epub
 
падключыць
слоўнікі

Адам Міцкевіч

Да Нёмана

О Нёман, родная рака! Дзе тыя воды,

Што чэрпаў я ў дзіцячыя далоні,

А потым у зацішша плыў па іх улонні

Шукаць для сэрца ўзбуранага ахалоды?

 

Там часта Лаўра, улюбеніца прыроды,

Любіла плесці косы, квецем строіць скроні,

Яе там вобраз, намалёваны ў затоне,

Слязой няраз муціў я ў маладыя годы.

 

О Нёман, родная рака! Дзе тыя плыні,

А з імі тое шчасце, гэтулькі надзеяў?

Дзе радасці з дзіцячых мілых спраў, падзеяў?

 

Гады мае бурлівыя - ў якой краіне?

Дзе зараз Лаўра? Дзе сябры? А сам вось дзе я!

Мінула ўсё!.. Чаму ж сляза ў вачах не гіне?

 

 

Каментары

 

Надрукавана: Спадчына, 1992, № 2, С. 24.

 


жнівень 1821

Пераклад: Пятро Бітэль
Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая