Адам Міцкевіч

Тры пары дня

 

З польскай — М. Канапніцкай

 

Прыйдзе світанне да маёй хаткі

І разбуджаць мяне стане:

«Гэй! бяры коску: глянь! там на ўсходзе

Сонейка скора прагляне».

 

Дзе ты, сярмяга? Пот яшчэ значан:

Ночкай не высах Пятровай.

Дзе мая коска? дзе ваяўніца?

Час нам на луг за дуброву.

 

Прыйдзе палудне да маёй хаткі,

Ка мне падсядзе на лаву,

І так глядзіць там, як мае дзеткі

Жывяцца поснаю стравай.

 

І лусту хлеба чорнага ломіць,

Рукі чагосьці трасуцца,

А што кусочак возьме, адкусіць —

Слёзы цурком паліюцца.

 

А прыйдзе ночка да маёй хаткі,

Стане ў куток, падапрэцца —

І ў думах-думках, стоячы гэтак,

Песняй глухой адазвецца.

 

А ў грудзях сэрца птушкай заскача,

Хадыром хатка заходзіць,

Як ноч аб долі цяжкай мужычай

Нудна галосіць, заводзіць.

 

[1911-1912?]



Пераклад: Янка Купала

Беларуская Палічка: http://knihi.com