epub
 
падключыць
слоўнікі

Адам Міцкевіч

Да Нёмна

Рака мая Нёман, дзе плешчуць струмені вады,

Якую я чэрпаў далонямі ў час свой дзяцінны

І плыў па якой чым далей - у глухія мясціны,

Як сэрца ратунку шукала сабе ад нуды.

 

Лаура на цень прыгажосці сваёй і тады

Глядзела, заплёўшы фіялку ў касу, штохвіліны,

І вобраз, адбіты ў струменях, чароўны, адзіны,

Слязьмі я не раз каламуціў, вар'ят малады.

 

Дзе, Нёман, рака мая родная, тыя струмені,

А з імі і шчасце, надзея і вера ў свой лёс,

І любае сэрцу юнацкіх гадоў утрапенне,

 

Якое, як лепшы ўспамін, праз гады я пранёс?

Дзе зараз Лаура сама, і сябры, і памкненні?

Усё ўжо мінула, усё, акрамя... маіх слёз.

 


жнівень 1821

Пераклад: Яўген Міклашэўскі
Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая