Адам Міцкевіч

Гражына

Літоўская аповесць

Штораз цямней, праймае золкі вецер,

Туман ля споду, а ўгары высока

Між чорных хмараў у сівым прасвеце

Няпоўны месяц сонна жмурыў вока.

І свет здаваўся велічэзным гмахам,

А неба ў ім жывым скляпеннем-дахам,

А месяц тым акном, адкуль дзень свеціць.

3 гары высокай замак Навагрудка,

Ад месяца прыняўшы пазалоту,

Праз насыпы і рова развароты

Адкідваў ценю слуп, руды і гнуткі,

Глыбока ўніз, туды, адкуль з цясніны

Вада ўздыхала з-пад глыбокай ціны.

Агні ўжо згаслі ў горадзе і замку,

І толькі зрэдку адгукнецца варта

То з вежы, то з другога дзесь напрамку.

Ды вось збліжацца стала штосьці шпарка

Якіясь людзі на шляху маячаць,

За кожным цень чарнее сукаваты.

Імчацца хутка - коннікі, няйначай,

А свецяць іхнія, напэўна, латы.

Заржалі коні, грукнула падкова:

Тры рыцары праехалі ўздоўж рова,

Спынілі бег, і першы з іх ударыў

3 латуннай трубкі голасам аб хмары,

А потым загрымеў другі раз, трэці.

І з вежы рог адказваў цвёрдым гукам.

Завала бразнула, вось факел свеціць,

І мост пад'ёмны заскрыпеў, загрукаў.

 

На тупат конскі надбягае варта

Пабачыць рыцараў чужых і зброю.

На першым панцыр быў з выдатным гартам

Якія немцы надзяваюць к бою,

І чорны крыж на белай меў накідцы,

І крыж нагрудны ў залатой пятліцы;

Кап'ё тырчала, ззяла трубка ў змроку,

Мігцеў ружанец, меч блішчаў ля боку.

 

Пазналі госця ўсе па гэтых цацках,

Адразу зашаптала грамада ўся:

"Дык гэта ж цюцька з псярні злой крыжацкай! -

Пузач, крывёй бо прускай упіваўся.

Каб тут вачэй было не так багата,

Уміг скупаўся б у балоце плюха -

Пад мост я ўпхнуў бы чуб пыхліва ўзняты!"

А ён, нібы не чуе, верне вуха,

Ды зразумеў усё, бо дзіву даўся -

Ў людской гаворцы, мабыць, разбіраўся.

"Ці князь у замку?" - "Ёсць, але такою

Парой яго трывожыць немагчыма,

Бо нельга парушаць яго спакою,

Вось заўтра..." - "Заўтра? Не! Ніякім чынам!

Хоць позні час, але ідзіце скора

І пра пасольства князю далажыце.

Прымаю на сябе гнеў Літавора.

Пярсцёнак гэты толькі пакажыце,

І досыць, бо, як знак ён гэты ўбачыць,

Пазнае, хто я, што прыезд мой значыць".

 

Навокал ціша. Замак спіць спакойна.

Якое ж дзіва! Поўнач, час асенні.

Чаму ж у Літаворавых пакоях,

Як зорка, лямпа разганяе цені?

Вярнуўся сёння - недзе быў далёка,

Спачынак трэба зморанаму воку.

 

А ён не спіць. Паслалі вартавога:

Не спіць. Але не знойдзецца ў палацы

3 паноў і дворні ўсёй такога,

Хто б смеў к яго парогу набліжацца.

Дарма пасол і лаецца і просіць -

Ды просьбы і пагрозы тут без сілы.

Нарэшце Рымвіда будзіць рашылі.

Ён волю пана носіць і заносіць,

Ен першы ў радзе, ён найлепшы рыцар,

Яго князь называў другім сабою.

У полі, ў замку кожнаю парою

Ен права меў да князя даступіцца.

 

Пакой у змроку. Са стала іскрынкай

Бляск цьмяны каганца рассейваў цені,

А князь хадзіў наўкол бесперапынку,

Пасля на месцы стаў у задуменні.

Пра немцаў Рымвідавых слоў нямнога

Паслухаў, ды не адказаў нічога.

Бялее, чырванее і ўздыхае -

Відаць, грызе яго туга ліхая.

Ідзе да лямпы, каб яе паправіць,

I, быццам кнот сціраючы, нагладка

Агеньчык прыдушыў, замест убавіць,

Не ведаю, сумысля ці выпадкам.

Відаць, не мог пазбыць з душы цяжару

І весялейшым трохі паказацца,

А не хацеў, каб з постаці і з твару

Слуга пра справы пана мог дазнацца.

Зноў абыходзіць стаў пакой наўкола,

Але, калі мінаў акна квадраты,

Відаць у бляску месячнага кола,

Якое ў шыбы лезла цераз краты,

Чало, наморшчанае невясёла,

Зацяты рот, і вока бляск суровы,

І сумны твар, і ссунутыя бровы.

 

Пасля падаўся ў кут і сеў паспешна,

Старому загадаў прыстукнуць дзверы

I, маскіруючы свае намеры,

Загаварыў панура і з насмешкай:

 

"Ты ж з Вільні вестку сам прывёз, Рымвідзе,

Што Вітаўт, пан наш моцны і ласкавы,

Рашыў мне княскі трон аддаць у Лідзе:

Мае па жонцы землі і дзяржавы,

Нібы свае ці з ратнага набору,

Свайму слузе рашыў даць - Літавору".

"I гэта праўда, князь..." - Таму, з увагі

На дар, яго браць будзем урачыста:

Ты дай загад сцягі ўзяць для павагі,

Хай факелы палаюць прамяніста.

Дзе трубачы? Няхай, хоць час паўночны,

Ідуць у горад, стануць там на рынку,

І трубяць хай усім вятрам у вочы,

І трубяць хай датуль бесперапынку,

Пакуль усіх вайскоўцаў не разбудзяць.

Хай кожны зразу возьмецца за зброю -

Рыхтуе пікі і мячы да бою.

Каб мелі харч як коні, так і людзі.

Жанчыны хай парупяцца, каб есці

Хапіла кожнаму на дзень, да змроку.

Чый конь на пашы, зараз жа прывесці

І захапіць на цэлы дзень аброку.

А як з-за Шчорсаў выплыве світанне

І блісне над магілаю Мяндога,

На Лідскай вуліцы хай войска стане,

Статут вайсковы захаваўшы строга!"

 

Так кажа князь. Як быццам бы размова

Была звычайная перад паходам,

Але чаму загад раптоўны, з ходу?

Чаму князь гэткі змрочны і суровы?

Чаму ў гаворцы ён за словам слова

Так сыпаў, быццам іх за раз раскіне?

Ды, мабыць, іх не сказана й паловы,

А рэшта, стоеная, ў сэрцы стыне.

Благое штось задумаў ён, дый годзе!

І голас з думкаю ў яго не ў згодзе.

І князь замоўк. Здавалася, чакае,

Што Рымвід пойдзе выканаць загады,

Ды той маўчыць, мо спосабу шукае,

Як думкам раптам зблытаным даць рады?

Хоць ён яшчэ не ўсё і разумее,

Ды праўду горкую адчуць умее.

 

А што ён робіць? Князя добра знае

І ведае, што ён не мае вуха

Да нечых слоў, парады адхіляе,

Намеры носіць у глыбінях духа,

А як рашыў што, дык на перашкоды

Ніякай не звяртае больш увагі.

Ды Рымвід, верны князю назаўсёды,

Разумны ў радзе, слаўны сын адвагі,

Лічыў за ганьбу ў справу не ўмяшацца,

Дабра з якое век не дачакацца.

Маўчаць ці радзіць? - мучыла пытанне,

Але не доўгае было ваганне.

 

"Мой пане, да гульні ў нас і да бою

Заўсёды коні знойдуцца і людзі.

Адно скажы - і пойдзем за табою,

Ніхто пытаць, задумвацца не будзе!

І Рымвід твой не застанецца ззаду.

Ды меркаю аднолькавай не мерай

Людзей з натоўпу, з масы цёмнай, шэрай

І тых, што могуць даць табе параду.

І бацька твой, хоць і любіў самотна

Выношваць план, намер якісьці новы,

Ды перш чым меч падняць, склікаў ахвотна

На раду ў замак мудрыя галовы,

Дзе й я не раз выказваў проста, смела

Усё, што знаў, што ў сэрцы набалела.

Дык сёння мне прабач за шчыры голас,

Скажу, што думка вуснам падказала.

Я доўга жыў, і мой ссівелы волас

І спраў, і часу перажыў нямала,

Таму і бачу (толькі б не са шкодай!),

Што новай жыць збіраешся ўжо модай.

Калі ты ў Ліду вырушыш з паходам,

Каб там замацаваць сваю уладу,

Дык твой паход, падобны да нападу,

Разлад пасее між тваім народам:

Здабычы гэта частка пажадае,

А ў кайданах апыніцца другая.

 

Пасее вестка новых чутак зерне,

А вушы схопяць, праўду перайначаць,

А вочы ўжо згарчэлы плод убачаць,

Які знявечыць згоду, праўду зверне,

Бо скажуць між сваіх і за мяжою,

Што ты захопнік, прагны на чужое.

 

Інакш рабілі, добра памятаю,

Князі літоўскія ў былыя годы,

Сталіцу пераносячы. Святая

Іх памяць застанецца назаўсёды.

Калі ты хочаш жыць старым парадкам,

Дык мне даверся, і ўсё пойдзе гладка.

 

Спачатку мы ўсім рыцарам абвесцім:

Няхай і тыя, што паблізу тутка,

І тыя, што жывуць у сёлах дзесьці,

Збіраюцца ў сталіцу нашу хутка.

Радні, панам загад дамо прывесці

Дружыны для бяспекі і аздобы

Тваёй шаноўнай княжацкай асобы.

Пакуль яны збяруцца, я тым часам

Магу наперад ехаць заўтра рана,

Забраўшы слуг з сабой і капелана,

3 усім патрэбным на банкет запасам,

Каб загадзя ўжо быць сярод народу,

Сачыць, каб мяса ўсім хапіла й мёду.

Бо не адны рамеснікі, сяляне,

Але і панства ласа на прысмакі.

А як твая ўсім шчодрасць бачнай стане,

Тут ты якраз даслужышся падзякі.

Заўсёды так было ў Літве і Жмудзі.

Не верыш, дык спытай, хай скажуць людзі!"

 

Закончыў, стаў к акну, прамовіў з ходу:

"Падняўся вецер вунь, на непагоду.

Якісьці конь стаіць там каля вежы,

І рыцар на сядло успёрся збоку,

Два - коней водзяць там непадалёку.

Паслы нямецкія - відаць з адзежы.

Паклікаць іх? Ці, можа, воля пана

Цераз слугу ім будзе пераслана?"

 

Сказаўшы гэта, фортку зачыняе,

Нібы знячэўку побач аказаўся,

Аднак паслоў тых словам закранае,

Каб князь пра іх таксама адазваўся.

Тут Літавор такім прамовіў словам:

"Калі звяртаюся я ў чым па раду,

Сваёй не верачы, к чужым галовам,

Цаню я больш за ўсе тваю параду,

Бо ты даверу варты, чалавеча:

Юнак у бітве, ў радзе ты - старэча.

Хоць адкрываць я не люблю бясконца

Таемных спраў сваіх чужому воку -

Намер, які народжаны у змроку,

Да часу нельга выстаўляць на сонца -

Падрыхтаванае няхай павісне

I, як пярун, ударыць перш, чым блісне.

Я коратка пытанні ўсе збываю:

"Калі?" - "Ужо".- "Куды?" -

"На Русь. Да Жмудзі"

"Не можа быць!" - "Павінна быць, і будзе!"...

Табе ж душу цяпер я расхінаю.

Таму загады я такія выдаў,

Таму іду раптоўна і пры зброі,

Што Вітаўт нездарма стаіць пад Лідай -

Намер нядобры, ведаю, ён тоіць:

Задумаў ён мяне ў свой стан занадзіць,

Каб там забіць. Збіраўся, словам, здрадзіць.

 

Ды ў нас з магістрам ордэна тэўтонаў

Заключан дагавор: ён мне за збожжа

Сваёю збройнай сілаю паможа

Забраць, што нам належыць па законе.

Калі паслы магістравы за ровам,

Дык гэта знак, што ён трымае слова.

І перш чым згаснуць зоры Задыяка,

Мы вырушым, а недалёка ў полі

Прымкнуць да нас тры тысячы ваякаў

На конях і пяхоты значна болей.

3 яго дазволу, пры самім магістры,

Я выбраў крыжакоў прыдатных к бою -

Вялікіх, дужых і на конях быстрых,

У панцыры закутых з галавою.

У сечы кожны з іх мастак вялікі

І лепш за нашых ужываюць пікі.

 

А ў кнехтаў ёсць жалезныя гадзюкі,

Якіх накормяць волавам і сажай,

На ворага ўзвядуць, узяўшы ў рукі,

І дражняць іскрай. Гад агонь развяжа

І б'е ці раніць з перуновым гукам

Таго, каго стралок яму пакажа.

Так, трапіўшы ў агонь такі шалёны,

Наш прадзед Гедымін паў ля Велоны.

 

Гатова ўсё. Пара даўно настала,

Цяпер жа Вітаўт, пэўны ў сваёй сіле,

Трымае ў Лідзе абаронцаў мала,

Дык нам ускочыць толькі і - накрылі!"

 

І Рымвід пад ударам гэтай весці

Стаяў знямелы ад здзіўлення, ў жалі,

А думкі спрэчным гуртам наляталі,

Дык зноў стараўся іх да ладу звесці.

 

Ды справа пільная - далоў чаканне!

3 вялікай крыўдаю прамовіў: "Пане!

Я не магу сваім вушам даць веры!

На брата брату трэба ўзняць далоні?

Вось ён на немцах вышчарбіў сякеры

І вострыць іх супроць сваіх сягоння!

Нязгода - зло, ды скончыцца бядою

Яднанне гэта. Мы ж - агонь з вадою!

Бывае часам, што сусед суседа,

3 якім ці мала год прабыў у злосці,

Абдыме, змякчыць сэрца напаследак,

І сябрам назаве, і клікне ў госці.

Шмат горш, аднак, чым гнеўныя суседзі,

Жывуць з сабою ліцвіны і ляхі,

Ды і яны ў супольнай п'юць бяседзе,

Адны спачынак іх вартуюць дахі,

Мячы іх лучацца ў супольных войнах.

Але шмат горш, чым ліцвіны й палякі,

Спрадвеку ў нас не могуць жыць спакойна

І ўсцяж ваююць людзі і вужакі.

Аднак калі ліцвін к сабе ў парогі,

Як госця добрага, прымае вужа

І для хвалы багоў, пакінуўшы трывогі,

Яго ён корміць, даж дае для сцюжаў,

Тады паўзе яму гад свойскі ў рукі,

3 ім разам п'е і есць з той самай міскі,

І мірна цела доўгае гадзюкі

Дзіця спаўе, улезшы ў глыб калыскі.

 

А вось змяі крыжацкай не аблашчыш,

Ні просьбай, хабарам, хоць лезь са скуры.

Ці ж мала ўперлі прусы і мазуры

Зямлі, дабра, людзей у тую пашчу?

Пажэрла столькі ўжо, а не зарвала -

На рэшту квапіцца, і ўсё ёй мала!

 

Калі мы не з'яднаемся, загінем.

Дарма штогод наладжваем паходы,

Іх вёскі палім, крышым іх цвярдыні,

Пракляты ордэн верх бярэ заўсёды!

Ён - змей, якому галаву ссякаюць,

Замест якой дзесяткі адрастаюць.

Усе адсеч! Дарма той траціць сілы,

Хто хоча прымірыць нас з крыжаносцам!

Зайдзі ў палац, зірні ў будан пахілы,

Не знойдзеш больш ні ў горадзе, ні ў вёсцы

Таго, хто б іх хлусні яшчэ даў веры,

Каб іх не абмінаў, як той халеры,

Каб не сказаў, што лепш загінуць сёння,

Чым іхняй дапамогі дачакацца.

Жалеза лепш гарачае ў далоні

Сціскаць, чым з немцам за руку вітацца!

 

Што Вітаўт страшыць? Ці ж без чужаніцы

Не зможам разгарнуцца мы ўжо ў полі?

Ці ж справа ўжо дайшла да той граніцы,

Што не рашыць яе па добрай волі?

Ці ж самі мы не ўрадзім анічога,

Збярогшы зброю нашу на чужога?

Чаму ты ўпэўнены, што тыя словы

Пра Вітаўтавы здрады і намеры

Не выдумка, не закід нейкі новы?

Пашлі мяне да князя, я праверу,

Адновім дагавор..." - "Пакінь, Рымвідзе,

Мы знаем Вітаўтавы дагаворы.

Такі дзьмуў вецер на яго йшчэ ўчора,

А сёння іншае на думку прыйдзе.

Я ўчора верыў, што ён праўду кажа,

Што можна Ліду браць мне на ўладанне,

А сёння ён другое штось наважыў.

Прыкмеціўшы, што войска ў нашым стане

Паменшала, бо частку я адклікаў,

Стаіць пад Вільняй з сілаю вялікай

І весткі распускае, што лідзяне

Мяне прыняць за пана не схацелі.

Ен хоча Ліду ўзяць сабе! Круцель ён!

А мне ўжо быццам іншы край дастане!

Русь, пэўна, голую! Варагаў багны!

Бо, па-ягонаму, там наша месца.

Ен гоніць нас, братоў, але аб'есца,

Сціскаючы Літву ў кулак свой прагны!

Глядзі, што робіць! Як стаў падбірацца:

Ен б'е ў адно, хоць цераз дзве дарогі.

Адзін хацеў бы над усімі ўзняцца

І ўсю раўню зваліць сабе пад ногі.

 

Ці ж мала, што краіны нашай людзі

На конях дзень і ноч з ягонай ласкі?

Скаваныя жалезам нашы грудзі,

І да галоў папрырасталі каскі.

На бітву з бітвы, у паход з паходу,

Мы ўжо ўвесь свет аб'ехалі 'наўкола:

На крыжакоў або на Татры-горы

Ішлі трафеі браць у польскіх сёлах,

Адтуль ізноў па стэпавым прасторы

Ганялі мы вандроўнага Магола.

А што багацця з замкаў наламалі,

Чаго не знішчыў меч з дабра чужога,

Ці голад не даеў, з агню дасталі -

Зганялі, неслі ўсё к яго парогам.

Ён з нашай працы сілай абрастае.

Ад фінскіх водаў да Хазараў мора -

Яго зямля з народам і пустая!

А як жыве! Які ягоны горад!

 

Нямала ў немцаў замкаў, безумоўна,

Каб бедны прускі люд аблытваць страхам,

Ды не зраўняцца з Вітаўтавым гмахам,

Ні з віленскім, ні трокскім на азёрах!

Прыгожая даліна ёсць пад Коўнам,

А як па ёй русалкі ўвесну, ўлетку

Траву рассцелюць ды рассыплюць кветкі,

Не знойдзеш прыгажэйшай на ўсім свеце.

Павер мне! У Кейстутавага сына

Свяжэйшая трава і кветкі ў клеці!

Падлога гэткай выткана тканінай,

На сценах гэткія вісяць фестоны

Усё з золата і кветак палымяных...

Не лепшы, можа, твор багінь натхнёных,

Чым творы працы ляшскіх паланянак.

Шкляныя шыбы ў вокнах, дзёрзка ўзнятых,

Прывезеныя з далечаў бясконцых,

Блішчыць, як бляха панцыраў багатых

Або як Нёман пад вачыма сонца,

Калі прагляне з-пад снягоў пухнатых.

А я што маю за турботы й раны?

За тое, што з дзіцячых год, з малога,

3 пялёнак быў у панцыр закаваны,

Я - князь, нібы татарын, жыў убога?

У сядле ўвесь дзень, не спаў як след ніколі,

Ці раз прастойваў ноч усю ў засадзе,

А ўранні зноў бег па крывавым полі.

Равеснікі ж мае якраз у садзе

Яшчэ скакалі на кіях, калолі

Адзін другога пікамі з лучыны

Пад вокам маці ці сястры-дзяўчыны,

Якіх ваеннай цешылі забавай.

А я татарына ўжо гнаў з айчыны

Ці супраць ляха выступаў са славай.

 

А вотчына мая з часоў Эрдвіла

Каб хоць на пядзю пашырэла.

Зірні вунь: вал дубовы пакрывіла,

А цэгла ў сценах дома пачарнела.

Прайдзі пакоі - ўсё, як за вякамі!

Дзе шкло ў мяне? Трафеі дзе з металаў?

Заместа золата - вільготны камень,

Замест кілімаў - мох расце з парталаў!

Што вынесці жадаў я з кожнае выправы?

Багацце? Не. Нічога, апроч славы!

 

А славаю вышэй за ўсе галовы

Узняўся Вітаўт і заняў высоты!

Яго імя, нібы імя Міндовы,

Сягоння славяць нашы вайдалоты.

У гуках песні ці на струнах звонкіх

Вякамі Вітаўт будзе жыць, не змеркне!

А вось пра нас ці будзе хоць гамонкі?

Хто з забыцця імёны нашы верне?

 

Мы не зайздросцім. Ворагу для згубы

Няхай расце сабе ў багацце, ў славу,

Але хай прагныя не точыць зубы

На тое, што належыць нам па праву.

Ці ж так даўно, у часе міру, згоды

Ад гвалту здрыганулася сталіца?

Ці ж так даўно ён скарыстаў з нагоды,

Каб з вотчын сына Ольгерда пазбыцца

І завалодаць імі? Уладу любіць!

Яго ганец, нібы пасол Крывейты,

Князёў скідае, узвышае, губіць!..

Пара ўжо кончыць з гэтым, зразумей ты!

Больш на сабе мы ездзіць не дазволім!

Пакуль дыханне мне уздымае грудзі,

Пакуль рукі жалеза слухаць будзе

І конь крылаты будзе несці полем -

Той конь, якога з крымскага паходу

Я ўзяў сабе і даў табе другога,

А дзесяць іншых роўнага ім ходу

Раздам, хай толькі прагучыць трывога,-

Пакуль мой конь... пакуль магу яго я..."

Тут гнеў здушыў яму і дух, і словы.

Замоўк, ды раптам зазвінела зброя,

Ускочыў, задрыжаў, на ўсё гатовы.

Які ж прамень заззяў над ім высока?

Як зорка, адарваная ў блакіце,

Ляціць і жар страсае з доўгай ніці,

Так меч пад столь шугнуў і ў момант вока

Падлогу секануў, аж ад удару

Азваўся камень іскрамі пажару.

 

І зноў глухое надышло маўчанне,

Ды князь сказаў: "Дарэмныя размовы,

Вось ноч ужо даходзіць да паловы,

Другое пеўняў блізіцца пяянне...

Загад вядомы: будзьце ўсе гатовы,

Я лягу, адпачыну трохі духам,

Бо цела так адольвае знямога.

Тры дні не спаў! Хоць звонку цёмна, глуха

Ды маладзік святлом пальецца з рога,

На досвітку ж чакае нас дарога.

Нашчадкам Кейстутавым горка выйдзе -

Пакінем попел ім, руіны ў Лідзе"

 

Сказаўшы гэта, сеў, рукамі пляснуў -

Так клікаў слуг, каб распраналі,

А потым лёг, знак даўшы адначасна,

Каб Рымвід не затрымліваўся ў залі.

А той, убачыўшы, што ўжо нічога

Яго прысутнасць больш не дапаможа,

Падаўся тут жа моўчкі да парога -

Дружыну рыхтаваць у падарожжа.

Перш даў загад трубіць на збор ваенны,

А потым скіраваўся зноў у замак.

Чаго? Прасіць загадаў тых адмены?

Ды не. Цяпер узяў другі напрамак,

Ідзе туды, дзе замка выступ цёмны

Крылом заходзіў аж за мост пад'ёмны,

Дзе быў княгініных пакояў ганак.

 

А жонкай князевай была ў час гэты

Гражына, з княства Лідскага князёўна,

Яе назвалі так, бо, безумоўна,

У ёй былі ўсе прыгажунь прыкметы.

Хоць выйшла ўжо з пары жыцця дзявочай

І ля паўдня жаночых год стаяла,

Краса княгіні кідалася ў вочы -

Яе аблічча дзве красы злучала.

Павагай здзівіць, свежасцю прывабіць,

І бачыш быццам і вясну і лета:

Румянец кветкі ўсё той самы, мабыць,

Хоць спее плод, на сонейку сагрэты.

Не толькі твар такі знайсці не проста -

Яна адна ў сталіцы і ў палацы

Раўняцца можа з Літаворам ростам

І станам стройным з ім раўняцца.

І пара княжая, калі часамі

Яе абступіць чэлядзь грамадою,

Нібы таполі горда над лясамі,

Ўзнімаецца высокай галавою.

Падобная ва ўсім аж да драбніцы,

Яна і сэрцам мужа паўтарала,

Любімыя заняткі маладзіцы

Не раз адкладвала і зброю брала.

Не раз на жмудскім скакуне гарачым

Ў рысінай шапцы, у мядзведжай свіце

Паміж стралкамі, як, сапраўдны віцязь,

Бывала, полем ці дарогай скача.

На ўцеху мужу часта ў той адзежы

Сустрэчных абазнацца прымушала,

Не раз ад варты ці з высокай вежы

Пашану княскую яна прымала.

 

Вось так з'яднаная любоўю, згодай,

Яна развеяць князеў смутак мо'жа

І дзеліць з ім не толькі сэрца, ложак,

Але і справы ўлады над народам.

Вайна і суд, паход ці змова

Залежыць часта ад княгіні слова,

Хоць гэта іншым цалкам невядома.

Княгіня не раўня была кабетам,

Якія ўладаю сваёй над домам

Не могуць не хваліцца перад светам.

Яна перад чужым таіла вокам,

Якую сілу ў сэрцы мужа мела,

І мала з тых, што там жылі, пад бокам,

Пра гэта знала, праўду разумела.

 

А вось стары разумны Рымвід ведаў,

Дзе ёсць яшчэ адзіная апора,

І ён княгіні стаў выкладваць скора,

Што думаў і што з княжай знаў бяседы:

Тут выйдзе даўніх звычаяў абраза

І ганьба ўсім ад князевых наказаў.

Гражына вестку прыняла з трывогай,

Але яшчэ валодае сабою,

Нібы не верыць доказам старога,

Не паказаўшы тварам неспакою.

"Не ведаю,- сказала,- я, ці многа

Жанчына зробіць князевай рукою.

Вядома мне, што ён і без парады

Умее бачыць і даваць загады.

Калі, аднак жа, ўспыхне гневу бура

І сэрца князева трывожыць будзе,

Калі, як робяць маладыя людзі,

Ен пойдзе следам за сваёй натурай,

Пакіньма. Час і ціхая заўвага

Раз'ясняць думкі і запал астудзяць,

Сатрэ няпамяць, сказанае блага.

Дык хай за ім пабудзе перавага".

 

"Прабач, княгіня! Тут не тыя словы,

Што па гарачай выскачаць хвіліне,

3 якіх пасля не помніцца й паловы.

Тут не такі намер, што ў блытаніне

Жаданняў, дум з'явіцца ўміг гатовы

I, нібы дым, закружыцца і згіне.

Бо іскры - знак, што дух палае жыва,

А дым - прадвеснік жудаснага ўзрыву!

 

Не сёння я ля княжае асобы -

Дванаццаць год прабыў яго слугою,

Але не памятаю нават спробы

Так доўга, шчыра гутарыць са мною.

Загад пайшоў, хоць нам не даспадобы,

Каб зрання, перад зоркаю другою,

Сабрацца к Перасекавай магіле

Усёй дазвання нашай збройнай сіле".

 

"Што чую! Заўтра? Заўтра ўжо ён едзе?

Я не хачу, каб чуткі ўсцяж краіны

Пайшлі, што кроў была праліта недзе

І хтось загінуў за пасаг Гражыны.

Пайду я і на першай жа бяседзе...

Цяпер пайду, хоць познія гадзіны,

І перш чым ночы адплывуць туманы,

Я веру, дасць адказ ён пажаданы".

 

І разыходзяцца пасля размовы,

Трывогу ў сэрцы несучы абое:

Княгіня хутка са сваёй паловы

Пайшла цішком у князевы пакоі,

А Рымвід цераз двор паўз прыбудовы -

Пад дзверы князевы. І ў неспакоі,

Увайсці не смеўшы, на парог сядае,

Да шчыліны ўсім тварам прыпадае.

 

Чакаў нядоўга. Засаўка скрыгоча -

І постаць нейкая мільгнула ў белі.

"Хто там?" - сарваўся князь з пасцелі.

"Тут я",- быў голас у адказ жаночы.

І словы гутаркі зашапацелі.

Хоць Рымвід ведаў змест, ды рэха ночы

Глушыла галасы, якія ў зале

Аб сцены біліся і прападалі.

Гаворка то мацнела ўсхвалявана,

То заціхала, слова зловіш рэдка.

Чуваць больш голас панін, рэдка - панаў,

Ен больш маўчаў, нібы ўсміхаўся едка.

Яна мо ўкленчыла там нечакана,

Бо скочыў з ложка князь ад просьбы гэткай,

Тлумачыў нешта хутка і нервова,

І стала ціха. Постаць тая ў белі

Пайшла к дзвярам, і кляпнулася клямка.

Упрасіла? Ці спрачацца не схацелі?

Вярнулася ў сваю палову замка

Княгіня. Князь падаўся да пасцелі,

Адразу лёг. Магчыма, гэта ціша

Ізноў яго ў сон моцны закалыша.

 

А Рымвід, пастаяўшы час каторы,

Пайшоў і бачыць: з левага балкона

Слуга з паслом вядзе перагаворы.

Наставіў вушы, ды не чуў і тону,

Бо вецер сееў гукі па прасторы.

На браму паказаў слуга тэўтону,

І Рымвід зразумеў размову скора.

Ускіпеў крыжак за гэткую абразу -

І на каня ў сядло ўзляцеў адразу.

"Клянуся крыжам,- верашчаў у злосці,-

Каб не паслом я быў у вас сягоння,

Мне за абразу паплаціўся б хтосыц!

Адпомсціў бы я гэтаю далонню!

Сярод манархаў жыў я з маладосці,

Але і ў тых, што ходзяць у кароне,

Не меў таго, што ў гэтага паўпанка:

Пад чыстым небам дачакацца ранка

І прэч ісці пры ўсім прыдворным збродзе!

Асцерагаю: нас не ашукае

Паганскі выкрут і дарма не пройдзе!

Глядзі, ён нас на Вітаўта склікае,

Каб тут на нас напасці з ім у згодзе!

Убачым жа, ці Вітаўт вас прыкрые

Ад тых мячоў, што ў вас вісяць над шыяй!

 

Скажы ж ты князю, а не дасць ён веры,

Спытае хай, я паўтарыць гатовы

Яму разоў хоць дзесяць тыя словы,

Бо слова рыцара ў той самай меры

Непарушальнае, як слова веры,

Магу мячом пацвердзіць гэта з ходу:

Вы тую яму, што для нас капалі,

І на сваю падрыхтавалі шкоду,

Глядзіце, сёння ж каб туды не ўпалі!

Вам кажа Дытрых Гальштарк фон Кніпродэ,

Тэўтонскі комтур. Кнехты, паскакалі!"

 

Крыху счакаў тэўтон ды па хвіліне,

Нічога не пачуўшы, ў цемры тоне.

Ледзь часам зброя блісне на даліне,

Часамі звякне сталь на каляіне,

Часамі данясецца ржанне коней.

Атрад змяншаецца і цалкам гіне

За ўзгоркам на залесеным адхоне.

"Шчасліва едзьце! Дай Бог каб ніколі

Вы больш не ездзілі тут нашай сцежкай! -

Прамовіў Рымвід ім услед з усмешкай.-

Хвала княгіні! Праз яе ж найболей

Такая змена! Ну цяпер мне хто тут

Пахваліцца, што сэрцы іншых знае?

Той гнеўны голас - доказ цвёрдай волі,

Пра слова вернага слугі не дбае!

Пазычыў бы, здаецца, ў птушак лёту,

Каб рынуцца на Вітаўта ўсёй сілай,

Слаўцо ж мядовае, усмешка мілай

Уміг адбілі да вайны ахвоту.

Ну што ж, забыўся я, сівабароды,

Пра іх гады і пра закон прыроды!"

 

Вось так гаворачы, ўзнімае вочы -

Мо промень лямпы дзе на краты ляжа,

Але дарма - навокал цемра ночы.

Тады назад на ганак зноў пакрочыў,

Бо, можа, князь пазваць яго накажа.

Дарма чакаў, пытаўся ў варты княжай.

Ідзе пад дзверы: цішыня ў пакоі,

Відаць, князь моцна спіць. Тут штось не тое…

 

Тут дзіва нейкае! Не ясна штосьці,

Якою сёння ўсё ідзе дарогай:

Вось толькі што выкрыкваў князь ад злосці,

Збірацца на вайну загадваў строга,

А спіць дагэтуль. Думаў ехаць рана,

Вунь раць даўно стаіць ужо ў чаканні,

А немцаў так адправілі пагана.

Хто ж вынес той загад? Прыдворны панін!

"Наколькі зразумеў я з іх размовы,

Хоць слоў і не пачуў амаль ні разу,

Ды просьбы, голас пана так суровы?..

Няўжо яна без князевага ўказу

На крок такі рашылася бядовы,

Так верачы у моц сваёй пяшчоты?

Каб не прыйшлося ёй трымаць адказу

За гэткія ўсёй справы павароты!

Хоць смеласцю яна даўно здзіўляла,

Ды сёння меру яўна перабрала!"

 

І тут пасланец зблытаў разважанні:

Падходзіў ціха і міргаў здалёку -

Маўляў, хадзі хутчэй, бо кліча пані.

На ганку ўжо сустрэлі пакаёўку,

А ў сенях і княгіня сустракае -

Старога ўводзіць, дзверы замыкае.

 

"Стары мой дружа, кепскія падзеі,

Але ж у роспач кідацца не трэба;

Калі ўжо сёння нас звялі надзеі,

Дык заўтра мо ласкавей будзе неба.

Цяпер маўчаць нам трэба вельмі строга

І з войскам, і паміж сабою.

Пасла адправім, хай жджэ дня другога,

Каб сёння князь паспешнасцю сваёю

Не абяцаў яму таго чагосьці,

Што будзе рад вярнуць, астыўшы з злосці.

А ты не бойся! Як яно ні будзе,

Намерам пана гэта не пашкодзіць.

І войска гэтаксама ўміг прыбудзе,

Калі ўсё ж князя час не ахалодзіць.

Збірайся ехаць, ды яго намеры

У мяне, прызнаюся, не будзяць веры.

 

Пераступіўшы ледзьве ў дом парогі

І ледзь адклаўшы баявую зброю,

Не адпачыўшы ані дня з дарогі,

Няўжо сягоння зноў шукаў бы бою? "

 

"Што чую, пані?! Тут няма адкладу!

На жаль, пустыя нашы разважанні!

Ўжо запозна! Бачу я з загадаў,

Што князь не будзе думаць аб чаканні,

Але пабачым... Ды ўсё ж наколькі

Карысныя былі ў вас з ім размовы? "

Гражына даказаць хацела, толькі

Тут перашкодзіў выпадак ім новы.

 

Пачуўся тупат конскі на дзядзінцы,

Задыханы пасланец убягае,

Прыносіць вестку ён, што там, пад гаем,

Па Лідскім прабягаючы гасцінцы,

Разведка наша языка дастала,

Што конніца тэўтонаў выйшла з бору,

За ёй - абоз, пяхоты йдзе нямала

І што, здаецца, на світанні, скора

Крыжацкія перадавыя часці

На замак раптам думаюць напасці.

 

"Дык хай цяпер да князя Рымвід скочыць,

Каб разбудзіць яго і хутка ўрадзіць,

Ці абарону ў замку лепей ладзіць,

Ці ў полі немцу глянуць смела ў вочы?"

Разведчык раіць падысці употай,

Бо ўжо яны не вельмі і далёка,

На конных выскачыць і ўмомант вока,

Перш чым гарматы прыпаўзуць з пяхотай,

Разбіць райтараў. "I абавязкова,

Як толькі конных вояў паразносім,

Уміг фускнехтаў возьмем пад падковы

І гадавае племя гладка скосім".

Здзівіла моцна Рымвіда навіна,

Ды больш яшчэ здзівілася Гражына.

 

"Скажы, а дзе паслы?" - пытае ў пажа,

А той маўчыць, збянтэжаны пытаннем,

Глядзіць княгіні ў вочы з хваляваннем.

"Што чую, пані? - ён нарэшце кажа.-

Ці ж вы забыліся, што з волі княжай,

Як пеўні праспявалі час паўночы,

Загад вы князеў мне перадавалі

Сказаць паслам, каб марна не чакалі,

Бо ён наогул іх прыняць не хоча!"

 

"Ах, так,- адказвае спакойна быццам,

Ды ў гэты момант галаву схіляе

І злёгку пачынае мітусіцца.-

Так, праўду кажаш, я прыпамінаю...

І як жа я магла аж так забыцца!

Бягу - не! стойце, або... я ўжо знаю..."

Стаіць, маўчыць. Прыжмуранае вока,

Чало - уніз, відаць, што ў ім трывожна

Намер якісыц цьмяны дзесь далёка

То ўспыхне, то адступіць асцярожна,

То твар акрые змрочнай павалокай.

Намер, відаць, якісьці вельмі важны,

Абдумала і робіць крок адважны.

 

"Ну так, іду будзіць яшчэ раз пана...

Хай войска ўраз выходзіць на дарогу!

Сядлайце хутка князю верхавога,

Выносьце зброю, што нарыхтавана!

Хутчэй, і не ўпусціць найменшай рэчы!

Загадваю цяпер вам імем князя.

Адказнасць на цябе кладу, старэча.

Куды, чаго ідзём, ні ў якім разе

Ніхто няхай не ведае да ранку.

Ідзіце князя сустракаць на ганку!"

 

Пабегла, зачыніўшы з трэскам дзверы.

Пабег і Рымвід, ды спыніўся хутка:

Куды? Чаго? Гатовы ўжо жаўнеры,

Загад дайшоў да кожнага закутка!

Дык уздыхнуў і збавіў трохі кроку,

Спыніўся, звесіў галаву на грудзі

І думкамі яе няспынна нудзіў,

Бо ў нейкім дзіўным непраглядным змроку

Таўкуцца думкі гуртам, бездарожжам,

Абняць іх розум стомлены не можа.

 

"Дарма чакаю. Блізка ўжо і ранак,

А дзень загадкі, пэўна, ўсе развяжа.

Пайду да князя, што цяпер ён скажа".

І ўжо ўзыходзіць пачынаў на ганак,

Як раптам дзверы скрыпнулі абое

І Літавор з'явіўся на парозе

У сваіх даспехах, вопратцы для бою,

У поўнай баявой і грознай позе.

Сталёвы шлем, чырвоны плашч на зброі

І панцыр лёгкі, верны перамозе,

У левай шчыт з залочанай аправай,

А пояс ад мяча ў руцэ нёс правай.

 

Бядой ці гневам быў усхваляваны,

Ступаў няроўным і няпэўным крокам,

Ні рыцара ніводнага, ні пана

Ласкавым не хацеў пацешыць вокам.

3 дрыжаннем лук прыняў з калчанам

І меч падперазаў над правым бокам.

А хоць памылку гэту бачыў кожан,

Ніхто адважыцца сказаць не можа.

Сыходзіць з ганка, зброі пазалота

Вітае ўжо крывавае світанне.

Сядае на каня, а побач рота

Гатовая крычаць яму вітанне;

Ён знак падаў рукой: замкнуць вароты

І ехаць ціха, моўчкі, без пытанняў.

А чэлядзі загадвае з палаца

За мост на двор сумежны перабрацца.

 

Не ўздоўж гасцінца рушыла ўся сіла,

Але направа павярнула долам.

Перш між кустоў, узгоркаў калясіла,

Пасля на шлях ізноў выходзіць колам.

Вядзе іх змрочны яр праз зараснікі глогу

Штораз далей, на светлую дарогу.

 

Ад гарадской мяжы непадалёку,

Адкуль мог вецер гром стральбы данесці,

Вузенькая, прыкметная ледзь воку

Па лесе рэчка працякала дзесьці,

Ля шляху ж разлівалася шырока

І ў возеры гублялася нарэшце.

Чарнела пушча над азёрнай гладдзю,

А спераду - гары высокай паўнаўладдзе.

 

Калі Літва дайшла да павароту,

3 гары тэўтонаў процьма наступала.

Асвечваў месяц пікі, шлемы, роты...

Вось бліснуў раптам выстрал самапала,

За ім - стук капытоў, мячоў грымоты,

І конніца тэўтонаў мурам стала.

Вось так прыгожа, велічна, ўрачыста

Панарскі бор уночы выглядае,

Калі вятры асыплюць ліст дачыста,

А ўся раса, што бісерам сядае,

Замерзне ў серабрыстыя маністы.

І дзівіцца хадок, прыйшоўшы з даляў,

Што голле з серабра, а ліст з крышталю.

 

Малюнак гэты князя абурае,

Дык скочыў, меч ускінуўшы сталёвы,

А ўслед дружына кінулася краем.

Старых здзівіў напад так бесталковы:

Чаму забыта тактыка старая

І не гучаць каманды словы?

Дзе хоча князь галоўны ўдар нанесці?

Каму, дзе, як свае атрады весці?

Дык Рымвід князеву спаўняе ролю -

Наводзіць лад ужо сярод дарогі.

Сціскае ўзгор'е ўвогнутым паўколлем:

У цэнтр - хто ў латах, лучнікі - як рогі.

Заўсёды так Літва займае поле.

Па знаку - лукі схілены на ногі,

Вурчаць цяцівы, вые стрэлаў хмара.

"Ісус! Марыя!" - "Гоп! Ура! Бі з жарам!"

 

І толькі дрэўкі пік скрышыўшы ў скоку,

Бліжэй самкнуцца, грудзі б'юцца ў грудзі...

Чаму ж не суджана нашчадкаў воку

Убачыць, як змагаліся там людзі?!

Адны другім не саступаюць кроку,

Вакол крык, гром шчытоў; меч не марудзіць -

Ляцяць пад ногі пікі і галовы...

Хто ўпаў з каня, таго даб'юць падковы.

А князь вакол сябе мячом махае,

Адважна ўецца ў самым пекле бою.

Чырвоны плашч ягоны вораг знае,

І ўсе пазналі герб яго на зброі,

Дык адступаюць немцы з сечы,

А ён ляціць, сядае ім на плечы.

 

Але ж каторага вініць тут бога,

Што князь слабы? Хоць ворагаў ён гоніць

І спрытна б'е, ды не забіў нікога.

Па панцырах мячом бяссільна звоніць,

А меч саслізгваецца раз за разам

І не трапляе ці кладзецца плазам.

 

Дык немцы бачаць, што ўцякаць не варта,

Адважна падымаюць крык вялікі,

Вяртаюцца, стаяць на месцы ўпарта,

На князя лесам настаўляюць пікі.

А ён ад страху больш знясілеў быццам,

Не можа ад напасці той адбіцца.

 

І галаве яго не быць бы цэлай:

Тэўтоны насядаюць, б'юць, страляюць,

Але раптоўнаю атакай смелай

3 бяды ліцвіны князя вызваляюць:

Той князевы памылкі папраўляе,

Той ад мяча сабою засланяе.

 

Мінае ноч, зары ружовай косы

На ўсходзе раскладаюцца ў хмурыне,

Віруе бой, людзей ляжаць пакосы,

І што далей, то больш і больш іх гіне.

А бог вайны змагання важыць лёсы,

Бярэ крывёй даніну з кожнай смерці,

І шалі ўсё стаяць на той адметцы.

 

Так Нёман, бацька наш ласкавы, дбалы,

Сустрэўшы румшыцкага велікана,

Рукою мокрай абхіне завалы,

Капае дно і дзьмецца ўсхвалявана.

А той, баронячыся ад навалы,

Плячмі цяжар стрымоўвае старанна.

Не рушыцца скала з рачнога ложа,

І рэчка каменю ўступіць не можа.

 

Дык немцы, каб дабіцца перамогі,

Апошніх ратнікаў з гары з запасу

Кідаюць на Літву ў парадку строгім.

Вядзе сам комтур баявую масу

На аслабелых з ран і ад знямогі

I, перастроіцца не даўшы часу,

Ламае строй, вядзе у ім барозны...

Ды раптам крык з гары пачуўся грозны.

 

Адразу ўсе ў той бок кіруюць вочы.

Там рыцар быў. І як з лясной яліны

Шырокім ценем стройных кос жаночых,

На снег кладуцца чорныя галіны,

Так чорны плашч адзеў яго ў змрок ночы,

Бо чорны быў і шлем, і конь былінны.

Ускрыкнуў тройчы, рынуўся ўніз громам,

Ды з кім, супроць каго ён - невядома.

 

Дабег да немцаў і ў натоўпе тоне.

Не ўбачыш бітвы, але грукат, крыкі

Падказваюць, дзе ў жудасным разгоне

Грыміць мяча яго пярун шматлікі.

Там знікне шлем, там стройны сцяг абсядзе,

І раць бяжыць на ўсе бакі ў бязладдзі.

 

І як у цёмнай пушчы лесарубы,

Калі б дзялянку высекчы жадалі,

Пашлюць сякеры ў ход і пілаў зубы;

Глядзіш, там-сям вярхі дрэў пазнікалі,

А ў просеках паклаліся пні ў зрубы,

І ўбачыш і людзей, і бляск іх сталі -

Вось так, між немцаў высекшы праломы,

К Літве выходзіў рыцар незнаёмы.

 

Спяшайся, рыцар, ажыві адвагу,

Знямоглых падмацуй, ратуй ад гора!

Бо немцы здабылі ўжо перавагу -

Ліцвінам пікі болей не апора,

А комтур той крывёй патоліў смагу

І ўжо шукае ў полі Літавора.

Аж вось абодва павярнулі коней

І ўжо збліжаюцца на ўсім разгоне.

 

Кяязь Літавор падняў свой меч для ўдару,

А комтур пальнуў з перуновай зброі.

Хвалюецца Літва, праз дыму хмары

Глядзіць на князя ў страшным неспакоі.

На жаль, не біцца ўжо табе, ўладару!

Пусціў паводдзе, меч апаў з рукою,

А сам з сядла сплывае на дарогу,

Ды тут бягуць яму на дапамогу.

Ускрыкнуў чорны муж і чорнай хмарай,

Сыпнуўшы вокал перуновым градам,

Рвануўся да забойцы з грознай карай.

Ледзь толькі з першым стрэліся нападам,

Умомант комтур на зямлю злятае,

І конь над ім узвіўся капытамі.

 

Да князя праз натоўп усхваляваны

Падскочыў рыцар, рве зашчэпкі латаў,

Здымае панцыр, кроўю сфарбаваны,

Знайшоў прастрэл, ды ледзь яго пакратаў,

Як кроў нанова палілася з раны.

Свядомасць князева святлее з болю,

Ен здзіўлена глядзіць на наваколле

І зноўку хоча шлемам засланіцца.

Сказаў пайсці ўсім прэч, хто тут сабраўся,

А Рымвіду загад даў нахіліцца.

"Канец ужо мне,- ціха адазваўся,-

Не руш грудзей, шануйце таямніцу.

Няма ратунку, бачу, мне ад смерці,

Вязіце ў замак - там хачу памерці".

 

Глядзіць і дзівіцца стары ваяка,

Не верыць сам сабе, дык зрок узносіць,

Руку ўпускае, над якою плакаў,

Уздрыгвае, лоб пот халодны росіць.

Цяпер пазнаў ён голас, чуты ўчора.

Ою гэты голас быў не Літавораў!

 

Тым часам рыцар Рымвіду ў трывозе

Паводдзе кінуў, зноў прыпаў да пана,

Сказаў, каб коней кіраваў к дарозе,

А сам, абняўшы князя ўсхвалявана,

Заціснуў рану на грудзях рукою,

Даў знак, і ўтрох імчацца з поля бою.

А вунь і горад, замка камяніца,

Народ цікаўны выбег на спатканне,

А тыя шпораць коней, каб прабіцца

Хутчэй, і, між агульнага маўчання,

Спяшаюцца за мурам зачыніцца.

Спусцілі мост і загадалі строга

Не выпускаць і не ўпускаць нікога.

 

Вяртаюцца дружыннікі ў сталіцу,

Аднак, хоць мужна адстаялі волю,

Ніхто не цешыцца, не весяліцца,

Усім ад жальбы цісне сэрца з болю.

Трывожна ўсе пытаюцца пра пана:

Што з ім? Дзе ён? Ці лёгкая хоць рана?

 

Што ў замку дзеецца, ніхто не знае,

Бо ўзняты мост, зачынены вароты,

Ды з моста вось сышло, кусты мінае

Народу шмат на нейкія работы.

І вось гурт секчы дрэвы пачынае,

Пасля ствалы, галлё, снапы чароту

У горад носіць, возіць на падводзе -

Дык страх і жаль расце ва ўсім народзе.

 

Там, дзе меў хорам бог пярунаўладны

І бог, які вятрамі злосна свішча,

Дзе коні ды валы, авечак стады

Штодзень кроў пралівалі ў папялішча,

Касцёр кладуць пад самыя аблокі,

На дваццаць сажняў доўгі і шырокі.

 

У цэнтры дуб стаяў, а між бярвення

Крыжацкі комтур на кані магутным

Сядзеў цяпер у поўным узбраенні,

Да той дубіны ланцугом прыкуты.

Той самы гэта пасланец нязгоды,

Забойца князеў, Дзітарых з Кніпроды.

 

Бягуць мяшчане, рыцары, жанчыны,

Але маўчаць усе, ніхто не смее

Назваць уголас зборышча прычыны.

Абняты страхам, жалем і надзеяй,

Глядзіць народ збянтэжаны на замак

І настаўляе слых на той напрамак.

 

Аж вось труба зайграла гулка з вежы,

Спадае мост, і брама заскрыпела,

І шэсце ў чорных рушыла адзежах,

Усклаўшы на шчыты героя цела.

Пры ім меч, піка і калчан стрэл свежых -

Усё на чырвані плашча зіхцела.

Аблічча князя не відаць, забрала

Цяжкога шолама яго схавала.

 

Дык вось наш князь! Пан горада і краю!

Рукі нястомнай муж, герой вядомы!

Ці немцаў біць, ці гнаць арду нагаяў,

Ці клапаціцца пра усіх без стомы!

Чаму князь звычай даўні парушае,

Вандруючы ў нябесныя харомы?

Бо старажытнасць наша тут, бывала,

Не так князёў, дзядоў сваіх хавала.

Чаму з табою не ідзе да неба

Слуга, які таптаў з табой дарогі?

Чаму не йдзе з пустым сядлом, як трэба,

Твой сябар верны - конь аленяногі;

Дзе ганчакі, дзе сокал дальнявокі?

Дзе зграя, слаўная за нюх далёкі!

 

Шумеў натоўп. Байцы ўзнімаюць цела

На верх кастра, мёд, малако ўзліваюць.

Труба зайграла, флейта засвірчэла,

І вайдалоты сумны гімн спяваюць.

Бярэ адзін паходню, нож ахвярны...

"Пастойце!" Сталі. Муж над'ехаў хмарны.

 

"Хто ён? - пытаюць. Хто той храбры рыцар? "

Пазнала войска: ён на полі ўчора,

Калі Літва ўжо не магла адбіцца

І немцы акружылі Літавора,

Надбег, адвагу ўзняў, прагнаў трывогі,

Сек крыжакоў, збіў комтура пад ногі.

 

Вось што пра чорнага героя зналі.

А сёння - конь той самы, плашч і зброя.

Ды хто ён? І з якой з'явіўся далі?

Здымае шолам... Гляньце на героя!

Дык гэта ж князь! Зірніце на аблічча!

Спярша заціхла грамада нямая,

Ды радасць з сэрца люду голас кліча,

І грамада крычыць, што сілы мае:

"Жыве наш князь! Жыць будзе з Літаворам!"

І гэты бурны крык ляціць аж к зорам.

 

Стаяў ён сумны, бледны, адзінокі,

А гул грымеў, разносячыся рэхам.

Узняў чало і паглядзеў навокал,

За крыкі лёгкім дзякаваў усмехам.

Ды ўсмешка не была з душы пачата,

Не з тых, што асвятляюць твар і вочы,

А нейкаю здавалася крылатай,

Што, ледзь з'явіўшыся, сарвацца хоча,

Што твар ледзь так сагрэе і асвеціць,

Як рукі мёртвага вяночак з вецця.

 

"Падпальвайце касцёр!" Паплыў дым сіні,

А князь пытае: "Знаеце, чые тут

Гараць астанкі? - Ціша ў той хвіліне.-

Пад зброяй мужа бачыце кабету,

Жанчыну целам, духам гераіню!

Адпомсціў я - яна ж пайшла са свету!"

Сказаўшы, ўзбег на лоўж, прыпаў да мілай,

І хмара дыму ўраз іх засланіла.

 

Эпілог выдаўца

 

Калі ты ўсё, чытач, прагледзеўшы цярпліва,

Канцом не задаволены, што і не дзіва,

Бо хай цікавасць спраў як след не разматае,

Дык тая, ненасычаная, запытае:

Чаму князь жонку выправіў, а сам застаўся?

Чаму прыбыць раней на бой не пастараўся?

Ці мо сама княгіня рушыла ў вір бою?

Чаму ўзняў Літавор сваю на немцаў зброю?

Шукаць адказаў дастатковых - што карысці?

Бо ведай, што і аўтар той, які калісьці

Пра гэта напісаў (ён быў тады у месце),

Спісаў, што знаў ці чуў, але маўчаў аб рэшце,

Не могучы ў адно звязаць усіх выпадкаў

І не жадаючы сфальшывіць іх загадкай.

Як ён памёр, забраў я рукапіс старога

І з думкай, што мне ўдзячны будзе люд нямнога,

Калі ўся праўда выйдзе на свет Божы

І датачыць канец да сказанага зможам.

У Навагрудку я ў старым распытваў годзе,

Ды толькі Рымвід ведаў праўду,больш ніводзін.

Але і ён такі расстаўся з белым светам,

А пры жыцці не размаўляў ні з кім пра гэта,

Прысягай звязаны ці словам чэсці.

На шчасце, жыў яшчэ адзін у нашым месце,

Хто ў замку быў тады і ведаў таямніцу -

Слуга княгінін.Ён згадзіўся мне адкрыцца.

Казаў, а я запісваў, бо ў апавяданні

Заўважыў сувязь з рукапісным тым паданнем.

Аднак, ці ўсё тут праўда, не магу ручацца

І з тым, хто ўбачыць фальш, не думаю спрачацца.

Бо не прыдумаў я ніякай праўды новай,

А тое, што пачуў, запісваў слова ў слова.

Слуга ж той так казаў: "Княгіня ва ўтрапенні

Прасіла князя, нават стаўшы на калені,

Ды князь яе ўсё роўна слухаць адмаўляўся.

І так у гневе тым ён на сваім зацяўся,

Што жончын плач і просьбы на нішто не ставіў

І так яе з адказам - "не і не" адправіў.

Разлічвала, што ўпросіць, можа, ў іншым часе.

Дала загад паслоў пакінуць на тэрасе

Ці выправіць за мур, дык я прапёр іх к ліху.

І так стварылі мы тады неразбярыху,

Што комтур, жорсткаю адмовай раззлаваны,

Замест падмогі вёз гарматы і тараны.

Калі княгіня, здзіўленая весткай тою,

Пабегла зноў да мужа, я здалёк - за ёю.

Уваходзім. Цёмна, глуха ў памяшканні пана,

Відаць, князь моцна спаў. Княгіня ўсхвалявана

Каля пасцелі стала, ды будзіць не смела -

Пашкадавала ці прасіць больш не хацела,

Бо тут жа кінулася ўжо на спосаб новы:

Бярэ каля ўзгалоўя князеў меч сталёвы,

Ускладае панцыр мужаў, плашч бярэ на плечы

І адпраўляецца на ганак для сустрэчы,

Загад мне даўшы, каб - нідзе ні слова.

Калі ўжо на каня сядаць была гатова,

Мяча я не заўважыў у яе пры боку,

Забылася мо ўзяць ці дзе згубіла ў змроку.

Пабег шукаць, гляджу - зачынены вароты.

Я - да акна, ажно за брамаю ўжо роты.

Тут страх мяне прабраў і, як абліты варам,

Кручуся ўжо пад розных дум сваіх цяжарам.

Тут бліснула, і гром гармат пачуўся ў зале.

Я зразумеў, што немцы бітву пачыналі.

Адразу Літавор, ці то крыху праспаўся,

Ці, можа, грукатам разбуджаны, ўзарваўся,

Крычыць і б'е ў далоні, кліча слуг.

Я ўсунуўся паўзком у шчыліну ля даху

І бачыў, як шукаў ён вопраткі і зброі,

Як стукаў, кінуўся ў княгініны пакоі,

Вярнуўся, выламаў запоры, ўзбег на ганак.

А на дварэ тым часам бралася на ранак,

Дык князь глядзіць навокал, настаўляе вуха,

Крычыць і кліча, але ў замку пуста, глуха.

Пабег на ніз і, быццам з думкай аб пагоні,

У стайню ўбег, дзе ратныя стаялі коні.

Паехаў на акопы, стаў як скамянелы

І слухаў, скуль нясецца грукат крык і стрэлы

Аж папусціўшы повад, быццам бліскавіца,

Праз мост і браму паскакаў з сталіцы.

А я чакаў канца, прыліпшы да аконца.

Усё заціхла, згасла. Каля ўсходу сонца

Над'ехаў князь і Рымвід, і Гражыну сталі

Здымаць з сядла. Калі ж яе пранеслі цераз зал

Успомніць страх: дзе ступяць, след крывавы

У грудзі раненая, цяжкае дыханне,-

Яна, упаўшы, ногі князю абдымала,

То рукі, прасціраючы к яму, ламала:

"Прабач адзіную перад табою здраду!"

Князь плача, падымае... Дзе знайсці тут раду?

Сканала. Устаў ён, адступіў, заплюшчыў вочы

І так стаяў. Мне зрок схавала цемра ночы.

А як нябожчыцу пасля на ложак клалі,

Я ўцёк. Вядома ўсім, што адбылося далей".

Вось што сказаў слуга, парушыўшы маўчанне,

Ды з смерцю Рымвіда прыйшоў канец і тайне

(Бо Рымвід жа забараняў пра гэта плесці).

Пасля штораз шырэй пайшлі ў народзе весці.

Не знойдзецца сягоння ў Навагрудскай гміне

Ніводзін, хто не знаў бы песні аб Гражыне.

Бо й дудары пяюць, і паўтараюць дзеўкі...

А месца бітвы той цяпер завуць Літэўкі.




Крыніца: http://svyatavit.iatp.by/bibliatec/Mitchkevich/Grajina/gr.html
Пераклад: Пятро Бітэль

Беларуская Палічка: http://knihi.com