Адам Міцкевіч

Песня філарэтаў

Гэй, знікні, суму хмара!

Жывём мы толькі раз.

Хай залатая чара

Нямарна вабіць нас.

 

Пускай яе па кругу,

Падай у рукі другу,

Бяры і пі да дна,

Дзе глыб жыцця відна.

 

І не мялі пустое -

У чары польскі мёд.

Спявайма толькі тое,

Што родны склаў народ.

 

У пыл бібліятэкі

Ты лез, каб сёння жыць,-

Гуляць і піць, як грэкі,

І як рымлянін - біць!

 

Юрыстам, як дарунак,

Стаў келіх кругавы.

Падай цяпер руку нам,

А заўтра дай правы.

 

Не ўзніме красамоўства

Свабоды змагароў.

Дзе мужнасць і сяброўства,-

Браты, не трэба слоў!

 

Хто гне метал і паліць -

Расплавіць працай час.

У залатым метале

Кіпіць віно для нас.

 

Той хімік па прызванню,

Мудрэц і жыццялюб,

Хто можа мёд кахання

Цягнуць з дзявочых губ.

 

Планет шляхі-дарогі

Усе змераўшы як след,

Быў без апоры ўбогім

Славуты Архімед.

 

Калі захоча зрушыць

Цяпер зямлю Н'ютон,

Хай злічыць нашы душы

І - хопіць! - скажа ён.

 

Вучоным цыркуль мілы

І мёртвы бляск свяціл.

Для нас намераў сіла

Праўдзівей меры сіл.

 

Наш цыркуль - сэрцаў вера,

Імкненняў ясны дух.

Дабро - адна ў нас мера,

І дружба - болей двух.

Гэй, згінь ты, суму хмара!

Жывём мы толькі раз.

Стаіць, чакае чара,

Ды не чакае час,

Кроў студзіць, скроні беліць.

 

Закрэсліць вечнасць нас,

Закрыўшы вочы Фелі...

Вось філарэтаў сказ!




Крыніца: http://svyatavit.iatp.by/bibliatec/Mitchkevich/PFilaretov/pf.html

Беларуская Палічка: http://knihi.com