epub
 
падключыць
слоўнікі

Адам Міцкевіч

Да Нёмана

Рака маленства, дзе ты, Нёман мой,

Чые струмені браў калісьці я ў далоні?

Тут юнаком праз даль - што мне віры і тоні! -

Я ўслед за марай плыў тваёю сінізной.

 

Лаура часта тут, над гладдзю люстраной,

Любіла косы заплятаць, уквечваць скроні.

Яе адбітак любы сцішана ў сутонні

Я колькі раз муціў гарачаю слязой.

 

Мая рака, мой родны Нёман! Дзе твая

З дзіцячых год так сэрцу любая бруя?

Дзе шчасця слодыч, дзе вы, дзе, надзеі, крозы?

 

Дзе маладосці бурнай выклік нецвярозы?

Дзе ты, мая Лаура, дзе сяброў сям'я?..

Усё прайшло... Чаму ж мае не пройдуць слёзы?!

 

 

Каментары

 

Надрукавана: Беларусь, 1985, № 12, С. 11.

 


жнівень 1821

Пераклад: Кастусь Цьвірка
Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая