэтак адмяніліся з таго часу, як я колісь праз іх праязджаў. Нават аж папытаўся, бо кажуць жа: «Хто пытае, той не блудзіць». Кажуць: Красназоркі.

- А-а, адмяніліся, - падзівіўся я.

Шмат новых будынкаў паабапал шырокай вуліцы, як яблычкі зіхацяць. Хораша так гэта паабгароджваны новымі частаколамі, а то і дошчачкамі. За хатамі відаць садзікі пазасаджваны. Так вось і трапечуць сваімі лісточкамі, нібы ўжо вучацца прыманьваць да сябе ў спёку-гарачыню. Не відаць штось і цэркаўкі. А дзе, як мне памятаецца, быў выган - здаля відаць - калосіцца жытцо, быццам наша балота чаротамі.

«Шмат адмянілася», - думаю сабе. Толькі з прыезду нашага, нібы якія здыхляціны, валяецца кучак некалькі асунуўшыхся, асівеўшых будынкаў. Гэта, як я потым дазнаўся, былі гнёзды даўнейшых багацеяў, што камандавалі, бывала, усёй вёскаю.

Тут мне захацелася піць, ведама, улетку ад гарачыні. Дай, думаю, забягу ў якую хату. Прыпыніў каня, закінуў лейцы за частакол і заходжу.

- Дзень добры!

- Дзень добры! - адказвае якаясь бабулька.

Папрасіў вады, напіўся. Бабулька папытала, адкуль і куды я еду, папытала, што на свеце чуваць. Я гэта адказаў, як звычайна, і дадаў: «А, ад ліха ціха, дый дабра не чуваць».

- Але ж, мой саколік, - загаварыла бабулька. - Вось у нас ліха ведае што выдумляюць. Цэркаўка пазалетась згарэла, а кажуць, што яе тут нехта з нашага ж сяла падпаліў. А новай і не думаюць будаваць. Нейкіх камітэтаў навыдумлялі, прадстаўленні нейкія робяць. Ды ці чуў, чалавеча, амаль не ўсе зямлі свае паадцурваліся, ды ўсё нейкім хаўрасам - і не разбярэш. Але ж кажуць, - хаўрусна - гнюсна, так і гэта. Адступіўся бог ад нашых красназорцаў. Не той свет пайшоў.

Мо б яна і яшчэ што нудзіла, але ж відно, як чалавек нудзіць, дык неяк слухаць ахвоты няма. Бачыш чалавек адно, а табе напяваюць другое.

- Няма мне часу, бабулька. Трэба ехаць, хаця б да вечара заехаць, - завярнуўся і пайшоў.

Еду я.

На вуліцы адно дзеці сям-там дурэюць, смяюцца. І да майго вуха не раз далятаў пісклівы галасок:

- Я бальшавік, а ты?..

- Ты будзь нібы пан, а мы цябе праганяць...

«Вось наліха вас, як вы ўсё скора пераймаеце», - падумаў я, і неяк весела на душы зрабілася.

Праязджаю.

Бачу будынак большы, як звычайныя хаты. Нават гонтамі пакрыты. Нешта і напісана на ім, але, ведама, як няграматны, я і не разабраў што.

Але мяне больш за ўсё заняла думка, як гэта яны ад зямлі адцураліся, як казала тая бабуля. Вот хочацца ў каго распытацца, як улетку піць. Аж бачу, перада мной ідзе чалавек з касою. Я гэта таркануў свайго гнядога. Думаю, напэўна красназорац.

- На сенажаць?.. Прысядзь, пад'едзеш крышку, - а ў самога на вуме, каб распытацца, дык так і смажыць-карціць.

- З Красназорак? Касіць?..

- Але. Балота там кавалак быў, дык сёння трэба скончыць.

- Каму ж гэта косіце?.. Я чуў, вы зямлі адцураліся. - Не верылася мне, як убачыў я чалавека з касою.

- Ды яно так, можна сказаць, адцураліся, але ж косім сабе.

- Як гэта «адцураліся і косім»?

- А так, браце. Бывала, корпаліся мы на сваіх загончыках, корпаліся, а далей і абрыдзела. Ты і туды, ты і сюды, а яно ўсё - няхваткі, а яно ўсё - недастаткі. Як прыйшла гэта савецкая ўлада, то нам і прырэзалі крыху зямлі, але ж што, калі ўзбіцца на гаспадарку трудна. Тое ёсць, таго няма. Як кажуць, - хлеб ёсць, квасу няма. Так і мы - не спытвалі таго і другога разам. А багатшыя за нас усё пасміхоўваліся - падкепвалі. Але ж толькі таго - смейцеся, калі вам смешна, хоць вам-та плакаць хочацца, думалася нам. А мы будзем рабіць, як нам розум дыктуе. Ды прыязджалі да нас з месцаў з рознымі парадамі, але ўсяго было - і верылі і не верылі.

Але вось скончылася вайна, і пачалі нашы хлопцы варочацца з Чырвонай Арміі. А ведама, што салдат - то не баба. Перш за ўсё яны паўлазілі, бач - мы іх павыбіралі ў сельсавет, у валасны савет. А там і пайшло ўсё іначыцца. Пачалі гаіцца балючыя нашы болькі. От так струп за струпам і пачаў злазіць з нашага цела. У фурманках парадак увялі, зямлю нанава памеркавалі, з падаткамі стала менш непаразуменняў. Адным словам, пачалі дбаць. Вартаўніка сабе выпатрабавалі. Адчынілі школку тут у адной хаце. Газеты пачалі атрымліваць. Пачалі мы варушыцца.

Але ж цяжка, патом, жылося. Усё на хлеб, калі што прыдабыць. А тут яго і заобмаль. Вось гэта неяк раз настаўнік, як мы ўсё бедавалі, што ярына хібіла, вазьмі ды і падай нам думку пра інакшае вядзенне гаспадаркі, вазьмі дый прачытай нам кніжачку, як мужыкі вядуць хаджайства. А мы і ўхваціся за тую думку. Але ж як тут прыступіцца. На ўсё, бач, трэба сродкі. Давай гэта мы абгаварваць ды распытваць, дык і даведаліся, адкуль іх узяць і якім чынам на дарогу ўзбіцца.

Вось мы і залажылі сельскагаспадарчае таварыства. Злажыліся і перш-наперш адчынілі краму, каб замест таго, што пераплачваць розным гандлярам, хаваць гэтую пераплату ў сябе ды скарыстаць на паляпшэнні ўсякія. А таксама і сваё што, калі выгадна, дык выгадней збыць. А тут нам горад дапамог - плугоў, барон, наогул сіх-тых гаспадарскіх прылад напавер даў. Насення добрага дасталі. Ды нам параілі папару не пускаць, а засяваць канюшынаю. Ось так гэта памаленечку і пачалі ўзбівацца на ногі.

З свайго таварыства мы і не разбіралі ўсяго, а так згаварыліся - карыстацца за невялікую плату. Пры гэтым жа ўтварылі камітэт узаемадапамогі. Тут таксама злажыліся, каб было пра чорны дзень. Мала што можа здарыцца. Але галоўным чынам мы даручылі камітэту наглядаць, каб ва ўсіх была аброблена і засеяна зямля. А дзеля гэтага ён вёў парадак - то таму, то другому загадае, каб каня даў, каб сам пайшоў памог, - але больш за ўсё дык сам камітэт рабіў прыклад.

Ось так за год, другі дык і прывыклі, каб гэта пра ўсё абгаварваць (а мы кожную нядзелю збіраліся ў школу, там у нас было ўсё) ды гуртам і рабіць свае справы. А тым часам вачавідкі ўсяго і прыбываць стала і перайначвацца.

Наша таварыства з камітэтам завялі супольную гаспадарку. Узялі ды ўзадралі выган дый засеялі. Парасло жыта лепшае, як ва ўсіх. Вось мы гэта паглядзелі дый згаварыліся - апроч пяці гаспадароў - усё поле абрабляць супольна. Бач, і палеткі льга зрабіць большыя, ды з машынаю льга праехацца, а таварыства наша к таму часу ўжо і прыдбала жняярку ды двухлямешных плугоў са тры, ці што; дык з таго часу і пайшла гаворка, што красназорцы зямлі сцураліся. А мы не то сцураліся, а яшчэ мацней да яе прытуліліся.

- Дык вось яно як у вас, а я думаў, што і сапраўды адцураліся ды куды выехалі, ці што, як мне тая баба нагаварыла, - загаварыў я і запытаўся: - А калі ж гэта вы пазабудоўваліся гэтак?

- А вось за гэтыя ўсё ж гады. Скора, як стала савецкая ўлада, мы дзерава дасталі. А цяпер памаленьку і будуемся... Ну, я ўжо злезу: мне трэба вось гэтаю дарожкаю. Гэта ж вось было балота, а гуртам ужо асушылі, цяпер хоць з канём едзь.

- То бывай здароў, - адазваўся я і заматаў пугаю, а сам сабе падумаў: «Вось як мужыкі адцурваюцца зямлі». І ўспомніліся словы нябожчыка Міхаля: «А розум хоць ціха, памаленечку, ды ўсё расце і паднімаецца на ногі сярод мужыкоў».

Дык ось, браткі, і смякайце ды самі на дарогу выбівайцеся!

 

1922 г.


1922

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае