epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксандар Гара

Доказ ад процілеглага

А.Гарбоўскаму

- Не ведаю, - сказаў Расеец, - вандруючы па замежных камандзіроўках, я доўгі час не знаўся з нашымі смогамі, але, па-мойму, ідэя касмічнага розуму належыць камусьці з нашых. Цыялкоўскі - тут геній...

- Не-е-е, - нараспеў не прамовіў, а быццам бы зачытаў з нейкага аднаму яму вядомага фаліянта Апанент. - Не і не! Вы, расейцы, - не крыўдуйце, Богам прашу, проста не здольныя на такі палёт фантазіі. Разумееце, вам не хапае, так бы, парадаксальнасці мыслення, гэткага брэйнстормінга - мазгавога штурму...

- Па-амерыканску? - з непрыхаванай іроніяй спытаў Расеец.

- А хоць па-афрыканску, - не прымаючы выкліку, спакойна, са шчырай спагадай адказаў Апанент, кіўнуўшы на гарызонт, над якім, пакідаючы за сабой белапенны след, узлятала ўгару «Каравела». Яе гул, што аддаляўся і глух, зліваўся з шолахам пальмавага лісця.

Разлітае супакаенне, пранізанае доўгімі палосамі вячэрняга сонца. Зеляніна газона. Аэрапорт. Галоўны, канешне, і, здаецца, адзіны ў гэтай маладой яшчэ краіне. Выпадковая сустрэча. Спякота, якая і пад вечар не можа ўратаваць. Якія могуць быць спрэчкі пры такой спякоце?

Але Апанент, амерыканец славянскага паходжання, хоча ўсё ж неяк давесці сваю думку:

- У пэўным плане, - гавару гэта не як палітык, а як астрафізік, - сусветнай цывілізацыі не пашанцавала двойчы. Першы раз, калі ў вас упаў Тунгускі метэарыт, і другі раз, калі адбылася Кастрычніцкая рэвалюцыя...

- А Лабачэўскі? - без ніякай сувязі з тэмай выпаліў Расеец.

- Ах, Лабачэўскі? - хмыкнуў Апанент. - Але ці быў ён у вас, тут можна сказаць, у нас сапраўдным расейскім Эйнштэйнам, класікам ці хаця б звычайным кумірам?

- У цвярозай Расеі, - урачыста прамовіў Расеец, - былі б іншыя куміры і, магчыма, іншыя класікі.

- Ах, п'янь, не разабралася? Ну а ў сучаснай Расеі?

- У яе - таксама, - адрэзаў Расеец.

- Ого! Гэта ўжо гучыць смела... Але пакуль што недастаткова смела, каб абменьвацца думкамі на ўзроўні брэйнстормінга... Ці ведаеце, па шчаслівай выпадковасці я быў знаёмы з вашым акадэмікам панам Іосіфам Шклоўскім, аўтарам самай смелай сучаснай касмалагічнай гіпотэзы. Праўда, яна, гэтая гіпотэза, пра ўнікальнасць зямной цывілізацыі, неяк ужо занадта гарманічна ўпісвалася ў вашу, таксама сучасную, палітычную дактрыну аб магчымай гібелі сусветнай цывілізацыі і аб адсутнасці іншай альтэрнатывы раззбраенню.

- Хіба вы з гэтым не згодны? - нахмурыўся Расеец.

- Наадварот! - усміхнуўся Амерыканец. - Але вам патрэбен апанент. Кожнаму расейцу патрэбен апанент, іначай нічога вартага ён не створыць... Дык ведаеце, што я тэт-а-тэт сказаў Шклоўскаму? Я яму сказаў: ваша так званая «цалкам матэрыялістычная» гіпотэза цалкам змяшчаецца ў таксама цалкам матэрыялістычнае меркаванне аб наяўнасці ў Метагалактыцы цывілізацыі, пра развіццё якой цяжка ўявіць. Для яе ўсе мы і кожны паасобку толькі ферзухсперзонен. Гэты тэрмін аўтара аўтагеннай трэніроўкі Іягана Шульца няправільна перакладаюць на расейскую мову. Іншы раз як «даследчы», іншы раз нават як «паддоследны» (амаль што «ферзухсканінхен»). А гэта калі і паддоследныя, то - асобы! Гэта значыць, што мы не трусы для доследаў, а асобы! Ды і навошта гэтаму Вялікаму Розуму эксперыментаваць на нейкіх недаразвітых жывёлінах, калі ёсць магчымасць рабіць гэта на высокаарганізаваным чалавечым матэрыяле?!

- Ну і што вам сказаў Іосіф Самойлавіч? - амаль зацікаўлена спытаў Расеец.

- Ён пачаў туманна даказваць, што Вышэйшы Розум па логіцы рэчаў павінен імкнуцца, вымушаны імкнуцца да экспансіі, і ён даўно нас знішчыў бы... Увогуле, як у апавяданні нашага старэйшага фантаста Альфрэда Ван-Вогта «Пачвара». Не чыталі?

- Чытаў, - буркнуў Расеец.

- Тады я прыціснуў яго да сцяны канчаткова. Аргументамі. Вялікі Розум зусім не злы, а добры. Ні да якой экспансіі ён не імкнецца. Яму добра жывецца там, дзе ён знаходзіцца. А разводзіць цывілізацыі накшталт нашай - проста яго хобі. Вось ён капнуў тысячу гадоў таму назад у час хрышчэння вашай матухны Русі кроплю алкаголю ў прабірку і назірае, як будуць паводзіць сябе чалавечыя мікраарганізмы. Назірае і нікуды не спяшаецца. Бо што для яго тысяча гадоў? Імгненне! Потым капнуў кроплю тыраніі. Ну, нейкага там Івана Жахлівага, Мікалая Крывавага ці Іосіфа. Не мае значэння каго, і назірае. Прытым, каб не парушаўся эксперымент, ён дае тырану адносную непрыступнасць. Ды і пасяляе ў яго дух тыранію не ў самым пачатку, а недзе ў другой палове жыццёвага шляху... Вы ж ведаеце, што Іван Жахлівы і Сталін гадоў да сарака былі добрымі людзьмі, мелі шмат сяброў, любілі бяседы, жанчын... Адзін мой прыяцель, вядомы ў вас журналіст, даследаваў біяграфію Гітлера. Даследаваў сумленна, без надакучлівых стэрэатыпаў пра яго фізічную і разумовую непаўнацэннасць. Мой прыяцель прыйшоў да ашаламляльных вывадаў. Гітлер таксама не быў напачатку ні вылюдкам, ні юдафобам. Мой прыяцель сам па нацыянальнасці жыд, таму ў гэтых пытаннях памыліцца не мог. Сам фюрэр нібыта ўспрымаў у пачатку «юдэнтум» як нейкую прыкмету элітарнасці і звышздольнасці. Ён сам усур'ёз рыхтаваўся стаць мастаком. Быў наогул кампанейскім хлопцам. Любіў жанчын, і яго любілі. Калі ён, паранены, ляжаў у шпіталі (яму тады было гадоў трыццаць), да яго прыйшло першае вялікае каханне. Ну, а медсястра, канешне ж, таксама пакахала героя, узнагароджанага Жалезным крыжам. Усё было надзвычай рамантычна... А пасля, як і ва ўсіх падобных выпадках, у гэтае зусім не прыстасаванае для ката цела, у гэтую фізічную абалонку пасяляецца ні з таго ні з сяго злы дух, дэман усёзнішчэння. Пры гэтым падахвочваючы пачаць свой крывавы паход з самых блізкіх сяброў... Гэта наогул трэба лічыць усеагульнай заканамернасцю. Дзіўнай заканамернасцю, праўда?.. Дык вось, я папрасіў Шклоўскага ў сувязі з такой верагоднасцю ацаніць усё ж магчымасць (яна пакуль што не адмаўляецца і вамі, матэрыялістамі) таго, што нават яго смелая гіпотэза пра ўнікальнасць зямной цывілізацыі падказана яму Абсалютным Розумам. І зноў жа з мэтай якогасьці хітрага эксперымента. Ён адказаў мне словамі свайго вучонага сябра: «Верагоднасць ёсць, але яна роўная прыкладна верагоднасці таго, што малпа, якая сядзе за пішучую машынку і будзе ўдараць наўздагад па клавішах, надрукуе ўсе тамы Вялікай Савецкай Энцыклапедыі...» Я запярэчыў Шклоўскаму, што ўсяго праз нейкую тысячу гадкоў перадавая савецкая малпа, якую будуць вучыць па наватарскай методыцы, без цяжкасці зможа выканаць такую задачу. Як бачыце, замест абмену думкамі ў нас са Шклоўскім атрымаўся абмен жартамі. Мне не хацелася б паўтараць гэты вопыт.

- І што вы прапануеце? - спытаў Расеец. - Мне сапраўды патрэбен апанент і, відавочна, якраз такі, як вы. Я згодзен працягнуць наш брэйнстормінг на вашых умовах.

- О-о, гэта мяняе справу! - пасміхнуўся Апанент. - З вопыту нашых папярэдніх гутарак я зразумеў, што вы валодаеце найрэдкай здольнасцю рабіць альтэрнатыўныя вывады нават з загадзя сумніцельных пасылак. Давайце я буду ставіць умовы, а вы - весці вашу надзіва лагічную нітку. Пасля паглядзім разам, куды яна нас выведзе. Пачнём з канстатацыі. Сёння, наколькі мне вядома, а таксама прызнаецца вашымі вучонымі, няхай і з некаторымі агаворкамі, магчымасць таго, што ў выніку выпадковых адхіленняў так званых квантавых флуктуацый у прынцыпе магчыма, што наш Сусвет валодае пераменнай размернасцю, здольны быць, скажам, ірацыянальным... Іншымі словамі, развіццё набывае шматпланавы характар. Я гэта да таго, што ў нашым свеце можа існаваць Нешта Няўяўнае, якое нельга апісаць звычайнымі зямнымі катэгорыямі. Скажам, нейкая напаўзамкнутая частка Сусвету, дзе фантастычнае развіццё атрымала не матэрыя, а яе вытворнае - нейкі Квант, акіян, што здольны думаць, нібы ў раманах пісьменнікаў-фантастаў. І гэты акіян даступнымі яму спосабамі мае з намі зносіны. Але зносіны гэтыя аднабаковыя. Як вы лічыце, зможам мы ў такім выпадку што-небудзь зрабіць, каб не перашкаджаць, а, наадварот, нейкім чынам спрыяць эксперыменту, што праводзіцца на нас?

Расеец задумаўся, пазіраючы ў афрыканскае неба, што хутка цямнела. Потым, засаромлена ўсміхнуўшыся, прамовіў:

- Дзіўна, я сам задумваўся над некаторымі парадоксамі. Нараджэнне нашай планеты плоскай, яе ўзнікненне з кропкі - ці не будуць тут скажоныя да непазнавальнасці біблейскімі прарокамі нейкія звесткі вышэйшага парадку, што паступілі да нас па якімсьці квантавым канале тысячы гадоў таму назад?

- І якія паступаюць сёння. Мы іх проста не ўмеем распазнаць, - дадаў Амерыканец. - Іх, гэтых анёльскіх звестак, было процьма, у тым ліку і пра ваш Чарнобыль.

- І ваш «Чэленджэр», - пакрыўдзіўся Расеец.

- У нас, на жаль, была не адна такая аварыя, - зноў без ценю рэагавання сказаў Амерыканец. - Але вы пакуль не адказалі на пытанне. Я наогул бяру свой намёк назад. Прызнаю яго некарэктным. Абсалютны Розум для сваіх Знакаў мог выбраць любую краіну. Давайце наогул абстрагавацца ад канкрэтных краін і нашай рэчаіснасці. А вашы туманныя здагадкі я паспрабую перавесці на мову нейкай касмалагічнай гіпотэзы. Так, Абсалютны Розум, калі ён на нас эксперыментуе, павінен быў падказаць нам якіясьці зыходныя дадзеныя для нашых дзеянняў, нейкі прыкладны кодэкс паводзін. Нейкі Новы Запавет або Стары - няважна.

- Чаму вы бераце толькі Біблію? Калі быць паслядоўным, то трэба дапусціць меркаванне, што Хрыстос, Магамет, Буда - адна і тая ж асоба.

Амерыканец дзіўна паглядзеў на Расейца. Ад яго іранічнасці не засталося і следу.

- Папрашу вас прапанаваць думку, - папрасіў ён.

- Адвечная мара набожных, - паволі пачаў Расеец, - наблізіцца да Бога ў такой пабудове раўназначная спробе разгадаць умовы эксперымента, паспрабаваць пайсці насустрач. Наўрад ці гэта магчыма. Вы, я спадзяюся, заўважылі, што ўсе зносіны людзей з Богам (акрамя дахрысціянскай міфалогіі) маюць аднабаковы характар. Богу, калі ён нават прыняў аблічча Сына Чалавечага, ніколі не пярэчаць, не гавораць, ты, маўляў, памыляешся, хаця ў прынцыпе нейкая дыскусія магла б быць. Але яе няма. У лепшым выпадку нейкі апостал, падобны Фаме, выкажа сумненне і тут жа ўсароміцца сваіх слоў. Так што ваша сцверджанне пра аднабаковы характар згаданых зносін, верагодна, праўдзівае. Ва ўсякім выпадку, навуцы яно не пярэчыць. Нашы малітвы такім чынам наўрад ці даходзяць па прызначэнні. Гэта правільна.

- Ну, а як вы самі лічыце, ці можна нейкім чынам угадаць умовы эксперымента? - надзвычай зацікаўлена спытаў Амерыканец.

Расеец надоўга задумаўся.

- Мы верым у тое, што ісцін, немагчымых для пазнання, няма, а ёсць толькі пакуль не пазнаныя. Выходзіць - можна! Адна ўмова вынікае з самага павярхоўнага параўнання будызму, ісламу, хрысціянства, іншых рэлігій. Яна можа быць выказана біблейскай формулай: «Не ствары сабе куміра!» Зямнога куміра. А што датычыць самога Абсалютнага Розуму, то ён літасціва дазваляе нам верыць у яго або не верыць - яму гэта, відаць, усё роўна. Затое ў дачыненні да зямных ідалаў Ён бязлітасны: карае богастваральнікаў так, каб аж сёмаму заказалі. Вазьміце Рым, Францыю, Германію...

- Сталінізм... - не без задавальнення ўставіў Апанент. - Але вы пагадзіцеся, што Абсалютны Розум, калі б ён меў абсалютную ўладу над намі, мог бы не дапусціць такога масавага кровапраліцця, прыпыніць дзеянне тырана, хаця б не перашкодзіць нейкаму Штаўфенбергу. Вы можаце заўважыць, я хітра вяртаю вас да пачатку нашай гаворкі. Да тэзіса аб уяўнай непахіснасці тырана, і прашу вас размахнуцца па-расейску думкай і знайсці якое-небудзь лагічнае вытлумачэнне гэтаму парадоксу. Сам я такога вытлумачэння не знайшоў.

- А яно якраз ляжыць на паверхні, - хітра ўсміхнуўся Расеец і раптам ашаламіў субяседніка нечаканым пытаннем: - Якой вам бачыцца наша цывілізацыя праз тры тысячы гадоў? Пры ўмове, што сама сябе яна не знішчыць. (Гэта, дарэчы, было б у нашай пабудове яўным парушэннем умоў эксперымента.)

Настала чарга змоўкнуць Амерыканцу. Насуперак свайму звычаю хапаць быка за рогі на гэты раз ён пачаў здалёк, адкрыта цягнуў з адказам па сутнасці:

- Вам, матэрыялістам, цяжка зразумець, што відавочным парушэннем логікі эксперымента было б поўнае знішчэнне адной-адзінай асобы. Па нашым адсталым, рэакцыйным разуменні - адной адзінай душы. А душа сапраўды неўміручая. Ды і навошта было б яе знішчаць? Яе развіццё з таго часу, калі людзей на зямлі было ўсяго некалькі соцень, тыповы прыклад квантавых відазмен, у нейкай меры аналагічных узнікненню матэрыі з «нічога»... Адзін мой прыяцель, буйны амерыканскі пісьменнік-фантаст, скардзіўся, што яго думка пра магчымасць абмену ў аддаленым будучым нашых абалонак - тленных целаў - на больш адпаведныя прымаецца амерыканскімі чытачамі са значна большым недаверам, чым, скажам, думка пра ўласную адвольную анігіляцыю...

Амерыканец зноў прымоўк, пазіраючы ўбок, куды зайшло сонца.

Расейцу ніяк не хацелася парушаць яго спакой, і ён зазначыў больш для сябе:

- Вы не адказалі на маё пытанне, што не дае мне магчымасці адказаць на ваша.

Амерыканец страпянуўся:

- Ах, так! Будучае грамадства? Вы ведаеце, мне чамусьці не бачыцца камуны і праз тры тысячы гадоў.

- Назавіце больш прымальнай для вас «суполкай» садружнасць людзей. Нешта ж падобнае абавязкова ўзнікне. Няўжо вы верыце, што праз тры тысячы гадоў наша планета будзе складацца з рознакаляровых абрэзкаў - суверэнных дзяржаў з іх граніцамі, якія будуць пільна ахоўвацца, з арміямі, войнамі, іншай лухтой?

- А па-вашаму, усё зліецца ў адзіную нацыю ваяўнічых бязбожнікаў з адзінаю моваю? Так, здаецца, вучаць вашы класікі?!

- Мовам наогул няма патрэбы злівацца, - паціснуў плячыма Расеец. - Навошта? Вось мы з вамі размаўляем ужо на трох мовах. А чалавеку будучыні, і не такой ужо далёкай, заўважце, вывучыць дваццаць-трыццаць моў будзе не так цяжка. І зліццём нацый, культур, нацыянальных традыцый, уключаючы веравызнанне, вы дарма палохаеце. Наадварот, узаемапазнанне ўсіх без выключэння культур будзе складаць асноўны сэнс існавання чалавецтва. А вось варожасць павінна знікнуць. Здаецца, я вам падказаў адказ?

Апанент перасмыкнуўся.

- Усё, я вас зразумеў: кароткі век паэтаў і даўгалецце тыранаў. Гэта адзіны працэс выпрацоўкі ў нас устойлівага імунітэту да ўзаемаадчужэння, да варожасці. Ці не так?

- А мне можна задаць пытанне? - папярэдне кіўнуўшы ў знак згоды, спытаў Расеец.

- Ну канешне.

- Як у вашай, цяпер будзем гаварыць, у нашай пабудове змяшчаецца такая з'ява, як азонная дзірка над Антарктыкай?

- Што ж, паспрабую пафантазіраваць. Азонная дзірка і некаторыя аналагічныя з'явы - напамінак пра тое, што не толькі адзін чалавек, але і ўсё чалавецтва, на жаль, смяротнае.

- Дзіўна ў вас атрымліваецца, - нехаця запярэчыў Расеец. - То незнішчэнне адной-адзінай чалавечай душы, то зусім рэальная магчымасць знішчэння ўсяго чалавецтва.

- Ну вось, - шчыра засмуціўся Амерыканец, - зноў мы не разумеем адзін аднаго. Я не настолькі наіўны, каб сцвярджаць, што жыццё на нашай мілай планеце, дакладней, яго фізічная існасць, калі хочаце, яго матэрыяльная іпастась вечная. На жаль, з вынаходствам ядзерных бомбаў і атамных электрастанцый яна вельмі лёгка можа... як бы гэта дакладней сказаць, перайсці ў нейкі іншы стан, які вельмі адрозніваецца ад цяперашняга... - Амерыканец зрабіў шырокі, прыгожы жэст рукой ад сябе і ўбок, як бы апісваючы казачную прыроду гэтага афрыканскага аазіса. Потым змоўк.

Маўчаў і Расеец, пазіраючы ў тым жа кірунку, куды паказала рука Апанента.

Нават на такім бяскрыўдным узроўні брэйнстормінга не атрымлівалася.

- Ведаеце, мне прыйшла выратавальная ідэя! - раптам страпянуўся Амерыканец. - Давайце ўсё-такі працягнем наш дыялог, але крыху ў іншым ракурсе. Нашы з вамі перакананні, мяркуючы па выніках нашага двухтыднёвага паразумення, амаль што не падаюцца сінергетыцы. Бог з ёю! Паспрабуем весці нашы неафіцыйныя перагаворы наступным чынам. Скажам, я або вы называеце нейкую дзіўную з'яву, якую яшчэ не вытлумачыла навука. Я даю ёй сваё тлумачэнне, вы - сваё. Абавязковым застаецца прынятае папярэдне меркаванне пра тое, што за намі вядзецца Назіранне з Боку. Нейкі не зусім дакладны Эксперымент. Пачнём з той жа азоннай дзіркі. Свой пункт гледжання я выказаў. Цяпер ваша чарга.

На гэты раз Расеец пачаў гаварыць хутка, быццам адказ у яго быў падрыхтаваны загадзя:

- Няхай гэта напамінак, але не момэнто моры! Мне здаецца, што гэта падахвочванне да аб'яднання намаганняў усіх нас. Давайце зададзім сабе пытанне, ці існуе фатальная непазбежнасць гібелі сусветнай цывілізацыі нават у такой экстрэмальнай сітуацыі, як сутыкненне нашай планеты з буйным метэарытам, каметай, якойсьці Немезідай? Раней такая пагібель усяго жывога на Зямлі была прадвызначана. Гэтак жа было?

- Па меншай меры, тры разы, - ужо без прыкмет абыякавасці сказаў Амерыканец.

Ён быў сапраўды буйны вучоны і разбіраўся ў гэтым.

Падумаўшы, Амерыканец дадаў:

- І яшчэ разоў дзесяць такія астранамічныя катастрофы выклікалі гібель прыкладна паловы жывых істот. Гэта даказана навукай.

- А цяпер дапусцім, што такая пагроза ўзнікла ў нашы дні. Нейкая невялікая камета набліжаецца да нас са звышгукавой хуткасцю. Але ў чалавецтва маецца ў распараджэнні яшчэ некалькі дзён. Ці можам мы нешта зрабіць? Мабыць, нават пры цяперашнім нашым развіцці зрабіць нешта можна. Паслаць, скажам, касмічны карабель з магутным ядзерным зарадам у сотні мегатон.

- Ваш Хрушчоў рвануў 50 мегатон над Новай Зямлёй, - нагадаў Амерыканец.

- Давайце лічыць, што дзеяннямі Мікіты Сяргеевіча таксама кіраваў наш Вышэйшы Розум, - прапанаваў Расеец.

- З'еў, - рассмяяўся Апанент. - Працягвайце вашу думку.

- А яна - закончана! Аб'яднанымі намаганнямі мы здолеем усё!

Расеец змоўк, а яго Апанент на гэты раз з пачуццём шчырага захаплення пазіраў на гэтага худзенькага чалавека ў недарагім шэрым касцюме, на чалавека, якому шмат чаго давялося пабачыць. Менавіта цяпер ён вырашыў падзяліцца з гэтым мала знаёмым субяседнікам з «іншага берага» сваім Галоўным Сумненнем.

Ён пачаў так:

- Я вам адкрыю зараз маленькую тайну. Вельмі прашу вас дапамагчы мне. Вы, канешне, зразумелі, што я веру ў Бога, як Нільс Бор і Іван Паўлаў...

Расеец хацеў нешта запярэчыць, але змоўчаў.

- Я веру ў тое, што Біблія - гэта тая самая інфармацыя па нашым выратаванні, якая магла прыйсці толькі Адтуль. І вось - амаральнасць - «Песні песняў» Саламона; асвячоны Богам генацыд і... на табе - непраціўленне злу насіллем... Як усё гэта сумясціць у рамках Эксперымента? Я вам працытую толькі адно месца з Свяшчэннага Пісання. Не здзіўляйцеся маёй тэалагічнай падкаванасці - да адыходу ў навуку я быў прапаведнікам, як наш прэзідэнт Джымі Картэр. Значыць, Другазаконне, пятая кніга Майсея, раздзел дваццаты з першага радка, або, як мы кажам, з першага сціха. «Калі ты выйдзеш на вайну супраць ворага твайго і ўбачыш коней і калясніцы і народу больш, чым у цябе, то не бойся іх; бо з табою Гасподзь, Бог твой, які вывеў цябе з зямлі Егіпецкай.

Калі ж распачынаеце бітву, тады няхай падыдзе свяшчэннік і гаворыць народу...»

І скажа яму:

«Слухай, Ізраіль! вы сёння ўступаеце ў бітву з ворагамі вашымі: ды не аслабее сэрца ваша, не бойцеся, не бянтэжцеся і не жахайцеся іх, таму што Гасподзь, Бог ваш, ідзе з вамі, каб пазмагацца за вас з ворагамі вашымі і выратаваць вас».

Наглядчыкі ж няхай аб'явяць народу, гаворачы: «Хто пабудаваў новы дом і не абнавіў яго, той няхай ідзе і вернецца ў дом свой, каб не памёр у бітве і іншы не абнавіў яго. І хто насадзіў вінаграднік і не пакарыстаўся ім, той няхай ідзе і вернецца ў дом свой, каб не памёр у бітве і іншы не пакарыстаўся ім. І хто заручыўся з жонкаю і не ўзяў яе, той няхай ідзе і вернецца ў дом свой, каб не памёр у бітве і іншы не ўзяў яе».

І яшчэ аб'явяць наглядчыкі народу, і скажуць: «Хто баязлівы і маладушны, той няхай ідзе і вернецца ў дом свой, каб ён не зрабіў баязлівымі сэрцы братоў яго, як яго сэрца».

Калі наглядчыкі скажуць усё гэта народу, тады трэба паставіць вайсковых начальнікаў у правадыры народу.

Калі падыдзеш да горада, каб зваяваць яго, прапануй яму мір...»

Як бачыце, дагэтуль усё гучыць прыстойна, я сказаў бы, нават гуманна. А далей?

«Калі ён пагодзіцца на мір з табою і адчыніць табе вароты, то ўвесь народ, які знойдзецца ў ім, будзе плаціць табе даніну і служыць табе».

Пакуль таксама ўмяшчаецца ў рамкі нават сучаснага гуманіста. А цяпер - увага!

«Калі ж ён не пагодзіцца на мір з табою і будзе весці з табою вайну, то асадзі яго. І калі Гасподзь, Бог твой, аддасць яго ў рукі твае, паразі ў ім увесь мужчынскі пол вастрыём мяча. Толькі жонак і дзяцей, і худобу, і ўсё, што ў горадзе, усю здабычу яго вазьмі сабе і карыстайся здабычай ворагаў тваіх, якіх аддаў табе Гасподзь, Бог твой».

Цікавы паварот, ці не праўда? А цяпер - найцікавае. Гаворка пойдзе пра гарады зямель, якія насялялі плямёны хацеяў, амарэяў, хананеяў, ферэзеяў, явеяў, іевусеяў, што зніклі потым з твару зямлі. Тут мы маем зусім іншы падыход.

«А ў гарадах народаў гэтых, якіх Гасподзь, Бог твой, дае табе ў валоданне, не пакідай жывой ні адной душы, але аддай іх закляццю».

Гэта значыць, вынішчы ўсіх да аднаго: і мужчын, і жанчын, і старых, і дзяцей - так патрабуе Гасподзь.

Амерыканец прыгнечана змоўк, а Расеец, выкарыстоўваючы паўзу, прамовіў:

- Зноў нагадвае адну ваяўнічую песню, якая суправаджала рытуальны танец «Перад боем» аднаго са старажытных плямён Новай Каледоніі.

- Нападаем мы на нашых ворагаў?

- Так.

- Ці ж моцныя яны?

- Не.

- Ці мужныя яны?

- Не.

- Мы іх заб'ём?

- Так.

- Мы іх з'ядзім?

- Так.

- Ваша праўда, - ажывіўся Амерыканец. - Дзіўна тое, што ўжо ў наступным 21 раздзеле падаецца сцэна дыяметральна супрацьлеглая папярэдняй. Нейкая справа Дрэйфуса на фоне масавых забойстваў без суда і следства. Паслухайце.

«Калі на зямлі, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе ў валоданне, знойдзены будзе забіты, што ляжыць на полі, і невядома, хто яго забіў, то няхай выйдуць старэйшыны твае і суддзі твае і змераюць адлегласць да гарадоў, якія вакол забітага; і старэйшыны горада таго, які акажацца бліжэйшы да забітага, няхай возьмуць цяліцу, на якой не працавалі і якая не насіла ярма, і няхай старэйшыны таго горада адвядуць гэтую цяліцу ў дзікую даліну, якая не распрацавана і не засеяна, і заколюць там цяліцу ў даліне; і прыйдуць свяшчэннікі, сыны Левіны; і ўсе старэйшыны горада таго, што бліжэй да забітага, няхай абмыюць рукі свае над галавою цяліцы, якую зарэзалі ў даліне, і аб'явяць і скажуць: «Рукі нашы не пралілі крыві гэтай, і вочы нашы не бачылі. Ачысці народ Твой, Ізраіля, які Ты, Госпадзі, вызваліў, і не пастаў у віну народу Твайму, Ізраілю, нявіннай крыві». І яны ачысцяцца ад крыві. Т а к павінен ты змываць з сябе кроў нявіннага, калі хочаш рабіць дабро і справядлівае перад вачыма Госпада».

Яшчэ ў маладыя гады, чытаючы гэта, я пытаўся ў сябе: «Няўжо наш Вярхоўны Суддзя мог асвяціць такое беспардоннае ханжаства і крывадушнасць, асвяціць навекі, да нашых дзён? Я думаю, і вы на аснове вашага вопыту падтрымаеце маё сцверджанне: да нашага сённяшняга і заўтрашняга дня! Ведаеце, мне гэта маё галоўнае адкрыццё не дае магчымасці верыць у нашы намаганні ў справе разрадкі. Логіка тут простая. Усе нашы малітвы аб міры - гэта тое, што выкладзена ў раздзеле 21 Пятай кнігі Майсея, а нашы практычныя дзеянні - тое, што ў папярэднім раздзеле. І тое, і другое санкцыянавана Звыш. У нашай пабудове прадугледжана Эксперыментам... Вельмі прашу вас знайсці якую-небудзь альтэрнатыву, разумную альтэрнатыву. Хаця б для мяне асабіста...

У просьбе Амерыканца чулася штосьці такое, што прымусіла Расейца задумацца ўсур'ёз і надоўга.

Цемра згушчалася. І ён пачаў гаварыць, калі ўжо зусім зрабілася цёмна:

- Мне здаецца, што гэтая частка нашай з вамі гаворкі стаіць асобна, як раздзел «Вялікі Інквізітар» у «Братах Карамазавых». Каб пазбегнуць легкаважкасці, нададзім ёй канструктыўны характар і пачнём з канстатацыі відавочнага для нас абодвух. Па тых вострых пытаннях, якія вы ўзнялі, чалавецтва не можа параіцца з кімсьці і чакаць з гэтай нагоды Сігналаў з космасу. Бесперспектыўна, калі гаворка не ідзе пра такую ж, як у нас, цывілізацыю. Але нават такі абмен інфармацыяй наўрад ці прадугледжаны Эксперыментам.

Амерыканец кіўнуў галавой, але гэтага ўжо не было відаць.

- Далей. Спробы разгадаць шыфр самога Кіраўніка Эксперымента тым больш не маюць перспектывы: дзеля гэтага трэба знаходзіцца на адным з ім інтэлектуальным узроўні, а гэта наогул выключана. Нарэшце, варожасць сама па сабе шматпланавая. Дыяпазон - ад Мантэкі і Капулеці да «футбольнай» вайны паміж дзвюма дзяржавамі. Лічыць, што ўсе яны спрагназаваныя Звыш, - наіўна. Відавочна, у Эксперыменце маюцца зоны, так сказаць, свабоднага развіцця... А цяпер пра галоўнае, пра «галоўныя» войны, генацыд, паляванне на ведзьмаў, пакаранні «па вышэйшай катэгорыі» ворагаў народа... Гэта зона не можа быць вольнай. Значыць, яна спланаваная. Але з якой мэтай?!

- З якой мэтай? - адазваўся з цемры Апанент. - Ды проста панаглядаць, як паводзяць сябе павукі ў слоіку...

- Такі варыянт выключаны, - цвёрда заявіў Расеец. - Эксперымент «павукі ў слоіку» - звычайнае забойства з прымессю самаапраўдальнага ханжаства, уласцівага гома сапіенсу. Абсалютны Розум вольны ад падобных эмоцый. Забойства пад любым соўсам не можа быць Мэтай. І тут не можа быць нейкага прамежкавага варыянту, бо лёгка праглядваецца, што любы такі варыянт - таксама забойства. Застаецца - незабойства, і трэцяга тут не дадзена! Цяпер застаецца сумясціць усё, пра што вы гаварылі, з ідэяй, на першы погляд, парадаксальнай, якая зусім не ўпісваецца ў Біблію (у Стары Запавет, па крайняй меры), ідэяй практычнага бяссмерцця (я маю на ўвазе не толькі душу!) чалавечага індывідыума, яго незабойствам. А для гэтага трэба вырашыць усяго адну вельмі маленькую праблему: каб чалавек не забіваў самога сябе! Мне вельмі спадабалася адна Ваша думка пра чысціню Эксперымента з дыназаўрамі. Пераўтварэнне гэтых гігантаў з грозных драпежнікаў у бяскрыўдных траваедных - не толькі вялікае дзіва, але і знамянальны прэцэдэнт.

- Вы так лічыце? - глуха прагучала ў цемры.

- Я ўпэўнены, - цвёрда прамовіў Расеец. - У кароткі тэрмін мы эвалюцыянуем ад канібалізму да сусветнага брацтва і вегетарыянства. Спачатку ў пераносным, а затым і ў прамым сэнсе. У гэта трэба верыць! Я мог бы абгрунтаваць гэты тэзіс нават вашымі тэалагічнымі сродкамі. Скажам, параўнаннем Старога і Новага Запаветаў. Але лепш зрабіць гэта вам. Я ж адкажу на пытанне, дакладней - на два пытанні, якія мучылі мяне і многіх маіх суграмадзян і якія, як мне здаецца, могуць узнікнуць і ў вас... Першае пытанне такое. Ці мог гэты эвалюцыйны шлях, а ён яшчэ зусім не закончаны, быць менш жорсткім? А калі ён арганізаваны звонку, то ці мог быць арганізаваны з меншымі крыўдамі для людзей? Усё-такі дзве страшныя сусветныя вайны, а для нашай краіны яшчэ і грамадзянская, культ асобы. Сёння ў нас часта гавораць: «Можна было пазбегнуць...» Мне хацелася б сказаць інакш. Пазбегнуць у прынцыпе можна было. Але з рызыкай пакінуць чалавека ў ранейшым стане - патэнцыяльнага драпежніка і нават братазабойцы, прычым закамуфляванага і пад выратавальніка нацыі, і пад бацьку народаў, і пад самага паслядоўнага змагара за ідэі гуманізму. Нялёгкая гэта справа - выпрацаваць ва ўсім чалавецтве і ў кожнага індывіда на векі вечныя пагарду да драпежніцтва і тыраніі. У мяне дык, наадварот, такое ўражанне, што цана магла б быць і большай. Знаходзячыся ў цвярозым стане (а я не п'ю ні кроплі спіртнога вось ужо больш за 30 гадоў), я гавару дзякуй Эксперыментатару.

Другое пытанне, асабліва высвечанае вашай суайчынніцай Аленай Вайт, нам з вамі лепш сфармуляваць так. Ці былі на гэты конт якія-небудзь дастаткова рэальныя Папярэджанні, Знакі зверху, так бы, у бязбожным варыянце - якія-небудзь Адкрыцці, прасцей кажучы, прадчуванні простых смертных? Думаю, што былі. І зноў з задавальненнем апелюю да вашай думкі пра доўгажыццё тыранаў і кароткі век паэтаў. Мне гэтая думка асабліва блізкая. Пры дзённым святле я нізашто не прызнаўся б, а цяпер цёмна і мне не гэтак сорамна. Мне 58 гадоў, але я яшчэ пішу вершы... Таму, мабыць, я так люблю паэтаў і ненавіджу тыранаў. Тыраны - народ недалёкі. Цімучын, напрыклад, верыў, што ніколі не памрэ. Нават марксіст Сталін загадаў пакараць смерцю доктара, які сказаў праўду пра яго хваробы. Хацеў такім чынам адцягнуць канец. Неразумна і агідна!.. А вось у паэтаў усё па-іншаму. Нават ведаючы дакладна пра сваю блізкую смерць (тут маюцца, як у Пушкіна, надзіва дакладныя прадбачанні), яны журыліся не пра сябе, а імкнуліся перадаць людзям тое, што бачылася адным ім праз магічны крышталь... Па нацыянальнасці я не зусім расеец. Напалову я беларус.

- Гэта ж адно і тое? - пачулася з цемры.

- Амаль. Адрозненне, відаць, у тым, што расейскіх паэтаў ведае свет, а беларускіх - не. А ў нас былі вялікія паэты. І першы сярод іх - наш беларускі Лермантаў - Максім Багдановіч. Вы, канешне, пра яго нічога не чулі. А дарма! Мне цяпер успомніўся адзін яго верш, які пісаўся ў 1912-1915 гадах. Незадоўга перад сваёй ранняй смерцю паэт звяртаецца проста да вас.

- Да мяне? - здзівіўся Амерыканец.

- Так. Пры гэтым надзіва проста і шмат лепш, чым я, вырашае ваша галоўнае сумненне. Паслухайце.

 

Я хацеў бы спаткацца з вамі на вуліцы

У ціхую сінюю ноч

І сказаць:

«Бачыце гэтыя буйныя зоркі,

Ясныя зоркі Геркулеса?

Да іх ляціць наша сонца,

І нясецца за сонцам зямля.

Хто мы такія?

Толькі падарожныя - папутнікі сярод нябёс.

Нашто ж на зямлі

Сваркі і звадкі, боль і горыч,

Калі ўсе мы разам ляцім

Да зор?»

 

- Максім Баг-да-но-віч? Я запомню гэта імя, - сказаў Амерыканец.

Потым ён намацаў у цемры хударлявую руку расейскага Беларуса і моцна паціснуў яе.


1990-2001?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая