І
Чорны вечар.
Белы снег.
Вецер, вецер!
На нагах не стаіць чалавек.
Вецер, вецер —
На ўсім боскім свеце!
Завівае вецер
Белы сняжок,
Пад сняжком — лядок.
Слізка, цяжка,
Кожны хадок
Пакаўзнецца — бедалажка!
Між дамамі ў непагоду
Напінаецца канат.
На канаце — плакат:
«Уся ўлада Ўстаноўчаму сходу!»
Бабулька бядуе, аж плача,
Ніяк не ўцяміць, што гэта значыць,
Навошта палошча вецер
Такі велізарны плакат?
Колькі б выйшла парцянак дзецям, —
Усім абадраным да пят...
Бабулька, як курыца,
Праз сумёт ледзь пратоптвае след.
— Ох, Багародзіца-заступніца!
Ох, бальшавікі пагоняць на той свет!
Вецер хвошча зрання!
Аж трашчыць мароз!
І буржуй на скрыжаванні
У каўнер хавае нос.
Патлы звіслі. Што за ён?
Галасочак ледзь чуцён:
— Здраднікі!
— Гіне Расія!
Мабыць, пісьменнік —
«месія...»
А вось і даўгаполы —
Сяк-так сумёт разгроб...
Чаму ж ты не вясёлы,
Таварыш поп?
Чорны, як галуза,
Тлусцеў ад году ў год,
Толькі ззяла пуза
Крыжам на народ.
Вось пані, уся у каракулі
Да некага звярнулася:
— Ужо ж мы папаплакалі...
Ой, слізка, — Расцягнулася!
Ай, ай!
Цягні, паднімай!
Вецер вясёлы,
Злосны і рады,
Круціць прыполы,
Сустрэчных косіць,
Рве, матляе і носіць
Вялізны плакат:
«Уся ўлада Ўстаноўчаму сходу...»
І словы даносіць:
...І мы са сходу...
...Тут поўна было народу...
...Абмеркавалі...
...Пастанавілі...
Часова — дзесяць, на ноч — дваццаць пяць...
...І меней — ні з кога не браць...
...Хадзем спаць...
Позні вечар.
Пусцее вуліца,
Адзін бадзяга
Толькі туліцца.
Ды свішча вецер...
Эх, бедалага!
Падыходзь —
Пацалуемся...
Хлеба!
Марна час не зводзь!
Праходзь!
Чорнае, чорнае неба.
Сумная, сумная злосць,
Гнаў у грудзях разбудзі...
Святая і чорная злосць...
— Таварыш! Пільна глядзі!
— Ёсць!
2
Гуляе вецер, лятае снег.
Ідзе дванаццаць чалавек.
Блішчаць на стрэльбах рамяні,
Наўкол — агні, агні, агні...
Цыгарка ў роце, як блін, картуз,
На спіну трэба званковы туз!
Свабода, свабода,
Эх, эх, без крыжа!
Тра-та-та, ж-жах!
Холадна, таварышы, холадна!
— А Кацьцы з Ванькай піва носяць...
— У Кацькі — керанкі ў панчосе!
— Ванька сам цяпер багаты...
— Свойскі быў, ды стаў салдатам!
— Ну, Ванька, сучы сын, буржуй,
Маю адважся пацалуй!
Свабода, свабода,
Эх, эх, без крыжа!
Ванька з Канькаю заняты —
Чым заняты, чым заняты?
Толькі — стрэлы ды імжа!
Наўкол — агні, агні, агні...
Блішчаць на стрэльбах рамяні...
Рэвалюцыйна трымайце крок!
У ворага нядрэмны зрок!
Таварыш, вінтоўка цябе уратуе!
Кулю загоніш у Русь, у Святую —
У былінную,
У хацінную,
Таўстазадую!
Эх, эх, без крыжа!
3
Як пайшлі хлапцы з ахвотай
Да чырвоных ваяваць,
Да чырвоных ваяваць —
Галаву за іх аддаць.
Эх ты, гора горкае!
Жыццё — салодкі мёд!
Дзіравае пальцечка,
Аўстрыйскі кулямёт!
На ўвесь свет пажар распалім
І буржуяў к д’яблу звалім.
Свет — у полымі, ў крыві —
Госпадзі, блаславі!
4
Слепіць снег, ліхач крычыць,
Ванька з Кацькаю ляціць —
Елякстрычаскі ліхтарык
На аглобельках...
Ах, ах, гані!
Шынялёк на ім салдацкі,
Твар ад радасці — вар’яцкі,
Круціць Ванька чорны вус,
Ды падкручвае,
Ды пад’юджвае...
Плечы ў Ванькі — два аршыны!
Гаваркі Іван мужчына!
Кацьку дурыць, абдымае,
Загаворвае...
Стала сэрца заміраць,
Зубкі жэмчугам гараць...
Ах ты, Кацька, мая Кацька,
Таўстамордзенькая...
5
У цябе на шыі, Каця,
Ад нажа глыбокі след,
У цябе пад сэрцам, Каця
Пісяжок зрабіў стылет!
Паскачы ды пакружы!
Ножкамі заваражы!
Ты ў карунках пахадзіла —
Пахадзі, пахадзі!
Афіцэраў павадзіла —
Павадзі, павадзі!
Ад разбэшчаных бадзяг
Сэрца ёкнула ў грудзях!
Помніш, Каця, афіцэра —
Не пазбегнуў ён нажа...
Ці не ўспомніла, халера?
Можа, ў памяці — імжа?
Эх, няможна забываць,
Пакладзі з сабою спаць!
Гетры шэрыя насіла,
Прагна жэрла шакалад,
Юнкероў папавадзіла,
Падалася да салдат?
Эх, эх, саграшы!
Будзе лёгка на душы!
6
...Насустрач зноў ляціць наўскач,
Крычыць, галёкае ліхач...
Стой, стой, Андруха, памагай!
Патруха, ззаду забягай!
Трах-тарарах — б’е пісталет,
А снежны пыл заносіць след.
Ліхач з Іванькам верне ўбок...
Яшчэ, яшчэ узводзь курок!
Трах-тара-рах! Ты будзеш знаць,
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Як з дзеўчынай чужой гуляць!
Нягоднік знік на ліхачы,
Табе адпомшчу я ўначы.
А Канька дзе? Ляціць на лёд!
Прабілі голаў навылёт!
Што, Кацька, рада? Ні гу-гу...
Ляжы, як падла, на рагу!
Рэвалюцыйны трымайце крок!
У ворага нядрэмны зрок!
7
Вось ізноў ідуць дванаццаць,
Толькі стрэльбы на плячах
А ў няшчаснага забойцы —
Сум на твары і ў вачах...
У завулачкі крывыя
Крок прыспешвае бядак.
Закруціў хусцінкай шыю —
Не ачухацца ніяк...
— Ну, чаго ты зажурыўся?
— Што, таварыш, за бяда?
— Што, Пятруха, з тропу збіўся
— Або Кацьку ўсё шкада?
— Ох, таварышы, браточкі,
Як мне Каньку не любіць?
З ёй праведзеныя ночкі
Мне ніколі не забыць...
— За яе разгул бядовы,
За агеньчыкі ў вачах.
За радзімы знак пунсовы
Каля правага пляча
Загубіў я, бесталковы...
Лепш дагнаць бы ліхача... ах!
— Бач, завёў сваю катрынку,
Што ты, Пецька, баба, псіх?
— Зноў душу, нібы аўчынку,
Выварочваеш пры ўсіх!
— Не пакутуй за дзяўчынку,
Не падводзь сяброў сваіх!
— Час не той, каб толькі вохкаць,
Ныць з табою ад тугі!
Хутка будзе ой нялёгка,
Наш таварыш дарагі!
І Пятруха запаволіў
Неспакойную хаду...
Галаву узняў паволі
І забыўся пра бяду.
Эх, эх!
Нам пацешыцца не грэх!
Час паверхі замыкаць,
Зараз будзем рабаваць!
Адмыкайце ў склеп вароты —
Разгулялася галота!
8
Ох, гора ты гаротнае!
Сум-журба
Смяротная!
Я пацешуся гульбою —
Паграшу, паграшу...
Я ўжо цемечка любое
Пачашу, пачашу...
Шалупінне над губою
Панашу, панашу...
Я ўжо ножычкам
Паласну, паласну!
Ты, буржуй, спраўляй памінкі,
А то вып’ю да крывінкі
За каханне той дзяўчынкі,
Чарнабровачкі...
Супакой, гасподзь, душу рабы тваёй...
Сумна!
9
Не чутна шуму гарадскога,
На неўскай вежы цішыня.
І больш няма гарадавога, —
Гуляйце, хлопчыкі, да дня!
Стаіць буржуй на скрыжаванні,
У каўняры схаваўшы нос.
А побач з ім дрыжыць да рання
Схуднелы, шалудзівы пёс.
Стаіць буржуй, як пёс, галодны,
У снег пытальнікам урос.
І свет стары, як пёс бязродны,
Трасецца, падтуліўшы хвост
10
Штосьці круціць завіруха,
Ой, мяце, ой, мяце!
За чатыры крокі друга
Не пазнаеш анідзе!
Снег віхурай завівае,
Снег слупамі паднімае...
— Ох, мяцеліца, ох, спасе!
— Пецька, лепей прызнавайся!
Чым табе памог хоць раз
Залаты іканастас?
Несвядомы ты, заўваж —
Лепш падумай і разваж —
Рукі ў Кацьчынай крыві,
Дык душою не крыві!
— Рэвалюцыйны трымайце крок!
Узводзяць ворагі курок!
Наперад, наперад, у паход,
Рабочы народ!
11
...Без імя ідуць святога
Ўсе дванаццаць. Не бяда,
Што нялёгкая дарога
І нічога не шкада...
Іх вінтовачкі стальныя
Сплацяць ворагам даўгі...
У глухіх завулках вые
Пыл шалёнае пургі...
Ды сумёты пухавыя,
Што не выцягнеш нагі...
У вочы б’е
Чырвоны сцяг.
Крокі мераюць
Прасцяг...
Лютым ворагам
На страх...
Завіруха слепіць вочы
Дні і ночы навылёт...
Збірайся ў паход.
Рабочы народ!
12
...Вось ідуць дзяржаўным крокам...
— Хто яшчэ там? Гавары!
Сцягам вогненным, шырокім
Разгуляліся вятры...
На шляху — сумёт халодны.
— Хто ў сумёце? Выткні нос!
Жабраком худым, галодным
Чыкільгае ззаду пёс...
— Адчапіся, шалудзівы,
Во штыхом паказычу!
Свет стары — ты пёс паршывы,
Я твой век укарачу!
... Шчэрыць зубы — воўк галодны, —
Падтуліўшы хвост, брыдзе,
Пёс халодны, пёс бязродны...
— Гэй, адказвай, хто ідзе?
— Хто ідзе з чырвоным сцягам?
— Змрок. Нічога не відаць!
— Хто бяжыць, загнаны страхам?
Вас нікому не схаваць!
— Не туляйся, бо здабуду,
Лепш здавайся сам, жывы!
— Вылезеш, — страляць не буду,
Не, — не зносіш галавы.
Трах-тах-тах! І толькі рэха
Азываецца ў дамах...
Завіруха доўгім смехам
Заліваецца ў снягах.
Трах-тах-тах!
Трах-тах-тах!
... Так ідуць дзяржаўным крокам —
Ззаду чыкільгае пёс...
Сцяг крывавы ўзняў высока,
Неаа ўважны ў снежным гуле,
Заварожаны ад кулі,
Лёгкім поступам над сцюжай,
У вяночку а белых ружаў,
У крышталях з буйных слёз —
Спераду — Ісус Хрыстос.
1918