epub
 
падключыць
слоўнікі

Адам Міцкевіч

Паніч i дзяўчына

I
II
III


 

I

 

Збірае дзяўчына

У гаю суніцы

I бачыць — хлапчына,

Паніч белаліцы.

 

Пачціва скланіўся,

З каня ён саскочыў.

Твар дзеўчы змяніўся,

Спусціла ў дол вочы.

 

«Дзяўчына кахана!

Сюды, у дубровы,

З сябрамі урана

Прыбыў я на ловы.

 

Блукаю тут многа

Адзін без пуціны.

Скажы, дзе дарога,

Красуня-дзяўчына?

 

I з лесу ці скора

Ці выведзе сцежка? »

«Яшчэ пан упору

Заедзе без спешкі.

 

На полі, бач, дрэва,

Навокал — бярозкі,

Адтуль шлях налева

Паблізу ад вёскі.

 

На горку і хмызам

Ды ўправа над рэчкай,

Праз мосцік, млын, нізам,

Там згледзіш мястэчка».

 

З падзякай спакусна

Ён руку паціснуў,

Прыльнуў к яе вуснам,

На коніка свіснуў.

 

Мільгнуўся, як птушка,

Няма яго ў гаю.

Ўздыхнула пастушка.

Чаго? Я не знаю.

 

 

II

 

Збірае дзяўчына

У гаю суніцы

I бачыць — хлапчына,

Паніч белаліцы.

 

Здалёку гукае:

«Скажы мне, дзяўчына,

Мо ёсць дзе другая

Ў мястэчка пуціна?

 

Ні рэчкі змялелай,

Ні мосціка тога.

Ўтапіць ты хацела

Хлапца маладога».

 

«То едзь, пан, пуцінай,

Што там пры кургане».

«Ну, дзякуй, дзяўчына».

«Бывайце, васпане».

 

Пайшла ў лес пуціна,

Няма яго ў гаю.

Ўздыхнула дзяўчына.

Чаго? Ой, я знаю!

 

 

III

 

Збірае дзяўчына

У гаю суніцы

I бачыць — хлапчына,

Паніч белаліцы.

 

I роніць ёй словы:

«Дзяўча, бойся Бога!

Я ўехаў у ровы,

Хіба ж то дарога?

 

Слядоў ад павозкі

Не згледзіш і знаку,

Хіба мо хто з вёскі

Працягне дзярвяку.

 

Палюю ад рана,

З дарогі я збіўся —

I сам змардаваны,

I конь затаміўся.

 

Язда безупынку

I прага даймае.

Пушчу на хвілінку

Папасвіць каня я».

 

Пачціва скланіўся,

З каня ён саскочыў.

Твар дзеўчы змяніўся,

Спусціла ў дол вочы.

 

I слоў ані слыху.

Па хуткай жа хвілі

То ўголас, то сціха

Яны гаварылі.

 

Ды ветрык там дзьмухаў

У лес, у дубровы,

I я не даслухаў

Хлапецкай размовы.

 

З вачэй жа і з міны

Я пэўна дазнаўся,

Што больш ён ў дзяўчыны

Дарог не пытаўся.


1907; 1937-1940; 1951

Пераклад: Якуб Колас
Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 11