epub
 
падключыць
слоўнікі

Айзэк Азімаў

Выродлівы хлапчук

Як заўсёды, перш чым адчыніць наглуха зачыненыя дзверы, Эдзіт Фэлоўз паправіла свой рабочы халат і толькі пасля таго пераступіла тую нябачную лінію, што аддзяляла рэальны свет ад свету несапраўднага. Пры ёй былі нататнік і асадка, хоць з пэўнага часу яна не вяла больш сістэматычных запісаў, робячы іх толькі пры пільнай патрэбе.

На гэты раз яна несла з сабою і чамадан. «Гэта гульні хлопчыкам», — усміхнуўшыся, растлумачыла яна вартаўніку, які даўным-даўно ўжо не задаваў ёй ніякіх пытанняў і толькі махнуў рукою, прапускаючы яе.

Як звычайна, выродлівы хлапчук адразу пачуў яе прыход і, плачучы, кінуўся ёй насустрач.

— Міс Фэлоўз, міс Фэлоўз, — мармытаў ён, вымаўляючы словы глуха, не зусім выразна, ва ўласцівай аднаму яму манеры.

— Што здарылася, Цімі? — спыталася яна, правёўшы рукою па яго страхалюднай галоўцы, зарослай густымі рудымі кудламі.

— Джэры вернецца, каб зноў гуляць са мной? Мне вельмі сорамна за тое, што адбылося.

— Не думай больш пра гэта, Цімі. З-за гэтага ты і плачаш?

Ён адвярнуўся.

— Не зусім, міс Фэлоўз. Проста я зноў бачыў сон.

— Зноў той самы сон? — Міс Фэлоўз сцяла зубы.

Вядома ж, гісторыя гэтая з Джэры павінна была выклікаць у Цімі стары сон.

Ён кіўнуў, спрабуючы ўсміхнуцца, і яго шырока расцягнутыя, выкручаныя вусны агалілі занадта вялікія зубы.

— Калі ж я, нарэшце, вырасту настолькі, каб выйсці адсюль, міс Фэлоўз?

— Хутка, — пяшчотна адказала яна, адчуваючы, як сціскаецца яе сэрца, — хутка.

Міс Фэлоўз дазволіла Цімі ўзяць яе за руку і з задавальненнем адчула цёплы дотык грубай сухой скуры ягонай далоні. Ён павёў яе праз пакоі, з якіх складалася Першая Секцыя Стасіса, пакоі, несумненна, даволі камфартабельныя, але якія тым не менш былі для сямігадовага (а ці сямігадовага?) вырадка месцам вечнага зняволення.

Ён падвёў яе да акна, якое выходзіла на зарослую нізкім хмызняком лясістую мясцовасць, схаваную цяпер начной імглою. Не відаць было адсюль і прымацаваных да агароджы аб'яў, якія забаранялі кожнаму, хто б той ні быў, набліжацца сюды без спецыяльнага дазволу.

Прыціснуўшыся носам да шыбы, ён сказаў:

— Я змагу туды выйсці, міс Фэлоўз?

— Ты ўбачыш мясціны намнога лепшыя, прыгажэйшыя, чым гэтыя, — журботна адказала яна, гледзячы на няшчасны твар маленькага нявольніка.

На яго нізкі скасабочаны лоб пучкамі звісалі зблытаныя пасмы валасоў. На патыліцы быў вялікі выступ, галава дзіцяці здавалася празмерна цяжкай, хілячыся наперад, яна прымушала яго горбіцца. Ужо пачалі разрастацца, расцягваючы скуру, надброўныя дугі. Яго масіўны рот намнога больш выдаваўся наперад, чым шырокі прыплюснуты нос, а падбародка не было і ў зародзе — толькі сківічная костка, апушчаная ўніз. Як на свой узрост быў ён занадта малы, крываногі і няўклюдны.

Гэта быў неверагодна выродлівы хлопчык, і Эдзіт Фэлоўз яго вельмі любіла.

Вусны яе задрыжалі — яна магла дазволіць сабе цяпер такое, бо яе твар быў па-за полем зроку дзіцяці.

Не, яны не заб'юць яго. Яна пойдзе на ўсё, каб перашкодзіць гэтаму. На ўсё. Яна адчыніла чамадан і пачала вымаць адтуль адзенне хлопчыку...

 

* * *

 

Эдзіт Фэлоўз упершыню пераступіла парог акцыянернай кампаніі «Стасіс Інкарпарэйтэд» крыху больш трох гадоў таму назад. Тады ў яе не было ніякусенькага ўяўлення пра тое, што хавалася за гэтаю назваю. Зрэшты, гэтага ў той час не ведаў ніхто, за выключэннем тых, хто там працаваў. І сапраўды, ашаламляльнае паведамленне ўзрушыла свет толькі на другі дзень пасля яе прыходу. А незадоўга да гэтага яны далі ўсяго толькі лаканічную аб'яву, у якой запрашалі на работу жанчыну, што валодае ведамі ў галіне фізіялогіі, вопытам у медыцынскай хіміі і якая любіць дзяцей. Эдзіт Фэлоўз працавала медсястрой у радзільным аддзяленні і таму прыйшла да вываду, што яна адпавядае ўсім гэтым патрабаванням.

Джэральд Хоскінс, доктар фізічных навук, пра што сведчыла замацаваная на яго пісьмовым стале пласцінка з адпаведным запісам, пацёр шчаку вялікім пальцам і пачаў уважліва яе разглядаць.

Інстынктыўна сцяўшыся, міс Фэлоўз адчула, што ў яе пачынае торгацца твар.

Сам жа ён зусім не прыгажун, з крыўдаю падумала яна, лысее, паўнее, ды і вусны ў яго нейкія панурыя, замкнутыя... Але паколькі сума, прапанаваная за работу, аказалася намнога вышэйшая за тую, на якую яна разлічвала, міс Фэлоўз вырашыла не спяшацца з вывадамі...

— Значыць, вы сапраўды любіце дзяцей? — спытаўся Хоскінс.

— Інакш я не стала б прытварацца.

— А можа быць, вы любіце толькі харошанькіх дзяцей? Гэтакіх прывабных херувімчыкаў з малюсенькімі носікамі?

— Дзеці заўсёды застаюцца дзецьмі, доктар Хоскінс, — адказала міс Фэлоўз, — і здараецца, што менавіта непрыгожыя дзеці больш за іншых маюць патрэбу ў падтрымцы.

— Дапусцім, што мы возьмем вас...

— Вы хочаце сказаць, што згодны наняць мяне?

На яго шырокім твары мільганула ўсмешка, надаўшы яму на нейкае імгненне дзіўную прывабнасць.

— Я хутка прымаю рашэнні, — сказаў ён. — Пакуль што я нічога не прапаноўваю вам, і можа стацца, што адпушчу вас ні з чым. А самі вы гатовы прыняць маю прапанову?

Сціснуўшы рукамі сумачку, міс Фэлоўз з усёй хуткасцю, на якую яна была здольная, стала падлічваць моўчкі тыя выгоды, якія абяцала ёй новая работа, але, падпарадкоўваючыся раптоўнаму імпульсу, адкінула раптам усе разлікі.

— Так.

— Цудоўна. Сёння вечарам мы збіраемся пусціць Стасіс у ход, і я думаю, што вам неабходна прысутнічаць пры гэтым, каб адразу ж прыступіць да сваіх абавязкаў. Гэта адбудзецца ў восем гадзін вечара, і я спадзяюся, што ўбачу вас тут у сем трыццаць.

— Але, што...

— Добра, добра. Пакуль усё...

Па сігналу ўвайшла сакратарка і, усміхаючыся, правяла яе з кабінета.

Выйшаўшы, міс Фэлоўз нейкі час моўчкі глядзела на зачыненыя дзверы, за якімі застаўся містэр Хоскінс. Што такое Стасіс? Якія адносіны да дзяцей мае гэты вялізны, падобны на адрыну, будынак, служачыя з незразумелымі значкамі на адзенні, доўгія калідоры і тая характэрная атмасфера менавіта тэхнічнага прадпрыемства, якую ні з чым нельга зблытаць?

Яна пыталася ў сябе, ці варта вяртацца сюды вечарам, ці не лепш не прыходзіць зусім і тым самым правучыць гэтага чалавека за яго пагардлівую паблажлівасць. Але ў той самы час яна не сумнявалася, што вернецца, хоць бы толькі з незадаволенай цікаўнасці. Яна павінна высветліць, пры чым жа тут усё-такі дзеці.

Калі роўна а палове восьмай яна зноў прыйшла, то адразу звярнула ўвагу на тое, што ёй не спатрэбілася нічога пра сябе паведамляць. Усе, хто трапляўся ёй на дарозе, як мужчыны, так і жанчыны, здавалася, вельмі добра ведалі не толькі тое, хто яна, але і характар яе будучай работы. Яе адразу правялі ў будынак.

Яна ўбачыла доктара Хоскінса, але той, мелькам зірнуўшы на яе і невыразна назваўшы яе імя, нават не запрасіў яе сесці. Яна сама спакойна падсунула да парэнчаў крэсла і села.

Яны былі на балконе, з якога адкрываўся від на вялізную шахту, запоўненую нейкімі прыборамі, падобнымі на штосьці сярэдняе паміж пультам кіравання касмічнага карабля і кантрольнай панеллю электроннай лічыльнай машыны.

У другой частцы шахты ўзвышаліся перагародкі, якія служылі сценамі для кватэры без столі. Гэта быў як бы гіганцкі лялечны домік, унутранае абсталяванне якога праглядвалася як на далоні з таго месца, дзе сядзела міс Фэлоўз.

Яна выразна бачыла ў адным з пакояў электронную пліту і халадзільную ўстаноўку, а ў другім — абсталяванне ваннай. А прадмет, які ёй удалося разгледзець у трэцім пакоі, мог быць толькі часткаю ложка, маленькага ложка...

Хоскінс размаўляў з нейкім мужчынам. Хоскінс іх не пазнаёміў, і міс Фэлоўз нічога не заставалася, як спадцішка назіраць за ім. Гэта быў худы мужчына сярэдніх гадоў, даволі прыемнай знешнасці, у яго былі маленькія вусікі і жывыя вочы, якія, здавалася, усё бачаць.

— Я зусім не збіраюся, доктар Хоскінс, рабіць выгляд, што мне ўсё гэта зразумела, — гаварыў ён. — Я хачу сказаць, што разумею сёе-тое ў тых межах, якія даступны дастаткова інтэлігентнаму неспецыялісту. Але, нават улічваючы межы маёй кампетэнцыі, я хачу заўважыць, што адзін бок праблемы мне менш зразумелы, чым другі. Я маю на ўвазе выбарачнасць. Вы здольны прайсці вельмі далёка, дапусцім, гэта можна, зразумець. Чым далей вы рухаецеся, тым больш туманныя, расплывістыя робяцца аб'екты, а гэта патрабуе вялікай затраты энергіі. Добра. Але ў той жа час вы не можаце дасягнуць больш блізкага аб'екта. Вось гэта і ёсць загадка для мяне.

— Калі вы дазволіце мне скарыстаць аналогію, Дэвенэй, я паспрабую паказаць вам праблему ў такім святле, каб яна здавалася менш парадаксальнай.

Імя незнаёмага, якое прамільгнула ў размове, міжволі зрабіла на міс Фэлоўз уражанне, яна адразу здагадалася, хто ён. Гэта, відаць, быў сам Кандзід Дэвенэй, які пісаў для тэлевізійных навін нарысы на навуковыя тэмы, той Кандзід Дэвенэй, асабістай прысутнасцю якога былі адзначаны ўсе сама буйныя падзеі ў навуковым свеце. Цяпер ягоны твар здаўся ёй знаёмым. Вядома ж, гэта менавіта яго яна бачыла на экране, калі аб'явілі пра пасадку касмічнага карабля на Марс. А калі гэта сапраўды той самы Дэвенэй, то гэта магло азначаць толькі тое, што доктар Хоскінс збіраецца зараз прадэманстраваць нешта вельмі важнае.

— Калі вы лічыце, што гэта дапаможа, то чаму б вам і не выкарыстаць аналогію? — спытаўся Дэвенэй.

— Ну, добра. Значыць, так: вы, безумоўна, ведаеце, што вы не зможаце чытаць кнігу з шрыфтам звычайнага кегля, калі кніга гэтая ад вас на адлегласці ў шэсць футаў, але гэта адразу робіцца мажлівым, як толькі адлегласць паміж вашымі вачыма і кнігаю скароціцца да фута. Як вы бачыце, у дадзеным выпадку пакуль што дзейнічае правіла — чым бліжэй, тым лепш. Але калі вы наблізіце кнігу настолькі, што паміж ёю і вашымі вачыма застанецца ўсяго адзін толькі дзюйм, вы зноў страціце здольнасць чытаць яе. Адсюль вам павінна быць зразумела, што існуе такая перашкода, як вельмі вялікая блізкасць.

— Хм, — хмыкнуў Дэвенэй.

— А вось вам другі прыклад. Адлегласць ад вашага правага пляча да кончыка ўказальнага пальца правай рукі складае прыкладна трыццаць дзюймаў, і вы можаце свабодна дакрануцца гэтым пальцам да правага пляча. Адлегласць жа ад вашага правага локця да кончыка ўказальнага пальца той жа рукі напалову меншая, і калі кіравацца сама простай логікай, то выходзіць, што дакрануцца правым указальным пальцам да правага локця лягчэй, чым да правага пляча, аднак жа зрабіць вы гэтага не можаце. І зноў перашкаджае тая ж занадта вялікая блізкасць.

— Вы дазволіце скарыстаць гэтыя аналогіі ў маім паведамленні? — спытаў Дэвенэй.

— Калі ласка. Я буду толькі рады, я ж даволі доўга чакаў каго-небудзь накшталт вас, хто напісаў бы пра нашу работу. Я дам вам усе неабходныя звесткі. Нарэшце-такі прыйшоў час, калі мы можам дазволіць усяму свету зазірнуць цераз наша плячо. І свет сёе-тое ўбачыць.

Міс Фэлоўз злавіла сябе на тым, што насуперак свайму жаданню захапляецца яго спакоем і ўпэўненасцю. У ім адчувалася вялізная сіла.

— Якая мяжа вашых мажлівасцей? — спытаўся Дэвенэй.

— Сорак тысяч гадоў.

У міс Фэлоўз заняло дыханне.

— Гадоў?!

Здавалася, само паветра застыла ў напружанні. Людзі каля пультаў кіравання амаль не рухаліся. Хтосьці аднастайна кідаў у мікрафон кароткія фразы, сэнсу якіх міс Фэлоўз не магла ўлавіць.

Перагнуўшыся цераз парэнчы балкона, Дэвенэй уважліва ўзіраўся ў тое, што адбывалася ўнізе.

— Мы ўбачым што-небудзь, доктар Хоскінс? — спытаўся ён.

— Што вы сказалі? Не, мы нічога не ўбачым, пакуль усё не здзейсніцца. Мы выяўляем прадмет толькі ўскосна, як бы па прынцыпе радарнай устаноўкі з той розніцай, што замест электрамагнітных хваль мы аддаём перавагу мезонам. Пры адпаведных умовах мезоны вяртаюцца, прычым пэўная частка з іх адбіваецца ад якіх-небудзь аб'ектаў, і наша задача заключаецца ў даследаванні характару гэтых адбіткаў.

— Мусіць, гэта даволі цяжкая задача.

На твары ў Хоскінса прамілынула яго звычайная ўсмешка.

— Перад вамі вынік пяцідзесяці гадоў настойлівых пошукаў. Асабіста я заняўся гэтай праблемай дзесяць гадоў таму назад. Так, усё гэта сапраўды вельмі нялёгкае.

Чалавек каля мікрафона падняў руку.

— Ужо некалькі тыдняў мы фіксуем адзін пэўны момант, аддалены ад нас у часе. Папярэдне разлічыўшы свае перамяшчэнні ў часе, мы то спыняем дослед, то ўзнаўляем яго, яшчэ і яшчэ раз правяраючы нашу здольнасць з дастатковай дакладнасцю арыентавацца ў часе. Цяпер гэта павінна спрацаваць бездакорна.

Але лоб у містэра Хоскінса блішчаў ад поту. Міс Фэлоўз раптам заўважыла, што яна машынальна пакінула сваё крэсла і таксама стаіць каля парэнчаў, але глядзець пакуль што не было на што.

— Зараз, — спакойна вымавіў чалавек каля мікрафона.

Наступіла цішыня, якая цягнулася роўна столькі, колькі патрабуецца часу на адзін уздых, і з лялечнага доміка пачуўся прарэзлівы лямант насмерць перапужанага дзіцяці.

— Жах! Невыказны жах!..

Міс Фэлоўз павярнула галаву на крык. Яна забылася, што ва ўсё гэта ўблытана дзіця.

А Хоскінс, стукнуўшы кулаком па парэнчах, голасам, які зусім змяніўся і дрыжаў ад трыумфу, прамовіў:

— Атрымалася.

Міс Фэлоўз, якую цвёрдаю рукою штурхнуў у спіну, нават не загаварыўшы з ёю, Хоскінс, спусцілася па кароткай вінтавой лесвіцы ў шахту.

Тыя, хто да гэтага моманту быў каля прыбораў, сабраліся цяпер тут. Яны палілі і, усміхаючыся, назіралі за тройцай, што паявілася ў галоўным памяшканні. Ад доміка чулася слабае гудзенне.

— Уваходжанне ў Стасіс не ўяўляе ніякай небяспекі, — звярнуўся Хоскінс да Дэвенэя. — Я сам рабіў гэта многа разоў. На нейкае імгненне ў вас з'явіцца дзіўнае адчуванне, якое абсалютна не ўплывае на арганізм.

Нібы хочучы прадэманстраваць слушнасць сваіх слоў, ён увайшоў у адчыненыя дзверы. Напружана ўсміхаючыся і чамусьці зрабіўшы глыбокі ўдых, за ім услед рушыў Дэвенэй.

— Хадземце ж сюды, міс Фэлоўз! — нецярпліва выгукнуў Хоскінс і павабіў яе пальцам.

Міс Фэлоўз кіўнула і нязграбна пераступіла парог. Усё яе цела скаланулі дрыжыкі, але, як толькі яна апынулася ў доме, адчуванне гэтае знікла. У доме пахла свежым дрэвам і вільготнаю глебай.

Цяпер тут было ціха, ва ўсякім выпадку, не чуваць было голасу дзіцяці, але затое аднекуль чуўся шоргат ног і шолах, нібы хтосьці мацаў дрэва. Потым пачуўся стогн.

— Дзе ж ён? — з адчаем усклікнула міс Фэлоўз. Няўжо гэтым дурням не рупіць, што там адбываецца?

Хлопчык быў у спальні, ці, дакладней, у пакоі, дзе стаяў ложак.

Ён быў зусім голы, і яго запэцканыя граззю грудзі хадзілі хадуном. Ахапак змяшанай з граззю шорсткай травы рассыпаўся па падлозе каля яго босых рудых ног. Ад гэтае травы ішоў пах зямлі, змешаны з нейкім смуродам.

Хоскінс убачыў відавочны жах у яе вачах і злосна сказаў:

— Не было ніякай мажлівасці, міс Фэлоўз, выцягнуць хлопчыка чыстым з такой глыбіні стагоддзяў. Мы вымушаны былі захапіць дзеля яго бяспекі сёе-тое з таго, што было каля яго. Можа, вы палічылі б за лепшае, каб ён з'явіўся сюды без нагі альбо часткі чэрапа?

— Прашу вас, не трэба! — усклікнула міс Фэлоўз у знямозе. — Чаму мы бяздзейнічаем? Беднае дзіця спужалася. І яно бруднае!

І сапраўды. На хлопчыкавым целе засох бруд і нейкі тлушч, а ўсё сцягно перасякала чырвоная драпіна.

Калі Хоскінс наблізіўся да хлопчыка, якому на выгляд было не больш чым тры гады, той нізка нагнуўся і хуценька адскочыў назад. Яго верхняя вусна адтапырылася, і з яго вырваўся нейкі дзіўны гук — нешта сярэдняе паміж бурчаннем і кашачым шыпеннем.

Хоскінс імклівым рухам схапіў за руку дзіця, якое адчайна крычала і выкручвалася, і адарваў яго ад падлогі.

— Трымайце яго так, — сказала міс Фэлоўз. — Перш за ўсё яму неабходна цёплая ванна. Яго трэба як след адмыць. У вас ёсць тут усё неабходнае? Калі ёсць, то папрасіце прынесці рэчы сюды і хоць бы напачатку дапамажыце мне з ім справіцца. Апрача таго, дзеля ўсяго святога, дайце загад, каб прыбралі ўвесь гэты бруд і смецце.

Цяпер прыйшла яе пара аддаваць загады, і адчувала яна сябе ў новай ролі цудоўна. А паколькі разгубленая назіральніца саступіла месца вопытнай медыцынскай сястры, яна зірнула на дзіця ўжо другімі вачыма, з пункту гледжання прафесіянала, і на нейкі міг замерла ад збянтэжанасці. Бруд, яго лямант, яго цела, якое выкручвалася ў марнай барацьбе, — усё гэта кудысьці адступіла. Яна разгледзела само дзіця.

Гэта быў сама выродлівы хлапчук з усіх, якіх ёй даводзілася калі-небудзь бачыць. Ён увесь быў неверагодна пачварны — ад страхалюднай галавы да выгнутых колам ног.

З дапамогаю трох мужчын ёй удалося выкупаць хлопчыка.

Астатнія ў гэты час спрабавалі прыбраць памяшканне. Яна працавала моўчкі, з пачуццём знявагі, раздражнёная крыкамі і супраціўленнем.

Доктар Хоскінс намякаў ёй, што дзіця будзе непрыгожае, але хто ж мог падумаць, што яно акажацца такое пачварнае. І ні мыла, ні вада не маглі да канца перабіць агідны пах, што ішоў ад яго і толькі паступова пачаў крыху слабець.

Ёй раптам невыносна захацелася шпурнуць намыленага хлопчыка Хоскінсу на рукі і пайсці, але яе ўтрымлівала прафесійная гордасць. У рэшце рэшт яна ж сама згадзілася на гэтую работу... Апрача таго, яна ўявіла, якімі вачыма гляне на яе доктар Хоскінс, уявіла яго халодны позірк, у якім яна прачытае непазбежнае пытанне: «Значыць, вы ўсё-такі любіце толькі прыгожых дзяцей, міс Фэлоўз?»

Доктар Хоскінс стаяў крыху воддаль і з халоднай усмешкаю назіраў за ёй. Калі яна сустрэлася з ім позіркам, ёй здалося, што пачуццё абражанай годнасці, якое гарэла ў яе душы, яго проста забаўляе.

Яна тут жа вырашыла, што крыху пачакае з адыходам. Цяпер гэта толькі зняважыла б яе.

Калі скура ў дзіцяці набыла нарэшце ніштаватае ружовае адценне і запахла духмяным мылам, яна, нягледзячы на ўсе перажыванні, адчула сябе лепш. Крычаць хлопчык ужо не мог, ён толькі стомлена скуголіў, а яго перапуджаны, насцярожаны позірк перабягаў з аднаго твару на другі, не выпускаючы з-пад увагі нікога ў пакоі. Тое, што ён быў цяпер чысты, толькі падкрэслівала худзізну яго голага цела, якое пасля ванны дрыжэла ад холадў.

— Дайце ж, нарэшце, начную сарочку дзіцяці! — рэзка сказала міс Фэлоўз.

У той жа міг аднекуль з'явілася начная сарочка. Здавалася, што ўсё было падрыхтавана загадзя, аднак ніхто не сыходзіў з месца да яе загаду, нібы знарок пакідаючы за ёй права распараджацца і тым самым выпрабоўваць яе.

— Я падтрымаю яго, міс, — падышоўшы да яе, сказаў Дэвенэй. — Адна вы не справіцеся.

— Дзякую вам.

Пакуль ім удалося надзець на дзіця сарочку, яны вытрымалі сапраўдную бітву, а калі хлопчык паспрабаваў садраць яе, міс Фэлоўз моцна стукнула яго па руцэ.

Дзіця пачырванела, але не заплакала. Яно ўтаропілася на яе, мацаючы няўклюднымі пальцамі фланель сарочкі, нібы даследавала гэты невядомы яму прадмет.

«А цяпер што?» — з адчаем падумала міс Фэлоўз.

Усе яны, нават выродлівы хлопчык, замерлі, як бы чакаючы, што яна будзе рабіць далей.

— Вы паклапаціліся пра ежу, пра малако? — рашуча спыталася міс Фэлоўз.

Яны прадугледзелі і гэта. У пакой укацілі спецыяльны перасоўны агрэгат, які складаўся з халадзільнага аддзялення, у якім стаялі тры кварты малака, і награвальнага прыстасавання; у ім мелася таксама вялікая колькасць стымулюючых сродкаў: вітамінізаваныя кроплі, медна-кобальтава-жалезісты сіроп і шмат іншых прэпаратаў, разгледзець якія яна не паспела. Апрача таго, там быў набор дзіцячага харчу пастаяннай цеплыні.

Напачатак яна ўзяла адно толькі малако. Электронная ўстаноўка за нейкія дзесяць секунд сагрэла яго да неабходнай тэмпературы і аўтаматычна выключылася. Яна наліла крыху малака ў сподачак, не сумняваючыся ў тым, што ўзровень дзіцяці вельмі нізкі і яно не ўмее карыстацца кубкам.

Міс Фэлоўз кіўнула хлопчыку і сказала:

— Пі, ну пі. — Яна жэстам паказала яму, як паднесці сподачак да рота. Вочы дзіцяці сачылі за яе рухамі, але яно не зварухнулася.

Раптам яна наважылася. Схапіўшы хлопчыка за руку вышэй локця, яна апусціла сваю свабодную руку ў малако і правяла ёю хлопчыку па вуснах — кроплі малака пацяклі па яго шчоках і падбародку.

Ён адчайна залямантаваў, але раптам змоўк і пачаў аблізваць свае вільготныя вусны. Міс Фэлоўз адступіла назад.

Хлопчык наблізіўся да сподачка, нахіліўся да яго і, хутка азірнуўшыся па баках, нібы выглядаючы стоенага ворага, зноў нагнуўся да малака і пачаў яго прагна хлябтаць, як кошка. Ён нават і не спрабаваў прыпадняць сподак, а з грудзей яго вырываліся нейкія няпэўныя гукі.

Міс Фэлоўз, гледзячы на ўсё гэта, не магла да канца скрыць свае пачуцці, якія адбіліся, відаць, у яе на твары, таму што Дэвенэй, зірнуўшы на яе, сказаў:

— Доктар Хоскінс, а сястра ў курсе таго, што адбываецца?

— У курсе чаго? — пацікавілася міс Фэлоўз.

Дэвенэй завагаўся, але Хоскінс, па выразе твару якога можна было западозрыць, што ўсё гэта ў глыбіні душы яго забаўляла, сказаў:

— Ну што ж, можаце ёй сказаць.

— Вы, відаць, нават не здагадваецеся, — звярнуўся Дэвенэй да міс Фэлоўз, — што выпадкова менавіта вы — першая ў гісторыі цывілізаваная жанчына, якой давялося даглядаць дзіця-неандэртальца.

Стрымліваючы гнеў, міс Фэлоўз павярнулася да Хоскінса.

— Вы маглі мяне папярэдзіць загадзя, доктар?

— А навошта? Якая вам розніца?

— Гаворка ж ішла пра дзіця?

— А хіба гэта не дзіця? У вас калі-небудзь былі шчанюк ці кацяня, міс Фэлоўз? Хіба ў іх больш чалавечага? А калі б гэта было дзіцянё шымпанзэ, вы адчулі б агіду да яго? Вы медыцынская сястра, міс Фэлоўз. Мяркуючы па вашых дакументах, вы працавалі тры гады ў радзільным аддзяленні. Вы калі-небудзь адмаўляліся даглядаць дзіця-вырадка?

— Вы ўсё-такі маглі б сказаць мне гэта раней, — ужо менш рашуча сказала яна.

— Каб вы своечасова маглі адмовіцца ад гэтай работы? Ці не выходзіць, што вы хочаце зрабіць гэта цяпер?

Ён холадна паглядзеў ёй у вочы. З другога канца пакоя за імі назіраў Дэвенэй, а маленькі неандэрталец, выпіўшы малако і вылізаўшы начыста сподак, падняў да яе свой мокры твар з шырока расплюшчанымі вачыма, у якіх была нейкая просьба.

Хлопчык жэстам паказаў на малако, і раптам пакой напоўнілі бесперапынныя адны і тыя ж адрывістыя гартанныя гукі ўперамежку з адмысловым прыцмокваннем языком.

— А ён жа гаворыць! — здзіўленна ўсклікнула міс Фэлоўз.

— Вядома, — сказаў Хоскінс. — Homo neanderthalis сапраўды з'яўляецца не асобным відам, а хутчэй разнавіднасцю Homo sapiens. Дык чаму б яму не ўмець гаварыць? Зусім магчыма, што ён просіць яшчэ малака.

Міс Фэлоўз машынальна пацягнулася да бутэлькі, але Хоскінс схапіў яе за руку.

— А цяпер, міс Фэлоўз, перш чым вы зробіце яшчэ хоць адзін крок, вы павінны сказаць, застаяцеся вы ці не.

Міс Фэлоўз са злосцю вызваліла руку.

— А калі я пайду, вы што, не будзеце тады карміць яго? Я пабуду з ім... пэўны час.

Яна наліла дзіцяці малака.

— Мы маем намер пакінуць вас тут з хлопчыкам, міс Фэлоўз, — сказаў Хоскінс. — Гэта адзіны ўваход у Першую Секцыю Стасіса. Дзверы абавязкова замыкаюцца і ахоўваюцца звонку. Я хацеў бы, каб вы азнаёміліся з сістэмай замка, які будзе, вядома, адпаведна настроены на адбіткі вашых пальцаў, як ён настроены на адбіткі маіх. Тэрыторыя ўгары (ён узняў позірк туды, дзе павінна была быць столь у гэтым лялечным доміку) ахоўваецца таксама, і мы будзем папярэджаны ў любым выпадку, калі тут здарыцца нешта незвычайнае.

— Вы хочаце сказаць, што я ўвесь час буду знаходзіцца пад наглядам? — абурана ўсклікнула міс Фэлоўз, раптам успомніўшы, як яна сама разглядала з балкона ўнутраную частку памяшкання.

— Ды не, — сур'ёзна запэўніў яе Хоскінс, — мы гарантуем, што ніводзін старонні назіральнік не будзе сведкам вашага прыватнага жыцця. Усе аб'екты ў выглядзе электронных сімвалаў перадаюцца вылічальнай машыне, і толькі яна будзе мець з імі кантакт. Вам давядзецца правесці з ім гэтую ноч, міс Фэлоўз, а таксама ўсе наступныя, да асобага распараджэння. Мы дамо вам некалькі вольных гадзін днём і нават мажлівасць самой зрабіць іх расклад паводле вашых асабістых патрэб.

Міс Фэлоўз здзіўлена абвяла позіркам лялечны домік.

— А навошта ўсё гэта, доктар Хоскінс? Хіба хлопчык небяспечны?

— Ведаеце, міс Фэлоўз, справа ўся тут у энергіі. Ён ніколі не павінен пакідаць гэтага памяшкання. Ніколі. Ні на секунду. Ні з якой нагоды, нават калі ад гэтага будзе залежаць яго жыццё. Нават дзеля таго, каб уратаваць ваша жыццё, міс Фэлоўз. Вы зразумелі мяне?

Міс Фэлоўз горда ўскінула галаву.

— Я ведаю, што такое загад, доктар Хоскінс. Медыцынская сястра прывыкла да таго, каб у імя абавязку ахвяраваць сваёй бяспекаю.

— Выдатна. Вы заўсёды зможаце прасігналізаваць, калі вам што-небудзь спатрэбіцца. І мужчыны пакінулі Стасіс.

 

* * *

 

Азірнуўшыся, міс Фэлоўз убачыла, што хлопчык, не дакранаючыся да малака, па-ранейшаму не спускае з яе насцярожанага позірку. Яна паспрабавала жэстамі паказаць яму, як падняць сподак да рота. Ён не пераняў яе прыкладу, аднак на гэты раз, калі яна дакранулася да яго, ён ужо не закрычаў.

Яго перапуджаныя вочы ні на секунду не пераставалі сачыць за ёй, ловячы кожны яе рух. Яна раптам заўважыла, што інстынктыўна спрабуе супакоіць яго, паволі набліжаючы руку да яго валасоў, аднак каб рука яе была ўвесь час у полі зроку. Тым самым яна давала яму зразумець, што ў гэтым жэсце не крыецца ніякая небяспека.

І ёй удалося пагладзіць яго па галаве.

— Я хачу паказаць табе, як карыстацца прыбіральняй, — сказала яна. — Як ты лічыш, ты зможаш гэтаму навучыцца?

Гаварыла яна вельмі мякка і асцярожна, вельмі добра ўсведамляючы, што ён не зразумее ніводнага слова, аднак спадзеючыся на тое, што сам гук яе голасу супакоіць яго.

Хлопчык зноў зацмокаў языком.

— Можна ўзяць цябе за руку? — спыталася яна.

Яна працягнула яму абедзве рукі і замерла ў чаканні. Рука дзіцяці паволі пасунулася насустрач яе руцэ.

— Правільна, — крыкнула яна.

Калі рука хлопчыка была ўжо за нейкі дзюйм ад яе рук, смеласць пакінула яго, і ён адхапіў сваю руку назад.

— Ну што ж, — спакойна сказала міс Фэлоўз, — пазней мы паспрабуем яшчэ раз. Табе не хочацца пасядзець? — яна паляпала рукою па ложку.

Марудна цягнуўся час, яшчэ больш марудна рухалася выхаванне дзіцяці. Ёй не ўдалося прывучыць яго ні да прыбіральні, ні да ложка. Калі хлопчыку відавочна захацелася спаць, ён апусціўся на голую падлогу і хуценька шмыгануў пад ложак. Яна нагнулася, каб зірнуць на яго, і з цемры на яе ўтаропіліся два агністыя вокі, і яна пачула знаёмае прыцмокванне.

— Ну, добра, — сказала яна, — калі ты адчуваеш сябе там у большай бяспецы, можаш спаць пад ложкам.

Яна прыкрыла дзверы спальні і падалася ў сама вялікі з трох пакояў, дзе ёй быў падрыхтаваны ложак, над якім па яе просьбе нацягнулі часовы тэнт.

«Калі гэтыя дурні хочуць, каб я тут і начавала, — падумала яна, — яны павінны павесіць люстэрка, памяняць шафу на больш ёмістую і абсталяваць асобны туалет».

 

* * *

 

Яна ніяк не магла заснуць, міжволі напружвала слых, каб толькі не прапусціць ніводнага гуку з суседняга пакоя. Яна пераконвала сябе, што дзіця не можа само выбрацца з дому, але, нягледзячы на гэта, яе грызла сумненне. Абсалютна гладкія сцены былі, безумоўна, вельмі высокія, але раптам хлопчык лазіць, як малпа. Зрэшты, Хоскінс запэўніў яе, што за ўсім тым, што адбываецца ўнізе, назіраюць спецыяльныя прыборы.

Нечакана ёй прыйшла ў галаву новая думка: а што, калі хлопчык усё-такі небяспечны? Небяспечны ў сама літаральным сэнсе гэтага слова. Не, Хоскінс не стаіў бы гэтага ад яе, не пакінуў бы яе тут адну, калі б...

Яна паспрабавала пераканаць сябе ў адваротным, унутрана смеючыся са свайго страху. Гэта ж было ўсяго толькі трох-чатырохгадовае дзіця. Аднак, нягледзячы на ўсе намаганні, ёй не ўдалося абрэзаць яму пазногці. А што, як ён, калі яна засне, надумаецца напасці на яе, пусціць у ход зубы і пазногці...

У яе перацяло дыханне. Як дзіўна... Яна пакутліва напружыла слых, і на гэты раз ёй удалося пачуць нейкі гук. Хлопчык плакаў.

Не крычаў ад страху ці злосці, не выў і не скавытаў, а менавіта ціха плакаў, як прыбітае горам, вельмі няшчаснае адзінокае дзіця.

«Нябога», — падумала міс Фэлоўз, і ўпершыню пасля сустрэчы з ім сэрца яе працяў востры жаль.

Гэта ж дзіця, дык якое ж, па сутнасці, значэнне мае форма яго галавы. І гэта не проста дзіця, а дзіця, якое асірацела як ніводнае дзіця за ўсю гісторыю чалавецтва. Тысячы гадоў таму назад не толькі памерлі яго бацькі, але незваротна знікла ўсё, што некалі было яго светам. Груба выхаплены з таго даўняга часу, ён быў цяпер адзінаю ва ўсім свеце істотаю такога роду. Апошняю і адзінаю.

Яна адчула, як яе ўсё больш напаўняе глыбокая спагада і сорам за сваю бессардэчнасць. Старанна паправіўшы начную сарочку так, каб яна па мажлівасці лепш прыкрыла ёй ногі (ловячы адначасна сябе на зусім недарэчнай думцы пра тое, што заўтра ж трэба прынесці сюды халат), яна ўстала з пасцелі і пайшла ў суседні пакой.

— Хлопчык мой, хлопчык! — шэптам паклікала яна.

Яна была ўжо наважылася сунуць руку пад ложак, але, сцяміўшы, што ён можа ўкусіць яе, вырашыла гэтага не рабіць. Яна запаліла начнік і адсунула ложак.

Няшчаснае дзіця, прытуліўшы калені да падбародка, скруцілася камячком у кутку, гледзячы на яе заплаканымі, поўнымі страху вачыма.

У змроку яго знешнасць здалася ёй менш агіднай.

— Ах ты, бядак, бядак, — сказала яна, асцярожна гладзячы яго па галаве, адчуваючы, як імгненна напружылася, а потым паступова расслабілася яго цела. — Бедны хлапчук. Можна мне пабыць з табою?

Яна села побач з ім на падлогу і пачала паволі і рытмічна гладзіць яго валасы, шчаку, руку, ціха спяваючы пяшчотную песеньку.

Пачуўшы яе спеў, дзіця падняло галаву, спрабуючы разгледзець пры слабым святле начніка яе вусны, як бы зацікавіўшыся гэтым зусім новым для яго гукам.

Скарыстаўшы гэта, яна падцягнула яго бліжэй, і пяшчотным, але рашучым рухам ёй удалося паступова наблізіць яго галаву да свайго пляча. Яна прасунула руку пад яго ногі і не спяшаючыся, плаўна падняла яго сабе на калені. Зноў і зноў паўтараючы ўсё той жа адзін нескладаны куплет і не выпускаючы дзіця з рук, яна паволі гайдалася ўзад і ўперад, люляючы яго. Яна паступова супакоілася, і неўзабаве па яго роўным дыханні яна зразумела, што дзіця заснула.

Вельмі асцярожна, стараючыся не нарабіць шуму, яна падсунула на месца ложак і палажыла на яго дзіця. Накрыўшы соннага, яна паглядзела на яго. У сне ягоны твар здаваўся такім мірным, такім дзіцячым, што і сапраўды яго пачварнасць неяк менш кідалася ў вочы.

Ужо ідучы на дыбачках да дзвярэй, яна раптам падумала: «А што, калі ён раптам прачнецца?» — і пайшла назад.

Пераадолеўшы ўнутранае супраціўленне і авалодаўшы сваімі супярэчлівымі пачуццямі, яна ўздыхнула і паволі апусцілася на ложак побач з дзіцем.

Ложак ёй быў надта малы, і ёй давялося скурчыцца, каб неяк улегчыся на ім. Апрача таго, яна не магла пазбавіцца ад пачуцця няёмкасці, прычынаю якое была адсутнасць над ложкам тэнта. Але рука дзіцяці нясмела каўзанулася ў яе далонь, і праз нейкі час ёй усё-такі ўдалося задрамаць.

 

* * *

 

Яна прачнулася як ад раптоўнага штуршка і з цяжкасцю стрымала крык жаху, які ледзь не сарваўся з яе вуснаў. Хлопчык глядзеў шырока расплюшчанымі вачымі ёй проста ў вочы, і ёй спатрэбілася даволі шмат часу, каб успомніць, як яна апынулася тут, на ягоным ложку. Паволі, не адводзячы ад яго позірку, яна спусціла на падлогу спачатку адну, потым другую нагу.

Кінуўшы імклівы спалоханы позірк угору, яна напружыла мускулы на апошні рашучы рывок, намагаючыся ўстаць з ложка.

Але ў той жа момант хлопчык выцягнуў руку, дакрануўся да яе вуснаў сваімі падобнымі на цурбалкі пальцамі і штосьці сказаў.

Гэты дотык прымусіў яе адхіснуцца. Пры дзённым святле ён быў невыносна агідны.

Хлопчык зноў паўтарыў нейкую фразу, а потым, раскрыўшы шырокі рот, рухам рукі спрабаваў паказаць, быццам штосьці выліваецца ў яго з рота.

Міс Фэлоўз задумалася, спрабуючы адгадаць значэнне гэтага жэста, і раптам усхвалявана ўсклікнула:

— Ты хочаш, каб я спявала?

Хлопчык маўкліва працягваў глядзець на яе вусны.

Крыху фальшывячы ад натугі, міс Фэлоўз пачала тую самую песеньку, што спявала яму напярэдадні ноччу, і маленькая пачвара ўсміхнулася, нязграбна гойдаючыся ў такт спеву. Чулася нейкае бульканне, якое можна было палічыць за смех.

Міс Фэлоўз неўпрыкмет уздыхнула. Так, правільна кажуць, што музыка ўціхамірвае сэрца дзікуна. Яна можа дапамагчы...

— Пачакай крыху, — сказала яна, — дай мне прывесці сябе ў парадак, гэта зойме не больш хвіліны. А потым я згатую снеданне.

Ні на секунду не забываючыся, што столі тут няма, яна хутка скончыла свае справы. Хлопчык заставаўся ў пасцелі, уважліва сачыў за ёй, калі яна трапляла яму на вочы. І кожны раз яна ўсміхалася і махала яму рукой. Урэшце ён таксама памахаў ёй у адказ, і гэты жэст здаўся ёй проста чароўным.

— Ты хочаш малочнай аўсянкі? — спыталася яна, скончыўшы свае справы.

Згатаваць кашу было справаю некалькіх секунд, і калі ежа была на стале, яна паклікала яго рукой.

Невядома, ці ён зразумеў значэнне яе жэста, ці яго завабіў пах ежы, але хлопчык адразу ж вылез з пасцелі.

Яна спрабавала паказаць яму, як карыстацца лыжкаю, але ён са страхам адхіснуўся. («Нічога, наперадзе ў нас яшчэ шмат часу», — падумала яна.) Аднак яна ўсё-такі дамаглася таго, што ён рукамі паднёс міску да рота. Ён паслухаўся, але рабіў усё так няўмела, што страшэнна выпэцкаўся, хоць трохі і з'еў.

Гэтым разам яна дала яму малако ў шклянцы, і хлапчук, заўважыўшы, што пасудзіна занадта малая, каб прасунуць у яе твар, жаласна захныкаў. Яна ўзяла яго за руку і, прыціснуўшы яго пальцы да шклянкі, прымусіла яго падняць шклянку да рота.

Зноў усё было абліта і запэцкана, але, як і першы раз, малако ўсё-такі трапіла яму ў рот. А што да бязладдзя, дык яна прывыкла і не да такога.

На яе здзіўленне, асвоіць туалет аказалася задачай больш простай, што вельмі яе задаволіла. На гэты раз ён даволі хутка зразумеў, чаго яна хоча ад яго. Яна злавіла сябе на тым, што гладзіць яго па галаве і прымаўляе:

— Вось гэта слаўны хлопчык, разумны хлопчык!

І дзіця ўсміхалася, прыносячы ёй нечаканае задавальненне. «Калі ўсміхаецца, ён, сапраўды, зусім ніштаваты», — падумала яна.

У той жа дзень папрыязджалі прадстаўнікі прэсы. Пакуль яны прыладжвалі сваю апаратуру, яна ўзяла хлопчыка на рукі, і ён моцна прытуліўся да яе. Сумятня напужала яго, і ён моцна заплакаў, але нягледзячы на гэта, прайшло не менш за дзесяць хвілін, пакуль ёй дазволілі вынесці дзіця ў суседні пакой.

Яна хутка вярнулася, пачырванеўшы ад абурэння, і першы раз за васемнаццаць гадзін выйшла з доміка, шчыльна зачыніўшы за сабою дзверы.

— Я думаю, што на сёння вам хопіць. Цяпер мне богведама колькі спатрэбіцца часу, каб яго супакоіць. Ідзіце.

— Добра, добра, — сказаў джэнтльмен з «Таймс-Геральд». — А гэта сапраўды неандэрталец ці тут якое-небудзь жульніцтва?

— Запэўніваю вас, што гэта не містыфікацыя, — пачуўся аднекуль ззаду голас Хоскінса. — Дзіця — сапраўды Homo neanderthalis.

— Гэта хлопчык ці дзяўчынка?

— Гэта хлопчык-малпа, — умяшаўся джэнтльмен з «Ньюс». — Нам паказваюць не што іншае, як хлопчыка-малпу. Як ён сябе паводзіць, сястра?

— Ён паводзіць сябе гэтаксама, як і любы іншы маленькі хлопчык, — адрэзала міс Фэлоўз. Злосць прымусіла яе стаць на абарону дзіцяці. — І зусім ён не хлопчык-малпа. Яго завуць... Цімаці, Цімі, і ён абсалютна нармальны ў сваіх дзеяннях.

Імя Цімаці было выбрана ёю зусім выпадкова — яно проста першае прыйшло ёй у галаву...

— Цімі — хлопчык-малпа, — рэкнуў джэнтльмен з «Ньюс», і менавіта з гэтай мянушкай дзіця стала потым вядомае ўсяму свету.

— Скажыце, док, што вы думаеце рабіць з гэтаю малпаю? — спытаўся ў Хоскінса джэнтльмен з «Глоба».

Хоскінс паціснуў плячыма.

— Бачыце, мая першапачатковая задача была ў тым, каб даказаць мажлівасць пераносу яго ў наш час. Аднак я лічу, што ён зацікавіць антраполагаў і фізіёлагаў. Перад намі ж істота, якая па сваім развіцці стаіць паміж жывёлаю і чалавекам. Нам даецца мажлівасць даведацца пра многае і ў нас саміх і ў нашых продках.

— Як доўга намераны вы трымаць яго тут?

— Колькі нам спатрэбіцца на яго вывучэнне плюс яшчэ нейкі перыяд пасля заканчэння даследавання. Не выключана, што на гэта спатрэбіцца шмат часу.

— Вы не маглі б вывесці яго з дому? Тады б нам удалося паставіць тэлевізійную апаратуру і зляпаць сапраўднае відовішча.

— Вельмі шкадую, але дзіця не можа пакінуць межаў Стасіса.

— А што такое Стасіс?

— Баюся, джэнтльмены, што тлумачэнне зойме занадта шмат часу. — Хоскінс дазволіў сабе ўсміхнуцца. — А коратка сутнасць справы ў тым, што час, якім уяўляем яго сабе мы, у Стасісе не існуе. Гэтыя пакоі нібы накрытыя нябачнай абалонкай і не з'яўляюцца ў поўным сэнсе часткаю нашага свету. Менавіта дзякуючы гэтаму і ўдалося, так сказаць, выцягнуць дзіця з плыні часу.

— Пачакайце, — перабіў джэнтльмен з «Ньюс», якога відочна не задаволіла тлумачэнне Хоскінса, — што гэта вы тут балбочаце? Сястра ж свабодна ўваходзіць і выходзіць з памяшкання.

— Гэта можа зрабіць кожны з вас, — паблажліва адказаў Хоскінс. — Вы будзеце рухацца паралельна часавым сілавым лініям, і гэта не выкліча якой-небудзь значнай страты альбо прытоку энергіі. Дзіця ж дастаўлена сюды з далёкага мінулага. Яго рух адбываўся ўпоперак сілавых ліній, і яно набыло часавы патэнцыял. Каб перамясціць яго ў наш свет, у наш час, спатрэбіцца выдаткаваць усю энергію, якую назапасіла наша акцыянерная кампанія, а таксама, мажліва, і ўсе запасы энергіі горада Вашынгтона. Мы павінны былі захаваць дастаўленае сюды разам з хлопчыкам смецце, і нам давядзецца паступова, па крупінках выдаляць яго адсюль.

Пакуль Хоскінс даваў тлумачэнні, карэспандэнты штосьці дзелавіта страчылі ў сваіх блакнотах. З усяго сказанага яны нічагусенькі не зразумелі і былі перакананыя, што тое ж самае будзе і з іх чытачамі: аднак усё гучала вельмі навукова, а менавіта гэта і было патрэбна.

— Вы зможаце сёння вечарам даць інтэрв'ю? — спытаўся прадстаўнік «Таймс-Геральд». — Яно будзе перадавацца па ўсіх каналах.

— Думаю, што змагу, — хутка адказаў Хоскінс, і карэспандэнты пайшлі.

Міс Фэлоўз моўчкі глядзела ім услед. Усё, што было сказана пра Стасіс і пра часавыя сілавыя лініі, яна зразумела не лепш, чым карэспандэнты. Але адно яна засвоіла цвёрда: Цімі (яна злавіла сябе на тым, што ўжо думае пра хлопчыка, як пра Цімі) быў сапраўды асуджаны на вечнае зняволенне ў сценах Стасіса, прычым гэта не было простым капрызам Хоскінса. Відаць, і сапраўды немажліва было выпускаць яго адсюль. Ніколі.

Беднае дзіця. Беднае дзіця.

Раптам да яе дайшло, што яно ўсё яшчэ плача, і яна паспяшалася назад, каб супакоіць яго.

 

* * *

 

Міс Фэлоўз не ўдалося пабачыць выступленне Хоскінса. Хоць ягонае інтэрв'ю перадавалася не толькі ў сама аддаленых куточках Зямлі, а нават на станцыі на Месяцы, яно не пранікла ў маленькую кватэрку, дзе жылі цяпер яна і выродлівы хлапчук.

На раніцу Хоскінс спусціўся да іх, ззяючы ад трыумфу.

— Інтэрв'ю прайшло ўдала? — спыталася міс Фэлоўз.

— Выключна ўдала. А як маецца... Цімі?

Пачуўшы, што ён назваў хлопчыка па імю, міс Фэлоўз была прыемна здзіўлена.

— Усё ў парадку. Ідзі сюды, Цімі, гэта добры чалавек, ён цябе не пакрыўдзіць.

Але Цімі не захацеў выйсці з другога пакоя, і з-за дзвярэй быў відаць толькі касмыль яго злямцаваных валасоў ды час ад часу нясмела паказвалася адно бліскучае вока.

— Хлопчык надзіва хутка прывыкае да новых абставін, што ні кажы, ён даволі кемлівы.

— Вас гэта здзіўляе?

— Так. Баюся, што і я спачатку палічыла яго за дзіця малпы, — секунду павагаўшыся, адказала яна.

— Кім бы ён там ні быў, а пакуль што ён вельмі шмат зрабіў для нас. Ён жа прынёс славу «Стасіс Інкарпарэйтэд». Мы цяпер на кані, так, мы на кані.

Відаць, яму не цярпелася падзяліцца з кім-небудзь сваім трыумфам, хай сабе нават з ёй, з міс Фэлоўз.

— Як жа вам удалося гэта зрабіць? — спыталася яна, даючы тым самым Хоскінсу магчымасць выказацца.

Засунуўшы рукі ў кішэні, Хоскінс працягваў:

— Дзесяць гадоў мы працавалі, маючы вельмі абмежаваныя сродкі, дабываючы дзе толькі можна літаральна кожны пенс. Мы былі проста абавязаны стварыць адразу нешта эфектнае, хай сабе дзеля гэтага давялося ўсё паставіць на карту. Запэўніваю вас, гэта была катаржная праца. Спроба выклікаць з глыбінь вякоў гэтага неандэртальца каштавала нам усіх грошай, якія ўдалося назбіраць, дзе пазычаючы, а дзе і крадучы, так, так, крадучы. На здзяйсненне гэтага эксперыменту пайшлі сродкі, асігнаваныя на іншыя мэты. Іх мы скарысталі без дазволу. Калі б вопыт не ўдаўся, са мною было б скончана.

— Таму ў доміку няма столі? — перапыніла яго міс Фэлоўз.

— Што вы сказалі?

— Вам не хапіла грошай на столь?

— А! Бачыце, гэта было не адзінай прычынаю. Па праўдзе кажучы, мы не маглі адгадаць дакладны ўзрост неандэртальца. Нашы мажлівасці дакладнага выяўлення асаблівасцей аб'екта, так аддаленага ад нас у часе, пакуль што абмежаваныя, і ён мог аказацца істотаю велізарнага росту, а ў гэтым выпадку нам давялося б мець зносіны з ім на адлегласці, як з пасаджанай у клетку жывёлаю.

— Але паколькі ваша боязь не апраўдалася, вы маглі б цяпер, здаецца мне, наслаць столь.

— Цяпер так. У нас цяпер многа грошай. Усё гэта цудоўна, міс Фэлоўз. — Усмешка не сыходзіла з яго шырокага твару, і калі ён павярнуўся, каб пайсці, здавалася, што нават спіна яго ўсміхаецца.

«Ён даволі прыемны чалавек, як забудзецца і скіне маску адлучанага ад усяго зямнога вучонага», — падумала міс Фэлоўз.

Ёй раптам захацелася даведацца, ці жанаты ён, але, спахапіўшыся, яна адагнала ад сябе гэтую думку.

— Цімі, — паклікала яна, — ідзі сюды, Цімі!

 

* * *

 

За прайшоўшыя з таго дня месяцы міс Фэлоўз усё больш і больш пачынала адчуваць сябе неад'емнай часткай аб'яднанай кампаніі «Стасіс». Ёй быў дадзены асобны невялічкі кабінет, на дзвярах якога красавалася таблічка з яе імем. Кабінет быў даволі блізка ад лялечнага доміка (так яна называла камеру Стасіса, у якой жыў Цімі). Плацілі ёй цяпер намнога больш, чым спачатку, а ў лялечным доміку наслалі, нарэшце, столь і палепшылі ўнутранае абсталяванне: быў зроблены другі туалетны пакой, і, мала таго, яна атрымала ўласную кватэру на тэрыторыі Стасіса, і часам ёй удавалася нават там начаваць. Паміж лялечным домікам і гэтай яе новай кватэраю правялі ўнутраны тэлефон, і Цімі навучыўся ім карыстацца.

Міс Фэлоўз прывыкла да Цімі настолькі, што нават менш стала заўважаць яго пачварнасць. Аднойчы на вуліцы яна злавіла сябе на тым, што нейкі хлопчык, што трапіўся ёй на дарозе, здаўся ёй надзвычай непрывабным — у яго быў высокі выпуклы лоб і з рэзкімі абрысамі падбародак. Ёй давялося зрабіць над сабой намаганне, каб пазбыцца гэтага наслання.

Куды больш прыемна было прывыкаць да выпадковых наведванняў Хоскінса. Было зусім відавочна, што ён з задавальненнем расставаўся на нейкі час са сваёй роллю кіраўніка акцыянернай кампаніі «Стасіс», якая яго стамляла, і што дзіця, з паяўленнем якога быў звязаны цяперашні росквіт, абуджала ў ім нешта накшталт сентыментальнасці. Але міс Фэлоўз здавалася, што яму было прыемна гутарыць з ёй. (За гэты час яна даведалася, што Хоскінс распрацаваў метад аналізу адбіцця мезоннага промня, які пранікаў у мінулае, яго вынаходніцтвам быў і сам Стасіс. Халоднасць яго была чыста вонкавая, ёю ён спрабаваў замаскіраваць прыродную дабрыню, і — о, так, так — ён быў жанаты.)

Да чаго міс Фэлоўз ніяк не магла прывыкнуць, дык гэта да думкі, што яна ўдзельнічае ў навуковым эксперыменце. Нягледзячы на ўсе намаганні, яна ўсё больш адчувала сябе асабіста далучанай да ўсяго, што адбываецца, і не раз даходзіла да адкрытых сутычак з фізіёлагамі.

Аднойчы, спусціўшыся ўніз, Хоскінс убачыў яе ў такім гневе, што здавалася, яна ў той момант здольная забіць чалавека. Яны не мелі права, яны не мелі права... Нават калі гэта быў неандэрталец, усё роўна гэта быў чалавек, а не жывёла.

Яна сачыла за фізіёлагамі праз адчыненыя дзверы. Ледзь не аслепшы ад гневу, яна прыслухоўвалася да ўсклікаў Цімі. Раптам яна заўважыла побач з сабою Хоскінса.

— Можна ўвайсці? — спытаўся ён.

Злёгку кіўнуўшы, яна заспяшалася да Цімі, які прытуліўся да яе, ашчаперыў яе сваімі маленькімі крывымі і ўсё яшчэ вельмі худымі ножкамі.

— Вы ж ведаеце, што яны не маюць права праводзіць такіх доследаў над чалавекам, — сказаў Хоскінс.

— А я рашуча заяўляю, доктар Хоскінс, што яны не маюць права вырабляць гэта і з Цімі. Вы неяк сказалі мне, што з'яўленне Цімі дало жыццё Стасісу. Калі вы адчуваеце хоць кроплю ўдзячнасці, вы павінны ўратаваць бедака ад гэтых людзей, ва ўсякім разе да той пары, пакуль ён не падрасце настолькі, што пачне хоць крыху больш разумець. Пасля іх маніпуляцый ён не можа спаць, яго душаць кашмары. Я папярэджваю вас, — яе раз'юшанасць дасягнула кульмінацыі, — што я іх больш сюды не пушчу! — Да яе свядомасці дайшло, што яна перайшла на крык, але яна ўжо не валодала сабой. — Я ведаю, што ён неандэрталец, — крыху супакоіўшыся, працягвала яна, — але мы іх у многім недаацэньваем. Я чытала пра неандэртальцаў. У іх была свая культура, і некаторыя з найвялікшых чалавечых адкрыццяў, такія, як, напрыклад, прыручэнне жывёл, вынаходніцтва кола і розных тыпаў каменных жорнаў, былі зроблены менавіта ў іх эпоху. У іх, без сумнення, былі нават духоўныя патрэбы. Гэта відаць з таго, што пры пахаванні яны клалі нябожчыку яго асабістыя рэчы — значыць, яны верылі ў тагасветнае жыццё, магчыма, у іх ужо была нейкая рэлігія. Няўжо гэта не дае Цімі права на чалавечныя адносіны?

Яна пяшчотна паляпала хлопчыка па спіне і адправіла яго ў пакой гуляць. Калі дзверы адчыніліся, Хоскінс убачыў вялікае мноства розных цацак.

Ён усміхнуўся.

— Няшчаснае дзіця заслужыла гэтыя цацкі, — спешна заняўшы абаронную пазіцыю, сказала міс Фэлоўз. — Гэта ўсё, што ў яго ёсць, і ён зарабляе іх тымі пакутамі, на якія яго тут асудзілі.

— Не, не, запэўніваю вас, я нічога не маю супраць гэтага. Я толькі падумаў пра тое, як змяніліся вы самі з таго першага дня. Вы ж былі вельмі незадаволены, што я падсунуў вам неандэртальца.

— Мне здаецца, што я не была такая ўжо незадаволеная, — ціха запярэчыла міс Фэлоўз, але тут жа змоўкла.

— Як вы лічыце, міс Фэлоўз, колькі яму можа быць гадоў? — змяніў тэму Хоскінс.

— Я не магу вам гэтага сказаць з дастатковай дакладнасцю — мы ж не ведаем, як развіваліся неандэртальцы, — адказала міс Фэлоўз. — Калі зыходзіць з яго росту, то яму не больш за тры гады, але неандэртальцы ўвогуле нізкарослыя, а калі ўлічыць характар тых доследаў, якія праводзяцца над ім, то ён, можа быць, зусім перастаў расці. А зыходзячы з таго, як ён засвойвае ангельскую мову, можна заключыць, што яму больш за чатыры.

— Гэта праўда? Я штосьці не заўважыў у дакладах ні слова пра тое, што ён вучыцца гаварыць.

— Ён не будзе гаварыць ні з кім, апрача мяне, ва ўсякім разе цяпер. Ён усіх страшэнна баіцца, і гэта не дзіўна. Ён можа, напрыклад, папрасіць якой-небудзь пэўнай ежы. Больш таго, ён можа выказаць любое сваё жаданне і разумее амаль усё, што я кажу яму. Зрэшты, не выключана, што яго развіццё спыніцца.

Сказаўшы апошнюю фразу, міс Фэлоўз напружана сачыла за выразам яго твару, імкнучыся выявіць, наколькі своечасова закранула яна гэтае пытанне.

— Чаму?

— Кожнаму дзіцяці патрэбна пэўная стымуляцыя, а Цімі жыве тут, як у адзіночным зняволенні. Я раблю яму ўсё, што мне па сіле, але ж я не ўвесь час каля яго, акрамя таго, у мяне няма мажлівасці даць яму ўсё, што яму трэба. Я хачу сказаць, доктар Хоскінс, што яму трэба гуляць з якім-небудзь іншым хлопчыкам.

Хоскінс паволі схіліў галаву.

— На жаль, мы маем усяго толькі аднаго такога хлопчыка. Беднае дзіця!

Пачуўшы гэта, міс Фэлоўз адразу памякчэла.

— Вы ж любіце Цімі, праўда? — Было так прыемна ўсведамляць, што яшчэ нехта мае да дзіцяці цёплыя пачуцці.

— Вядома, — адказаў Хоскінс, на секунду страціўшы самакантроль, і за гэты кароткі міг ёй удалося заўважыць у яго вачах стомленасць.

Міс Фэлоўз адразу ж адкінула намер давесці свой план да канца.

— Вы выглядаеце вельмі стомленым, доктар Хоскінс, — са шчырым спачуваннем сказала яна.

— Вы так думаеце? Я пастараюся выглядаць больш бадзёра.

— Мне здаецца, што «Стасіс Інкарпарэйтэд» не дае вам ні хвіліны спакою.

Хоскінс паціснуў плячыма.

— Ваша праўда. У аднолькавай ступені ў гэтым вінаватыя жывёла, расліны і мінералы, якія цяпер ёсць у нас. Дарэчы, міс Фэлоўз, вы, мабыць, яшчэ не бачылі і нашых экспанатаў.

— Праўду кажучы, не... Але зусім не таму, што мяне гэта не цікавіць. Я ж была вельмі занятая ўвесь гэты час.

— Ну цяпер жа вы ўжо больш свабодная, — падпарадкоўваючыся нейкаму раптоўна прынятаму рашэнню, сказаў Хоскінс. — Я зайду па вас заўтра раніцою ў адзінаццаць і сам усё вам пакажу. Вам гэта падыходзіць?

— Цалкам, доктар Хоскінс, я буду вельмі рада, — усміхнуўшыся, адказала яна.

Ён кіўнуў, усміхнуўся ў адказ і выйшаў.

Увесь астатак дня міс Фэлоўз у вольны ад работы час штосьці сама сабе напявала. І сапраўды ж, хоць нават сама думка пра гэта здавалася ёй надзвычай дзіўнай, але ж усё гэта было падобна... амаль падобна на тое, што ён прызначыў ёй спатканне.

 

* * *

 

Абаяльны і прыязны, ён з'явіўся на другі дзень дакладна ў назначаны час. Замест звыклага рабочага халата яна надзела на гэты раз сукенку. Дарэчы будзе сказаць, даволі старамоднага крою, але тым не менш ужо многа гадоў яна не адчувала сябе такой прывабнай.

Ён сказаў ёй некалькі стрыманых кампліментаў, і яна прыняла яго ўхвалу ў такой жа стрыманай манеры, падумаўшы, што гэта цудоўны пачатак. Аднак адразу ёй прыйшла ў галаву другая думка: «А ўласна кажучы, пачатак чаго?»

Каб адагнаць ад сябе такія думкі, яна паспяшалася развітацца з Цімі, паабяцаўшы яму, што хутка вернецца.

Хоскінс павёў яе ў новае крыло будынка, дзе яна да гэтага часу ні разу не была. Тут яшчэ захаваўся пах, уласцівы новым, толькі што збудаваным памяшканням. Аднекуль даносіліся прыглушаныя гукі, якія даволі яскрава сведчылі пра тое, што будаўнічыя работы яшчэ не скончаны.

— Жывёла, расліны і мінералы, — зноў, як і напярэдадні, вымавіў Хоскінс. — Жывёла знаходзіцца тут — гэта найбольш яркі з нашых экспанатаў.

Уся ўнутраная частка будынка была падзелена на некалькі памяшканняў, кожнае з якіх уяўляла сабой асобную камеру Стасіса. Хоскінс падвёў яе да агляднага акна адной з іх, і яна зазірнула ўнутр. Істота, якая паўстала перад яе позіркам, здалася ёй спачатку чымсьці накшталт пакрытай лускою курыцы. Пагойдваючыся на двух худых лапках, істота гэтая бегала па камеры, імкліва паварочваючы з боку на бок зграбную птушыную галаву. На невялікай галаве дзіўнай істоты быў касцяны нарост, падобны на пеўнеў грэбень. Пальцападобныя адросткі кароткіх пярэдніх канечнасцей безупынна сціскаліся і растульваліся.

— Гэта наш дыназаўр, — сказаў Хоскінс. — Ён тут ужо некалькі месяцаў, і я не ведаю, калі мы зможам расстацца з ім.

— Дыназаўр?

— А вы чакалі ўбачыць гіганта?

Яна ўсміхнулася, і на яе шчоках паявіліся ямачкі.

— Мне здаецца, што некаторыя менавіта так іх сабе і ўяўляюць. Я ведаю, што існавалі дыназаўры і невялікіх памераў.

— Паверце, што мы імкнуліся дастаць менавіта маленькага дыназаўра. Звычайна яго ўвесь час вывучаюць, але цяпер, відаць, яму далі перадыхнуць. З яго дапамогай удалося зрабіць сякія-такія адкрыцці. Так, напрыклад, ён не цалкам халаднакроўная жывёліна. Ён валодае здольнасцю, праўда, недасканалай, падтрымліваць унутраную тэмпературу цела вышэй за тэмпературу навакольнага асяроддзя. На жаль, гэта самец. З таго самага часу, як ён паявіўся тут, мы не спыняем спроб зафіксаваць другога дыназаўра, які можа аказацца самкай, але да гэтага часу нам не шанцавала.

— А навошта патрэбна менавіта самка?

У вачах у яго мільганула яўная насмешка.

— У такім выпадку ў нас з'явілася б даволі рэальная мажлівасць атрымаць аплодненыя яйкі, а значыць, і дзяцей дыназаўра.

— Ах, так.

Ён павёў яе да аддзялення трылабітаў.

— Перад вамі прафесар Дуйэн з Вашынгтонскага ўніверсітэта, — сказаў Хоскінс. — Ён спецыяліст па ядзернай хіміі. Калі мяне не падводзіць памяць, ён займаецца выяўленнем ізатопнага саставу кіслароднай вады.

— З якою мэтаю?

— Гэта дагістарычная вада. Ва ўсякім выпадку, узрост яе вызначаецца, прынамсі, паўмільярдам гадоў. Ізатопны састаў дазваляе вызначыць тэмпературу акіяна ў тую эпоху. Самога Дуйэна трылабіты не цікавяць, іх анатаміраваннем займаюцца другія вучоныя. Ім пашанцавала: ім патрэбны толькі скальпелі і мікраскопы, тым часам як Дуйэну даводзіцца дзеля кожнага доследу ўстанаўліваць складаны мас-спектрограф.

— Але чаму? Хіба ён не можа?..

— Не, не можа. Яму нічога нельга выносіць з гэтага памяшкання да таго часу, пакуль існуе хоць нейкая мажлівасць пазбегнуць гэтага.

Тут былі таксама сабраны ўзоры першабытнай расліннасці і абломкі скал — гэта і былі расліны і мінералы, пра якія раней Хоскінс успамінаў. У кожнага экспаната меўся свой даследнік. Усё гэта нагадвала музей, які ажыў і стаў цэнтрам актыўнай навуковай дзейнасці.

— Усё гэта пад вашым непасрэдным кіраўніцтвам, доктар Хоскінс?

— Ды не, міс Фэлоўз, дзякаваць Богу, у мяне вялікі штат супрацоўнікаў. Мяне цікавіць толькі тэарэтычны бок праблемы: сутнасць Часу, тэхніка мезоннага выяўлення аддаленых у часе аб'ектаў і таму падобнае. Усё гэта я ахвотна памяняў бы на метад выяўлення аб'ектаў, аддаленых у часе менш чым на дзесяць тысяч гадоў. Калі б нам удалося пранікнуць у гістарычную эпоху...

Яго перабіў нейкі шум у адной дальняй камеры, адкуль пачуўся чыйсьці высокі злосны голас. Хоскінс нахмурыўся, на хаду папрасіў прабачэння і паспешліва пайшоў туды.

Шпарка, як толькі магла, міс Фэлоўз амаль бягом кінулася за ім.

— Няўжо вы не можаце зразумець, што мне неабходна было закончыць вельмі важную частку маіх доследаў? — крыкліва пытаўся пажылы мужчына з рэдзенькай бародкай на чырвоным твары.

Служачы ў форме, на лабараторным халаце якога былі вышыты літары «СІ» («Стасіс Інкарпарэйтэд»), сказаў Хоскінсу:

— Прафесар Адэмеўскі з самага пачатку быў папярэджаны, што гэты экспанат будзе тут толькі два тыдні.

— Я тады яшчэ не ведаў, колькі часу зоймуць мае доследы, я не прарок! — узбуджана выкрыкнуў Адэмеўскі.

— Вы ж разумееце, прафесар, што мы валодаем даволі абмежаванай прастораю, — сказаў Хоскінс. — Таму мы вымушаны час ад часу мяняць свае экспанаты. Гэты абломак халкапірыту павінен вярнуцца туды, адкуль ён да нас прыбыў. Вучоныя чакаюць новых экспанатаў.

— Чаму ж я не магу атрымаць яго ў карыстанне? Дазвольце мне забраць яго адсюль.

— Вы ведаеце, што гэта немажліва.

— Вам шкада аддаць мне кавалак халкапірыту, гэты няшчасны пяцікілаграмовы абломак? Але чаму?

— Нам не па кішэні звязаная з гэтым уцечка інфармацыі, — злосна закрычаў Хоскінс. — І вы гэта вельмі добра ведаеце.

— Справа ў тым, доктар Хоскінс, — перапыніў яго служачы, — што насуперак правілам прафесар спрабаваў вынесці мінерал і ледзь быў не прарваў Стасіс.

На імгненне ўсе змоўклі. Павярнуўшыся да вучонага, Хоскінс холадна спытаўся:

— Гэта праўда, прафесар?

Адэмеўскі няёмка кашлянуў.

— Бачыце, я не думаў, што гэта нясе нейкую шкоду...

Хоскінс працягнуў руку і рвануў за шнур, які свабодна вісеў на вонкавай сцяне камеры, пра якую толькі што гаварылі.

У міс Фэлоўз, якая якраз у гэты момант разглядала нічым не прыкметны кавалак каменя, за які ішла такая гарачая спрэчка, ажно дыханне сціснула — у яе на вачах камень імгненна знік. Камера апусцела.

— Мне вельмі шкада, прафесар, — сказаў Хоскінс, — але выдадзены вам дазвол на вывучэнне розных аб'ектаў у Стасісе анулюецца назаўжды.

— Ды пачакайце.

— Паўтараю, мне вельмі шкада. Вы парушылі адно з нашых сама важных правіл.

— Я падам скаргу ў Міжнародную Асацыяцыю...

— Скардзіцеся каму хочаце. Вы толькі пераканаецеся, што ў выпадках, падобных на гэты, ніхто не прымусіць мяне адступіць.

Ён дэманстратыўна адвярнуўся ад прафесара, які ўсё яшчэ пратэставаў, і, яшчэ белы ад гневу, сказаў міс Фэлоўз:

— Вы не адмовіцеся паснедаць са мной?

 

* * *

 

Ён правёў яе ў тую частку кафетэрыя, якая была адведзена сябрам адміністрацыі. Ён павітаўся са знаёмымі за столікамі і спакойна адрэкамендаваў ім міс Фэлоўз, якая адчувала сябе ў гэты момант страшэнна няёмка. «Што яны падумаюць?» — думка гэтая не давала ёй спакою, і яна з усяе сілы старалася прыняць па магчымасці дзелавы выгляд.

— Доктар Хоскінс, у вас часта здараюцца такія вось непрыемнасці? — спыталася яна, узяўшы відэлец. — Я маю на ўвазе выпадак з прафесарам.

— Не, — з намаганнем адказаў Хоскінс, — такое здарылася ўпершыню. Мне, праўда, часцяком даводзіцца спрачацца з ахвотнікамі вынесці са Стасіса той ці іншы экспанат, але да сённяшняга дня ніхто яшчэ не спрабаваў зрабіць гэтага.

— Мне помніцца, як вы аднойчы казалі, што з гэтым звязаны вялікі расход энергіі.

— Слушна. Мы, вядома, пастараліся ўлічыць такую мажлівасць, бо такія выпадкі яшчэ будуць паўтарацца, і ў нас цяпер маецца спецыяльны запас энергіі, разлічаны на пакрыццё ўцечкі пры непрадугледжаным вынасе са Стасіса якога-небудзь прадмета. Але гэта зусім не азначае, што нам прыемна за паўсекунды страціць гадавы запас энергіі. Шкода ад страты такой колькасці энергіі прымусіла б нас на доўгія гады адкласці далейшае ажыццяўленне планаў пранікнення ў глыбіні часу... Апрача таго, вы можаце сабе ўявіць, што здарылася б, калі б прафесар быў у камеры ў той момант, калі збіраўся прарваць Стасіс?

— А што б з ім адбылося?

— Бачыце, мы эксперыментавалі на жывых прадметах і на мышах — яны бясследна знікаюць. Мы лічым, што яны вяртаюцца назад, у глыбіні часу, іх як бы захопліваюць тыя аб'екты, якія імгненна пераносяцца ў той час, з якога іх мы вынялі. Таму нам даводзіцца як бы на якар ставіць тыя прадметы, знікненне якіх са Стасіса нам непажадана. Што да прафесара, дык ён адправіўся б проста ў пліяцэн разам з кавалкам каменя і апынуўся б там у тым самым часе, з якога мы гэты камень дасталі, плюс тыя два тыдні, што ён быў у нас.

— Як бы гэта было жахліва!

— Запэўніваю вас, што лёс самога прафесара мяне мала трывожыць: калі ён здурнеў на такі ўчынак, дык туды яму і дарога, гэта паслужыла б яму добрым урокам. Але вы толькі ўявіць сабе, якое ўражанне зрабіла б гэта на публіку, калі б факт яго знікнення стаў шырока вядомы. Дастаткова людзям толькі даведацца, што нашыя доследы настолькі небяспечныя, як нас адразу ж пазбавяць сродкаў.

Хоскінс эфектна пстрыкнуў пальцамі і пачаў панура калупаць відэльцам ежу.

— А вы не маглі б вярнуць яго назад? — спыталася міс Фэлоўз. — Такім самым спосабам, якім вы спачатку атрымалі гэты камень.

— Не, таму што, як толькі прадмет адпраўляецца назад, ён ужо больш не фіксуецца, калі толькі далейшая сувязь з ім не прадугледжваецца загадзя, а ў дадзеным выпадку ў нас не было на гэта ніякіх падстаў. Ды і ўвогуле мы ніколі гэтага не рабілі. Каб знайсці прафесара, трэба было б узнавіць першапачатковы кірунак пошукаў, а гэта ўсё роўна што закінуць вудачку ў акіян, каб злавіць адну пэўную рыбіну. О Божа, калі я думаю пра ўсе меры перасцярогі, якія мы прымаем, каб уберагчыся ад няшчасных выпадкаў, я вар'яцею. Кожная асобная камера Стасіса мае сваё прыстасаванне для прарыву — без гэтага нельга, бо ўсе яны фіксуюць розныя прадметы і павінны спыняць свае функцыі незалежна. Апрача таго, ні адзін такі прыбор не ўводзіцца ў дзеянне да апошняй хвіліны, прычым мы старанна распрацавалі адзіна мажлівы спосаб прарыву патэнцыяльнага поля Стасіса — дзеля гэтага трэба таргануць шнур, асцярожна выведзены за дзверы камеры. А каб гэты прыбор спрацаваў, трэба прыкласці значную фізічную сілу, так што тут недастаткова выпадковага руху.

— Скажыце, а... ці не ўплывае на ход гісторыі такое перамяшчэнне аб'ектаў з мінулага ў сёння і наадварот? — спыталася міс Фэлоўз.

Хоскінс паціснуў плячыма.

— Калі падыходзіць да гэтага з тэорыі, то на ваша пытанне можна адказаць станоўча, але ў сапраўднасці, калі выключыць надзвычайныя выпадкі, гэта не мае для развіцця гісторыі ніякага значэння. Мы ўвесь час нешта выводзім са Стасіса — малекулы паветра, бактэрыі, пыл. Каля дзесяці адсоткаў энергіі траціцца на кампенсацыю звязанай з гэтым уцечкі. Але нават перамяшчэнне ў часе адносна вялікіх прадметаў выклікае змены, якія сыходзяць на нішто. Вазьміце хоць бы гэты халкапірыт з пліяцэна. За яго двухтыднёвую адсутнасць якое-небудзь насякомае магло застацца без прытулку і загінуць, што, у сваю чаргу, магло пацягкуць за сабой цэлую серыю перамен. Нашы матэматычныя разлікі паказваюць на тое, што гэта самазатухальныя змены, якія з часам робяцца ўсё менш значнымі, і паступова ўсё зноў прыходзіць да нормы.

— Вы хочаце сказаць, што прырода сама запаўняе страты?

— Да пэўнай ступені. Калі вы перанесяце чалавека з другой эпохі ў наш час ці, наадварот, адправіце яго назад у мінулае, то ў апошнім выпадку шкода будзе больш істотная. Калі вы зробіце гэта са звычайным, простым чалавекам, дык рана ўсё-такі можа загаіцца сама. Мы штодзень атрымліваем мноства лістоў з просьбаю перанесці ў наш час Аўраама Лінкальна, ці Магамета, ці Леніна. Гэта, вядома, здзейсніць немажліва. Нават калі б нам удалося іх выявіць, то ў гэтым выпадку перамяшчэнне ў часе аднаго з тварцоў гісторыі чалавецтва нанесла б такую каласальную шкоду рэчаіснасці, якую немагчыма было б нічым кампенсаваць. Існуюць метады, якія дапамагаюць нам рабіць адпаведныя разлікі, якія, у сваю чаргу, вызначаюць, ці не занадта вялікія будуць змены ў развіцці пры перамяшчэнні таго ці іншага аб'екта ў часе, і мы робім усё, каб нават не наблізіцца да гэтае мяжы.

— Значыць, Цімі... — пачала была міс Фэлоўз.

— Не, у гэтых адносінах з ім усё добра. Наша рэчаіснасць у поўнай бяспецы. Але... — ён кінуў пранізлівы позірк на яе. — Не, нічога. Учора вы сказалі мне, што яму трэба мець зносіны з дзецьмі.

— Так, — міс Фэлоўз радасна ўсміхнулася. — Я не думала, што вы звярнулі ўвагу на маю просьбу.

— Ну чаму ж? У мяне да дзіцяці сама цёплыя пачуцці, і я цаню вашы да яго адносіны. Усё гэта мяне цікавіць, і я зусім не збіраўся замоўчыць гэтае пытанне, не растлумачыўшы вам, як ідуць справы. Цяпер я выканаў гэтую задачу, вы бачылі, чым мы займаемся, вам вядомыя цяпер да пэўнай ступені тыя цяжкасці, якія нам даводзіцца пераадольваць, і вы павінны зразумець, чаму пры ўсім жаданні мы не можам забяспечыць Цімі кампаніяй яго равеснікаў.

— Не можаце? — разгубіўшыся, усклікнула міс Фэлоўз.

— Дык я ж толькі што вам усё растлумачыў. У нас не было ніякай надзеі знайсці другога неандэртальца яго ўзросту, на такую неверагодную ўдачу нават разлічваць няма чаго. А калі б нам і пашанцавала, дык зусім неразумна было б памнажаць рызыку, трымаючы ў Стасісе яшчэ адну чалавечую істоту.

— Але ж вы мяне не так зразумелі, доктар Хоскінс, — адклаўшы ўбок лыжку, рашуча сказала міс Фэлоўз. — Я зусім не хачу, каб вы перанеслі ў наш час яшчэ аднаго неандэртальца. Я ведаю, што гэта немагчыма. Але ж можна прывесці ў Стасіс другое дзіця, каб яно гуляла з Цімі.

— Дзіця чалавека? — Хоскінс быў агаломшаны.

— Другое дзіця, — адрэзала міс Фэлоўз, адчуваючы, як імгненна ўся яе прыхільнасць да доктара Хоскінса змянілася варожасцю. — Цімі — чалавек!

— Мне гэта нават у галаву не прыходзіла.

— Чаму? Чаму вы не падумалі менавіта пра гэта? Што ў гэтым кепскага? Вы вырвалі дзіця з яго эпохі, асудзілі яго на вечнае зняволенне, дык няўжо вы не адчуваеце сябе ў даўгу перад ім? Доктар Хоскінс, калі ёсць у гэтым свеце чалавек, які па ўсіх паказчыках, акрамя біялагічнага, можа лічыцца бацькам гэтаму дзіцяці, дык гэта вы. Чаму ж вы не хочаце зрабіць яму такую драбніцу?

— Я — яго бацька? — спытаўся Хоскінс, неяк няўклюдна падымаючыся з-за стала. — Калі вы не пярэчыце, міс Фэлоўз, я правяду вас назад у Стасіс.

Яны моўчкі вярнуліся ў лялечны домік. Ніхто з іх не сказаў больш ні слова.

 

* * *

 

Калі не лічыць выпадковых, мімаходзь кінутых позіркаў, прайшло шмат часу, пакуль ёй зноў удалося сустрэцца з Хоскінсам.

Іншы раз гэта яе засмучала, але калі Цімі бываў асабліва маркотны ці моўчкі па некалькі гадзін стаяў каля акна, за якім амаль нічога не было відаць, яна з абурэннем думала: «Які ж ён дурны, гэты чалавек!»

Цімі гаварыў з кожным днём усё больш свабодна і правільна. Праўда, ён так і не змог цалкам пазбавіцца ад уласцівай яму з самага пачатку некаторай невыразнасці ў вымаўленні, у якой яна знаходзіла нават своеасаблівую прывабнасць. У хвіліны хвалявання ён іншы раз па-ранейшаму прыцмокваў, але і гэта здаралася ўсё радзей. Мабыць, ён паступова забываўся пра тыя далёкія дні, што папярэднічалі яго з'яўленню ў нашым часе.

Па меры таго як Цімі падрастаў, цікавасць да яго фізіёлагаў ішла на спад, затое цяпер ім пачалі больш займацца псіхолагі. Міс Фэлоўз не ведала, хто з іх выклікае ў яе найбольшую непрыязнасць. Са шпрыцамі было скончана — уколы і выкачванне з арганізма вадкасці спыніліся, яго перасталі карміць паводле спецыяльнай дыеты. Але затое цяпер Цімі, каб атрымаць ежу і ваду, даводзілася пераадольваць перашкоды. Ён павінен быў падымаць масніцы, адсоўваць знарок пастаўленыя рашоткі, торгаць за шнуры. Удары слабага электрычнага току даводзілі яго да істэрыкі, і гэта прыводзіла яе ў адчай.

Яна не хацела больш звяртацца да Хоскінса — кожны раз, калі яна думала пра яго, перад ёй усплываў яго твар, які ён быў у тую раніцу на снеданні. Вочы ў яе заплывалі слязьмі, і яна зноў не магла ўтрымацца, каб не падумаць: «Дурны, дурны чалавек!»

І вось аднойчы каля лялечнага доміка зусім нечакана пачуўся яго голас — ён клікаў яе.

Папраўляючы на хаду халат, яна няспешна выйшла з дома і, раптам збянтэжыўшыся, спынілася, убачыўшы перад сабой зграбную жанчыну сярэдняга ўзросту. З-за светлых валасоў і бледнага твару незнаёмая выглядала вельмі кволаю. За яе спіною, моцна ўчапіўшыся за спадніцу, стаяў круглатвары, з вялікімі вачыма хлапчук гадоў чатырох.

— Дарагая, гэта міс Фэлоўз, сястра, якая даглядае хлопчыка. Міс Фэлоўз, пазнаёмцеся з маёй жонкаю.

Няўжо гэта яго жонка? Міс Фэлоўз уяўляла яе зусім іншай. Хаця чаму б і не? Такі чалавек, як Хоскінс, дзеля кантрасту мог выбраць сабе ў жонкі кволую істоту. Мажліва, гэта было якраз тое, што яму было трэба...

Яна прымусіла сябе прыязна ўсміхнуцца.

— Добры дзень, місіс Хоскінс. Гэта ваш... ваш малыш? (Гэта было ўжо поўнай нечаканасцю. Яна магла ўявіць сабе Хоскінса ў ролі мужа, але не бацькі, за выключэннем, вядома, таго... Яна раптам адчула на сабе змрочны позірк Хоскінса і пачырванела.)

— Так, гэта мой сын Джэры, — сказаў Хоскінс. — Джэры, павітайся з міс Фэлоўз.

(Ці не падкрэсліў ён слова «гэта»? Ці не хацеў ён даць зразумець, што гэта яго сын, а не...)

Джэры крыху падаўся наперад, не выпускаючы, аднак, матчынай спадніцы, і прамармытаў прывітанне. Місіс Хоскінс відочна спрабавала зазірнуць цераз плячо міс Фэлоўз у пакой, як бы чакаючы знайсці там нешта надзвычай цікавае.

— Ну, што ж, зойдзем у Стасіс, — сказаў Хоскінс. — Уваходзь, дарагая. На парозе цябе чакае крыху непрыемнае адчуванне, але гэта хутка пройдзе.

— Вы хочаце, каб Джэры таксама ўвайшоў туды? — спытала міс Фэлоўз.

— Вядома. Ён будзе гуляць з Цімі. Вы ж гаварылі, што Цімі патрэбны таварыш у гульнях. Можа, вы ўжо забыліся пра гэта?

— Але... — у яе позірку адбілася найвялікшае здзіўленне. — Ваш хлопчык?

— А чый жа яшчэ? — са злосцю сказаў Хоскінс. — Хіба не гэтага вы дабіваліся? Хадзем, дарагая. Уваходзь жа.

З відавочным намаганнем падняўшы Джэры на рукі, місіс Хоскінс пераступіла парог. Джэры захныкаў — відаць, яму не спадабалася тое, што ён адчуў пры ўваходзе ў Стасіс.

— Дзе ж тая істота? — тонкім галаском спыталася місіс Хоскінс. — Я не бачу яе.

— Хадзі сюды, Цімі! — паклікала міс Фэлоўз.

Цімі выглянуў з-за дзвярэй, утаропіўшыся на нечаканых гасцей. Мускулы на руках у місіс Хоскінс прыкметна напружыліся.

Павярнуўшыся да мужа, яна спыталася:

— Ты ўпэўнены, Джэральд, што ён не небяспечны?

— Калі вы маеце на ўвазе Цімі, дык ніякай небяспекі, — тут жа ўмяшалася міс Фэлоўз. — Ён спакойны і паслухмяны хлопчык.

— Але ж ён дзі... дзікун.

(Вось яно што! Гэта вынік усіх газетных гісторый пра хлопчыка-малпу.)

— Зусім ён не дзікун, — з націскам вымавіла міс Фэлоўз. — Ён спакойны і разважлівы ў той ступені, у якой гэтага можна чакаць ад пяцігадовага дзіцяці. Вельмі велікадушна з вашага боку, місіс Хоскінс, дазволіць вашаму хлопчыку гуляць з Цімі, і я з усёй адказнасцю прашу вас не трывожыцца.

— Я не ўпэўненая, што згаджуся на гэта, — з раздражненнем сказала місіс Хоскінс.

— Мы ж ужо абмеркавалі гэтае пытанне, дарагая, — сказаў Хоскінс, — і я думаю, нам няварта ўзнаўляць нашу спрэчку. Спусці Джэры на падлогу.

Місіс Хоскінс паслухалася. Хлопчык прытуліўся да яе спінаю і ўтаропіўся на Цімі, які ў сваю чаргу не спускаў з яго вачэй.

— Цімі, хадзем сюды, — паклікала міс Фэлоўз, — ідзі, не бойся.

Цімі паволі ўвайшоў у пакой. Хоскінс нахіліўся, каб адчапіць пальцы Джэры ад матчынай спадніцы.

— Адыдзі крыху назад, дарагая, дай дзецям пазнаёміцца.

Хлопчыкі апынуліся тварам у твар. Нягледзячы на тое, што Джэры быў маладзейшы, ён быў вышэйшы за Цімі на цэлы дзюйм, і на фоне яго зграбнай фігуркі і прыгожа пасаджанай прапарцыянальнай галавы гратэскнасць аблічча Цімі раптам кінулася ў вочы, амаль як і ў першыя дні. У міс Фэлоўз задрыжалі вусны. Першы загаварыў маленькі неандэрталец.

— Як цябе завуць? — дыскантам працягнуў ён, хутка наблізіўшы да Джэры свой твар, як бы хочучы лепш разгледзець яго.

Сцепануўшыся ад нечаканасці, Джэры замест адказу даў Цімі моцнага кухталя. Цімі адляцеў назад і, не ўтрымаўшыся на нагах, упаў на падлогу. Абодва голасна зараўлі. Місіс Хоскінс схапіла Джэры на рукі, а міс Фэлоўз, пачырванеўшы ад унутранага гневу, падняла Цімі, стараючыся яго супакоіць.

— Яны інстынктыўна неўзлюбілі адзін аднаго, — заявіла місіс Хоскінс.

— Яны інстынктыўна ставяцца адзін да аднаго так, як любыя іншыя дзеці, будзь яны на іх месцы, — стомлена сказаў Хоскінс. — А цяпер апусці Джэры з рук і дай яму прывыкнуць да абставін. Па праўдзе кажучы, нам лепш цяпер выйсці. Міс Фэлоўз можа праз нейкі час прывесці Джэры да мяне ў кабінет, і я паклапачуся, каб яго завезлі дахаты.

Доўгі час дзеці ні на хвіліну не выпускалі адзін аднаго з вачэй. Джэры плакаў і клікаў маці, баючыся адысціся ад міс Фэлоўз, і толькі праз нейкі час дазволіў, нарэшце, суцешыць сябе ледзянцом. Цімі таксама атрымаў ледзянец, і праз гадзіну міс Фэлоўз удалося дабіцца таго, што абодва яны селі гуляць у кубікі, праўда, у розных кутках.

Калі яна павяла ў той дзень Джэры да бацькі, дык да такой ступені была перапоўнена ўдзячнасцю Хоскінсу, што ледзь стрымлівала слёзы.

Міс Фэлоўз шукала слоў, каб выказаць свае пачуцці, але падкрэсленая стрыманасць Хоскінса перашкодзіла ёй гэта зрабіць. Можа, ён і да гэтага часу не дараваў ёй таго, што яна прымусіла адчуць жорсткасць ягоных адносін да Цімі. А можа, ён урэшце прывёў свайго сына, каб даказаць ёй, як добра ён ставіцца да Цімі, і адначасна даць зразумець, што ён зусім не яго бацька. Так. Менавіта гэта ён і меў на ўвазе!

Таму яна абмежавалася некалькімі словамі.

— Дзякуй, вялікае дзякуй, доктар Хоскінс.

Яму нічога не заставалася, як адказаць:

— Няма за што, міс Фэлоўз. Усё ідзе як трэба.

Паступова гэта ўвайшло ў звычай. Два разы на тыдзень Джэры прыводзілі на гадзіну пагуляць з Цімі, потым гэты тэрмін быў расцягнуты да дзвюх гадзін. Дзеці пазнаёміліся, паступова вывучылі прывычкі адзін аднаго і пачалі гуляць разам.

І цяпер, калі першая хваля ўдзячнасці схлынула, міс Фэлоўз заўважыла, што Джэры ёй зусім не падабаецца. Фізічна ён быў намнога мацнейшы за Цімі ды і ўвогуле ва ўсім пераўзыходзіў яго: ён уладарыў над Цімі, адводзячы яму ва ўсім другарадную ролю. З такім становішчам яе мірыла неяк толькі тое, што, нягледзячы ні на што, Цімі ўсё больш нецярпліва чакаў чарговага прыходу свайго таварыша па гульнях.

— Гэта ўсё, што ў яго ёсць у жыцці, — з тугою гаварыла яна сабе.

І аднойчы, назіраючы за імі, яна раптам падумала: «Гэтыя два хлопчыкі — абодва дзеці Хоскінса, адзін ад жонкі, другі — ад Стасіса. У той час як яна сама...»

— О Божа, — сціснуўшы кулакамі скроні, з сорамам падумала яна, — гэта ж я раўную!

 

* * *

 

— Міс Фэлоўз, — спытаўся аднойчы Цімі (яна ніколі не дазваляла яму называць яе інакш), — калі я пайду ў школу?

Яна зірнула ў яго карыя вочы, якія молячы глядзелі на яе, чакаючы адказу, і пяшчотна правяла рукою па яго густых валасах. Гэта была сама неахайная частка яго галавы: яна стрыгла яго сама, а хлопчык заўсёды круціўся пад нажніцамі і перашкаджаў ёй. Яна ніколі не прасіла прыслаць парыкмахера, бо гэтая няўмелая яе стрыжка памагала ўдала маскіраваць нізкі пакаты лоб у дзіцяці і яго празмерна выпуклую патыліцу.

— Адкуль ты даведаўся пра школу? — спыталася яна.

— Джэры ходзіць у школу. У дзіцячы сад, — старанна вымаўляючы склады, адказаў ён. — Джэры бывае ў многіх месцах там, на волі. Калі ж я выйду адсюль на волю, міс Фэлоўз?

У яе балюча сціснулася сэрца. Яна, вядома, разумела: нішто не зможа перашкодзіць таму, што Цімі непазбежна будзе даведвацца ўсё больш і больш пра вонкавы свет, той свет, у які яму ніколі не суджана ўступіць.

Пастараўшыся надаць свайму голасу больш бадзёрасці, яна спыталася:

— А што б ты рабіў у дзіцячым садзе, Цімі?

— Джэры кажа, што яны там гуляюць у розныя гульні, што ім паказваюць стужкі з рухомымі карцінкамі. Ён кажа, што там многа-многа дзяцей. Ён расказвае... — Цімі на імгненне задумаўся, потым урачыста раскінуў рукі, з растапыраннымі пальцамі і толькі тады скончыў фразу. — Вось як многа ён расказвае!

— Табе хацелася б паглядзець рухомыя карцінкі? — спыталася міс Фэлоўз. — Я прынясу табе гэтыя стужкі і стужкі з запісам музыкі.

Так ёй на нейкі час удалося супакоіць яго.

 

* * *

 

У атсутнасць Джэры ён з цікавасцю разглядаў рухомыя карцінкі, а міс Фэлоўз гадзінамі чытала яму ўголас кнігі.

У сама просценькім апавяданні было столькі яму незразумелага, што даводзілася тлумачыць сутнасць сама звычайных рэчаў за межамі трох пакояў Стасіса. Цяпер, калі ў яго думкі ўварваўся навакольны свет, ён усё часцей пачаў бачыць сны.

Яму снілася заўсёды адно і тое ж — той невядомы свет за межамі яго доміка. Ён няўмела спрабаваў расказаць міс Фэлоўз змест сваіх сноў, у якіх ён звычайна пераносіўся ў велізарную пустую прастору, дзе, апрача яго, былі яшчэ дзеці і нейкія дзіўныя, незразумелыя прадметы, створаныя яго ўяўленнем на аснове далёка не да канца зразумелых ім кніжных вобразаў. Іншы раз яму сніліся карціны з яго прызабытага далёкага мінулага, калі ён яшчэ жыў сярод неандэртальцаў.

Тыя дзеці і невядомыя яму прадметы, якія ён бачыў у снах, не заўважалі яго. Хоць ён і адчуваў, што знаходзіцца з імі за межамі Стасіса, ён у той самы час разумеў, што не належыць таму свету, і заставаўся заўжды ў страшэннай адзіноце, нібы і не пакідаў свайго пакоя. Прачынаўся ён заўсёды ў слязах.

Спрабуючы супакоіць яго, міс Фэлоўз старалася звесці яго расказы на жарты, смяялася з іх, але колькі начэй яна сама праплакала ў сваёй кватэры.

Аднойчы, калі яна чытала ўголас, Цімі працягнуў руку да яе падбародка і, асцярожна прыўзняўшы яе твар ад кнігі, прымусіў яе зірнуць яму ў вочы.

— Міс Фэлоўз, адкуль вы ведаеце, што тут трэба гаварыць?

— Ты бачыш гэтыя значкі? Яны-та і кажуць мне пра тое, што я потым ужо расказваю табе. З гэтых значкоў складаюцца словы.

Узяўшы з яе рук кнігу, Цімі доўга з цікаўнасцю разглядаў літары.

— Некаторыя значкі зусім аднолькавыя, — сказаў ён нарэшце.

Яна засмяялася ад радасці, што ён такі кемлівы.

— Правільна. Хочаш, я пакажу табе, як пісаць гэтыя значкі.

— Добра, пакажыце. Гэта будзе цікавая гульня.

Ёй нават у галаву не прыйшло, што ён можа навучыцца чытаць. Да таго самага моманту, калі ён прачытаў ёй уголас кнігу, яна не хацела верыць у гэта. Праз некалькі тыдняў яна раптам асэнсавала ўсю велізарную важнасць гэтай надзеі, і яна была агаломшана. Седзячы ў яе на каленях, Цімі чытаў ёй уголас дзіцячую кнігу, не прапускаючы ні слова. Ён чытаў!

Узрушаная, яна паднялася з крэсла і сказала:

— Я хутка вярнуся, Цімі. Мне неабходна пабачыць доктара Хоскінса.

Яе ахапіла на мяжы ўтрапёнасці ўзбуджанасць. Ёй здалося, што цяпер ёй удасца, нарэшце, знайсці сродак зрабіць Цімі ў нейкай меры шчаслівым. Калі Цімі нельга ўвайсці ў сучаснае жыццё, то само гэтае жыццё павінна ўвайсці ў яго трохпакаёвую турму, адлюстраванае ў кнігах, фільмах і гуках.

Яму неабходна даць адукацыю, скарыстаўшы ўсе яго прыродныя здольнасці. Гэтым чалавецтва магло б хоць неяк кампенсаваць тое зло, якое яно яму прычыніла.

 

* * *

 

І Хоскінс быў у настроі, дзіўна падобным на яе настрой. Уся яго істота выпраменьвала непрыкрытую радасць і трыумф. У праўленні кампаніі панавала незвычайнае ажыўленне, і міс Фэлоўз, калі яна разгублена спынілася ў прыёмнай, нават падумала, што ёй не ўдасца сёння пагаварыць з Хоскінсам.

Але ён заўважыў яе, і яго шырокі твар расплыўся ўсмешкай.

— Хадземце сюды, міс Фэлоўз, — паклікаў ён.

Ён хуценька дагаварыў штосьці па інтэркому і выключыў яго.

— Вы ўжо чулі? Ну, вядома, вы яшчэ нічога не можаце ведаць. Мы ўсё-такі дабіліся свайго! Мы цяпер можам фіксаваць аб'екты з нядаўняга мінулага.

— Вы хочаце сказаць, што цяпер вы можаце перанесці ў наш час чалавека, які жыў ужо ў гістарычную эпоху? — спыталася міс Фэлоўз.

— Вы абсалютна правільна мяне зразумелі. Толькі што мы зафіксавалі аднаго індывідуума, які жыў у чатырнаццатым веку. Вы толькі ўявіце сабе ўсю важнасць гэтае падзеі! Каб вы толькі ведалі, як я буду рады пазбавіцца, нарэшце, ад гэтай канцэнтрацыі ўсіх сіл на мезазойскай эры, якой, здавалася ўжо мне, не будзе канца, якое задавальненне атрымаю я ад замены палеантолагаў гісторыкамі... Вы, здаецца, штосьці хацелі паведаміць мне? Ну, давайце выкладвайце, што ў вас там? Кажыце ж. Вы засталі мяне ў добрым настроі і можаце атрымаць усё, што пажадаеце.

— Я вельмі рада, — міс Фэлоўз усміхнулася. — Мяне якраз цікавіць адно пытанне: ці не маглі б вы распрацаваць сістэму адукацыі Цімі?

— Адукацыі? Якой яшчэ адукацыі?

— Ну, агульнай адукацыі. Я маю на ўвазе школу. Трэба даць яму мажлівасць вучыцца.

— Але ці можа ён вучыцца?

— Безумоўна, ён ужо вучыцца.

Ёй падалося, што настрой у Хоскінса раптам рэзка пагоршаў.

— Я нават не ведаю, што вам на гэта і адказаць, міс Фэлоўз.

— Але ж вы толькі што паабяцалі, што выканаеце любую маю просьбу...

— Я гэта помню. На жаль, у дадзеным выпадку я зрабіў гэта неабдумана. Я думаю, што вы добра разумееце, міс Фэлоўз, што мы не можам працягваць эксперымент з Цімі да бясконцасці.

Ахопленая раптоўным жахам, яна глянула яму ў вочы, яшчэ не ўсвядоміўшы да канца сэнсу сказаных толькі што слоў. Што ён меў на ўвазе пад гэтым «не можам працягваць»? Яе раптам нібы азарыла — яна ўспомніла прафесара Адэмеўскага і мінерал, адасланы назад пасля двух тыдняў яго знаходжання ў Стасісе...

— Але цяпер гаворка ідзе пра хлопчыка, а не пра абломак каменя...

Хоскінсу відавочна было не па сабе.

— У выпадках, падобных на гэты, нават дзіцяці не трэба надаваць занадта вялікай увагі. Цяпер, калі мы спадзяёмся раздабыць людзей, што жылі ў гістарычную эпоху, нам спатрэбяцца ўсе памяшканні Стасіса.

Яна ўсё яшчэ нічога не разумела.

— Але вы не зробіце гэтага. Цімі... Цімі...

— Ну, ну. Не прымайце ўсё так блізка да сэрца, міс Фэлоўз. Магчыма, Цімі прабудзе тут яшчэ некалькі месяцаў, і за гэты час мы пастараемся зрабіць яму ўсё, што ў нашых магчымасцях.

Яна ўсё так жа моўчкі глядзела на яго.

— Ці хочаце вы чаго-небудзь выпіць, міс Фэлоўз?

— Не, — прашаптала яна. — Мне нічога не трэба.

Ледзь усведамляючы, што робіць, яна з цяжкасцю паднялася на ногі і нібы ў кашмары выйшла з пакоя.

«Ты не памрэш, Цімі, — думала яна. — Ты не памрэш».

 

* * *

 

З таго часу яе неадступна мучыла думка пра неабходнасць неяк ухіліць Цімі ад гібелі. Але думаць гэта адно, і зусім другое — ажыццявіць задуманае. Спачатку міс Фэлоўз упарта трымалася за надзею, што спроба перанесці каго-небудзь з XIV стагоддзя ў наш час закончыцца поўнай няўдачай. Хоскінс мог дапусціць памылку, з пункту гледжання тэорыі эксперыменту, маглі таксама выявіць пралікі ў метадзе яго ажыццяўлення. І тады ўсё засталося б па-старому.

Астатняя частка чалавецтва спадзявалася, вядома, на супрацьлеглы зыход, і міс Фэлоўз насуперак розуму ўзненавідзела за гэта ўвесь свет. Ажыятаж, які ўзняўся вакол «Праекта Сярэднявечча», дасягнуў найвялікшага напалу. Друк і грамадскасць згаладаліся па чым-небудзь надзвычайным. Акцыянерная кампанія «Стасіс Інкарпарэйтэд» даўно ўжо не давала такой сенсацыі. Нейкі там новы камень альбо выкапнёвая рыба ўжо нікога не хвалявалі. А гэта было якраз тое, што трэба.

Чалавек, які жыў ужо ў гістарычную эпоху, дарослы індывід, які гаворыць і на цяпер зразумелай мове, той, хто дапаможа вучоным узнавіць невядомую дасюль старонку гісторыі.

Той вырашальны час набліжаўся, і на гэты раз ужо не толькі трое на балконе павінны стаць сведкамі такое важнае падзеі. Цяпер увесь свет ператвараўся ў велізарную аўдыторыю, а тэхнічнаму персаналу Стасіса наканавана сыграць сваю ролю на вачах усяго чалавецтва.

Сярод пачуццяў, што бушавалі ў душы ў міс Фэлоўз, не было толькі аднаго — яна не паддалася ўсеагульнаму псіхозу радаснага чакання.

Калі Джэры прыйшоў, як звычайна, гуляць з Цімі, яна ледзь пазнала яго. Сакратарка, якая прывяла яго, кіўнула ёй дзеля прыліку галавой і пабегла. Яна спяшалася заняць добрае месца, адкуль ёй удасца сачыць за ўвасабленнем у жыццё «Праекта Сярэднявечча». Міс Фэлоўз з горыччу падумала: калі б дурненькае дзяўчо прыйшло ў пару, яна таксама ўжо была б там, прытым у яе была больш важкая, чым простая цікаўнасць, прычына прысутнічаць пры доследзе.

— Міс Фэлоўз, — збянтэжана сказаў Джэры, няўпэўнена, бачком набліжаючыся да яе і дастаючы з кішэні нейкі абрывак газеты.

— Што там у цябе, Джэры?

— Гэта фотаздымак Цімі.

Міс Фэлоўз уважліва паглядзела на Джэры, а потым хуценька вырвала з яго рук шматок газеты. Усеагульнае ўзрушэнне, выкліканае «Праектам Сярэднявечча», абудзіла ў друку пэўную цікавасць і да Цімі.

Джэры ўважліва сачыў за яе тварам.

— Тут сказана, што Цімі — хлопчык-малпа. Што гэта значыць, міс Фэлоўз?

Яна схапіла яго за руку, з цяжкасцю стрымаўшы жаданне добра страсянуць яго.

— Ніколі не гавары так, Джэры. Ніколі. Ты разумееш гэта? Гэта брыдкае слова, і ты не павінен ужываць яго.

Перапалоханы Джэры адчайна вырываўся з яе рук.

Міс Фэлоўз раз'юшана рвала газету.

— А цяпер ідзі і гуляй з Цімі.

Нарэшце прыйшла дзяўчына. Міс Фэлоўз ніколі не бачыла яе. Ніхто з пастаянных служачых Стасіса, што зрэдку падмянялі яе цяпер, у сувязі з набліжэннем ажыццяўлення праекта, памагчы ёй не мог. Аднак сакратарка Хоскінса абяцала ёй памагчы знайсці якую-небудзь дзяўчынку.

— Вы і ёсць тая дзяўчынка, якую прымацавалі да Першай Секцыі Стасіса? — стараючыся стрымаць дрыжанне ў голасе, спыталася міс Фэлоўз.

— Так, гэта я. Завуць мяне Мэндзі Тэрыс. А вы міс Фэлоўз?

— Правільна.

— Даруйце, што я крыху спазнілася. Усюды такая сумятня.

— Я ведаю. Я хачу, каб вы...

— Вы ж будзеце глядзець, праўда? — перабіла яе Мэндзі. На яе прыгожанькім, тонкім, але нейкім пустым твары адбілася пякучая зайздрасць.

— Гэта не мае значэння. Я хачу, каб вы пазнаёміліся з Цімі і Джэры. Яны будуць гуляць гадзіны са дзве і не наробяць вам ніякага клопату. Ім пакінута малако, у іх многа цацак. Будзе нават лепш, калі вы не будзеце ім перашкаджаць. А цяпер я пакажу вам, дзе што знаходзіцца і...

— Гэты Цімі — хлопчык-мал...?

— Цімі — дзіця, якое жыве ў Стасісе, — рэзка перапыніла яе міс Фэлоўз.

— Я хацела сказаць, што Цімі — гэта той, каму нельга выходзіць з дому. Ці ж не так?

— Так. А цяпер заходзьце, у нас мала часу.

І калі ёй, нарэшце, удалося пайсці, услед ёй пачуўся пранізлівы голас Мэндзі Тэрыс:

— Спадзяюся, вам дастанецца добрае месцейка. Далібог, мне так хочацца, каб дослед удаўся.

Не ўпэўненая ў тым, што, адказваючы Мэндзі, ёй удасца захаваць стрыманасць, міс Фэлоўз, нават не азірнуўшыся, яшчэ больш заспяшалася.

 

* * *

 

Але з-за таго, што яна затрымалася, ёй не ўдалося заняць добрае месца. Яна з цяжкасцю прабілася толькі да экрана ў Зале сходаў. Калі б ёй пашанцавала апынуцца паблізу ад месца, дзе праводзіцца эксперымент, калі б толькі яна магла падысці да якога-небудзь чуйнага прыбора, калі б яна як-небудзь умудрылася сарваць эксперымент...

Яна знайшла ў сабе сілы авалодаць сабою. Простае ж псаванне прыбора ні да чаго не прывядзе. Яны ўсё роўна наладзяць яго і паставяць эксперымент нанава... А ёй ніколі не дазволяць вярнуцца да Цімі.

Нішто не магло ёй дапамагчы. Нішто, апрача натуральнага і прытым непапраўнага правалу эксперыменту.

І ў тыя імгненні, калі адлічваліся апошнія секунды, ёй заставалася толькі чакаць, напружана сачыць за кожным рухам на вялізным экране, уважліва ўзірацца ў твары занятых у доследзе супрацоўнікаў, калі то адзін, то другі з іх трапляў у поле зроку; яна спадзявалася ўбачыць у іх позірках выраз неспакою і няўпэўненасці, як доказу ўзнікнення нечаканых цяжкасцей у ажыццяўленні эксперыменту, яна ні на секунду не адводзіла вачэй ад экрана...

Але яе надзеі не спраўдзіліся. Была адлічана апошняя секунда, і вельмі спакойна, без лішняга шуму дослед паспяхова быў завершаны!

У нядаўна пабудаваным новым памяшканні Стасіса стаяў барадаты сутулы селянін няпэўнага ўзросту, у падраным, брудным адзенні і драўляных сандалях; ён з тупым жахам азіраўся па баках, свядомасць яго не магла ўспрыняць такой раптоўнай, такой неверагоднай перамены.

І ў той момант, калі ледзь не ўвесь свет звар'яцеў ад захаплення, міс Фэлоўз, скамянеўшы ад гора, стаяла адна нерухома сярод гэтае мітусні. Яе штурхалі, шпурлялі, ледзь не тапталі нагамі, а яна стаяла сярод натоўпу, які віраваў, трыумфаваў, і ўсё больш сціскалася пад цяжарам страчаных надзей.

І калі скрыпучы голас у дынаміку назваў яе імя, гэта дайшло да яе свядомасці толькі пасля трохразовага паўтору.

— Міс Фэлоўз, міс Фэлоўз, вас выклікаюць у Першую Секцыю Стасіса. Міс Фэлоўз, міс Фэлоўз...

— Прапусціце мяне! — задыхаючыся, крыкнула яна, а дынамік, ні на секунду не спыняючыся, усё паўтараў і паўтараў адну і тую ж фразу.

Сабраўшы ўсю сваю сілу, яна адчайна прабівалася праз натоўп, расштурхоўваючы людзей. Не спыняючыся ні перад чым, пусціўшы ў ход нават кулакі, раздаючы направа і налева кухталі, яна ўвесь час вязла ў людскім віры, але ўсё ж такі рухалася да выхаду.

 

* * *

 

Мэндзі Тэрыс рыдала.

— Я проста не магу сабе ўявіць, як гэта адбылося. Я адлучылася ўсяго толькі на адну хвілінку, каб зірнуць на той маленькі экран, які яны паставілі ў калідоры. І раптам, перш чым я паспела штосьці зрабіць... Вы самі сказалі мне, што яны нічога не наробяць, вы самі параілі мне пакінуць іх адных! — выкрыкнула раптам Мэндзі, пераходзячы ў наступленне.

— Дзе Цімі? — гледзячы на яе няўцямнымі вачыма, спыталася міс Фэлоўз, не заўважаючы, як дрыжыць нервова ўсё яе цела.

Адна сястра працірала ў Джэры руку дэзінфіцыйнымі сродкамі, другая рыхтавала шпрыц з супрацьслупняковай сывараткай.

— Ён укусіў мяне, міс Фэлоўз! — душачыся ад злосці, крыкнуў Джэры. — Ён укусіў мяне!

Але міс Фэлоўз нават не звярнула на яго ўвагі.

— Што вы зрабілі з Цімі? — крыкнула яна.

— Я зачыніла яго ў ваннай, — адказала Мэдзі. — Я проста шпурнула туды гэтую маленькую пачвару і замкнула яе там.

Міс Фэлоўз бягом рынулася ў лялечным домік. Яна замарудзілася каля дзвярэй ваннай, здавалася, што прайшла цэлая вечнасць, пакуль ёй удалося, нарэшце, адчыніць дзверы і знайсці ў кутку свайго выродлівага хлапчука.

— Не біце мяне, міс Фэлоўз, — прашаптаў ён. Вочы яго пачырванелі, вусны дрыжалі. — Я не хацеў гэтага.

— О Цімі! Чаму ты думаеш, што я буду цябе біць? — падхапіўшы дзіця на рукі, яна моцна прытуліла яго да сябе.

— Яна сказала, што вы адлупцуеце мяне доўгай вяроўкай. Яна сказала, што вы будзеце мяне біць, біць, біць...

— Ніхто цябе не будзе біць. Вельмі нядобра было ёй так гаварыць. Але што здарылася? Што здарылася?

— Ён назваў мяне хлопчыкам-малпай. Ён сказаў, што я не сапраўдны хлопчык, што я — жывёліна.

З вачэй у Цімі паліліся слёзы.

— Ён сказаў, што не хоча больш гуляць з малпаю. А я сказаў, што я не малпа. Я не малпа! Потым ён сказаў, што я вельмі смешны, што я жахліва пачварны. Ён паўтарыў гэта многа-многа разоў, і я ўкусіў яго.

Цяпер яны плакалі абое.

— Але ж ты ведаеш, Цімі, што гэта няпраўда, — усхліпваючы, сказала міс Фэлоўз, — і ты сапраўдны хлопчык. Ты сама сапраўдны і сама харошы хлопчык на свеце. І ніхто, ніхто ніколі цябе ў мяне не адбярэ.

Цяпер ёй лёгка было адважыцца, яна, нарэшце, ведала, што трэба рабіць. Але дзейнічаць трэба было хутка, Хоскінс не будзе больш чакаць, пацярпеў жа яго сын...

Гэта павінна адбыцца ноччу, сёння ноччу, калі амаль усе служачыя Стасіса будуць альбо спаць, альбо весяліцца ў сувязі з паспяховым ажыццяўленнем «Праекта Сярэднявечча».

Яна вернецца ў Стасіс у нязвычны час, але ж гэта здаралася і раней. Ахоўнік добра ведае яе, і яму нават у галаву не прыйдзе патрабаваць ад яе нейкіх тлумачэнняў. Ён і ўвагі не зверне на тое, што ў яе ў руках будзе чамадан. Яна разоў колькі прарэпетыравала гэтую такую простую фразу «Гульні хлопчыкам», а ўслед за ёй спакойную ўсмешку.

І ён паверыў.

Калі яна зноў паявілася ў памяшканні доміка, Цімі яшчэ не спаў, і яна, як магла, старалася паводзіць сябе так, як заўсёды, каб не перапалохаць яго. Яна пагаварыла з ім пра яго сны і выслухала яго роспыты пра Джэры.

І потым яе ўбачаць нямногія, і нікому не будзе ніякай іцкавасці да таго клунка, які яна будзе несці. І Цімі будзе паводзіць сябе вельмі спакойна, а потым усё астатняе стане fait accompi*. Задуманае здзейсніцца, і які толк спрабаваць выправіць тое, што ўжо адбылося. Ёй дадуць магчымасць жыць. Ім абаім будзе падаравана жыццё.

* Споўненым фактам.

Яна адчыніла чамадан і выцягнула з яго паліто, шарсцяную шапку з навушнікамі і яшчэ сёе-тое.

— Міс Фэлоўз, чаму вы надзяваеце на мяне ўсе гэтыя рэчы? — устрывожыўшыся, спытаўся Цімі.

— Я хачу вывесці цябе адсюль, Цімі. Мы адправімся ў краіну тваіх сноў, — адказала яна.

— Маіх сноў? — яго твар засвяціўся радасцю, але ён яшчэ не мог цалкам пазбыцца страху.

— Не бойся, ты будзеш са мной. Ты не павінен баяцца, калі ты са мной. Праўда, Цімі?

— Праўда, міс Фэлоўз, — ён прытуліўся да яе галоўкай, і, абняўшы яго, яна адчула пад рукою біццё яго маленькага сэрца.

Надышла поўнач. Міс Фэлоўз узяла Цімі на рукі, выключыла сігналізацыю і асцярожна адчыніла дзверы.

І тут з яе грудзей вырваўся крык жаху — яна апынулася тварам у твар з Хоскінсам, які стаяў на парозе.

 

* * *

 

З ім былі яшчэ двое, і, убачыўшы яе, ён быў агаломшаны не менш, чым яна сама.

Міс Фэлоўз апомнілася на нейкую долю секунды раней за яго і паспрабавала хуценька праскочыць каля яго, але, нягледзячы на гэты выйгрыш у часе, ён усё-такі апярэдзіў яе. Ён груба схапіў яе і адштурхнуў назад у глыбіню пакоя да шафы. Ён знакам загадаў астатнім увайсці ў пакой і сам стаў каля выхаду, засланіўшы дзверы.

— Гэтага я не чакаў. Вы зусім звар'яцелі?

Калі Хоскінс штурхануў яе, яна паспела павярнуцца так, што ўдарылася аб шафу плячом, і Цімі амаль не ўдарыўся.

— Што здарыцца, калі я вазьму яго з сабой, доктар Хоскінс? — як малітву вымавіла яна. — Няўжо страта энергіі вам даражэй за чалавечае жыццё?

Хоскінс рашуча вырваў у яе з рук Цімі.

— Страта энергіі ў такіх памерах прывяла б да страты многіх мільёнаў даляраў у кішэнях укладчыкаў. Гэта катастрафічна затармазіла б работы, якія вядзе акцыянерная кампанія «Стасіс Інкарпарэйтэд». Гэта азначала б, што ўсім і кожнаму стала б вядомая гісторыя жаласлівай медсястры, якая прычыніла каласальныя страты кампаніі ў імя ўратавання хлопчыка-малпы.

— Хлопчык-малпа! — у бяссільным адчаі ўсклікнула міс Фэлоўз.

— Пад такім прозвішчам ён фігураваў бы ў апісаннях гэтае падзеі.

А тым часам адзін з тых, хто прыйшоў з Хоскінсам, пачаў працягваць праз адтуліны ў верхняй частцы сцяны нейлонавы шнур. Міс Фэлоўз успомніла шнур, што вісеў на вонкавай сцяне камеры з абломкам каменя прафесара Адэмеўскага, той шнур, за які некалі таргануў Хоскінс.

— Не! — закрычала яна.

Але Хоскінс апусціў Цімі на падлогу і, асцярожна зняўшы з яго паліто, сказаў:

— Заставайся тут, Цімі, з табою нічога не здарыцца. Мы толькі выйдзем на хвілінку з пакоя. Добра?

Цімі збялеў, яму заняло мову, аднак ён знайшоў у сабе сілы сцвярджальна кіўнуць галавой. Хоскінс вывеў міс Фэлоўз з лялечнага доміка, трымаючыся на ўсякі выпадак ззаду. На нейкі міг міс Фэлоўз страціла здольнасць супраціўляцца. Яна тупа сачыла за тым, як замацоўвалі на сцяне канец шнура.

— Мне вельмі шкада, міс Фэлоўз, — сказаў Хоскінс, — я ахвотна пазбавіў бы вас гэтага відовішча. Я хацеў гэта зрабіць ноччу, каб вы даведаліся пра ўсё ўжо пасля.

— І ўсё з-за таго, што перапала вашаму сыну, які замучыў гэтае дзіця так, што яно ўжо не змагло авалодаць сабой?

— Паверце мне, што не ў гэтым прычына. Мне зразумела, што тут сёння адбылося, і я ведаю, што ва ўсім вінаваты Джэры. Але гэтая гісторыя ўжо набыла розгалас, ды інакш і быць не магло пры такой колькасці карэспандэнтаў, якія сабраліся тут у такі дзень. Я не магу рызыкаваць і дапусціць, каб ілжывыя чуткі пра нашу неахайнасць і так званых «дзікіх неандэртальцаў» трапілі ў друк і прынізілі значэнне поспеху «Праекта Сярэднявечча». Так ці інакш Цімі ўсё роўна павінен неўзабаве знікнуць, дык чаму б яму не знікнуць цяпер, стрымаўшы тым самым імпэт ахвотнікаў да сенсацый і зменшыўшы тую колькасць бруду, які яны на нас пастараюцца выліць.

— Але ж гэта не тое самае, што адправіць у мінулае асколак каменя. Вы заб'яце чалавека.

— Гэта не забойства. Ён нічога не адчуе, ён проста зноў стане хлопчыкам-неандэртальцам і трапіць у сваё звыклае асяроддзе. Ён не будзе больш чужынцам, асуджаным на вечнае зняволенне. Ён будзе жыць свабодным жыццём...

— Якое ж гэта жыццё? Яму ўсяго сем гадоў, і ён прывык, каб яго кармілі, адзявалі, аберагалі. Ён будзе адзінокі, за гэтыя ж чатыры гады яго племя магло пайсці з таго месца, дзе ён яго пакінуў. А калі нават племя яшчэ там, дзіця ніхто не пазнае, ён вымушаны будзе сам пра сябе клапаціцца, а яму ж не было дзе навучыцца гэтаму.

Хоскінс бездапаможна пахітаў галавою.

— О Божа, няўжо вы лічыце, міс Фэлоўз, што мы не думалі пра гэта? Хіба вы не разумееце, што мы вызвалі з мінулага дзіця толькі таму, што гэта была першая чалавечая ці, дакладней, паўчалавечая істота, якую нам удалося зафіксаваць, і мы баяліся адмовіцца ад гэтага, бо не былі ўпэўнены, што нам удасца так жа вось удала паўтарыць тую спробу? Як вы думаеце, няўжо мы трымалі б Цімі так доўга, калі б нас не бянтэжыла неабходнасць адаслаць яго назад у мінулае?! Мы робім гэта цяпер таму, — у яго голасе загучала рашучасць адчаю, — што мы не можам больш чакаць. Цімі можа паслужыць прычынай той шуміхі, якая скампраметуе нас. Мы цяпер на парозе вялікіх адкрыццяў, і мне вельмі шкада, міс Фэлоўз, але мы не можам дапусціць, каб Цімі перашкодзіў нам. Не можам. Я вельмі шкадую, міс Фэлоўз, але гэта так.

— Ну што ж, — журботна вымавіла міс Фэлоўз. — Дазвольце мне хоць развітацца з ім. Дайце мне пяць хвілін, я больш нічога не прашу.

— Ідзіце, — пасля пэўнага вагання сказаў Хоскінс.

 

* * *

 

Цімі кінуўся ёй насустрач. Апошні раз ён падбег да яе, і яна апошні раз прытуліла яго да сябе.

Нейкае імгненне яна моўчкі туліла яго, сціскала ў абдымках. Потым падсунула нагою да сцяны табурэтку і села.

— Не бойся, Цімі.

— Я нічога не баюся, калі вы са мною, міс Фэлоўз. Гэты чалавек вельмі злуецца на мяне, той, што застаўся за дзвярыма?

— Не. Ён проста нас з табою не разумее... Цімі, ты ведаеш, што такое маці?

— Гэта як мама ў Джэры?

— Ён расказваў табе пра сваю маці?

— Зрэдку. Мне здаецца, што маці — гэта жанчына, якая пра цябе клапоціцца, якая да цябе добра ставіцца і робіць табе шмат добрага.

— Правільна. А табе калі-небудзь хацелася мець маці, Цімі?

Цімі адкінуў галаву, каб убачыць яе твар. Ён паволі працягнуў руку і пачаў гладзіць яе па шчацэ і валасах, як некалі даўным-даўно, у першы дзень яе з'яўлення ў Стасісе, яна сама гладзіла яго.

— А хіба ты не мая маці? — спытаўся.

— О Цімі!

— Вы злуецеся, што я так спытаўся?

— Не, што ты, вядома, не.

— Я ведаю, што вас завуць міс Фэлоўз, але... іншы раз я сам сабе заву вас мамай. У гэтым няма нічога кепскага?

— Не, не! Я ніколі не пакіну цябе, і з табой нічога не здарыцца. Я заўсёды буду з табой, заўсёды буду клапаціцца пра цябе. Скажы мне: «Мама». Але так, каб я чула.

— Мама, — задаволена вымавіў Цімі, прытуліўшыся шчакой да яе твару.

Яна паднялася і, не выпускаючы яго з рук, узлезла на табурэтку. Яна ўжо не чула шуму і крыку за дзвярыма. Свабоднай рукой яна схапілася за працягнуты ў сцяне шнур і ўсім цяжарам павісла на ім.

Стасіс быў прарваны. Пакой апусцеў.



Пераклад: Генадзь Шупенька