epub
 
падключыць
слоўнікі

Адам Міцкевіч

Да Нёмана

Мой любы Нёман, дзе сягоння тыя воды,

Куды мы праз квяцістыя скакалі гоні,

Каб з прыгаршчаў напіцца нам, умыць далоні

Альбо ў спякоту выкупацца з асалодай?

 

А дзе Лаура, што на цень глядзела горды,

Духмянай лотаццю ўпрыгожваючы скроні?

Дзе твар яе ў сярэбраным адбіўся лоне,

Там у юнацтве слёзы я раняў заўсёды.

 

Дзе, любы Нёман, узбярэжжа тыя росы,

Якія неслі шчасце і надзей так многа

У час, калі была бясхмарнай дзён дарога,

 

І ў час, калі віхура заплятала косы?

Хай ёсць Лаура, а з маіх сяброў - нікога...

Усё прайшло, чаму ж асталіся мне слёзы?

 

 

Каментары

 

Надрукавана: Гродненская правда, 31.10.1965.

 


жнівень 1821

Пераклад: Міхась Дуброўскі
Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая