epub
 
падключыць
слоўнікі

Адам Міцкевіч

Мужык і вужака

З польскай — А. Міцкевіча

 

Раз неяк зімовай парой

Мужык сеч бярвенне пайшоў

І ў лесе пад елкай гнілой

Вужаку чуць з духам знайшоў.

 

Ён з добрага сэрца ў мароз,

Як толькі вужаку наўрэў,

Узяў і да хаты прынёс,

На печы ў цяпле адагрэў.

 

Адхухала гадзіну печ,

Кусацца паўзе к мужыку,

Але той давай яе сеч,

Узяўшы тапор у руку.

 

На смерць ён гадзюку засек,

Шпурхнуў, дзе больш снегу мяло,

І згінула ў снегу навек,

Навек за няўдзячнасць і зло.

-------

Навуку тут маем у том,

Ёсць прыклад такі для людзей:

Што хто за дабро плаціць злом,—

Як гадзіна, сам прападзе.

 

23 ліпеня 1905


23.07.1905

Пераклад: Янка Купала
Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 1. Вершы, пераклады 1904-1907. Мн., Маст. літ., 1995.-462 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан