epub
 
падключыць
слоўнікі

Адам Глёбус

Скрыжаваньне

* * * Жах
СКРЫЖАВАНЬНЕ
ВОЎК
ЧАРГА
АТРУТА
РОСТ
ТЭСТАМЭНТ
БЕЛАРУСКІЯ КРАЯВІДЫ
САНЭТЫ
  1. ЗІМОВЫ ЛЕС
  2. БІБЛІЯТЭКА
  3. НОЧ
  4. ПАПЛЕЧНІКУ
  5. ЦЫГАН
  6. СОН
  7. БРАТЫ
  8. СЬЦЯНА
  9. СЛУП
  10. АНТОН
  11. КАРОЛЬ
СМУТАК
АКСАМІТНЫЯ ТАНЦЫ
  НАШЧАК
РАЗВАГІ
  ХОКУ
МАСТАК
1989. МЕНСК. ТРАЕЦКАЕ ПРАДМЕСЬЦЕ
1939. ВІЛЬНЯ. СЛОВА БЕСПРАЦОЎНАГА
САБАКА
КВАДРАТ
БЕЛАРУСКІ РУХ
ЗВЫШНАДЗЕЙНАСЬЦЬ
ЁСЬЦЬ
ТЫ
ДАМОЎ
СПРОБА МАЛІТВЫ


* * * Жах

* * *

жах

жах

жах

увесь сьвет у крыжах, увесь сьвет

жах

жах

увесь сьвет у крыжах, увесь сьвет

жах

жах

жах

жах

 

СКРЫЖАВАНЬНЕ

Адчыніце ўсе дзьверы,

Паламіце замкі,

Адпусьціце ўсе душы

На чатыры бакі.

Паляцелі ўсе душы

На чатыры бакі,

Зачыніліся дзьверы

Іржавеюць замкі.

Я стаю на крыжы

Беларускіх дарог

І ня бачу дзьвярэй,

За якімі ёсьць Бог.

 

ВОЎК

Узыйдзі на гару,

Абярніся ваўком

І ляці праз чатыры гады, -

Сваю маці забудзеш

І родны свой дом,

Не сустрэнеш ніколі бяды.

 

А яшчэ сорак дзён

Не шкадуючы ног

Ты ляці па пяску, па вадзе,

Па асфальце, па пылу,

Па бруку дарог,

Не спыняйся, крый Божа, нідзе.

 

А калі на мяжы,

Паміж ноччу і днём

Перакуліцца ўвесь белы сьвет,

Будзе ў цемры сьвяціць

Ярка-чорным вагнём

Непатрэбны і воўчы твой сьлед.

 

ЧАРГА

А.С.

Я стаяў у чарзе па хлеб,

Дастаяўся, а тамака соль.

Я прасіў: «Дайце мне мой хлеб!»

Мне далі ўкамянелую соль.

 

Ты стаяў у чарзе па хлеб,

Дастаяўся, а тамака сьпірт.

Ты прасіў: «Дайце мне мой хлеб!»

А табе налівалі сьпірт.

 

Мы стаялі ў чарзе па хлеб,

Дастаяліся, тамака сьмерць.

Мы спыталі: «А дзе наш хлеб?»

Нам у вочы глядзела сьмерць.

 

АТРУТА

У мяне ёсьць атрута -

Вельмі лёгкая сьмерць.

Можна зьнішчыць пакуты

Волю-вольную мець.

 

Лепей спаць у закутку

Ці пайсьці жабраваць,

Лепей выпіць атруту,

Чым людзей забіваць.

 

Не палохайся, дружа,

Самагубства, дальБог -

Гэта зброя для мужных,

А не для рабоў.

 

РОСТ

Удасканальваюцца мантажы,

За схэмай распрацоўваецца схэма.

Расьце тэхнакратычная сістэма,

Вось так на могілках растуць крыжы.

 

Цікава ўсё ж, а да якой мяжы

Нас давядзе законатэарэма,

Калі замест іскрыстай хрызантэмы

Квітнеюць бітумныя капяжы?

 

ТЭСТАМЭНТ

Глыну крышталёвай, халоднай атруты,

У студні-лядоўні здраньцьвее мой лёс.

І сыйдуцца ў кропкі зямныя пакуты.

Труна прыплыве па рыпеньні калёс.

 

Але пачакайце, ня трэба мне долу,

Ня трэба чаўна машыстовай труны.

Мяне панясіце з ампірнага дому,

Туды, дзе па хмарах грымяць перуны.

 

Над небам, на вежы мяне пакладзіце,

Хай войстрыя дзюбы арлоў, груганоў

Разблытаюць нэрваў блакітныя ніці,

А даўгія кіпці іх зблытаюць зноў.

 

Хай велькая зграя чарцей і анёлаў

У трубы і дудкі напружана дзьме;

А ў грукаце сонечна-месячных колаў

Хай лета зруйнуецца ў чорнай зіме;

 

Вясна пераробіцца ў сонную восень;

Планэта астыгне ў крыклівай мане.

Калі й застанецца ў шарасьці просінь,

Вы там не шукайце ніколі мяне.

 

БЕЛАРУСКІЯ КРАЯВІДЫ

На глыбока-блакітных нябёсах акрэсьліўся

     шара-сухі элеватар.

Прыдарожны пануры валун бессаромна

     квітнеў лішаямі.

У высокае шорсткае жыта набегла і стала

     валошак багета,

Нібы зорак у жніўні. Татарнік сачыў, як салдат,

     за палямі.

 

Ядлаўцовыя дрэўцы ніяк не падыйдуць

     адно да другога.

Каляіны лясныя ня здатны пазбавіцца

     ліпкага коўзкага мулу.

У лагчыне пяском непралазным разлазіцца

     ўшыркі дарога.

Люстраныя завоіны раска зялённай лускою

     наўсьцяж зацягнула.

 

Курасьлеп, што яечны жаўток, на паляне

     разьліўся, расьцёкся.

На далёкіх пагорках сінее палоса

     дагледжанай лесапасадкі.

На дарожных адхонах трава закурэла

     да колеру воўчае поўсьці.

І ўсе роўна вяскоўцы там пасьвяць

     свае нешматлікія статкі.

 

САНЭТЫ

1. ЗІМОВЫ ЛЕС

Што ні раблю - адны памылкі спрэс.

Я сам сабе ўствараю перашкоды,

Працуючы, калі патрэбны продых, -

І праца ў рэшце рэшт губляе сэнс.

 

Зьбяруся і паеду ў зімні лес,

Дзе існуюць гармонія дый згода,

Спакойна сьпіць зьнямелая прырода,

У белай форме - самы чысты зьмест.

 

Ня ведаю, ці дастаткова слоў,

Каб зьнікла спрацаванасьць і маркота,

А на душы зьявілася сьвятло?

 

Але я спадзяюся і прашу:

Лясная ціша, дрэвы і сумёты,

На хвілю апаліце мне душу.

 

2. БІБЛІЯТЭКА

Маці

Пакліча ў падарожжа таямніца

Схаваная ў недачытаны твор.

Пакліча да сваёй першакрыніцы

Выдатны і шматтомны кнігазбор.

 

Пайду да запаветнае паліцы

Праз каталожны доўгі калідор.

Пайду нясьпешна, нібы па жывіцу,

У велічны, сасновы, дзіўны бор.

 

Зноў трапіцца разгорнутая кніга

Пра мітусьню, пра марнасьць і настрой

Няўстойлівы, часовы, як адліга.

 

І знойдзецца старонка, на якой

Нясе паводка зрушаныя крыгі

У акіян, у бездань і спакой.

 

3. НОЧ

Брату

Да брата завітаў пад вечар,

Бо разуменьня не хапала,

Ці спачуваньня не ставала,

А мо зычлівае сустрэчы...

 

Ён гаварыў пра недарэчнасьць

Заўчаснай гібелі Купалы,

Пра англамоўную навалу,

Пра Дух і Кантаўскія рэчы...

 

Сядзелі мы да позьняй ночы.

Гадзіньнік біў працягла глуха,

Спачатку раз, а потым двойчы...

 

Ён разважаў, ды я ня слухаў

Глядзеў ў братавыя вочы,

А ў іх утойвалася скруха...

 

4. ПАПЛЕЧНІКУ

Нашто, скажы, каму такое трэба -

Каб рагатаў узброены вар'ят,

Калі працуе да зьнямогі кат,

А сквапны самагубца лічыць срэбра?

 

Ты крыкнеш: «А такое без патрэбы!»

Але з нажом ідзе на брата брат,

Сумленныя глядзяць з-за тоўстых крат,

Няўклюдны блуд ня лічыцца ганебным...

 

Дык што рабіць, калі і быў, і ёсьць

Нязгасны жах прад пашчаю пачвары,

Калі наўсьцяж ашчэрваецца злосьць?

 

Скажу табе, няхай сабе і марна, -

Змагайся, каб сьвятое не зьвялось,

Ідзі на бой, ідзі самаахвярна!

 

5. ЦЫГАН

 

Я душу на пясок растаўку,

Не прадам гадам-цмокам волю,

І траву апяку кроўю-сольлю,

Нож халодны аддам жабраку.

 

Упаду пад сухую сасну,

Пад самотную ў чорным полі,

З хрустам сьцісну кулак да болю,

Вып'ю воцату і засну...

 

Я прайду праз уласны скон,

Як сьвятло працінае сон

І як падае зь неба камень.

 

Я прачнуся, вятры гудуць...

І зацісну я голаў рукамі,

Каб сьмяротнага крыку ня чуць.

 

6. СОН

Засынаю, ізноў засынаю,

Бо надзеі ніякай ня маю,

І ў жыцьці ўжо нішто не трымае...

Засынае душа, засынае,

Перарэзаная трамваем;

А вар'яцтва душу абдымае,

Закалыхвае і спавівае

Чорна-мутарным дымам адчаю...

Сон ізноў не прыходзіць ноччу,

Цемра выела мае вочы,

Пэўна, злыдзень мяне ссурочыў.

Зазьвінеў палахлівы званочак...

 

Прыпыніўся драпежны трамвай,

Невыносны навокал адчай.

 

7. БРАТЫ

На гары валуны гудуць.

Хмары шарая каламуць

Зьверху падае на зару,

Абдымае, хавае гару.

Пад гарою гарыць агонь.

Праз агонь скача чорны конь.

На кані тым сядзіць салдат.

Пад гарою ляжыць яго брат.

Кліча коньнік: «Мой брат, устань!»

Будзем разам змагацца са злом,

Назавём нашу справу дабром!»

Узьнялася чырвоная здань,

Засіпела зьмяёю зямля,

Брату брат крыкнуў: «Зло, гэта ж - я!»

 

8. СЬЦЯНА

Ляціць душа -

Гудзе шаша.

Стаіць сьцяна,

Дзьвярэй няма.

Мая душа

Ў сьцяну ўвайшла,

Як чортаў нож.

Чаму наўскос

Ляціць душа?

Чаму наўпрост

І на пагост

Імчыць шаша?

 

Сьцяна стаіць,

Душа баліць.

 

9. СЛУП

Эх, пайду

Дуб знайду.

Сьсяку дуб,

Зраблю слуп.

 

Слуп стаіць.

Дол грыміць -

Бяда вакол.

Вазьму кол,

Заб'ю бяду,

Кіну ў ваду.

Сплыве вада -

Згіне бяда.

 

Час міне -

Слуп згніе.

 

10. АНТОН

 

Асфальт гарыць,

Шыпіць зямля,

Бятон трышчыць -

Паўзе зьмяя,

На той зьмяе

Сядзіць Антон.

Зьмяя паўзе...

«Эгэй, Антон!

Куды паўзеш?

Куды зьмяю

Сваю вядзеш?»

«Туды вяду,

Дзе сьпіць мой брат,

За далягляд...»

 

11. КАРОЛЬ

Страціў розум вялікі кароль

І завыў у парожнюю бочку.

І качаецца ў бочцы гул-боль,

І віруе і ўдзень і ноччу...

 

Рэха рухаецца: праз замок,

Праз вакно, па-над пляцам, на горад...

І грыміць паміж хмар, нібы рок,

Неразумнай істоты той рогат.

 

Вушы слухаць стаміліся вой,

Але цяжка паверыць людзям -

Што ня кліча кароль на бой,

А вар'ят розум крыкам студзіць.

 

І чакае глухая зямля,

Хто ўсім скажа: «Няма караля!»

 

СМУТАК

Вецер вые. Вецер стогне

Вербы хіліць да вады.

Вецер гоніць міма поўні

Хмаркі поўныя нуды.

 

Вецер стогне. Вецер вые

У вакне старой царквы

Плачуць сьвечкі залатыя.

Сьвечкі плачуць. Плач і ты.

 

АКСАМІТНЫЯ ТАНЦЫ

 

Танчыць чорная котка

На кухонным стале.

Аксамітныя танцы

Падабаюцца мне.

 

Лашчаць лёгкія лапы

Тонкі глянцавы цень.

У духмянай цямрэчы

Палымнее агмень.

 

На дварэ халадэча,

Сьвет належыць зіме.

Котка, цемра і чарка

Суцяшаюць мяне.

 

НАШЧАК

Так моцна пахне апельсінам,

Ажна дыханьне заняло.

Здраньцьвеў язык і згоркла сьліна -

Так моцна пахне апельсінам,

 

Што й сьвет сьцямнеў - зрабіўся сіні,

І ўмомант ськівіцы зьвяло.

Так моцна пахне апельсінам,

Ажно дыханьне заняло.

 

РАЗВАГІ

Невядома, якую з дарог давядзецца прайсьці і праехаць.

Невядома, якая пакута-жалоба ў дарозе чакае.

Але ведаю, што не чакаю, ня прагну басяцкай уцехі,

А чакаю сяброўскай сустрэчы, схаванае за небакраем.

 

Не патрэбна сустрэча з анёлам, тым болей прарокам.

Не патрэбна падтрымка ад моцных, тым болей вялікіх.

На сябе спадзяюся і веру пясчаным дарогам.

Спадзяюся на сябра, якога няможна паклікаць.

 

Непатрэбнае ўчора, назаўтра патрэбным здаецца;

Неабходнае сёньня губляе свой кошт неўзабаве;

Так букеты сьвяточныя ператвараюцца ў сьмецьце;

А насеньне чакае ў зямлі, спадзяецца на травень.

 

Ёсьць дарога, няма ў той дарогі канца і пачатку;

Можа, ёсьць, толькі я іх ніколі ня ведаў, ня бачыў.

Я іду, каб дарога прасьцейшай здавалася брату;

Над пуцінаю рогат крыжуецца зь енкам і плачам.

 

Неразумна ісьці і ня бачыць хоць нейкае мэты;

А ці варта ісьці да сьвятла не свайго, а чужога?

Можа, каменем лепей ляжаць на зямлі запаветнай?

Пэўна, лепей, ды не адпускае цяжкая дарога.

 

ХОКУ

1.

Гладыёлусы,

Захутаныя ў марлю,

Едуць на кірмаш.

 

2.

У зеляніне

Аранжавыя зоры -

Кветкі гарбуза.

 

3.

Чапіў анучу -

Спалохаў шалахвоста...

Няма спакою.

 

4.

Старыя сосны

На сакавіцкім сонцы

Заружавелі.

 

5.

Стаю на вежы

З выбітымі шыбамі

Над усім сьветам.

 

6.

Самаахвярна

Паперадзе парады

Гартую загад.

 

7.

Памажыце мне

Каханую забыць, кля-

новыя лісты.

 

8.

Дзеці зьбіраюць

Каштаны на асфальце

Холодны ветрык.

 

9.

Чужы завулак.

Тут нават чырвань цэглы

Цяпла ня мае.

 

10.

Сіні кіпарыс,

Ці чакаеш ты мяне?

Столькі год прайшло...

 

11.

Побач з дарогай

Доўгія нежывыя

Трубы ляжалі.

 

12.

Знайшоў у лесе,

Зьбіраючы суніцы,

Драўляны гузік.

 

13.

Шорстка-срэбны сьнег

Вечаровае сонца

Пазалаціла.

 

14.

Набліжаюцца

Хмурынка і маладзік

Аддаляюцца.

 

15.

Гляджу на поўню

Праз агеньчык запалкі -

Маленечкая.

 

16.

Легкаважны дым

Не магу ніяк схапіць

За блакітны хвост.

 

17.

Бяз дайпатрэбы

На аловак насадзіў

Катушку нітак.

 

18.

Каля дзяржбанку,

На пыльным тратуары

Знайшоў капейку.

 

19.

Лялька ў калюзе -

Нерухомыя вочы

Глядзяць з-пад вады.

 

20.

Не магу заснуць,

Скразьняк у электрычцы -

Няспынны холад.

 

21.

Стаміўся ехаць.

Нарэшце, той прыпынак,

Дзе ўсе сыходзяць.

 

22.

Верш на паштоўцы

Запісваю алоўкам,

А потым - тушшу.

 

МАСТАК

У.С.

Ён жыве на прыватнай

Безвыгоднай кватэры.

Ён малюе выдатна

На шалёсткай паперы.

 

Мастаку дастаткова,

На яго разуменьне,

Самы просты аловак

Аркуш і асьвятленьне.

 

Ён вялікі аматар

Паспрачацца за словы,

Бо шануе заўзята

Паэтычную мову.

 

Ён ня робіць халтуры,

Зарабляючы грошы.

Як малюе з натуры,

Абыходзіць раскошу.

 

Ён надзіва спакойна

Адмаўляе спакусы.

Ён працуе ў пакоі

Невялікім і вузкім.

 

Ён нікуды ня лезе

І нічога ня просіць.

Ён малюе прадвесьне

І графічную восень.

 

1989. МЕНСК. ТРАЕЦКАЕ ПРАДМЕСЬЦЕ

У 1972 годзе я з аднакласьнікамі гуляў на вуліцы Няміга і шпурляў каменьні ў вокны пустых дамоў.

У 1982 годзе я працаваў на рэстаўрацыі Траецкага прадмесьця.

У Траецкім прадмесьці зьбіраюцца вольныя людзі.

Мастакі абгаворваюць вартасьці новых заказаў.

Музыканты нудзяцца, пакуль вецер каву астудзіць.

Аўтагоншчыкі, нібы вайскоўцы, трымаюцца разам.

 

Букіністы аспрэчваюць кошт факсімільных выданьняў.

Прастытуткі жадаюць злучэньня мастацтва з навукай.

Хіпаны апяваюць спакой, талакоўцы - змаганьне.

Літаратары апавядаюць пра стан самадруку.

 

Мухі гойдаюцца над агульнахарчоўскай талеркай,

На якой засыхаюць пляскатыя булкі з карыцай.

Прыбіральшчыцы ўпотай гандлююць віном і гарэлкай.

Пры жаданьні, калі не выдурвацца, можна й напіцца.

 

Афарміцелі пьюць больш за ўсіх, і чамусьці з папамі;

Менш за ўсіх пьюць географы сьціплыя ды інжынеры.

Рэкіцёры любуюцца сьціснутымі кулакамі.

У Траецкім прадмесьці гасьцінна пагрукваюць дзьверы.

 

1939. ВІЛЬНЯ. СЛОВА БЕСПРАЦОЎНАГА

Мы яшчэ будзем доўга зацята глядзець

     з-пад ілба на сумёты,

На бятонастваралку, насілкі, рыдлёўкі ды шуфлі...

Па кутах будуць курчыцца, сохнуць,

     псавацца рабочыя боты.

Памутнеюць і будуць пыліцца ў бытоўцы

     сьвяточныя куфлі.

 

У цьвікі, у балты, у шурупы

     ўваб'ецца, улезе карозія.

Скарабацяцца бочкі з-пад вапны і вёдры

     з-пад фарбы парожнія.

 

Нехта будзе бадзяцца, шукаючы

     праўду і радасьць у стоме.

Нехта стане маліцца, забыўшыся,

     што ён у Бога ня верыць.

Нехта будзе паціху сьпівацца, а нехта -

     канаць у дурдоме...

Толькі прыйдзе адліга і мы павымаем

     з-пад лавы цяжкія сякеры.

 

САБАКА

Іржа гарыць на ланцугу.

Няхай гарыць... Што я магу?

Магу скакаць, магу брахаць,

Магу я ўзяць і разадраць!

Магу кроў піць. Яшчэ магу

Сядзець і выць на ланцугу...

 

Іду туды, куды вядуць.

Бягу туды, куды пашлюць.

Я сплю тады, калі ня бьюць.

Грызу тады, як нацкуць.

Я ем тады, калі даюць.

Я пью тады, калі нальюць.

 

А хто зрабіў зь мяне раба?

Каму сьвярбіць мая бяда?

Я сам аддаў, крый Бог, збрашу,

Я сам прадаў сваю душу.

А што я мог яшчэ прадаць?

І дзе мой Друг, каб ратаваць?

 

КВАДРАТ

Як парад без салдат - не парад,

Так квадрат без вуглоў - не квадрат.

Як футболу патрэбны галы,

Так квадрату патрэбны вуглы.

 

У квадрата чатыры вуглы.

Хай вялікі, ці самы малы,

А ўсе роўна, як ні павярні, -

У квадрата чатыры вуглы.

 

Ні адзін, і ні тры, і ні пяць...

Можаш плакаць, а можаш скакаць,

Можаш біцца аб столь галавой, -

Ты ня зьменьш сістэмы старой.

 

Так вучылі і будуць вучыць.

Ні зьмяніць, ні стрымаць, ні спыніць

Гэты добраахвотны палон,

Гэты самы грунтоўны закон.

 

У квадрата чатыры вуглы.

Хай вялікі ці самы малы,

А ўсе роўна, як ні павярні, -

У квадрата чатыры вуглы.

 

Час ідзе, час ляціць, час імчыць.

Ні стрымаць, ні спыніць, ні разьбіць...

Росквіт вызначыць заняпад.

Застанецца нязьменны квадрат.

 

БЕЛАРУСКІ РУХ

Мы - беларускі рух!

З намі крывіцкі дух.

Покі сумленьне ёсьць,

Мы - беларускі лёс!

 

Я праклінаю тых.

Хто ачырвоніў штых

Сьмерцьцю маіх братоў.

Я не дарую кроў.

 

Брат, мой брат - беларус,

Годзе трываць прымус,

Стань над штандар са мной,

Разам абвесьцім бой

 

Проці сваёй брыды,

За вызваленьне зь бяды,

Супраць варожых зграй,

За беларускі край!

 

Мы - беларускі лёс,

Покі сумленьне ёсьць.

З намі крывіцкі дух.

Мы - беларускі рух!

 

ЗВЫШНАДЗЕЙНАСЬЦЬ

Звышнадзейна жывуць звышнадзейныя людзі.

Звышнадзейна садзяцца ў вагоны мэтро.

Іх ніхто не аблае, ніхто не асудзіць, -

Не цікавіць нікога іх лёс і настрой.

 

Звышнадзейна працуюць маторы і колы.

Звышнадзейна гудуць на сьцяне правады.

Звышнадзейна вядуць звышнадзейнае сола

Звышнадзейныя нетры тунэльнай трубы.

 

Распаўсюджваецца над зямлёй звышнадзейнасьць.

Парцылюецца і парцылюецца рытм.

А за стольлю, у глебе, ляжыць безнадзейнасьць,

Неабходная подзьвігам нова-старым.

 

ЁСЬЦЬ

Ёсьць людзі, што пахнуць, як рыбы, вадою.

Ёсьць рыбы, што пахнуць халоднай крывёю.

 

Ёсьць холад, што пахне сьмяротнай атрутай.

А ёсьць яшчэ сьмерць, што касуе пакуты.

 

Ёсьць косы, што пахнуць у садзе пагостам.

Ёсьць сад, што запросіць усіх нас у госьці.

 

Ёсьць вы, вашы тэлеантэнныя рогі,

І ваш тэлевізар... Няма толькі Бога.

 

ТЫ

Ты прыходзіш у цёмна-зялёныя дні.

Ты прыходзіш у цёмна-зялёныя ночы.

Ты прыходзіш, і мы застаемся адны

У халодным пакоі ратуемся моўчкі.

 

Асалода лунае ў люстэрку крывым.

Асалода, што зрушыла лёс Леверкюна.

Пальцы ў цемры знаходзяць напятыя струны.

Асалода пульсуе ў агульнай крыві.

 

Ты сыходзіш у цемру чырвоных агнёў.

Забіраеш адно безнадзейную стому,

Пакідаеш падзеньне з высокае стромы.

На паверхні пульсуе агульная кроў.

 

ДАМОЎ

Ён шукае дарогі да белых палёў,

Над якімі адно толькі новае неба,

Там уласная сьмерць выглядае ганебнай.

Ён шукае сабор, а прыходзіць дамоў.

 

Ён шукае сьцяжыны да белых лясоў,

Дзе вандроўныя душы знаходзяць прытулак,

Дзе сканала нянавісьць, а злоба заснула...

Ён шукае спакой, а прыходзіць дамоў.

 

Ён шукае напрамак да чорных грудоў,

Над якімі стаіць нерухомая поўня,

Там ніхто не будуе вязьніцы й катоўні.

Ён шукае любоў, а прыходзіць дамоў.

 

СПРОБА МАЛІТВЫ

Божа, забяры маё жыцьцё

Выратуй зьнямелую Айчыну,

Выратуй ахвяры і злачынцаў...

Божа, забяры маё жыцьцё.

 

Ты адзіны вольны і вялікі,

Ганарлівым адпусьці грахі.

Веру - да цябе вядуць шляхі.

Ты адзіны вольны і вялікі.

 

Я слабы, з атручанай душой,

Брудны гад, скалечаны, нікчэмны...

Веру ў розум сьветлы і надземны.

Я слабы, з атручанай душой.

 

Божа, забяры маё жыцьцё.

Іншага ня маю, каб аддзячыць.

Ну хіба што гэтым ціхім плачам.

Божа, забяры маё жыцьцё.

 

* * *

Прачынаюся,

Пью халодную ваду

І засынаю.


1989-1993?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая