Калі я, труп жывы, з ашклелым вокам
Сяджу між вас, у гэты час блукае
Душа мая далёка, ах, далёка
І наракае ўсё, ах, наракае.
Ёсць у мяне зямля, край светлых мрояў,
Мілейшага - мне не знайсці другога.
Мне ўсе радня там - болей чым крывёю,
Там сэрцу гэтак многа дарагога!
Туды штоміг - хай праца ці забавы -
Ўцякаю я. Сяджу там пад дубамі,
Як некалі, кладуся ў звонь, у травы,
Ганяюся ізноў за матылямі.
Там бачу ў белым зноў яе скрозь далі.
Бяжыць у лес яна да нас ад ганка,
Ляціць праз поле - тоне ў жытняй хвалі,
З-за гор далёкай свеціць мне заранкай1.
1839-1840
Каментары
1. Тут зноў згадваецца нязбыўнае каханне паэта - Марыля Верашчака.