Адам Міцкевіч

Да Нёмна

Мой Нёман родны, дзе сягоння тыя воды,

Якія чэрпаў я ў дзіцячыя далоні

І заплываў з якімі ў дзікія затоні,

Калі шукаў для сэрца сцішнай прахалоды?

 

Лаура горда ў іх глядзелася заўсёды,

Касу любіла заплятаць, уквечваць скроні,

І вобраз там яе, адбіты ў хвалі лоне,

Не раз я замуціў слязьмі ў былыя годы.

 

Мой Нёман, родная рака, дзе хвалі тыя,

А з імі столькі шчасця, і надзей, і мараў?

Дзе весялосць, маленства мілае без хмараў?

 

Дзе век бурлівы, леты нашы маладыя?

Лаура дзе? Сяброў не бачу, любых твараў,

Усё прайшло, а слёзы памяці жывыя.

 

 

Каментары

 

Надрукавана: Роднае слова, 1993, № 12, С. 15.

 



Пераклад: Уладзімір Мархель

Беларуская Палічка: http://knihi.com