epub
 
падключыць
слоўнікі

Адам Міцкевіч

Ваявода

(Украінская балада)

 

З польскай — А. Міцкевіча

 

З-пад прысад агарода

Бледны ўбег ваявода

У палац свой са злосцю й трывогай,

Перад спальняю стануў,

У пасцель жонкі глянуў,

Глянуў там — і не ўбачыў нікога.

 

Ў дол патупіўшы вочы,

Ўвесь дрыжыць, штось мармоча,

Вусы тузае, думае дзіка.

Адышоў ад пасцелі,

Жудка зрэнкамі стрэліў,

Казака туж Навума паклікаў.

 

— Гэй, казача, ты, хаме,

Чаму ў садзе пры браме

Ні сабакі няма, ані стражы?!

Браць мне торбу барсучу

І янчарку гайдучу,

Цягні стрэльбу-гвінтоўку мне ўраз жа!

 

Ўзялі зброю — і ходу!..

Падцякліся к гароду,

Дзе альтана хавалася ў зеллі.

На дзярновым сядзенні

Штось бялеецца ў цені:

Там сядзела кабеціна ў белі.

 

Вочкі ручкай адною,

Закрывала касою,

Грудзі крыла рубком кашуліны,

А другою — памалу

Ад грудзей адпіхала,

Што ў калень яе кленчыў, мужчыну.

 

Той прыпаўшы к каленям,

Ёй казаў ў знемажэнні:

— Дык усё, што было, ўжо далёка!

І тваё уздыханне,

І тваё прывітанне

Заплаціў ваявода гатоўкай!

 

Хоць цябе столькі летак

Я любіў палка гэтак,

І любіць, і цярпець буду здаля,—

Не любіў ён ніколькі,

Бразнуў золатам толькі,

Ты яму прадался без жалю.

 

Ён штовечара будзе

Песціць белыя грудзі,

З табой цешыцца ў пуху лябяжым,

Твае — мне на загубу —

Цалаваць шчочкі, губы

Будзе ён пацалункам уражым.

 

Я на коніку верным

Гэтым полем бязмерным

Сюды мкнуўся праз холад і слоты,

Каб вітаці ўздыханнем —

І ад’ехаць з жаданнем:

Добрай ночкі і доўгай пяшчоты!

 

Яна ўсё йшчэ як глуха;

Ён ёй шэпча на вуха

Тыя жальбы ці новы закляцці,

Аж прымлеўшы, без сілы,

Ручкай грудкі адкрыла

І ў яго патанула абняцці.

 

З казаком ваявода

Прыкуцнулі ля ўхода

І з-за пояса бралі набоі,—

Адсякалі зубамі,

Прыбівалі штамплямі

Жменю пораху й шроту удвое.

 

— Пане! — тут казак кліча,—

Нейкі чорт мною смыча,

Не магу той застрэліць дзяўчыны:

Як свой курак адводзіў,

Я ўздрыгнуў, як на лёдзе,

І сплылі на падпал дзве слязіны.

 

— Ціха!.. Кінь, хаме, кракаць!

Я наўчу цябе плакаць!

На! тут з порахам свежым машонку;

Падсып жыва падпалу,

Ногцем счысці красала

Ды ў свой лоб стрэль ці ў гэтую жонку.

 

— Управа... вышэй... цэль дбайна!..

Жджы, пакуль я не пальну,—

Жаніха змяту перш назаўсёды.

Ўзвёў казак курак, сцэліў,

Не чакаючы, стрэліў,

І ўгадзіў ў самы лоб ваяводы.

 

[1911-1912?]


[1911-1912]?

Пераклад: Янка Купала
Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 3. Вершы, пераклады 1911-1914. - Мн.: Маст. літ., 1997. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан