Аляксандар Бельскі, Міхаіл Ткачоў

Вялікае мастацтва артылерыі (Казімір Семяновіч, 1600? - пасля 1651)

УСТУП
СКУПЫЯ РАДКІ ЖЫЦЦЯПІСУ
  Шляхціч-ліцьвін з Вялікага Княства
  Таямніцы вайсковай справы
  Жадаючы служыць Айчыне
  Удзел у ваенных кампаніях
  Ці добры адміністратар вучоны?
  Семяновіч ці Сіманавічус?
ПЕРААДОЛЬВАЮЧЫ ПУТЫ СХАЛАСТЫКІ
  Пачатак эксперыментальнага прыродазнаўства
  Каталіцкая царква і навука
  Першы ўніверсітэт у Беларусі
  Філасофія Арыстоцеля
  Што такое рух?
  Бурыданаў імпэтус
КНІГА ТАЯМНІЦАЎ ГАРМАТНІЦКІХ
  З друкарні Янсана
  Піратэхніка і феерверкі
  Навошта ядры залатыя і драўляныя?
  Чорны порах: тэхналогія вырабу
  Ад чаго залежыць далечыня палёту?
  Выбуховыя збаны і запальныя гірлянды
АДКАЗ ДАЕ ЭКСПЕРЫМЕНТ
  Мастацтва артылерыі - не толькі спрытныя рукі
  Навука ці рамяство?
  Не адхрышчвацца ад матэматыкі
  Як узнікае рухальная сіла?
  Стрэл двума ядрамі
  Сляды Арыстоцелевай фізікі
РАКЕТЫ ВАЙСКОВЫЯ І ПАЦЯШАЛЬНЫЯ
  Хто вынайшаў ракету?
  Ракеты лётаюць, поўзаюць, плаваюць...
  Прыярытэт належыць Семяновічу
  Сакрэтаў болей не будзе. «Не палохаючыся крумкання балотных жабаў...»
  Парады не страцілі актуальнасці
ШТО Ў ЗГУБЛЕНЫМ МАНУСКРЫПЦЕ?
  Якія бываюць гарматы?
  «Саламандра», «Кракадзіл» ды іншыя
  Петарды і іх ужыванне
  Засцярога ад нападу ворага
  Гарматныя арсеналы
  Загадкавая «піратэхнічная» прылада
ДАКОНЧАННЕ
КРЫНІЦЫ І ЛІТАРАТУРА


 

УСТУП

 

У 1650 годзе ў сталіцы Нідэрляндаў Амстэрдаме - славутым асяродку рамёстваў, гандлю і кнігавыдання, у вядомай друкарні Яна Янсана пабачыла свет кніга «Вялікае мастацтва артылерыі». Напісаў яе наш суайчыннік, генерал-лейтэнант кароннай артылерыі Казімір Семяновіч[1].

На працягу паўтара стагоддзя кніга была ў Эўропе сама грунтоўнай і аўтарытэтнай навуковай працай па артылерыі і піратэхніцы. Вядомы яе пераклады на французскую, нямецкую, ангельскую ды іншыя мовы.

Пра ўплыў кнігі К.Семяновіча на развіццё ракетнай справы і артылерыйскага мастацтва можна было б напісаць спецыяльнае даследванне. Амаль у кожнай працы, прысвечанай артылерыі ды піратэхніцы і напісанай у другой палове ХVІІ стагоддзя і ў ХVІІІ стагоддзі, можна знайсці звесткі, узятыя з ягонага твора, аднак не заўсёды са спасылкай на першакрыніцу.

Кнігай К.Семяновіча карысталіся перш за ўсё эўрапейскія прафесіяналы-артылерысты і феерверкеры, якія шырока дастасоўвалі ягоныя адкрыцці ў галіне ракетнай справы. Ракетамі сталі цікавіцца ў канцы ХVІІ стагоддзя і ў Расеі. Першыя звесткі пра выкарыстанне тут ракет (феерверк у г.Усцюг) датуюцца 1675 годам[2]. Пётр І, імкнучыся як мага паўней азнаёміцца з дасягненнямі сусветнай навукі і тэхнікі, сабраў вялікую асабістую бібліятэку па артылерыйскім мастацтве. У гэтым кнігазборы быў і нямецкі пераклад кнігі К.Семяновіча[3]. Апрача таго, на ягоны загад на расейскую мову было перакладзена шмат кніг, значную колькасць сярод якіх складалі працы па артылерыі і піратэхніцы; рукапісы гэтых перакладаў таксама знаходзіліся ў бібліятэцы Пятра І. Сярод іх нашай увагі заслугоўвае рукапіс перакладу кнігі Г.-А.Бёклера «Кароткая архітэктура воінская» (Boeckler G.A. Manuale Architekturae militaris oder Handbuechlein ueber die Fortification und Festungsbaukunst, 1672); раздзелы гэтай працы, якія датычаць пытанняў вырабу і скарыстання ракет, не з'яўляюцца арыгінальнымі, на што зважаў і сам аўтар. Называючы аўтараў многіх трактатаў, спецыялістаў у ракетнай справе, ён сярод усіх асабліва вылучае Казіміра Семяновіча*.

* «Хотя о разделении и изображении ракетных станов разные старые и новые огнестрельные художники много писали, однако же в том один с одним не сходится и здесь их мнения нарошно пройдены и пропущены суть. Но кто имеет охоту им последовать, тот да читает Шмидлина, Брехтеля, Адреяна Ромона, Вальгаузена, Фуртенбука, Фронсперга, Шрейбера и иных многих. Но мы хощем здесь токмо и едино высокоискуснаго и избраннаго литовскаго шляхтича именем Казимира Сименовича новое изыскание и доброе основание о изображениях и разделениях ракетных станов (которое аз с латинского языка на немецкий охотникам для угождения перевел) нужно с иными хитростными огнями, последывать которое сице описано». (Цыт. па: Сокольский В.Н. С.9-12.)

Безумоўна, пераклад кнігі Г.А.Бёклера, як і бальшыня іншых перакладаў на расейскую мову канца ХVІІ-пачатку ХVІІІ стагоддзя, што засталіся ў рукапісах, былі даступныя толькі вузкаму колу асобаў, набліжаных да Пятра І; тым не менш з'яўляецца фактам, што ў гэтым рукапісным перакладзе ўпершыню на расейскай мове пераказваўся раздзел пра ракеты кнігі К.Семяновіча.

Асабліва часта да працы К.Семяновіча «Вялікае мастацтва артылерыі» звярталіся ў моманты адраджэння цікавасці да выкарыстання ракет у вайсковай справе. Адзін з такіх момантаў Эўропа перажывала на пачатку ХІХ стагоддзя, другі - з 40-х гадоў ХХ стагоддзя. На жаль, у Савецкім Саюзе кніга К.Семяновіча і яе аўтар былі амаль поўнасцю забытыя. Імя яго адсутнічала нават у Вялікай Савецкай Энцыклапедыі*.

* Да гонару стваральнікаў Беларускай Савецкай Энцыклапедыі ў ёй змешчаны хоць не вялікі, але даволі змястоўны артыкул пра вучонага (Т.9, 1973. С.483-484). Ёсць таксама цікавая публікацыя С.Ф.Цярохіна ў «Помніках гісторыі і культуры Беларусі» (1973, № 3) - бадай, першая ў беларускім друку.

У 50-х гадах вялікую работу па вывучэнні творчасці К.Семяновіча правёў «піянер касманаўтыкі» Ары Штэрнфэльд[4]. Аднак чамусьці ніводны з падрыхтаваных ім да друку артыкулаў (у тым ліку і да 300-годдзя выхаду ў свет кнігі К.Семяновіча) не быў апублікаваны на расейскай мове. Адна частка іх засталася ў рукапісах, другая была апублікаваная ў польскіх часопісах і штотыднёвіках.

Упамінанне ж імя К.Семяновіча ў некаторых працах расейскіх даследнікаў па гісторыі ракетнай тэхнікі і касманаўтыкі паказвае, што яны не маюць уяўлення аб сапраўдным месцы К.Семяновіча ў гісторыі ракетнай тэхнікі. Так, рэдактар расейскага выдання зборніка «Исследование мирового пространства» (М., 1959) да заўвагі аднаго з аўтараў (П.Клетара) пра тое, што ідэя шматступеневай, ці сустаўной, ракеты належыць К.Семяновічу, дае наступны каментар: «Следует отметить, что статья (?) Семеновича до сравнительно недавнего времени оставалась не известной науке». А вядомы вучоны-механік А.А.Касмадзям'янскі ў біяграфіі К.Э.Цыялкоўскага піша: «Из серьезных исследований по конструкциям ракет следует отметить работу польского (?) инженера Казимира Сименовича, который в 1650 г. опубликовал на немецком (?) языке книгу «Ракеты для воздуха и воды» (?) и впервые в мире дал чертеж многоступенчатой ракеты»[5]. І такіх прыкладаў, на жаль, можна прывесці даволі шмат.

Аўтары спадзяюцца, што выданне гэтай кнігі будзе спрыяць вяртанню з незаслужанага забыцця імя і дасягненняў нашага земляка Казіміра Семяновіча.

 

СКУПЫЯ РАДКІ ЖЫЦЦЯПІСУ

 

Шляхціч-ліцьвін з Вялікага Княства

 

На жаль, да нас дайшло вельмі мала звестак пра Казіміра Семяновіча. Асноўнай крыніцай аднаўлення ягонага жыццяпісу служыць кніга «Вялікае мастацтва артылерыі», дзе рэдкія звесткі і ўспаміны рассыпаны дробнымі залацінкамі. Акрамя таго, біёграфы адшукалі ў архівах жменьку фактаў пра некаторыя старонкі яго жыцця. Агульны аналіз усёй сукупнасці фактаў дазваляе прасачыць жыццёвы шлях выдатнага вучонага.

Мяркуючы па дакументах, К.Семяновіч паходзіць з роду дробных князёў Семяновічаў, якія валодалі ў ХІV-ХVІ стагоддзях землямі на Беларускім Падняпроўі. Паводле дароўнай граматы князя Дзмітра Семяновіча за 31 траўня 1393 года, ім належаў тут «двор Быхово», а таксама «земля пустая Дубровенская»[6]. Такім чынам, абшар іх уладанняў абыймаў частку Магілеўска-Віцебскага Падняпроўя.

Відаць, пазней гэты род перайшоў у каталіцтва і належаў да дробнай шляхты Вялікага Княства Літоўскага*. Менавіта так - «шляхціч-ліцьвін» - называў сябе Казімір Семяновіч. Мы толькі можам меркаваць, што нарадзіўся ён блізу 1600 года.

* Вялікае Княства Літоўскае - беларуская феадальная дзяржава, утвораная ў сярэдзіне ХІІІ стагоддзя з цэнтрам у Новагародку (Наваградку), а пазней у Вільні. У склад яе, акрамя беларускіх земляў, уваходзілі Жамойць (сучасная Летува) - з 1422 года, пэўны час Украіна (ад ХІV стагоддзя да 1569 года) і некаторыя іншыя землі. Панавальнае становішча ў Вялікім Княстве займалі беларуская культура і беларуская мова, якая да канца ХVІІ стагоддзя была тут мовай дзяржаўнай. Нашы продкі называліся тады не беларусамі, а ліцьвінамі.

 

Таямніцы вайсковай справы

 

Бацькі хацелі скіраваць Казіміра да заняткаў палітыкай, аднак ён пачаў спасцігаць таямніцы вайсковай службы, асабліва артылерыі. Сам К.Семяновіч пісаў: «... неўзабаве я прысвяціў сябе дэталёваму вывучэнню такога мастацтва, да якога меў такую вялікую прагу, так што я ніколі і нідзе не шкадаваў тых вялікіх выдаткаў (хоць гэта і дужа змяншала мае асабістыя сродкі), калі знаходзіў штосьці, чаго яшчэ ці не ўмеў ці не паспрабаваў на практыцы. Дзякуючы разумным парадам сяброў і ўласным роздумам я зразумеў, што ніколі не здолею дасягнуць пастаўленай мэты, калі буду вывучаць гэтае мастацтва без сістэмы... Для гэтага я вывучаў вельмі шмат навук, як вызваленых, так і механічных... У навукі вызваленыя я залічаю арытметыку, геаметрыю з яе часткамі, механіку, а г.зн. статыку, гідраўліку, пнеўматыку, грамадзянскую і ваенную архітэктуру (г.зн. фартыфікацыю), графіку, оптыку і тактыку. Засвоіў я таксама пэўныя звесткі з фізікі, хіміі».

Трэба дадаць, што цікаўнасць і практычнасць вымусілі К.Семяновіча асвоіць і некаторыя важныя рамёствы, як людвісарства - майстэрства адліўкі гармат з металаў, разьбярства па дрэве і метале.

 

Жадаючы служыць Айчыне

 

Нельга не адзначыць яго высокую грамадзянскую свядомасць у справе авалодання вялікім мастацтвам артылерыі і піратэхнікі*. З пачуццём чалавечай годнасці і прыналежнасці да роднай зямлі, веданнем яе жыццёвых патрэбаў браўся ён за гэтую навуку. «Ёсць таксама яшчэ адна прычына, - пісаў К.Семяновіч у сваім творы «Вялікае мастацтва артылерыі», - што заахвоціла і схіліла да выканання гэтага задання - жаданне паслужыць Айчыне і сваім суродзічам...»

* Піратэхніка (ад грэц. пір - агонь і тэхні - мастацтва, майстэрства, уменне) - галіна тэхнікі, звязаная з вытворчасцю і скарыстаннем агнявых сумесяў ды забяспечаных імі сродкаў.

Згадка пра гэтак дарагую яму Айчыну раз-пораз паўстае ў радках ягонай кнігі. Яна кліча туды, дзе жыве яго народ, дзе ў ноч на Івана Купалу «збіралася вялізная колькасць людзей абодвух полаў і ўсіх узростаў на вуліцах гарадоў, а таксама на лугах, каб ля мноства запаленых вогнішчаў спраўляць карагоды і вясёлыя танцы».

Яго Айчына відаць і ў звыклых назовах прадметаў, у мерах вагі, вадкіх і сыпкіх целаў. Тут і бочка, і барыла, і вядро, і, нарэшце, беркавец. Такі назоў выдае радзіму К.Семяновіча. Гэта - Віцебшчына, хутчэй за ўсё тая ж Дубровеншчына, бо толькі на Віцебшчыне існавала тады вядомая з часоў Полацкага княства і існуе да сягоння гэтая старабеларуская мера вагі*. Ведае К.Семяновіч, што гэты тэрмін ужываюць і суседнія маскавіты**.

* Паводле пастановы сойму Вялікага Княства Літоўскага 1764 года, беркавец быў афіцыйна зацверджаны як агульнадзяржаўная мера вагі (быў роўны 5 камяням, або 200 фунтам, або 6400 лотам).

** У Маскоўшчыне беркавец быў роўны 10 пудам, або 400 фунтам.

 

Удзел у ваенных кампаніях

 

Гарматнікі ва ўсе часы лічыліся на вайне найважнейшымі персонамі. Як вынікае з дакументаў, К.Семяновіч браў удзел у вайне Рэчы Паспалітай* з Маскоўскай дзяржавай і знаходзіўся ў войску, якое трымала ў аблозе маскоўскі гарнізон у горадзе Белым ад 22 сакавіка да 27 траўня 1634 года. Затым ён быў удзельнікам бітвы войска Рэчы Паспалітай з татарамі пад Ахматавам 30 студзеня 1644 года. Тут ён заўважыў дзеянні татарскіх феерверкераў. Яны зрабілі дымавую заслону, даўшы магчымасць сваёй конніцы адступіць. К.Семяновіч пісаў, што яны «з дапамогаю д'ябла туманом ды параю зацямнілі сонца на пабаявішчы».

* Рэч Паспалітая - канфедэрацыя Вялікага Княства Літоўскага і Польскага каралеўства, утвораная ў 1569 годзе.

Факт гэты паказальны. Ён сведчыць, што ў 1644 годзе К.Семяновіч шмат чаго з гарматніцкага мастацтва яшчэ не ведаў. Але жыццё і лёс упарта кіравалі яго на дарогу спазнання.

Пасля гэтых падзеяў К.Семяновіч выязджае ў Нідэрлянды. Тут тым часам ішла Трыццацігадовая вайна, і ён бярэ чынны ўдзел у аблогах розных гарадоў, у тым ліку горада Гульста войскамі Фрыдэрыка Генрыха Аранскага ў 1645 годзе. Ён актыўна назапашвае практычны досвед, знаёміцца з нідэрляндскімі феерверкерамі і гарматнікамі. К.Семяновіч у сваёй працы адзначае, што «... у часе вельмі многіх славутых аблогаў у Нідэрляндах, адбываючы практыку вайсковую і выконваючы абавязкі, звязаныя з ёю, а таксама выхоўваючы годнасць артылерыйскую, запісаў шмат рэчаў, частку сам вынайшаў, нечаму навучыўся ў іншых».

Таямніца парахавых сіл канчаткова захоплівае яго, К.Семяновіч наважваецца распачаць уласныя доследы з чарадзейным рэчывам. Ён задумвае кнігу. Яшчэ не было назову гэтага твора, але было зразумела, што трэба многае паспрабаваць зрабіць уласнымі рукамі. За гады працы над кнігай Семяновіч зрабіў шматлікія выпісы і нататкі з літаратуры, якія па вяртанні на радзіму пачаў парадкаваць у стройную сістэму. Звяртае на сябе ўвагу вельмі высокі ровень культуры К.Семяновіча, які добра ведаў антычную паэзію і літаратуру, тагачасныя тэхнічныя дасягненні і працы мноства аўтараў як краін Эўропы, так і пазаэўрапейскіх.

Неабходна зазначыць, што кароль Уладзіслаў ІV*, каб прывабіць шляхцічаў у артылерыю, службу ў якой яны лічылі ніжэйшай за сваю годнасць, утварыў асобны «корпус адэльсманаў». Кароль даў ім вялікія прывілеі і арганізаваў тут навучанне ўсім навукам, патрэбным для артылерыстаў. Магчыма, што сярод іх быў і К.Семяновіч. Відаць, ён вылучаўся між іншых сваімі ведамі, розумам і стаўленнем да справы, веданнем эўрапейскіх моваў - грэцкай, лацінскай, нямецкай ды іншых. Знаходзячыся ў Нідэрляндах, якія былі тады адной з сама перадавых дзяржаваў Эўропы, К.Семяновіч атрымаў магчымасць блізка пазнаёміцца з багатай эўрапейскай літаратурай пра артылерыю і піратэхніку, з кнігамі па гісторыі і культуры. Ёсць падставы меркаваць, што Ўладзіслаў ІV апекаваўся таленавітым феерверкерам, даваў патрэбныя грошы К.Семяновічу, каб той меў магчымасць вывучаць зброю ў арсеналах.

* Уладзіслаў ІV Ваза (1595-1648) - кароль Рэчы Паспалітай ад 1632 да 1648 года. Раней, у 1610 годзе, паводле дамовы паміж ягоным бацькам, тагачасным каралём Жыгімонтам ІІІ, і маскоўскімі баярамі, быў абвешчаны расейскім царом.

У 1646 годзе кароль адклікае К.Семяновіча з Нідэрляндаў і прызначае яго на службу ў каронную артылерыю. За гэты перыяд яго жыцця архівы захавалі некалькі дакументаў з яго імем. Упершыню прозвішча Семяновіча з'яўляецца ў штатным раскладзе кароннай артылерыі «Rolli ludzi w artyllerji koronnej sluzacych», які абыймае перыяд з 8 лістапада 1646 года да 2 траўня 1647 года. Кіраваў артылерыяй на той час генерал Крыштаф Арцішэўскі. Аднак яго прозвішча ў раскладзе адсутнічае і на першым месцы знаходзіцца намеснік начальніка Мікалай Арцішэўскі, брат Крыштафа, з месячнай пенсіяй 200 залатых. На другім месцы - цэхмайстар Фрыдрых Геткант, пра якога вельмі пахвальна адгукаецца К.Семяновіч у сваёй кнізе; трэцяе месца ў спісе займае капітан Себасцьян Адэрс. І нарэшце, чацвертым, на пасадзе інжынера артылерыі з штомесячнай нагародай 100 залатых, лічыцца Казімір Семяновіч.

Гэтая пасада была яму вельмі даспадобы, а галоўнае, адкрывала вялікае поле для канкрэтнай і доследнай работы. Сам жа факт прызначэння К.Семяновіча на такую высокую пасаду і вялікая ўзнагарода паказваюць, што ў гэтым часе ягоныя веды і здольнасці былі ўжо добра вядомыя ў кіраўнічых вайсковых колах Рэчы Паспалітай.

 

Ці добры адміністратар вучоны?

 

Аднак інжынерам К.Семяновіч працаваў не вельмі доўга. Увесну 1648 года памёр Мікалай Арцішэўскі і кароль прызначыў на яго месца Казіміра Семяновіча. Такім чынам, у 1648 годзе ён стаў намеснікам начальніка артылерыі. Першы зафіксаваны ў дакументах ягоны крок на новай пасадзе быў не вельмі ўдалы і ўскладніў узаемадачыненні з непасрэдным начальнікам. Менавіта 28 траўня 1648 года, калі К.Арцішэўскі быў у Гданьску, К.Семяновіч выдаў з варшаўскага арсенала на пісьмовае распараджэнне палкоўніка Самуэля Асінскага 100 галяндскіх мушкетаў і 60 дзідаў, не ўзяўшы за іх платы. Верагодна, К.Семяновіч меркаваў, што каралеўскі полк, ідучы на вайну, меў права на бясплатнае ўзбраенне з каралеўскага арсенала. Генерал К.Арцішэўскі ж патрабаваў, каб К.Семяновіч аплаціў кошт выдадзенай зброі, чаго той не хацеў (ці не мог) зрабіць.

Далейшыя звесткі пра К.Семяновіча ў дакументах кароннай артылерыі звязаны галоўным чынам са злашчасным і да канца не зусім зразумелым працэсам, узбуджаным К.Арцішэўскім, аб растраце казённых грошай. Паводле наяўных звестак, гэтая справа выглядае наступным чынам.

Неўзабаве пасля памянёнага «парушэння», 23 чэрвеня 1648 года, Семяновіч выехаў у Альбоў (старадаўні беларускі назоў места Львова) разам з 17 гарматнікамі і абозам на вайну з казакамі. У сярэдзіне жніўня туды прыехаў і К.Арцішэўскі. Тым часам войска Рэчы Паспалітай збіралася каля Глінянаў, а потым зрабіла марш да мястэчка Піляўцы. 24 жніўня 1648 года ў Альбове К.Семяновіч падаў К.Арцішэўскаму справаздачу пра выдаткаванне ім 24 879 залатых на выплату гарматнікам і фурманам, якія забяспечвалі перавоз артылерыйскага парка. У верасні польскае войска пацярпела пад Піляўцамі паразу ад казакаў Б.Хмяльніцкага і крымскіх татараў. А ў лістападзе ў сойм паступіла скарга К.Арцішэўскага, дзе сцвярджалася, нібыта К.Семяновіч, скарыстаўшыся бітвай пад Піляўцамі, у якой частка гарматнікаў і фурманаў загінула, выплаціў не ўсе грошы і ўтаіў гэта, робячы справаздачу К.Арцішэўскаму 24 жніўня.

У гэтай справе шмат незразумелага. Напрыклад, якім чынам К.Семяновіч мог ведаць у жніўні, што ў верасні польскае войска пацерпіць паразу? З другога боку, адкуль узяліся фурманы, якія позняй восенню 1648 года і на пачатку 1649 года падалі ў сойм скаргу, дзе сцвярджаецца, што яны не атрымалі ад К.Семяновіча пенсіі. К.Арцішэўскі дадаў сюды яшчэ і кошт згаданых раней мушкетаў і дзідаў і, такім чынам, гэта склала суму каля 8000 залатых, у растраце якой і абвінавачваўся намеснік начальніка артылерыі. На жаль, у архівах не захавалася ніякіх тлумачэнняў К.Семяновіча па гэтай справе. Вядома толькі, што новы кароль Ян Казімір (Уладзіслаў ІV памёр 20 траўня 1648 года) дазволіў яму выйсці ў адстаўку без абавязку выплаты адзначанай сумы і выехаць у Нідэрлянды. Гэта азначае напэўна, што К.Семяновіч змог пераканаць караля ў сваёй невінаватасці.

Аўтары разумеюць, што згаданыя факты мала што дадаюць да характарыстыкі асобы К.Семяновіча. Але што ж рабіць, калі гэта адзіныя сляды яго жыцця, якія засталіся ў афіцыйных архівах. Чамусьці там звычайна асядаюць усялякага роду дакументы, звязаныя з крымінальнымі працэсамі, паклёпамі, скаргамі і г.д. А якія сляды магла пакінуць у архівах тая вялізная даследніцкая праца, якую прарабіў К.Семяновіч пад час службы ў артылерыі - усе гэтыя шматлікія запускі ракет, эксперыменты па вонкавай і нутраной балістыцы, звесткі пра якія змяшчаюцца ў яго кнізе. Дый праводзіў ён іх па ўласнай ініцыятыве і часта за свой кошт. А пададзеныя вышэй факты, відаць, можна растлумачыць тым, што заняты правядзеннем доследаў і пошукамі іх рацыянальнага тлумачэння, К.Семяновіч часамі дапускаў парушэнні некаторых бюракратычных працэдур. Далёка не заўсёды вялікі вучоны можа быць добрым адміністратарам*.

* Дастаткова прыгадаць у гэтым плане «кар'еру» славутага французскага вучонага П.С.Лапласа як міністра нутраных справаў у Напалеона І Банапарта.

У часе новага ад'езду ў Нідэрлянды - на мяжы 1648 і 1649 гадоў праца К.Семяновіча пра таямніцы артылерыі яшчэ не была закончаная. Яна дапісвалася ў Нідэрляндах у 1649 годзе і дапаўнялася нават пад час набору і друку ў канцы 1649-пачатку 1650 года. Як відаць з прадмовы, у К.Семяновіча ў Нідэрляндах быў багаты і ўплывовы апякун эрцгерцаг Леапольд-Вільгельм Габсбург (1614-1662) - віцэ-кароль Бельгіі і Бургундыі, намеснік гішпанскага караля ў Нідэрляндах. Можна сцвярджаць, што першая частка кнігі «Вялікае мастацтва артылерыі» ўбачыла свет пры яго маральнай і, відавочна, фінансавай падтрымцы.

К.Семяновіч рыхтаваў і другую частку кнігі, якая мусіла мець 7 раздзелаў, пра што аўтар паведаміў у прадмове да першай часткі. Аднак з невядомых прычын яна не ўбачыла свет.

Ужо ў наступным 1651 годзе той сама друкарняй Я.Янсана кніга «Вялікае мастацтва артылерыі» была выдрукаваная на французскай мове. Прадмову з прысвячэннем Вільгельму Фрыдрыху - графу Насаўскаму, начальніку артылерыі Рэспублікі Задзіночаных правінцый* - напісаў аўтар.

* Гэтакі тады быў афіцыйны назоў Нідэрляндаў.

Прадмова К.Семяновіча 1651 года да французскага выдання ягонай кнігі дагэтуль застаецца апошнім дакументальным сведчаннем яго жыцця. Хутчэй за ўсё неўзабаве ён памёр. Што сталася прычынай смерці - невядома. Ці памёр ён ад якой хваробы, ці загінуў пад час доследаў з выбуховымі рэчывамі, ці, як мяркуе А.Штэрнфэльд, быў забіты рамеснікамі-піратэхнікамі за тое, што ў сваёй кнізе выдаў сакрэты і таямніцы свайго майстэрства, - пэўна сказаць немагчыма.

Пасля смерці К.Семяновіча, у 1676 годзе, з'явіўся нямецкі пераклад яго працы, зроблены артылерыйскім капітанам Даніэлем Эльрыхам. Нават пазней, у ХVІІІ стагоддзі, яго кніга выклікала цікавасць у эўрапейскіх піратэхнікаў і артылерыстаў. Менавіта тады, у 1729 годзе, было зробленае ангельскае выданне ў перакладзе Джорджа Шэлвака.

Як мы ўжо адзначалі, другая частка працы К.Семяновіча не была выдадзеная і яе сляды загубіліся. Аднак сякія-такія паасобныя звесткі пра яе ўсё ж захаваліся. Так, Ян Даніэль Яноцкі, які быў у 1750 годзе бібліятэкарам кнігазбору графаў Залускіх у Варшаве, згадвае, што другая частка працы К.Семяновіча была ў бібліятэцы князя Сангушкі ў Бюбаршаве. Але на свае вочы ён яе не бачыў.

У 1909 годзе ў часопісе «Przeglad Biblioteczny» была надрукаваная згадка ад рэдакцыі пра тое, што вядомы ваенны гісторык Браніслаў Гембажэўскі бачыў у бібліятэцы Артылерыйскага музея ў Пецярбурзе рукапіс К.Семяновіча. Пра гэты факт ён паведаміў у Акадэмію мастацтваў у Кракаве.

І яшчэ адзін штрых да жыццяпісу К.Семяновіча. Паводле некаторых звестак за 1814 год, у бібліятэцы Варшаўскага ліцэя знаходзіўся бюст вялікага вучонага, перанесены туды з бібліятэкі Залускіх. Аўтар гэтай згадкі гісторык польскай літаратуры Фелікс Бянткоўскі звяртае ўвагу, што К.Семяновіч паказаны з ордэнскай стужкай і ордэнам зоркі на грудзях. Ён выказвае думку, што, відаць, трэба гаварыць аб нейкай замежнай узнагародзе. Ад сябе дададзім, што хутчэй за ўсё гэтым ордэнам К.Семяновіч быў узнагароджаны галяндцамі за сваю выдатную працу «Вялікае мастацтва артылерыі», а магчыма, і за ўдзел у аблозе горада Гульста.

 

Семяновіч ці Сіманавічус?

 

Нарэшце, неабходна высветліць паасобныя моманты, звязаныя з напісаннем прозвішча вялікага даследніка, а таксама ягоным гербам.

Дакументы, якія захаваліся з ХVІІ стагоддзя, асабліва напісаныя рукою самога К.Семяновіча, даюць правапіс прозвішча ў гучанні таго часу як «Siemienowicz» (Семеновіч). У дакументах жа кароннай артылерыі яно часам перайначваецца на польскі манер - «Siemionowic» (Семёновіц). Варыянт «Siemjonowicz» (Сем'ёновіч) не сустракаецца. Натуральна, што сапраўдны правапіс свайго прозвішча ведаў найперш сам вучоны. Гэта адназначна, і таму ў гісторыі сусветнай навукі назаўсёды застанецца прозвішча, якое ён сам ужываў.

Спробы ж летувіскіх даследнікаў прарабіць з прозвішчам лінгвістычна-жанглёрскі эксперымент, вывеўшы з «Семяновіча» форму «Семенавічус - Сіманавічус», трэба лічыць не больш чым нацяжкай. Непераканаўчай падаецца і спроба атаясаміць з ім якогасьці «Казіміра Сымановіча», які ў актавай кнізе Віленскага ўніверсітэта, датаванай 1650 годам, праходзіць як магістр філасофіі і свабодных навук. Гэтаму пярэчыць уся біяграфія нашага героя. Яна ні словам не звязаная з навучаннем філасофіі, магістрам якой нібыта ён быў. Няма доказаў і таго, што ён нарадзіўся ў Расейнскім павеце на Жамойці[7].

На тытульным аркушы кнігі К.Семяновіча ёсць геральдычны шчыт з гербам Астоя і манаграмай «C.S.». Аднак рэч у тым, што ніводны з вядомых родаў гэтага герба не насіў прозвішча Семяновічаў. Хутчэй за ўсё К.Семяновіч узяў сабе з дазволу ўладальнікаў гэты герб, каб падняць такім чынам сваю вагу ў грамадстве. Гэта было асабліва важна таму, што кніга «Вялікае мастацтва артылерыі» выдавалася ў Нідэрляндах, дзе рыцарства і знатнасць высока цаніліся. Такія прыклады з гісторыі вядомыя. Так зрабіў, напрыклад, друкар Іван Фёдараў (Федаровіч). Пасля вяртання ў Вялікае Княства Літоўскае ён узяў герб роду Рагоза, да якога яго прыпісалі актам адаптацыі. Адсутнасць уласнага герба, відаць, і прымусіла К.Семяновіча так няпэўна напісаць пра сябе, што ён шляхціч-ліцьвін з тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага.

У сваёй працы над кнігай К.Семяновіч меў падтрымку вялікага канцлера Е.Асалінскага. Як ужо адзначалася, праявіў сваю ласку і шчодрасць, даў «бацькоўскае блаславенне» і сам кароль Уладзіслаў ІV. Ён жа параіў яму паехаць у Нідэрлянды і там скончыць працу. Аўтары мяркуюць, што паездкі К.Семяновіча ў Эўропу адбыліся ў другой палове 20-х і першай палове 30-х гадоў (да 1634 года). Не выключана, як лічыць летувіскі даследнік А.Івашкявічус, што К.Семяновіч як здольны да навукі і таму цікавы суразмовец быў кампаньёнам Уладзіслава ІV, тады яшчэ каралевіча, пад час яго падарожжа па Эўропе. Ён наведаў Бельгію, Рэйнскія правінцыі, Аўстрыю, Баварыю і Італію. Магчыма, гэта было звязана з намерам будучага караля мадэрнізаваць артылерыю і заснаваць Артылерыйскі корпус.

Накіроўваючы К.Семяновіча ў Нідэрлянды завяршаць працу над трактатам «Вялікае мастацтва артылерыі», Уладзіслаў ІV абяцаў яму фінансавую дапамогу. І хоць у тым жа 1648 годзе кароль памёр, тым не менш на сродкі новага мецэната эрц-герцага Леапольда-Вільгельма, віцэ-караля Бельгіі і Бургундыі, кніжка ўсё ж убачыла свет.

 

ПЕРААДОЛЬВАЮЧЫ ПУТЫ СХАЛАСТЫКІ

 

Пачатак эксперыментальнага прыродазнаўства

 

Творчая праца Казіміра Семяновіча супадае па часе з адным з найбольш цікавых перыядаў развіцця чалавечай цывілізацыі - вызваленнем навукі ад путаў тэалогіі*, станаўленнем доследнага прыродазнаўства.

* Тэалогія (ад грэц. тэос - бог і логос - слова, вучэнне) - багаслоўе, сукупнасць рэлігійных дактрын пра сутнасць і чыннасць бога.

На працягу ХVІІ стагоддзя ў краінах Заходняй Эўропы на змену арыстоцелеўскай карціне свету паступова прыходзіць рацыяналістычная і механістычная філасофія. Якраз на гэты час і прыпадае дзейнасць К.Семяновіча. На арэну гісторыі выходзіць новае прыродазнаўства - эксперыментальнае і матэматычнае. Родапачынальнікам эксперыментальнага прыродазнаўства звычайна лічаць Ф.Бэкана*, які пісаў у 1620 годзе ў сваім «Новым Арганоне», што ў аснову навукі мусіць быць пакладзены дослед.

* Бэкан Фрэнсіс (1561-1626) - выдатны ангельскі філосаф, пачынальнік ангельскага матэрыялізму. Ягоны заклік да эксперыментальнага вывучэння прыроды быў моцным стымулам для прыродазнаўства ХVІІ стагоддзя і адыграў важную ролю ў стварэнні навуковых таварыстваў.

Новая навука развівалася галоўным чынам па-за сценамі тагачасных навучальных устаноў, часта насуперак ім, працай геніяльных вучоных-адзіночак. Дастаткова прыгадаць імёны Г.Галілея, Р.Дэкарта, І.Кеплера, П.Гасендзі. Тым часам расла патрэба зносін паміж вучонымі, адчувалася неабходнасць стварэння навуковых цэнтраў і органаў друку. Тагачасныя ўніверсітэты былі апірышчам старой схаластычнай* навукі, не адпавядалі новым задачам. Як вынік развязання такой сітуацыі з сярэдзіны ХVІІ стагоддзя пачынаюць узнікаць першыя навуковыя таварыствы і акадэміі, выходзяць першыя навуковыя часопісы.

* Схаластыка (ад грэц. схоластыкос - школьны, вучоны) - рэлігійная філасофія, якая характарызуецца спалучэннем багаслоўска-дагматычных прадпасылак з рацыяналістычнай методыкай і цікавасцю да фармальна-лагічнай праблематыкі; у пераносным сэнсе - фармальныя веды, адарваныя ад жыцця і практыкі.

Шэраг гістарычных прычын прывёў да таго, што Вялікае Княства Літоўскае, як і ўся Рэч Паспалітая, засталося наўзбоч ад бурнага развіцця новага прыродазнаўства ў краінах Заходняй Эўропы.

 

Каталіцкая царква і навука

 

Распаўсюджанне прыродазнаўчых поглядаў у Беларусі было звязанае галоўным чынам з выкладніцкай дзейнасцю ордэнаў езуітаў, францысканцаў, бернардынцаў, кармелітаў, дамініканцаў, трынітарыяў, базыліянаў. Асабліва тут вызначыўся ордэн езуітаў*, які ў адрозненне ад іншых даваў адукацыю не толькі супольнікам ордэна, але і свецкай моладзі. Таму змест адукацыі ў каталіцкіх навучальных установах Беларусі варта разгледзець на прыкладзе езуіцкіх калегій, бо, калі не засяроджвацца на тонкіх схаластычных адрозненнях, змест навучання ў калегіях іншых ордэнаў быў гэтакі сама. Акрамя таго, педагагічная дзейнасць гэтага ордэна на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага** ўяўляе самастойны інтарэс і заслугоўвае ўважлівага вывучэння.

* Езуіцкі ордэн (Societatis Jesu) быў заснаваны Ігнатам Лаёлам у 1534 годзе. Адной з асноўных задач ордэна была барацьба супраць рэфармацыі і гарэзіяў, распаўсюджанне каталіцызму, выхаванне моладзі ў духу адданасці ордэну, каталіцкай царкве. Таму езуіты аддавалі вялізную ўвагу стварэнню сеткі навучальных устаноў, распрацоўцы праграм і метадаў навучання, прывабліванню ў навучальныя ўстановы дзяцей.

** Першыя езуіты з'явіліся ў Вялікім Княстве Літоўскім у 1569 годзе. Епіскап віленскі Валяр'ян Пратасевіч запрасіў іх у Вільню дзеля барацьбы з лютэранамі і кальвіністамі. У 1569 годзе ў Вільню прыехалі тры езуіты, а ў 1570 годзе - правінцыял аўстрыйскіх езуітаў Лорэнц Маджыа і каля дваццаці езуітаў. Да 1574 года езуіты Вялікага Княства Літоўскага належалі да аўстрыйскай правінцыі, а потым была створаная самастойная літоўская правінцыя з рэзідэнцыяй у Вільні.

 

Першы ўніверсітэт у Беларусі

 

У 1578 годзе кароль Сцяпан Батура дазволіў езуітам заснаваць у Вільні свой універсітэт, які і быў адчынены ў 1579 годзе. Гэта была першая вышэйшая навучальная ўстанова ў Беларусі. Потым паступова езуіты распаўсюджвалі свой уплыў з Вільні на ўсю тэрыторыю Вялікага Княства Літоўскага*. Да сярэдзіны ХVІІ стагоддзя вышэйшыя езуіцкія калегіі былі адчыненыя ў Вільні, Віцебску, Коўні, Менску, Нясвіжы, Варшаве, Воршы, Горадні, Новагародку, Полацку, Дынабурзе, Пінску, Берасці. Апроч таго, існавалі яшчэ шматлікія ніжэйшыя езуіцкія школы.

* Дакладней, на тэрыторыю літоўскай езуіцкай правінцыі, межы якой не супадалі з межамі княства, так што, напрыклад, Варшава ў ХVІІ стагоддзі належала да літоўскай правінцыі.

Мэта навучання дастаткова выразна была сфармуляваная самім заснавальнікам ордэна Ігнатам Лаёлам у 1547-1550 гадах: «Паколькі мэтай Ордэна і навучання ёсць дапамога бліжнім у спазнанні літасці Бога ды ў ратаванні іх душаў і паколькі гэтай мэце больш за ўсё адпавядае тэалагічны факультэт, універсітэты Ордэна будуць перадусім займацца вывучэннем тэалогіі і праз адпаведных прафесараў будуць старанна выкладаць усё тое, што мае дачыненне да схаластычнай навукі і да Святога Пісання; у станоўчай жа тэалогіі будуць займацца такімі праблемамі, якія адпавядаюць выкладзенай мэце. Паколькі ж як навучанне тэалогіі, так і яе практычнае выкарыстанне вымагаюць, асабліва ў нашым часе, ведання гуманітарных навук, лацінскай, грэцкай і габрайскай моваў, то неабходна клапаціцца і аб прафесарах для гэтых навук, прычым у дастатковай колькасці. Трэба таксама выкладаць логіку, фізіку і метафізіку, маральную навуку - зразумела, наколькі гэта будзе адпавядаць нашай мэце. Навукі ж медычныя і права, як наагул не адпаведныя нашай інстытуцыі, не будуць выкладацца ва ўніверсітэтах Ордэна ці, прынамсі, Ордэн не будзе браць на сябе такога цяжару».

 

Філасофія Арыстоцеля

 

Асноваю выкладання філасофіі ў калегіях і ўніверсітэтах, у якую ўключаліся і элементы прыродазнаўчых ведаў, служыла філасофія Арыстоцеля ў тлумачэнні царкоўных аўтарытэтаў (Тамаша Аквінскага ў езуітаў, Дунса Скота ў францысканцаў і г.д.). Варта разгледзець змест курса фізікі як часткі арыстоцелеўскай схаластычнай філасофіі, бо менавіта такі курс выкладаўся прыкладна да сярэдзіны ХVІІІ стагоддзя на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага ва ўсіх калегіях і ў Віленскім універсітэце. Вялікая колькасць такіх рукапісных курсаў - студэнцкіх запісаў лекцый - захоўваецца ў бібліятэках Вільні. І дзе б ні вучыўся К.Семяновіч, яму немінуча давялося выслухаць такі курс. Калі меркаваць па змесце кнігі «Вялікае мастацтва артылерыі», ён у асноўным прытрымліваўся карціны свету Арыстоцеля. Сляды гэтай карціны можна выявіць у тых месцах кнігі, дзе К.Семяновіч пераходзіць ад апісання эмпірычных вынікаў да іх інтэрпрэтацыі ці да агульных светапоглядных пытанняў. Таму, калі не ведаць асноўных прынцыпаў фізікі Арыстоцеля ў інтэрпрэтацыі сярэднявечных схаластаў, нельга зразумець адпаведных месцаў кнігі К.Семяновіча, нельга ацаніць, наколькі далёка адышоў ён у сваёй дзейнасці ад агульнапрынятых тады поглядаў, ад бясплённых тлумачэнняў прац Арыстоцеля.

У ХVІІ стагоддзі схаластычны метад змяніўся, але не вельмі істотна. Замест каментароў да асобных прац Арыстоцеля як галоўнага метада навуковага даследвання сярэднявечнай схаластыкі з'явіліся так званыя курсы (Kursus Aristotelicus), якія аб'ядноўвалі ўсю тагачасную філасофію ў чатыры раздзелы: логіку, фізіку, метафізіку і этыку. Класічнае размяшчэнне прац Арыстоцеля пры гэтым магло парушацца, у курс улучаліся каментары старых і новых схаластаў. Паводле формы такія курсы ўяўляюць сабой грувасткія трактаты, поўныя ўсялякіх дыспутацый, пытанняў, сумневаў, тэзісаў, антытэзісаў, аргументаў «за» і «супраць» і г.д.

 

Што такое рух?

 

Звычайна курс фізікі Арыстоцеля* пачынаўся з разгляду пытанняў, прысвечаных пачаткам прыродных целаў. Дэталёва абмяркоўваліся тры арыстоцелеўскія пачаткі (першая матэрыя, форма, адсутнасць формы) і ўзаемадачыненні паміж імі. Потым пераходзілі да паняццяў прыроды і мастацтва (тэхнікі) і да каментавання вучэння аб прычынах. Сярод шматлікіх прычын галоўная ўвага аддавалася чатыром: матэрыяльнай, фармальнай, дзейнай і мэтавай. І нарэшце, разгледзеўшы вучэнне аб «месцы цела», пустаце і часе, пераходзілі да вучэння аб руху. Пры гэтым неабходна мець на ўвазе, што тэрмін «рух» Арыстоцель разумеў вельмі шырока, улучаючы ў яго не толькі прасторавыя перамяшчэнні, але і любыя змены ці ператварэнні, якія могуць адбывацца з рэчамі. «Рух ёсць ажыццяўленне ў рэчаіснасці магчымага, паколькі гэта магчыма, або рух ёсць імкненне да формы ці месца» - тыповае схаластычнае азначэнне руху.

* Варта зазначыць, што арыстоцелеўская фізіка мае вельмі мала агульнага з сучаснымі курсамі фізікі. За межамі «Фізікі» Арыстоцеля заставаліся такія галіны ведаў, як оптыка, акустыка, механіка вадкасцяў і газаў, плаўленне і кіпенне, - па сутнасці, уся эмпірычная фізіка ХVІІ стагоддзя. Апрача таго, фізіка Арыстоцеля не ведала паняцця закона прыроды і эксперыментальнага метаду, на якіх грунтуецца сучасная фізіка.

Закончыўшы каментаванне «Фізікі» Арыстоцеля, пераходзілі да вывучэння трактата «Аб небе», у якім выкладалася арыстоцелеўская касмалогія. Стаўшы агульнапрынятай і абавязковай у каталіцкіх навучальных установах, яна зрабілася галоўным тормазам развіцця навуковай думкі*. Менавіта касмалогія Арыстоцеля сталася той часткай яго ўніверсальнай сістэмы, якая раней за ўсё была адкінутая навукай Новага часу ў перыяд навуковай рэвалюцыі ХVІІ стагоддзя. Аднак у навучальных установах Вялікага Княства Літоўскага яна выкладалася і каментавалася яшчэ нават і ў ХVІІІ стагоддзі.

* Паводле Арыстоцеля, Сусвет мае сферычную форму і абмежаваны паверхняй сферы нерухомых зорак. За межамі гэтай паверхні нічога не існуе - ні матэрыі, ні прасторы, ні пустаты. Унутры яе - герархічная сістэма сфераў; прычым, паколькі ўвесь сусвет запоўнены целамі, у ім няма месца пустаце.

Увесь Сусвет дзеліцца на дзве прынцыпова розныя часткі - нябесную і зямную, мяжою паміж якімі з'яўляецца нутраная паверхня сферы Месяца. Гэтая паверхня ёсць рэзкая мяжа паміж вечным, нязменным і дасканалым нябесным светам ды схільным да зменаў, нараджэнняў і знікненняў падмесячным светам, у цэнтры якога знаходзіцца нерухомая Зямля.

Нябесны (надмесячны) свет запоўнены незнішчальным нябесным пачаткам (так званым пятым элементам - квінтэсенцыяй, ці эфірам). Крышталёвыя, празрыстыя і нязменныя нябесныя целы з'яўляюцца простымі субстанцыямі. Яны маюць сферычную форму. Рух нябесных целаў зводзіцца да раўнамернага вярчэння вакол Зямлі. Кожная з планетных сфераў прыводзіцца да вярчэння сваёй «інтэлігенцыяй», якая ў хрысціянскай інтэрпрэтацыі атаясамлівалася з анёлам.

Падмесячны свет, паводле Арыстоцеля, запоўнены целамі, якія складаюцца з чатырох элементаў: зямлі, вады, паветра ды агню. Кожны з элементаў валодае пэўным, уласцівым толькі яму «натуральным» рухам. Натуральныя рухі з'яўляюцца просталінейнымі: агонь і паветра імкнуцца рухацца ўгару ад цэнтра Сусвету, які супадае з цэнтрам Зямлі; вада і зямля імкнуцца падаць уніз да цэнтра Сусвету. Ад натуральных рухаў (вертыкальна ўгару ці ўніз), уласцівых усім целам, Арыстоцель адрозніваў «вымушаныя» рухі ў кірунках, што не супадаюць з кірункамі да «натуральнага месца цела». Вымушаны рух, які аддаляў цела ад яго натуральнага месца, патрабаваў нейкае прычыны, што мусіла дзейнічаць датуль, пакуль працягваўся рух.

У адпаведнасці з асноўным прынцыпам дынамікі Арыстоцеля натуральны рух не вымагае вонкавай прычыны - прычынай такога руху з'яўляецца прырода, форма цела (паводле метафізікі Арыстоцеля, матэрыя пасіўная, а форма актыўная). Паколькі Арыстоцель адмаўляў дзеянне на адлегласці, то вымушаны рух патрабуе няспыннага кантакту з якім-небудзь целам. Адной з найцяжэйшых праблем у такой дынаміцы была праблема тлумачэння руху цела па інерцыі. Сапраўды, што рухае цела пасля таго, як яно адарвалася ад цела, якое надало яму рух* (напрыклад, стралу, выпушчаную з лука)? Гэтай праблеме прысвяціў некалькі старонак сваёй кнігі і К.Семяновіч; таму варта разгледзець падрабязней, як развязвалі гэтую праблему ў схаластычнай філасофіі, што панавала ў Эўропе з ХІ стагоддзя.

* Цела, якое надае рух другому целу, мы ніжэй будзем называць рухачом.

Арыстоцель лічыў, што ў ролі такога «рухача» выступае навакольнае асяроддзе. Сярэднявечныя каментатары больш наглядна падалі гэтыя погляды Арыстоцеля: за целам, якое рухаецца, пасля таго як яно згубіла кантакт з рухачом, на імгненне ўзнікае пустата. Яна адразу ж запаўняецца паветрам, якое цісне на цела, падтрымліваючы яго рух у прасторы.

 

Бурыданаў імпэтус

 

Пачынаючы з ХІІ стагоддзя праблема руху кінутага цела зноў інтэнсіўна дыскутавалася заходнеэўрапейскімі схаластамі. Шырокае распаўсюджанне набыла канцэпцыя «імпэтусу», прапанаваная Ж.Бурыданам*. Адзначаючы, што ваўчок у часе кручэння рухаецца, не пакідаючы свайго месца, і што прыпісаць прычыну яго бесперапыннага руху паветру, згодна з Арыстоцелем, немагчыма, Ж.Бурыдан піша: «... як мне ўяўляецца, рухач, прыводзячы ў рух цела, укараняе (imprimet) у яго пэўны націск (impetus)... І дзякуючы гэтаму націску камень рухаецца пасля таго, як кідальнік перастае яго штурхаць. Аднак гэты націск бесперапынна памяншаецца паветрам у выніку яго супору і цяжарам каменя. Такім чынам, рух каменя паступова запавольваецца і нарэшце гэты націск змяншаецца настолькі, што цяжар каменя бярэ верх і накіроўвае камень у яго натуральнае месца». У далейшым канцэпцыя імпэтусу была старанна распрацаваная і шырока выкарыстоўвалася для тлумачэння механічных з'яваў аж да сярэдзіны ХVІІ стагоддзя (пакуль яе не змяніла канцэпцыя руху па інерцыі, прапанаваная Галілео Галілеем).

* Бурыдан Жан (блізу 1300-блізу 1358) - французскі філосаф, рэктар Парыжскага ўніверсітэта, садзейнічаў распаўсюджанню ў Францыі прыродазнаўчых ідэяў.

К.Семяновіч добра ведаў канцэпцыю імпэтусу і вучэнне Арыстоцеля пра натуральныя і вымушаныя рухі; ён шырока карыстаўся імі ў сваёй кнізе, пра што сведчаць многія яе старонкі. І таму, калі не ведаць высноваў фізікі і механікі Арыстоцеля, многія разважанні К.Семяновіча, пададзеныя ім у трактаце «Вялікае мастацтва артылерыі», будуць заставацца незразумелымі сучаснаму чытачу.

 

КНІГА ТАЯМНІЦАЎ ГАРМАТНІЦКІХ

 

З друкарні Янсана

 

Праца «Вялікае мастацтва артылерыі» была напісаная на лацінскай мове - міжнароднай мове тых часоў - і выдадзеная фарматам in folio (у аркуш) у друкарні Яна Янсана. Мае франтыспіс, гравіраваны паводле малюнка аўтара вядомым галандскім гравёрам Якубам ван Мэйрсам, які ў 1649 годзе жыў у Амстэрдаме. У кнізе 304 старонкі тэксту і 22 табліцы з 206 малюнкамі, зробленымі самім К.Семяновічам. Нельга не адзначыць яго вялікія здольнасці як рысавальніка. Усе графічныя аркушы награвіраваў усё той жа Я. ван Мэйрс.

 

Піратэхніка і феерверкі

 

Асноўны тэкст складаюць пяць раздзелаў (кніг), якім папярэднічае «Прадмова». Завяршае працу «Дакончанне». На франтыспісе (гравюра на медзі) намалявана мноства феерверкавых вырабаў. «Тут ракеты з жэрдкай на ракетным спуску і ў паветры; ракеты, якія ўзлятаюць і падаюць назад на зямлю; ракеты са стабілізатарам; ракеты, якія ўзлятаюць строма і нахільна; ракеты, якія паўзуць па зямлі; сферападобныя і цыліндрычныя люсткугелі*, выстраленыя з марціраў; ракетныя колы і г.д. У басейне плаваюць вадзяныя фантаны з швермерамі**, вадзяныя ракеты, вадзяныя шары; над басейнам узлятаюць піратэхнічныя агні. На п'едэсталах калон намаляваны шалі, бязмен, цыркуль, артылерыйская шкала, лабараторныя прылады, геаметрычныя рысункі і да т.п. У заглыбленнях фрыза - вогненныя стрэлы, шпады і эспадроны з петардамі***, вышэй - вогненныя шары і колцы. Феерверкеры кіруюць піратэхнічнымі агнямі, гледачы захапляюцца» - так характарызуе франтыспіс А.Штэрнфэльд, знакаміты вучоны, гісторык касманаўтыкі. К.Семяновіч бачыць адлюстраванае на франтыспісе трохі іначай. «Відарыс, пададзены намі на франтыспісе нашай працы, адлюстроўвае марнасць людской славы», - піша ён.

* Люсткугель - цыліндрычная або шаравая папяровая гільза, запоўненая швермерамі ці зіхацінкамі. Піратэхнічная зіхацінка рыхтуецца з рознакаляровых сумесяў, якія гараць вельмі марудна; у часе гарэння ўяўляе сабою яркі вогненны шарык, які потым рассыпаецца на мноства дробных рознакаляровых агеньчыкаў.

** Швермер (або змейка) - феерверкавая фігура, якая пры выкідванні ў паветра з люсткугеля рухаецца ўлукаткі.

*** Петарда - набой спрасаванага дымнага пораху ў металічнай ці кардоннай абалонцы, у феерверках выкарыстоўваецца дзеля стварэння гукавых эфектаў; шпада - тое ж, што і шпага; эспадрон - спартыўная шабля, зброя для фехтавання.

Мэту выдання сваёй кнігі аўтар выкладае гэтак: «... выданнем гэтае працы я хацеў бы зрабіць паслугу маёй Радзіме і маім суайчыннікам, якія заўсёды выяўлялі вялікую схільнасць да гэтай навукі і якія цанілі яе болей, чым іншыя галіны вайсковай навукі; аднак жа да гэтага часу не мелі кніг, на якіх маглі б вывучаць яе. А калі нават і ёсць некалькі кніг, перакладзеных на нашую мову (ёсць усяго толькі адна-дзве лацінскія кнігі, якімі мы валодаем разам з іншымі нацыямі), дык яны вельмі рэдкія і не абыймаюць усяго прадмету».

Змест кнігі К.Семяновіча надзвычай багаты. Польскі гісторык Т.Новак падлічыў, што ў кнізе цытуюцца больш за 200 аўтараў, а калі ўлічыць, што ў многіх было па некалькі працаў, то агульная колькасць скарыстаных твораў даходзіць да 260. З іх больш за палову (55%) складаюць трактаты, напісаныя ў старажытнасці (да канца V ст.), крыху больш за 6% - працы сярэднявечныя (VІ-ХV стст.) і 39% - кнігі эпохі Адраджэння і Новага часу (ХVІ-першая палова ХVІІ ст.). Ёсць творы філосафаў Плятона, Арыстоцеля, Сенекі; фізікаў і матэматыкаў Эўкліда, Архімеда, Апалона з Пергама; знакамітых сярэднявечных даследнікаў Тартальі, Кардана, Скалігера; фізікаў Новага часу Стэвіна, Кеплера, Галілея ды многіх іншых. Тут жа літаратура медычная і прыродазнаўчая: Гіпакрат, Дыяскарыд, Гален, арабская навука прадстаўлена Серапіёнам, Авіцэнам і Авероэсам, візантыйская - Паўлам, лекарам з Эгіны. Ёсць творы па земляробстве, хіміі, тэхніцы, гісторыі.

У рамках невялікай кніжкі немагчыма дэталёва разгледзець усё багацце зместу кнігі К.Семяновіча. Многа цікавага знойдзе тут і гісторык, і спецыяліст вайсковай ці грамадзянскай архітэктуры, і хімік. Мы ж засяродзім галоўную ўвагу на прыродазнаўчых поглядах К.Семяновіча ды на пытаннях, якія тычацца артылерыйскай і ракетнай справы.

Паколькі кніга «Вялікае мастацтва артылерыі» пісалася як падручнік для артылерыстаў і піратэхнікаў, яна мае і адпаведную структуру.

 

Навошта ядры залатыя і драўляныя?

 

Першы раздзел «Аб артылерыйскай лінейцы» носіць дапаможны характар у дачыненні да галоўнай тэмы кнігі. У 13 падраздзелах выкладаецца ўсё, што датычыць метадаў вызначэння калібру гармат, радыюсаў і вагі ядраў у залежнасці ад роду матэрыялу. Вучоны дэманструе тут надзвычайную эрудыцыю, цытуючы амаль усіх старажытных і сучасных яму матэматыкаў. Разглядаючы пытанне пра вызначэнне радыюса ядра па яго масе, якое зводзіцца да здабывання кубічнага кораня з дадзенага ліку, ён адзначае, што гэтая задача не развязаная з дапамогай цыркуля ды лінейкі і падае некалькі набліжаных арытметычных і геаметрычных спосабаў яе развязання.

Для параўнання вагі ядраў аднолькавых памераў з розных матэрыялаў аўтар змяшчае табліцу адноснай вагі ядраў з 19 розных матэрыялаў, палічыўшы за 100 адзінак вагу ядра з золата (такім чынам, па сутнасці, ён дае табліцу ўдзельных вагаў). Большая частка дадзеных узятая ім з кнігі французскага вучонага-францысканца М.Мерсэна* «Гідраўліка» (1644 год). Аднак К.Семяновіч заўважае, што дадзеныя для серы і ліпавай драўніны атрыманы ім з дапамогай уласных вымярэнняў. Параўнанне гэтай табліцы з сучаснымі звесткамі паказвае, што пададзеныя К.Семяновічам лічбы сістэматычна заніжаныя, мабыць, з прычыны завышанага значэння, узятага для вады (рH2O / pAu = 5 2/3 : 100 = 0,057 у К.Семяновіча, рH2O / pAu = 5,166 : 100 = 0,052 па сучасных дадзеных).

* Мерсэн Марэн (1588-1648) - французскі фізік. Упершыню вызначыў хуткасць распаўсюджання гуку ў атмасферы; прапанаваў схему люстранага тэлескопа. Адыграў вялікую ролю ў першапачатковым развіцці навуковых таварыстваў у ХVІІ стагоддзі.

Грунтуючыся на табліцы адносных вагаў, К.Семяновіч вылічвае табліцу адносных радыюсаў ядраў аднолькавай вагі з розных матэрыялаў, зноў узяўшы за 100 радыюс ядра з золата. Тут жа ён падае шматлікія меры вагі, даўжыні, плошчы, аб'ёму і стасункі паміж імі ў розных краін і народаў - як старажытных, так і сучасных. У апошніх падраздзелах тлумачыць прынцыпы работы нераўнаплечага вагара і дае метады ўзважвання целаў з яго дапамогай.

 

Чорны порах: тэхналогія вырабу

 

Другі раздзел «Аб сродках і матэрыялах, якія выкарыстоўваюцца звычайна ў піратэхніцы» змяшчае 32 падраздзелы. Тут аўтар падрабязна апісвае розныя спосабы атрымання і ачысткі складовых частак пораху - салетры і вугалю, метады вырабу розных гатункаў пораху і праверкі яго баявых якасцяў. Па сутнасці, асноўны змест гэтага раздзела - хімія і тэхналогія вырабу чорнага пораху - адзінага вядомага на той час выбуховага матэрыялу. Тады хімія была ў такім «дзіцячым» стане, што яе сувязь з піратэхнікай абмяжоўвалася спосабамі атрымання салетры, яе ачысткі, драбнення і вырабу цвёрдага ці мяккага вугалю.

У апошніх падраздзелах разгледжаны некаторыя спалучаныя з галоўнай тэмай пытанні: выраб гаручых вадкасцяў, кнатоў, пакулля і т.п.; спосабы захоўвання пораху і нават найбольш ужывальныя рэцэпты лекавання апёкаў, якія можна атрымаць пры неасцярожным абыходжанні з порахам ды гаручымі матэрыяламі.

З гледзішча гісторыі навукі і тэхнікі трэці раздзел кнігі «Аб ракетах» уяўляе найбольшую цікавасць. Тут у 10 падраздзелах даводзяцца шматлікія звесткі пра ракеты, назбіраныя К.Семяновічам у старажытных і сучасных аўтараў. Аднак асноўную частку раздзела складаюць яго ўласныя эксперыментальныя вынікі, якія мы падрабязна разгледзім крыху пазней.

 

Ад чаго залежыць далечыня палёту?

 

Чацверты раздзел «Аб ядрах» складаецца з дзвюх частак. Кожная з іх, як звычайна, дзеліцца яшчэ на падраздзелы. У першай частцы разглядаюцца ядры, што ўжываюцца ў піратэхнічных мэтах для феерверкаў, а ў другой - вайсковае выкарыстанне ядраў. Апісваюцца ядры, якія плаваюць на вадзе і палаюць, скачуць па зямлі і да т.п. Змест гэтага раздзела ўяўляе асаблівую цікавасць для высвятлення прыродазнаўчых поглядаў К.Семяновіча, бо тут ён, не абмяжоўваючыся апісаннем вынікаў сваіх даследванняў залежнасці далечыні палёту ядра ад даўжыні рулі гарматы, калібру, колькасці закладзенага пораху і г.д., спрабуе даць ім рацыянальнае тлумачэнне. На некаторых з гэтых тлумачэнняў мы супынімся ніжэй.

 

Выбуховыя збаны і запальныя гірлянды

 

І нарэшце, заканчвае кнігу пяты раздзел з доўгім найменнем «Аб розных машынах, рыштунку, прыладах і піратэхнічным абсталяванні, як для забавы, так і для сур'ёзных, г.зн. вайсковых мэтаў», які таксама, як і папярэдні, складаецца з дзвюх частак. У першай частцы даюцца рэкамендацыі па піратэхнічным афармленні феерверкаў з нагоды розных урачыстасцяў і святаў (каранацый, перамог, вяселляў, народзінаў і да т.п.). Аўтар яшчэ раз выяўляе шырокую эрудыцыю ў галіне класічнай грэцкай і рымскай літаратуры, цытуючы апісанні гэтакіх урачыстасцяў з розных старажытных аўтараў. Тут жа падаюцца алегарычныя сімвалы рымскіх і грэцкіх багоў ды іх вытлумачэнне. Не забываецца К.Семяновіч і пра святочнае афармленне народных гулянняў у сябе на радзіме.

У другой частцы гэтага раздзела разглядаюцца спосабы вырабу розных выбуховых і запальных прадметаў для вайсковых мэтаў і феерверкаў: выбуховых гаршкоў, збаноў, кубкаў, бутэлек; запальных вянкоў і гірляндаў, якія накідваюцца на плечы праціўніка пад час, калі ён штурмуе фартэцыю; вогненных слупоў, абручоў, шароў, бочак, дзідаў, стрэлаў і да т.п.

 

АДКАЗ ДАЕ ЭКСПЕРЫМЕНТ

 

Мастацтва артылерыі - не толькі спрытныя рукі

 

ХVІІ стагоддзе звычайна называюць «стагоддзем доследнай навукі». Перавага і шырокае развіццё эксперыментальных даследванняў, асабліва ў галіне механікі і фізікі, былі абумоўленыя, поруч з іншымі акалічнасцямі, яшчэ і тым, што ў гэтым часе ўзнікла сур'ёзная супярэчнасць паміж поспехамі тэхнікі і адставаннем прыродазнаўства. Канкрэтнае развязанне гэтай супярэчнасці непазбежна павінна было ісці шляхам навуковага абагульнення вынікаў тэхнічнага досведу з дапамогаю як эксперыментальных, так і тэарэтычных даследванняў.

Шлях развіцця эксперыментальных даследванняў быў у прынцыпе зразумелы: патрабавалася перадусім распрацоўка і ўдасканаленне метадаў вымярэння, стварэнне новых вымяральных прыладаў, правядзенне старанных вымярэнняў. Іначай было з тэорыяй. Вучоныя ХVІІ стагоддзя (асабліва яго першай паловы) маглі будаваць тэарэтычныя якасныя гіпотэзы, аднак зусім не мелі якога-небудзь метаду пабудовы колькаснай тэорыі. Чыста якасныя гіпотэзы - праўдападобныя, маляўнічыя і дасціпныя - не маглі служыць трывалай базай для тлумачэння эксперыментальных дадзеных.

Першыя істотныя тэарэтычныя вынікі былі атрыманыя ў механіцы. У 1638 годзе ў Ляйдэне Г.Галілей апублікаваў свае «Размовы і матэматычныя доказы...», дзе быў пададзены і першы колькасны дынамічны закон - закон свабоднага падзення цела. Аднак толькі ў 1687 годзе І.Ньютанам быў створаны метад пабудовы фізічных тэорый.

Усе гэтыя цяжкасці і супярэчнасці станаўлення доследнага прыродазнаўства адлюстраваліся і ў творчасці К.Семяновіча. У яго кнізе выразна прыкметныя традыцыі, якія звязваюць яго з сярэднявеччам, аднак яшчэ выразней выступаюць рысы вучонага Новага часу.

К.Семяновіч вельмі скрупулёзны і назіральны ў сваіх даследваннях. Да прыкладу, можна назваць хаця б такі факт: даючы значэнне адноснай удзельнай вагі вады, ён зазначае, што гэта не проста вада, а вада, узятая «з Рэйна, які абмывае Ляйдэн». У тэорыі, аднак, ён дапускаў часам вельмі адвольныя і неапраўданыя меркаванні, чым мала адрозніваўся ад сваіх папярэднікаў. Тым не менш менавіта ўважлівасць пры правядзенні доследаў і назіральнасць дазвалялі яму прадбачыць сапраўдныя механічныя заканамернасці.

 

Навука ці рамяство?

 

Яго папярэднікі ў піратэхніцы і артылерыі рэдка звярталіся да матэматычных вылічэнняў, да законаў фізікі і механікі. У адрозненне ад піратэхнікаў-рамеснікаў свайго часу К.Семяновіч быў сапраўдным піратэхнікам-вучоным, які паставіў сабе за мэту даказаць, што мастацтва артылерыі - гэта не толькі кемлівасць і спрытныя рукі, але і навуковыя асновы. У сваёй кнізе ён абапіраецца на апошнія дасягненні сучаснай яму навукі.

Каб можна было ўявіць, якую велізарную работу правёў К.Семяновіч для пераўтварэння артылерыйскага мастацтва ў навуку, адзначым, што сярод работ, якія ён цытуе, мы бачым, напрыклад, працу І.Кеплера «Новая стэрэаметрыя вінных бочак», якая закладвала асновы інтэгральнага злічэння. Спасылкі на працы М.Мерсэна (1644) і П.Гасэндзі* (1647) паказваюць, што К.Семяновіч уважліва сачыў за развіццём сучасных яму ведаў і адразу ж выкарыстоўваў усё новае, што з'яўлялася ў тагачаснай навуцы.

* Гасэндзі П'ер (1592-1655) - французскі філосаф, працаваў таксама ў галіне матэматыкі і механікі; крытыкаваў схаластычны арыстоцелізм.

 

Не адхрышчвацца ад матэматыкі

 

У сваёй кнізе ён неаднаразова высмейвае ўсялякія забабоны і перажыткі ў артылерыйскай і піратэхнічнай справе, выступае за тое, каб спецыялісты піратэхнікі вывучалі дакладныя і прыродазнаўчыя навукі. «Сярод вялікай колькасці піратэхнікаў нашага часу, - піша ён, - не знойдзеш, асмелюся сцвярджаць, ніводнага, хто б імкнуўся не столькі да багацця, колькі да ведаў... Гэтыя людзі адхрышчваюцца ад тэорыі і прынцыпаў цудоўнай матэматыкі і лічаць ганьбай для піратэхніка-практыка выкарыстанне для доказаў і разумення правіл свайго мастацтва тэарэм Архімеда, Эўкліда ды іншых славутых вучоных. Менавіта тут крыніца гэтай новай «навукі» - «псеўдамеханікі», невядомай у мінулых стагоддзях... Галоўная аксіёма гэтай «навукі» наступная - усё заблытаць і нічога не высветліць. І вось незвычайны плён гэтага: штодзённыя і непапраўныя памылкі як у канструкцыі вайсковых прыладаў і іх абслугоўванні, так і ў стварэнні піратэхнічных вырабаў, якія спрычыняюцца да растраты сродкаў і да пагрозы смяротнай небяспекай як для саміх піратэхнікаў, так і для гледачоў. Менавіта на такое здольныя ўсе гэтыя невукі ў матэматыцы... Аднак не думайце, што я тут збіраюся зняславіць вайсковую практыку, якую я палюбіў і якая заўсёды будзе. Балюча мне толькі за тое, што ўзвышаная навука піратэхнікі не толькі зняважана тымі, хто яе выкарыстоўвае (гавару тут аб гэтых практыках без практыкі) і хто адабраў у яе былую славу і прыгажосць, якую ёй надалі яе першыя адкрывальнікі. Балюча мне, што гэтую навуку адарвалі ад правільнай асновы - матэматыкі і запіхнулі паміж звычайнымі рамёствамі. Хацеў бы, каб быў такі закон... паводле якога піратэхнікі не дапускаліся б да работы, калі яны не ведаюць пачаткаў арытметыкі і геаметрыі. Я веру, што такім чынам наша вялікае мастацтва зноў набыло б тое былое хараство, якога яго несправядліва пазбавілі».

 

Як узнікае рухальная сіла?

 

Хоць праблемы механікі не датычаць галоўнай тэмы кнігі К.Семяновіча, там даволі шмат заўваг па асобных момантах, якія даюць магчымасць даволі поўна ўявіць погляды аўтара.

Адным з галоўных пытанняў, якія прыцягвалі тады агульную ўвагу вучоных у галіне механікі, было пытанне аб прычынах руху цела. Як вядома, адказ на яго прывёў Г.Галілея да закона інерцыі. Наколькі можна меркаваць, К.Семяновіч далучаецца тут да аднаго з варыянтаў тэорыі імпэтусу сярэднявечнага схаласта Ж.Бурыдана.

Імпэтусам Ж.Бурыдан называе нейкую «сілу», якая паходзіць з рухальнага цела і «уразаецца» ў рухомае цела*. Вось што гаворыць аб прычынах руху сам К.Семяновіч: «Калі меркаваць па прадметах, штурхнутых рукою або вышпурнутых з лука ці арбалета, якім сіла, што выклікала гэты рух і забяспечыла іх пэўнымі ступенямі хуткасці, спадарожнічае не даўжэй таго, чым яны рухаюцца ў паветры, дык робіцца відавочным, што прычынай руху ядраў, выстраленых з нашых марцір і гармат, якой бы ні была іх форма, з'яўляецца выключна імгненны націск, які бярэ пачатак у рухальнай сіле. Бо для руху цела дастаткова імпульсу ад рухальнай сілы, якая засталася ў штурхнутым целе. Ёсць шмат такіх людзей, прычым са славутым імем і выдатнай адукацыяй, якія лічаць, што рух, нададзены якому-колечы целу, ніколі не спыніцца, калі толькі не будзе скасаваны якой-небудзь прычынай... Надта збочваюць з дарогі ісціны і памыляюцца праз заблытаныя і аблудныя высновы тыя, хто лічыць, нібыта рухальная сіла, якая ўзяла пачатак у пораху, некаторы час спадарожнічае ядру, лятучаму ў паветры, дзеля прыліпання да яго, падштурхоўвае яго, а таксама дадае яму ўсё новыя ступені хуткасці...»

* Імпэтус нельга атаясамліваць з якім-небудзь сучасным фізічным тэрмінам, але ў некаторых выпадках можна лічыць эквівалентным імпульсу.

Мы падалі гэтую доўгую цытату не толькі таму, што яна дастаткова выразна характарызуе погляды К.Семяновіча на шырока распаўсюджаную думку, што рухач «штосьці ўкладае» ў рухомае цела, але і таму, што гэты ўрывак добра ілюструе і сам стыль выкладу матэрыялу ў кнізе. У адрозненне ад бальшыні кніг таго часу, запоўненых схаластычнымі азначэннямі, тэзісамі, антытэзісамі і да т.п., тут не ўзнікае ніякага сумневу наконт інтэрпрэтацыі тэксту і стаўлення аўтара да выкладзеных поглядаў на рух. Што ж да самой праблемы руху, то, як вядома, развіццё навукі пайшло некалькі іншым шляхам - замест адказу на пытанне «чаму рухаецца цела?» сучасная навука пастулюе наяўнасць руху з дапамогаю паняцця інерцыі цела (і адказвае на пытанне «як, па якім законе рухаецца цела?»).

 

Стрэл двума ядрамі

 

Значна большых поспехаў дасягае К.Семяновіч там, дзе яго высновы грунтуюцца не на агульнафіласофскіх развагах аб праблеме руху, а на тэарэтычнай і матэматычнай інтэрпрэтацыі атрыманых ім доследных звестак. У гэтым аспекце вельмі цікавыя высновы, зробленыя ім з праведзеных доследаў на стральбе з гармат, зараджаных двума ядрамі. Вось да якога выніку прыйшоў К.Семяновіч: «... адно ж асобнае цела, калі яно велічынёю, формай і рэчывам падобнае да другога цела і аднолькавае з тым, у напрамку якога яно прыведзена ў рух і сутыкаецца, укладае ў пункце кантакту ў нерухомае цела палову імпэтусу, атрыманага ад рухальнай сілы, само ж пазбаўляецца гэтае паловы, бо тое, што аддаецца другому, робіцца ўласнасцю таго, каму аддадзена, а паколькі першае аддае, то яно само гэтага пазбаўляецца. У цэлым жа ніякі рух не знікае, а толькі ад аднаго прадмета пераходзіць да другога. Таму адно і другое целы будуць рухацца адначасова, аднак у два разы павольней, чым да гэтага.

Целы ж, якія адрозніваюцца памерамі, але маюць аднолькавую форму і зробленыя з аднаго рэчыва, захоўваюць паміж сабою прапарцыйныя да сваёй няроўнасці стасункі пры наданні і перадачы імпэтусу. Калі б, напрыклад, драўляны шар, вымушана прыведзены ў рух, сустрэў бы другі, таксама драўляны шар, аб'ём якога адносіўся б да аб'ёму гэтага шара як 2:1, то той шар укладзе ў гэты 2/3 свайго руху, таму што абодва шары, злучаныя разам, трэба ўяўляць сабе нібы адно цела, падзеленае на тры часткі, і тады з'яўляюцца тры адзінкі часу для праходжання той жа адлегласці, якую перад гэтым меншы шар праходзіў за адну».

Калі пад імпэтусам разумець імпульс цела, то К.Семяновіч фармулюе тут цалкам правільны закон абсалютна няпругкага сутыкнення целаў. Відавочна, што пры стрэле з гарматы адначасова двума ядрамі хуткасць вылету ядраў вызначаецца хутчэй законам няпругкага, чым пругкага ўдару. Таму натуральна, што доследы прывялі вучонага менавіта да гэтага закону. Цікава, што ў 1644 годзе, незадоўга да прыезду К.Семяновіча ў Нідэрлянды, у Амстэрдаме выйшла з друку кніга «Пачаткі філасофіі» Р.Дэкарта*, дзе былі сфармуляваныя законы пругкага ўдару, якія аказаліся памылковымі. К.Семяновіч іх нідзе не ўпамінае, хоць, бясспрэчна, працы Р. Дэкарта, якія атрымалі шырокую вядомасць, не маглі прайсці міма яго ўвагі**.

* Дэкарт Рэнэ (1596-1650) - славуты французскі філосаф і матэматык. У 1629 годзе, пасля некалькіх гадоў падарожжа, перасяліўся ў Нідэрлянды, дзе дваццаць гадоў займаўся навукай. Тут пабачылі свет ягоныя галоўныя творы - «Разважанне пра метад...», «Роздум пра першую філасофію...», «Пачаткі філасофіі».

** Бадай, не выпадкова тое, што К.Семяновіч нідзе ў сваёй кнізе не згадвае Р.Дэкарта. Хутчэй за ўсё тлумачыцца гэта тым, што пісаў ён кнігу для сваіх суайчыннікаў, а ў тым часе вучэнне Р.Дэкарта было забароненае каталіцкай царквою і ў Вялікім Княстве Літоўскім езуіты вельмі пільна сачылі за выкананнем гэтае забароны.

Можна прывесці шмат прыкладаў назіральнасці К.Семяновіча, што дазваляла яму па-новаму зірнуць на звычныя з'явы і працэсы. Вось, напрыклад, як ён апісвае работу майстра-ракетніка пры запаўненні порахам ракеты: «Чым даўжэйшаю будзе ручка молата і чым вышэй падыме руку майстар, які збіраецца ўдарыць, тым з большаю сілаю молат стукне па пастаўленым ніжэй шомпале, так што мацней будзе біць молат вагою 10 фунтаў, чым другі, у 10 разоў цяжэйшы, які мае ў 10 разоў карацейшую ручку. Прычыны гэтага трэба шукаць у прынцыпах механікі... Шпарчэйшы будзе рух па акружыне (а мы цяпер гаворым толькі пра такі рух) таго прадмета, які больш аддалены ад цэнтра свайго руху, чым таго, які менш аддалены ад гэтага цэнтра. У адпаведнасці з гэтым, калі ўзяць больш доўгую ручку молата ў якасці радыюса акружыны, цэнтр якой знаходзіцца ў плячы майстра, то молат будзе прыводзіцца ў рух лягчэй і хутчэй і ў выніку будзе ўздзейнічаць эфектыўней, чым молат з карацейшай ручкай; гэты молат хоць бы і меў большы цяжар у параўнанні з першым, рухаўся б павольней з тае прычыны, што мае карацейшую ручку».

Няцяжка ўбачыць, што ў пададзеным урыўку гаворка ідзе пра колькасныя параметры ўдару, эквівалентныя сучасным фізічным паняццям работы і энергіі. У прыватнасці, калі лічыць, што «сіла, або моц, удару» К.Семяновіча прапарцыйная рабоце молата ў сучасным сэнсе тэрміна «работа», дык яго развагі цалкам правільныя - пры аднолькавай кутавой хуткасці лінейная хуткасць молата прапарцыйная квадрату даўжыні ручкі і толькі першай ступені вагі. Між тым паняцце кінетычнай энергіі («vis viva» Ляйбніца) было ўведзенае ў навуку толькі ў 1686 годзе.

Сустракаюцца ў кнізе К.Семяновіча і тыпова схаластычныя разважанні, асабліва ў спробах тлумачэння такіх з'яваў і працэсаў, разуменне якіх ляжала далёка па-за магчымасцямі навукі першай паловы ХVІІ стагоддзя. Уся фізіка тады па сутнасці зводзілася да механікі, а хімія як навука наагул адсутнічала. Аднак схаластычная традыцыя вымагала не пакідаць без тлумачэння ніводнага факта, з'явы ці працэсу.

 

Сляды Арыстоцелевай фізікі

 

І натуральна, што ў кнізе «Вялікае мастацтва артылерыі» ў дастатку можна знайсці сляды фізікі Арыстоцеля. Характэрны ўзор такога падыходу - тлумачэнне раскідвальнага дзеяння пораху: «... узнікненне рухальнай сілы ў вогненным пораху нельга прыпісаць нічому іншаму, як агню, паднесенаму да пораху. Агонь, зменлівы па сваёй прыродзе, ператварае ўвесь порах у іншую субстанцыю, значна больш тонкую, падобную да яго і прыдатную для яго захавання ды павелічэння. Бо ўсе элементы, наколькі магчыма, ствараюць і павялічваюць сваю форму, калі толькі яны мацнейшыя за тыя, якія ад іх церпяць, бо кожная істота імкнецца да бясконцасці і вечнасці. Гэта датычыць у найвышэйшай ступені і агню, які імкнецца не толькі існаваць, але і разрастацца, а таму (як гаворыць Скалігер), паколькі ён першы і найважнейшы элемент, павялічвае сваю ўладу безупынным панаваннем, падзяляючы, збіраючы і далучаючы да сябе ўсё, што толькі магчыма, каб усё, што падпарадкавалася яго ўладзе, забраць з сабою, калі будзе адыходзіць да свайго месцазнаходжання. Перадаўшы зямлі попел, вадзе - вільготнасць, паветру - подых, сабе забірае тое, што яму належыць. Гэтак абыходзіцца і з порахам, а паколькі субстанцыя пораху амаль што цалкам вогненная, ён усю яе ператварае ў сябе ці ў якоесьці вогненнае паветра, большую частку якога ўсмоктвае, пакідаючы толькі часткі дыму і сажы, якія паходзяць з вугалю ды зямлістай матэрыі, што змяшчаюцца ў дрэнна ачышчаных серы і салетры... Такім чынам, можна лічыць, што сутнасць рухальнай сілы, выкліканай агнём з пораху, складаецца з натуральнага агню і нейкага вогненнага подыху, які ўшчыльняе і згушчае натуральны агонь, які сам па сабе разрэджаны, далікатны і лёгкі, а таму, як гавораць філосафы, сам не згарае і не свеціць. Гэтая сутнасць лёткая, нястрымная, магутная, парывістая, імпэтная, рухальная, уздымная, рассейвальная, разлучальная, ушчыльняльная, сціскальная, злучальная, абагравальная, разрэджвальная, пякучая, яна не церпіць прамаруджвання, ушчыльнення і абмежавання сваёй прасторы, а таксама паўтарэння самой сябе ці адступлення назад».

У асаблівых каментарах пададзены ўрывак не мае патрэбы. Адзначым толькі, што ў гэтым дачыненні К.Семяновіч не адзінокі. Цяжка знайсці кнігу першай паловы ХVІІ стагоддзя, прысвечаную прыродазнаўчым пытанням, якая была б цалкам вольная ад схаластычнай традыцыі. Галоўнае ж, што адрознівае кнігу К.Семяновіча ад бальшыні кніг яго сучаснікаў і папярэднікаў, - гэта паслядоўная апора (там, дзе гэта было магчыма) на дослед пры тлумачэнні назіраных з'яваў.

 

РАКЕТЫ ВАЙСКОВЫЯ І ПАЦЯШАЛЬНЫЯ

 

Хто вынайшаў ракету?

 

Асаблівай увагі гісторыкаў навукі і тэхнікі заслугоўвае трэці, невялікі аб'ёмам раздзел кнігі К.Семяновіча, які мае назоў «Аб ракетах» («De Rochetis»). Раздзел прысвечаны выкладу метадаў разліку і выбару ракет разнастайных тыпаў, ужывальных як у вайсковай справе, так і дзеля цывільных патрэбаў.

Бальшыня сучасных гісторыкаў тэхнікі сыходзяцца на думцы, што парахавыя ракеты ўпершыню з'явіліся ў Кітаі блізу Х стагоддзя, пазней яны сталі вядомыя ў Індыі, а затым у сярэднявечнай Эўропе. Звесткі аб парахавых ракетах ёсць у рукапісах Р.Бэкана* (1260 год) і Альбэрта Вялікага** (1265 год). У ХVІІ стагоддзі ў Эўропе парахавыя ракеты ўжываліся ў вайсковых мэтах толькі зрэдку, а галоўным чынам скарыстоўваліся ў пацяшальных відовішчах. Мноства іх запускалі пад час святочных феерверкаў. Майстры-піратэхнікі выяўлялі немалую вынаходлівасць пры афармленні святочных гульняў: у небе круціліся вогненныя колы, рассыпаліся снапы шматкаляровых іскраў і да т.п.

* Бэкан Роджэр (блізу 1214-блізу 1292) - ангельскі філосаф і прыродазнавец, манах-францысканец.

** Альбэрт Вялікі, Альбэрт фон Бальштэдт (блізу 1193-1280) - нямецкі філосаф і багаслоў, манах-дамініканец. Пачынальнік энцыклапедычнай сістэматызацыі каталіцкага багаслоўя, якая была завершаная яго вучнем Тамашом Аквінскім. Сярод вучоных ХІІІ стагоддзя вылучаўся надзвычай шматбаковымі ведамі ў галіне прыродазнаўства.

 

Ракеты лётаюць, поўзаюць, плаваюць...

 

Галоўная частка раздзела аб ракетах і змяшчае апісанне канструкцый і спосабаў вырабу некалькіх дзесяткаў тыпаў ракет. Тут і ракеты з жэрдкай у якасці стабілізатара, ракеты з хваставымі стабілізатарамі-крыламі, ракеты, што запускаюцца з спецыяльных станкоў, ракеты, якія бегаюць па вадзе або плаваюць і раскідваюць іскры, ракеты, што рухаюцца туды і назад па вяровачках, ды інш. Асаблівая цікавасць у сучасных гісторыкаў навукі і тэхнікі - да сустаўных (вязкі ракет) і шматступеневых ракет - далёкіх продкаў сучасных касмічных працаўнікоў.

 

Прыярытэт належыць Семяновічу

 

Шматлікія з апісаных К.Семяновічам ракет былі вядомыя яму з літаратурных крыніц, многія ўпершыню прапанаваныя ім, у тым ліку і шматступеневыя ракеты. І, такім чынам, доўгая спрэчка пра тое, хто вынайшаў шматступеневую ракету - ці гэта быў расейскі вучоны К.Цыялкоўскі, ці бельгійскі інжынер Р.Бінг (які ўзяў патэнт на такую ракету ў 1911 годзе), ці амерыканскі вучоны Р.Годард (патэнт 1914 года), - развязваецца крыху нечакана: канструкцыю шматступеневай ракеты ўпершыню апісаў у сваёй кнізе ў 1650 годзе вайсковы інжынер Казімір Семяновіч.

 

Сакрэтаў болей не будзе. «Не палохаючыся крумкання балотных жабаў...»

 

Яшчэ адным істотным адрозненнем раздзела аб ракетах ад наяўных у тым часе дапаможнікаў па піратэхніцы з'яўляецца поўнае, без ніякіх сакрэтаў і недагаворвання, апісанне метадаў вырабу ракет і парахавых сумесяў да іх, бо, як піша К.Семяновіч, «калі наблізіць да запаленай лампады тысячы незапаленых, каб яны загарэліся ад яе, то яна нічога не страціць ад свайго алею і полымя, дзякуючы якім ясна свеціць...» На працягу не толькі гэтага раздзела, але і ўсёй кнігі аўтар неаднаразова горача выступае супраць тагачаснай практыкі засакрэчвання рамеснікамі сваіх ведаў. «Я ўсё тут паведамляю, - піша ён, - не палохаючыся крумкання балотных жабаў».

Выкладаючы такую істотную асаблівасць ракеты, як свідраванне адтуліны (сапла) у яе парахавым зарадзе, вучоны, у прыватнасці, зазначае: «Я не змог з поўнай дакладнасцю вызначыць, ці з'яўляецца новым вынаходствам свідраванне ракет у часе іх вырабу або пасля, з мэтай атрымання ў цвёрдай і ўшчыльненай матэрыі адтулін пэўнай вышыні і шырыні, ці яно даўняе... Думаю, што старадаўнія піратэхнікі аддалі глыбокаму маўчанню справу свідравання адтулін як найважнейшую таямніцу і, раскрываючы іншыя сакрэтныя абрады гэтага мастацтва, цалкам выкінулі гэтую падрабязнасць. Старанна прагледзеўшы ўсе працы даўнейшых піратэхнікаў, якія я мог знайсці, я зусім нічога не адшукаў аб свідраванні ракет. І ў гэтым няма нічога дзіўнага, бо я ведаю, што яшчэ і цяпер нашы піратэхнікі прытрымліваюцца таго, каб вельмі неахвотна адкрываць сакрэты штучных агнёў і выдаюць іх толькі асобам, якія з гэтых ведаў маюць намер зрабіць сваю прафесію, іншым жа - толькі дзеля якой-небудзь нагароды ці знаходзячыся ў стане ап'янення, калі яны лёгка адкрываюць стоеныя ў іх душах як гэтыя, так і іншыя рэчы».

Да канструявання ракет К.Семяновіч падыходзіць гэтаксама, як і да іншых пытанняў, якія разглядаюцца ў кнізе, - не як рамеснік, а як вучоны-прыродазнавец. Шматлікія эксперыменты прывялі яго да высновы, што форма вонкавага контуру ракеты істотна ўплывае на ўстойлівасць і далечыню яе палёту. Вынікам гэтых доследаў было таксама ўвядзенне новага параметра, важнага для аэрадынамічных уласцівасцяў ракеты, - стасунку яе дыяметру да даўжыні. Вызначыўшы эксперыментальна аптымальны дыяметр ракеты дадзенай даўжыні і склаўшы табліцу значэнняў даўжыні ракет дадзенага дыяметру, якую «... мне падказалі не столькі мастацтва і спекулятыўная тэорыя, колькі практыка і вялікія грашовыя выдаткі», вучоны адзначае, што «ў пісаннях старадаўніх аўтараў мы дарэмна шукалі б памянёную вышэй прапорцыю, бо ўсе яны, колькі іх можна было знайсці (а мы трымалі ў руках працы аб піратэхніцы 25 аўтараў), вельмі розняцца адзін ад другога; ад іх усіх да вынікаў нашых даследванняў, як да неба, і яны даюць супярэчлівыя вынікі».

 

Парады не страцілі актуальнасці

 

Завяршаецца раздзел аб ракетах рэкамендацыямі па канструяванні, якія па-свойму з'яўляюцца рэзюме даследванняў К.Семяновіча ў галіне ракетнай тэхнікі і не страцілі свайго значэння да нашага часу (прынамсі, для невялікіх цвёрдапаліўных ракет). Вось некаторыя з гэтых рэкамендацый: форма ракет мусіць мець вышыню, прапарцыйную дыяметру выходнай адтуліны; прасвідраваную адтуліну неабходна зрабіць па магчымасці роўнай, прычым пасярэдзіне сумесі, і яна не павінна адхіляцца больш у адзін бок, чым у другі; не трэба змушаць ракеты падымаць угару вялізны і непрапарцыйны іх сілам цяжар. І нават калі б ён быў прапарцыйны, то павінны прычэплівацца да ракет такім спосабам і мець такую форму, каб гэта спрыяла лягчэйшаму разрыванню паветра і сустракала меней перашкод і супору з яго боку пад час вертыкальнага ўзлёту, вельмі цяжкога для ўсіх кінутых і штурхнутых целаў. І чым большая ракета, тым дакладней трэба выконваць умову, каб яна з прычэпленымі цяжарамі мела выгляд піраміды ці конуса, бо целы такой формы зазнаюць меншы супор паветра, чым іншыя, а ў часе палёту маюць адкрытую дарогу, нягледзячы на тое, што цела ў форме шара значна больш прыдатнае для вярчэння ў паветры.

Зноў звяртае на сябе ўвагу эксперыментальнае майстэрства і назіральнасць К.Семяновіча. Напрыклад, рэкамендацыя па прадухіленні куляння ракеты ў палёце змяшчае ў няяўным выглядзе закон захавання моманту імпульсу. І можна толькі здагадвацца, колькі запускаў ракет, колькі цярпення і ўважлівасці запатрабавала ад яго выяўленне сувязі паміж куляннем і размяшчэннем сапла ракеты. Далей адзначаецца залежнасць супору паветра ад формы вонкавага контуру ракеты. Нагадаем, што пытанні руху целаў у асяроддзях, якія супраціўляюцца руху, распачалі сістэматычна вывучаць толькі пры канцы ХVІІ стагоддзя.

Надзвычай цікава было б высветліць, як К.Семяновіч уяўляў сабе прычыну руху ракеты. Рэч у тым, што адным з сама ўстойлівых памылковых поглядаў, які суправаджаў ракетныя даследванні, быў погляд, што ракета рухаецца з прычыны адштурхвання ад навакольнага асяроддзя часцінак, якія выкідваюцца з рэактыўнага сапла ракеты. І нават яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя амэрыканскі прафесар Р.Годард, адзін з піянераў сучаснай ракетнай тэхнікі, каб рассеяць сумнеў у гэтым пытанні, выканаў вельмі складаныя эксперыменты, стварыўшы канструкцыю, якая дазваляла ажыццявіць выцяканне газаў рэактыўнага рухавіка ў пасудзіну з паніжаным ціскам. І толькі пасля гэтага ён зрабіў выснову, што аддача ёсць вынікам дзеяння струменю газу, а не адштурхвання ад паветра.

На жаль, погляды К.Семяновіча на прычыны руху ракеты павінны быць выкладзеныя ў другой, згубленай частцы кнігі. А ў раздзеле, прысвечаным канструяванню ракет, сустракаецца толькі некалькі сціслых заўваг, па якіх цяжка адназначна аднавіць гэтыя погляды. Так, з аднаго боку, растлумачваючы неабходнасць свідравання адтулін у парахавым зарадзе, ён піша, што «гэта карысная рэч, без якой ракета проста не змагла б уздымацца ўгару, бо інакш агонь не дасягнуў бы нутра, каб запаліць матэрыял, а ўласцівасцю яго прыроды ёсць тое, што ўсё, што аддаецца яго ўладзе, ён забірае з сабою, адыходзячы да свайго месца, і з гэтай прычыны падымае і штурхае трубу ракеты з усялякімі дадаткамі, пакуль стае матэрыялу». Няцяжка выявіць у гэтых словах уплыў фізікі Арыстоцеля, у якой «натуральным» рухам «элементарнага агню» з'яўляецца рух вертыкальна ўгару.

З другога боку, тут жа, кажучы пра тое, што адтуліна павялічвае паверхню гарэння, вучоны піша: «... гэтая форма вылету полымя забяспечвае больш лёгкае выгрызанне матэрыялу; агонь вяртае сваю сілу, калі выцякае і з вялікай магутнасцю кідае ракету». Тут важна тое, што прычына руху ракеты, паводле К.Семяновіча, - агонь, «які выцякае», ці, па сутнасці, гарачыя газы; словы ж пра тое, што агонь «вяртае сваю сілу», наводзяць на думку, што К.Семяновіч меў нейкае ўяўленне пра закон захавання імпульсу і ў кожным разе не падзяляў распаўсюджаных памылковых поглядаў пра адштурхванне ад паветра як прычыну руху ракеты.

 

ШТО Ў ЗГУБЛЕНЫМ МАНУСКРЫПЦЕ?

 

Другая частка кнігі К.Семяновіча, на вялікі жаль, мабыць, страчаная. Аднак усё ж можна паспрабаваць «рэканструяваць» яе, выкарыстоўваючы тыя скупыя радкі, якія пакінуў нам аўтар. Вядома, што гэтая частка павінна была складацца з 7 раздзелаў (кніг).

 

Якія бываюць гарматы?

 

У першым раздзеле К.Семяновіч меркаваў зрабіць экскурс у гісторыю старажытнай вайсковай тэхнікі, разгледзеўшы тараны, катапульты, арбалеты* ды іншыя шпурляльныя прылады. Для гэтага ім скарыстоўваліся пісьмовыя сведчанні, гісторыя паходжання, імёны вынаходнікаў, розныя гравюры і малюнкі. Асаблівая ўвага аддавалася гісторыі сучасных гармат, іх тыпам і назовам, выдатным артылерыстам.

* Арбалет - механічны лук.

Каб як мага бліжэй быць да ісціны ў сваёй спробе «рэканструкцыі», скарыстаем нямецкае перавыданне кнігі «Вялікае мастацтва артылерыі» 1676 года, дзе ў якасці дадатку змешчана праца па артылерыі нямецкіх даследнікаў Даніэля Эльрыха і Георга Шрайбэра, а таксама працы Адама Фрэйдтага і Андрэя дэль Аква - сучаснікаў К.Семяновіча.

Падзел гармат у першай палове ХVІІ стагоддзя быў на картавуны і калюбрыны. Першыя належалі да гармат сярэдняй дальнасці стральбы, мелі калібр рулі 95-186 міліметраў, ядро вагою 6, 12, 24, 48 фунтаў*. Былі яшчэ меншыя гарматы - паўкартавуны і чвэрцькартавуны.

* Фунт (хунт) - адзінка масы. У Беларусі ў розныя часы мяняўся ад 360 да 450 грамаў. З 1764 года - 374,8 грама.

Калюбрыны мелі калібр 105, 140 і 175 міліметраў і ядры вагою 9, 20, 40 фунтаў.

Са старых гармат ХVІ стагоддзя ў першай палове ХVІІ стагоддзя ўжываліся фэльдшлянгі (калібр 96 міліметраў), квартышлянгі (75 міліметраў), фальконы (80 міліметраў), фальканэты вялікія (56 міліметраў) і сярэднія (48 міліметраў). Малыя гарматы-серпантыны мелі калібр 30 міліметраў. Былі таксама цяжкія гарматы - шарфмецы (198 міліметраў), гарматы, якія стралялі каменнымі ядрамі (калібр 375 міліметраў), і гарматы-«дзельагністыя» з калібрам 240 міліметраў.

Цяжкія гарматы за дзень маглі зрабіць 20-30 стрэлаў, гарматы сярэдняга і малога калібраў - 60-80 стрэлаў.

К.Семяновіч хацеў у першым раздзеле гэтай часткі сваёй працы расказаць пра адліўку гармат, падрыхтоўку формаў для ўпрыгожанняў руляў рознымі сімвалічнымі фігурамі і надпісамі. Не збіраўся абмінаць скураныя і драўляныя гарматы.

Важнай часткаю тэкста была спроба апісаць працэс абслугоўвання гармат, вызначэнне колькасці коней, валоў, людзей для іх перавозу; разгляд прыстасоваў для ўзважвання гармат; спосабаў і прыёмаў прыцэльвання; вызначэнне кута ўздыму руляў пры стралянні на розныя адлегласці, велічыні парахавых зарадаў у залежнасці ад вагі ядра.

 

«Саламандра», «Кракадзіл» ды іншыя

 

К.Семяновіч адзначаў, што кожны народ даваў гарматам адметныя назовы. Гэта залежала як ад выявы птушкі, звера ці святога, адлітай на рулі, так і ад характэрнага гуку пры стралянні. Вядома, што гарматы Нясвіжскага замка ХVІ-ХVІІ стагоддзяў называліся «Саламандра», «Кракадзіл», «Гідра», «Сава», «Папугай», насілі імёны святых - «Святы Ян», «Святы Міхал», «Святы Мацвей» ды інш. У Магілеве гармату называлі «Змей». У Ляхавіцкім замку ў 50-х гадах ХVІІ стагоддзя былі гарматы «Баба», «Негр», «Спявак», «Кіт», «Малпа», «Змяя» ды інш. Гэтая традыцыя захоўвалася доўгі час і дажыла да ХХ стагоддзя.

Другі раздзел меўся быць прысвечаны толькі марцірам*, тэхніцы і спосабам стральбы з іх паводле складзенай табліцы. Аналізавалася канструкцыя гармат.

* Марціра - цяжкая гармата для навясной стральбы.

 

Петарды і іх ужыванне

 

Трэці раздзел абагульняў усю інфармацыю аб петардах, пра тое, якім спосабам, для чаго і дзе яны выкарыстоўваюцца. Расказвалася, якую форму трэба ім надаць, каб можна было прабіваць перашкоды, крышыць, узломваць і раскідваць аб'екты, аналізаваўся хімічны склад петардаў, прызначаных для падпальвання аб'ектаў непрыяцеля.

У чацвертым раздзеле апавядалася пра ўсялякага роду ложы ці лафеты сухапутных і марскіх гармат і марцір, прапорцыі даўжыні, шырыні і таўшчыні станін, а таксама пра колы, восі, цапфы ды іншыя дэталі лафетаў. Разглядаліся звесткі аб шуфлях і шуфліках для зараджвання гармат ды іншых прыстасовах, якія служаць гэтай мэце, а таксама аб банніках, клінах, разнастайных пад'ёмніках гармат, калаўротах, мяшэчках для парахавых зарадаў і да т.п.

 

Засцярога ад нападу ворага

 

У пятым раздзеле павінны быў трактавацца спосаб будавання таемных хадоў і закладвання падземных мінаў пад сцены ды вежы абложанага горада ці замка. Таксама выкладаўся спосаб узвядзення спецыяльных капцоў і ўзгоркаў пад батарэі гармат.

Як і было прынята ў тыя часы, гарматы везлі спецыяльным абозам. Унутры яго артылерыйскія батарэі знаходзіліся на станках. К.Семяновіч прапаноўваў канкрэтныя правілы пабудовы абозу і размяшчэння гармат на маршы, каб засцерагчы іх ад нападу праціўніка, злачынцаў і ўцекачоў. У канцы кнігі К.Семяновіч планаваў распавесці пра спосабы размяшчэння гармат у замках ды іншых фартэцах, пра сухапутныя і марскія бітвы, вядомыя яму з гісторыі даўняй і сучаснай.

 

Гарматныя арсеналы

 

Шосты раздзел К.Семяновіч адводзіў апісанню арсеналаў для перахоўвання гармат, пошукам найлепшага месца для іх пабудовы і адпаведных архітэктурных формаў. Таксама апісваліся парадкі, якімі неабходна кіравацца пры захаванні гармат і рыштунку, як паводзіць сябе і рыхтавацца да ваенных дзеянняў у выпадку абвешчання вайны, каб пры патрэбе ўсё было гатова. Пералічваліся ўсе чыноўнікі, памочнікі, рамеснікі ды іншыя людзі, без якіх артылерыя не можа існаваць, бо кожны выконвае свой канкрэтны абавязак. Згадваліся іхныя вольнасці і прывілеі.

Карыстаючыся звесткамі першай паловы ХVІІ стагоддзя, паспрабуем аднавіць некаторыя чыны, звязаныя з вырабам гармат і службай у артылерыі. Найперш гэта цэйгварт - афіцэр, які загадваў артылерыйскім арсеналам. Далей - майстры па адліўцы гармат - людвісары. Абавязкова дапаможныя рамеснікі - кавалі, якія выконвалі ўсю кавальскую работу, цесляры, сталяры, разьбяры, каладзеі-калеснікі. Яны рабілі лафеты, колы, акоўвалі іх, насаджвалі на восі. Былі таксама салетранікі і вугальнікі, што выраблялі кампаненты для пораху. Парахоўнікі рабілі разнастайны порах для артылерыі і ручной агняпальнай зброі, а таксама, ужываючы розныя дамешкі і хімічныя рэчывы, порах для феерверкаў. Нарэшце, былі гарматнікі, якія лічыліся на сталай дзяржаўнай працы. У іх задачу ўваходзіла выпрабаванне новых гармат, догляд усяго артылерыйскага парка і патрэбнага рыштунку ў мірны час, абавязковы ўдзел у вайне. З арсенала артылерыйская зброя рассылалася па памежных гарадах і каралеўскіх замках. Тут жа выраблялі, захоўвалі і часткова рассылалі па замках сапёрны інструмент.

Для Беларусі галоўным доўгі час быў Віленскі арсенал. Адтуль, згодна з дакументамі, рассылалася частка гармат розных калібраў, гакаўніцы*, ручніцы** і амуніцыя па замках гарадоў Беларусі: Новагародка, Полацка, Віцебска, Воршы, Магілева, Прапойска, Чачэрска, Амсціслава, Радамлі, Гомеля, Рэчыцы, Крычава, Мазыра, Мядзела, Менска, Радашкавіч, Браслава, Свіслачы, Суража, Азярышча, Барысава, Дрысы, Друі, Лепеля, «Капца, або Вусця», - Дзісны.

* Гакаўніца - ручная стрэльба, да рулі якой знізу прыварваўся спецыяльны зачэпны крук - «гак», які гасіў аддачу.

** Ручніца - назоў баявой стрэльбы з характэрным прыкладам - «рукою».

 

Загадкавая «піратэхнічная» прылада

 

Апошні, сёмы, раздзел другой часткі працы К.Семяновіча «Вялікае мастацтва артылерыі» прысвячаўся якойсьці ўніверсальнай гарматніцкай прыладзе, якую ён не назваў. Для таго каб найлепей усвядоміць сэнс гэтай вынаходкі, варта падаць словы самога К.Семяновіча: «Гэта мая новая вынаходка, у якой змяшчаюцца ўсе нашы веды. Яна адна перасягае шмат якія іншыя прыстасовы і замяняе іх усе; бо з яе дапамогаю замяраем згодна вагамеру калібр гарматных руляў; ...адзначаем вагу і памеры як вадкіх, так і сыпкіх рэчываў і меры адлегласці; нацэльваем гарматы і марціры, падымаем або апускаем і маем дакладна перад вачыма моц гармат пры траякім нацэльванні, а менавіта гарызантальным, звычайным і найбольшым падвышэнні... Акрамя таго, адмяраем адлегласць месца, вышыню і глыбіню аб'ектаў. Фігуры пляскатыя пераносім з аркуша на поле або з поля на аркуш...»

Гэтай жа прыладай К.Семяновіч замяраў даўжыню, шырыню і таўшчыню лафета, вышыню колаў, прапорцыі восі і ступіцы. Мяркуючы па ўсім, ім была вынайдзеная аптычна-механічная прылада накшталт нівеліра, бусолі ці кіпрэгеля ўніверсальнага характару. Застаецца толькі незразумела, як ёю можна было высвятляць «узаемныя сувязі ўсіх металаў паміж сабою».

У канцы кнігі К.Семяновіч меўся разабраць шмат якія геаметрычныя праблемы, а таксама астранамічныя і геаграфічныя пытанні. «Як толькі ўсё гэта ў адпаведных месцах дойдзе да свядомасці кожнага, тады абудзіцца вера ў мае словы», - канчаючы сваю працу, сказаў вялікі даследнік. Напісана ўсё гэта было ў Амстэрдаме 1 лютага 1650 года.

Кніга К.Семяновіча на многія гады перадвызначыла шляхі развіцця эўрапейскай артылерыі, была з вялікай зацікаўленасцю і ўвагай сустрэтая ў Эўропе. Яна лягла важкай цаглінай у падмурак будучага касмічнага ракетабудавання.

 

ДАКОНЧАННЕ

 

На небасхіле беларускай нацыянальнай навукі нямала зорак першай велічыні. Адна з іх ззяе сваім нязгасным святлом вось ужо больш за 300 гадоў. Гэта Казімір Семяновіч, ураджэнец беларускай зямлі, выдатны вучоны ў галіне артылерыі і піратэхнікі. Ягоны геній выкарыстоўваем мы сёння, пасылаючы да Месяца, Сатурна, Марса ды іншых планет касмічныя апараты з дапамогай шматступеневых ракет. Прататып, будову і стабілізатары гэтых складаных ракет ён распрацаваў яшчэ ў сярэдзіне ХVІІ стагоддзя.

Сімвалічна, што цяпер ужо цэлы шэраг нашых суайчыннікаў займаецца праблемамі ракетнай тэхнікі. Тут пальму першынства мусім аддаць ураджэнцу Наваградчыны, сыну простага селяніна з вёскі Агароднікі Барысу Кіту. Выпускнік Наваградскай беларускай гімназіі, ён у 1929 годзе паступіў на фізічна-матэматычны факультэт Віленскага ўніверсітэта, дзе, як і ў школе, вызначаўся незвычайнымі матэматычнымі здольнасцямі. Па заканчэнні навучання браў актыўны ўдзел у арганізацыі беларускіх школ, настаўніцкіх семінарыяў у Паставах і Маладэчне. Нейкі час быў дырэктарам Беларускай гімназіі ў Вільні. Двойчы арыштоўваўся палякамі. У часе нямецкай акупацыі трапіў у гестапа, адкуль быў выручаны сваімі нядаўнімі вучнямі.

Пад канец вайны беларускі настаўнік Барыс Кіт апынуўся ў Германіі, дзе і застаўся жыць. У 1945-1948 гадах вучыўся на фізічна-матэматычным факультэце Мюнхенскага ўніверсітэта і напоўніцу выявіў свае фенаменальныя здольнасці. Яго прыкмецілі амерыканцы, запрасілі працаваць у кампанію «North American Aviation», якая займалася распрацоўкай праектаў ракет і стварала першыя касмічныя сістэмы. Тут Б.Кіт стаў вядучым распрацоўнікам і канструктарам. У 1970 годзе ў выдавецтве «Macmillan» выйшла яго першая кніга - падручнік, прысвечаны ракетнай тэхніцы і ракетнаму паліву. Потым Б.Кіта запрасілі ў Вашынгтон у якасці эксперта па ракетах і дарадцы ўрада ЗША ў галіне развіцця астранаўтыкі. Тут была выдадзена яго другая кніга «Гісторыя і сучасны стан савецкай астранаўтыкі».

З 1972 да 1990 год Б.Кіт па прапанове Мэрылендскага ўніверсітэта выкладае матэматыку ў амерыканскіх вайсковых цэнтрах Эўропы. Адначасова ў 1983 годзе ён абараняе дыплом доктара філасофіі ў Рэгенсбургскім універсітэце. Барыс Кіт - заслужаны прафесар Мэрылендскага ўніверсітэта, сябар Амэрыканскага астранаўтычнага таварыства, ганаровы сябар Брытанскага міжпланетарнага таварыства, аналагічных арганізацый Германіі і Францыі. За фундаментальныя даследванні і выдатныя заслугі ў галіне ракетнай тэхнікі ён быў узнагароджаны Залатым медалём Германа Обэрта[8].

І сёння, гаворачы пра стваральнікаў ракетнай тэхнікі, мы павінны ўсведамляць, што сярод выдатных ракетнікаў і інжынераў побач з беларусам К.Семяновічам, ангельцам У.Конгрэвам, французам Р.Эно-Пельтры, амэрыканцам Р.Годардам, немцамі Г.Обэртам і В.фон Браўнам, расейцамі К.Э.Цыялкоўскім і С.П.Каралёвым назаўсёды прапісалася імя Барыса Кіта.

Пэўна ж, няма ў Беларусі чалавека, які б не ведаў імёнаў нашых славутых землякоў - Пятра Клімука і Ўладзіміра Кавалёнка. Гэтыя вядомыя касманаўты ўжо не ўдзельнічаюць у касмічных палётах, але яны не сышлі з абранага шляху. У. Кавалёнак узначальвае ў Маскве навукова-доследны інстытут, які займаецца праблемамі авіяцыйнай і касмічнай тэхнікі. Плённа працуе ў Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю.Гагарына П.Клімук. У 1991 годзе ён прызначаны начальнікам гэтага цэнтра.

Нарэшце, не забывайма, што ў шэраг найвыдатнейшых авіяканструктараў уваходзіць Павел Сухі (1895-1975), родам з Глыбокага, што на Віцебшчыне. Ён ствараў узоры тэхнікі «на мяжы навуковай фантастыкі». Яго называлі «квінтэсэнцыяй савецкай авіяцыі»[9]. Самалёты П.Сухога (Су-29, Су-37 ды інш.) належаць да ліку найлепшых самалётаў у свеце. Гэта, па сутнасці, тыя ж ракеты, толькі з крыламі.

Такім чынам, эстафета навуковых даследванняў праз стагоддзі перайшла ад Казіміра Семяновіча да ягоных нашчадкаў. Добра было б, каб у аснове іх дзейнасці заўсёды ляжаў гуманістычны светапогляд, уласцівы К.Семяновічу: войны ён лічыў найвялікшым няшчасцем для чалавецтва.

 

КРЫНІЦЫ І ЛІТАРАТУРА

 

1. Artis Magna Artilleriae Pars Prima. Studio et opera Casimiri Siemienowicz. Amsterdami, apud Joannem Janssonium, Anno MDCL.

2. Сокольский В.Н. Ракеты на твердом топливе в России. М., 1963.

3. Исторический очерк и обзор фондов рукописного отдела Библиотеки Академии наук. Вып.1, ХVІІІ в. М.-Л., 1956.

4. Прищепа В.И., Дронова Г.П. Ари Штернфельд - пионер космонавтики. М., 1987.

5. Космодемьянский А.А. К.Э.Циолковский. М., 1976.

6. Описание документов и бумаг, хранящихся в Московском архиве Министерства юстиции. М., Б.г. Кн.21. С.406.

7. Гэта сцвярджаецца, напрыклад, у энцыклапедычным слоўніку «Литва» (Вільня, 1989. С.542).

8. Анішчык А. Калыска талентаў // Наваградскі кур'ер. 1991. No.2. С.11.

9. Кузьмина Л. Генеральный конструктор Павел Сухой. Мн., 1985.




Крыніца: А.Бельскі, М.Ткачоў. Вялікае мастацтва артылерыі. Менск, Навука і тэхніка, 1992. ISBN 5-343-00881-X

Беларуская Палічка: http://knihi.com