epub
 
Падключыць
слоўнікі

Адам Міцкевіч

Да Нёмана

Прысядзібны мой, хатні мой Нёман, дзе воды,

Да якіх па квяцістых скакалі мы гонях

І ў якія свае апускалі далоні,

Каб крынічнай зачэрпнуць хутчэй прахалоды?

 

Тут Лаура глядзела ў люстэрка прыроды,

Валасы заплятала, уквечвала скроні;

Тут выяву красы яе ў срэбным улонні

Скаланаў я слязой захаплення й лагоды.

 

Родны, хатні мой Нёман! Крыніцы дзе тыя,

З імі шчасце, надзеі, што так віравалі?

Дзе празрыстых лятункаў крыніцы прапалі?

 

Дзе сябрына, юнацтва гады залатыя? -

Ўсё панеслі з сабой хвалі часу крутыя.

Калі так - дык чаму ж маіх слёз не забралі?

 

 

Каментары

 

Надрукавана: Наша слова, 17.03.1993.

 



Пераклад: Васіль Жуковіч

Беларуская Палічка: http://knihi.com