epub
 
Падключыць
слоўнікі

Адам Міцкевіч

З «Конрада Валенрода»

З польскай — А. Міцкевіча

 

Сто лет мінала крыжацкай навале,

Як кроў з паўночных смактала паганаў.

Прусы ўжо шыі ў аковы згіналі

Або ўцякалі з радзімых палянаў;

Немец за ўцёкшым пускаўся ўдагонкі,

Нішчыў да самай літоўскай старонкі.

 

Літвінаў дзеліць ад ворагаў Нёман:

З аднаго боку льсняць стрэхі святыняў,

І лесу — схову багоў — чуваць гоман;

З другога — ўбіты на ўзгорку пустыні

Крыж, знак нямецкі, рад к небу сягнуці,

Грозна пільнуе літоўскіх загонаў,

Як бы ўсю чыста зямлю Палямона

Хацеў бы зверху здушыць, загарнуці.

 

Тутка літоўскай сям’я маладзежы

Ў шапках бабровых, у світках мядзвежых,

З лукам праз плечы, з страламі пры боку

Снуе і сочыць за немцам здалёку;

А там — няскратна, ў збраенні каваным

Немец сядзіць на кані асядланым,

К землям уставіў нязабраным вочы,

Стрэльбу набіў і ружанцам ляскоча.

 

Пільнуюць тыя і гэтыя броду.

Так Нёман, з даўнай гасціннасці рупны,

Дзяржавы лучачы братніх народаў,

Стаўся граніцай для ўсіх недаступнай,

І той мог толькі прайсці яе смела,

Каму на волі жыццё надаела.

Толькі галінка літоўскага хмелю,

Наджана топалю прускага красай,

Пнецца па вербах і цінавым зеллі,

К любаму пнецца, як з даўнага часу:

След кіне ў рэчцы вяночкам нявілым,

І на чужыне ўжо лучыцца з мілым.

Ды салавейкі пад Коўнай з дубровы

Са сваякамі гары Запушчанскай

Свае літоўскія баюць размовы,

Дзеляцца спольна і дружбай, і ласкай,

Як бы граніцы не знаючы новай.

 

А людзі?.. Людзі ўпіліся бітвою;

Даўная Прусаў з Літвою зажыласць

Пайшла ў няпамяць; падчас толькі міласць

І людзей годзіць... Я знаў людзей двое...

 

Гэй, Нёман! Хутка к тваім сумным водам

Рынуць навалы нясці зніштажэнне,

І ў бераг, з вечных галоцячы ценяў,

Тапор чужынца бязлітасна ўесца;

Стрэл салавейкаў разгоне ў гародах.

Што ў жыцці светлага неслі прадвесні,

Парве ўсё чыста нянавісць народаў,

Парве ўсё чыста... Каханкаў жа сэрцы

Зноў у Вайдэлётавых злучацца песнях.

 

1910



Пераклад: Янка Купала

Беларуская Палічка: http://knihi.com