Нёмне, рэчка мая радаводная, дзе
Тыя воды, што браў я ў маленстве ў далоні,
Па якіх потым плыў у самотным палоне
Сэрца ахаладзіць, што зайшлося ў нудзе?
Цень красы тут Лаура сачыла ў вадзе,
Валасы заплятала і ўквечвала скроні,
Вобраз вабны яе ў срэбных хваляў на ўлонні
Я слязамі ў запале муціў у жудзе.
Радаводная рэчка мая, дзе твае
Маладыя крыніцы, што білі няспынна,
Дзе нявінных гадоў навіна і правіна?
Дзе бунтоўнасць, якой мне цяпер не стае?
Дзе Лаура мая? дзе былая сябрына?..
Знікла ўсё, што ж не высахлі слёзы мае!
Каментары
Надрукавана: Кахаць - гэта значыць...: Старонкі з паэзіі свету. Мн., 1986, С. 39-40.