epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксандар Гара

Д'яблава мора

Фантастычная аповесць

1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19


Сыну

1

 

З расстаўленых уздоўж сцен на невысокіх жалезных століках прыбораў і апаратаў далятаў тонкі пісклівы спеў. Час ад часу ён заціхаў, збіваўся на слабое шыпенне, якое чаргавалася з рэжучым слых нягучным металічным лязгам і патрэскваннем. Чырвоныя, сінія, жоўтыя, блакітныя агеньчыкі, што мігцелі на шкалах апаратаў, тут жа згасалі, у паўзмроку здаваліся далёкімі зорнымі збіркамі і туманнасцямі.

Пасярод рубкі знаходзіўся доўгі выгнуты пульт, у цэнтры якога свяціўся шырокі экран. Каля яго ў мяккім крэсле-круцёлцы сядзела хударлявая светлавалосая дзяўчына. Нязыркае ружовае святло, якое праменіла з устаноўленай непадалёк лямпы, рабіла старэйшым і больш суровым юны твар з шырокімі густымі брывамі і крыху кірпатым носікам. Уважліва ўзіраючыся ў лічбы, што хутка змяняліся на экране, дзяўчына час ад часу штосьці запісвала ў журнал, які ляжаў перад ёй.

Але вось спеў паслабеў, перайшоў у ціхі аднатонны гук. Мігценне агеньчыкаў зрабілася амаль нябачнае. На экране на імгненне з'явілася яркая чырвона-блакітная табліца са сплеценых у сеткаватыя карункі тонкіх звілістых ліній і тут жа знікла. Матавае люстэрка пацямнела і, асляпляльна ўспыхнуўшы, патухла.

З палёгкай уздыхнуўшы, дзяўчына загарнула журнал і, заламаўшы тонкія рукі, адкінулася ў крэсла.

Ззаду пачуліся прыглушаныя крокі. У адчыненых дзвярах з'явілася невыразна акрэсленая постаць, якая амаль злівалася з паўзмрокам. Успыхнула залацістае святло, пачуўся цвёрды мужчынскі бас:

- Лепш успрымаецца ў змроку?

Дзяўчына павярнула галаву, вялікія вочы зірнулі на мужчыну з цяплом і пяшчотай:

- Гэта вы, Сярожа.

- Як бачыце. Вось зайшоў крыху развесяліць вас. Спадзяюся, не прагоніце? - павярнуўшыся, весела прамовіў малады русавалосы чалавек у сінім камбінезоне.

- Калі не будзеце толькі, як учора, дзёрзка размаўляць са мной, тады не, - усміхнулася дзяўчына.

- А хіба я ўчора?..

- І абяцайце не спрачацца са мною, - перабіўшы яго, хітравата кінула дзяўчына.

- Згода-згода, - развёў малады чалавек рукі. - Нават даю чэснае слова.

Хаваючы ўсмешку, малады чалавек за тры імклівыя крокі дасягнуў экрана.

- Што ў нас з паказчыкамі? Бязветрана?

- Пакуль поўнасцю, - ціха адказала дзяўчына, працягваючы журнал. - Можа, калі ў само мора ўвойдзем? - дадала яна з надзеяй у голасе.

- Ужо ўвайшлі, - чытаючы зробленыя ў журнале запісы, коратка кінуў малады чалавек.

- Як, даўно? - страпянулася дзяўчына.

- Хвілін пяць таму, - малады чалавек загарнуў журнал. - Вось я і зайшоў па вас, каб вы на свае вочы пабачылі тое таямнічае воднае люстэрка, на якім нам давядзецца працаваць цэлы месяц. Таму прашу, - паказаў ён рукою на дзверы.

Выйшаўшы з рубкі, дзяўчына і малады чалавек падняліся на палубу. Было ціха і душна. Зусім чорнае, усыпанае зоркамі неба злівалася з сінявата-чорным морам. Невялічкі карабель, які няспешна, нібы без усялякай ахвоты, рассякаў водную прастору, здаваўся малюсенькай пясчынкаю ў гэтым цёмным акіяне.

Дзяўчына і малады чалавек спусціліся на ніжнюю палубу і былі здзіўлены. Паверхня мора ляжала перад імі нерухомая, нібы заварожаная сажалка: ні хвалі, ні руху, ні ўсплёску. Вада за бортам была зусім цёмная, як нафта.

- Вось яно, знакамітае Д'яблава мора, - зрабіў малады чалавек шырокі жэст рукой, нібы апісваючы казачную і нечым страшную прыгажосць люстранай паверхні. - Мора, якое па сваёй загадкавасці і таямнічасці не ўступае Бермудскаму трохкутніку. Уявіце толькі: сотні караблёў, якія бясследна зніклі ў зусім ціхае і бясхмарнае надвор'е, дзесяткі самалётаў, шмат іншых не менш загадкавых здарэнняў... І ўсё гэта ў адносна невялікім раёне паміж Ганконгам, Філіпінамі і Тайванем. Колькі вучоных мужоў і проста энтузіястаў-шукальнікаў спрабавалі зразумець і раскрыць гэту з'яву, але... Мора пакуль упарта ахоўвае сваю таямніцу. Дык вось, нас чакае зусім няпростая работа.

- Вы спадзеяцеся, - нягучна спытала дзяўчына, - што мы ўсё ж здолеем?

- Непазнавальных ісцін няма, ёсць пакуль непазнаныя, - перабіў яе малады чалавек. - Так казалі некалі грэкі. Яны лічылі, што для чалавека, інакш кажучы, для нас з вамі, няма нічога непадуладнага і немагчымага. І ў гэта трэба верыць! Калісьці пытанне аб паходжанні свету вырашалася проста: Гасподзь Бог папрацаваў цэлы тыдзень і стварыў усё, што трэба, і нават нямала лішняга. Апошняе, зрэшты, адносяць на кошт яго антыпода. Памятаеце, у старажытных міфалогіях Зямля - плоская, як аладка, - знаходзілася на спінах трох кітоў ці трох сланоў. Але нечакана высветлілася, што яна зусім не плоская, а круглая, як гарбуз. І тут адразу ўзнікла пытанне: «А чаму мы не валімся ад покату нашай планеты?» Каб растлумачыць гэта, Ньютану давялося даволі доўга прасядзець пад яблыняй у чаканні, калі на галаву яму зваліцца яблык, а разам з ім і тэорыя прыцягнення. У выніку такіх дзеянняў вялікага ангельца, а таксама яго папярэднікаў з іншых краін гісторыя светабудовы моцна заблыталася. Давялося ў кампанію да нашай планеты запісваць вялікую колькасць такіх жа «калабкоў» і запускаць увесь гэты карагод вакол Сонца. Але і гэта яшчэ не ўсё. Не задаволіўшыся, - малады чалавек гаварыў пераканана і ўпэўнена, - прытчай аб божым стварэнні свету, неўтаймоўнае чалавецтва пачало ствараць уласныя тэорыі стварэння Сусвету. І, як вы ведаеце, даствараліся... да тэорыі сусветнай катастрофы! Дзякуючы творам Эйнштэйна, Максвела і іншых вучоных мужоў, сутнасць справы на сённяшні дзень так заблыталася, што для яе тлумачэння патрэбны ўжо дзесяткі і сотні тоўстых і тонкіх прац. Сёння мы ўжо дапускаем, што акаляючы нас свет можа не ўкладвацца толькі ў тыя вымярэнні, якія ўспрымаюцца нашымі пачуццямі - даўжыню, шырыню, вышыню і час, а мае куды больш шырокія прасторавымяральныя рамкі. Усё гэта вядзе нас да высноў, якія сягаюць вельмі далёка. І, магчыма, менавіта нам з вамі, Вераніка, - малады чалавек упершыню назваў імя дзяўчыны, - пашанцуе ўстанавіць ці, наадварот, абвергнуць апошняе. І калі нас не падвядзе наш прыбор і нашы меркаванні пацвердзяцца, то мы зможам разгадаць загадку не толькі гэтага мора, але і лагічна растлумачыць, адкуль бяруцца ў нашым свеце НЛА і іншыя дзіўныя аб'екты, на якія мы так доўга не зважалі.

- Вы верыце ў існаванне суседніх з намі сусветаў? - запытальна зірнула на маладога чалавека дзяўчына. - Але ж аб іх мы пакуль нічога не ведаем.

- Так, не ведаем, - з запалам адказаў суразмоўнік. - І не дазнаемся ніколі, калі будзем адмахвацца ад усяго незразумелага нам і цяжка ўяўнага па прынцыпе: «Гэтага не можа быць, таму што не можа быць ніколі!» Успомніце, спачатку пустой выдумкай навука лічыла наяўнасць міражоў. Але, у рэшце рэшт, іх вывучэнне прывяло да адкрыцця новых аптычных уласцівасцей атмасферы. А шаравыя маланкі! Памятаеце, доўгі час ніхто не верыў у іх існаванне. Цяпер жа мы зусім сур'ёзна гаворым аб магчымасці іх стварэння штучным шляхам. А цяпер уявіце, што раптам заўтра мы атрымаем пацвярджэнне шматмернасці нашага Сусвету, якія магчымасці адкрыюцца перад намі, які пераварот адбудзецца ў прыродазнаўстве! А магчымасць яе існавання напрамую выцякае з эйнштэйнаўскай тэорыі адноснасці. З яе дапамогай мы зазірнём у іншыя старонкі кнігі Прыроды. І што могуць уяўляць сабой гэтыя сусветы, мы пакуль не ў сілах нават уявіць. Вось дзе сапраўды не будзе межаў пазнанню!

Дзяўчына зірнула на свайго суразмоўніка з зачараваннем.

Малады чалавек жа заканчваў думку:

- Але ўсё гэта можа адбыцца толькі тады, калі нашы прадбачанні збудуцца. І чалавецтва навучыцца не толькі ўлоўліваць, але і кіраваць гравітацыяй. Але даволі, здаецца, мы крыху загаварыліся, - зірнуў ён на гадзіннік. - Ужо трэцяя гадзіна. А заўтра нас чакае няпростая работа. Ды і на дзівацтвы наша мора багатае. Так што пара адпачываць.

Апошні раз кінуўшы позірк на мора, малады чалавек і дзяўчына пайшлі да кают, зусім не надаўшы значэння ледзь прыкметнаму светла-блакітнаму свячэнню, што прабівалася з глыбіні мора...

 

2

 

З паведамлення Беларускага інфармацыйнага агенцтва ад

4 сакавіка 203... года:

 

«Навукова-даследчы карабель «Гравітон», які вёў даследчыя работы ў акваторыі Філіпін, не выйшаў на запланаваную радыёсувязь...»

 

Ідучы па парку Багдановіча, Сушкевіч раз-пораз спыняўся, набіраў у лёгкія больш паветра, уважліва разглядаў магутныя чорныя дрэвы. Сёлета ў Менску зіма адступіла надзвычай рана. І хоць навокал яшчэ пабліскваў сваёй няпэўнай унутранай сінізной снег, а паветра было студзёнае і блакітнае, ужо даносіўся ўласцівы вясне моцны пах дубовай і бярозавай прэласці і ўсміхалася сваёй хітраватай усмешкай бесклапотнае сакавіцкае сонейка.

Сямён любіў вясну: у гэтую пару з зямлі прабівалася першая ярка-зялёная трава, і здавалася, усё жывое прачынаецца пасля доўгага зімовага сну. Але трава звычайна прабівалася ў канцы красавіка, а цяпер толькі пачынаўся сакавік. Сушкевіч вырашыў прайсціся па парку, хоць мог спусціцца ў метро і за лічаныя хвіліны даехаць да кібернетычнага інстытута, куды яму край было неабходна. Ён спадзяваўся, што свежае паветра і веснавыя фарбы дапамогуць яму хоць крыху пазбавіцца ад змрочных думак, якія ўжо другі дзень апаноўвалі яго.

Сямён не быў карэнным менчуком, ён нарадзіўся ў Берасці. Але калі яму споўнілася сем гадоў, яго бацькі, вучоныя-біёлагі, атрымалі запрашэнне з Акадэміі навук. У першы ж дзень прыезду ў сталіцу ён пазнаёміўся з хлопчыкам - суседам па пляцоўцы Сяргеем. З часам іх сяброўства настолькі ўмацавалася, што нават інстытут пасля заканчэння школы яны выбралі аднолькавы - астрафізічны. Хоць бацькі Сямёна вельмі хацелі, каб сын пайшоў па іх слядах - у біялагічны. Але рашэнне Сямёна было непахіснае - толькі ў астрафізічны - разам са сваім сябрам!

Пасля заканчэння інстытута Сяргей і Сямён з групай маладых вучоных заняліся даследаваннем гравітацыі, звязваючы менавіта з ёю тыя шматлікія прыродныя анамаліі, што здараліся час ад часу на Зямлі. Але іх тэарэтычныя высновы патрэбна было праверыць на практыцы. Так была падрыхтавана экспедыцыя ў адзін з найбольш загадкавых раёнаў нашай планеты, начальнікам якой прызначылі сябра Сушкевіча. Аднак, на вялікі жаль, Сямён літаральна перад адплыццём з талінскага порта зламаў нагу і не змог адправіцца ў далёкае плаванне. І вось ужо два месяцы ён, уздыхаючы, сочыць за ходам экспедыцыі. Апошняе паведамленне БІА ўсхвалявала яго не на жарт. І ён вырашыў падзяліцца сваёй трывогай з Андрэем Зонскім, вучоным-кібернетыкам, які распрацаваў навуковую апаратуру, што была ўстаноўлена на «Гравітоне»...

Як толькі Сямён увайшоў у лабараторыю, яму насустрач з газетай у руках выйшаў Зонскі. Па ягоных нахмураных брывах і халодным позірку Сушкевіч зразумеў - размова будзе нялёгкай. І не памыліўся.

- Ты толькі зірні, які яны зрабілі вывад! - успыхнуў Зонскі, паказваючы на змешчаны ў газеце кароткі каментар паведамлення БІА. - Гэта ж трэба дадумацца - абвінаваціць ува ўсім мае апараты!

- Андрэй, ты што? Ніхто... - паспрабаваў запярэчыць Сямён, але Зонскі сярдзіта яго перабіў:

- Ды што вы ўсе мяне за сляпога трымаеце! Тут жа чорным па белым надрукавана: «Прычынай аварыі на «Гравітоне» мог стаць выхад са строю навуковай апаратуры». На вось, палюбуйся!

Сямён узяў працягнутую газету, для выгляду прабег вачыма па тэксце.

- Ну і што? - запытальна зірнуў ён на сябра.

Стрыманасць Сушкевіча крыху збянтэжыла Зонскага. Ён чакаў усяго. Чакаў, што Сямён пачне яму спачуваць, пачне вінаваціць вучоных у памылковасці іх высноў, толькі не гэтага кароткага «Ну і што?».

- Ды так, нічога, - прыгнечана прамовіў ён. - Проста, разумееш, крыўдна. Я столькі працы паклаў на гэтыя апараты. Перабраў сваімі рукамі, лічы, кожную гайчыну.

- Ха! Дзіця пяцігадовае! Бачыце, яго пакрыўдзілі! Ты што, забыў прапісную ісціну? - успыхнуў у сваю чаргу ўжо Сушкевіч.

- Ну-ну, выкладвай, з чым прыйшоў, - раскусіўшы сябраву хітрасць, усміхнуўся Зонскі.

- Слухай, - прымірэнча стукнуўшы Андрэя па плячы, прапанаваў Сямён, - хадзем куды-небудзь адгэтуль. А то ад гудзення тваіх кібераў я хутка звар'яцею.

- Ідзі ў мой закутак. Прама да канца. А я зараз, толькі аддам адно распараджэнне, - кінуў Зонскі і схаваўся за дзвярыма.

Сямён таропка пайшоў у паказаным напрамку.

Тое, што Зонскі назваў «закуткам», мела даволі прыстойны выгляд. Гэта быў вялікі светлы пакой з трыма шырокімі вокнамі, якія выходзілі на Купалаўскі праспект, абстаўлены невысокімі канцылярскімі шафамі. Пасярэдзіне яго знаходзіліся невялічкі пісьмовы столік, экран і два мяккія крэслы-круцёлкі. Зайшоўшы ў пакой, Сямён у першую чаргу прыслухаўся. Гудзенне далятала і сюды - гукаізаляцыя сцен была не лепшая. «Што ж, прыйдзецца мірыцца», - нявесела падумаў ён і сеў у крэсла.

- Ну, выкладвай! - ледзь пераступіўшы парог кабінета, кінуў Зонскі.

- Карта курса «Гравітона» ў цябе ёсць? - спытаў Сямён.

- Ага.

- Цягні.

Сушкевіч прыўзняўся, узяў працягнутую Зонскім карту, разгарнуў яе на стале, запрасіўшы сябра падсунуцца бліжэй.

- Глядзі, - пачаў паказваць ён на карце, - вось вызначаны курс «Гравітона». Апошні раз на сувязь ён выйшаў недзе адсюль, гэта значыць, знаходзячыся за гадзіны чатыры-пяць да канцавога пункта. Наступны сеанс павінен быў адбыцца ўжо з раёна даследаванняў. Як вынікае з гэтага апошняга сеанса, надвор'е стаяла бязветранае, ніякіх хваляванняў... Мясціна да таго ж тут абсалютна адкрытая і бяспечная для плавання: ніякіх падводных рыфаў, марскіх плыняў. І калі выключыць магчымасць унутранай аварыі, значыцца, у прызначаны раён яны павінны былі ўвайсці.

- Ты лічыш, што з «Гравітонам» нешта здарылася ўжо ў Д'яблавым моры?

- Так, - сцвярджальна кіўнуў Сушкевіч. - Але вось што? Зноў дзіўнасці мора. І што менавіта? Раптоўны тайфун? Цунамі? Інфрагук?

- Не, бадай, выключана, - адмоўна заматляў галавой Зонскі. - Прыборы гэта непазбежна зафіксавалі б. Інфармацыя з іх аўтаматычна паступае на спадарожнік. А я сёння запісаў з апошняга паказанні. Нічога падазронага. Хіба што... - Зонскі на хвіліну задумаўся. - У самым канцы запісу мільгаюць некалькі незразумелых прыглушаных набораў лічбаў. Якога-небудзь сэнсу адшукаць у іх не ўдалося. Але насцярожвае іх супадзенне па часе... Зрэшты, зірні сам, - выцягнуў ён шуфляду ў стале.

Сушкевіч прабег вачыма па тэксце, усхвалявана зірнуў на Зонскага. Тое, што сябар назваў хаатычным наборам лічбаў, было яму так добра знаёма яшчэ са студэнцкай лаўкі...

 

3

 

Праз пякучы боль у галаве да Сяргея данёсся выразны шум вентылятара. Ён працаваў недзе зусім блізка. Рубцоў расплюшчыў вочы: невялічкі квадратны, пафарбаваны ў белы колер, без акон пакой, спісаная нейкімі дзіўнымі іерогліфамі столь, сетчаты ложак, два электрычныя ліхтары на сцяне...

- Дзе я? Гм... Класічнае пытанне тых, хто вяртаецца ў прытомнасць... Але пачакай, што ж гэта з табою здарылася?

Памяць у Сяргея аднаўлялася марудна. Спачатку перад вачыма паўстаў карабель, потым - задумлівы твар Лугінай, калідор, які вёў у верхні адсек...

«Пачакай, давай яшчэ раз спачатку, - напружыўся Рубцоў. - Я перадаў дзяжурства па караблі Радамовічу, пасля гэтага зайшоў да Лугінай, з паўгадзіны мы пагаварылі, яна пажадала мне моцнага сну, і я пайшоў у спальны адсек. Памятаю, націснуў кнопку, дзверы скалыхнуліся, і ўсё... У гэты момант, напэўна, і страціў прытомнасць. Але чаму? Адчуваў жа сябе зусім нядрэнна...

Пачакай-пачакай... Быў жа яшчэ рэзкі востры боль ува ўсім целе. Мяне нібы прапаліла навылёт, быццам тысячы гарачых іголак працялі маё цела. І ўспышка... Была асляпляльная ўспышка!

Дык, значыць, на караблі здарылася аварыя? Але тады дзе я: на зямлі ці на нябёсах? І што з сябрамі: Рыбіным, Радамовічам, Веранікай? Любай роднай Веранікай? Устаць! Зараз жа ўстаць!»

Спроба прыўзняцца з ложка абышлася Сяргею дорага. Зноў тысячы гарачых іголак працялі ягонае цела. Боль усіх адценняў уеўся ў рукі, ногі, галаву - у кожную тканку скуры, у вочы шыбануў туман...

- Ой, мамачка! - выкрыкнула Вераніка і расплюшчыла вочы. Чорныя павукі, якія дакраналіся да яе цела, зніклі. Асцярожна, баючыся, каб зноў не прыцягнуць увагі пачварных істот, Лугіна ўзняла галаву. Нейкая вялікая мармуровая пячора, ярка асветленая электрычнымі ліхтарамі, бягучыя ва ўсе канцы лабірынты... Страшыдлаў паблізу не было. Дзе гэта я? - насцярожылася яна. - І наогул, куды дзеліся карабель, Рубцоў, Радамовіч, Рыбін? І як я тут апынулася?

Дзяўчына напружыла памяць. Падзеі апошніх трыццаці-сарака хвілін, што яна правяла на караблі, выразна паўсталі ў яе перад вачыма.

Вось яна ў даследчай лабараторыі, да яе пасля дзяжурства заходзіць Рубцоў, яны падымаюцца на палубу, размаўляюць... Пра што? Пра дзівацтвы Д'яблавага мора, пра тыя доследы, што павінны правесці. Затым?.. Затым яна жадае яму моцнага сну, заходзіць у вахтавую рубку. Навошта? Каб зрабіць запіс у карабельным журнале пра навуковыя доследы. Яе раптам гукае да сябе Рыбін. Твар яго нечым устрывожаны. Яна падыходзіць. І тут - зыркая ўспышка. Карабель устрэсвае. Яна падае, стукаецца галавой аб штосьці цвёрдае... І ўсё. Далей правал памяці.

«Значыцца, з караблём здарылася нейкая аварыя? - устрывожылася дзяўчына. - Але тады чаму я ў гэтай пячоры? І дзе Рубцоў, Радамовіч, Рыбін? Што з імі?»

Лугіна ўскоквае на ногі, пільна азіраецца па баках і ўздрыгвае. На дне пячоры непадалёк ад яе ляжаць скрываўленыя нерухомыя целы Рыбіна і Радамовіча. Крык жаху вырываецца ў яе з грудзей.

Са здранцвення дзяўчыну выводзіць ціхі стогн. Яна прыслухоўваецца. Стогн паўтараецца. Кінуўшыся да целаў, Вераніка схіляецца над Рыбіным. Гукі як быццам ішлі ад яго. Дзяўчына да болю ў барабанных перапонках напружвае слых. Так, ён дыхае - ціха, паволі, але дыхае.

- Віктар, дарагі, - затармасіла яна сябра. - Прачніся, чуеш? Гэта я, Лугіна. Віктар!

Губы Рыбіна ледзь прыкметна заварушыліся:

- Піць, піць.

Прыўстаўшы, Вераніка азіраецца, але нішто не паказвае на прысутнасць паблізу хоць кроплі вільгаці. Яна зноў схіляецца над сябрам.

- Віктар, чуеш, няма вады. Я не ведаю, дзе яе ўзяць.

Павекі Рыбіна злёгку ўздрыгнулі. Ён расплюшчыў вочы.

- Вераніка, ты? Ты жывая. Сяргей... А... Таксама жывы. Чуеш... Я бачыў... А... Спяшы...

- Віктар, дарагі, што ты? Віктар?!

Крык жаху зноў вылятае з грудзей дзяўчыны...

 

4

 

Яшчэ раз прабегшы вачыма даўнейшыя запісы ў студэнцкім сшытку, Сушкевіч, хвалюючыся, адкінуўся ў крэсле. Не, сумненняў больш не было: зарэгістраваныя спадарожнікам у дзень знікнення «Гравітона» імпульсы, што падаліся Зонскаму хаатычнымі і бяссэнсавымі, цалкам супадалі з запісамі. Гэта было не што іншае, як кароткая формула-тэорыя так званай «чарвячнай дзіркі», якую яны вылучылі яшчэ на трэцім курсе інстытута і якую да гэтага часу з-за таго, што пра гэта мала ведалі, ім так і не ўдалося цалкам абгрунтаваць, формула-тэорыя, якую дасканала ведалі толькі чацвёра: Рубцоў, Лугіна, Рыбін і ён, Сямён. А адсюль вынікала...

Дацягнуўшыся да тэлефона, Сушкевіч таропка набраў нумар Андрэя.

Сямён нават не чакаў, што Зонскі прыедзе да яго так хутка, хвілін праз пятнаццаць пасля званка. І не адзін.

- Яўген Станкевіч, - прапускаючы ў кабінет невысокага, паўнаватага, сярэдніх гадоў чалавека, адрэкамендаваў ён свайго спадарожніка. - Акіянограф.

Сямён паціснуў працягнутую кароткую гладкую руку, кінуўшы запытальны позірк на сябра. Ён адчуваў, што Зонскі нездарма прывёў гэтага чалавека. І не памыліўся.

- Навуковая група Станкевіча займаецца даследаваннем падводных плыняў. Чацвёртага сакавіка адзін са спадарожнікаў іх інстытута знаходзіўся над вядомым нам раёнам, - растлумачыў Зонскі. - Атрыманая інфармацыя павінна цябе зацікавіць. Але пра яе лепш раскажа сам спадар Яўген.

Сушкевіч, хвалюючыся, перавёў позірк на акіянографа, які прысеў насупраць яго.

- Я не ведаю, - прамовіў Станкевіч нізкім голасам, - наколькі можа аказацца для вас наша інфармацыя карыснай. І наогул, ці можна яе непасрэдна аднесці да здарэння з «Гравітонам», - ён гаварыў стрымана і пачціва, - але ў згаданы дзень мы рабілі здымку так званага Д'яблавага мора. Адзін з атрыманых фотаздымкаў нам падаўся даволі дзіўным. Ва ўсякім разе тое, што адлюстравана на ім, пакуль у межах нашай навукі не знаходзіць тлумачэння. Зроблены ён быў каля дзвюх гадзін ночы. На ім выразна праглядваецца нейкае блакітнае свячэнне, якое ідзе з марской глыбіні. Прычым вельмі вялікае па сваім абшары - кіламетры чатыры ў дыяметры. Вось зірніце.

Разгарнуўшы папку, акіянограф працягнуў Сушкевічу кіпу фотакартак.

Сямён уважліва прагледзеў здымкі. Сонечны прамень, які зазірнуў у гэты момант у акно, на імгненне асвятліў ягоны твар, заклапочаны і ўсхваляваны.

- Скажыце, а ці не былі гэта часам агні якога-небудзь карабля ці, напрыклад, падводнай лодкі? - пацікавіўся ён у суразмоўніка.

Акіянограф адмоўна крутнуў галавой:

- Не-не, выключана. Тэлескоп спадарожніка прабівае таўшчыню марскіх водаў больш чым на трыста метраў. Ніякага матэрыяльнага цела ў межах гэтага дыяпазону не было выяўлена. Акрамя таго, на здымку выразна відаць, што свячэнне - суцэльнае. І яго параметры, вугал рассейвання сведчаць, што мы маем справу не са стварэннем рук чалавека. Магчыма, гэта водгалас нейкай малавывучанай прыроднай з'явы і да вашага выпадку, як я ўжо казаў, не мае адносін. Але ўсё ж мы вырашылі праінфармаваць вас. - Акіянограф таропка зашпіліў папку, устаў. - Мне пара ісці, - нягучна прамовіў ён. - Здымкі можаце пакінуць у сябе. Будзем рады, калі наша інфармацыя дапаможа вам.

Развітаўшыся, ён пайшоў.

- Ну і што ты пра ўсё гэта думаеш? - падаў голас Зонскі, які сядзеў да гэтага моманту моўчкі.

- Ведаеш, баюся нават падумаць, - задуменна вымавіў Сушкевіч. - Вельмі ж неверагодна ўсё выглядае. У любым выпадку патрэбна экспедыцыя, каб на месцы ўва ўсім разабрацца. Спадзяюся, падтрымаеш маю прапанову на Вучоным Савеце аб яе адпраўцы? - запытальна зірнуў ён на сябра.

- Значыцца, ты дапускаеш, што «Гравітон» мог?..

Сушкевіч сцвярджальна кіўнуў на недагаворанае, але зразумелае яму пытанне сябра...

 

5

 

«Зноў перакрыжаванне. Ну куды ж далей: направа, налева ці зноў прама? Дзе ж гэты выхад адсюль?»

Вераніка ў адчаі апусцілася на халодны мармур. Ёй хацелася плакаць, выць ад прыкрасці, але на гэта ў яе ўжо не было ні слёз, ні сілы.

Добрыя тры гадзіны блукала яна па гэтых змрочных, як дзве кроплі вады падобных адзін да аднаго лабірынтах, а выхаду з іх не магла знайсці. Але ж толькі выбраўшыся адсюль, яна магла хоць штосьці праясніць пра сваё месцазнаходжанне, пра лёс Сяргея, адзінага акрамя яе чалавека, хто застаўся жывы з экіпажа іх карабля.

«Чаму ты не пайшла ўслед за тымі двума?» - міжволі вырваўся ў дзяўчыны цяжкі ўздых.

...Яны з'явіліся нечакана для Лугінай, з самага далёкага ад яе лабірынта. Гэта і ўратавала дзяўчыну. Схаваная ад іх мармуровым выступам, што як бы падзяляў пячору на дзве палавіны, яна спачатку таксама не заўважыла іх, але цяжкія рыпучыя крокі, што падхапіла і ў шмат разоў павялічыла рэха, насцярожылі дзяўчыну. Вераніка ледзьве паспела падняць галаву ад замёрлых сябравых грудзей, як з-за выступу паказаліся два жалезныя робаты, якія нечым з выгляду напаміналі чалавечыя пазваночнікі. Пачвары, не дайшоўшы крокаў сем да таго месца, дзе хвіліну назад знаходзілася Вераніка, спыніліся, азірнуліся па баках. Потым адзін з іх падышоў да сцяны, дакрануўся да яе сваёй тонкай кароткай рукой. Частка дна пячоры перад ім здрыганулася, паволі апусцілася ўніз. З дзіркі палыхнула полымя. Пачвары ўзялі цела Рыбіна, паднеслі яго да агню... Дзяўчыну ахапіў жах. Яе рукі, ногі, галаву, тулава, кожную тканку скуры працяў востры боль, быццам не сябра, а яе, Лугіну, кінулі ў гэтае страшнае полымя, што падымалася ўсё вышэй і вышэй. Крык роспачы ледзь не вырваўся з грудзей дзяўчыны. Яна стрымала яго, заціснуўшы рот далонямі, і, знясіленая, апусцілася на зямлю.

Калі робаты, скончыўшы справу, зніклі ў адным з лабірынтаў, Вераніка з цяжкасцю ўстала і пайшла прэч ад гэтага страшнага месца. Недзе глыбока ў яе свядомасці мільганула думка - пайсці следам за робатамі. Але яна тут жа прагнала яе, настолькі ненавісныя былі ёй гэтыя жалезныя пачвары...

І вось Лугіна на гэтым праклятым перакрыжаванні - адна сярод халодных мармуровых сцен. Нервовы стрэс ад убачанага, хваляванне за лёс Рубцова, моцная стомленасць ад доўгай хады па лабірынтах зусім знясілілі дзяўчыну. І яна, сеўшы каля сцяны, заплюшчыла вочы, не маючы сіл змагацца з дрымотай, што авалодала ёю.

Прачнулася дзяўчына ад чыйгосьці шэпту. Ён далятаў аднекуль зусім зблізку. Гукі былі незразумелыя, але чымсьці напаміналі чалавечую мову. Расплюшчыўшы вочы, Вераніка прыціснулася да мармуру - з супрацьлеглага боку на яе пазіралі двое: мужчына і жанчына. Лугіну ад іх аддзялялі тры метры прасторы і вузкія металічныя, у рост чалавека, краты. Убачыўшы, што Вераніка заўважыла іх, незнаёмцы спынілі размову, усміхнуліся і размашыста пачалі жэстыкуляваць рукамі, быццам гаворачы:

- Ты нас не бойся. Мы сябры. Мы хочам дапамагчы табе.

Зразумеўшы па твары Лугінай, што да яе дайшоў сэнс іх жэстаў, яны адчынілі краты і зніклі ў цёмным праходзе.

«Яны запрашаюць мяне, - сцяміла Лугіна. - Што ж, трэба ісці. У мяне няма выбару».

 

- Прачніцеся. Вы паправіліся ўжо. Чуеце, прачніцеся! - данеслася скрозь сон да Сяргея.

Ён расплюшчыў вочы. Усё тая ж, спісаная нейкімі дзіўнымі іерогліфамі, столь, драўляны ложак...

«Хто ж гэта гаварыў? І мова: ні беларуская, ні нямецкая, ні ангельская... Адкуль я яе ведаю? Слыхавыя галюцынацыі, ці што?»

- Не хвалюйцеся. Вашаму жыццю больш не пагражае небяспека, - зноў прамовіў чыйсьці металічны бас. - Можаце сесці.

Сяргей прыпадняўся. Ён чакаў болю, але яго не было. Ён няспешна агледзеў пакой. Дзве нейкія металічныя прылады, якія нечым напаміналі чалавечыя пазваночнікі, запаленыя ліхтары на сцяне... Болей нікога і нічога ў пакоі не было.

«Няўжо яны гаварылі?» - падумаў ён пра прылады.

- Як вы сябе адчуваеце?

Сяргей здрыгануўся. Сумненняў не заставалася: гаварылі яны, металічныя прылады.

- Нічога. А вы хто? І дзе гэта я знаходжуся? - не тоячы здзіўлення, спытаў ён.

- Вы на планеце Мерла. Мы - разумныя жыхары планеты - гмеры. Можаце называць нас проста разумянамі.

- А дзе мае сябры? І як я тут апынуўся? - разгублена спытаў Рубцоў.

- Ваш водны апарат трапіў пад уздзеянне гравітацыйнага поля. На жаль, вашых сяброў выратаваць не ўдалося, - адказаў адзін з разумян і, хвіліну памаўчаўшы, дадаў: - Прыміце нашы самыя шчырыя спачуванні.

А Сяргей ужо не чуў апошніх слоў разумяніна. Яго калола, тузала, гняло, быццам увесь Сусвет у гэты момант прыдушыў яго ўсім сваім цяжарам.

«Няма Веранікі... Любай роднай Веранікі! Няма Рыбіна, Радамовіча! - жахнуўся ён. - Як жа гэта, га? А можа, мне сніцца сон? Проста страшны, жахлівы сон? Трэба прачнуцца. Зараз жа прачнуцца! Але гэтыя... Вось жа яны, побач. Як жа гэта, га?..»

Сяргей упаў на ложак. Хвіліны тры ён ляжаў нерухома, з закрытымі вачыма.

Яго суразмоўнікі ўстрывожыліся, наблізіліся да Рубцова.

- Вам дрэнна? Патрэбна дапамога?

- Не-не, дзякую. Нічога не трэба. Мне ўжо лепш, - вымавіў Сяргей праз сілу і прымусіў сябе спачатку прыўзняцца, а затым сесці на край ложка, не жадаючы, каб у іншапланецян стварылася ўражанне пра яго як пра слабую разумную істоту.

Ён уважліва азірнуў разумян. Яны мелі доўгія цыліндрычныя тулавы, тонкія кароткія рукі і ногі. На невялічкіх паўкруглых галовах нічога не было, акрамя вачэй: вузкіх, халодных, шкляных. Росту іншапланецяне былі невялікага: з маленькага чалавека.

- Скажыце, а як наш карабель трапіў на вашу планету? - ціха спытаў Рубцоў.

- Адказаць дакладна цяжка. Мы не ведаем яшчэ ўсіх абставін, - прамовіў бліжэйшы да Сяргея разумянін. - Падобна, што паміж нашымі планетамі існуе нейкі прыродны калідор, які іх звязвае. Вы выпадкова трапілі ў яго віхравы струмень. Ён і даставіў вас на нашу планету.

- Разумею, - коратка кінуў Сяргей.

- Больш поўную карціну мы б атрымалі, калі б ведалі мэту, якую выконваў ваш апарат на сваёй радзіме, - дагаварыў разумянін, - а таксама ў якім раёне вашай планеты здарылася гэта з вамі.

Абодва разумяне дапытліва зірнулі на Рубцова.

Сяргей задумаўся. Штосьці насцярожвала яго ў гэтых дапытлівых вачах. Было ў іх нешта большае чым простая цікаўнасць.

- Бачыце, я яшчэ не гатовы адказваць на вашы пытанні, - прамовіў ён асцярожна. - Ды і адчуваю сябе...

- Разумеем, - перабіў яго ўсё той жа разумянін. Відаць, ён займаў больш высокую пасаду, чым яго сябар, які стаяў моўчкі. - Што ж, агледзьцеся - мы дадзім вам магчымасць азнаёміцца з усімі бакамі нашага жыцця. Пасля гэтага вырашыце, як паступіць. Памятайце толькі, што ў выпадку аб'яднання нашых намаганняў мы з вамі можам у значнай ступені садзейнічаць пачатку ўзаемавыгадных сувязей паміж двума такімі высокаарганізаванымі Сусветамі, якімі з'яўляюцца нашы цывілізацыі. Пакуль жа адпачывайце, набірайцеся сіл. Магчыма, у вас ёсць якія-небудзь пажаданні ці пытанні? Мы слухаем вас.

«Трэба спытаць пра мову», - падумаў Сяргей.

- Скажыце, адкуль я ведаю вашу мову?

- Каб мець магчымасць уступіць з вамі ў сувязь, нашы вучоныя ў час лячэння ўвялі вам дадатковую памяць з фіксацыяй у ёй нашай мовы, - адказаў разумянін і тут жа дадаў: - Праз некалькі хвілін да вас прыйдуць робаты. Яны будуць вашымі праваднікамі па планеце. Няхай вас не бянтэжыць іх выгляд, паколькі яны будуць падобныя на вас. Мы зрабілі іх такімі наўмысна. З разлікам, што падтрымліваць сувязі з падобнымі вам будзе зручней. Робаты выканаюць любыя вашы пажаданні...

 

6

 

Ішлі трэція суткі, як Лугіна трапіла на невядомую зямлю...

Даверыўшыся тым дваім, што знайшлі яе ў адным з мармуровых лабірынтаў, дзяўчына не ашукалася ў сваіх спадзяваннях. Незнаёмцы прывялі яе да падземных жыхароў загадкавай краіны, у якіх яна знайшла добрых і клапатлівых братоў ды сясцёр.

Знаходзячыся двое сутак сярод гэтых людзей, Вераніка не марнавала дарма часу. Яна вывучала іх мову, жыццё, заняткі. Так, цяпер яна ведала, што людзі, якія далі ёй прытулак, завуць сваю радзіму Мерлай, а сябе - мерлінцамі. Ведала, што мерлінцы малаколькасныя; у іх толькі сем гарадоў, што яны ўсе без выключэння па нейкай прычыне ненавідзяць тых, якія жывуць на паверхні іх зямлі.

Тое месца, дзе была Лугіна, называлася горадам Першым. Але назваць горадам падобнае падземнае селішча можна было толькі сімвалічна. Гэта была доўгая чарада лабірынтаў і пячор, якія асвятляліся электрычнымі ліхтарамі. Кожны лабірынт уяўляў сабой жылы дом, у якім налічвалася каля ста кватэр. Кватэры былі аддзелены адна ад адной драўлянымі перагародкамі і мелі даволі сірочы выгляд. Адзін-два ложкі, дзве-тры табурэткі, стол, шафа - вось і ўся іх мэбля. Дзверы кватэр выходзілі ў вузкі калідор, які цягнуўся праз увесь дом. Выхад з дома звычайна выводзіў на плошчу - у невялікую мармуровую пячору. Была ў горадзе і галоўная плошча - шырокая прасторная пячора, якая называлася плошчай Надзеі. У ёй збіраліся на сходы жыхары, засядаў Савет Мудрых - вышэйшы орган кіравання горадам.

Вераніка жыла амаль у самым цэнтры селішча ў маладой жанчыны, што знайшла яе ў лабірынце. Жанчыну звалі Ланкай. Мерлінка адносілася да Лугінай як да роднай сястры. Яна была ласкавая, добрая, клапатлівая. Вось толькі на пытанні Веранікі мерлінка не хацела адказваць, гаворачы з сумам у вачах:

- Пацярпі крышачку, родная. Прыйдзе час, ты аб усім даведаешся.

А Лугіну цікавіла многае. Напрыклад, як яна апынулася на чужой планеце? Чаму мерлінцы жывуць пад зямлёй? Чаму ненавідзяць тых, хто жыве на паверхні планеты?

І наогул, мерлінцы паводзілі сябе надзвычай дзіўна. Іх працоўны дзень пачынаўся з таго, што ўсе яны, ледзь ачуняўшы ад сну, ішлі на плошчу Надзеі. Потым частка іх некуды знікала з горада, вярталася назад позна вечарам. Астатнія займаліся хто чым: адны рамантавалі дамы, другія сядзелі над нейкімі схемамі, трэція прыносілі аднекуль прадукты харчавання, чацвёртыя гатавалі ежу. На другі дзень яны мяняліся месцамі.

Толькі Лугіна была без справы. Ланка, як толькі Вераніка пачала крыху разумець па-мерлінску, растлумачыла, што ёй хутка дапамогуць знайсці свайго зямнога сябра, а пакуль яе задача - вывучаць мову. Дзяўчына занепакоілася. Няпэўнасць становішча, хваляванне за лёс Рубцова, загадкавыя паводзіны братоў па розуме кроілі яе сэрца, выклікалі трывожныя думкі.

Але сёння, нарэшце, мерлінка сказала дзяўчыне:

- Вераніка, Савет Мудрых вырашыў адкрыць табе тайну нашага народа. Сваім шчырым расказам пра Радзіму ты заслужыла наш давер. Хутка па цябе прыйдзе пасланнік Савета. Ён завядзе цябе да Старэйшыны.

Сказала і выйшла з кватэры. Хвіліны цяклі марудна. Так марудна, што Вераніцы здалося, быццам час наўмысна замаруджвае свой бег, каб патузаць ёй нервы. Але дзяўчына цярпліва чакала - гэта яна цяпер умела рабіць. Прайшло дзесяць хвілін, пятнаццаць, дваццаць... А пасланца ўсё няма. Вераніка захвалявалася. Можа, перадумалі мерлінцы?

Але вось, здаецца, і доўгачаканы стук у дзверы...

 

7

 

З паведамлення БІА ад 6 сакавіка 203... года.

 

«Месцазнаходжанне знікшага ў раёне Філіпін навукова-даследчага карабля «Гравітон» па-ранейшаму не выяўлена. У названую акваторыю накіравана даследчая экспедыцыя. Яе мэта - выяўленне прычын здарэння...»

 

Спачатку Рубцоў не паверыў сабе: перад ім стаялі два чалавекі. Ён заплюшчыў вочы - людзі зніклі. Расплюшчыў - з'явіліся.

«Значыць, не галюцынацыя», - узрадаваўся ён.

Сяргей уважліва агледзеў незнаёмцаў. Яны нічым вонкава не адрозніваліся ад яго: тыя ж дзве рукі, дзве нагі, галава, тулава. Хіба што вочы... Яны былі ў незнаёмцаў нейкія мутныя, нічога не выяўлялі - быццам нежывыя.

- Добры дзень. Будзем знаёмыя. Мы вашы праваднікі па планеце. Імёны нам можаце падабраць самі, - вымавілі незнаёмцы.

Галасы іх былі манатонныя, цалкам пазбаўленыя «жывых нотак». Так на Зямлі гаварылі толькі кібернетычныя прылады.

«Так, гэта робаты», - засмуціўся Рубцоў.

- Ну што ж, будзем знаёмыя, - расчаравана прамовіў ён. - Я - Рубцоў. Значыцца, так, - паказаў ён на цёмнавалосага рослага дзецюка, - з гэтай хвіліны ты - Спадарожнік Першы, а ты, - на сівога старога, - Спадарожнік Другі. І вось вам першае заданне - прынясіце што-небудзь паесці.

Кіўнуўшы галовамі ў знак таго, што зразумелі просьбу, робаты зніклі за дзвярыма.

Рубцова зацікавілі дзверы. І ён уважліва агледзеў іх. Гэта была частка адвольнай сцяны пакоя, якая пры ўваходзе і выхадзе самавольна падымалася ўгору, пафарбаваная, як увесь пакой, у белы колер. Дзверы вельмі шчыльна прылягалі да сумежных частак сцяны. Так шчыльна, што заўважыць іх нават з самай блізкай адлегласці было немагчыма. Сяргей памацаў рукамі па дзвярах і сценах, але ніякіх кнопак і выступаў не знайшоў - паверхня была гладкая і роўная.

«Відаць, адчыняюцца і зачыняюцца тэлепатычна. Калі называюць пэўны код, вушы дзвярэй улоўліваюць і даюць каманду аўтаматыцы, - разважыў Сяргей. - Вось табе яшчэ адна загадка. Выходзіць, ты ў палоне ў гэтых сцен? Значыцца, разумяне чагосьці баяцца? Але чаго? І потым гэтая дадатковая памяць, без твайго дазволу? Што за ўсім гэтым хаваецца?»

Рубцоў няспешна прайшоўся па пакоі. Ён вырашыў аднавіць у памяці як мага падрабязней усе дэталі размовы з гмерамі, спадзеючыся менавіта ў ёй знайсці адказы на пытанні. Але журба па сябрах, што адгукалася ў сэрцы тупым болем, перабівала яго думкі, не давала сканцэнтравацца. Перад вачыма Сяргея па чарзе ўзнікалі то воблік Веранікі, то воблікі Рыбіна, Радамовіча. Ён ніяк не мог звыкнуцца з думкай, што гэтых блізкіх і дарагіх яму людзей ужо няма. Людзей, з якімі так шмат яго звязвала...

З Веранікай Лугінай Сяргей пазнаёміўся яшчэ тады, калі быў студэнтам. Дзевятнаццацігадоваму юнаку не давалі спакою загадкавыя паводзіны дзіўнай зорнай сістэмы ЗС-295. Гэта вельмі слабая - у аптычных прамянях 20-й велічыні - радыёгалактыка ў апошні час некалькі павысіла сваё выпраменьванне.

«Ці не справа гэта братоў па розуме? - пытаўся ў сябе Сяргей. - І ці не сігналізуюць яны такім чынам пра сябе?»

І гэта гіпотэза была настолькі прывабнай і спакуслівай, што Рубцоў амаль увесь вольны ад заняткаў час пачаў праводзіць у інстытуцкай бібліятэцы, імкнучыся на аснове апошніх навуковых дадзеных пабудаваць сваю тэорыю аб прычыне павышэння выпраменьвання.

І вось аднойчы, як звычайна пасля заняткаў прыйшоўшы ў бібліятэку, Сяргей са здзіўленнем убачыў, што ягонае рабочае месца занята нейкай дзяўчынай. А ён так прывык да гэтага невялічкага століка каля акна, праз якое можна было гадзінамі разглядваць таямнічае зорнае неба і марыць... Але гэта было, як той казаў, яшчэ паўбяды. Вольных сталоў у зале хапала. Калі ж Сяргей звярнуўся да работніцы бібліятэкі з просьбай выдаць яму апошні нумар астранамічнага часопіса, аказалася, што ён ужо на руках. І работніца паказала на незнаёмку. Сяргей захваляваўся. Зрываўся яго працоўны дзень. Але хвіліну разважыўшы, ён накіраваўся да незнаёмкі.

«Пагавару з ёй, мо ўступіць», - вырашыў ён.

Падышоўшы да дзяўчыны, нягучна спытаў:

- Прабачце, вам вельмі патрэбны гэты часопіс?

Светлавалосая галоўка хіснулася, на Сяргея зірнулі вялікія карыя вочы - чыстыя, ясныя, празрыстыя. Сэрца ў Рубцова міжволі ёкнула. Ён сарамліва апусціў вочы.

- А што, вам таксама патрэбны гэты часопіс? - зычліва спытала дзяўчына.

- Вельмі, - нясмела вырвалася ў Рубцова.

- Дык сядайце, - прапанавала дзяўчына, паказаўшы вачыма на вольнае месца. - Спадзяюся, адно аднаму не перашкодзім.

Сяргей з палёгкай уздыхнуў, апусціўся на крэсла.

Далей усё адбылося неяк міжволі. Спачатку абмеркаванне з незнаёмкай часопіса, якое ўзнікла само па сабе, затым - дыскусія аб таямнічай зорнай сістэме ЗС-295. Аказалася, што дзяўчыну таксама хвалююць загадкавыя паводзіны гэтай радыёгалактыкі. І нарэшце - знаёмства.

З таго моманту і пачаліся паміж Рубцовым і Лугінай тыя адносіны, якія з цягам часу перараслі ў моцнае ўзаемнае каханне...

І цяпер адна толькі думка пра тое, што Веранікі ўжо няма і ніколі не будзе, прыводзіла Рубцова ў жах...

 

8

 

Правёўшы Лугіну праз зацемнены праход у невялікую паўкруглую пячору, пасланнік адчыніў вузкія, як шчыліна, дзверы, што знаходзіліся за тоўстым мармуровым выступам.

- Заходзьце, там вас чакаюць, - вымавіў ён і, развітаўшыся, знік у бакавым праходзе.

Нясмела пераступіўшы парог, Лугіна аказалася ў вялікай мармуровай зале. На бліскучай падлозе адлюстроўваліся поўныя рады кніг, велічныя постаці каменных статуй, што стаялі паміж высокімі драўлянымі шафамі.

«Падобна, бібліятэка», - падумала Лугіна і пачула чыесьці нетаропкія крокі.

Дзяўчына затаіла дыханне.

З глыбіні залы выйшаў невысокі цёмнавалосы мужчына ў сінім халаце, які звісаў вялікімі складкамі. Вераніка ўважліва прыгледзелася да мерлінца. Ёй здалося, што яна ўжо бачыла раней гэты шырокі задуменны твар з маленькімі вачыма. Так, яна не памылялася, гэта быў менавіта той мерлінец, які разам з Ланкай тры дні назад знайшоў яе ў закінутым лабірынце.

- Я вельмі рады цябе бачыць, дачка слаўнага зямнога народа, - павітаўшыся, мякка прамовіў мерлінец. - Прабач, што мы надта доўга нудзілі цябе чаканнем. Але стан твайго здароўя не мог не выклікаць трывогу. Спадзяюся, ты адчуваеш цяпер сябе лепш?

- Значна, - хутка адказала Лугіна і падзякавала за прытулак і клопаты аб яе здароўі.

Выслухаўшы дзяўчыну, мерлінец жэстам рукі запрасіў яе прайсці ў глыбіню залы. Падвёўшы Вераніку да невялікага стала, ён паказаў на крэсла.

- Ці можна мне звяртацца да цябе па імені, - ціха спытаў ён, прысеўшы насупраць Лугінай.

- Калі ласка, вялікі Старэйшына...

- Нор, заві мяне проста Нор, - перабіў Вераніку мерлінец і, зрабіўшы паўзу, паважліва сказаў: - Савет Мудрых выказвае табе, Вераніка, глыбокую ўдзячнасць за шчыры расказ пра сваю Радзіму. Мы ад душы рады за яе, жадаем далейшага працвітання слаўнаму зямному народу. Я рады таксама паведаміць добрую навіну пра твайго зямнога сябра.

Хваляванне ўзрушыла дыханне Веранікі. Нарэшце яна хоць штосьці даведаецца пра долю Рубцова.

- Што з ім? Дзе ён? - усхвалявана спытала яна.

- Не-не. Ты, калі ласка, не хвалюйся. Ён жывы і здаровы, - мякка прамовіў мерлінец. - Твой сябар, як мы і меркавалі, знаходзіцца ў гмераў. На жаль, гэта пакуль усё, што нам удалося даведацца. - Мерлінец зноў зрабіў паўзу, даючы дзяўчыне перадых для супакаення. Затым прамовіў нягучна і задуменна: - Ты, канешне, хочаш ведаць, хто такія гмеры? Чаму яны трымаюць у сябе твайго сябра? Не менш для цябе, відаць, загадкавыя жыццё і заняткі нашага народа. Што ж, слухай, Вераніка, уважліва, бо зараз я раскажу табе нялёгкую гісторыю. Гісторыю, што захоўваюць вось гэтыя шэсць тысяч кніг.

Устаўшы з крэсла, ён павольна прайшоў па пакоі.

- Яна бярэ свой пачатак трыццаць тысячагоддзяў назад па нашым летазлічэнні. У тыя далёкія часы Мерла была заселена дзвюма расамі: аранжавай - суанамі, і белай - продкамі нашага народа, тунамі. Дзікія плямёны суанаў, ад якіх толькі некалькі дзесяткаў слоў засталося ў нашай мове, жылі ў лясах і на ўзгорыстых пласкагор'ях паўднёвай часткі планеты. Гэта мясцовасць, у тыя часы з цёплым і мяккім кліматам, была багатая ежай. Яе перасякалі паўнаводныя рэкі. Раўніны і пласкагор'і, пакрытыя шматлікай расліннасцю, служылі прытулкам для разнастайных жывёл. Суаны палявалі на гіганцкіх птушак і павукоў, займаліся зборам пладоў і лоўляй рыбы.

Туны ж насялялі паўночную частку планеты, клімат якой быў больш суровы. Доўгія халодныя зімы, небагаты раслінны і жывёльны свет, малалікія рэкі і азёры адрознівалі гэтую мясцовасць. Жыццё тунаў было поўнае небяспекі і нягод. Акрамя голаду і холаду, ім пагражалі злосныя драпежныя звяры, што блукалі па раўнінах у пошуках здабычы.

Каб выжыць, тунам трэба было аддаць усе сілы барацьбе з суровай прыродай. І яны выстаялі, навучыліся будаваць жыллё, здабываць агонь, апрацоўваць палі, шыць адзенне і рабіць прылады працы. У хуткім часе быў заснаваны першы горад Карэол, што азначала «горад Жыцця», які стаў цэнтрам свету. Ён быў абнесены высокай зубчастай сцяной. Вуліцы яго ўпрыгожвалі круглыя каменныя будынкі, сялібы з дрэва, прыгожыя мармуровыя палацы. Жыхары горада займаліся рамёствамі, гандлем.

Слава аб Карэоле ішла па ўсёй планеце. Даходзіла яна і да плямён суанаў, што жылі на поўдні. Да гэтага часу клімат у гэтай частцы планеты зрабіўся больш сухі і гарачы, некалі багатыя расліннасцю лясы і пласкагор'і на вачах ператвараліся ў бязводныя пясчаныя пустыні. Суанам усё цяжэй даводзілася здабываць ежу. Выхад з цяжкага становішча яны пачалі шукаць у войнах, захопліваючы землі суседзяў, адбіраючы ў іх жывёлу і дабро. Адначасова страх перад грознымі і незразумелымі сіламі прыроды нарадзіў сярод іх веру ў магічныя і таямнічыя сілы. Яны пачалі пакланяцца зоркам, небу, зямлі, вадзе. Так на Мерле ўзнікла рэлігія.

Каля трох стагоддзяў правялі суаны ў войнах, у страху і голадзе. Але вось сярод іх з'явіўся жорсткі і хітры важак Лее. Дзе сілаю, дзе крывадушшам і хітрасцю ён падпарадкаваў сабе асноўныя плямёны суанаў, стаўшы ўладаром паўднёвай часткі планеты.

«Браты, нашто мы забіваем адзін аднаго, нашто разбураем і без таго бедныя нашы сялібы, - гаварыў ён суанам, - калі па той бок экватара ляжыць вялікая краіна. Там многа расліннасці і вады, там пасецца столькі жывёлы, колькі зорак на небе, там сховішчы, поўныя зерня і рэчаў. Там мы накормім жонак і дзяцей...»

Аб'яднаныя Леем, плямёны суанаў рушылі на поўнач. Пераправіўшыся праз невялікую, але бурную раку Суе, яны, быццам віхура, наляцелі на паселішчы тунаў. Тыя, хто застаўся жывы, уцякалі пад абарону сцен Карэола, несучы туды страшную вестку пра крыважэрнага ворага, што з'явіўся на іх землях. Устрывожаныя жыхары горада сабралі войска. Яно выйшла насустрач захопнікам. Пачалася вайна. Воіны тунаў былі дрэнна абучаныя, не мелі вопыту вядзення вайны. Суаны ж былі моцныя сваёй крыважэрнасцю і баявой вывучкай, якую набылі ў шматгадовых міжусобных войнах. Яны разбілі войскі тунаў і, падышоўшы да Карэола, штурмам авалодалі ім. Лёс краіны быў вырашаны.

«Тры дні і тры ночы, - пішацца ў летапісе, - лютавалі суаны ў Карэоле, рабуючы палацы і сялібы... Тры дні і тры ночы ў горадзе не змаўкаў плач жанчын і дзяцей».

Больш за год суаны мячом і агнём нішчылі землі тунаў, пакуль цалкам не авалодалі імі.

Заваяваўшы краіну, яны вярнуліся ў Карэол, зрабілі яго сваім галоўным прыстанкам. Уладаром горада і краіны стаў Лее. Ён правёў перапіс насельніцтва захопленай зямлі, абклаў яго падаткам.

Такі сумны канец першага этапу гістарычнага развіцця нашага народа.

Больш за шэсць стагоддзяў туны знемагалі пад уціскам суанаў, у якіх прага да багацця не ведала мяжы. Змарнаваныя і знясіленыя цяжкай нявольніцкай працай, катаваннем і голадам, туны ўсё часцей і часцей паўставалі супраць іншаземных захопнікаў. Узначаліў барацьбу з суанамі нашчадак старадаўніх правіцеляў Карэола. Яго звалі Мерл. Ён хадзіў з сялення ў сяленне і заклікаў:

«Браты і сёстры! У Сусвеце, што ўспрымаецца нашымі пачуццямі, ёсць дзве сілы: дабро і зло. Сілы дабра выклікаюць да жыцця расліны, рэкі, планеты і зоркі. Сілы ж зла ўсюды сеюць разбурэнне і смерць. Яны знішчаюць расліны і жывёл. Яны тушаць зоркі, асушваюць рэкі і азёры. Іх стыхія - смерць і разбурэнне. Але ж з попелу зноў адраджаецца жыццё. І так будзе заўжды, колькі б сілы зла ні знішчалі яго. Бо нельга забраць жыццё ў таго, каму яно падаравана навекі. Узнімемся і мы і знішчым тое ліха, якое сышло на нас».

Сабраўшы войска, Мерл падышоў да Карэола і аблажыў яго. Лёс іншаземных захопнікаў быў прадвызначаны. Яны маглі толькі абараняць нарабаваныя багацці. Велізарная іх колькасць, бесклапотнае жыццё зрабілі суанаў прагнымі і баязлівымі. Пасля трохдзённай аблогі туны штурмам авалодалі горадам. Суаны ў жаху пабеглі з краіны. Але, як сведчыць летапіс, ніхто з іх не дайшоў да роднай зямлі. У дарозе ўсе яны загінулі ў абшарах экватара ад спякоты, голаду і хвароб. Так няслаўна скончылі сваё існаванне ваяўнічыя плямёны суанаў.

Туны ж наладжвалі новае жыццё. У гонар свайго правадыра яны пачалі зваць сябе мерлінцамі. Зноў адбудавалі разбураны Карэол, расчысцілі і ператварылі ў нівы запушчаныя землі, адрадзілі рамёствы. З попелу паўсталі новыя сялібы і гарады. Былі знойдзены і прачытаны старадаўнія рукапісы. З іх пачалі адраджацца веды. Мерлінцы навучыліся здабываць металы, вынайшлі вогненную машыну, якая палегчыла працу рамеснікаў. Сілы Мерлы, выкліканыя да жыцця ведамі, надзейна і шчодра служылі народу. Клеці і свірны ў гарадах былі поўныя зерня, тканін, каштоўных металаў.

Але паступова, калі з'явіліся крыніцы збыту прадуктаў працы, роўнасць паміж мерлінцамі пачала знікаць. З іх асяроддзя вылучыліся багатыя. Яны пачалі называць сябе хурамі, што значыць - выбраныя. Не прайшло і паўстагоддзя, як гандаль, рамесніцкая справа аказаліся ў іх руках. Неўзабаве багаццем і сілай ведаў хуры прыйшлі да кіравання краінай. З гэтага моманту пачаўся трэці этап гістарычнага развіцця нашага народа.

У пагоні за багаццем усю сілу ўлады хуры накіравалі на далейшае развіццё матэрыяльнай культуры краіны. Яны будавалі ў гарадах шматлікія гандлёвыя дамы, майстэрні. Асвойваліся і арашаліся новыя землі. У дамах навук былі адкрыты і пазнаны многія законы прыроды. У майстэрнях і гаспадарчых будынках пачалі выкарыстоўвацца розныя тэхнічныя сістэмы і механізмы. Так дзве тысячы гадоў назад наш народ уступіў у тэхнічную эру.

Але, уступаючы ў новую эру, мы дрэнна ўяўлялі, што хавае ў сабе вар'яцкае абыходжанне з прыродай, нястрымнае карыстанне скарбамі планеты. Сляды бяздумнай дзейнасці адгукнуліся ў пачатку шостага стагоддзя. Забруджаныя землі, вада, паветра, атручаныя лясы і нівы, спустошаныя нетры планеты - усё гэта сведчыла пра небывалы крызіс, што, як чорная хмара, насоўваўся на краіну. Самыя мудрыя з мерлінцаў пачалі разумець, што ў аснове нашай цывілізацыі ляжыць першапачатковае зло. Адбыўся раскол. Адны - гэтую частку насельніцтва ўзначалілі хуры - бачылі ўратаванне ў ператварэнні Мерлы ў нейкае падабенства касмічнаму караблю. Сваю задачу яны бачылі ў тым, каб перадаць тэхнічным механізмам найбольш важныя функцыі прыроды - забеспячэнне мерлінцаў вадой, харчаваннем і паветрам. Другія - яны называлі сябе светлымі - сцвярджалі, што заклікі хураў - не што іншае, як самападман, паколькі планета і так уяўляе сабой касмічны карабель, на якім ёсць усе ўмовы для існавання мерлінцаў. Яны створаны самой прыродай. І для захавання і аднаўлення гэтых умоў мерлінцы павінны абмежаваць сваю актыўнасць, весці замкнёны спосаб гаспадаркі, якая будзе спажываць толькі энергію зорак.

Раскол паміж ведамі быў вялікі. Краіна была ў хваляванні. У гэты час было зроблена вялікае адкрыццё - часткова зразумета тайна розуму мерла. Хуры скарысталі гэта для барацьбы. Яны пабудавалі мноства жалезных воінаў. Гмеры - так называліся гэтыя жудасныя металічныя прылады, што азначала «ўладары смерці». Яны ўмелі прымаць самастойныя рашэнні і мелі страшную прамянёвую зброю. Каб металічныя воіны былі бязлітасныя ў баі, у іх заклалі нянавісць да простых мерлінцаў.

Так была створана самая жудасная з усіх прылад вайны, якія існавалі калі-небудзь на Мерле. Зброя, з дапамогай якой хуры спадзяваліся перамагчы светлых і захаваць сваю ўладу на планеце.

І вось пачалася барацьба. Па закліку светлых тысячы мерлінцаў пакінулі працу, выйшлі на вуліцы гарадоў з патрабаваннем перадаць кіраванне краінай выбранаму Савету. Хуры кінулі на падаўленне хваляванняў войскі. Але салдаты адмаўляліся страляць у братоў і сясцёр. У хураў заставалася надзея толькі на металічных воінаў. І гмеры не падманулі гаспадароў. Выпушчаныя са схованак, яны жорстка расправіліся з паўстаннем. Ніколі яшчэ Мерла не ведала такой трагедыі, як у той страшны дзень. Гмеры не шкадавалі нікога: ні старых, ні жанчын, ні дзяцей. Вуліцы і плошчы гарадоў былі ўсеяны трупамі, рэкі і каналы ад крыві былі чырвоныя.

Хуры святкавалі: паўстанне было задушана, яны заставаліся гаспадарамі краіны. Але нядоўга доўжылася іх весялосць. Скончыўшы агідную справу, гмеры павярнулі сваю страшную зброю супраць гаспадароў.

«Не-не!» - ад жаху крычалі хуры.

Але металічныя воіны адмаўляліся ім падпарадкавацца. Аднаго не ўлічылі тыя, хто стварыў гэтых жалезных пачвараў. Не ўлічылі таго, што яны - таксама мерлінцы. Пакуль гмеры былі ў лабараторыях, яны нічога не маглі супрацьпаставіць волі сваіх гаспадароў. Але, здольныя да мыслення, яны добра разумелі, што аднойчы іх выпусцяць і тады...

«Той, хто жадае смерці брату, сам яе знойдзе», - гаворыцца ў старажытным летапісе. Хуры пагрэбавалі гэтай ісцінай. І паплаціліся. Заклаўшы ў гмераў нянавісць да суайчыннікаў, яны тым самым загубілі і сябе.

Так была знішчана большая частка нашага народа. Але тых, хто ўцалеў, чакала не лепшая доля. Новыя ўладары Мерлы ператварылі іх у бяздумных рабоў. І толькі адзінкам удалося прасачыцца праз заслоны гмераў у горы і схавацца ў падземных лабірынтах. У іх нашчадкаў зараз ты, Вераніка, і знаходзішся.

Цяжка ўздыхнуўшы, мерлінец змоўк.

Лугіна задумалася. Расказ Нора ўсхваляваў яе. Цяпер яна разумела, у якія рукі трапіў самы дарагі ёй чалавек - Сяргей Рубцоў.

- Скажыце, - зірнула яна запытальна на мерлінца, - а навошта спатрэбіўся гмерам мой сябар?

Мерлінец здрыгануўся. Відаць, ён усё яшчэ разважаў аб трагічным лёсе свайго народа.

- Мы думалі пра гэта, - прамовіў ён ціха. - Падобна, што ім патрэбна нейкая інфармацыя пра вашу Радзіму. Навошта яна ім, застаецца толькі меркаваць. Цябе яшчэ, напэўна, цікавіць - як ваш карабель апынуўся на нашай планеце? Пакуль для нас гэта загадка. Але некалі ў старажытныя часы хадзілі весткі пра дзіўныя мерлінападобныя істоты, што час ад часу з'яўляліся ў нашай краіне. На жаль, запісы пра гэтыя таямнічыя здарэнні не дайшлі да нас. Магчыма, нашы планеты неяк звязаны адна з адной. І ваш карабель выпадкова трапіў у зону дзеяння гэтых сіл. Хаця нельга выключыць і дачыненне да гэтай справы гмераў. Калі ў цябе ёсць яшчэ пытанні, я слухаю.

- Скажыце, калі ласка, - нягучна прамовіла Лугіна, - калі гэта не з'яўляецца тайнай, як вам удаецца хавацца тут, пад зямлёй, ад гмераў.

- Гэта не з'яўляецца тайнай. Канешне, адчуваючы да нас лютую нянавісць, гмеры неаднойчы спрабавалі расправіцца з намі. Але ў гэтых пячорах, якія ўтварыла ў старажытнасці вада, мы - гаспадары. Злучаныя шматлікімі тунелямі, яны цягнуцца амаль пад адной трэцяй паверхні планеты. Шукаць нас у іх - няма сэнсу. Толькі мы ведаем план і тайну гэтага вялізнага лабірынта. А што да харчавання, то мы здабываем яго ў падземных рэках і азёрах. Яны ж забяспечваюць нас і энергіяй, - адказаў мерлінец і, наблізіўшыся да Лугінай, сеў у крэсла. - А цяпер да цябе будзе просьба, - вымавіў ён мякка. - Наш народ рыхтуе паўстанне супраць гмераў. Тут, пад зямлёй, мы асуджаны на выміранне. Магчыма, нам спатрэбіцца твая дапамога. Мы не падганяем цябе з адказам. Узваж, парайся са сваім сэрцам. І вырашы, як табе быць.

 

9

 

З тэхнічнага запісу экстраннай нарады ў Галоўнага Ўладара Мерлы. Прысутнічалі: Шыс - намеснік Уладара, Ляр - міністр іншаземных спраў, Кан - начальнік бяспекі.

 

Ш ы с. Вось ваша справаздача аб размове з П-18-м. Укажыце яе працягласць у часе.

К а н. Мы не адзначылі яе пачатку, але, па-мойму, яна доўжылася не болей за трыццаць хвілін.

Ш ы с. Укажыце гэты час.

Л я р. Мяне насцярожвае апошняе пытанне П-18-га. Ці не западозрыў ён чаго-небудзь?

К а н. Не павінен. З нашага боку ўсё было выканана бездакорна. Хутчэй гэтае пытанне прадыктавана звычайнай дапытлівасцю.

У л а д а р. І ўсё ж будзьце далей вельмі асцярожнымі і пільнымі. У яго не павінна ўзнікнуць і ценю падазрэння наконт нашых мэтаў. Папярэдзьце пра гэта ўсіх агентаў, уключаючы тых, што будуць прыцягнуты да аперацыі толькі эпізадычна.

К а н. Слухаюся.

У л а д а р. Такім чынам, паколькі атрымаць звесткі ад П-18-га не ўдалося, у сілу ўваходзіць аперацыя «Р-24». Кан, дзейнічайце строга па плане гэтай аперацыі. Ніякай імправізацыі - усё павінна быць да драбніц узважана і прадумана. І пастаянна трымайце мяне ў курсе справы...

 

Рубцоў трымаў у руках невялічкі карычневы збан і не разумеў - тое, што прынеслі яму Спадарожнікі, менш за ўсё было падобна на харч. Хутчэй сваім выглядам яно нагадвала звычайнае карабельнае масла, што выкарыстоўваецца для змазвання сістэм: такое ж чорнае, з цёмна-сінім адценнем, напаўвадкае, цягучае, і пахла яно ці то перагарам, ці то нашатырным спіртам. Сяргей адпіў крыху са збана, але глытаць не стаў. «Масла» было зусім нясмачнае, патрэсквала на зубах пяском. Сяргею так і карцела выплюнуць яго. І каб не прысутнасць у пакоі робатаў, магчыма, ён і зрабіў бы гэта. Але яны, як на бяду, прагна ўтаропіліся на яго, быццам зайздросцілі.

«Ха, дык гэта ж, мабыць, іх штодзённая ежа, - раптам зразумеў Сяргей. - Мала даюць, вось і глытаюць слінкі. Не перажывайце. Я ўступлю вам ільвіную частку, калі не ўсё», - усміхнуўся Рубцоў і, заплюшчыўшы вочы, глынуў масла.

Гартань апякло, цела агарнула парай, як пасля толькі што перакуленай шклянкі спірту.

«Не, я лепей буду сядзець на адной вадзе, чым глытаць гэта. Спадзяюся, вада ў іх нармальная», - вырашыў Рубцоў, калі млоснасць крыху прайшла.

- Эй, Спадарожнікі, бярыце. Я частую вас, - падаў ён збан робатам.

Затым узяў са століка, што прыкацілі Спадарожнікі, графін, які быў напалову напоўнены празрыстай вадкасцю.

Вадкасць у графіне сапраўды аказалася вадой. Прагнаўшы смагу, Сяргей паставіў графін на столік, перавёў позірк на робатаў. Яны дапівалі масла - яно ім яўна падабалася.

«Глянь, не прыкра, - здзівіўся Рубцоў і падумаў: - Закончаць - адпушчу. Трэба сабрацца з думкамі, ды і крыху адпачыць не шкодзіла б».

...Гэта пачалося праз паўгадзіны, як пайшлі робаты. Спачатку Сяргей адчуў лёгкае галавакружэнне, затым - боль, тупы, нытлівы. Потым пачала знікаць памяць. Марудна, але з непахіснай упартасцю сціраліся ў ёй дарагія для Сяргея абліччы.

«Якія ж у яе вочы? Якія вейкі, бровы, губы?» - сіліўся ўспомніць ён, але, нягледзячы на ўсё старанне, успомніць не мог.

«Я забыў твар Веранікі! - жахнуўся Рубцоў. - Я не памятаю твараў Рыбіна, Сушкевіча, Радамовіча... Што ж гэта за насланнё?»

Абхапіўшы галаву рукамі, Сяргей у трывозе пайшоў па пакоі.

«Што гэта, - разважаў ён, - вынік нервовага ўзрушэння ці ўздзеянне злашчаснага масла? Няхай яно... У ложак. Хутчэй у ложак! Заснуць, забыцца, спыніць гэты чортаў працэс...»

 

Стук у дзверы прымусіў Лугіну адарвацца ад карты, якую яна вывучала.

- Заходзьце, калі ласка.

У пакой увайшлі чацвёра мужчын. Трох з іх Вераніка ведала. Гэта былі Нор, Іль, Струт - кіраўнікі мерлінскага ўрада. Чацвёрты - плячысты, высокі, гадоў трыццаці, з вялікімі блакітнымі вачыма - быў ёй незнаёмы.

- Ці ёсць поспехі? - весела пацікавіўся Нор, падышоўшы да дзяўчыны.

«Сёння ён не такі, як учора... Энергічны, жыццярадасны. Няма і ценю смутку на твары», - міжволі адзначыла Лугіна.

- Здаецца, вывучыла, - вымавіла яна нясмела.

- Зараз пабачым, - дапытліва зірнуў на дзяўчыну мерлінец. - Скажы, дзе знаходзіцца вузел сувязі?

- На плошчы Ружовай. Уваход - праз нумар сем, - хутка адказала Лугіна.

- А Цэнтр Энергіі?

- На вуліцы Падарожнай. Уваход праз нумар пятнаццаць.

- Выдатна. Вы проста малайчына! - усклікнуў Струт.

Па твары Лугінай прабегла ўсмешка. Слова «малайчына» было вышэйшай ступенню пахвалы ў мерлінцаў...

Пасля ўчарашняй размовы з Норам Лугіну амаль усю ноч мучыла бяссонніца. Трагедыя мерлінскага народа, хваляванне за лёс Рубцова вярэдзілі яе сэрца, выклікалі трывожныя думкі. Заснула Вераніка толькі пад раніцу, а праз чатыры гадзіны яна дала згоду мерлінцам выканаць любое іх заданне, хоць адзін з пунктаў статута беларускага вучонага гучаў так: не ўмешвацца без важкіх падстаў у жыццё іншых краін.

Падставы ж у Лугінай былі, прытым самыя што ні ёсць важкія. Штучныя пачвары Мерлы, па-першае, вераломна напалі на іх зямны карабель, па-другое, забілі большасць ягонага экіпажа, па-трэцяе, захапілі ў палон Сяргея Рубцова.

І вось ужо каля трох гадзін яна ўважліва вывучала карту-схему сталіцы Мерлы - Нікаразіі. Гэта было першае даручэнне яе новых сяброў.

З чацвярых мужчын толькі Струт у адказ не ўзнагародзіў Лугіну ўсмешкай. Вераніка ведала ад Ланкі - ён не можа ўсміхацца. У дзяцінстве на яго ўпала частка скалы і пакалечыла твар. Была зроблена тэрміновая аперацыя. Але сляды трагедыі - глыбокі рубец на правай шчацэ і шрам пад левым вокам - засталіся на ўсё жыццё. З цягам часу да іх дадаліся маршчыны і сівізна. І цяпер Струт выглядаў на ўсе шэсцьдзесят, хаця яму не было яшчэ і сарака.

- Вось што, Вераніка, - вымавіў ён ціха, - шосты не змог трапіць на аб'ект «16».

Лугіна схамянулася. «Шостым» была Ланка, а аб'ектам «16» - той будынак, дзе, па меркаванні мерлінцаў, знаходзіўся Рубцоў.

- Давядзецца табе брацца за гэтую справу, - дадаў Струт. - Але спачатку пазнаёмцеся, - ляпнуў ён па плячы высокага цёмнавалосага мужчыну, што стаяў побач. - Верс у нашай справе вопытны брат. На заданне пойдзеце разам...

 

10

 

«Сонца! Звычайнае зямное сонца!» - здзівілася Лугіна, выйшаўшы з невялікай пячоры на паверхню Мерлы.

Яркія промні зоркі, што ўставала ўдалечыні над зямлёй, на імгненне асляпілі яе, прымусілі прыжмурыць вочы, якія адвыклі ад такой колькасці святла. Але паступова дзяўчына пачала распазнаваць расліны, кветкі, дрэвы, што раслі навокал. Іх абрысы праступалі ўсё выразней і выразней. Кветкі і дрэвы былі падобныя на зямныя, але прыгажэйшыя. Цёплыя ласкавыя промні жоўтай зоркі каціліся па іх, быццам гулялі адзін з адным наперагонкі, цалавалі кожны лісток, кожны пялёстак і плямачку. Прыемны дотык нябачных губ Вераніка адчувала на сваім твары, шыі, руках. Лёгкі ветрык тут жа студзіў гарачыню гэтых пацалункаў, абліваючы дзяўчыну чароўнай прахалодай.

Пахла вясной. І Вераніка міжволі ўспомніла зямное поле, імклівага Рубцова, які бег да яе. У яго руках - вялікі букет рамонкаў. Гэта былі першыя кветкі, падараваныя ёй каханым...

Заданне, з якім Верс і Вераніка ішлі ў Нікаразію, было асабліва важным. Яно мела дзве мэты: інфармаваць зямнога сябра Лугінай аб сапраўдным лёсе «Гравітона» і прыцягнуць яго да ўдзелу ў паўстанні, у якім, па задуме мерлінцаў, ён павінен адыграць вельмі важную ролю.

План паўстання быў такі. З пэўных кропак загадзя сканцэнтраваныя баявыя атрады ў прызначаны час разам наносяць удары па галоўных аб'ектах. Гэтымі аб'ектамі былі будынак урада, Цэнтр біяробатаў, ваенныя лабараторыі, вузлы сувязі. Пасля іх захопу мерлінцы спадзяваліся вярнуць свядомасць братам, якіх гмеры ператварылі ў бяздумныя машыны. І ўжо з іх дапамогай авалодаць усёй планетай. Як бачна, поспех паўстання шмат у чым залежаў ад таго, ці здолеюць паўстанцы захапіць галоўныя аб'екты. Савет Мудрых разумеў гэта і спадзяваўся на фактар нечаканасці. Але як паслабіць пільнасць гмераў? Патрэбен быў спрытны манеўр, які адцягнуў бы іх увагу. Нечаканае з'яўленне зямлян на Мерле і навяло жыхароў пячор на думку скарыстаць для гэтага Рубцова, паколькі становішча, у якім ён знаходзіўся, найлепей спрыяла ім. Праўда, спачатку трэба было заручыцца падтрымкай зямляніна, але мерлінцы былі аптымістамі, усе падставы спадзявацца на згоду Рубцова яны мелі...

Выйшаўшы з пячоры ўслед за Лугінай, Верс прыпыніўся, заўважыўшы, што дзяўчына зачаравана прыгажосцю яго роднай планеты.

«Няхай палюбуецца. Час яшчэ ёсць», - вырашыў ён, не зводзячы з яе вачэй.

У свае трыццаць гадоў ён яшчэ не паспытаў смаку дзявочага пацалунка. На яго жыццёвым шляху сустракалася шмат прыгожых дзяўчат, але ні з адной у Верса так і не зайшло далей за сяброўскія адносіны. Але варта яму было ўбачыць зямную дзяўчыну, як з ім пачало рабіцца нешта дзіўнае. Вось і цяпер штосьці пяшчотнае тарганулася ў ягоным сэрцы ад тонкага і ганарлівага дзявочага стану...

- Трэба ісці, - схамянуўся Верс, зірнуўшы на гадзіннік.

Лугіна павярнулася.

- Я не думала, што ваша планета такая прыгожая! - шчыра ўсклікнула яна.

- На жаль, толькі на тры ранішнія гадзіны, - з сумам прамовіў Верс. - Калі перастаюць працаваць усе майстэрні і лабараторыі гмераў. Справа ў тым, - тут жа пачаў тлумачыць ён, - што апошнія не цалкам металічныя. Некаторыя іх унутраныя органы зроблены з біялагічнага матэрыялу, і для іх працы патрэбен кісларод. Таму гмеры і спыняюць на некаторы час усе майстэрні, каб назапасіць яго. Затым зноў насоўваецца смог, які ў лічаныя хвіліны ахутвае ўсю нашу планету. - Мерлінец цяжка ўздыхнуў: - Таму трэба спяшацца...

 

Прачнуўся Рубцоў ад таго, што да яго твару дакрануліся нечыя халодныя рукі. Адплюшчыўшы вочы, ён убачыў побач з сабой Спадарожнікаў. Яны былі шыкоўныя: у новенькіх жоўта-блакітных камбінезонах, у белых чаравіках, на галовах - чырвоныя шапачкі.

«Пудзілы гарохавыя, ды і толькі», - усміхнуўся Сяргей і зірнуў на гадзіннік. Быў пачатак сёмай.

«Што гэта яны так рана? А, дык учора яны ж папярэджвалі, што сёння пакажуць сваю сталіцу. Чорт, забыў, як яна называецца? Ах вось... Здаецца - Нікаразія. Што ж, трэба ўставаць».

Павітаўшыся з робатамі, Сяргей устаў з ложка, апрануўся.

- Мы прынеслі вам снеданне, - сказалі Спадарожнікі.

Сяргей без усялякай цікавасці зірнуў на знаёмы яму карычневы збан і раптам уздрыгнуў.

«Пачакай-пачакай? - схамянуўся ён. - З табой жа ўчора... Ну а зараз?»

Ён напружыў памяць. Абрысы сяброў выразна паўсталі перад вачыма.

«Аднавілася», - вылецеў з яго лёгкі ўздых.

Радуючыся, ён падышоў да століка, што прыкацілі робаты, узяў у рукі збан, працягнуў яго Спадарожнікам:

- Бярыце.

Робаты прагна схапілі збан, узнагародзілі Сяргея ўсмешкамі. У іх было штосьці пакорнае, плебейскае. Рубцоў адвярнуўся.

«А не скажуць яны часам гмерам? Тыя ж, несумненна, нездарма падсоўваюць мне гэтую поскудзь», - падумаў ён пра масла і зірнуў на робатаў. Яны з нейкай жывёльнай асалодай упляталі змесціва збана.

«Не, не скажуць. Спрацуе інстынкт самааховы», - вырашыў Сяргей.

З-за велізарнага сустрэчнага руху машына, у якой знаходзіўся Рубцоў, нягледзячы на тое, што і так, як чарапаха, паўзла па галоўнай вуліцы Нікаразіі, раз-пораз спынялася, уступала шлях больш магутным сваім сабратам. Спадарожнікаў гэта нервавала - скосыя позіркі злосна ўпіваліся ў сістэму самакіравання машыны. Але жалезнае сэрца было няўмольнае: яно вытрымана і ашчадна працягвала працу.

Сяргею, наадварот, падабаўся спакой металічнага робата. Хуткасць і частыя прыпынкі машыны яго задавальнялі, бо дазвалялі праз тоўстае пукатае шкло дэталёва разглядаць пейзаж Нікаразіі. Ён выклікаў дваякае пачуццё. Сяргею імпанавалі шырыня яе плошчаў і вуліц, нагрувашчванне высокіх масіўных будынкаў. Не падабалася тое, што амаль усе будынкі былі тоесныя па архітэктуры і ад гэтага здаваліся, нягледзячы на цёплы сонечны дзень, змрочнымі і халоднымі - быццам змярцвелымі. І ўжо зусім незвычайна было бачыць каля іх металічных істот, што няспешкі крочылі на сваіх кароткіх нязграбных ножках. Істот, якія для Рубцова пакуль заставаліся загадкай: як яны зрабіліся гаспадарамі Мерлы, хто і з якой мэтай іх стварыў?

Сцішыўшы рух, іх малютка завярнула ў вузкі завулак і, прыціснуўшыся да тратуара, спынілася.

«Музей Навукі», - прачытаў Сяргей на бліжэйшым будынку шыльду.

Але што гэта?..

Рубцова нібы абдало парай. У гэта цяжка было паверыць. Пасля перажытага і выпакутаванага - паверыць у рэальнасць бачнага. На тратуары насупраць машыны стаяла Вераніка...

 

Сцішыўшы крок, Верс дакрануўся рукой да спіны і замёр на месцы. Гэта быў знак Лугінай, які азначаў - мы каля мэты. Дзяўчына спынілася, але падымаць вачэй не спяшалася. Яна чакала яшчэ аднаго знака. І ён неўзабаве з'явіўся. Мерлінец дакрануўся рукой да шыі. Вераніка рашуча падняла галаву...

Да самага будынка музея яна нібы цень ішла за Версам. Як жа нялёгка было іграць ролю робата! Адзіны мімалётны асэнсаваны позірк убок, адзіны неасцярожны рух, і мноства празорлівых вачэй гмераў, што гулялі побач, прыкмецяць у паводзінах незвычайнасць. А гэта нічога добрага робату не абяцала. У лепшым выпадку яго адправяць на перапрацоўку. Лугіна ведала гэта і была асабліва ўважлівая.

Пасылаючы Вераніку ў Нікаразію, мерлінцы ішлі на рызыку. Адсутнасць неабходнага вопыту, дрэнныя веды звычак і схільнасцяў гмераў маглі падвесці дзяўчыну. Але іншага выйсця ў іх не было. Пры такім наглядзе, які вёўся за яе сябрам, наладзіць з ім сувязь можна было толькі на лічаныя хвіліны. Толькі ёй, Лугінай, за такі кароткі час мог паверыць Рубцоў...

Верс і Вераніка паспелі своечасова. Машына, у якой знаходзіўся Сяргей, ужо завярнула ў завулак. Лугіна захвалявалася. Колькі дзён яна марыла аб гэтым спатканні! І вось...

 

Апамятаўшыся, Сяргей вылез з машыны, хутка агледзеўся. Завулак быў пусты.

«Няўжо здалося? Але ж я выразна бачыў яе твар, вочы... Пачакай, а што гэта за знак яна падавала табе рукой?» Сяргей напружыў памяць. Жэст Лугінай успомніўся яму да дробязей.

«Гэта ж наш стары студэнцкі знак для падказак, - раптам сцяміў ён. - Яна сказала мне - я хворая. Што гэта можа азначаць?»

Гучная гаворка за спінаю насцярожыла Рубцова. Ён азірнуўся. Размаўлялі Спадарожнікі, якія выходзілі з машыны. Сяргей накіраваўся да іх.

У музеі ён адмовіўся ад паслуг гіда, спаслаўшыся на тое, што прывык вывучаць экспанаты самастойна. Ён хацеў грунтоўна прааналізаваць усё, што здарылася.

Агляд музея Сяргей пачаў з другога паверха: на ім знаходзіўся раздзел астрафізікі. Частыя затрымкі каля стэндаў, калі нехта вырашыць пасачыць за ім, не здадуцца дзіўнымі. Павышаны інтарэс спецыяліста да сваёй навукі выглядаў лагічна.

«Дык што ты ведаеш дакладна на гэты момант? - спыніўся Рубцоў каля чарговага экспаната. - Па-першае, Лугіна жывая. Па-другое... Так, не густа. Што ж, паспрабуем пафантазіраваць. Ці выпадковае яе з'яўленне ў завулку? Не. Пэўна, яна чакала мяне. І, як відаць, не толькі для таго, каб пабачыць. Пацвярджэнне - пададзены знак. Але тады чаму яна не падышла? Значыцца, ведала, што за мной сочаць. Але што ж азначае яе знак? «Я хворая, хворая...» - Рубцоў перайшоў да новага экспаната. - Так: «Я хворая, хворая...» Пачакай, а як бы дзейнічаў ты, калі б ведаў, што чалавек, якому табе нешта патрэбна перадаць, знаходзіцца пад наглядам? Ну, па-першае, забяспечыў бы надзейнае месца для сустрэчы. Па-другое, прыдумаў, як пазбавіць гэтага чалавека на патрэбны час ад нагляду. І затым...

Вось табе і далі знаць. «Я хворая, хворая...» Як жа я адразу не здагадаўся! Я павінен сыграць хворага! Напэўна, недзе паблізу маецца пункт «Хуткай дапамогі». Вось там мяне і чакае Лугіна...»

 

Яны глядзелі адно на аднаго так, як быццам не бачыліся вечнасць. У іх вачах было ўсё: і боль перажытага, і нядаўні адчай, і цяперашняя нязмерная радасць ад спаткання... І ні адзін з іх не адважваўся першы адолець тую невялікую адлегласць, што аддзяляла іх адно ад аднаго, і даць волю пачуццям...

Першы не вытрымаў Сяргей.

А напачатку, пасля таго як ён па-майстэрску сыграў хворага і быў дастаўлены супрацоўнікамі музея ў пункт «Хуткай дапамогі», яго чакала расчараванне. Замест добрых, ласкавых вачэй Лугінай Сяргея сустрэлі шкляныя лінзы лекара-гмера.

«Усё, - трывожна падумаў ён, - зараз гэты кавалак жалеза цябе агледзіць і зразумее, што ты здаровы, як той конь. Дзе ж ты зрабіў памылку? У завулку? Музеі?»

Гмер-лекар, нешта сказаўшы супрацоўніку музея, правёў яго за дзверы і, шчоўкнуўшы замком, падышоў да Рубцова.

- Прайдзіце ў суседні пакой, - надзіва хутка прамовіў ён. - Дзверы за шторамі. Там вас чакаюць.

Потым ад Верса Рубцоў даведаецца, што лекар быў адной з нямногіх штучных істот, якіх мерлінцы ў свой час захапілі ў палон. Разабраўшыся ў іх унутранай будове, мерлінскія вучоныя змянілі закладзеную ў гэтых пачварах праграму, і цяпер яны служылі жыхарам пячор.

А пакуль ён збянтэжана пазіраў на гмера, і толькі паўторны голас лекара: «Спяшайцеся, у вас толькі дзесяць хвілін!» - вывеў Сяргея з анямення.

...Выйшаўшы з пакоя, у якім знаходзіліся зямляне, Верс цяжка апусціўся на тапчан.

«Можа, на дарозе назад сказаць ёй, што... - у роспачы падумаў ён. - Хаця навошта? Што гэта зменіць? Не, няхай яна ніколі не даведаецца», - вырашыў ён, толькі цяпер усвядоміўшы, што кахае зямную дзяўчыну. Зразумеў тады, калі ўбачыў, што яе сэрца горнецца да другога...

 

Лугіна пяшчотна адхіліла ад сябе Рубцова, паказала на лаўку, што стаяла непадалёк:

- Прысядзем, Сярожа.

Як ёй хацелася зараз завесці з Рубцовым размову лёгка і нязмушана, як некалі на Радзіме... Але час...

Яго заставалася зусім мала, а ёй так шмат трэба было расказаць каханаму...

 

11

 

Кан спыніўся пасярод кабінета і ўважліва аднавіў у памяці ўсе звязаныя з аперацыяй «Р-24» падзеі, што здарыліся за апошнія дні. Інтуіцыя, выпрацаваная шматгадовым вопытам працы начальнікам бяспекі Мерлы, падказвала яму, што за бездакорнымі паводзінамі зямляніна штосьці хаваецца.

«Чаму ён за ўвесь час знаходжання ў нас не зрабіў ніводнага адкрытага ўчынку? - пытаўся ў сябе начальнік бяспекі. - Не мог жа на яго ў такой ступені паўплываць наркотык, што даецца з ежай, каб у яго адпала ўсялякая ахвота да праверкі нашай інфармацыі? І ні адзінай просьбы да нас? Ці не азначае гэта, што ён штосьці западозрыў і вядзе з намі гульню?»

Пытаўся, але адказу не знаходзіў.

Падышоўшы да стала, Кан націснуў кнопку і ўбачыў праз імгненне ў дзвярах памочніка.

- Сэт, выклічце да мяне нумары 108-ы і 109-ы. Папрасіце службу інфармацыі, каб прыслалі дадзеныя назірання за П-18-м за апошнія два дні.

Памочнік пайшоў.

Кан правёў яго халодным шкляным позіркам. Ён ненавідзеў гэтага фанабэрыстага выскачку. Ненавідзеў за тое, што той паспеў у свае трыццаць гадоў даслужыцца да яго намесніка, і яшчэ за данос, які настрачыў гэты блазнюк, абвінаваціўшы яго, Кана, старажыла Вялікай бітвы, з якой пачалася Эра Штучнага Розуму, у нерашучасці правядзення аперацыі па знішчэнні апошніх бялковых істот, што хаваліся ў падземных пячорах. На шчасце, Уладар аднёсся да даносу спагадліва, хоць і не прапусціў Кану нагадаць, што чакае па дадзенай праблеме больш значных вынікаў...

Гэтыя праклятыя бялковыя істоты! Колькі ўжо гадоў Кан ганяецца за імі. Але жудасныя лабірынты і пячоры, якія цягнуцца амаль пад адной трэццю паверхні Мерлы... Знайсці ў іх некага - амаль тое ж, што адшукаць пясчынку ў моры. Але нядоўга падобнаму цягнуцца. Хутка Кан спаўна разлічыцца з падземнымі жыхарамі. Вось толькі агенты расшыфруюць у старажытнай кнізе план лабірынта...

- Дазвольце? - Голас памочніка прымусіў Кана павярнуцца.

- Ну што ў вас? - коратка спытаў ён.

- Вось дадзеныя назірання за зямлянінам, - паклаўшы на стол тоўстую папку, адрапартаваў памочнік. - Нумары 108-ы, 109-ы ў прыёмнай. Упусціць?

- Няхай пачакаюць, - холадна кінуў начальнік бяспекі і, узяўшы ў рукі папку, разгарнуў.

Патраціўшы каля гадзіны на вывучэнне інфармацыі, Кан так і не знайшоў у ёй нічога, што магло б хоць крыху праліць святло на дзіўныя паводзіны зямляніна. Ён ужо хацеў загарнуць папку, як нечакана яго ўвагу прыцягнуў кароценькі допіс у самым канцы, надрукаваны дробным шрыфтам. У ім гаварылася, што сёння раніцай у час агляду музея П-18-му стала млосна і ён быў дастаўлены ў пункт «Хуткай дапамогі»...

Загарнуўшы папку, Кан выклікаў памочніка.

- Сэт, упусціце да мяне нумары 108-ы і 109-ы. А самі, калі ласка, высветліце, хто з лекараў сёння раніцай аказваў дапамогу П-18-му. І які быў пастаўлены дыягназ...

 

Адразу пасля вяртання з музея Рубцоў адпусціў Спадарожнікаў. Як толькі іх крокі за дзвярыма заціхлі, ён дастаў з кішэні невялічкі блакітны пакецік, выняў з яго дзве таблеткі і, паклаўшы на язык, праглынуў.

Сяргей ужо тры дні быў па-звярынаму галодны. Вырашыўшы не есці тое, што яму падсоўвалі гмеры, ён разумеў, на што сябе асуджае. Але іншага выйсця ў яго не было. Рубцоў адчуваў: гаспадары Мерлы штосьці задумалі супраць яго. І важную ролю ў іх планах, як відаць, іграла агіднае «масла».

Мерлінцы, калі накіроўвалі на сустрэчу з Сяргеем Лугіну, не ведалі, што яму ў ежу дабаўляюць спецыяльны наркотык, каб аслабіць ягоную памяць. Але яны добра ведалі іншае: часта перад допытамі гмеры даюць сваім палонным зелле, якое абязвольвае іх. Вось на гэты выпадак яны і перадалі Сяргею некалькі пакетаў са штучнымі пажыўнымі рэчывамі.

Пасля таго як пачуццё голаду крыху прайшло, Рубцоў у задуменні прылёг на ложак. Трэба было ўважліва абдумаць тое, што трэба рабіць на Мерле, зыходзячы з той інфармацыі, якую падала яму Лугіна.

«Дык што ж хочуць ад цябе гмеры? - пачаў разважаць Сяргей. - Па-першае, атрымаць інфармацыю пра Зямлю. Навошта яна ім, застаецца пакуль толькі гадаць. Па-другое, як відаць, наша з'яўленне на Мерле яны лічаць невыпадковым. І зразумела, іх цікавіць, з якой мэтай мы завіталі да іх у госці? Што ж, я не буду пераконваць іх у адваротным. І хочуць яны дамагчыся гэтай мэты, відаць, наступным чынам. Спачатку пры дапамозе наркотыку аслабіць маю памяць, дакладней - самае галоўнае і дарагое, што яна захоўвае, каб нішто моцна не звязвала мяне з Радзімай. Затым - абязвольваючы прэпарат. І допыт...

Так, план просты і надзейны. Гэта я добра прыдумаў - не прымаць ежы. А вось з «бездакорнымі» паводзінамі, здаецца, перахапіў. Хаця чаму? Калі гмераў насцярожыць гэта, яны паспрабуюць дакапацца да іх вытокаў. Але нічога не знайшоўшы - бо што можна адшукаць на пустым месцы, - вядома, паскораць здзяйсненне свайго плана. І тут я падсуну ім смачную прынаду. І яны праглынуць яе. Вось толькі ці пачнуць дзейнічаць у бліжэйшыя дні? Як бы іх падштурхнуць?

Пачакай-пачакай... А што, калі праявіць раптам цікавасць, напрыклад, да таго, колькі на Мерле запасу жалезнай руды? Таго матэрыялу, з якога ўсе яны зроблены? Гэта ідэя! Гэта не толькі насцярожыць іх, але і напалохае. Так, на гэтым можна сыграць».

Усхапіўшыся з ложка, Сяргей выцягнуў з-пад яго невялікую металічную скрынку. Гэта быў спецыяльны апарат для сувязі з гмерамі. Як толькі Спадарожнікі растлумачылі прынцып працы, Сяргей засунуў яго пад ложак. Тады ён і думкі не дапускаў, што скрынка яшчэ паслужыць яму добрую справу...

 

А ў гэты час начальнік бяспекі Мерлы дапытваў бялковых робатаў-агентаў, якія былі прыстаўлены да Рубцова.

Ён сядзеў на невысокім крэсле каля адзінага ў кабінеце акна і папераменна пазіраў то на агентаў, то на вуліцу: Кан чакаў з данясеннем памочніка.

Агенты стаялі за тры метры ад начальніка бяспекі, горбіліся, адводзілі вочы ўбок. Яны вельмі баяліся свайго гаспадара, гэту страшную металічную пачвару з маленькімі шклянымі вачыма, якая магла зрабіць з імі ўсё, што ўздумаецца.

Кана цешыла гэтая рабская пакора. Яму падабалася, што яго баяцца. Яшчэ калі ён быў радавым супрацоўнікам службы бяспекі, то зведваў вялікі жах перад сваімі начальнікамі, а цяпер ён жадаў, каб падобны жах перад ім адчувалі іншыя.

- Зямлянін дапытваўся ў вас пра што-небудзь? - задаў ён агентам чарговае пытанне.

- Не, ён нічым не цікавіўся, - пачуўся імгненны адказ.

- Ежу ён усю з'ядае?

- Усю, - пабялеўшы, пацвердзілі агенты.

Але Кан пазіраў у гэты момант у акно і не заўважыў гэтай невялікай дэталі. Да таго ж з дзвярэй пачуўся голас памочніка. Кан здзіўлена ўтаропіўся на яго: як ён ні пільнаваў праз акно, а ўсё ж прагледзеў.

- Ідзіце, - холадна кінуў ён агентам і вачыма запрасіў памочніка падысці бліжэй.

Дайшоўшы да таго месца, дзе хвіліну назад былі агенты, той адрапартаваў:

- Медыцынскую дапамогу П-18-му аказаў лекар 39-й лабараторыі Пет. Ён паставіў наступны дыягназ...

- Асабістую справу лекара вы, спадзяюся, здагадаліся прыхапіць? - холадна перабіў яго Кан.

Памочнік працягнуў невялікую сінюю папку.

Калі б Кан разгарнуў яе, то на першай старонцы прачытаў бы, што лекар Пет падазраецца ў сімпатыі да бялковых істот...

Але ўзяць у рукі папку начальнік бяспекі не паспеў. На стале зазвінеў чырвоны тэлефон. Гэта быў прамы канал сувязі з зямлянінам...

 

12

 

Калі Лугінай перадалі, што яе хоча бачыць Струт, яна падумала: «Напэўна, патрэбна ўдакладніць нейкую дэталь маёй гутаркі з Сяргеем».

Запіс гэтай размовы яна рабіла расхваляваная. Таму, ідучы да Струта, дзяўчына баялася, што нешта зрабіла недакладна.

Але яна памылілася. Струт запрасіў Лугіну сесці, няспешна прайшоўся па зале, спыніўся каля кніжных шафаў. Твар ягоны быў чымсьці ўзрушаны, вочы занепакоеныя.

«Яго штосьці мучыць», - падумала Лугіна.

- Вераніка, наш народ, - ціха прамовіў Струт, - вырашыў даручыць табе адно важнае заданне. Але пра яго крыху пазней. А цяпер да цябе ў нас будзе просьба...

Ён на імгненне змоўк. Вочы яго зрабіліся змрочнымі, рубец на шчацэ павялічыўся.

- Учора не вярнуўся з Нікаразіі Нор, - нарэшце вымавіў ён ціха. - Ланка і Нор, як ты ведаеш, былі сябрамі. І паколькі ты для Ланкі як родная сястра... - Струт зноў зрабіў паўзу. Было відаць, што словы даваліся яму з цяжкасцю. - Мы разумеем, што зрабіць гэта вельмі цяжка. Але... толькі ты можаш неяк суцешыць боль, - дагаварыў ён сумна.

Усю дарогу да дома Ланкі Лугіну праймалі дрыжыкі. За час знаходжання сярод мерлінцаў яна моцна пасябравала з Ланкай. І прынесці такую страшную вестку сяброўцы? Вераніка нават не ўяўляла, як гэта зробіць.

Дома Ланкі не было. Мерлінку Лугіна адшукала ў невялікай закінутай пячоры. Вераніка ніколі б не здагадалася, што сяброўка можа знаходзіцца там. Проста, праходзячы побач, яна пачула спеў. Спяваў жаночы голас, ды так жаласна і шчыра, што Лугіна міжволі спынілася, прыслухалася. Але спеў у хуткім часе абарваўся, і да Веранікі данеслася ціхае ўсхліпванне...

Убачыўшы сяброўку, Ланка амаль адразу здагадалася, чаго тая прыйшла.

- Ты не муч сябе, Веранічка. Я ўжо ведаю, - выцершы слёзы, прамовіла яна ціха.

Лугіна прысела каля сяброўкі, з пяшчотай прыцягнула яе да сябе.

- Ты паплач, паплач, родная, - папрасіла яна.

Але Ланка не заплакала. Па апухлых вачах сяброўкі Вераніка зразумела - яна выплакала ўсе слёзы.

- Веранічка, як жа мне быць далей? - з цяжкасцю вырвалася ў Ланкі. - Я ж сірата. І Нор быў для мяне...

Сэрца Лугінай сціснуў тупы боль.

Яна таксама была сірата. Пра сваіх бацькоў Вераніка амаль нічога не ведае. Яе знайшлі ў абломках самалёта, які пацярпеў катастрофу каля Менска. На борце паветранага лайнера знаходзілася больш чым трыста пасажыраў. Амаль усе яны загінулі ў момант аварыі. Лугіну цудам выратавалі. Калі яе знайшлі, яна ўжо не дыхала. Але лекары вярнулі немаўляці жыццё...

- Хадзем, Ланка, - устаючы, сказала Вераніка. - Нас чакае Струт.

- Навошта? - няўцямна зірнула на сяброўку мерлінка.

- Каб нам далі магчымасць адпомсціць за смерць нашых сяброў, за наш з табою боль, - рашуча прамовіла Лугіна. - Таму хадзем...

 

Падышоўшы да пульта сувязі, Кан зняў трубку.

- Прадстаўнік урада Мерлы слухае вас.

- Добры вечар. Вас вітае іншаземец Рубцоў, - пачуў Кан у трубцы нізкі моцны голас. - Я турбую вас вось па якой справе. Сёння раніцай лекарам адной з вашых лячэбных устаноў мне была аказана тэрміновая дапамога. Буду вам вельмі ўдзячны, калі вы выкажаце яму шчырую падзяку за чулы клопат пра маё здароўе. І яшчэ, калі, канешне, гэта не з'яўляецца тайнай, я б жадаў азнаёміцца з картай карысных выкапняў вашай планеты. Асабліва мяне цікавяць запасы жалезнай руды.

Начальніка бяспекі аж скаланула. Зямлянін прасіў тое, да чаго доступ мелі толькі лічаныя асобы на Мерле - дадзеныя пра сыравіну, з якой зроблены ўсе гмеры, уключаючы і яго, Кана.

- Можа, у вас ёсць яшчэ якія-небудзь пажаданні? - паспешна спытаў ён.

- Мне вельмі спадабалася экскурсія па Нікаразіі і агляд Музея навук, - пачулася ў трубцы. - Я не чакаў, што атрымаю столькі ўражанняў. Хацелася пабачыць яшчэ штосьці падобнае.

- Мы рады, што вам спадабалася наша сталіца і адзін з лепшых яе музеяў, - адказаў Кан. - Вашы пажаданні будуць даведзены да ведама ўрада.

- Дзякуй.

- Да пабачэння.

Паклаўшы трубку, Кан цяжка апусціўся ў крэсла. Хвілін шэсць ён сядзеў нерухома, не зводзячы з пульта сувязі вачэй. Размова з зямлянінам пераканала яго канчаткова, што той штосьці задумаў.

«Што ж ён хоча? Навошта яму карта карысных выкапняў? І чаму ён размаўляў са мною такім пагардлівым тонам?» - раз-пораз задаваў сабе пытанні Кан, але адказу не знаходзіў.

І ён пачаў усведамляць, што не толькі не здольны зараз выкрыць намеры зямляніна, але што і сам нечым слепа дапамагае іх здзяйсненню. Кана ахапіў страх, упершыню яго ўзяло сумненне за поспех даручанай справы.

Але ён хутка заглушыў гэты страх, успомніўшы, што мае справу з агідным бялковым стварэннем.

«Заўтра ж мы дадзім яму абязвольваючы наркотык, і ён выкладзе на допыце ўсе свае намеры як міленькі», - вырашыў ён і, пазваўшы памочніка, загадаў:

- Паведаміце ў лабараторыю лекаў, няхай тэрмінова прыгатуюць дзве ампулы абязвольваючага прэпарата.

- Слухаюся. - Памочнік ступіў да дзвярэй, але, не прайшоўшы і некалькі крокаў, спыніўся, павярнуўся, разгублена зірнуў на начальніка. - А што рабіць з гэтым? - працягнуў ён папку.

Кан ляніва зірнуў на папку, абыякава вымавіў:

- Аднясіце назад.

«Які сэнс капацца ў гэтым сметніку, калі зямлянін сам паведаміў нам, што быў на прыёме ў гэтага лекара. Калі паміж імі была б змова, ён гэтага не зрабіў бы», - падумаў ён.

 

13

 

Сямёна Сушкевіча пабудзіў доўгі пісклявы званок тэрміновага выкліку.

«Няўжо так хутка праляцеў час? - адышоўшы ад сну, падумаў ён і ўключыў начнік. Была палова шостай. - Дзіўна, мне яшчэ адпачываць цэлыя тры гадзіны. Значыцца, штосьці здарылася. І, відаць, сур'ёзнае. З-за дробязі мяне б не сталі непакоіць».

Хутка апрануўшыся, ён выйшаў у калідор і таропка пайшоў да вахтавай рубкі, бо выклікалі менавіта адтуль.

Адправіўшыся на пошукі сяброў, Сямён вырашыў весці іх у двух кірунках. Спачатку па тым курсе, якім плыў «Гравітон»: ён усё ж не выключаў магчымасці, што карабель дзе-небудзь наскочыў на падводны рыф ці скалу і пацярпеў крушэнне. Затым даследаваць само Д'яблава мора, дакладней, той раён, у якім штучны спадарожнік зафіксаваў таямнічае свячэнне.

Калі казаць праўду, Сямён больш спадзяваўся на поспех у апошнім напрамку. Ён адчуваў, што загадкавае знікненне «Гравітона» і таямнічае свячэнне неяк звязаны, але ўсё ж вырашыў пачаць пошукі ў першым кірунку, каб выключыць усялякія нечаканасці. І вось ужо каля двух тыдняў іх карабель ішоў па тым курсе, што і «Гравітон», але пакуль яго сляды не былі знойдзены.

- Добры дзень, камандзір, - сустрэў у дзвярах рубкі Сушкевіча дзяжурны па караблі Слукаў.

Твар інжынера быў узрушаны, і Сямён зразумеў, што не памыляецца ў сваіх здагадках: штосьці здарылася за той час, пакуль ён адпачываў.

«Няўжо штосьці з караблём?» - устрывожыўся ён.

І вось чаму. Караблі тыпу іх «Дапамогі» толькі прайшлі хадавыя выпрабаванні. І Сямён баяўся, што не ўсе іх сістэмы даведзены да дасканаласці. А часта нават нязначны хіб у канструкцыі рабіўся прычынай аварый і катастроф. Безумоўна, Сушкевіч мог выбраць карабель больш трывалы і надзейны, з тых, што ўжо не адзін год праразалі акіянічныя воды. Але ён усё ж спыніў увагу на «Дапамозе». Яго вабіў гэты новы карабель перш за ўсё тым, што ён быў у некалькі разоў шпарчэйшы за старэйшых братоў. А ці трэба казаць, якую каштоўнасць уяўляла хуткасць для іх?

Увайшоўшы ў вахтавую рубку, Сямён, на здзіўленне, убачыў у ёй усіх бортінжынераў. Яны стаялі паўкругам вакол штурвала і пра штосьці спрачаліся. Убачыўшы Сушкевіча, інжынеры змоўклі, замерлі. Учарашнія студэнты інстытутаў, яны пабойваліся свайго камандзіра, як у час сесіі дэкана. Гэта быў іх першы самастойны даследчы паход, своеасаблівы экзамен па праверцы іх прафесійнай вартасці. І трымаць яго па волі лёсу даводзілася перад вопытным вучоным, хоць узростам і не нашмат старэйшага за іх.

- Што здарылася? Чаму вы тут? - усхвалявана агледзеў Сямён інжынераў.

- Камандзір, - падаў голас Слукаў, - адпаведна плану мы зрабілі праз спадарожнік здымкі Д'яблавага мора, і ў згаданым квадраце зноў выяўлена таямнічае свячэнне. Вось зірніце, - працягнуў ён стосік фотакартак.

У Сушкевіча адлягло ад сэрца: значыцца, вось у чым справа. Ён прагледзеў здымкі, вярнуў іх Слукаву, у задуменні падышоў да ілюмінатара. Учора, калі ён ішоў адпачываць, быў лёгкі шторм. Цяпер хваляванне на моры сцішылася, але карабель працягваў аднастайна разгойдвацца. Сямён выразна разумеў, што пасля толькі што выяўленага трэба тэрмінова мяняць кірунак пошукаў. Але яму не хацелася дыктаваць сваю волю гэтым маладым людзям менавіта цяпер, калі яны не менш за яго перажывалі і непакоіліся.

- Ну і што вы прапануеце? - павярнуўшыся, спытаў ён у інжынераў.

- Мы лічым, што трэба ў спешным парадку ісці ў раён свячэння, - амаль хорам адказалі яны.

- Што ж, я не супраць, - усміхнуўся Сямён і падумаў: «А што, з іх выйдуць сапраўдныя даследчыкі...»

 

«Усё, пачатак пакладзены. Я прымусіў іх насцярожыцца. А гэта падштурхне іх да дзеянняў, - засунуўшы скрынку пад ложак, з палёгкай уздыхнуў Рубцоў. - Хаця пачакай, а ці не зарана ты святкуеш перамогу? Усё ж яшчэ, практычна, наперадзе».

Сяргей успомніў бацьку: ён быў вядомы ў Эўропе шахматыст. Перад тым як сесці за шахматную дошку, той дэталёва вывучаў праціўніка. А што ён ведае пра свайго?

Рубцоў у задуменні прайшоў па пакоі.

Увогуле не шмат. Ведае, што мае справу з праціўнікам не зусім звычайным - са штучнымі істотамі. Праўда, ці разумнымі? Ведае, хто і навошта іх стварыў і чым скончылася ўся гэта задума... Вось, бадай, і ўсё. На жаль, яму нічога не вядома пра моцныя і слабыя бакі гэтых пачвараў.

«Хаця пачакай, а што наогул уяўляе сабой штучная істота, якая думае, - разважыў Сяргей. - Яна, вядома, аўтамат. Аўтамат, які капіруе бялковую істоту. А гэта значыць, што ён павінен валодаць у агульных рысах той жа арганізацыяй, што і апошняя. Гэта першае. Другое: сам па сабе такі аўтамат, канешне, нейтральны - ён не ўяўляе небяспекі для тых, хто яго акружае. Усё залежыць ад закладзенай у яго праграмы. А што я маю ў дадзеным выпадку? Істоты, у якіх запраграмавана зло. А менавіта - нянавісць да сваіх старэйшых братоў. Апошняе, як ты ведаеш, калі ёсць сродкі для гвалту, параджае культ сілы, інакш кажучы, памылковую веру ва ўласную надзвычайнасць, усёмагчымасць і непакаранасць. А гэта ўжо выклікае прагу да ўлады над усім і ўсімі. Успомні таталітарныя рэжымы...

Значыцца, больш за ўсё на свеце гмеры прагнуць улады. А чаго баіцца той, хто яе мае? Вядома ж, страціць яе. Моцна ён таксама баіцца і ўласнай смерці, бо яна пазбаўляе яго ўсё той жа ўлады. Што ж, на гэтым можна сыграць. Вось усяго гэтага, відавочна, і не ўлічылі стваральнікі металічных пачвараў. За што і паплаціліся...

Але пачакай. Як вядома, ва ўсякай тыраніі канец адзіны... Тады чаму так доўга трымаецца «цывілізацыя» гэтых вар'ятаў?..»

Апошнія думкі прымусілі Рубцова задумацца надоўга і ўсур'ёз...

 

Сяргей ужо не спаў, калі ў пакой увайшлі Спадарожнікі. Ён ляжаў на ложку з адкрытымі вачыма і, пазіраючы на таямнічыя іерогліфы на столі, пракручваў у памяці кожную дэталь той дэзінфармацыі, што падрыхтаваў учора вечарам для гмераў. Ён адчуваў, што хутка яе чакае праверка на трываласць, таму вырашыў яшчэ раз усё дасканала ўзважыць.

Спадарожнікі, закаціўшы ў пакой металічны столік, спыніліся, абыякава зірнулі на Рубцова.

- Мы прывезлі вам снеданне, - сказалі яны.

Устаўшы з ложка, Сяргей падышоў да століка, узяў у рукі карычневы збан і, зазірнуўшы ў яго, перасмыкнуўся. Масла было зусім белае, як малако. Ад Лугінай ён ведаў, калі гмеры дабаўляюць абязвольваючы наркотык у ежу, колер яе змяняецца.

«Значыць, яны пачалі, - падумаў ён пра гмераў. - Што ж, цяпер слова за мною. Толькі што мне рабіць з гэтым пітвом? Зноў аддаць робатам? А што, калі за табой і тут ужо наглядаюць?»

Рубцоў пільна агледзеў пакой. Але нічога надзвычайнага ні ў сценах, ні на столі не заўважыў.

«Наогул не павінны, - вырашыў ён. - Я ж тут як у турме: ні выйсці, ні зайсці без дазволу. Галоўнае для гэтых вар'ятаў, каб я з'еў ежу».

Калі Спадарожнікі пайшлі, Сяргей дастаў з кішэні таблеткі, пракаўтнуў, прылёг на ложак. Вочы яго міжволі забегалі па дзіўных іерогліфах на столі. Сяргей шукаў сярод іх карычневы, з маленькімі светлымі крапінкамі, які нагадваў яму вочы Веранікі.

«Як яна там, - падумаў ён міжволі. - Ці думае пра мяне? І калі я зноў яе ўбачу? Ды ці ўбачу больш?»

Сяргея раптам апанавала трывожнае прадчуванне, прадчуванне нечага вельмі страшнага, што чакала іх наперадзе...

 

14

 

Сямён адмаўляўся верыць вачам, але паказанні карабельнага пеленгатара ясна сведчылі пра тое, што насустрач іх «Дапамозе» рухаюцца два невядомыя целы.

Іх запеленгаваў Слукаў, прычым - выпадкова. У час перадачы дзяжурства па караблі Сямёну ён звярнуў увагу на дзівосныя паводзіны ліній у люстэрку апарата, якія то мудрагеліста выцягваліся, то згіналіся ў дугі, быццам усімі сіламі намагаліся завалачы ў сваю тонка сплеценую сетку нейкія толькі ім бачныя цэлі. Гэта насцярожыла. Пераключыўшы пеленгатар у рэжым звышдальняга дзеяння, Слукаў па чарзе прамацаў тыя напрамкі, куды выгіналіся лініі, і, на вялікае здзіўленне, запеленгаваў спачатку адну, а затым і другую цэль, якія набліжаліся да іх.

Кропкі ў люстэрку былі настолькі расплывістыя, што Сямён спачатку падумаў: а ці не міраж гэта? Неаднойчы ўжо здаралася такое: пеленгатары караблёў намацвалі цэлі, а калі набліжаліся да іх, яны раптам знікалі. Гэта з'ява прыроды была яшчэ мала вывучана. Называлася яна аптычным падманам. Але кропкі на вачах згусціліся і праясніліся так, што ў Сямёна ніякіх сумненняў не засталося: насустрач ім сапраўды рухаліся нейкія вялікія целы.

«Што ж гэта можа быць? - разважыў ён. - Нечыя караблі? Але ж гэты раён даўно ўжо ўсе абыходзяць бокам. Нейкія марскія жывёліны? Але ж якіх яны павінны быць памераў, каб пеленгатар улавіў іх на такой адлегласці? Можа, якія прыродныя целы? А што, калі?..»

Апошняя здагадка прымусіла Сямёна захвалявацца. Іх «Дапамога» знаходзілася за гадзіны тры ходу да таго месца, дзе спадарожнік зноў выявіў таямнічае свячэнне. І менавіта адтуль ішлі ім насустрач невядомыя целы.

- Праз які час мы сустрэнемся з імі? - запытальна зірнуў ён на Слукава.

- Зараз высветлім.

Слукаў ступіў да камп'ютэра.

«Яму б матэматыкам быць», - міжволі падумаў Сямён, назіраючы за тым, як бортінжынер выконвае найскладаныя разлікі.

- Праз гадзіну і адзінаццаць хвілін, - адхінуўшыся, сказаў Слукаў. - Калі яны, канешне, раптоўна не павялічаць хуткасць.

«Што ж, гэтага часу нам хопіць, каб падрыхтавацца да сустрэчы», - падумаў Сямён і аддаў загад інжынеру - трубіць экіпажу збор...

 

15

 

Хоць на вялізным стопавярховым будынку ў цэнтры Нікаразіі вісела шыльда «Дом урада», яго ўсе штучныя істоты называлі не інакш як рэзідэнцыяй Уладара. І не без падстаў. Бо толькі два першыя паверхі будынка займалі ўрадавыя ўстановы, усе астатнія дзевяноста восем паверхаў належалі правіцелю Мерлы. Што знаходзілася і адбывалася на іх, не ведаў ніхто, бо доступ туды быў забаронены. Урадавыя пакоі і апартаменты Ўладара падзялялі тоўстая металічная сцяна і невялікая зала, што ахоўвалася павукападобнымі металічнымі стварэннямі. У гэтай зале і прымаў сваіх наведвальнікаў правіцель Мерлы. Ужо больш за гадзіну знаходзіўся ў яго Кан.

- Вы ледзь не сарвалі аперацыю! Вы - дылетант! Вас і блізка нельга падпускаць да такога поля дзейнасці! Тонкая праца не для вашай тупой галавы! - крычаў на начальніка бяспекі Ўладар пасля таго, як той пракруціў яму тэхнічны запіс допыту зямляніна.

Кан са страхам агледзеў залу, у якой, акрамя гукаўзмацняльніка, што стаяў на тоўстай мармуровай падстаўцы, нічога не было. Яго кожны раз апаноўваў жах, калі з гэтай жалезнай скрынкі вылятаў сярдзіты металічны голас Уладара - істоты, якую яшчэ ніхто ні разу не бачыў і адно слова якой магло прадвызначыць яго, Канаў, лёс.

- Як гэта вы сваёй бязмозглай галавой сцямілі правесці допыт? - узяў Уладар больш спакойны тон, відаць, стаміўшыся ад доўгага крыку. - Калі б вы не зрабілі гэтага, зямлянін зусім адурманіў бы вас. Ану, пракруціце яшчэ раз запіс, там ёсць цікавыя павароты...

З палёгкай уздыхнуўшы, Кан уключыў дыктафон, які ляжаў каля гукаўзмацняльніка.

- Вы нам нічога не жадаеце расказаць? Напрыклад, як вы даведаліся пра існаванне калідора, што звязвае нашы планеты?

- Не, я стаміўся. Мне трэба адпачыць. Калі ласка...

- Ваша экспедыцыя насіла разведвальны характар? Адказвайце!

- Так.

- Якая канкрэтна ставілася перад вамі задача?

- Даследаваць калідор, дакладней - тыя сілы, што ствараюць і кіруюць ім.

- Каму і навошта спатрэбіліся гэтыя звесткі?

- Гэта доўгі расказ.

- А вы раскажыце коратка. Ну!

- Добра, я паспрабую. Яны патрэбны... Савету народаў.

- Растлумачце, хто гэта?

- Я ж казаў...

- Адказвайце на пытанне!

- Гэта вышэйшы орган кіравання нашай цывілізацыі. Створаны ён трыццаць гадоў назад. У яго ўваходзіць звыш ста краін...

- Дастаткова. Дык навошта спатрэбіліся гэтаму вашаму Савету звесткі пра калідор?

- Бачыце, наша цывілізацыя знаходзіцца ў перадкрызісным стане. Карысныя выкапні заканчваюцца, знайсці нешта альтэрнатыўнае ім пакуль не ўдалося. А тут наша навука вылучыла тэорыю пра магчымасць існавання паміж асобнымі планетамі прыродных калідораў, па якіх можна пралятаць за лічаныя хвіліны... Вось мы і падумалі, што неабходныя нам выкапні можна здабыць на планеце-суседцы...

- Зразумела. Значыцца, мэта гэтага вашага Савета народаў - захапіць нашу планету?

- Што? Не! Я гэтага не гаварыў! Чуеце, не гаварыў!

- Сядзьце. Доктар, дайце яму што-небудзь для супакаення.

Прадоўжым нашу размову. Так, вы сказалі, што перад вамі ставілася задача даследаваць калідор. Прадугледжвала ваша кіраўніцтва магчымасць наведвання нашай планеты?

- Не. Гэта павінны былі зрабіць іншыя, пасля вывучэння нашай інфармацыі.

- Вы дапускалі, што на нашай планеце можа існаваць разумнае жыццё?

- Так, такія меркаванні ўзнікалі. Але ніякіх пацвярджэнняў гэтаму ў нас не было.

- Скажыце, а навошта вам спатрэбілася карта карысных выкапняў Мерлы, якую вы запрасілі ў нас учора? Вы ж разумееце, што сувязі са сваёй Радзімай у вас няма. Чаму вы маўчыце? Адказвайце! Чуеце, я загадваю - адказвайце!

- Вы забылі пра такія з'явы, як кінагінес, тэлепатыя. Самі ж...

- Што?

- Самі ж імі карыстаецеся.

- Што вы паведамілі на Радзіму? Адказвайце, ну!

- Я яшчэ ўбачу вас на сметніку... Я...

- Доктар, зрабіце з ім што-небудзь!

- На жаль, позна. Дзеянне апарата скончылася...

Як толькі дыктафон адключыўся, Кан перавёў позірк на гукаўзмацняльнік. Ён нейкі час маўчаў, але нарэшце з яго данеслася металічнае патрэскванне, пачуўся сіпаты голас:

- Вы, спадзяюся, правялі пасля допыту аналіз будовы яго мозга? Ён што, сапраўды валодае здольнасцю перадаваць думкі на адлегласці?

- Мы ўсебакова даследавалі мозг зямляніна, як і будову ўсяго яго цела. Ён амаль нічым не адрозніваецца ад бялковых істот Мерлы. Але ёсць некалькі загадкавых органаў, функцыі якіх нам пакуль не зусім зразумелыя, - хутка адказваў Кан. - Ды і калі дапусціць, што ён усё ж валодае такой здольнасцю, то перадаць на такую адлегласць інфармацыю па гэтым канале немагчыма.

- І ўсё ж паскорце аперацыю «Р-24». І ў першую чаргу ўзмацніце ахову калідора. Зямляне не павінны атрымаць пра яго і самай нязначнай інфармацыі. А з П-18-м я разбяруся сам.

- Слухаюся. Дазвольце ісці?

- Ідзіце, - холадна пачулася з гукаўзмацняльніка...

 

- Здаецца, прыйшлі, Веранічка, - нягучна прамовіла Ланка, як толькі прамень яе ліхтара, які да гэтага часу сустракаў наперадзе толькі апраметную цемру, нарэшце наткнуўся на перашкоду - невялікую драўляную перагародку.

Не здымаючы з плячэй важкай ношы, Лугіна паволі апусцілася на зямлю, прыхілілася да сцяны. Яна ўсё яшчэ баялася верыць, што гэты доўгі вузкі цёмны ход, па якім яны ішлі больш за сем гадзін, нарэшце скончыўся.

Ланка тым часам пільна агледзела перагародку. Калі пераканалася па зробленых на дрэве надрэзах, што яны сапраўды на месцы, скінула рукзак, асцярожна паклала яго на зямлю.

- Мы на месцы, Веранічка, - вымавіла яна бадзёра. - Будзем закладаць узрыўчатку.

- Добра, Ланка.

Лугіна стомлена ўздыхнула.

Прысеўшы каля сяброўкі, мерлінка ласкава спытала:

- Стамілася, родная?

- Крышачку, - ціха адказала Лугіна. Ёй было няёмка перад Ланкай за сваю хуткую стому, але што зробіш, калі рукі, ногі сталі каменныя, наліліся цяжарам, зусім не слухаюцца.

- Канешне, стамілася. Ды і не дзіва - столькі прайсці... Ты адпачні крыху. Я тут сама пакуль спраўлюся, - спачувальна прапанавала мерлінка...

Заданне, што даручылі Ланцы і Лугінай, было надзвычай важнае. Дзяўчаты павінны былі ўзарваць будынак урада Мерлы. Выбух адначасова служыў як бы сігналам да пачатку паўстання. Таму рыхтаваліся да гэтай аперацыі сур'ёзна. Мерлінцы стараліся прадугледзець усё: і падкоп-ход да будынка ўрада, які гарантаваў бы поўную скрытнасць і бяспечнасць падыходу, надзейную схованку, каб дзяўчат часам не зачапіла выбухам, і магчымасць хутка трапіць на паверхню Зямлі, калі ўсё скончыцца. Колькі сіл, энергіі, працы паклалі яны на гэта! І ўсё для таго, каб выключыць усякую рызыку.

Канешне, Савет паўстання мог даручыць гэтае заданне мужчынам, улічваючы той важкі груз і вялікую адлегласць, што трэба было асіліць. Але дзе ж узяць тых мужчын, калі іх не хапала нават для баявых атрадаў. Таму было і вырашана даручыць знішчэнне будынка ўрада Лугінай і Ланцы...

Трымаючы ў руках ліхтар, Вераніка пазірала, як сяброўка хутка і спрытна распраўляецца з узрыўчаткай, здзіўлялася - адкуль у мерлінкі бяруцца сілы? Прайсці з цяжкай ношай за спінай такую адлегласць і, быццам нічога не адбылося, цягаць вялікія тоўстыя брускі? Гэта і мужчыну не кожнаму пад сілу.

Закончыўшы, Ланка падышла да сяброўкі.

- Ну як, крыху адпачыла?

Вераніка сцвярджальна кіўнула.

- Тады хадзем, - прапанавала Ланка. - Тут недалёка схованка. У ёй прыгатаваны дровы і вада. Раскладзём агонь, ежу згатуем. Час яшчэ ёсць...

 

16

 

Так, цяпер у Сямёна не заставалася сумненняў: насустрач іх «Дапамозе» ішлі караблі. Праўда, караблямі іх можна было назваць толькі ўмоўна. Бо гэта былі вялікія водныя апараты, якія нечым нагадвалі кітоў. Іх абрысы ўсё выразней вырысоўваліся на гарызонце. Што гэта не жывёлы, а менавіта караблі, пацвярджалі і здымкі, якія па загадзе Слукава зрабіў штучны спадарожнік. На іх выразна былі відаць металічныя абшыўкі бартоў. Уражвала хуткасць таямнічых караблёў, што была амаль у два разы вышэйшая, чым у «Дапамогі».

«Даследчыя судны, ці што? - пільна пазіраючы ў ілюмінатар, разважыў Сямён. - Але чые? І чаму яны знаходзяцца тут інкогніта? І дзеля чаго так спяшаюцца нам насустрач?»

Сушкевіч кінуў позірк на інжынераў, якія моўчкі сачылі за тым, што адбывалася на экране.

- Паспрабуйце наладзіць з імі сувязь.

- Ёсць, камандзір, - адгукнуўся Хозаў.

Сушкевічу падабаўся гэты малады светлавалосы хлопец. Чаму, ён нават не ведаў. Можа, таму, што было ў ягоным характары штосьці такое адкрытае і шчырае, што нагадвала Сямёну пра сваё юнацтва. Ды і радыст Хозаў быў выдатны. Сувязь з інстытутам, дзякуючы яму, не перапынялася ні на хвіліну.

Але цяпер, як ні чараваў той каля прыбораў, звязацца з чужымі караблямі не мог.

- Яны не рэагуюць на нашы запыты, - расчаравана прамовіў ён.

- Камандзір, яны адхіляюцца, - раптам выгукнуў Слукаў.

Сямён з хваляваннем ступіў да пеленгатара. Інжынеры расступіліся, прапусцілі яго да люстэрка. Так, сапраўды, таямнічыя кропкі на экране паволі адхіляліся ўбок.

«Вырашылі абмінуць нас», - мільганула ў Сямёна думка.

Гэта было даволі дзіўна. Ісці так рашуча насустрач і раптам адвярнуць? А што, калі гэта ён, Сямён, усё прыдумаў і ніякіх адносін да знікнення «Гравітона» чужыя караблі не маюць? Але што гэта?

Зірнуўшы ў люстэрка, Сямён пабялеў. Ад кропак адарваліся дзве жоўтыя лініі. Яны хутка, надзвычай хутка набліжаліся да «Дапамогі». Праз імгненне карабель страсянула. Сямён паляцеў на падлогу...

Калі ён ачуняў, то ўбачыў вакол сябе інжынераў. Схіліўшыся, яны чымсьці змазвалі яго галаву.

- Што гэта было? - адчуваючы востры боль на патыліцы, усхвалявана спытаў ён.

- Яны напалі на нас, камандзір. Але вы не хвалюйцеся. Яны толькі крыху закранулі нас. Таму пашкоджанні невялікія.

Па голасе Сямён вызначыў - гаварыў Хозаў. А ён не будзе хлусіць нават тады, калі гэтага патрабуе справа.

- Праверце паказанні прыбораў, - загадаў Сямён і паволі ўстаў.

Боль на патыліцы не суцішаўся. Намацаўшы на галаве вялікі гузак, Сямён паморшчыўся. «Добра, што хоць так. Магло ж быць і горай», - вырашыў ён і ступіў да пеленгатара.

Кропкі ў люстэрку развярнуліся, паволі набліжаліся да іх.

«Вырашылі падысці бліжэй. Хочуць атакаваць, напэўна, - сцяміў Сямён. - Трэба апярэдзіць іх. Але як? Мы ж не маем зброі?»

- А што, калі лазерным промнем?.. - нібы прачытаўшы думкі Сушкевіча, прапанаваў Слукаў.

Сямён задумаўся. Так, на «Дапамозе» мелася невялікая лазерная прылада. Але ж яна прызначалася для глыбінных падводных доследаў. Ды і хто ведае, ці хопіць у яе моцы, каб прабіць браню чужых караблёў? Але іншага выйсця няма.

- Загадваю караблю падрыхтавацца да атакі, - з цяжкасцю вымавіў ён...

Чужыя караблі былі знішчаны «Дапамогай» з першай атакі. Відаць, тыя, хто кіраваў імі, не чакалі нападзення.

Сушкевіч стаяў каля ілюмінатара і панура пазіраў на іх астанкі, што, аддаляючыся, дыміліся за тоўстым шклом. Ён цяпер ні на хвіліну не сумняваўся, што знішчаныя імі чужыя караблі мелі самае непасрэднае дачыненне да загадкавага знікнення ў гэтым раёне «Гравітона». Пра гэта пераканаўча сведчыла тое, як занадта смела пайшлі чужынцы на збліжэнне з іх «Дапамогай». Толькі ўпэўненыя ў беспакаранасці маглі так зрабіць. А гэта азначала, што кіраўнікі чужых караблёў дасканала ведалі ўнутраную пабудову «Гравітона». Ведалі, што гэта чыста даследчы карабель, які не мае з сабой зброі. А паколькі «Дапамога» і «Гравітон» як дзве кроплі вады былі падобныя, яны і палічылі... За што і паплаціліся.

«Так, ім зусім было няцяжка безабаронны карабель знішчыць, - разважаў Сямён. - Толькі навошта ім гэта спатрэбілася - знішчаць «Гравітон», атакаваць іх «Дапамогу»? Што за ўсім гэтым хаваецца?»

Сямён разумеў, што адказы на гэтыя пытанні ён атрымае толькі каля таямнічага свячэння, шлях да якога быў цяпер адкрыты і куды трымала курс іх «Дапамога»...

 

17

 

«Чаму такая нямая цішыня? Чаму яны маўчаць? Чаму ні аб чым мяне не пытаюцца?» - дзівіўся Рубцоў, раптам злавіўшы сябе на думцы, што зноў здольны распазнаваць таямнічыя іерогліфы на столі, разважаць. - Не, тут нешта не так. Яны штосьці задумалі».

Падняўшы галаву з падушкі, ён азірнуўся. У пакоі нікога не было.

«Куды ж яны ўсе дзеліся? - здзівіўся ён. - Пачакай, а чаму гэта я ў ложку?»

Увагу Сяргея прыцягнуў металічны столік, на якім стаялі такія знаёмыя карычневы збан і празрысты графін.

«Калі мяне дапытвалі, гэтага ў пакоі не было, - успомніў ён. - Значыцца, тут пабывалі ўжо Спадарожнікі. Але ў такім выпадку я праспаў амаль суткі, бо яны, як адыходзілі, казалі, што прыйдуць толькі заўтра... Але тады з хвіліны на хвіліну я павінен чакаць госця, калі, канешне, мая прынада спрацавала».

- Добрай раніцы! - прымусіў Рубцова схамянуцца зычны голас за спінаю.

Сяргей павярнуў галаву.

У дзвярным праёме стаяў мерлінец, не біяробат, а менавіта мерлінец, паколькі позірк яго быў асэнсаваны - невысокі, хударлявы, з маленькімі калючымі вачыма, у цёмна-карычневым, старанна адпрасаваным касцюме.

- Як спалі? - праходзячы ў пакой, спытаў ён. - Спадзяюся, кашмарныя сны не сніліся?

Сяргей з палёгкай уздыхнуў - значыцца, ён не памыліўся ў сваіх здагадках і ягоная прынада спрацавала.

- Дзякуй, спаў добра. Кашмарныя сны не сніліся, - адказаў ён, устаўшы з ложка. - Прабачце, што не магу прапанаваць вам сесці...

- Гэта не праблема, - перабіў яго незнаёмец.

Падышоўшы да сцяны, ён дакрануўся да нейкай нябачнай кнопкі. З дзвярнога праёма ў пакой укаціліся два мяккія крэслы. Счакаўшы, калі дзверы апусцяцца, незнаёмец сеў у крэсла, закінуў нагу за нагу.

- Бачу я, вы яшчэ не снедалі, - паказаў ён вачыма на збан. - На галодны страўнік цяжка рашаць важныя праблемы. Вы паснедайце. У мяне ёсць час.

- Дзякуй. Я не галодны, - коратка кінуў Сяргей.

Па твары ў незнаёмца прабегла мяккая ўсмешка.

- Што ж, тады да справы, - запрасіў ён жэстам рукі Рубцова сесці. - Бачу, мой візіт вас ніколькі не бянтэжыць. Што ж, гэта робіць вам гонар. Вы не толькі хутка раскусілі маіх цурбаноў, але і разабраліся, хто ёсць хто на гэтай планеце.

Дзве апошнія фразы мерлінец сказаў на чыстай ангельскай мове.

Рубцоў з непрытоеным здзіўленнем зірнуў на Валадара Мерлы, чыё імя наводзіла на гмераў жывёльны страх.

- Вас здзіўляе, адкуль я ведаю зямную мову? - Па твары мерлінца зноў прабегла ўсмешка. - Тут усё проста. Надзвычай проста. Бачыце, мы доўгі час вывучаем жыццё на вашай планеце. Веды пра калідор мы атрымалі са старажытных рукапісаў. Дык вось, НЛА і іншыя дзіўныя аб'екты, што час ад часу з'яўляюцца ў вас, зусім не выдумкі... Але, здаецца, я крыху адхіліўся. Хто я, вы цяпер ведаеце. Зазначу адразу, мне спадабалася, як вы палка і ўчэпіста шукалі выйсця з таго становішча, у якім па волі лёсу апынуліся, што нават пры самых складаных абставінах вамі кіраваў цвярозы разлік. Гэта, я не баюся паўтарыцца, робіць вам гонар. Я не люблю фанатыкаў! Асабліва сярод вучоных. Апошнія павінны зыходзіць толькі з цвярозага аналізу сітуацыі, мэтазгоднасці тых ці іншых дзеянняў. Толькі халодны і дакладны разлік! Ад усяго іншага яны павінны быць вольныя. І вось вам мая прапанова - жыццё, прычым вельмі доўгае, паколькі ў гэтай вобласці мне ўдалося зрабіць вялікае адкрыццё, магчымасць працаваць над любімай навукай, я ўжо не гавару пра розныя там забавы... Вы, канешне, спытаеце - у абмен на што? На вашы «мазгі» вучонага. Згадзіцеся, цана за ўсё не вельмі дарагая.

Рубцоў з вялікай цяжкасцю заглушыў у сабе востры прыступ гневу.

- Перш чым даць вам адказ, можна некалькі пытанняў? - ціха спытаў ён.

- Чаму ж. Калі ласка. Сёння ў мяне няма ад вас тайнаў. Я слухаю, - хутка адказаў субяседнік.

- Тады скажыце, як вам удалося падмануць былых гаспадароў Мерлы?

- Гэта было няцяжка, - вымавіў мерлінец кпліва. - Бачыце, праграмуючы ў свайго дзіцяці нянавісць да свайго народа, апошнія зусім забыліся, што самі з'яўляюцца яго ж часткай. І мне, як стваральніку вядомых вам «машын», было зусім няцяжка сыграць на гэтай супярэчнасці... Засцерагчы ад небяспекі сябе была тэхнічная праблема.

- Разумею. А вы не баіцеся, што створаная вамі сістэма гістарычна асуджана?..

- Ні ў якім разе. Толькі за падобнымі стварэннямі будучае. Вы зыходзіце з вопыту вашых зямных таталітарных сістэм. У мяне ж зусім іншы прынцып пабудовы, у першую чаргу, у спосабе кіравання. Уявіце сабе, простым націскам кнопкі дыктуюцца пачуцці, учынкі, тыя ці іншыя дзеянні, выключэнне ўсялякай магчымасці бунту... Вы можаце, вядома, нагадаць пра сумленне... Але ж згадзіцеся, прырода не ведае падобнай катэгорыі: гэта здабытак чыста біялагічных сапіенс. У прыродзе ж дзейнічае толькі адзін закон - закон дужага. Менавіта ён - галоўны рухавік яе дынамічнага і ўсебаковага развіцця... Але аб гэтым у нас яшчэ будзе час падыскутаваць.

Рубцоў з агідаю зірнуў на мерлінца. Як яму ўсё гэта знаёма - закон сілы, права дужага, вышэйшы чалавек...

- А што будзе, калі, напрыклад, здарыцца якая-небудзь паломка ў пульце кіравання?

- На гэты выпадак маецца рэзервовы пульт у вядомым толькі мне месцы, - пачулася ў адказ.

«Значыць, калі мерлінцы ўзарвуць яго логава, гэта абсалютна нічога не дасць, - ліхаманкава ўзважыў Рубцоў. - А гэта азначае, што ён адсюль не павінен выйсці. Толькі як жа яго затрымаць?»

Сяргей перавёў позірк на Валадара Мерлы.

- І апошняе пытанне. Што я канкрэтна павінен зрабіць?

Вочы мерлінца хітра бліснулі.

- Няшмат, зусім няшмат.

Устаўшы з крэсла, ён падышоў да сцяны, дакрануўся да яе. У вочы Сяргею разанула яркае святло. Ён міжволі задзёр галаву. Столь пакоя была падобна на дзівоснае зорнае неба. Таямнічыя іерогліфы на вачах ператвараліся ў тысячы чырвоных, жоўтых, зялёных, белых, блакітных агеньчыкаў, якія сваім спалучэннем нагадвалі такія знаёмыя Рубцову контуры Д'яблавага мора.

«Дык вось што гэта за іерогліфы!» - здзівіўся ён.

- Як бачыце, перад намі той ваш зямны раён, адкуль здзейснілі вы падарожжа да нас, - зычна прамовіў мерлінец. - Гарлавіна калідора, які звязвае нашы планеты, знаходзіцца прыкладна вось тут, - паказаў ён на вялікую кропку, што свяцілася ў цэнтры малюнка. - Уся бяда ў тым, што ўваход у яе адкрываецца толькі час ад часу і на вельмі кароткае імгненне. Відавочна, што гэта неяк звязана з тымі фізічнымі працэсамі, што ствараюць калідор. Мы хацелі б пазнаць гэтыя працэсы.

«Ён хоча, каб я дапамог знайсці пастаяннае дзеянне калідора, - імгненна скеміў Рубцоў. - І навошта гэта яму патрэбна, няцяжка здагадацца...»

- Жалезным воінам патрэбны новыя ворагі? - асцярожна спытаў Сяргей.

Павярнуўшы галаву, Валадар Мерлы пранізаў Сяргея суровым позіркам.

- А вы здагадлівы...

Ён хацеў яшчэ нешта дадаць, але не паспеў. У пакой уварваўся моцны ўдар грому. І хаця гэта быў толькі водгук нейкага далёкага выбуху, але такой моцы, што Рубцова на імгненне аглушыла.

«Гэта мерлінцы. Яны пачалі», - з палёгкай уздыхнуўшы, падумаў Сяргей.

І радасць яго была настолькі вялікая, што ён на нейкі час забыўся пра субяседніка. А калі схамянуўся, убачыў таго ля дзвярэй.

«Хоча ўцячы», - сцяміў Рубцоў.

Рашэнне прыйшло імгненна. Сяргей схапіў са століка графін і кінуўся на Валадара...

 

18

 

Склаўшы дровы ў кучку, Ланка і Вераніка падпалілі іх. У гэты момант з прыёмніка, што вісеў за плячыма мерлінкі, пачулася:

- «Зорка», я - «Планета». Мы ў полі твайго прыцягнення.

Дзяўчаты замерлі. «Зоркай» былі яны. «Планетай» - Савет паўстання. «Мы ў полі твайго прыцягнення» - умоўны сігнал: прыступіць да выканання задання.

У Лугінай з вачэй пацяклі слёзы - слёзы радасці і гонару за сябра і каханага. Бо толькі ў выпадку паспяховага выканання Сяргеем даручэння мерлінцаў павінен быў прагучаць такі загад. І вось ён прагучаў.

- Ой, Веранічка, што ж гэта мы стаім? - першай спахапілася Ланка. - Там жа чакаюць. Зарад, хутчэй выбуховы зарад!

Дзяўчаты кінуліся да рукзака, які ляжаў каля ўвахода ў схованку. Лугіна падбегла першая, развязала мяшок, выцягнула з яго невялікі металічны брусок, падала Ланцы. Дастаўшы з кішэні ключ, мерлінка ўставіла яго ў вузкае гняздзечка на адваротным баку зарада, крутанула. Але ключ не сышоў з месца. Дзяўчына націснула на яго мацней. Не, нічога не атрымлівалася. Ключ не круціўся. Быццам яго штосьці моцна трымала ўсярэдзіне бруска. Ланку нібы абліло кіпнем. На трэніроўках яна заводзіла зарад без аніякіх намаганняў, а тут...

Хваляванне мерлінкі перадалося і Лугінай. Вераніка адчула, як яе праймаюць дрыжыкі. Калі ў іх не атрымаецца, тады... Нават страшна ўявіць!

- Ты паспрабуй яшчэ разок, - як мага ласкавей звярнулася яна да сяброўкі.

- Зараз, Веранічка, зараз, - страпянулася Ланка.

Зрабіўшы глыбокі ўздых, яна моцна націснула на ключ. Ён хіснуўся і... пераламаўся ля самага вушка. У Ланкі пацямнела ў вачах. Зарад вываліўся з рук. Яна марудна апусцілася на зямлю.

- Што з табою, Ланка? Што здарылася? - схілілася Вераніка над сяброўкай.

- Ключ, ключ... - з цяжкасцю выціснула з сябе мерлінка.

Хутчэй інтуітыўна, чым свядома, Вераніка падняла зарад, які ляжаў ля сяброўкі, паднесла яго да вачэй і анямела. З бруска вытыркаўся абломак, невялікі востры абломак ключа. Дык вось чаму стала дрэнна сяброўцы. У разгубленасці Вераніка перавяла позірк на вогнішча, якое памалу разгаралася. Невялічкія агеньчыкі, пускаючы тонкія струмені дыму, бегалі па паленах, то тут, то там успыхвалі полымем. Рашэнне выспела імгненна. Падышоўшы да вогнішча, Вераніка выбрала таўсцейшае палена і выцягнула яго з агню. На хвіліну затрымаўшыся каля сяброўкі, яна пяшчотна вымавіла:

- Ланачка, калі ўбачыш майго зямнога сябра, перадай, калі ласка, што я кахаю яго, вельмі кахаю. Бывай, Ланка...

Мерлінка няўцямна пазірала то на Лугіну, то на палена, што гарэла ў яе руцэ, то на прыціснуты да грудзей зарад. Яна ніяк не магла даўмецца, навошта ўсё гэта? А калі ўсвядоміла, было позна. Цяжкія дзверы схованкі зачыніліся амаль перад яе вачыма.

- Веранічка, вярніся! - глытаючы слёзы, барабаніла яна кулакамі ў дзверы. - Гэта я павінна зрабіць. Чуеш? Я!..

А Лугіна ўжо не чула гэтых слоў. Хуткімі крокамі яна ішла да перагародкі, да складзенай узрыўчаткі. І не было ў гэты момант сілы, якая магла затрымаць дзяўчыну, перашкодзіць яе плану, бо абавязак, воля, каханне - усе яе пачуцці зліліся ў адно: выканаць заданне!

Ёй апякала руку, але Вераніка не адчувала болю. Ёй мроілася далёкая Зямля, ціхая родная старонка, мора сіняга-сіняга льну і Рубцоў... Чамусьці задуменны і сумны пасярод гэтага бязмежнага мора...

 

Як толькі магутны выбух скалануў Нікаразію, Верс, ні хвіліны не марудзячы, вывеў атрад з падземнага ходу і, разгарнуўшы яго ў ланцуг, павёў у атаку.

Задача, што ставілася перад ягонай групай, была не вельмі складаная. Яны павінны былі захапіць будынак сувязі краіны, які хоць і ахоўваўся адборным узводам гмераў, але не быў тым моцным арэшкам, над якім трэба было добра папацець, каб раскалоць.

Будынак удалося захапіць амаль без бою. Ахова, заспетая знянацку, здранцвела ад жаху перад паўстанцамі. Толькі некалькі адзіночных стрэлаў сустрэлі атрад на парозе. На шчасце, ад гэтых стрэлаў ніхто з мерлінцаў не пацярпеў, і Верс быў задаволены такім вынікам. Але ён, змрочны і задуменны, хадзіў па шматлікіх пакоях, выстаўляючы варту. Яго моцна непакоіла тое, што да гэтага часу няма ніякіх звестак пра Лугіну і Ланку. Нічога пра іх не чулі і ў тых захопленых дамах, што стаялі побач. Верс знарок удакладняў гэта праз пасыльных.

«З імі нешта здарылася», - не на жарт устрывожыўся ён, пазіраючы туды, дзе яшчэ зусім нядаўна ўзнімаўся ў неба стопавярховы будынак, а цяпер ляжалі кучы металічных бэлек і пагнутых перакрыццяў.

«Але ж там у момант выбуху маглі ўтварыцца правалы, праз якія няцяжка трапіць у падземны ход, - раптам мільганула ў яго думка. - Хто ведае, можа, іх схованку ці ход засыпала пяском?»

- Утс, - паклікаў Верс свайго намесніка, - прымай камандаванне атрадам...

Як ні аглядаў Верс кучы пакарабачаных рэек, у якія толькі шчыліны ні заглядаў, а знайсці дзірку, праз якую можна было б трапіць у падземны ход, ніяк не мог. Ён ужо збіраўся спыніць пошукі, як раптам убачыў у гарлавіне каналізацыйнага калодзежа худыя акрываўленыя рукі, якія нервова шукалі апору. Верс ухапіўся за іх, дапамог Ланцы выбрацца на паверхню. Твар сяброўкі быў белы, вочы апухлыя і змрочныя. Дзяўчына села на зямлю.

- Што з табою, Ланка? Табе дрэнна?

Ланка не адрэагавала на пытанні, толькі ціха вымавіла:

- Што з паўстаннем?

- Усё ў парадку. Галоўныя аб'екты ў нашых руках, - хутка адказаў Верс і тут жа асцярожна пацікавіўся: - Ланка, а дзе Вераніка?

- Т-там, - паказала дзяўчына вачыма на гарлавіну калодзежа.

Верс мала што зразумеў з гэтага адказу, але выразна ўсвядоміў адно: з Лугінай штосьці здарылася. Ён кінуўся да калодзежа.

- Верс, не хадзі туды! - спыніў яго крык Ланкі. - Чуеш, не хадзі. Няма яе. Няма...

 

19

 

Калі Сяргей апрытомнеў, яму здалося, што быў ён без памяці лічаныя хвіліны...

На самай справе ў яго доўга трымалася высокая тэмпература. Дванаццаць дзён і начэй мерлінскія лекары змагаліся за яго жыццё. Змагаліся, калі ўжо амаль не было надзеі на тое, што ён выжыве. Змагаліся з апошніх сіл. Змагаліся і тады, калі ягонага пульсу не было чуваць...

Ён ачуўся. Ачуўся і збіраўся з сіламі, каб прадоўжыць свой паядынак з ворагам, якога зваліў моцным ударам на падлогу. З ворагам, які ўсё ж ухітрыўся нанесці яму глыбокую рану крыху вышэй пояса...

І якое ж было яго здзіўленне, калі ён, рашуча адплюшчыўшы вочы, убачыў перад сабою твар Сушкевіча, свайго даўняга зямнога сябра.

- Добры дзень, Сярожа, - вымавіў мякка Сямён і, падміргнуўшы, дадаў: - Ну, што так пазіраеш? Не пазнаеш свайго старога сябра?

- Сямён, ты? - вырвалася міжволі ў Рубцова. - А дзе ж?..

- Там, дзе яму і належыць быць, - перабіў Сушкевіч сябра, - за кратамі.

- Ясна, - з палёгкай уздыхнуў Рубцоў і тут жа спахапіўся: - А ты якім чынам апынуўся тут? Ты ж застаўся на Зямлі, Сямён?

- Прыплыў, Сярожа, на караблі, - усміхнуўся Сушкевіч, - проста па тваім курсе...

- Але як ты даведаўся пра калідор і пра тое, што з намі здарылася?

- Спачатку - інтуіцыя, а потым сякія-такія факты падказалі, дзе цябе шукаць. А далей мерлінцы дапамаглі.

Згадка пра мерлінцаў прымусіла Рубцова ўстрывожыцца.

- Сямён, мы павінны дапамагчы мерлінцам, - усхвалявана прамовіў ён, спрабуючы прыўстаць. - Яны...

- Ты ляжы, Сярожа, - дакрануўся рукамі Сямён да пляча сябра. - Табе яшчэ нельга ўставаць. А мерлінцам ужо не патрэбна дапамога. Скончылася ўсё. Няма больш ні гмераў, ні іх Валадара. Ёсць толькі юная мерлінская цывілізацыя, якой кіруюць такія ж, як ты і я, людзі. Зразумеў?

- Значыцца, усё?

- Так, усё.

Рубцоў доўга маўчаў. Жмурыўся, усміхаўся нейкім сваім думкам. І раптам спытаў:

- Пачакай, а колькі гэта я быў без прытомнасці?

- Дванаццаць дзён і столькі ж начэй. І калі б не выдатныя мерлінскія лекары, цяжка табе прыйшлося б. Зусім цяжка.

- Ясна, - задуменна прамовіў Рубцоў, перавёў позірк на столь і раптам захваляваўся: - Сямён, а дзе Вераніка? Я хачу яе бачыць.

Сушкевіч пазмрачнеў. Вымавіў, з цяжкасцю знаходзячы словы:

- Разумееш... Падрыў будынка ўрада - гэта яе...

- Яна жывая?

- Мужайся, Сяргей...

Вочы Рубцова заплюшчыліся, рукі бяссільна ўпалі на ложак. Ён доўга маўчаў. Потым ціха спытаў:

- Дзе яе пахавалі?

- У самым цэнтры Нікаразіі, на плошчы Свабоды, - мякка адказаў Сушкевіч, разумеючы, як нялёгка цяпер сябру.

- Сярожа, там да цябе прыйшлі, - паказаў ён вачыма на дзверы. - Паклікаць? Ці мо...

Рубцоў расплюшчыў вочы:

- Не-не, запрасі.

Сушкевіч выйшаў з пакоя і праз хвіліну вярнуўся ў яго з трыма мерлінцамі.

Аднаго з іх Рубцоў крыху ведаў. Гэта быў той мерлінец, што прысутнічаў пры яго сустрэчы з Веранікай. Двое іншых - сярэдняга росту з рубцом на правай шчацэ сівы мужчына і прыгожая цёмнавалосая дзяўчына - былі незнаёмыя.

- Старэйшына Савета Мудрых Мерлы, - толькі пачаў знаёміць Сяргея з наведнікамі Сямён, як сівы мужчына мякка перабіў яго:

- Ну навошта так?

Ён падышоў амаль упрытык да ложка Рубцова:

- Добры дзень, Сярожа. Я - Струт.

- Я - Ланка, сяброўка Веранікі, - наблізіўшыся, прамовіла дзяўчына.

- А мы ўжо крыху знаёмыя. Я - Верс, - падышоў да Сяргея другі мужчына. - Памятаеце пункт «Хуткай дапамогі»?

- Так, - ціха адказаў Сяргей.

Мерлінцы спахмурнелі, зразумеўшы, як цяжка цяпер Рубцову.

- Мужайцеся, - нягучна прамовіў Струт. - Яна вельмі кахала вас. Памяць аб ёй і пра яе подзвіг будзе заўжды жыць у нашых сэрцах.

Дакрануўшыся да пляча Сяргея, мерлінец дадаў:

- А вам асабіста - вялікі дзякуй за тую велізарную дапамогу, што вы нам аказалі. Дзякуй, дружа...

 

Карабель падняў якар. Да адплыцця заставаліся лічаныя хвіліны...

Рубцоў прыпаў да ілюмінатара, шукаючы вачыма сярод натоўпу Струта, Верса, Ланку, сваіх новых сяброў.

Сёння ён развітваўся з імі, але верыў: ненадоўга. Сяргей ведаў, ён яшчэ вернецца на гэтую планету. Вернецца, каб дапамагчы мерлінцам будаваць жыццё. Вернецца, каб ушанаваць памяць пра Вераніку, Радамовіча, Рыбіна. Вернецца, як толькі далечыцца на Зямлі...


1990-1994?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая