epub
 
падключыць
слоўнікі

Аксана Бязлепкіна

Смерць на роліках

Ёсць сяброўкі, з якімі дзелішся сваімі радасцямі, каб яны задушыліся ад зайздрасці. Ці сама прыдумляеш нешта экстравагантнае, каб твая «лепшая» сяброўка адчула сваю нягегласць, няздатнасць і развіла ў сябе комплекс непаўнацэннасці, нават калі яна Міс Сусвету. Так сябравалі Алена Белазёрава і Ала Агалецкая.

Ёсць сяброўкі, з якімі дзелішся сваім патаемным, сваімі расчараваннямі, сяброўкі, якія ўмеюць выслухоўваць і спачуваць. Перад імі не трэба іграць ролі і прымерваць маскі, трэба проста заставацца сабой. Так сябравалі Алена Белазёрава і я. Не, я зусім не «камізэлька», каб у мяне плакацца. Але часам так трэба мець чалавека, які выслухае. Найчасцей і не патрэбна ніякая парада - толькі выслухайце. Людзі звярнуліся са сваімі споведзямі да царквы, а вось Алена не саромелася турбаваць мяне.

Дробныя праблемы яна перажывала ціха і самастойна. Але зрэдку тэлефанавала мне, каб проста паскардзіцца на жыццё, часам без аніякай канкрэтыкі. У дзеях, але без асобаў. Ды ў яе чарговае тэлефанаванне за рыданнямі не было чутно голасу. Загінула Ала Агалецкая. Лепшая сяброўка. Разам з ёю зніклі і двукоссі.

Ала ўсё жыццё стварала некаму праблемы і, хоць грэх так казаць, нават загінуць не змагла, каб не падкінуць клопату. Усё адбылося каля ўвахода на Цэнтральны рынак будматэрыялаў. Час, калі ўжо ніхто не працаваў, Ала выбрала для катання на роліках. Па версіі міліцыі яна спатыкнулася, упала і ўдарылася галавой аб бардзюр. Ці то бардзюр быў такі моцны, ці то Аліна галава занадта слабой...

Ды не ў гэтым справа. Само месца было нейкае заклятае: то самым неверагодным чынам машыны сутыкнуцца, то грузавічок са шпалерамі перакуліцца, упрыгожыўшы вуліцу rasch'аўскім серпантынам, то стомлены кіроўца пераедзе дзядзьку з унітазам. І таму зусім недарэчнай і непрымальнай для міліцыі была версія грамадзянкі Белазёравай. Алена была ўпэўненая, што ніякая гэта не выпадковасць, а наўмыснае забойства. Бо хоць у Алы і былі ролікі, але яна на іх ніколі не каталася. Дакладней, праехала толькі адзін раз і ўпала адзін раз, але так, што з тыдзень ляжала ў ложку, потым усё па мануальных тэрапеўтах бегала, і тыя дактары ролікі ёй увогуле забаранілі. На думку Алены, Ала, якая так сачыла за сваёй знешнасцю і сваім здароўем, не магла рызыкаваць правесці жыццё ў інвалідным крэсле. Для Алы самым галоўным была яна сама.

Урэшце, можна было забыцца на сваю хворую спіну і катацца, нахіляючыся наперад, падаць у выпадку чаго на калені і рукі. Ды Ала была апранута ў белыя джынсы за 200$, у свае любімыя белыя джынсы, якія ёй так пасавалі і якія яна берагла на самыя важныя сустрэчы. Яна была без аніякіх накаленнікаў-налакотнікаў. Але самае галоўнае - яна так і не паспела навучыцца катацца на роліках і не змагла б самастойна прыехаць на іх да рынку па такой дрэннай дарозе. Яна хутчэй бы прыйшла туды ў сваім абутку і ўжо на месцы надзела б ролікі. Нідзе побач не была знойдзена торбачка з абуткам, хоць, праўда, яе белыя басаножкі на высачэзных абцасах зніклі з кватэры.

На думку Алены, яе сяброўка прыйшла на спатканне з некім, і гэты нехта яе забіў. Алена не ведала, пры чым тут ролікі, але адчувала, што смерць Алы Агалецкай не была выпадковай. А раптам ёй за нешта адпомсцілі і ўсё гэта неяк звязана з яе працай у фірме? А можа, небяспека падсцерагае і іншых яе калег? Алена не збіралася пакідаць гэтую справу на міліцыю, чые супрацоўнікі паведамілі, што праверылі ўсе версіі, і параілі чакаць, пакуль будуць знойдзены новыя факты. Алена не збіралася чакаць, таму яна патэлефанавала мне:

- Прыязджай хутчэй у Менск, калі ласка. Я цябе вельмі прашу!

- Хочаш, каб я дапамагла табе знайсці забойцу?

- У цябе сапраўдны нюх на такія справы. Ніколі не забуду, як ты вылічыла тую, што крала на фізры нашыя грошы і пальчаткі. А памятаеш, як у мяне прапаў канспект, а ты знайшла, хто яго прыхватызаваў? У цябе Божы дар, а ў мяне няма такіх схільнасцяў. Да таго ж, у мяне шмат кліентаў, ды яшчэ кліенты Алы дадаліся...

- Дзе будзе жыць Шэрлак Холмс?

- Калі не баішся, то ў кватэры Алы. Думаю, што там зручней будзе ва ўсім разабрацца. І ты не будзеш залежаць ад майго графіка.

Ала працавала ў фірме «РамСервіс» (назва расшыфроўвалася як «Рамонтны сервіс»). Уладальнікам фірмы быў Сяргей Аляксандравіч Белазёраў, бацька Алены. Калі ён пачынаў свой бізнес, канкурэнтаў у яго амаль не было. А калі яны з'явіліся, «РамСервіс» стаў такім гігантам, што ніякія супернікі яго не хвалявалі.

Сяргей Аляксандравіч марыў пакінуць фірму дзецям. Але дачка Алена захапілася літаратурай і пайшла на філалагічны факультэт. Малога ж Дзімку цацкі, натуральна, цікавілі больш, чым бацькава фірма. Ды мара бацькі, разбітая, здавалася, на кавалкі, ажыла з попелу і цыгарэтнага дыму. Алена, патусаваўшыся па розных літаб'яднаннях і рэдакцыях, хутка пераканалася, што ёсць больш таленавітыя за яе людзі, а роля школьнай настаўніцы яе не прываблівала. І яна прыйшла ў «РамСервіс», прыцягнуўшы туды за кампанію лепшую сяброўку Алу і лепшага сябра Андрэя Вараховіча.

Філалагічная адукацыя ім прыдалася. «Валадары словам» маглі ўгаварыць кліента на што заўгодна. Яны распрацавалі новую канцэпцыю фірмы: супердарагія эўрарамонты і звыштанныя неэўрарамонты. Канкурэнты маглі адпачываць! Ала кіравала рэкламай і прасоўвала ў народ фразачкі тыпу: «Мы робім старыя кватэры новымі», ці «Хай суседзі паміраюць ад зайздрасці», або «Паглядзі на свой дом па-іншаму». А для занадта адукаваных прапаноўваўся «экспартны варыянт»: «We make your flat better». Нават пяцікласнік мог перакласці, што «Мы робім вашу кватэру лепшай».

Рэклама ў газетах мільгала ці не кожны дзень:

 

Робім рамонт за тры тыдні

«Ніхто, толькі мы: Працуем без выхадных

Створым новы імідж вашага дома».

 

І ўсё ж самай лепшай і дзейснай рэкламай была сама Ала, з яе кідкай знешнасцю і выключнай абыходлівасцю. Кожны мужчына, нават жанаты, не супраць таго, каб адчуць сябе сапраўдным прадстаўніком моцнага полу. У Алы не было таннага какецтва, яна магла зірнуць у вочы - і рабіць з кліентам што заўгодна. Алена расказвала пра адзін выпадак, калі ў офіс уварваўся раз'юшаны мужчына. Гэта быў дужа прыдзірлівы кліент, бо заўважыў, што ў прэйскуранце цэн паклейка шпалераў 2$ за метр квадратны, адкуль жа тады ўзялася 1000$ на непрадбачаныя расходы?! Ён са злосці ледзь не забіў сакратарку, і тут з'явілася Ала. Кліент шчэ крыху пасупраціўляўся, потым палагаднеў, а затым папрасіў, каб адказнай за рамонт была Ала. І па кожнаму, нават самаму дробязнаму, пытанню ён прыбягаў раіцца з Алай. Часам здавалася, што ён спецыяльна выдумляе праблемы, каб сустрэцца з ёй. Быў нават выпадак, калі ягоная закаханасць дапамагла выратаваць гонар фірмы. Гэты вар'ят купіў для ванны ўвагнутую плітку. Нашыя майстры ніяк не маглі роўна прымайстраваць разетку. Па ўсіх правілах трэба было ледзь ці не ў плане распісаць, дзе будзе гэтая разетка і як размеркаваць плітку, каб усё было бездакорна. Зараз нашыя спецыялісты з такой вытанчанай пліткай не лапухнуцца, а тады толькі Ала нас і выратавала сваімі ўгаворамі.

Галоўная мэта любой рамонтнай фірмы - выцягнуць паболей грошай з кліента. І розніца між фірмамі ў тым, што адна ўсё ж робіць добры рамонт, другая - такі-сякі, а трэцяя - уцякае з авансам. Ала была інструментам па выцягванню грошай. Мужчыны не шкадавалі сваіх кашалькоў, абы толькі Ала ў іх не расчаравалася. Для тых, хто ўсё ж жмотнічаў, у яе быў прыхаваны «позірк зневажальны» і «позірк пагардлівы». Розніцу між імі ведала толькі Ала і тыя, хто іх атрымліваў. Так што бацька Алены не пашкадаваў, што ўзяў Алу: яна несла фірме залатыя яйкі.

А вось Андрэй Вараховіч быў хлопец як хлопец, калі не лічыць, што ўзялі яго сюды як патэнцыяльнага зяця. Праўда, на першым годзе вучобы на філфаку Андрэй заляцаўся да Алы. Хлопцы, як пчолы, злятаюцца на больш яркую кветку, але Андрэй хутка зарыентаваўся, што ў гэтай кветкі атрутны нектар. Да таго ж, Ала не мінчанка, а ў яе сяброўкі Алены, акрамя ўсіх яе вартасцяў, антэна сотавага тырчыць з кішэні заплечніка.

Мяне здзіўляла, як можна сябраваць, падзяліўшы хлопца. А ў гады студэнцтва яны былі як адно цэлае: разам уцякалі з лекцый, сядзелі ў чыталцы ці сталоўцы. Але ў рэшце рэшт маральныя пакуты Алы акупіліся добрай кар'ерай, нядрэннымі перспектывамі (якія, на жаль, ёй не спатрэбіліся) і вось гэтай кватэрай, якую я зараз аглядала.

Усё дыхала свежасцю і навізной нядаўняга рамонту. Шафы з сістэмай рассоўных дзвярэй. Рычаговыя краны ў ванным пакоі. Вокны-шклопакеты. Галагенавыя лямпачкі ў пластыкавай столі. Шоўкаграфія шпалераў. Дзе можа ўзяць 27-гадовая пані грошы на такі рамонт? І паркет у яе быў не ламінатны, а дубовы!

Цяжка, трапіўшы ў такую прыгажосць, у такую сучаснасць, не разгубіцца. Ну, не ўмею я карыстацца такім кранам! Гэта потым я зразумела, што рычажок падняць трэба. Але пытацца ў Алены я саромелася: навалілася на мяне нешта невымоўнае, невытлумачальнае. Я магу, канешне, спытаць, як і чым карыстацца, але гэта тое самае, як хтось з мінулага стагоддзя спытае ў мяне, як карыстацца ўнітазам. Вось нашто патрэбны тыя мігцелкі ў кутах пакояў? Потым я ўжо вылічыла, што яны рэагуюць на мае рухі, і спачатку падумала, што гэта якая-небудзь мініяцюрная відэакамера шчыруе. Таму першыя два дні пераапраналася ў ванным пакоі (там гэтых віжоў не было) альбо рухалася так павольна, каб гэтыя апараты «не заўважалі» мяне. Праз пэўны час я зразумела, што гэта толькі сенсары руху, але навошта яны, я так і не даўмелася.

Усё яшчэ дыхала прысутнасцю Алы: і пеньюар на спінцы стула, і кніжка з закладкай, і прыгожыя басаножкі на высокіх абцасах, якія мне закарцела прымерыць, але здавалася: зараз з'явіцца Ала і здзівіцца, што я прымерваю ейны абутак. Без прымхаў не абышлося. Як доўга я мучылася, перш чым заснула на яе ложку - стыльным і зручным ложку замежнай вытворчасці. Мэблю Ала вышуквала, відаць, у лепшых салонах. Спачатку мне падалося, што ложак - драўляны, але аказалася, што гэта метал «пад дрэва». Матрацы, як рамкай, былі абкружаныя металічнай прыступкай, на якую Ала дзеля павелічэння экзотыкі ставіла бакал са сваім, бачна, улюбёным гішпанскім віном Ribera del Ruecas, бутэлька якраз стаяла на тумбачцы.

Ноч была вусцішная. Паркет вяртаў мне мае крокі рэзкімі, узрывальнымі гукамі. Здавалася, нехта ходзіць па кватэры. Ала? У вокны біўся вецер, бо дом стаяў на ўскрайку мікрараёна.

Нягледзячы на шклопакеты і металічныя дзверы, па кватэры гулялі скразнякі, мабыць, гэта яны прынеслі аднекуль пах цыгарэт. Мне ўжо не было чым дыхаць, я адчыніла акно - і цыгарэтамі пацягнула мацней. Напэўна, нехта курыў на калектыўным балконе альбо ў тамбуры, але ніякія рацыянальныя тлумачэнні не маглі вярнуць мне спакой. Раніцай я ледзь не памерла са страху: у замку нехта калупаўся. Я ўжо збіралася набраць 02, як пачула за дзвярыма голас Алены:

- Адчыні, гэта я. Па звычцы свае ключы дастала. Як можна так доўга спаць, ну скажы?

За сняданкам Алена расказвала:

- Яе забіў чалавек, які дрэнна яе ведаў, але ведаў настолькі, каб яна паспела яму сказаць, што ўмее катацца на роліках. Разумееш, у яе была ... слабасць ці... хвароба... як бы сказаць... Карацей, яна хлусіла ва ўсім. Я гэта не адразу зразумела, а пасля ўжо было позна, бо мы былі ўжо вельмі блізкімі сяброўкамі. Альбо быць з ёй, альбо адной. Немагчыма ж не сябраваць ні з кім. А потым я прывыкла. Чалавек да ўсяго прывыкае. Не, яна не хлусіла кліентам, дакладней, спадзяюся, што не хлусіла. Ведаеш, я шчэ хвалююся, каб яе гібель не была неяк звязана з нашай фірмай. Але ўвогуле, мне здаецца, яна сваімі прыдумкамі ўпрыгожвала сваё ўласнае жыццё. І нават мая прысутнасць не магла яе стрымаць. Мабыць, ёй нечага не хапала ў жыцці? Не ведаю.

О, гэта мне было знаёма яшчэ з універсітэцкіх часоў. Эх, Ала, Ала! Яна кожны дзень грала розныя ролі. І ўсё было б добра, калі б яна мела выключную памяць. А без гэтага штодзённыя змены амплуа проста смяшылі. То яна хвалілася, што ў яе дома падвясная столь з галагенавымі лямпачкамі (яна была з маленечкага гарадка, дзе прыбіральня не на двары лічылася шыкам), і на падколку дзяўчат, ці паляпшае такая столь гукаізаляцыю, адказвала ўпэўнена: «Так!» Але калі на наступны дзень нехта пачаў скардзіцца, што чуваць кожнае слова суседзяў зверху, Ала адразу склала ладную гісторыю пра тое, як яе суседка перад сексам здымае бранзалеты, і чуваць, як яны коцяцца па падлозе. І рэха жарсці таксама чуваць. Ніхто, вядома ж, не здолеў бы расказаць больш пікантную гісторыю.

- Карацей, ты хочаш сказаць, што яна некаму нахлусіла, як яна часта і добра катаецца на роліках. І гэты «нехта» скарыстаў ілжывую інфармацыю?

- Так, таму гэта не блізкія сябры і не члены яе сям'і.

- Альбо нехта з іх скарыстаў яе хваравітую ілжывасць.

- Я не падумала нават пра такое! Ну, тады кола патэнцыяльных злачынцаў разрастаецца, але і канкрэтызуецца.

- А чаму ты ўвогуле думаеш, што ролікі на яе надзеў забойца? Калі яму ўжо так трэба было яе забіць, дастаткова проста пераехаць машынай. Мільёны людзей так гінуць. А можа, ён нешта хацеў гэтым сказаць? Ці нейкі маньяк. Які атрымоўвае асалоду ад казытання нерваў, бо трэба ж час, каб надзець ролікі. А без практыкі ўвогуле не насунеш. Хаця... пры чым тут практыка? Ведаеш, як робяць у кіношных дэтэктывах? Яны апрацоўваюць спачатку спадкаемцаў, потым калег, потым сяброў, а вінаваты заўсёды звязаны з любоўнай лініяй. Ты мяне разумееш? Ці быў у яе хлопец?

Алена чамусьці пачырванела, збянтэжылася і спалохана сказала:

- Не... не думаю... Хоць розных прыгод хапала...

- Пачакай, на дверцы шафы вісіць гальштук! - спыніла я яе.

- Ага, і ты таксама купілася?! Вось табе найсвяжэйшы прыклад таго, што яна вытварала з людзьмі. Гэты гальштук купляла я, ён такі ... блакітны, пад колер шпалераў. А ў ванным стаяць сродкі для галення і дзве зубныя шчоткі. Калі б яна была жывая, я ўпэўнена: яна прадэманстравала б і што-небудзь з мужчынскай адзежы ці бялізны. Гэта ж Ала!!! - з незразумелым захапленнем вымавіла Алена.

- Яна імітавала ў кватэры мужчынскую прысутнасць? - жахнулася я.

- Ну што ты дзівішся, незнаёмых гэта ўражвала, - з іранічнай усмешкай адказала Аленка.

- Незнаёмых? - канчаткова перапужалася я.

- Лепш сказаць: не блізкіх сяброў. Ёсць такія мужчыны, якіх больш цікавяць несвабодныя жанчыны. І Але падабаліся менавіта такія мужчыны. Яна была майстра кінуць «неасцярожны» афарызм. Кшталту: «У літаратуры мяне раздражняе тэорыя, а ў сэксе - практыка». Усе смяяліся, і толькі Андрэй крыўдзіўся, - з сумнай усмешкай распавяла Алена.

- А ён чаго? - асцярожна спытала я, памятаючы пра цесныя стасункі Алы і Андрэя ў студэнцкія гады.

- Не ведаю, можа, абурэнне за мужчын, а можа, у іх на першым курсе было што-небудзь. У інтэрнаце ж жылі, - сказала Алена з лёгкай крыўдай.

- Ой, не трэба толькі казаць, што ў інтэрнаце панавалі блуд і распуста, - зараз пакрыўдзілася ўжо я.

- Прабач, прабач, - спешна прамовіла Алена.

- Ну, тады пойдзем па накатаным і зашмальцаваным кінасцэнарыстамі раскладзе. Спадкаемцы! Якая ў яе была сям'я? - мне падалося, што пачынаю пераймаць інтанацыю сапраўдных дэтэктываў.

- Бацькі, сястра... Але яна з усімі пасварылася і ніколі іх не наведвала, як і яны яе. Падазраваць іх не мае сэнсу: яны атручвалі адно аднаму жыццё, але хто з нас не перашкаджае жыць крэўным, га? Няма і матэрыяльнага інтарэсу: яны жывуць дастаткова заможна, - Алена распавядала, гледзячы ў столь, нібы там было нешта напісана, як урок адказвала.

- Чым больш маеш, тым больш хочацца! - я прыпляла да месца чужы афарызм.

- Магчыма, твая праўда... Мог быць у іх ... не матыў, а так - праблема. Увогуле па гісторыі яе сям'і можна фільм здымаць. Шматсерыйны. І, на жаль, без happy end'а. Яе родны бацька - алкаголік. Прычым з маладосці. А маці была такая моцная і рызыкоўная жанчына, што, хоць цяжарная была, але кінула яго. І ўсё яшчэ цяжарная недзе надыбала свайго цяперашняга мужа, - Алена гаварыла з такім захапленнем, што маці Алы здавалася ледзь ці не гераіняй.

- Калі яна выглядала, як Ала, то нічога дзіўнага, - не ўтрымалася я, каб не згадаць пра Алкіну прыгажосць, ды Алена зрабіла выгляд, што не пачула.

- Такім чынам, Алу выхоўваў няродны бацька. Таму ў яе прозвішча, імя і імя па айчыму, а не па бацьку. Яшчэ ў яе ёсць сястра Таня, маладзейшая на год ці два. Ды яны ніколі асабліва не сябравалі. Больш таго, Ала адбіла ў яе хлопца. І не таму, што сама закахалася, а проста так, дзеля гульні. Адбіла, каб адбіць, дзеля жарту. Разбіла жыццё і хлопцу, і сястры, бо каханне там было, асабліва з Таццянінага боку. Я дакладна гэтую гісторыю не ведаю, выцягнула з Алы па кавалачках. Але мне здаецца, што яна разумела, што нарабіла, і раскайвалася.

- А ці не магла нянавісць успыхнуць з новай сілай? Ды і хлопец той, мабыць, не забыў нічога? - я задала «дзіцячае» пытанне, адкуль жа Алена магла ведаць пра рэакцыю таго хлопца.

- Такія гісторыі здараюцца. Гэта жыццё, і забойства тут нічога не зменіць, - па-філасофску зазначыла Аленка.

- А калі б яна твайго Андрэя адбіла? - напэўна, занадта жорстка спытала я.

- Ты што, забылася, гэта я ў яе Андрэя адбіла. Ну, не глядзі так! Не адбівала, ён сам адбіўся. Калі б яна... Гэта была б сітуацыя, якая не залежыць ад мяне. Я паставілася б па-філасофску: не яна, дык іншая. Значыць, нешта не так было ў нашых адносінах, - Алена прамовіла гэта, і яе вочы неяк востра бліснулі.

- Ну, проста па нотах разыграла, - зазначыла я.

- Не ўсё так проста: калі жывеш побач з Алай, чакаеш гэтага кожны дзень. Ды калі б што і здарылася, я не стала б нікога забіваць, магчыма таму я лічу, што іншыя таксама не забілі б з-за кахання. А родная сястра дакладна б гэтага рабіць не стала. Адбыўся звычайны «разрыў дыпламатычных адносінаў». Маці стала на бок малодшай дачкі, айчым, канешне, таксама. Слухай, у мяне праз паўгадзіны кліент, хочаш, давай са мной?

 

Алена так упэўнена кіравала сваім джыпам, што здавалася: яны створаны адзін для аднаго. Прыгожы і дагледжаны джып «гранд-чэрокі» і ягоная гаспадыня, нельга сказаць, што прыгажуня! Але гэтаксама як у ейны джып былі ўкладзеныя ідэі і праца лепшых майстроў аўтамабільнай індустрыі, так і да Алены дакрануліся рукі лепшых касметолагаў, візажыстаў, цырульнікаў. Калі з Алены яны зрабілі цукерку, то можаце сабе ўявіць, якім незямным цудам выходзіла ад іх Ала.

Джып быў чорны, як жартавала Алена, для таго, каб пасаваць ўладальніцы (заўсёды што-небудзь з яе адзення ці абутку было чорным). Але летам у ім было так спякотна! І, напэўна, я не змагла схаваць свае думкі на гэты конт. Алена засмяялася:

- Памятаеш анекдот пра двух «новых» расейцаў, якія парыліся ў машыне, удаючы, што там ёсць кандыцыянер? Дык мы з табой - «новыя» беларусы, а гэта лепей, чым «новыя» расейцы, таму мы маем кан-ды-цы-я-нер!

Астатнюю частку дарогі я мужна пакутвала ад «фінскай зімы».

«Мы з табой - «новыя» беларусы». Мы з табой! Яна нават не адчула, якую недарэчнасць сказала. Яны з Алай былі «новымі» беларусамі. Яна жыве і не ведае, што недзе людзі могуць жыць горш, а могуць не жыць, а існаваць. Яна сказала так і адчувала так не таму, што дрэнная ці сапсаваная грашыма, не, яна - наіўная! Але як лёгка быць наіўнай, калі ты багатая. І на нейкі момант я ёй пазайздросціла, але толькі на нейкі момант. Абсалютна шчаслівых людзей не бывае. Усё залежыць ад таго, як чалавек ставіцца да жыцця: нехта мужна прымае жахлівыя ўдары лёсу, а нехта застрэліцца з-за няўдалай формы носа ці новай зморшчынкі.

Кожнае шчасце мае неад'емны дадатак - страх не ўтрымаць яго. Вось ёсць у Алены джып. Дык калі яны не разам, яна толькі і думае, ці яго не ўгналі, ці не папсавалі ад зайздрасці, ці колы цэлыя. Шчасце шчасцем, але ж клопату колькі: і тэхагляд прайсці, і на зіму шукаць нейкія новыя сродкі ад карозіі, не кажучы ўжо пра якаснае паліва і нейкае рэдкае машыннае масла.

- Алена, адкуль у Алы кватэра? - з цікавасцю спытала я.

- Падарунак фірмы. Калі бацька прыняў на працу мяне, Алу і Андрэя, то купіў двухпакаёўкі кожнаму з нас, - сціпла патлумачыла Алена, выварочваючы руль джыпа пад чарговым светлафорам.

- Ну тады я разумею, чаму Ала з табой не сварылася, - я паспрабавала пакпіць.

- Калі б яна са мной пасварылася, то кватэру б не адабралі. Іншая справа, калі б яна пакінула фірму, тады канешне... - сумна ўсміхнулася Алена.

- А яна, канешне, пакінула б фірму, калі б пасварылася з табой, ці не так? - сказала я з непрыхаванай іроніяй.

 

...Рамонт у кватэры блізіўся да завяршэння. Гаспадар паспрабаваў сварыцца з-за шчыліны пад дзвярыма, што вялі на кухню. Алена запісала скаргу ў нататнік і ўпэўнена пачала тлумачыць, як будзе выпраўлены дэфект:

- Знізу наб'юць планку такога ж колеру. Нават вы не заўважыце, дзе была праблема, не кажучы ўжо пра гасцей. Можа, ёсць якіясьці іншыя пытанні?

Злосці ў гаспадара паменела. Наколькі я зразумела, Алена ніколі не спрачалася з кліентамі, на яе немагчыма было пакрыўдзіцца, бо яна не давала падстаў для гэтага.

- Я чуў, нешта пераблыталі з праводкай. І ў спальні нельга будзе павесіць нармальную люстру на два выключальнікі? - ветліва спытаў гаспадар кватэры.

- Так, праблема сапраўды была, але ўсё ўжо выпраўлена. О, і бойлер павесілі, - Алена перавяла гаворку на прыемную тэму.

- Павесіць павесілі, але ім жа яшчэ і карыстацца трэба, а інструкцыя на англійскай, - ахвотна падтрымаў размову гаспадар.

- Дык у вас ёсць стымул вывучыць мову, - пажартавала Алена. - А калі сур'ёзна, то ўсё цяжка толькі на першы погляд. Калі адключаць гарачую ваду, перакрываеце вентыль гарачай вады, адкрываеце гэтыя два на самім бойлеры, ставіце патрэбную тэмпературу, але лепш на пазнаку «е», рэжым эканоміі, і вада награваецца, і энергіі няшмат спажываецца. Можаце не запамінаць, мы вам зробім пераклад інструкцыі.

- Ну, дзякуй вам, Аленачка. Не прымушаеце на старасці тлуміць мазгі. Замежныя мовы - гэта для маладых. Вось сын мой дасканала па-англійску шпрэхае...

Я не хацела перашкаджаць такім «інтымным» адносінам і прайшлася па кватэры. Калі б не гэтыя сцены, было б добрае футбольнае поле. Кухня, сталовая і зала былі адным вялікім пакоем, рамонт, здаецца, завершаны, бо пачалі прывозіць мэблю. Крэсламі вылучылі залу, а кухню ад сталовай адмяжоўвала стойка бара. Відаць, гаспадары вельмі спяшаліся засяліцца. Колькасць пакояў не паддавалася пералічэнню, бо была зроблена перапланіроўка з улікам запатрабаванняў сям'і гаспадара: кожны з чатырох дзяцей жадаў мець асобны пакой і да кожнага такога пакойчыка зрабілі прыбіральню, яшчэ была зроблена саўна і адведзены пакой пад трэнажорную залу. А каб прыбраць у такой кватэры, трэба альбо мець некалькі жонак, альбо наняць пакаёўку.

Шпалераў не было, замест іх на ўсіх сценах было нейкае рэчыва кшталту пабелкі. Канешне, яно мела назву, але я не спецыяліст, каб ведаць такія дакладнасці, ды нават маё неспрактыкаванае вока заўважыла, што кожнае дакрананне да сцяны пакідае адбітак. Калі ягоныя дзеці арганізуюць вечарынку альбо проста паспрачаюцца між сабой з біццём талерак, то прыйдзецца рабіць новы рамонт. Але што зробіш, відаць, гэта мода. Як нашчадак савецкага пралетарыяту я не разумела сутнасці эўрарамонту, бо цяжка жыць у палацы, дзе вакол стэрыльная чысціня і салонная прыгажосць. Мне бачылася ва ўсім нязручнасць і чамусьці здавалася, што ў эўрарамонту няма душы.

- У эўрарамонту ёсць душа, калі яго крыху недарабіць, - смяялася Алена, калі мы ўжо зноў сядзелі ў машыне. - Калісьці, яшчэ пры Але, быў цікавы выпадак. Да нас звярнуўся малады мужчына, якому зусім не трэба было рабіць рамонт у кватэры. Ён прасіў - ты будзеш смяяцца - паставіць налічнікі на ўваходныя дзверы. Кватэра належала ягонай нявесце, а рамонт рабіла нейкая шарашкіна кантора. Усё зрабілі добра, і заставаліся толькі гэтыя налічнікі, гаспадары ж, акрыленыя завяршэннем рамонту (лічы, год пакутвалі), выплацілі ўсе грошы. Рабочыя хуценька пакінулі кватэру, на сотавы іхняга кіраўніка нельга было дазваніцца. Бацька дзяўчыны сказаў, што ён нікога шукаць больш не будзе, хай гэтую дробязь выпраўляе будучы зяць. Не ведаю, ці паўплывалі бацькавы словы на дачку, але будучы зяць быў тэрмінова знойдзены. Разумны хлопец - звярнуўся да нас. Вясёлая была гісторыя. І вясельная, бо я з Андрэем была запрошана на іхняе вяселле ў якасці ганаровых гасцей. - І прабач, зараз яшчэ адзін кліент, на паўгадзінкі прыблізна.

У голых цагляных сценах пяціпакаёвай кватэры нас чакалі высокі мужчына з вільготнымі вуснамі і ягоная пазбаўленая права голасу жонка. Рамонт яшчэ не пачынаўся, трэба было спачатку скласці праект, вырашыць, якія сцены знесці, якія - узвесці. Кухня і гасцёўня былі адзіным пакоем - разумная прапанова архітэктараў, калі каму трэба - няхай падзеляць сцяной. З гэтага пытання Алена і пачала:

- Кухню будзем адасабляць?

- Мы думаем, што не, - адказаў мужчына, але было відаць, што меркаванне жонкі не ўлічвалася.

- Чаму? - наіўна запытала Алена, відаць, вырашыўшы дапамагчы няшчаснай жанчыне.

- Ну... - ён не ведаў, што адказаць. Сорамна прызнавацца, што бяжыш услед за модай. Але іншага адказу не было. Алена перахапіла ініцыятыву:

- Па-першае, гэта нязручна. Усе пахі ад смажанага і варанага будуць насычаць вашу мэблю. Згадзіцеся, мала прыемнага, калі ад фатэля пахне кухняй, - Алена бесклапотна рассмяялася, за ёй - я і жонка. Кліент вымушаны быў падтрымаць агульны смех.

- Па-другое, - Алена паглядзела на мужчыну такім позіркам, нібы яна зараз паведаміць страшэнную таямніцу, - гэта ўжо не модна. Самі ведаеце, якая ў нас бюракратыя: калі было модна рабіць кухню і залу адным пакоем, - будавалі асобна, а зараз наадварот. І наша фірма існуе якраз для таго, каб зрабіць вашу кватэру максімальна сучаснай, - Алена паглядзела на гаспадара, - і камфортнай, - цяпер Алена зірнула на гаспадыню, якая была ў захапленні ад рэакцыі мужа на сціплую прамову Алены. Ён стаяў абяззброены, але задаволены сабой: здолеў з мноства фірм выбраць, здаецца, лепшую.

Пасля кароткіх інтэлігентных спрэчак усё было збольшага вырашана: тут сцену зруйнуюць, там падоўжаць, вокны бяруць гэтай фірмы, а дзверы - той і гэтак далей, да бясконцасці. Пад канец мужчына ўжо проста згаджаўся з усімі Аленчынымі прапановамі.

Можа, я, канешне, нечага не разумею, але па мне: атрымаў кватэру - клей шпалеры, а не выдумляй сабе лабірынтаў. Відаць, усе думкі былі напісаны на маім твары, бо Алена, не адрываючы позірку ад дарогі, запытальна матлянула галавой, маўляў, што не так?

- Табе не здаецца, што людзі такімі рамонтамі гвалцяць сябе, так шмат нязручнага, але моднага. Прасцей жыць так, як прывыклі, - як мага асцярожней сказала я.

- А як мы прывыклі жыць? І ці жыццё гэта? Адны мае знаёмыя жывуць у двухпакаёвай кватэры з трыма дзецьмі. І яны ўжо прывыклі. Так жыць нармальна? Я жыву ў двухпакаёвай кватэры адна, але мне не хапае пакояў, мне яна малая. Мне патрэбны спальня, кабінет. Зрэдку да мяне прыходзяць госці. У кабінет я не магу іх запрасіць: там усе мае паперы, камп'ютэр, нішто не павінна згубіцца ці сапсавацца. Загадаеш мне весці наведвальнікаў у спальню? Лажыцеся, дарагія госці, зараз калыханку спяваць буду! Так? - раззлавалася Алена.

- Ты мяне не зразумела. Я не пра колькасць квадратных метраў. Я мела на ўвазе, што гэта ўсё смешна выглядае, - я паспрабавала выказаць сваю думку больш карэктна.

- Магчыма, табе збоку лепш відаць. Нашы людзі застануцца нашымі людзьмі ў любой кватэры, з эўрарамонтам ці без. Я ўжо прывыкла, што амаль кожны гаспадар, які мае дарослага сына, нахвальвае мне яго. Вось калі ты заўважыла, сённяшні першы кліент ганарыўся, што ягоны сын дасканала ведае англійскую. Але я, напэўна, не маю права смяяцца, бо іхнія словы сведчаць толькі, што я добрая дзяўчына і яны былі б не супраць мець такую нявестку. Вось таму я буду ўспрымаць усё гэта як камплімент.

 

Нарэшце мы прыехалі ў офіс кампаніі. «Калі кампанія паважае сябе і сваіх кліентаў, яе офіс і нават будынак, дзе той офіс знаходзіцца, павінны выглядаць ідэальна, калі ж фірма займаецца рамонтам, то офіс і будынак павінны дыхаць свежасцю і ствараць уяўленне, быццам ён зроблены толькі ўчора» - лозунг Сяргея Аляксандравіча Белазёрава. А ён не прывык кідаць словы на вецер, таму здавалася, што будынак узведзены не ўчора, а толькі што. Пакуль Алена дамаўлялася пра нешта сваё, рамонтнае, я вырашыла наведаць Андрэя Вараховіча. Але ён адразу здзівіў мяне, адмовіўшыся гаварыць пра Алу.

- Яна ж была тваёй сяброўкай, Андрэй! - нагадала яму я.

- І не толькі сяброўкай, як ты, вядома, памятаеш! Мне пра гэта і яна кожны дзень напамінала, і нават Алена зрэдку папракае. І вось яна памерла, а мне зноў не даюць пра яе забыць, - Андрэй гаварыў так, што я адчула сябе амаль вінаватай.

- А ці трэба забываць? Даруй, калі я нешта не так сказала. Алена мяне...

- Я ведаю, што яна сама цябе запрасіла. Але гэта было яе ўласнае рашэнне, на прыняцце яго я не ўплываў. Я нават быў супраць, - цвёрда паведаміў хлопец.

- Супраць таго, каб знайсці забойцу? - удакладніла я.

- Зразумей, я не супраць таго, каб вы шукалі забойцу. Але без мяне. Я не магу марнаваць свой час на дарэмныя пошукі і пустыя ўспаміны, - сказаў Андрэй і раскрыў нейкую папку, паказваючы, што не хоча больш размаўляць са мной.

- Канешне, нашто марнаваць час, калі і так ведаеш, хто забойца! - чамусьці раззлавалася я.

- А-а, цяпер іншая размова. Паненку цікавіць маё алібі? У мяне яго няма. Я ехаў на машыне да Алены, таму і ў яе няма алібі. Невядома, ці была яна дома ў час смерці сяброўкі. А вось матыў у мяне, канешне, мог быць. Былая каханка, магла шантажыраваць якімі-небудзь эратычнымі фотаздымкамі ці маімі інтымнымі дзённікамі, але, на жаль, я не вяду дзённікаў і не маю звычкі фатаграфавацца аголеным. Але матыў мог быць і ў Алены: былая каханка яе жаніха дэкларуе на яго свае правы! Гучыць прынадна! Напэўна ж, Алена расказала табе гісторыю сямейных узаемаадносін Алы. Таму яе і сястрычка магла забіць. Тым больш што яна дагэтуль не замужам і не ведае, ці могуць быць у яе дзеці. Тады яна зрабіла аборт, бо будучы бацька перабег да будучай цёткі, Алы, значыць, - цынічна паведаміў Андрэй.

- Як ты можаш... - абурылася я.

- Я ўсё магу. Добрыя настаўнікі былі. Але я не скончыў расказ. Гэтаксама патэнцыяльны забойца той няўдалы будучы бацька. Адна са смехам кінула, а другая не прыняла. І ні туды, і ні сюды. Не думаю, што ён забыў, якіх-небудзь сем год прайшло. Што такое сем год для сапраўднага мужчыны? І мамаша, якая дзеля выратавання гонару дачку на аборт аддала, нічога не забыла. Можа, не сцярпела голасу сумлення? Яе магла забіць ты. Можа, яна табе калісь канспект перапісаць не дала ці кавалера перахапіла? Можа, яна камусьці на мазоль наступіла, га? Хаця... яна кожнаму, каму магла, наступала. Так можна кожнага чалавека падазраваць! Быў бы чалавек, а матыў знойдзецца, - ён нібыта бесклапотна рассмяяўся.

Я пераказала ўсё Алене і была ўпэўненая, што яна будзе на маім баку, на баку выхаванасці і маралі. Але яна зусім нармальна паставілася да ягонай рэакцыі:

- Зразумей ты яго, яму дрэнна, балюча. Я магу паплакаць - і плакала, а ён саромеецца, - апраўдвала хлопца Алена.

- Ад чаго яму балюча? Ён жа Алу ненавідзіць! І пасля смерці ненавідзіць мацней, чым пры жыцці! Ад чаго балюча?!

- Калі разбіраць фармальна яе словы, паводзіны, яна вымалёўваецца нейкай пачварай, але ж ты не ведала яе так блізка, як я. Ты не ўяўляеш сабе, што такое Ала! Гэта феерверк! Выбух эмоцый, жартаў, гумару! Гэта святло, дзень!

- Ты кажаш, што яна дзень, а ты змагла б жыць, калі б не было ночы? З такімі людзьмі добра сустракацца раз на тыдзень, але не кожны дзень!

- Ноч - гэта той, хто яе забіў! І я хачу зірнуць яму ў вочы! - амаль што загадала Алена.

Дурная думка з'явілася ў маёй галаве: зірнуць у вочы, каб падзякаваць? Мне трэба было падумаць, зразумець, што я тут раблю. Імя забойцы нікому не патрэбна, і я ўсім перашкаджаю жыць. Можа, Алена ўжо шкадуе, што паклікала мяне, і ейнае запрашэнне проста было першым поклічам душы, які не быў узважаны розумам. І я тут зусім не патрэбная, бо ўсё неістотна. Істотна толькі тое, што загінуў чалавек, які не карыстаўся асаблівай прыхільнасцю ў знаёмых, сяброў, родных. І ўсё...

І тут мне здалося, што не ўсе вузлы звязваюцца... Нешта не так. Андрэй так падрабязна расказаў пра сястру Алы, Алена ж гаварыла, што Ала не хацела ёй расказваць, саромелася. Можа, яна спачатку расказала Андрэю, а ён не ўхваліў, і яна засаромелася толькі тады? Я ўспомніла наш першы курс. Ала з Аленай пасябравалі раней, чым да іх далучыўся Андрэй. Калі б яна каму і расказала першаму, дык Алене. Ды і не стала б яна расказваць аднаму хлопцу, як насмяялася з другога. Андрэй адразу б зрабіў патрэбныя вывады і кінуў Алу. Праўда, ён яе кінуў, але іхні сяброўскі трохкутнік не разваліўся. І чаму Андрэй не расказаў Алене тую гісторыю ў дэталях? Калі яны жаніх і нявеста, у іх не павінна было быць аніякіх сакрэтаў. Цікава, адкуль ён гэта ведае? Нічога, я дакапаюся, але яшчэ не час казаць яму пра маю здагадку.

Я выйшла на балкон падыхаць свежым уручскім паветрам і паглядзець на Менск з вышыні птушынага палёту. Было відаць адзін з карпусоў Політэхнічнай акадэміі, выяву якога змяшчалі калісь на канвертах, найсучаснейшы будынак бізнес-цэнтра з люстранымі сценамі, быў бачны праспект Скарыны з рэкламнымі шчытамі. І тут жа побач жыццярадасныя лясы Ўручча.

Па ходніку дзеці каталіся на роліках. Маленькія фігуркі ў поўным узбраенні (адзін хлопчык нават у шлеме), здавалася, былі занесены сюды з іншага часу і іншага свету. Лес і вузел кальцавой дарогі жылі кожны ў сваім рытме, да якога мы прывыкаем з першых гадоў жыцця. Канешне, ролікі зараз не дзіва, але фігуры, якія рухаюцца ў іншым тэмпе, прыцягваюць увагу. У іншым тэмпе... Філолагам уласціва любую дробязь павялічваць да памераў сусветнага масштабу, і я падумала, што гэтыя дзеці і жыць будуць у іншым тэмпе, што гэта тое доўгачаканае новае пакаленне. Я, напэўна б, у сваіх марах зрабіла іх іншапланетнікамі, але банальнае здарэнне прыцягнула маю ўвагу.

Дзяўчынка выгульвала сабаку і кідала палку, каб ён прыносіў. Чарговы раз палка вылецела на тратуар, звалілася перад хлопчыкам у шлеме, той спужаўся, згубіў раўнавагу і бразнуўся на асфальт. Праз секунду пачуўся гучны плач, мне, праўда, здаецца, што яму было не столькі балюча, колькі крыўдна. Спадарства на роліках з'ехалася да свайго «параненага» таварыша, падбегла дзяўчынка з сабакам. І праз некалькі хвілін гармонія была адноўлена. Як я ўжо казала, філолагам уласціва любую праблему ўзводзіць да масштабаў глабальнай катастрофы. І я адразу падумала, што прагрэс можа быць спынены палкай, прыладай працы каменнага веку. Так і ролікі існуюць толькі ў свеце адпрасаванага асфальту, а па-за ім на роліках можна толькі хадзіць як у ботах, не больш. Дзяўчынка ў жоўтым разагналася і саскочыла з бардзюра, і ўсе па чарзе паўтарылі ейны подзвіг. Нехта падаў, але сінякі і драпіны нікога ўжо не цікавілі, пераможаны ўставаў, каб перамагчы. І мае філалагічныя мазгі падумалі: прагрэс не спыніць.

Так захацелася жыць! І так захацелася прыгажосці! І ўвасабленнем прыгажосці, жыцця і прагрэсу быў для мяне Менск! Я не магу змяніць свой горад, але я магу змяняць яго на Менск. І недзе ўнутры з'явілася надзея. Месца Алы ўсё яшчэ вакантнае, а я тут, пад бокам. Як падвесці Алену да таго, каб яна ўладкавала мяне ў фірму? Канешне, па прафесіі я - настаўніца, але як жа я ненавіджу сваю працу! Кожны год адно і тое ж: адны і тыя ж класікі, адны і тыя ж крытыкі. Як выкладаць беларускую мову, калі большасць дзяцей упэўнена, што гэта ім не патрэбна, а толькі адбірае час?! Як правіць сачыненні, якія спачатку напісаны на расейскай мове, а потым са слоўнікам перакладзены на беларускую?!

Мае сумныя развагі перарваў тэлефонны званок. Гэта была Жанна Кірылаўна Белазёрава, мама Алены. Яна хацела са мной сустрэцца і безапеляцыйным тонам паведаміла, што машына за мной ужо выехала. І ў гэты ж момант па дамафону прыемны мужчынскі голас паведаміў, што за мной прыехалі ад Белазёравай. Супраціўляцца было бессэнсоўна.

Дзіўна, мне чамусьці здавалася, што Алена не такая блізкая са сваёй маці, каб расказваць пра мяне і тым больш паведамляць, дзе я жыву. У Жанны Кірылаўны была цяжкая гіпертанія, і крэўныя бераглі яе нервы шляхам «нічоганерасказвання». Не думаю, што хворым на карысць такая інфармацыйная ізаляцыя, і ўпэўнена, што мела яна сваіх «шасцёрак» і ў фірме, і ў доме. Калі меркаваць па расказах Алены, то за кожным членам сям'і цягнуўся шлейф пакаёвак, якія гатовы былі з кожнага парушынкі здзьмуваць. Маленькі Дзімка марнеў у сваім стэрыльным пакоі з бездакорнымі цацкамі і паслужлівымі нянькамі, ачуняў ён толькі, калі кухарчына дачка, ягоная равесніца, прыцягнула пухкага зайца з адарванай лапай. Дзімка пасябраваў з дзяўчынкай, яны разам пяклі нешта з пяску і высмоктвалі сок з кветак канюшыны. Нянькі трацілі прытомнасць, калі Дзімка разам з сяброўкай лавіў жабак і вусеняў. У дзяўчынкі дома быў маленькі сабачка, зразумела, што Дзімка захацеў сабе такога ж. Але Жанна Кірылаўна выразна дала зразумець, што ніякай псіны ў яе доме не будзе, Сяргей Аляксандравіч вагаўся і прапаноўваў пасяліць сабаку ў будцы, адкуль ён не зможа псаваць каштоўную мэблю, але ён адразу змоўк пад цяжкім позіркам сваёй жонкі. І Дзімка пайшоў ва-банк: адмовіўся ад дэсерту і павесіў на шыю паперчыну з надпісам «Хачу сабаку». Дзімкіна выхавацелька-гувернантка захоўвала знешні нейтралітэт, хоць у душы, на думку Алены, падтрымлівала Дзімкава паўстанне.

Хлопчык перамог. Ён атрымаў шарпея, а разам з шарпеем і свабоду. Але шпіёнкі Жанны сачылі за сабачкам, і праз тыдзень познім вечарам Жанна Кірылаўна ўладарным крокам зайшла ў пакой сына і выцягнула з-пад коўдры соннага шарпея. Дзімка рыдаў, шарпей быў адпраўлены ў свой буданчык, Жанна Кірылаўна заснула цалкам задаволеная, а ўдалая падглядальніца хавала ў кашалёк 5 даляраў. Так шарпей Патап даведаўся, хто ў хаце гаспадар, і праз месяц узорных паводзінаў ён ужо свабодна спаў на шлюбным ложку Белазёравых. Пакаёўкі і прыбіральшчыцы набіраліся па конкурсу: хто больш спадабаецца Патапу. Дзімка пакрыўдзіўся і больш з Патапам не сябраваў. Алена ж атрымала ганаровы абавязак: суправаджаць чатырохлапага падлізніка да ветэрынара і ў сабачую школку.

Дзімка не здаўся, я ўпэўнена, што гадоў у трынаццаць ён паспрабуе збегчы з дому. Алена праблему мамінага звышкантролю вырашыла проста: з'ехала ў асобную кватэру. Дзеля свабоды яна адмовілася ад усяго гатовага, сама гатавала ежу, мыла і прасавала. Жанна Кірылаўна ні разу не была ў кватэры дачкі, і ўсё ж Алена была ўпэўнена, што маці ў курсе ўсіх падзей яе жыцця. Бабка-суседка была звышуважлівай да яе, і калі Алена выходзіла ці заходзіла ў кватэру, яна адчувала, што за суседнімі дзвярыма нехта стаіўся і сочыць.

Яна скардзілася мне па тэлефоне, а я смяялася, мне такое віжаванне здавалася неверагодным. Але Жанна Кірылаўна без слоў здагадалася пра адносіны Алены і Андрэя. У той дзень, дакладней ноч, калі Андрэй упершыню застаўся ў Алены, шоргат за суседчынымі дзвярыма чулі яны абодва, ранкам Андрэй заклеіў вочка на дзвярах суседкі лейкапластырам. А калі яны сядалі ў машыну, каб ехаць на працу, у акне тырчаў бабульчын заспаны твар. Так што факт назірання быў засведчаны. Алена разумела, што бабульцы прыбаўка да пенсіі не зашкодзіць, і гатова была сама плаціць бабцы, каб яна жыла спакойна, але дзе гарантыя, што бабка не пачне працаваць на абедзвюх, ды і Жанна Кірылаўна магла знайсці іншую цікаўніцу. А сваіх ворагаў лепш ведаць у твар.

І калі мама паведаміла Алене, што яе сяброўка Ала Агалецкая шлюха, якіх на свеце мала, Алена не сказала нічога, яна зразумела - гэта праўда, і яшчэ яна ведала, што ў пад'ездзе Алы ці на адной пляцоўцы з ёй жыве нехта, хто сочыць за невялікую ўзнагароду. Калі Ала даведалася пра гэта, яна тыдзень віравала, як кіпень у імбрыку, паспрабавала вылічыць нахабніцу, яна была ўпэўнена, што гэта жанчына, але ў яе пад'ездзе людзі сачылі і віжавалі адзін за адным без аніякіх загадаў, па патрэбе душы. І аднойчы яна паехала да Жанны Кірылаўны, тая дзяўчыну, канешне, не прыняла, маўляў, ціск зноў падняўся. Ала доўга пінала колы свайго аўтамабіля перад домам Белазёравых.

Дзяўчаты вырашылі абдурыць усіх. Алена на пару тыдняў пераехала да Алы, Андрэй жа вёў размеранае жыццё (дзяўчаты былі ўпэўнены, што і за ім сочаць). Алена і Ала са смехам вылазілі з машыны, выцягваючы ёмістыя пакеты, і аднойчы ў ліфце Ала сказала нейкай бабульцы:

- Ён так любіць пад'есці, проста жах!

Бабка ледзь не асела на падлогу, Ала дэманстратыўна паправіла грудзі, і дзяўчаты выйшлі з ліфта. Усе бабкі вар'яцелі, высочваючы хлопца. Нарэшце Жанна Кірылаўна атрымала інфармацыю ад усіх сваіх агентаў: Ала і Алена жывуць з нейкім невядомым і нябачным мужчынам, Андрэй сумуе ў сваёй кватэры, нікуды не ходзіць.

Бабкі і падслухоўвалі, і варту паставілі, але супермужчыну, якому трэба столькі ежы і дзве дзяўчыны, так ніхто і не злавіў. І толькі Жанна Кірылаўна здагадалася пра сапраўдныя прычыны паводзін дзяўчат. Яна запрасіла дачку на вячэру і, скрабучы відэльцам па талерцы, паведаміла:

- Мяне ваша гульня не ўражвае!

Алена запытальна падняла брыво і, адправіўшы ў рот кавалачак рыбы, стрымана адказала маці:

- А мы і не гуляем, мы хамячка завялі. Разумееш, у мяне ў дзяцінстве не было хамячка!

Жанна Кірылаўна схапілася за таблеткі, правяла тыдзень пад наглядам доктара, і дзяўчаты змірыліся.

І вось да гэтай страшнай жанчыны я ехала па яе запрашэнню. Вялізны дом з чырвонай цэглы, пакрыты чарапіцай такога ж колеру, выклікаў зайздрасць і павагу: каб там прыбраць, трэба мець армію пакаёвак. На жаль, экскурсію па гэтым палацы мне, відаць, не прапануюць. Кіроўца машыны галантна адчыніў дзверцы. Я ішла па дарожцы, выкладзенай тратуарнай пліткай і абсаджанай акуратна падстрыжанымі кусцікамі. Мяне сустрэла невысокая дзяўчына ва ўніформе. Яе твар быў абсалютна белы, вусны трэсліся, і яна, заікаючыся, прамовіла:

- Сюды, калі ласка! - і паказала рукой.

Па руцэ сцякала кроў. Я здрыганулася, а яна паспяшалася схаваць далонь за спіну. Спачатку я падумала, што даведзеная да адчаю пакаёўка забіла сваю гаспадыню, але дзяўчына, намагаючыся не заплакаць, патлумачыла:

- Не пужайцеся, калі ласка, я разбіла фужэр. Жанна Кірылаўна вас чакае.

Я асцярожна ішла па сцяжынцы, мне здавалася, што нешта зараз абрынецца. Па-над кустамі і дрэўцамі было відаць шкляны дах, а за паваротам мяне чакаў прыемны блакіт басейна. Жанна Кірылаўна лёгка вынесла з вады сваё стокілаграмовае цела. Мне здавалася, што купальнікі такіх памераў не вырабляюць. Але чорт з ім, з памерам, я такіх прыгожых купальнікаў ніколі не бачыла. Нейкія фантастычна яркія фарбы, складзеныя ў абстрактны малюнак. Жанна Кірылаўна дачакалася, пакуль я адарву ад яе вочы, і павіталася. Я, здаецца, пачырванела. Яна прапанавала мне сесці, а сама села ў шэзлонг, ён нават не аўкнуў пад такой вагой, мабыць, спецыяльна на заказ рабілі. Я чакала ўбачыць стомленую, хворую жанчыну, абкладзеную падушкамі, з лекамі на тумбачцы. Жанна ж Кірылаўна здавалася абсалютна здаровай. Калі б яна была гэткай жа тоўстай, але не такой высокай, то не было б адчування, што ты побач з ёй нішто.

Яна падышла да дрэўца і падняла з зямлі некалькі спелых яблыкаў. На століку стаяла сокавыціскалка, Жанна Кірылаўна сама зрабіла нам сок, а дзяўчына ва ўніформе якраз прынесла фужэры. І я зразумела, што перада мною была разыграна п'еса, прызначэння якой я пакуль не ведала. Жанна Кірылаўна магла прыняць мяне ў доме за кубачкам кавы, і гэта было б больш натуральна. Але яна выбрала басейн. Чаму?

Жанна Кірылаўна наліла сок, укінула ў фужэры лёд і села насупраць мяне. Я ўзяла свой фужэр і крыху адпіла.

- Вам, напэўна, цікава, чаму я захацела з вамі сустрэцца? - Яе нізкі голас адпавядаў камплекцыі, але быў надзіва прыемным.

Вядома ж, цікава, яна магла ведаць толькі пра мой прыезд, але не пра ягоную мэту! Я з суседкамі ўвогуле не размаўляла. Гэта ўжо з фірмы данеслі. Я сціпла кіўнула.

- Андрэй паведаміў мне, што вы прыехалі шукаць забойцу Алы Агалецкай, - яна вытрымала паўзу, каб я пацвердзіла, але я ўважліва слухала і для сябе адзначыла, што Андрэй карыстаецца аўтарытэтам Жанны Кірылаўны ў сваіх інтарэсах.

- Мне не падабалася, што мая дачка сябруе з Агалецкай. Мне не падабалася, што яна працуе з Агалецкай. Мне не падабалася сама Агалецкая! - Жанна Кірылаўна павольна адпіла з фужэра. Яна поўнасцю валодала сабой, а з другога боку, чаго б ёй не валодаць сабой. Яна была занадта спакойнай і ўпэўненай.

- З чаго вы збіраецеся пачаць? - яна не міргаючы глядзела мне ў вочы.

- Н-ну... Распытаць сяброў, знаёмых... - я пачынала баяцца гэтую жанчыну. Хоць, можа, гэта яна мяне баіцца. Калі я прыйду да яе бабак-шпіёнак з міліцыяй, яны раскажуць усё і яшчэ прыдумаюць столькі ж. Мне здалося, яна зараз папросіць, каб я паведамляла пра кожны свой крок. Але я памылілася.

- Я магу вам чым-небудзь дапамагчы? - паслужліва спытала яна.

Да гэткага павароту я не была падрыхтавана.

- О... э... Пакуль не ведаю, - я была пераможана.

- Звяртайцеся да мяне, я спадзяюся яшчэ вас убачыць. Я добра ведала Алу, мы маглі б супаставіць сваю інфармацыю. Дарэчы, вы можаце з'ездзіць у яе родны горад, пагаварыць з яе бацькамі, заўсёды можна будзе даведацца пра нешта такое, вызначальнае. Калі яны не запрапануюць вам начаваць у іх, патэлефануйце мне, у мяне там ёсць знаёмыя. І калі ласка, не расказвайце Алене пра нашу сустрэчу, - Жанна Кірылаўна скінула прасціну і нырнула ў басейн. Маўляў, аўдыенцыя скончана. Вось мне і просьба паведамляць пра кожны свой крок. Толькі такая дыпламатычная, што хоць памірай. «Русалачка стокілаграмовая», - раззлавана падумала я. Але зараз было зразумела, чаму мы сустрэліся каля басейна. Яна была ў купальніку - гэта як падсвядомы знак, што ёй няма чаго хаваць. Вось яна перада мной як на далоні. Яна сама зрабіла мне сок. Мы былі нібы на роўных. Пасля такога прыёму я павінна была прыняць яе сяброўства і стаць яе «шасцёркай». Яна сама зрабіла мне сок, дарма Алена жартавала, што яе маці без сваіх дзяўчат ва ўніформе нават у прыбіральню не ходзіць. Здаецца, я ўсе яе прыёмы расшыфравала правільна.

Дома мяне чакала Алена, прыехала запрасіць на трэніроўку па тэнісу:

- Я падумала, што ты сядзіш тут адна, сумуеш, а ў мяне якраз заняткі. Хочаш дакрануц ца да сапраўднай асалоды? Памятай, гэта арыстакратычны і палітычна-папулярны від спорту.

Раптам нехта пазваніў у дзверы, я банальна спытала «хто там», а мне банальна адказалі «міліцыя». У кантэксце ўсяго, што са мной здарылася, гэта гучала як штосьці страшнае і непазбежнае. За мной прыйшлі... Алена глянула на мяне і ўсміхнулася, маўляў, які ж ты палахлівы дэтэктыў. Яна гучна спытала праз зачыненыя дзверы:

- А што здарылася?

- Кнопка спрацавала, - адказаў прыемны мужчынскі голас. Занадта шчыры і правільны, каб можна было яму паверыць.

Алена памкнулася адчыняць, я схапіла яе за руку:

- Ты што, вар'ятка? Якая кнопка?

На парозе стаялі дзве вялізныя, проста неверагодна высокія постаці. Калі туман страху перад маімі вачыма паступова знік, я ўбачыла двух хлопцаў з аўтаматамі і рацыяй, у якую адзін з іх гучна гаварыў:

- Тайга, Гарадзецкая, 70, усё нармальна, гэта пультысткі ступілі.

«Ступілі», відаць, ад слоў «тупіць, тупыя». Філалагічная загадка канчаткова вярнула мяне да рэчаіснасці. Алена паўтарала міліцыянерам:

- Мы ж не малыя з кнопкай забаўляцца. Дзяцей у нас няма. Мы сядзелі на кухні, а кнопка ў спальні.

Хлопцы развіталіся і пайшлі, Алена стомлена села на стул і сказала:

- Калі яшчэ будуць такія сюрпрызы, не пужайся. Мяне гэтая кнопка ўжо задзяўбла. Навошта яна? Ну... Сядзіш ты дома, раптам нехта ціхенька вырэзвае бензапілой дзірку ў дзвярах і акуратненька так залазіць у тваю кватэру альбо ты сама адчыніш злодзеям дзверы, націскаеш на кнопку - і праз хвіліну два гэткіх жа прыгажуна ва ўніформе ля тваіх ног.

- А дзе гэтая кнопка? - зацікаўлена запытала я.

- Ляжыць на падваконні. Можаш пакласці ля тэлефона і ісці з ёй кожны раз адчыняць дзверы. На вось табе код, будзеш зараз кватэру пад ахову здаваць. Я яшчэ не паведаміла ім, што Ала загінула, можаш называць яе прозвішча, Агалецкая. Трэба так казаць: «Бусел-357, Агалецкая, пробная здача кватэры». Яна адкажа, што правярае, праз секунду паведаміць, што ўсё нармальна, назаве свой нумар, напрыклад, дваццаць трэці, і ты выходзіш з кватэры. І яшчэ наконт кнопкі. Будзе табе сумна, націскаеш кнопку, яны прыязджаюць, а ты ім кажаш: «Хлопцы, паміраю з нудоты. Можа, пасядзім за кавай ці гарбаткай?» А яны ахвотна пагодзяцца, паздымаюць бранявыя свае камізэлькі ды штонікі, таксама бранявыя. І з аўтаматамі на голае цела будуць піць з табой каву, - засмяялася Алена. - Ну што, размарылася? Збірайся, на трэніроўку паедзем. І вазьмі рэчы для саўны.

 

Гэта былі не спецыялізаваныя корты для тэнісу, а вялікі спартыўны комплекс, дзе былі корты, залы для футбола і баскетбола, пакоі з трэнажорамі, памяшканні для гімнастыкі і басейны. Звычайна Алена іграла з Алай, пасля яе смерці яна ні разу не выбіралася на корт. Яна вучылася іграць некалькі месяцаў і ўзроўню Ўімблдона яшчэ не дасягнула, канешне, але пра мой узровень лепей памаўчаць.

Калі мне далі ракетку, я здзівілася:

- Такая лёгкая! Мне здавалася, яна павінна быць цяжэйшай!

- Паглядзім, што будзе праз паўгадзіны, - загадкава ўсміхнулася Алена.

Ужо праз пяць хвілін я не магла падняць руку ад стомы, і, здавалася, нішто не зможа прымусіць мяне іграць далей, ды сорамна было прызнацца, і, гвалтуючы сябе, я іграла. Але ўсё ж праз паўгадзіны я здалася: страшэнныя мазалі на далоні і пальцах не дазвалялі ўжо трымаць ракетку. Наступнай раніцай я высветліла, што з-за мазаля на вялікім пальцы апрананне джынсаў суправаджаецца страшэнным болем. Алена пасмяялася і зрабіла камплімент:

- Ты яшчэ доўга пратрымалася! - І яна сціпла прамаўчала пра колькасць неадбітых мною мячоў.

Разам з намі ў саўну пайшла адна з сябровак Алы і Алены - Каця, якая папрасіла клікаць яе Кэці. Мы распрануліся, закруцілі ў ручнікі валасы, ды мы з Аленай узялі яшчэ ручнікі, каб падсцяліць. Кэці сабралася сядзець на дошках голым азадкам:

- Як уяўлю, што тут да мяне сядзелі хлопцы-футбалісты, жыць хочацца!

Але гарачыня была такая, што ёй прыйшлося сядзець на ўласных шортах, каб не пякло. Яшчэ яна не зняла залаты ланцужок, калі ж ён амаль адразу нагрэўся, і скура вакол яго пачырванела, Кэці з лямантам кінулася з парылкі. Праз якую хвіліну выйшлі і мы. Кэці ўжо выжлукціла амаль палову нашай мінералкі і сядзела, намазваючы на твар нейкі крэм. Я ўвогуле ніякіх крэмаў, акрамя крэму для рук, не прызнаю і лічу гэтую справу інтымнай. Ну, можна намазацца пры сяброўцы, але ж мяне яна першы раз бачыць! Мы зноў пайшлі ў парылку. Пякло нешта ў носе, хацелася часцей міргаць і дыхаць праз рот. Нашыя целы пакрываліся потам, Кэці расцірала сябе рукамі і несупынна гаварыла, але яе ніхто не слухаў. Здавалася, час спыніўся...

Калі мы ўжо апраналіся, Кэці выцягнула пакет з яблыкамі і сказала:

- Усё адно ж адразу на свежае паветра нельга. Трэба крыху пасядзець, дык пасядзім з яблыкамі!

Раптам на калідоры, за дзвярамі, пачуліся крокі. Кэці прыслухалася:

- Аленка, не забылася, як нас мінулы раз футбалісты выганялі? Алена памятае, а вось для цябе ўсё спачатку раскажу, - фамільярна звярнулася яна да мяне. - Ала папрасіла дырэктара даць ёй корт на іншы час, свабодных кортаў не было, і дырэктар загадаў прыбраць вароты з футбольнага поля і нацягнуць сетку. А футбалістаў, час якіх заняла Ала, перасунулі на гадзіну пазней. А ў іх жа таксама час - грошы, яны бізнесоўцы, усёй фірмай у футбол гуляюць. Яны вар'яцелі ад бездапаможнасці, нічога не дабіўшыся ад дырэктара, і вырашылі сварыцца з самой Алай. Яны прыйшлі... І ўбачылі Алу! У іх ад яе прыгажосці языкі паадсыхалі. І мазгоў хапіла толькі на тое, каб сказаць, што яны рады аддаць свой час такой прыгажуні.

Калі яны апрытомнелі, то запэўнілі: «Захочаце заняць наш час у саўне - не дазволім, будзем парыцца разам». Дык яны, гады, кожны раз з трэніроўкі прыходзяць крыху раней, каб крыкнуць: «Дзяўчаты, выходзьце!» Так усё жартам, жартам, а як успомню, якія яны былі раз'юшаныя, яны яе забіць былі гатовыя! Вой, дзяўчаты, даруйце... Ох я дурная, язык як памяло... Даруйце...

Божа мой, нават нейкіх спартоўцаў-бізнесоўцоў, якіх яна ніколі не бачыла, Ала здолела давесці да таго, што яны праглі яе смерці. Як можна пасля гэтага дзівіцца, што пра яе не хочуць гаварыць сябры, што ад яе адмовілася сям'я.

Ды гэта толькі пры жыцці ў Алы як бы і не было родзічаў, а не паспела памерці - па яе кватэру прыехала сястра. Не, я яе не асуджаю. Ёй бы самой такое і ў страшным сне не ўбачылася б: прыехаць да сястры, якая разбіла ёй усё жыццё. Але маці, іхняя ўладарная маці, загадала малодшай дачцэ даведацца, ці не маюць родныя якіх-небудзь правоў на кватэру Алы. Правоў яны не мелі.

Як бы там ні было, у мяне з'явілася магчымасць пагаварыць з Таццянай Агалецкай.

- Я нічога не страціла з яе смерцю, бо ўжо нічога не мела. Зусім нічога. Ні сястры, ні каханага чалавека, ні маці, бо яна пазбавіла мяне самага дарагога, што я магла мець. Вы, напэўна, не ведаеце, у мяне магло быць дзіця. Ад чалавека, якога я кахала. А я проста цацка ў матчыных руках, бязвольная амёба. Я нават узненавідзець Ігара не змагла. Сапраўднае каханне можна разбіць, але чарапкі застануцца назаўжды.

- Я спрабую знайсці яе забойцу... - толькі пачала я.

- Не знойдзеце! - Таццяна перапыніла мяне так рэзка, што аж сама спужалася ўласнай нахабнасці.

- ???

- Калі ён не пакінуў ніякіх слядоў, то вы яго не знойдзеце. Вы даведаецеся, хто ён, толькі ў тым выпадку, калі ён сам раскажа. Чакайце... - Мне падалося, што ў яе вачах бліснуў агеньчык зларадства.

- І буду чакаць, я не з міліцыі, справу за даўнасцю дзён не закрыю. Мне ўжо для сябе трэба ведаць, хто забіў Алу, - я ўжо крыху раззлавалася.

- А вы эгаістка. Ала таксама была эгаісткай, - Таня прамовіла гэта з нейкім невыносным сумам.

- Не раўняйце нас, калі ласка! - абурылася я.

- Нават калі гэта было наўмыснае забойства, не шукайце злачынцу. Гэта ж як яна яго дапякла! - раптам не стрымалася Таня.

- Хто забіў раз, можа забіць і яшчэ, - тонам дасведчанага следчага запярэчыла я.

- Так можа зрабіць толькі маньяк! І не з-за беспакаранасці, а таму, што ён маньяк. А нармальны чалавек будзе ўсё жыццё жыць з гэтым цяжарам, усё жыццё пакутваць, усё жыццё памятаць пра гэта. Ён ужо ніколі не будзе шчаслівы. Бо ў найшчаслівейшыя моманты свайго жыцця ён будзе ўспамінаць, што ён - забойца, - задумліва вымавіла Таня.

- Вы так... з веданнем справы... - асцярожна кінула я.

- Я Алу забіла. Даўно забіла. У той самы дзень, калі яна забрала майго Ігара. І пахавала я яе ў той дзень, калі зразумела, што яна гэта проста так зрабіла, каб руку набіць, папрактыкавацца. О-о, вы не ўяўляеце, колькі разоў я забівала яе ў думках! Ігару сумленне не дазволіла да мяне вярнуцца, а я прыняла б яго... я сама б да яго пабегла... калі б не маці! Яна, як Ала, жорсткая, мэтанакіраваная, ламае чужыя жыцці без аніякіх пакут сумлення, - цвёрда, як завучанае, прамовіла Таня.

- Можа б, вы якую версію прапанавалі? - са слабой надзеяй запытала я.

- Вы не зразумелі? Я вам сказала, што трэба чакаць, пакуль ён сам прызнаецца. Гэта мог быць хто заўгодна! Кожны, хто яе ведаў! - у эмацыянальным парыве Таня трэсла рукой перад маім носам.

- Ну, калі так, то, можа б, вы дапамаглі мне сустрэцца з Ігарам? - папрасіла я.

- Вы думаеце... Гэта не мог быць Ігар! Не... Толькі не ён! - На яе твары адбілася спачатку задуменне, потым страх.

- Я на яго і не думала. Я разумею, вам хацелася б ведаць, што ён пакутуе гэтак жа, як і вы, што ён усё памятае і не дараваў Але, ды я не думаю, што праз столькі год... Самі разумееце... Мне трэба з ім толькі сустрэцца, пагаварыць пра Алу, - супакоіла я Таню.

- Канешне, прабачце. Відавочна, гэта не ён. Столькі год прайшло... - яна дарма спрабавала схаваць сваю нервовасць.

- Запрасіце яго ў Менск, калі ласка.

- У гэтым няма патрэбы. Ён даўно жыве ў Менску. Калі Ала яго кінула, ён паехаў за ёй. Ці то прасіць вярнуцца да яго, ці то адпомсціць. Ён займаецца бізнесам, у яго крама, гандлюе гішпанскай пліткай.

- А вы добра інфармаваны, - з лёгкай іроніяй сказала я.

- Так атрымалася, - сціпла адказала Таня.

Мне здаецца, што гэта ўжо не каханне, а нейкае паталагічнае пачуццё, нейкая незразумелая ўпартасць. Нашто прымушаць сябе бясконца перажываць усё гэта? Відавочна, што кожны сам выбірае, мабыць, Таццяне падабаецца штодня калупацца ў сваім параненым сэрцы.

Мы дамовіліся, што праз тыдзень я сустрэнуся з Ігарам. А за гэты час я планавала з'ездзіць у родныя мясціны Алы, мне падалося, што Жанна Кірылаўна хоча мне нешта паведаміць, але такім чынам, каб я сама знайшла гэтае «нешта».

І я выправілася ў падарожжа. У вагоне насупраць мяне сядзеў вясёлы дзядзька, але мне зусім не хацелася з кімсьці размаўляць. Як толькі цягнік крануўся, дзядзька расклаў сваю торбачку на ўвесь стол, патыхнула катлетамі, якія ён прапанаваў і мне. Але я ў спёку асабліва рэагую на пахі, таму адмовілася і пачала абмахвацца білетам, абы толькі адагнаць гэты смурод ад свайго носа. Праз хвілін дзесяць дзядзька выцягнуў цыгарэты і пайшоў паліць. Калі ён вярнуўся, вакол яго ўсё было насычана гэтым невыносным пахам. Правадніца забрала мой білет, таму я дастала з заплечніка тонкую кніжачку. Дзядзька як бы чакаў магчымасці загаварыць, таму, дыхнуўшы на мяне, спытаў:

- А гэта што за ксёнжка?

- «Людзі на балоце»! - злосна адказала я. Дзядзька відавочна не меў уяўлення пра сапраўдны памер гэтага твора, але па інтанацыі зразумеў, што я здзекуюся з яго. Пяць хвілін ён цярпеў маўчанне і паглядаў у акно. Потым не вытрымаў і дастаў бутэльку піва. Я зразумела, што калі вакол мяне пачне віраваць пах піва, перастраўленага дзядзькавым арганізмам, я запэцкаю купэ змесцівам свайго страўніка.

- Калі ласка, не піце зараз піва, мне ад пахаў - дрэнна, - як мага спакойней папрасіла я.

Дзядзька незвычайна абрадаваўся, запхнуў бутэльку ў торбу і жыццярадасна паведаміў:

- Разумею, у маёй жонкі таксама алергія! Па-аскудная хвароба, - ён з задавальненнем расцягнуў словы.

- У мяне не алергія! - запярэчыла я і зразумела, што ад трохгадзіннай размовы мне не адкруціцца.

Дзядзька Юзік расказваў пра жонку, пра дачку, пра ўнучку, і калі ён перайшоў на суседзяў, высветлілася, што мы едзем у адзін горад. І тады я шчыра зацікавілася гутаркай, навяла размову на Алу Агалецкую. Дзядзька, відаць, быў не майстар расказваць плёткі, таму запрасіў мяне ў госці пагаварыць з яго дачкой Валянцінай, якая вучылася з Алай у адной школе, дакладней, у адзінай школе горада.

Валянціна аказалася жанчынай вельмі гасціннай, яна адразу прапанавала мне застацца ў іх на патрэбны тэрмін. Было, канешне ж, прыемна, але ўсё адно дзіўна, як гэта абсалютна незнаёмаму чалавеку можна так даверыцца. Пасля абеду, пад каву і абаранкі, яна пачала расказваць мне пра Алу.

- Шкада, што яна загінула. Не, я разумею, кожнага шкада. І хоць Алка была апошняй паскудніцай... - Валянціна пакуль што шукала словы.

- Вы добра яе ведалі? - я паспрабавала дапамагчы.

- Мы ж з табой на «ты»! Я з Алкай у адной школе вучылася, толькі на чатыры класы пазней. Ледзь давучылася я да адзінаццатага класа. А потым замуж выйшла, дзіця нарадзіла, сама разумееш, якая тут вучоба. Я вось толькі што сяброўцы сваёй патэлефанавала, Наташы, яна Алку ведала, як змесціва сваёй касметычкі. Наташа, канешне, Алку ненавідзела і ненавідзіць. Ала, вядома ж, адбіла ў яе хлопца. Перад самым вяселлем, - Валянціна нервова засмяялася. - Якія ж мужыкі ідыёты, увесь горад ужо ведаў Алкіну натуру, але як толькі яна каму міргне, той імчаў ледзь не ногі ламаючы. А Наташкін хлопец не промах быў. Ён і з адной, і з другой. І тут, і там, - Валянціна ўздыхнула і крыху памаўчала. - А жаніцца збіраўся ўсё адно з Наташкай. І перад вяселлем забегла да іх Алка, збялела-счырванелая, перапужаная, кажа: «Я цяжарная... здаецца». Здаецца! Абы сапсаваць усё. Наталля, канешне, казлу гэтаму аплявуху ўляпіла, выгнала і сукенку вясельную ўслед кінула. Алка ўсім шчыра ўсміхнулася і пайшла. Фантастыка! У нас такіх дзевак больш няма. Здаецца, шлюха шлюхай, але хадзіла ганарлівая, як прынцэса. Не, няма такіх дзевак зараз, каб так усё спалучаць. Эх, Ала вытанчана помсціла, - працягвала Валянціна, не даючы мне ўставіць слова. - Матка Наташкіна з'ездзіла ў Польшчу, тады многія ездзілі, і прывезла вельмі прыгожы світэр. Алка, калі трапіла ў Менск, на рынку ўбачыла такі ж самы світэр. Грошаў было мала, дык яна галадала, але свінню Наташы падклала. Алка той світэрок даслала Наташкінай лепшай сяброўцы. І якая яна ні сяброўка, але насіла, бо хто ж тут утрымаецца ад такой спакусы. Наталка звярэла, але не адбярэш жа чужое адзенне.

- А гэта нармальна, што вы ёй патэлефанавалі... Ты... патэлефанавала, - выправілася я.

- Дык мы з ёй лепшыя сяброўкі, нягледзячы ні на што, - не да месца дадала Валянціна. - Ты Наташку ў Менску сваім, у Італіі ці нават у Індыі сустрэнеш - і адразу пазнаеш. Скура заўсёды загарэлая, вочы чорныя, і нос, як парогі на рацэ Ніл, двума прыступкамі.

- Парогі на рацэ Ніл? Якое цікавае параўнанне! - заўважыла я.

- А гэта дачка ў школе праходзіла, а я з ёй урокі вучыла, - засмяялася Валянціна. - Дык малая і кажа, у цёці Наташы нос, як рака Ніл з парогамі. Добрая яна баба, толькі заскокі і ў яе бываюць. На малую маю накрычала, маўляў, не перапыняй ты мяне, я забываюся, што хачу сказаць. Склерозніца старая. Гэта ж дзіця, няўжо можна так. Няма сваіх дзетак, вось і вар'яцее баба.

- А чаму няма? - ціха запыталася я, прагнучы якой-небудзь крывавай гісторыі - спецыфіка маёй новай работы..

- А ад каго? - зарагатала Валянціна.

У дзверы пазванілі і праз секунду ў гасцёўні з'явілася паўнаватая фігурка з незвычайным профілем. Наташа адкінула густыя светлыя валасы з твару, пакруцілася па пакоі і спытала:

- Як вам?

Я, канешне ж, не зразумела, што трэба хваліць. А Валянціна, да Наташыных выбрыкаў прывучаная, стомлена адказала:

- Новая спадніца? Ну, нічога, нічога. Толькі якая ж ты, Наташа, эгаістка. У мяне госця!

- Эгаістка! Ты думай, што ты кажаш! Ты, дура, думай, калі гаворыш! - аж захліпнулася Наташа, а гук «р» віскнуў амаль па-французску.

Мне стала непрыемна, што з-за мяне сварацца сяброўкі, і я паспрабавала накіраваць размову ў патрэбнае мне рэчышча:

- Я хацела з вамі пагаварыць...

Ната павольна павярнулася да мяне, тарганулася і выразна спытала:

- Я не разумею - што ты хочаш!

Я нават не знайшлася, што адказаць. О, такіх Наташачак нічым не выправіш, толькі які-небудзь не вельмі інтэлігентны мужык аднойчы як падыме кулак ды як раструшчыць і раку Ніл і піраміды Хеопса, то-бок вочы. Найлепшы аргумент. А я нічога зрабіць не магла.

І ўсё-такі мы селі піць гарбату (мне ўжо дрэнна станавілася ад бясконцасці піцця кавы). Ната ў мяне з-пад носа выхапіла цукарніцу і пачала распавядаць штосьці вельмі філасофскае, трымаючы яе ў руцэ. Яна відавочна выпрабоўвала маё цярпенне.

- Э-э-э... Можна цукар... - толькі пачала я. Ната, не даючы мне часу аформіць думку ў ветлівую форму, зазначыла са шляхетнай пакрыўджанасцю:

- Я заўважыла, ты не кажаш «калі ласка».

Унутры мяне быў ужо вулкан эмоцый, але Ната чакала вывяржэння. Я пусціла энергію ў іншае рэчышча і пачала моцна разбоўтваць гарбату, грукаючы лыжкай аб філіжанку.

У пакой забегла маленькая дзяўчынка, яна заўважыла Наталлю і адразу схавалася за маму. Потым, асмялеўшы, выкрыкнула: «Цёць Наташа, ты як Баба Яга!» і выбегла з пакою.

- Калі б у мяне была такая дачка, не ведаю, як бы я жыла. А ў мяне дачка была б менавіта такая, - паведаміла Наташа.

Яна так нічога і не расказала пра Алу, і я, узрадаваная добрым пачаткам, крыху расчаравалася. Потым успомніла пра Наталчынага жаніха і пасля адыходу Наташы запытала ў Валянціны, ці не з'ехаў ён з горада.

- А ты не зразумела? Ната ж казала пра дзіця... Любая мая, я ж была там, калі Ала вяселле сапсавала. Застаўся ён адзін, я слёзкі яму павыцірала і... Затое ў мяне дом, сям'я, дачушка бегае. А Наташка ў адпачынак дадому прыехала і няма чым пахваліцца. Праўда, з заручальным пярсцёнкам ходзіць і фотаздымак паказвала, але нешта не прывозіць яго. А фотку прыгожага мужыка можна нават з даляра адрэзаць, - зласліва прамовіла Валянціна. - Ты можаш здзівіцца, чаму мы з ёй сябруем. Але ўяві сабе, калі ў цябе ўсё добра, калі ў цябе новая сукенка ці спадніца, калі ты прыгожая і зусім сталічная пані, перад кім ты будзеш хваліцца? Наташа атрымлівае асалоду ад красавання перада мной. Ну, фігура ў мяне пасля мяшка на другім месцы, але ж у мяне ёсць дзіця!

Яна пасцяліла мне ў зале, я прыйшла, каб нарэшце легчы, але ў крэсле сядзела дзяўчынка і з павагай перагортвала цвёрдыя старонкі альбома пра Адраджэнне.

- Глядзі! - яна здзіўлена тыцнула пальчыкам у постаць голага мужчыны.

- Тады так было модна рабіць, - я паспрабавала растлумачыць гэтае дзіва.

На наступнай старонцы пачынаўся артыкул пра Мікеланджэла. Над загалоўкам цяжка навісаў фотаздымак з выяваю генія. Вочкі малой павялічыліся, яна скамянела і, не датыкаючыся паперы рукамі, сказала шэптам: «Нос, як у цёткі Наташы».

Наступным ранкам я дамовілася пра сустрэчу з бацькамі Алы. Валянціна смяялася:

- Куркулі гэтыя цябе, мабыць, і не пачастуюць нічым. Калі што дрэннае скажуць, не хвалюйся. Калі бацька яе...

- Ты хочаш сказаць айчым... - спыніла я яе парады.

- Якая розніца! Карацей, калі будзе рукі распускаць, не хвалюйся, ён бясшкодны, - Валянціна шматзначна засмяялася.

- Ну, я ж у штанах! Якія рукі, калі нават у сябе самой я не выклікаю ніякіх пачуццяў, - я ўзяла са стала кубачак з кавай і глытнула. У гэты момант у пакой ўбегла малая і тыцнула мне лялькай пад нос. Лялька была прыгожая, але кава апынулася на маіх светлых штанах. Валянціна замест таго каб папрасіць за дачку прабачэння, засмяялася сваім мужчынскім смехам і сказала:

- Ну, гэткія штаны Піліпу Казіміравічу дакладна не спадабаюцца. Ён у нас эстэт.

Я вырашыла не крыўдзіцца і папрасіла якую-небудзь вопратку. Валянціна, кабета самалётных габарытаў, падрагочваючы, пачала калупацца ў шафе і выцягваць сваё мешкаватае адзенне. Мне стала сумна. Але Валянціна раптам дастала з палічкі маленькую спаднічку:

- Малой маёй падарылі навырост... Але на тваю курыную дупку якраз насунецца.

Курыную дупку? Ну, дзякуй за камплімент. Але выбару не было. Стоячы перад нязручным люстэркам, я ўсё ж зразумела, што мне лепш не нахіляцца і не рабіць вялікіх крокаў, калі я не хачу прадэманстраваць усяму гораду сваю бялізну.

У такім нязвыклым выглядзе я даклыпала да дома, дзе жылі Агалецкія. Можна нават сказаць, што я пабыла ў скуры Алы, бо менавіта такія спаднічкі складалі яе гардэроб. Хлопцы нязмушана сачылі за мной позіркамі, а жанчыны няўхвальна хіталі галовамі.

Дзверы мне адчыніў Піліп Казіміравіч. Ён спрактыкаваным позіркам прайшоўся па маіх нагах і задумліва пашкроб падбароддзе. Аліна маці, Валерыя Генадзеўна, незадаволена акінула мяне позіркам і разгублена прамовіла:

- Я вас уяўляла крыху іншай...

Я паспрабавала патлумачыць сітуацыю, але Піліп Казіміравіч пяшчотна ўзяў мяне за руку і салодка загадаў:

- Не апраўдвайся, мілая! Лерачка, калі ласка, давай нам гарбату!

Валерыя Генадзеўна кінула на мужа спапяляльны позірк, прасіпела: «Пшэк юрлівы» і паслухмяна пайшла на кухню...

І хоць бацькі Алы мне нічога асаблівага не расказалі, яны мне вельмі спадабаліся. Прыгнечаныя смерцю дачкі, яны ўсё ж намагаліся быць гасціннымі і прыемнымі. Піліп Казіміравіч зусім не заляцаўся, толькі на развітанне пацалаваў руку, магчыма таму Валерыя Генадзеўна не нервавалася і нармальна са мной пагаварыла. Яны не закраналі даўняй гісторыі з Ігарам і Таццянай, не сказалі пра Алу нічога дрэннага. Яны мала што ведалі пра яе жыццё, але мне падалося, што Ала ўсё ж падтрымлівала адносіны з маці. Валерыя Генадзеўна лічыла Алу сваім увасабленнем, таму не толькі не змагла ад яе адмовіцца, але нават ганарылася дачкой. Мне паказалі пакой Алы, дакладней, агульны пакой Алы і Тані. Аднолькавыя ложкі былі ўпрыгожаны цацкамі, на стале стаялі фотаздымкі ў рамках, на сцяне вісеў каляндар з выявамі кветак. «Разбураная ідылія, такая непадобная да сучаснай кватэры Алы», - чамусьці падумалася мне.

Відавочна адно: Ала любіла сваіх бацькоў. І тым больш недарэчнай выглядала гэтая прыкрая гісторыя з Ігарам. І толькі калі Піліп Казіміравіч, апавядаючы нешта пра Таню, сказаў: «Гонар і ўцеха мая, Танечка», а потым праз некалькі хвілін: «Прыгажуня Таццянка», я зразумела, што ўсё жыццё Алы было пакладзена на сцвярджэнне ўласнай прыгажосці і запатрабаванасці. І таму хлопца трэба было адбіць найперш ва ўласнай сястры, якая шмат гадоў была міжвольным інквізітарам.

А Валерыя Генадзеўна не хацела запешчваць старэйшую дачку, намагалася ставіцца да дзяцей аднолькава. Значыць, Але нават псіхалагічна патрабавалася шмат любові і захаплення ў дарослым жыцці. І гэтая прага прызнання і кахання загубіла яе жыццё. Цікава, якой была б Ала, калі б ёй штодня гаварылі, якая яна прыгожая? На дзіцячых фотаздымках Ала - брыдкае качаня, а Таня - анёльчык. Ды як гэта часта бывае, праз некалькі год яны памяняліся месцамі.

Агалецкія правялі мяне да ліфта, і Валерыя Генадзеўна, стоячы на парозе, папрасіла прабачэння:

- Мы, напэўна, вам ніяк не дапамаглі... І ведаеце, я нават сумняваюся, ці было забойства. У маім жыцці гэта ўжо нічога не зменіць...

Піліп Казіміравіч адчуў сябе лішнім і пайшоў у кватэру, і Валерыя Генадзеўна загаварыла вальней:

- Мне як крылы адрэзалі... Я, магчыма, была занадта строгай да яе... І ўжо нічога не змяніць... Нават прабачэння не папрасіць... - мне падалося, што зараз яна заплача, але яна ўтрымалася, крыху павярнула галаву і ўтаропілася позіркам у пустую сцяну.

З суседняй кватэры выйшаў малады мужчына. Ён павітаўся і націснуў кнопку выкліку ліфта. Валерыя Генадзеўна развіталася і зачыніла дзверы. Ужо ў ліфце сусед спытаў:

- Даруйце мой цынізм, Ала і на тым свеце нешта ўчыніла?

Я, расчуленая пакутамі Валерыі Генадзеўны, няветліва адказала:

- Прыберажыце свой цынізм да ўласнага гора.

- Прабачце мяне, мабыць, я нешта не так зразумеў, - засмуціўся ён.

- А як вы гэта не так зразумелі? - зацікавілася я.

- Я палічыў сябе за Шэрлака Холмса, але мой дэдуктыўны метад не апраўдаў сябе, - ён засмяяўся, заўважыўшы здзіўленне на маім твары. - Я добра ведаў Алу, таму палічыў... - ён узяў маю правую руку і тонам вопытнай цыганкі паведаміў: - Пярсцёнка заручальнага няма. А я ведаю толькі адну дзяўчыну, якая ўмела хутка і якасна здымаць такія ўпрыгожанні.

- Вы падумалі, што яна ў мяне адбіла хлопца? - засмяялася я. - Што вы! Маім хлопцам яна б пагрэбавала.

- Для Алы не было дрэнных хлопцаў! І Ала для ўсіх была марай. Майму сынку пяць гадкоў, і калі мы спыталі яго, з кім ён хацеў бы ажаніцца, ён упэўнена адказаў: «З цёткай Алай!» Ну, а вуснамі дзіцяці самі ведаеце, што гаворыць... Цяпер яму прыйдзецца шукаць іншую кандыдатку на ганаровую пасаду жонкі. Дзякуй Богу, у Беларусі шмат прыгожых дзяўчат, - сказаў ён, абдымаючы мяне позіркам.

Трэба ж было зусім забыць, што я ўсё яшчэ ў гэтай ненавіснай спаднічцы.

...Алена прасіла мяне, каб я ёй патэлефанавала з вакзала, як толькі вярнуся. Я пазваніла, і па мяне прыехаў Андрэй. Я здзівілася:

- Чаму ты, а не Алена?

- Ведаеш, ёсць такі лозунг пра Алу Агалецкую: жыла, жыве і будзе жыць, - зларадна ўсміхнуўся Андрэй.

- І што зараз? - абыякава спытала я.

- А зараз скандал! Прыбег кліент Алы, яна яму набыла ў прыбіральню не тую плітку, якую ён замаўляў. І фрызу да пліткі не купіла... І фугу блакітную, а ён хацеў белую... Бачу, што ты не разумееш, пра што гаворка, але гэта і неістотна. Галоўнае, што ён уляцеў з крыкам: «Я яе прыб'ю!» А я кажу: «Дык, можа, гэта вы яе і прыбілі. Загінула Ала». Ён Агалецкай так даверыўся, што на час рамонту з'ехаў у адпачынак. Я такога лопуха першы раз бачу. А з боку Алы гэта, няйнакш, гіпноз быў.

Алена бегала па кабінеце, як загнаны воўк, рукі ў яе трэсліся, і яна размаўляла сама з сабой.

- Алена, што з табой? - я нават перапужалася.

- Як можна было так зрабіць? - дзяўчына было проста ў шоку. - Я патэлефанавала ў магазін: Ала сапраўды купіла не тую плітку. Той, якая спадабалася гаспадару, не хапала. І Ала на сваю рызыку купіла іншую. Нават не папярэдзіла кліента.

- Ён сам вінаваты, што з'ехаў немаведама куды, - я паспрабавала апраўдаць Алу.

- Пляваць мне і на Алу, і на кліента, але гонар фірмы! - Алена села за стол і апусціла галаву на перакрыжаваныя рукі.

Праз паўгадзіны ў кабінет, падскокваючы і вальсуючы, увайшоў Андрэй:

- Ведаеце, ёсць такія мужчыны...

- Не да жартаў зараз, Андрэй! - перапыніла яго Алена.

- А я і не жартую. Я проста патэлефанаваў жонцы нашага паважанага кліента. Мой прыемны голас, які закранае самыя патаемныя струны жаночай душы і... хмм... цела, прымусіў яе прызнацца, што Ала атрымала дазвол выбраць любую плітку, якая ёй спадабаецца. Проста жонцы кліента цяпер плітка не спадабалася. І шаноўны спадар кліент вырашыў зрабіць пераробку за кошт фірмы, але сітуацыя пасля гэтай тэлефоннай размовы, як бачыце, крыху змянілася. Думаю, уласныя грошы ён пашкадуе...

- І... - задумліва працягнула Алена.

- І заўтра гэтая добрая жанчына, што не здолела супраціўляцца сексапільнаму тэмбру майго голасу, будзе сядзець перад люстэркам і зафарбоўваць сінякі, - засмяяўся Вараховіч.

- Муж быў дома! - здагадалася Алена і кінулася да Андрэя. - Як жа я цябе кахаю. Ты проста золата!

- О-о, колькі кампліментаў! - заўважыла я.

- Гэта не кампліменты! Гэта канстатацыя факта: валасы ў мяне залатыя, - Андрэй паказаў на сваю рудую галаву, - гадзіннік з золата, асадка з залатым пяром, а на падэшве золатам напісана фірма! Я залаты з ног да галавы!

- А з фугай што? - спытала Алена.

- Успомні, ён спачатку казаў толькі пра плітку. Калі яму паведамілі, што Ала загінула, ён і фугу прыплёў. Успомніла? Фугу ён выбіраў сам з нейкім сябрам! Алы няма, нічога даказаць нібыта немагчыма, вось ён і фугу вырашыў замяніць.

- І гэта табе жонка расказала? - нібыта раўніва здзівілася Алена.

- Я не настолькі ўсемагутны, каб прымусіць чалавека расказаць пра тое, чаго ён не ведае. Я толькі што з кватэры. Паважаны таварыш узяў свайго сябра ў якасці групы падтрымкі. А сябар, чалавек просты, спытаў: «А дзе тая фуга, што я з табой выбіраў?!» Кліент ледзь не памёр. Ас-са, ас-са! - развесяліўшыся, Андрэй пачаў скакаць па кабінеце.

- По-о-олька беларуская... - заспявала зусім іншы матыў Алена, далучаючыся да д'ябальскіх скокаў.

- Аргентынскае танга-а-а! - я пачала таньчыць з уяўным партнёрам.

Дзверы ціхенька расчыніліся, у кабінет зазірнуў маленькі жаночы тварык і адразу ж знік, але мы не звярнулі на гэта ўвагі. Калі праз некалькі хвілін я прыадчыніла дзверы, каб выйсці ў прыбіральню, з кабінета насупраць (а гэта быў кабінет Алы) выйшла тая жанчына з маленькім тварыкам, абцягнула сукенку, зрабіла некаму знак, і за ёй з кабінета выйшаў малады мужчына. Я хуценька схапіла за рукаў Андрэя і паказала на іх.

- Сакратарка Сяргея Аляксандравіча і ягоны кіроўца, - сказаў ён мне і, павярнуўшыся да Алены, спытаў: - Спадарыня Белазёрава, што агульнага ў Мішкі і грымзы Віялеты?

- Ім абодвум мама даплачвае за «падрыўную» дзейнасць, ты ж у курсе, - спакойна адказала Алена.

- Ну, гэта я ведаю, а што яны рабілі ў кабінеце Алы? Спадарыня дэтэктыў іх засекла. Так што твае звесткі састарэлі, трэба наймаць свайго віжа - з'едліва прамовіў Андрэй і пацалаваў мне руку.

- Гэтая, як ты кажаш, Віялета паправіла сукенку. Можа, у іх каханне, - прапанавала я гіпотэзу.

- Не з Мішкіным шчасцем. Каб растапіць гэтую лядоўню, спатрэбіцца не адна дывізія гарачых гішпанцаў. Мабыць, ім заробак павялічылі, калі так шчыруюць. А калі сур'ёзна, Віялета бачыла цябе і спадніцу для цябе абцягвала. Ты ў нас чалавек новы, недасведчаны, а Віялета добры псіхолаг, калі б ты не паклікала мяне, то праз дзень бы ўжо казала, што бачыла, як яны займаюцца сексам, - вельмі сур'ёзна прамовіў Андрэй.

- Ды мне і зараз ужо здаецца, што я гэта бачыла, - пажартавала я.

- Думаеш, нешта шукалі? - спужана спытала Алена, прытуляючыся да Андрэя.

- Мяркую, што твая мама сваім шкодзіць не будзе, - сказаў хлопец, абдымаючы Алену.

На наступны дзень, як мы і дамаўляліся, Таццяна Агалецкая арганізавала мне сустрэчу са «сваім» Ігарам у невялічкім кафэ, насупраць офіса «РамСервісу». Мы аднойчы абедалі там з Аленай, і я прызначыла для сустрэчы менавіта гэтае месца. Ігар прыйшоў раней за мяне, і ў гэтым было нешта вельмі прыемнае, нібы гэта не сухая прымусовая сустрэча, а доўгачаканае спатканне. Калі мы вучыліся на першым курсе, Ігар неаднойчы прыходзіў да Алы, таму я яго крыху памятала. А вось ён мяне не пазнаў.

Мы наноў пазнаёміліся. Ён прайшоўся па мне вострым позіркам, які нібыта разрэзаў вопратку і скуру, і зараз Ігар ведаў пра мяне ўсё, нават тое, чаго не ведала я. Божа мой, як я не люблю такіх дасведчаных мужчын! Ён сеў, сплёў свае доўгія дагледжаныя пальцы, задумліва правёў языком па вуснах і нарэшце ўскінуў галаву, як бы дазваляючы мне гаварыць.

- Ты, напэўна, ведаеш, я хачу пагаварыць з табой пра Алу...

- Так. Калі б мог, забіў бы сябе за тую здраду.

- Але-е...

- Ведаю, ведаю, хочаш спытаць, чаму ж я гэта зрабіў. Ты ж Алу ведала! Яркая, прывабная, ніводзін мужчына не ўстаяў бы перад ёй. І я таксама. Ты не ўяўляеш, як добра, што яна загінула! Як быццам бы з мяне ўсе грахі змыліся, - адухоўлена прамовіў ён.

- Цікавая думка. Са святарамі не думаў падзяліцца? - паіранізавала я.

- Я думаў з усім светам падзяліцца! Калі б Таня мне даравала, я быў бы найлепшым мужам. Цяпер нам няма з-за каго варагаваць.

- Ты ведаеш якіх-небудзь ворагаў Алы? - Усё-такі мы сабраліся не для таго, каб абмяркоўваць іхнія адносіны.

- Смяешся? Вось ты ў гады студэнцтва яе любіла? Толькі шчыра! Можаш не адказваць. Сто працэнтаў, яна прываблівала ўсіх хлопцаў факультэта і перацягвала. Ад вас, шэрых мышак.

- Дзякуй, умееш рабіць кампліменты, - крыху пакрыўдзілася я.

- Няма за што. Таму, упэўнены, усе дзяўчаты без выключэння яе ненавідзелі. Так? Далей хлопцы. Усе ад яе вар'яцеюць. Яна да ўсіх уважлівая, і яны адзінокімі начамі цешаць сябе надзеямі. Ведаеш, яе не цікавілі плейбоі. А вось цнатліўчыкі - іншая справа, - абвясціў ён. - Як гэта цікава адкрыць дзіцятку сапраўднае жыццё! І ўсе наступныя гады яны хадзілі з адчуваннем, што іх брудна скарысталі. Мужчыны, нават самыя жанчынападобныя, любяць самі перамагаць, - павучаў Ігар.

- Бачу, ты нядрэнна ведаеш жаночую псіхалогію, - заўважыла я.

- Хлопцы вымушаны станавіцца добрымі псіхолагамі, каб заўсёды падтрымліваць форму, гэта як быць паляўнічым, - пахваліўся Ігар.

- Твой паляўнічы азарт разбіў жыццё столькім людзям, і пасля гэтага табе не сорамна пра яго разважаць? - пакпіла я.

- У тыя часы, калі мяне так танна прадалі, я яшчэ не ведаў такіх жанчын. А вось ты, разумніца, паўтараеш памылку Таццяны. Як звычайна кажуць у такіх выпадках: я кахаў яе ўсёй душой, - летуценна прамовіў Ігар.

- Наколькі я ведаю, і целам, - нахабна ўдакладніла я.

- І целам, - Ігар усміхнуўся. - Хочаш, адкрыю табе маленькі сакрэт? Каб не рабіла памылак. Уяві, мы з Таццянай у інтымнай абстаноўцы. Цемра, ложак і ўсё такое. Яна ў джынсах. Я пачынаю расшпільваць рамень на ёй, потым самі джынсы. А потым як ўдар маланкі: як быццам бы я з хлопцам. Кожны дзень на сабе расшпільваю гэткі ж рамень. І ніякага жадання займацца «гомасексуалізмам» не ўзнікае. Ну, што ты смяешся? Уяві, што ў цябе ёсць сябар-шатландзец. У спадніцы, канешне. І ты здымаеш з яго спадніцу. Табе б на нейкі момант здалося, што ты лесбіянка. Вось, а мне здавалася, што я «блакітны». Ала ж ў самыя моцныя маразы - у спадніцы. Ала ў самыя моцныя маразы - жанчына. Во сцерва! Яна нас ведала як аблупленых. Гэта зараз я на такое не куплюся. Ды час ужо, хутка трыццаць будзе.

- І тут ты зразумеў, што лепшай жонкі, чым Таня, не знойдзеш? І ўсе гэтыя сем год ты гэта ведаў, але так і не паспрабаваў прызнацца? - бязлітасна спытала я.

- А ты лічыш, можна дараваць тое, што я зрабіў? Калі б не Ала, калі б не я, мой сын ужо пайшоў бы ў школу. Ты разумееш, што я страціў, што Таня страціла? Хіба гэта можна дараваць? - ён нібы гаварыў на судзе абвінаваўчую прамову супраць сябе.

- Я хутчэй за ўсё не даравала б. Але Таня кахае цябе неяк па-вар'яцку. Дзякуй табе за размову і за адкрыццё. А то ўсё жыццё хадзіла б непісьменнай і ў джынсах, - жартаўліва падзякавала я.

- Няма за што, шаноўная! - у тон мне адказаў Ігар.

Мы ўжо збіраліся ўставаць з-за століка, як падышоў Андрэй:

- Добры дзень! Дазволіце да вас далучыцца?

Мне падалося нясціплым ягонае запытанне, ды раптам я заўважыла, як ён глядзеў на Ігара, а Ігар на яго. Нібы яны былі калісь знаёмымі, а зараз вырашаюць, прызнацца ў гэтым ці не. У нейкія сотыя долі секунды яны ўсё ўзважылі (прафесійная звычка хутка прымаць рашэнні!) і... не прызналіся. Андрэй мог, канешне, бачыць Ігара ў студэнцкім інтэрнаце. Але гэта было нешта большае за звычайнае прыпамінанне. Інтуіцыя падказвала мне, што яны добра знаёмыя. Можа, нейкія прафесійныя інтарэсы? Але чаму яны не захацелі прызнацца? І ўвогуле, што іх можа аб'ядноўваць, акрамя старога кахання да Алы? Што?

Асабістае жыццё ў Алы было на «выдатна». А наконт грамадскага я вырашыла пацікавіцца ў яе непасрэднага начальніка Сяргея Аляксандравіча Белазёрава, які толькі сёння вярнуўся з замежнай камандзіроўкі.

Але ж гэта не Ігар і не Андрэй, каб проста спытаць: а вы за што яе не любілі?

Таму Алена сама пайшла да бацькі, каб патлумачыць сітуацыю. Праз хвіліну яна выйшла і сказала:

- Я ж казала, мой бацька - самы найлепшы бацька ў свеце. - І яна паказала рукой, што можна зайсці.

Сяргей Аляксандравіч пачаў гаварыць першым:

- Алена расказала мне пра вашае агульнае расследаванне, я ўражаны яе ініцыятыўнасцю. І калі вы так сур'ёзна заняліся гэтай праблемай, вам не лішне будзе даведацца пра пэўныя нюансы. Але гэта зробіць вашу работу бессэнсоўнай.

- Для пачатку ўсё ж раскажыце, - холадна папрасіла я.

- Ала была амаль прафесійнай шантажысткай. Дарэчы, усё, што яна рабіла, яна рабіла бездакорна. І калі працавала, і калі помсціла, вы ўжо мне паверце, - ён неверагодна шчыра ўсміхнуўся.

- А-а... Адкуль вы пра шантаж ведаеце? - я ўжо асмялела.

- Я - адна з яе апошніх ахвяр. Алена, вядома ж, нічога не ведала пра гэткае экзатычнае хобі сяброўкі. - Ён так паглядзеў на мяне, што я зразумела: Алена ніколі не павінна даведацца пра гэта. - А найапошняя ахвяра, як я разумею, яе забіла. І, магчыма, не варта нікога шукаць. Гэта, калі можна так сказаць, абарона. А вам, зразумела, цікава, чым яна мне пагражала.

- Ну, вядома ... - я ўся пераўтварылася ў вушы, а фантазія мая прыгатавалася ўзнаўляць каляровыя малюнкі шантажу.

- А вось і не скажу, - ён гучна разрагатаўся, але пакрыўдзіцца на яго чамусьці было немагчыма. Ён нарэшце супакоіўся, нармальны колер вярнуўся на ягоны твар, Сяргей Аляксандравіч паправіў гальштук і прымірэнча прамовіў: - Прабач, але не змог устрымацца, каб не пажартаваць. Неяк Ала запрацавалася, дзесяць гадзін, а яна ў сваім кабінеце. Я якраз збіраўся ехаць ужо дадому, яна зайшла да мяне з маім жа кіроўцам Мішам, трэба адзначыць, хлопцам звышнаіўным. Ды і я таксама добры дурань. Яна сказала, што да Новага года рыхтуе сценгазету, і прапанавала: «Давайце зробім смешныя фатаграфіі». І трэба ж мне быць такім ідыётам, каб згадзіцца. Не хачу нават расказваць, у якіх паставах мы сфатаграфаваліся... І праз пару дзён яна зайшла ў мой кабінет і кінула на стол фотаздымкі.

- І няўжо вы нічога не маглі зрабіць? - пакпіла я з яго.

- Нічога ты не разумееш. Гэтая дзяўчына - проста майстар фальсіфікацый. Зразумела, я ні ў чым не вінаваты. Але! У Жанны Кірылаўны - гіпертанія, яна ўвесь час жыве пад пагрозай інсульту. Мая жонка цярпець не магла Алу і была супраць таго, каб Алена з ёй сябравала. І ўяві, што Ала прыходзіць да маёй Жанны Кірылаўны з гэткімі фотаздымкамі. Ці, лепш, не прыходзіць - проста дасылае па пошце. Калі б яна сама прыйшла, жонка б ёй ніколі не паверыла, а вось нейкаму добраахвотніку! Гэтая навіна забіла б яе. Не проста здрадзіў, а з Алай!!! І не было б сэнсу апраўдвацца. А праз якую б хвіліну апраўданні і не спатрэбіліся б. Вы зараз скажаце, што я мог бы і сам расказаць у сваёй інтэрпрэтацыі. Мог, але не расказаў. Баяўся? Саромеўся? Не ведаю. А можа, цешыў сябе думкай, што не залежу ад Алы, што магу адкрыцца ў любы момант.

- Ала патрабавала грошай?

- Не, ёй было дастаткова ўсведамлення сваёй улады. Але я дакладна ведаю: я не адзіная яе ахвяра. Гэта было яе хобі. Нехта збірае манеты, нехта рэдкія кнігі. Яна збірала дасье на людзей з дэфектамі біяграфіі.

- Значыць, знайсці забойцу немагчыма?

- А навошта? Ала была д'яблам у плоці. А вы... вы - нядрэнная дзяўчына. Кіньце ўсё гэта. Нашто марнаваць свой час? А? Я толькі хацеў папрасіць вас, можа б, вы знайшлі тыя фотаздымкі. У яе кабінеце іх няма, магчыма, яны - у кватэры. Пашукайце, калі ласка!

Тут нехта да яго зайшоў, і Сяргей Аляксандравіч адразу пачаў гаварыць па-расейску, кінуўшы мне на развітанне «да пабачэння!». Будучыня за людзьмі, якія імкнуцца рабіць іншым прыемнае, і гэта не прыстасоўванне. Сяргей Аляксандравіч ведаў, што мне будзе прыемна чуць беларускую мову, і ён зрабіў мне гэтую ласку. Яму ж сапраўды гэта нічога не каштавала.

Мне ўжо пачынала надакучваць, што ўсе адгаворваюць мяне ад расследавання. Я не стала турбаваць Алену і паехала дахаты на метро. Я стаяла на пероне, калі да мяне падкацілася тоўсценькая бабка і пачала соваць мне ў рукі «рэкламку» нейкай царквы. Я адмовілася. Яна стала ў паставу тыгра перад скачком, наколькі гэта было магчыма пры яе вазе.

- Ты ў Бога не верыш? - строга запытала яна.

- Веру, - шчыра адказала я.

- Дык ты, можа, была ўжо ў гэтай царкве? - палагаднела бабка.

- Я не хаджу ў цэрквы, - катэгарычна прамовіла я.

- Чаму? - аж разгубілася апалагетка царквы.

- Проста так, - ціха, але цвёрда адказала я.

- Беражы цябе Бог, даражэнькая! - яна адступіла ад мяне як ад пракажонай і перахрысціла паветра.

І я раптам адчула, як даўно я не трымала ў руках Біблію, якая я ўся грэшная і брудная. І стала сорамна перад сабой і перад Богам. Я сапраўды даўно не хадзіла ў царкву. Асабліва пасля таго, як у час цяжкай хваробы майго дзядзькі ў цёткі Марыі ў Божым храме запатрабавалі грошы за маральную падтрымку. Калі б той поп толькі пагаварыў з ёй, яна ўдвая болей аддзячыла б. Яе ж да папа нават не дапусцілі. Маўляў, давай спачатку грошы, пакутніца. Дзядзька надзіва ўсім дактарам акрыяў. І потым жартаваў, што гэта Бог прасіў прабачэння за сваіх «старанных» служак. У царкву я не хадзіла, але Біблію мела. Зрэдку я яе чытала, калі было асабліва цяжка. У лепшыя ж часы мне было дастаткова проста патрымаць яе ў руках. Яна супакойвала і дазваляла як бы дакрануцца да Бога.

Я ведала, што Біблія ў Алы павінна быць дакладна. На першым курсе мы ўсе купілі гэтую самую разумную ў свеце кнігу, праўда, не для штодзённага чытання, а для міфалагічнага аналізу. Мая суседка па інтэрнацкім пакойчыку так натхнілася, што кінулася ў рэлігію і хлопца свайго пацягнула. Бацькі ледзьве адгаварылі іх ад пострыгу. І зараз яны поп і пападдзя. Ды Ала ніколі не думала пра манастыр, хоць у яе было нават дзве Бібліі. Адна, сціплая, якую яна купіла разам з намі, а другая, у шыкоўнай вокладцы, толькі што не ў золаце, - падарунак чарговага кавалера.

Біблію ў кватэры Алы я знайшла адразу. Ха, няўжо яна часта ёю карысталася? Грахі замольвала? Кніжка сама раскрылася на дзесяці запаветах. Насупраць кожнага сказу было напісана алоўкам: «Ёсць!» А насупраць «не пажадай жонкі бліжняга свайго» было дапісана: «З папраўкай на мой жаночы пол - не пажадай мужа бліжняй сваёй». І замест «ёсць» было напісана: «Аблом».

Яна што, адбіла чужога мужа? Але ж я памятала пра гальштук і дзве зубныя шчоткі і падумала, што гэта таксама для паказухі, тым больш што кніга сама адкрылася на гэтых старонках.

Я разумела, што трэба абшукаць кватэру, раней мне здавалася, што анёл Ала недзе зверху глядзіць на гэты свет, але зараз я адчувала, што з пекла ёй не будзе відаць яе кватэры. Ужо не было ніякага шкадавання, ды і кватэра, якую я абжыла, не памятала больш Алу.

Нарэшце прыйшоў час перагледзець яе паперы. Павінны ж быць недзе дзённікі, фотаздымкі, нешта, што дапаможа праясніць сітуацыю. І даказаць, што яна сапраўды была шантажысткай.

Ніякіх дзённікаў я не знайшла, а вось фотаздымкаў было навалам. Ала была то Каралевай Жахлівых Ільдоў, то Прынцэсай Паўднёвага Мора. Калі ж забыць, што яна загінула, што пры жыцці была лгунняй і шантажысткай, калі пра ўсё гэта забыць, то можна было ўбачыць, што яна была сапраўды прыгожай. Прыгожай нейкай лабараторнай, стэрыльнай прыгажосцю. Калі б я не вучылася з ёй на адным курсе, я не паверыла б, што гэты цуд, гэты ідэал мог існаваць.

Але ў наступным альбоме фатаграфіі былі зусім іншага плану. Аголеная, яна ляжала ў ложку, сядзела на стале, ела вішні. У мяне быў адзін нясціплы фотаздымак: я ў расшпіленай кашулі на голае цела. Але там нічога не было бачна, усё патрэбнае павінна была дамаляваць фантазія гледача. Увогуле, я саромелася свайго цела, не лічыла яго нечым надзвычай прыгожым. Але нават калі б у мяне была такая бездакорная, як у Алы, фігура, я пасаромелася хаця б фатографа.

На самым сціплым фотаздымку яна голая па пояс, у адных джынсах, прасавала сабе кашулю. На наступным фота яна апранала джынсы так, каб было бачна, што апранае іх на голае цела. На яе выдатнае, бездакорнае голае цела. Мне здавалася, я разумею Ігара, які пакінуў ціхмяную Таню дзеля вось гэтай багіні. Пра самыя нясціплыя фоткі не буду нічога казаць. Ад сарамлівай эротыкі да жорсткага порна. Ну, проста знаходка для «Плейбоя».

Але я, наіўная, дарма так моцна ўразілася, бо калі я пачала праглядаць яе відэакасеты, мне ўвогуле стала млосна. Тым больш што прыйшла з працы Алена. Не скажаш, што нармальна глядзець порнафоткі і порнакасеты, а глядзець гэта ўсё ўдзвюх - проста нейкая анамалія. Ды ў пошуках злачынцы мы былі гатовыя нават на гэта. Калі б у нас не было такой высокай мэты, мы знайшлі б іншую прычыну, каб прагледзець відэаархіў Алы.

Здавалася, нехта забаўляўся з відэакамерай. Здымаў, відавочна, мужчына: камера няспешна праходзіла па неапранутаму целу Алы. Яна мяняла паставы і спакушала аператара. Яна то рыхтавала ложак, нясціпла нахіляючыся, то прымервала бялізну для інтымных ігрышчаў. Раптам на экране з'явілася дата. У гэтым годзе мы вучыліся на другім курсе, значыць, здымаў Андрэй. Божа мой, я нават памятаю тыя дні! Стрыечны брат Андрэя пазычыў яму на тыдзень камеру, і Андрэй здымаў нас усіх падрад. З таго часу й скончылася каханне Алы і Андрэя. Стрыечнік параіў з такой лярвай больш не сустракацца, а звярнуць увагу на каго-небудзь іншага. І Андрэй пераключыўся на Алену. Я падзякавала Богу, што якраз у гэты момант Алена пайшла на кухню паглядзець, як там бульба.

Я хацела выключыць тэлевізар, сказаўшы, што не магу я больш глядзець. Адчуванне, нібы падглядаеш. Але Алена пасмяялася і пажадала глядзець далей. Мне падалося, што яна павінна была б ведаць, што гэта з Алай Андрэй. Але яна ні пра што не здагадвалася.

Ала ўсё спакушала аператара. Нарэшце яна ляпнула рукой побач з сабой, камеру асцярожна паклалі на стол, але не выключылі. Калі ў кадры побач з Алай з'явіўся голы мужчына, я падумала, што ў Алены зараз будзе нервовы зрыў. Але твару мужчыны не было бачна. Затое было відаць усё астатняе. І гэта «ўсё астатняе» ўражвала.

Смелыя рухі, нястрымныя жаданні. Яны займаліся сексам як прафесійныя акцёры, такі секс можна пабачыць толькі ў кіно. У жыцці ўсё больш празаічна і хутка. Магчыма, канешне, яны працавалі на камеру, але нехта б і хацеў папрацаваць на камеру, ды не атрымалася б. Вось, напрыклад, у майго хлопца. У яго б ніколі так не атрымалася. Мяне захлынула зайздрасць да Алы. Канешне, зараз Андрэй з Аленай жаніхаюцца. Але я ўпэўненая, з ёй ён звычайны хлопец, а ніякі не супергігант. З Алай, мабыць, усе хлопцы былі сексуальнымі монстрамі, нават пачынальнікі.

Гэта было як штуршок. Нейкая Ала ў сваёй нахабнасці і смеласці атрымоўвала ў жыцці самае лепшае. Дакладней - не атрымоўвала, усё побач з ёй станавілася іншым. Які ціхмяны Андрэй з Аленай, і вось які ён з Алай.

«Што было ў яе такога, чаго няма ў мяне?» - падумала я. Алена, мабыць, адчувала тое самае. Мне хацелася сказаць: «У цябе ёсць гэткі супермужчына!» Але тады яна гэтага звышмужчыну выкрэсліла б са свайго жыцця. Дарэчы, Ала не магла б шантажыраваць Андрэя гэтай касетай. Твару не было бачна. А дату можна падрабіць. Мы дагледзелі фільм як дармовае порна.

Ала запісвала на відэа ўсе знамянальныя падзеі свайго жыцця, не было там толькі сцэны яе смерці. А шкада, бо назаўтра я ад'язджала. Мяне чакаў мой родны радыяактыўны гарадок і мой неактыўны хлопец. Я выйшла на балкон апошні раз паглядзець на Ўручча з яго кальцавой дарогай і ўрбанізаванымі лясамі. На суседнім незашклёным балконе стаяў хлопец гадоў шаснаццаці:

- Ты будзеш тут жыць замест Алы?

- Не, я сёння ад'язджаю. А ты ведаў Алу? - ухапілася я за магчымасць дазнацца пра што-небудзь новае.

- Я з ёй сябраваў, - з гонарам паведаміў хлапчына.

- Я прыехала сюды, каб знайсці яе забойцу, але нічога не атрымалася. Ніхто нічога не расказвае, усе толькі адгаворваюць, - паскардзілася я.

- Я магу табе пра яе расказаць. Толькі я не магу да цябе прыйсці: я нагу зламаў. Таму давай ты да мяне, - запрасіў хлопец.

Ён сустрэў мяне на мыліцах і з нагой у гіпсавым кокане:

- Пастаў басаножкі ў шафу, бо абутак - любімая страва майго спаніэля. Хадзем на кухню. О, я не сказаў, я - Віця. Праўда, Ала была вельмі прыгожай?

- Праўда, Віця, - згадзілася я.

- Яна была такой добрай, шчырай, - здавалася, ён мог хваліць яе бясконца.

У кантэксце ўсяго, што я пра яе ведала, гэта гучала як здзек.

- Добрай? Шчырай? - здзівілася я.

- Памятаю, я згубіў быў ключы ад кватэры і сядзеў пад дзвярыма, чакаў маму. Мы жывём з ёй удваіх. А бацька жыве з нейкай пятнаццацігадовай. Ну, дык сяджу я. І тут прыйшла Ала з працы. Пажартавала наконт таго, што я ахоўваю кватэры. І запрасіла да сябе. Я, вядома ж, адмовіўся. Яна мяне сілай зацягнула. Прыгатавала вячэру, спытала пра школу. І я неяк узяў і расказаў пра адносіны з дзяўчатамі, пра нянавісць да мяне нашай беларусіцы. У мяне і па белмове, і па белліту траякі стаялі, а ўсе іншыя адзнакі - пяцёркі і чацвёркі. Крыўдна было. І тут аказалася, што Ала філфак скончыла, - адчувалася, што Віця не ўпершыню расказвае гэтую гісторыю, бо гаварыў ён хутка, нібыта я ўсё гэта ведаю, і зараз толькі аднаўляю ў памяці.

- Так, яна скончыла філфак.

- І яна пачала мяне вучыць. Бясплатна! Кніжкі добрыя давала, правілы тлумачыла. Я зараз у 11-ты перайшоў. Сярэбраны медаль будзе. І ўсё дзякуючы ёй.

- Ты так апантана пра яе расказваеш! Я не ведала яе такой.

- Яна магла быць рознай. Я ведаў яе такой, ты - іншай. Але яе светлы вобраз назаўсёды застанецца ў маёй памяці і маім сэрцы. Хочаш мінералкі?

Ала, мабыць, успомніўшы сваё басаногае дзяцінства, карміла яго, вучыла, не здзіўлюся, калі і апранала. Вось і ўся любоў. Ну дзякуй Богу, хоць адзін чалавек нешта добрае пра Алу сказаў.

І тут мяне як працяла. «Ведаеш, яе не цікавілі плейбоі. А вось цнатліўчыкі - іншая справа». Божа, няўжо яна і дзіця не пашкадавала? І я адразу адчула, што мяне ў ім здзівіла. Адна мая сяброўка кажа: хлопцы, набыўшы такі-сякі сексуальны вопыт, адразу мяняюцца ў паводзінах. Больш смелыя, больш нахабныя. Не баяцца жанчын, а наадварот, даюць ім зразумець, што іх нічым не здзівіш. І Віця паказваў, што яго нічым не ўразіш. Узнікала пачуццё, якое не патлумачыш словамі. Быццам бы перад табой сталы мужчына, а між тым усё яшчэ дзіця.

Ён быў даволі тоўстым для сваіх метра сямідзесяці. Джынсы цесна абцягвалі ягоную фігуру, і я не ведаю, як можна сумясціць нагу ў гіпсе і джынсы. Чорная майка не хавала тоўстых рук і жывата, але ягоны «тлушч» не выклікаў гідлівасці, наадварот, у гэтым было нешта прыемнае, прыцягальнае і... даступнае. Віця як бы ставіў за мэту спакушаць і падабацца. Гэта ў яго атрымоўвалася. Хацелася яго абняць. Побач з ім лёгка было быць жанчынай, бо ён успрымаў цябе найперш як жанчыну, а толькі потым як асобу. Але ж ён усяго толькі семнаццацігадовае дзіця. Калі ў яго з Алай нешта было, то я ўжо не ведаю, хто каго спакусіў. Ён глядзеў на мяне з цікавасцю: ці падзейнічае на мяне ягоная сексапільнасць. Я зразумела сэнс ягонага запрашэння: яму зусім нецікава было гаварыць пра Алу, ён проста хацеў паэксперыментаваць. Займець яшчэ адну ахвяру? Віця сам ахвяра ранняга сексуальнага вопыту. У кожным разе ён павінен ведаць пра яе жыццё больш, чым няўдалыя сяброўкі і сябры.

- Віця, у Алы быў хлопец?

Ён як быццам бы чакаў гэтага пытання, бо занадта хутка вымавіў:

- Андрэй Вараховіч.

- О, не. Ён проста сябар, - расчаравана адказала я.

- Я гэта ведаю, - запэўніў хлопец.

- Ала гаварыла? - недаверліва спытала я.

- Не. Вы ж бачылі, у нас балкон незашклёны. І калі крыху высунуцца, можна ўгледзець, што адбываецца ў спальні. Так што я бачыў, як яны «сябравалі». Я чаму падумаў, што вы тут жыць будзеце, я бачыў - вы спалі на яе ложку.

Калі я вярнулася ў кватэру Алы, першае, што я зрабіла, гэта зашторыла акно ў спальні, потым села на камод і пачала ўспамінаць размову з Віцем. Та-ак, а што тут у шуфлядках? Сапраўдны вышукальнік з гэтага б пачынаў, а я ўсё саромелася і вось заглядваю ў апошні момант. У адной шуфлядцы - шыкоўная бялізна, некаторыя рэчы шчэ з этыкеткамі. Нядаўна купляла. Для каго ж яна старалася? Для Андрэя? У другой шуфлядцы - усё для таго, каб Агалецкія-старэйшыя не сталі дзедам і бабай. Нават у прэзерватываў ёсць тэрмін захоўвання, значыць, усім гэтым яна планавала скарыстацца.

Так гэта Андрэй. Быў каханкам, мог стаць і забойцам. Але наколькі можна верыць у гэту інфармацыю? Віця - хлопец дзіўны. Андрэй мог яго нечым пакрыўдзіць, нават выпадкова. І тут Віця атрымоўвае магчымасць яму шыкоўна адпомсціць. Ужо занадта падрыхтаваным выглядаў ягоны адказ на пытанне пра хлопца Алы. А можа, ён толькі і ведаў пра Алу, што яна філфак скончыла і што сябравала з Андрэем і Аленай? Мяне ж можна дурыць. Я пра яе ведаю так шмат, што, можна сказаць, нічога не ведаю. Можа, усё прыдумаў, можа, ён увогуле вар'ят. Што, я ў яго даведку з псіхбальніцы буду патрабаваць?!

Але ў мяне ўжо было адчуванне, што я на патрэбным шляху. Што я трымаю ў руках нітку, якая прывядзе да забойцы. Ці проста дапаможа зразумець сітуацыю, і ніякага забойцы шукаць не спатрэбіцца. Але пачуццё гэтае панавала ў падсвядомасці, і выцягнуць яго адтуль не было ніякай магчымасці. У такія моманты прасцей забыцца на ўсё, і яно само вернецца. Ці не вернецца? Мне ўжо ўсё адно: білеты набыла. Алу мог забіць хто заўгодна, любы яе знаёмы. І Андрэй, і Сяргей Аляксандравіч, і Ігар, і гэты вар'ят Віця. Урэшце сама Алена. У Алы быў талент перашкаджаць другім жыць. А з магілы яна мне жыць не дае.

Лепш пра ўсё забыць і пачаць нарэшце збіраць рэчы. Я адкрыла шафу ў калідоры і ўзяла свае басаножкі, каб запакаваць. І мне падалося, быццам бы я гэта ўжо недзе бачыла.

Канешне, бачыла! У суседа Віці. Гэта былі аднолькавыя двухпакаёўкі з аднолькавымі шафамі, умайстраванымі ў нішу. Толькі ў час рамонту Ала заклеіла белыя непрывабныя дзверы каляровай (пад бук) плёнкай. А ўнутры шафы аднолькавыя.

Не, не аднолькавыя. У Віці басаножкі ад сабакі я ставіла на палічку такую знізу. У Алы такой палічкі не было. Я стала наўколенцы і пачала разглядаць шафу.

Канешне! Палічка была. Але калі Ала рабіла рамонт, то не перасцілала паркет. І тыя пятнаццаць сантыметраў паркету, які гадоў пяць таму клалі на бітум, проста параўнялі падлогу і палічку. Гэта значыць, што калі выняць палічку, то ўнізе будзе нешта кшталту сховішча...

Так і ёсць! Там ляжала папка, у якой былі фотаздымкі з Сяргеем Аляксандравічам. Як усё проста і геніяльна. Не пойдзеш жа ў міліцыю з-за нейкіх жартоўных фотаздымкаў. Там толькі пасмяюцца і параяць болей так не рабіць. Ну, скажыце, чаго гэтай дзяўчыне не хапала?! Вострых пачуццяў? Канфлікту з законам? Чаго яшчэ? Увогуле, мне падалося, што дарма Сяргей Аляксандравіч так хаваў гэтую гісторыю ад жонкі, відавочна, яна ўжо ўсё ведала, таму і загадала Віялеце і Мішку абшукаць кабінет Алы.

А побач з папкай ляжаў дзённік Алы. Я адгарнула яго на апошняй спісанай старонцы: «Андрэй сабраўся зрабіць афіцыйную прапанову Алене. Я ж застануся... як кінуты сабака. Я расказала яму, як зруйнавала жыццё сваёй сястры і яе жаніху. Маю вопыт таптання па чужым шчасці. Я яго папярэдзіла, хай толькі паспрабуе. Ён сказаў, што я, як наркотык, але кахае ён яе. І што я лгуння. І што ён не баіцца мяне, бо сапраўднае каханне не заб'еш нават здрадай. Але гэта ён так сам сябе супакойвае. Паглядзім, што будзе, калі я раскажу ўсё Алене. Сто працэнтаў, яна шчэ будзе ўдзячнай, што я раскрыла ёй вочкі. І дзвесце працэнтаў, што мы застанемся сяброўкамі. Ён можа пазбавіць мяне толькі мужчыны. Знайду іншага (ужо знайшла). Я ж пазбаўлю яго жанчыны, працы, кватэры, грошай, прэстыжу - усяго! Гэтага шлюбу не будзе...»

І я пайшла распакоўваць чамадан. Ну, што тут незразумелага? Усё відавочна. Але пры чым тут ролікі? У любым выпадку трэба тэрмінова сустрэцца з Андрэем. Як кажуць, выслухаць абодва бакі. Але калі забойца ён, то трэба неяк забяспечыць маю ўласную бяспеку. Не, паклікаць Алену я таксама не магу, бо гэта значыць ажыццявіць мару Алы. Зброі ў мяне не было. І заставалася толькі спадзявацца, што Андрэй не захоча сядзець за два забойствы. Я прылегла на ложак, узяла паперчыну, каб усё яшчэ раз праверыць, малявала схемы, супастаўляла факты. Я, прабачце, усяго толькі філолаг. І гэткая «матэматычная» праблема выклікала максімальнае напружанне маіх гуманітарных мазгоў.

І тут загучала музыка. Яна не проста загучала, яна ўзарвала паветра. Суседзям зверху зусім неабавязкова было рабіць мне такое «шчасце». Я адчувала, што вар'яцею. Я стаю на мяжы жыцця і смерці, а нехта яшчэ ў дадатак здзекуецца з мяне. Я наведала б суседзяў і ў ніжняй бялізне, але нейкія аскепкі розуму прымусілі мяне накінуць пеньюар Алы. І гэткай фурыяй я ўзляцела на наступны паверх. Ах, уявіце сабе, яны нават не здагадваліся, што ствараюць некаму невыносныя ўмовы! І на мае пагрозы маленькая штучная бландынка гадоў за 30 стрымана адказала:

- No problems! Валерра-а! - У апошнім слове «р» прагучала таксама па-англійску. Гэта выглядала смешна і крыху недарэчна.

Ейны Валера зразумеў усё з паўслова, і вушы ўзарвала на гэты раз цішыня. Цётка назвалася Ларысай, і пацікавілася, адкуль я такая ўзялася. Калі ж даведалася, што знізу, то яе гэта моцна ўразіла. Ейны Валера таксама ўразіўся, пусціўшы свае вочы гуляць па аголеных частках майго цела. Маё «паходжанне» яго дакладна не цікавіла. Ён так на мяне глядзеў, ледзь у дэкальтэ не зазіраў, быццам бы ніколі жанчыну ў пеньюары не бачыў. Бо і адзенне ён такімі вачамі разглядаў, што калі б я прыйшла голай, ён меней бы здзівіўся. Ну як суседзі падбіраюцца! Знізу жыла звышсексуальная Ала, а зверху яе процілегласць - кавалачак мяса Ларыса.

 

Андрэй адразу здагадаўся, пра што я збіраюся пагаварыць. І мне здалося, што яму так нават лягчэй. Я паказала яму дзённік, відэакасету. І ён усё сам расказаў:

- Я не ведаю, чаму я быў і з ёй, і з Аленай. Я не мог нічога з сабой зрабіць. Цяпер гэта здаецца жахлівым. З Алай займаешся нейкім феерычным сексам, але праз хвіліну саромеешся гэтага. Я сказаў ёй, што яна наркотык. І ад гэтай залежнасці хочацца пазбавіцца. Яна крычала, што Алена не жанчына, а бляклы цень і мне ніколі не будзе з ёй добра. Я крычаў, што Алена - сапраўдны чалавек, а не падманка, што мне з ёй хораша, што яна чыстая і адкрытая. Што Ала - апошняя лгуння. Я не ведаю, чаму яна так за мяне чаплялася, яна лёгка знайшла б іншага. Яна разрыдалася і спытала, калі яна лгала.

Магчыма, трэба было яе пашкадаваць. Але мне здавалася, што я зраблю апошні крок - і назаўжды разарву гэтую сувязь. І я сказаў: ну, хаця б тыя ж ролікі. Яна проста павалілася ў ложак і рыдала, рыдала. І я пайшоў ад яе. Мне нават падалося, што яна кахае мяне. Разумееш, так не сыграла б нават Ала. Яна магла зымітаваць гонар, пагарду, закаханасць, але толькі не прыніжэнне, толькі не слёзы. Я ніколі не бачыў, каб яна плакала. Толькі ад смеху, магчыма. У той жа вечар яна патэлефанавала і папрасіла аб сустрэчы. Менавіта папрасіла. Але яна памылілася, даўшы мне час падумаць. Я не хацеў яе бачыць. І ўсё ж нешта ў яе інтанацыі прымусіла мяне згадзіцца. Я ведаў пра магчымасць правакацыі. Ды не баяўся. Бо сапраўды кахаў Алену і кахаю зараз. І калі б яна ад мяне адмовілася, то я так і жыў бы адзін, не шукаючы больш кахання, - пафасна прамовіў Андрэй. - Сустрэчу, як ты разумееш, яна прызначыла ля ўвахода на Цэнтральны рынак будаўнічых матэрыялаў. Я пад'язджаў на машыне і яшчэ здалёк ўбачыў яе. Яна была ў роліках, як заўсёды кідка апранутая, але зараз гэта быў такі дысананс. Я павольна пад'язджаў - і тут яна кінулася пад машыну. Я чакаў нейкай пазаштатнай сітуацыі і паспеў крутануць руль. Яна нават не дакранулася да маёй машыны, я бачыў у люстэрка, як яна неяк паўсядзела-паўляжала, і плечы яе трэсліся ў рыданнях. І я з'ехаў адтуль. Яна была жывая, калі я ад'язджаў. Разумееш? Я не ведаю, як яна магла загінуць. Яе не мог выпадкова пераехаць нехта іншы. Яе было відаць нават пры выключаных фарах. Белыя джынсы і белая кашуля. І ўсяго толькі восем гадзін вечара, шчэ было светла. Едучы па той дарозе, можна было бачыць не толькі, што там нехта ў белым ляжыць. Можна было пры жаданні разгледзець, што там ляжыць Ала.

- Добра, Андрэй, я табе веру, але хацелася б пабыць там з табой.

Ён на момант задумаўся і спытаў:

- Можа, усё ж не трэба туды ездзіць? Што мы адкрыем? Я не вытрымаю. Калі я пачынаю думаць, што я, можа, забіў чалавека... Не, я не магу. Не хачу ўспамінаць.

- Ты збіраешся ўсё жыццё жыць з гэтым сумненнем? А раптам ты зможаш ад яго пазбавіцца? Горш ужо не будзе. Мы можам пагаварыць з кім-небудзь. Толькі, калі ты не супраць, не паедзем на тваёй машыне. Пройдземся пехатой, тут жа блізка.

Праз некалькі хвілін пазваніла Алена і сказала, што едзе да мяне ў госці. Я прыдумала, што мы з Андрэем якраз збіраліся зрабіць ёй сюрпрыз і запрасіць куды-небудзь. Яна шчыра абрадавалася.

Мы з Андрэем нерухома стаялі, пакуль яна здымала куртку. І сэнсары руху насупраць уваходных дзярэй зрэагавалі на Алену, яна памахала ім рукой і засмяялася:

- Слухай, ты ж, напэўна, не ведаеш, што гэта такое?

Я вымушана была кіўнуць.

- Гэта ўсё для аховы кватэры. Заходзіць у кватэру нехта, хто тут не жыве і хоча вынесці, напрыклад, тэлевізар. Аж аблом, яго ўжо заўважылі. Праўда, ён можа рухацца як у балеце: павольненька і з пачуццём. У міліцыі гэта ацэняць. А ўвогуле... трэба табе сказаць пра гэта... Калі забудзеш зняць кватэру з аховы, трэба плаціць штраф. А ты заўважыла, як розняцца аператары, якім тэлефануеш, калі здаеш кватэру? У мяне любімы - трынаццаты нумар - яна заўсёды кажа: «Усё нармальна, выходзьце, калі ласка» або: «Трынаццаты прыняў, усё ў парадку, дабранач». І цярпець не магу восьмы нумар, ёй нават «дзякуй» казаць не хочацца. Ала не любіла чацвёрты нумар. Я памятаю гэта, - сумна сказала Алена, седзячы ў крэсле і абдымаючы маленькую падушку.

- А мне чацвёрты яшчэ не трапляўся, - паспяшалася паведаміць я.

- Добра, мы з Андрэем чакаем цябе ў машыне, а ты пераапранаешся, здаеш кватэру і далучаешся да нас, - загадала Алена, цягнучы Андрэя да дзвярэй.

Я шмат рэчаў з сабой у Менск не везла, таму звычайнай жаночай праблемы «што апрануць» не мела. Праз хвіліну я ўжо званіла на ахову:

- Бусел-357, Агалецкая, пробная здача кватэры.

- Агалецкая? - здзіўлена запытала аператарка пульта аховы.

- Агалецкая! А што не так? - адказала я нахабна.

- Правяраю... Можаце выходзіць. Чацвёрты, - сказала пультыстка страшэнна знаёмым голасам.

І калі я зайшла ў кватэру амаль у адзінаццаць гадзін, то зусім забыла, што трэба зняць кватэру з аховы. Праз хвілін дзесяць успомніла, дрыготкімі рукамі выцягнула з кішэні паперку з тэлефонам і кодам. Я пазваніла, але мне адказалі, што нарад ужо выехаў. Я адчыніла дзверы і стала чакаць на парозе. І чамусьці падумала, што зараз на мяне будуць крычаць, таму прыняла паставу закатаванага жыццём чалавека, апусціла галаву, абаперлася спінай аб сцяну.

Ліфт адчыніўся, а я ўсё яшчэ стаяла, удаючы Міс Стомленасць. Я не паспела падняць галаву, нечыя моцныя рукі падхапілі мяне. Ён увайшоў у кватэру са мной на руках, кінуў мяне на ложак і пацягнуў руку да штаноў, каб пачаць расшпільвацца.

Мова нарэшце вярнулася да мяне, і я іранічна запытала:

- Гэта абавязкова? Я ўсяго толькі забылася зняць кватэру з аховы!

Ён проста аслупянеў:

- П-прабачце... Я... Пераблытаў... Даруйце... Я думаў, гэта...

- Вы думалі, гэта Ала Агалецкая! Так? - я не чакала пацвярджэння маёй гіпотэзы, а даволі жорстка паведаміла праўду: - Ала загінула некалькі тыдняў таму.

Ён сеў побач са мной на ложак і слабым голасам запытаў:

- Як гэта загінула? Ала? А чаму ніхто не сказаў?

- Вы не пакінулі свайго нумара тэлефона! - зазлавала я.

Ніякага здзеку ён не адчуў. Ён смешна мыкнуў і абхапіў галаву. А потым усхапіўся, націснуў кнопку на сваёй рацыі і выразна прамовіў: «Я тайга... Я тайга... Гарадзецкая, 70. Адбой. Разбіраюся з кліентам». Голас у яго быў сумны і стомлены. «Няўжо гэты яе сапраўды кахаў?» - я шчыра здзівілася.

- Можа, зрабіць вам кавы?

Ён моўчкі падняўся і пайшоў на кухню, я - за ім. Ён сеў на табурэтку, а я паставіла джэзву.

- Я ж думаў, што пакрыўдзіў яе мінулы раз, і таму яна не хоча са мной убачыцца. Як яна загінула? - нарэшце ён запытаўся пра галоўнае.

- Дакладна невядома. Памерла яна ад удару галавой аб каменне перад уваходам на Цэнтральны рынак будматэрыялаў. Можа, яе штурхнулі... Можа, нечым далі па галаве. А магла проста скроняй аб нешта ўдарыцца, напрыклад, аб машыну. Знайшлі сляды... як гэта... тармазны шлях... Ды варыянт міліцыі самы просты: ехала на роліках, звалілася і забілася, - зрыфмавала я.

- На роліках? Ала? Немагчыма! Ала ўмела катацца на роліках? Гэта нейкая лухта! Гэта... Я жыву якраз насупраць рынку. Я... мог бы бачыць! Якое глупства гэтае жыццё... Ала на роліках... - ён не знаходзіў слоў.

- І ўсё-такі яна была на роліках. Дазвольце мне задаць вам некалькі пытанняў, - афіцыйным тонам прамовіла я.

- Пытанняў? - ён спужаўся. - Якіх пытанняў?

- Я шукаю забойцу Алы, яе сяброўка ўпэўнена, што Алу забілі. Падстава так думаць - ролікі. Ала сапраўды не ўмела катацца на роліках. - Я ўжо ведала, што Ала надзела ролікі для Андрэя, але навошта міліцыянеру пра гэта казаць. - Я павінна ведаць пра яе ўсё. Я ўжо здагадваюся, якім чынам вы сустракаліся...

- Так. Яна аднойчы забылася зняць кватэру з аховы, і прыехаў я з напарнікам. Тады ўсё і пачалося. Мы дамовіліся, што кожны чацвер, ці не кожны, як ёй захочацца, яна будзе забываць здымаць кватэру, і я буду прыязджаць да яе. Сябра чакае мяне ў машыне.

- А вы не маглі сустракацца проста па вечарах? Абавязкова трэба было ў экстрэмальных умовах? - я хацела выцягнуць з яго аповед пра эксцэнтрычнасць Алы.

- Разумееш... Тут такая справа... - ён пашкроб правай рукой падбароддзе, і я заўважыла на ягонай загарэлай руцэ белы след ад заручальнага пярсцёнка.

- Цяпер разумею. Дакладней, разумею, чаму так сустракаліся. Не разумею, навошта? - мае эмоцыі прарвалі маску дэтэктыва.

- О-о, ты не ведала Алы, - пачаў ён упэўнена...

Калі ён пайшоў, я падумала, што сапраўднага кахання ў Алы не было. Пра якія шчырыя пачуцці можна казаць, калі твой каханы хапае цябе на рукі і кідае на ложак, а ў твар не глядзіць і не размаўляе з табой. Не, яна ўсё ж такі была няшчаснай жанчынай. Ды ўсе вакол няшчасныя. Вось гэты міліцыянер, напрыклад. Загінула Ала, ён знойдзе сабе другую. Бо праблема сядзіць у ім самім. Ён не можа мець дзяцей. Ах, іх з жонкай нішто не аб'ядноўвае. Калі ён не можа мець дзяцей, ён не зможа «аб'яднацца» ні з кім. Абы толькі прыдумаць сабе апраўданне. Мабыць, калі жонка зловіць яго пад час чарговага «аб'яднання», ён стане ў позу і будзе плакацца. І яна застанецца вінаватай. А шкада ўсіх траіх.

Калі я ноччу клалася спаць, на розум прыйшла цынічная думка: а нашто я яго спыняла, калі ён шпурлянуў мяне ў ложак, ён бы пасля ўсяго пайшоў не развітваючыся і не заўважыў бы, што я не Ала. Мяркую, Андрэй быў больш уважлівы.

 

Рынак жыў сваім жыццём: прыязджалі машыны, прыходзілі людзі, гула рэклама. Маленькія прыгожыя домікі клікалі да сябе, і так хацелася забыцца на мэту нашага візіту. Андрэй паказваў месца, дзе ўжо не захавалася ніякіх слядоў.

Не, не мог Бог так памыліцца. Калі яму так трэба было забіць Алу, няўжо ён не мог знайсці некага іншага? Андрэй быў апошняй ахвярай Алы. Яна не магла ніяк раз'яднаць Андрэя і Алену. І знайшла ўнікальнае выйсце. Як магла самаўлюбёная Ала ахвяраваць сабой? Можа, хацела проста папужаць. Ці, можа, сапраўды кахала Андрэя? Хто яе ведае? Пра гэта яна ў дзённіку не напісала.

Мы стаялі з Андрэем моўчкі. Кожны думаў пра сваё.

Ля ўваходу на рынак пачалося нейкае ажыўленне. Хлопцы, якія прымалі плату на аўтастаянцы, цягнулі п'янаватага дзеда. Стары ўпіраўся. Нарэшце, паддаўшы яму каленам, хлопцы выкінулі яго за вароты. Дзед падняўся, абцёрся і неразборліва крыкнуў у адно слова:

- Тут жа дзеўку задавілі.

На што хлопцы яму з рогатам адказалі:

- Цябе самога якая хочаш дзеўка задавіць. Валі, алкаш!

Сказаць, што нас з Андрэем здарэнне зацікавіла, значыць нічога не сказаць. Мы падбеглі да дзеда, быццам бы дапамагчы. А ён усё бурчаў:

- Дзеўку задавілі.

- Якую дзеўку? - спыталі мы дзеда.

- Тут адна такая бегала, часта была, - дзед абрадаваўся ўдзячным слухачам.

- А хто яе задавіў? - дапытваўся Андрэй

- Шкада, дзеўку задавілі, - задумліва паўтарыў стары.

- А хто яе задавіў? - Андрэй не пагрэбаваў тыцнуць дзеда ў плячо.

- Я толькі падумаў, міліцыя панаедзе, нашто мне лішнія праблемы. І два дні не прыходзіў. Шчэ здагадаліся б, што я бачыў, хто яе задавіў.

- А хто? - спрабавалі мы выцягнуць з прапітай галавы дзеда.

- А вам, дзеткі, што за інтарэс? - канчаткова дабіў нас дзед.

- Сяброўка яна наша, - безнадзейна паведамілі мы.

- Добра, што так за сяброўку перажываеце. А мае дзеткі хату маю ў Негарэлым прадалі. У горад, курвы, паклікалі. А нашто, калі я ім непатрэбны? Яны ў тым вунь доме жывуць, на трэцім паверсе, дзеткі мае. А я тут прыжыўся. Ноччу ж тут ні душы. Ну, бывае, вечарком прывязуць што-небудзь, і адразу ж дадому. Жыві-гуляй, Вася. Аж бачу, дзеўка прыйшла. Разбулася. У мяшок запіхала, схавала там, чарцяка. Адзела нейкія боты з калёсамі. Такія і ў маіх унучкаў ёсць. І стаіць дзеўка тая. Хлопца чакала, ці што? Аж едзе ён, мілок. І тут яна як кінецца. А ён хітры, чарцяка. Руль крутануў. І яна проста на зямлю ўпала. Ляжыць, галосіць.

- А вы хлопца не разгледзелі? - асцярожна спытала я.

- У мяне ж ужо вочы слабыя. Так і не прыгледзеў. А ў тую ноч Лорачка тавар прывезла. І ўжо дамоў руліла. Пад'ехала да дзеўкі, спынілася і як газане. Прама па дзеўцы. А я тады падумаў, ну нашто ёй, нежывой ужо, басаножкі? Я тую торбачку знайшоў у кустах, а басаножкі прадаў. У мяне яшчэ і грошай крыху засталося.

Тут дзед пачаў шукаць па кішэнях, даставаць брудныя паперкі. Андрэй з такой удзячнасцю глядзеў на гэтага дзеда, здавалася, расцалуе зараз. А я падумала, Андрэя дзед не разгледзеў, дык як ён мог пазнаць тую Лорачку? І спытала пра гэта.

- Дык толькі ж адна Лорачка на рынку і была, усе раз'ехаліся. А я ж во толькі што пайшоў да яе, кажу: «А я, Лорачка, усё ведаю!» А яна спакойна так: «No problems! Валера-а!» А той Валера пазваў казлоў гэтых.

Дзед павярнуўся да хлопцаў з аўтастаянкі, крыкнуў: «Казлы!» і павольна пайшоў прэч. І ніхто яго не затрымліваў.

 

Мы прыляцелі дадому як на крылах. Андрэй усё ірваўся патэлефанаваць Алене. Ды я сказала:

- Табе Бог дае другі шанс. Жаніся хутчэй. А калі праз дваццаць год сумеснага жыцця табе надакучыць жонка і ты захочаш ад яе пазбавіцца - раскажы ёй гэтую гісторыю.

Алена патэлефанавала сама. Шчаслівая да згубы прытомнасці. Цяжарная да мозга касцей! А мне стала страшна, што на сумленні Алы магла быць яшчэ адна загубленая дзіцячая душа. Мы цэлы дзень насіліся з цяжарнасцю Алены як з пісанай торбай. Цалаваліся, абдымаліся. Яны былі такімі шчаслівымі, што я не магла ім расказаць пра свае падазрэнні. Алена змянілася на вачах і ўся свяцілася сваім шчасцем. Яна, гэтая бізнес-лэдзі, была ўзрушана да такой ступені, што забыла ў мяне свой сотавы, які быў патрэбны ёй, як яе ўласныя рукі.

Мне не цярпелася наведаць маіх суседзяў зверху. Я іх не баялася, але раптам у стрэсавай сітуацыі забойца не здолее пракантраляваць свае эмоцыі. Менавіта таму я патэлефанавала бацьку Алены і папрасіла, каб кожныя 15 хвілін ён тэлефанаваў на сотавы Алены, і, канешне, папярэдзіла яго, што адказваць яму буду я. Перад выхадам я пакінула на стале запіску: «Мне здаецца, што забойца - суседка зверху, Лорачка».

Ларыса, яна ж Лорачка, і яе Валера былі непрыемна ўражаныя маёй дасведчанасцю. Ці, хутчэй, вельмі напужаныя. Прыкмет агрэсіі не назіралася, і калі праз 15 хвілін патэлефанаваў Сяргей Аляксандравіч, я сказала: «Усё нармальна, можаце больш не тэлефанаваць». Лорачка зварыла кавы, запаліла цыгарэту і пачала расказваць.

...Недзе два гады таму яны самі рабілі рамонт у кватэры. Зразумела, вечарамі. І вось аднойчы да іх заявілася раз'юшаная Ала. Пасмяялася з рамонту. Сказала, што можа ім дапамагчы, і Лорачка млела ад такой увагі. Зараз гэта гучыць смешна, але яны сталі сяброўкамі. І Лорачка скардзілася на мужа-беспрацоўнага. Маўляў, калі не працуеш, дык хоць шпалеры новыя паклей. І Ала прапанавала ім працу ў адным з павільёнаў «РамСервісу» на рынку. У Валеры, канешне, не было вопыту работы з будаўнічымі матэрыяламі, ды Ала запэўніла, што ў яго ўсё атрымаецца. Ад такога прызнання ягоных вартасцяў Ларысін муж закруціў з ёй раман. Хоць на самай справе гэта Ала закруціла той раман. І канешне, Валера не змог выкруціцца. Таму ўсё расказаў жонцы. Гэтага Ала не чакала. Яна пагражала звольніць іх. І Валера хадзіў да Алы начамі адпрацоўваць сваё працаўладкаванне. Жонка вар'яцела ад бездапаможнасці і ўсё ніяк не магла вырашыць, што даражэй: муж ці праца.

Усё скончылася, калі Але надакучылі і Валера, і Лорачка. Яе імклівая натура патрабавала новых пачуццяў. І яна смела пераступала цераз усё. З любых сітуацый яна выходзіла пераможцай. А Валера і Лорачка адчувалі сябе згвалтаванымі, ды так яно і было. Кожны раз, сустракаючы іх у ліфце, Ала напамінала пра тую гісторыю, не давала яе забыць. І магла сціпла спытацца, ці Валера ўсё яшчэ пачынае любоўныя ігрышчы з пацалункаў у спіну? Ці не заеў іх побыт? Можа, ім патрэбна дапамога ў інтымным жыцці?

Не, Ларыса не збіралася яе забіваць. Гэта збег абставінаў. Яна бачыла Алу, калі прывозіла тавар. Тая некага чакала. І калі Ларыса вярталася, то бачыла няўдалую спробу Алы скончыць жыццё. Яна ўпала, відаць, заплакала, але пачуўшы шоргат шынаў Лорынай машыны, яна падняла галаву. І куды падзеліся ейныя слёзы! Яна пазнала машыну Лорачкі і ганарліва (наколькі гэта было магчыма) усміхнулася. І Лора ўспомніла ўсе здзекі, якія яны з Валерам цярпелі ад Алы. Яна не магла яе не забіць!

Праўда, калі б можна было ўсё вярнуць, яна б не задавіла Алу. Калі Ала ўбачыла, што машына едзе проста на яе, ейны твар скамянеў. Далей Лора нічога не памятавала. Ёй здавалася, што яна чамусьці тармазіла... Але навошта яна гэта рабіла і як яна даехала дадому, ёй невядома. Жахліва - адчуваць сябе забойцам, памятаць пра гэта кожны дзень, з гэтым прачынацца і класціся спаць. Трэсціся, што нехта бачыў. Вось той дзед, здавалася б, не вельмі страшны, бо хто алкашу паверыць, а яна па начах не спіць, баіцца. Лора ўздыхнула і амаль шэптам сказала:

- Можаш рабіць са мной, што захочаш. Горш мне ўжо не будзе...

У мяне было ўсё: і прызнанне забойцы, і паказанні сведкі, і матыў... Не было ўпэўненасці. Гэты голас з пульта аховы, што так спакойна вымавіў: «Чацвёрты». Ала не любіла гэты голас, бо ведала яго. Мне ён здаецца такім знаёмым. Дык дзе ж я чула яго?

Я патэлефанавала дзяжурнаму, даведалася, дзе знаходзіцца пульт аховы, і прыехала туды. На ганку паліў цыгарэту малады міліцыянер. Я запыталася ў яго, як мне прайсці на пульт аховы. Ён пажартаваў, зрабіў мне камплімент і пачаў гучна тлумачыць, як знайсці патрэбнае памяшканне. Я стаяла спінай да ўваходу і не звярнула ўвагі, што за мной нехта прайшоў. Мяне занадта паглынулі заляцанні вясёлага хлопца. Раптам ён павярнуўся, паглядзеў на нейкую пару і сказаў:

- Ніколі не жанюся! Вось што Жорык выйграў ад сваёй жаніцьбы?

Я глянула і адразу яго пазнала: міліцыянер Жорык - каханак Алы, які мяне з ёй пераблытаў. Яны сварыліся з жонкай. Яна крычала, так знаёма захліпаючыся:

- Я больш не магу! Твае бабы мяне ўжо задзяўблі!!! Ты, можа, думаеш, што я пра Агалецкую не ведаю?! Дык я ведаю! Дзякуй Богу, лісты ананімныя чытаць ўмею! Ты ж як прастытутка! Яна ж штраф плаціла за кожнае тваё наведванне! Лепей бы ты з ёй проста сустракаўся і грошы браў, хоць прыбытак бы ў хату быў! - істэрычна крычала Наташка, жанчына з носам, падобным да парогаў ракі Ніл, нумар чацвёрты на пульце аховы.

Я ішла дадому і думала: «А можа, гэта не Лорачка забойца? Алу знайшлі крыху ўбаку ад слядоў, што пакінулі сцёртыя колы, як я разумею, Лорчынай машыны. І ўвогуле, ці магчыма разблытаць гэты вузел?»

Я стомлена адчыніла дзверы, зняла кватэру з аховы і збіралася адпачыць у крэсле, выцягнуўшы ногі. Раптам зазваніў тэлефон. Гэта была Жанна Кірылаўна:

- Вы ўжо ўсё разблыталі?

- Здаецца, усё яшчэ больш заблыталася, - шчыра паскардзілася я.

- А мне здаецца, - ледзяным голасам адказала Жанна Кірылаўна, - што сёння вы якраз ездзілі паглядзець на забойцу! І калі гэта не так, то мне вельмі шкада! Я спадзявалася, што вы будзеце больш здагадлівай... - сказала яна і паклала трубку.

Больш здагадлівай? Гэтыя словы склалі ўсё ў маёй галаве. Жанна Кірылаўна і Ала, дзве моцныя і валявыя жанчыны, падсвядома змагаліся за ўплыў на Алену. І таму ўзаемна ненавідзелі адна адну. І ўсё ж у такіх справах досвед перамагае. Жанна Кірылаўна добра ведала пра адносіны Алы і з Андрэем, і з міліцыянерам. Андрэй ёй падабаўся, толькі таму яна нічога не сказала дачцэ. А калі яна пацягнула за міліцыянера Жорыка, то адкрыліся цікавыя рэчы: ён аказаўся мужам Наталлі, даўняга ворага Алы.

Не трэба было шмат фантазіі, каб напісаць ананімны ліст, у якім паведамлялася, што Ала не супакоілася і зноў прагне Наталлінай крыві. Заставалася толькі чакаць. І тут Ала дамаўляецца з Андрэем пра сустрэчу. А Жорык жа мне казаў, што ягоныя вокны выходзяць на рынак, а ягоныя вокны - гэта вокны Наташы. Адтуль, канешне, не відаць увахода. Ды Ала ішла якраз пад вокнамі Наталлі, якая магла, напрыклад, паліваць кветкі і заўважыць ненавісную прыгажуню. Заставалася толькі выйсці на вуліцу, прасачыць за Алай. Наташа, канешне, бачыла, як выкруціў руль Андрэй, як Лорачка паспрабавала наехаць на Алу і як тая выкацілася з-пад колаў аўтамабіля. Дзед-бомж сцягнуў торбачку з абуткам і пайшоў. Наташа ж засталася. Ала, перапужаная гэтым замахам на жыццё, напэўна, паспрабавала ўстаць, а без звычкі гэта даволі цяжка зрабіць на роліках. Наташа ўсё чакала. Ала ўстала, уся дрыжучы ад жаху, і тут да яе падыходзіць Наталля, магчыма, нешта гаворыць ёй, а потым лёгкім рухам рукі штурхае. А такому «спрактыкаванаму» ролеру, як Ала, шмат не трэба, каб упасці.

Гэта было ідэальнае забойства, якое немагчыма было раскрыць, бо яно цалкам грунтавалася на верагоднасці. Не паспрачалася б Ала з Андрэем, не надзела б ролікі - так бы проста не звалілася, не трапіла б яна галавой на камень - засталася б жывой. Дакладным было толькі адно - яна рана ці позна загінула б. Не пайшла б яна да рынку - Наталля, даведзеная ананімкай Жанны Кірылаўны да адчаю, сустрэла б яе ў пад'ездзе. Працу гэтай ладнай сістэмы паляпшала самадзейнасць Алы - у той дзень яна магла загінуць пад коламі Андрэевай ці Лорынай машыны. А каб Жанна Кірылаўна дакладна ведала, хто ж забойца, за Алай пільна сачыў, відаць, шафёр Міша. Таму магу меркаваць, што ў той вечар каля ўвахода на рынак там была процьма народу: Ала, Андрэй, Лорачка, бомж, Наталля і Мішка. Яго шэф якраз у той час з'ехаў за мяжу на некалькі тыдняў, а Жанна Кірылаўна, відаць, вельмі Мішку давярала, калі так наблізіла яго да свайго мужа.

Так, за Алай сачылі, а за мной? Вядома ж, Жанна Кірылаўна не магла пакінуць мяне без анёла-целаахоўніка. На вакзале ў горадзе, дзе нарадзілася Ала, Валянціна сустракала мяне, а не свайго бацьку, гэта звычайнае супадзенне, што мы з ім апынуліся спадарожнікамі.

Няўжо мне так імгненна далі б адрас пульта аховы, калі б не дапамога Жанны Кірылаўны? І я, напэўна, прапусціла б сварку Жорыка з Наташай, калі б не занадта своечасовая заўвага маладога міліцыянера, які чакаў мяне на ганку.

Чаму яна вырашыла дапамагчы мне ўсё разблытаць? Ёй, як і ў свой час Але, не хапала адрэналіну? Яна была ўпэўнена ў сваёй беспакаранасці? Але як ні разблытвай, у забойстве вінаваты хто заўгодна, толькі не яна!

Зноў зазваніў тэлефон, я ў задуменні паднесла трубку да вуха і не адразу пазнала голас майго каханага:

- Прывітанне, малпачка! Я тут сумую без цябе. Ты дадому збіраешся?

- А, Дзіма? К-канешне! - заікаючыся адказала я.

- Можаш не збірацца! - ён вытрымаў доўгую паўзу, каб я паспела падумаць самае горшае. - Я еду ў Менск. Мне сябра работу знайшоў.

- Ты кінеш сваю фірму? Ты ж столькі надзей на яе ўскладаў! Дзіма, ты што, без мяне звар'яцеў там адзін? - раззлавалася я.

- Малпачка!

- Не называй мяне малпачкай!

- Тады слухай мяне ўважліва! Я тэлефаную табе з вакзала, праз дзесяць хвілін мой цягнік. І калі ты не хочаш, каб у Менску я начаваў на вакзале, то паведаміш мне свой новы адрас, - дыпламатычна загадаў Дзіма.

Я ніколі не ведала, што ён можа быць такім катэгарычным. Мой мяккі, абыякавы да ўсяго, акрамя работы, рэкламшчык Дзіма заўсёды быў цалкам задаволены жыццём. І кожны мой намёк, маўляў, трэба нешта мяняць, сыпаўся пылам на падлогу. А тут такая незвычайная актыўнасць!..

Ён прыехаў ноччу, і калі я ўбачыла яго стомлены сумненькі тварык і ягоную неверагодную абыякавасць да шыкоўнай кватэры Агалецкай, я зразумела: нішто ў свеце не зменіць майго каханага. Пасля позняй вячэры ён пайшоў шукаць, дзе тут можна паспаць. Ён не браў мяне на рукі і не кідаў у ложак. Ён проста пагайдаўся на матрацы і гулліва сказаў: «Не рыпіць!» Я сядзела на камодзе і ніяк не рэагавала на ягоныя празрыстыя намёкі.

- На камодзе, дык на камодзе! - рашуча сказаў ён і зняў акуляры...

 

Андрэй адкрыта расказаў Алене пра свае адносіны з Алай, а яна ўсё яму даравала. І правільна зрабіла: для іх самае галоўнае зараз - іх будучае дзіця. Дактары кажуць, што будзе дзяўчынка. І я дакладна ведаю, Алай яны яе не назавуць.

Таццяна выходзіць замуж за Ігара. Яна, на жаль, больш не можа мець дзяцей з-за аборту, таму яны збіраюцца ўзяць прыёмных.

Фірма «РамСервіс» па-ранейшаму квітнее. Сяргей Аляксандравіч плануе ў будучым (гадоў праз 20) перадаць свае паўнамоцтвы Андрэю Вараховічу. Жанна Кірылаўна ў адзіноце пакутуе ад сваёй гіпертаніі, і я не маю жадання наведаць яе залатую клетку з басейнам. Яна больш не можа сачыць за Аленай і мной, бо мы купілі кватэры ў такім доме, дзе дастаткова заможныя людзі не стануць за грошы прыніжацца да высочвання суседзяў.

Я так і не ўзяла білет дадому, працую ў «РамСервісе». Мяне ўзялі як бы на месца Алы, хоць я не магу і не хачу яе замяніць. Тым загадкавым Дзімкавым сябрам, які прапанаваў яму работу ў Менску, аказалася Алена, таму зараз Дзіма таксама працуе ў «РамСервісе». І зараз наша кампанія мае прафесійнага рэкламіста. Менавіта яго намаганнямі з'явілася наша рэклама на тэлебачанні, Сяргей Аляксандравіч лічыў, што дастаткова газет і радыё, але даў сябе ўгаварыць.

Мне здаецца, я зразумела, чаму Дзіма быў нейкі сумны апошнія месяцы: ён меў сапраўдны талент, але не было дзе разгарнуцца. Яму не хапала паветра, а я думала, што ён зануда. Зараз я закаханая ў яго па-новаму і мацней. На наступным тыдні я выйду за яго замуж.

З майго акна відаць, як дзесяцігадовая дзяўчынка ў шырачэзных штанах, перацягнутых накаленнікамі, катаецца па двары на роліках.

- Алачка, сонейка, ідзі есці! - гучыць з акна другога паверха.

І дзяўчынка паслухмяна коціцца да пад'езда.


2002

Тэкст падаецца паводле выдання: Бязлепкіна А. Ляўша на тэнісным корце: Аповесці і апавяданні / Аксана Бязлепкіна. - Мн. : МГА "Бел. кнігазбор", 2002. - 349 с.