epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксандар Блок

Расія

Як і калісьці - над краінай

Трымціць кастрычнік залаты,

І грузнуць спіцы ў каляінах,

І размываюцца сляды...

 

Расія, бедная Расія,

Яны - лаві іх, не лаві, -

Твае напевы ветравыя -

Як слёзы першыя любві.

 

Не пашкадую, бо не ўмею,

Як і раней, свой крыж нясу...

Якому хочаш чарадзею

Аддай разбойную красу!

 

Няхай забавяць сны і мары, -

Мінулае не адышло,

І толькі клопат зноў

                                захмарыць

Тваё прыгожае чало.

 

Ну што ж? Адной турботай

                                            болей,

Яшчэ адной слязой - гарчэй,

А ты ўсё тая ж - з лесам,

                                       полем

Ды ўзорнай хустай да вачэй.

 

І немагчымае магчыма,

І шлях - не доўгі і цяжкі,

Калі мільгне з вачэй жанчыны

Ласкавы позірк з-пад рукі

І празвініць журбой айчыннай

Глухая песня з-за ракі!..

 



Пераклад: Мікалай Федзюковіч