epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксандар Гара

Наведніца

Адчуў сябе дрэнна Рыгор Адамавіч яшчэ перад абедам ва ўніверсітэце, усярэдзіне сваёй апошняй у той дзень лекцыі па мовазнаўстве. Гучны аксамітавы голас, якім шчодра надзяліла яго матухна-прырода, раптам здрадзіў яму, зрабіўся хрыплы і глухі. Адначасова заклала вушы і заныла ў горле, не так каб надта моцна, але прыкра і надакучліва. Ужо дома, пад вечар, у Рыгора Адамавіча паднялася тэмпература. Спачатку невялікая, але праз якуюсьці гадзіну яна падскочыла да 38°, і ён зразумеў, што захварэў, упершыню ў гэтым годзе.

Гэта пацвердзіў і выкліканы ім па тэлефоне ўчастковы лекар: цыбаты хударляк з маленькімі неспакойнымі вачыма.

- Ангіна-с у вас, шаноўны, - важна, нібы робячы навуковае адкрыццё, заявіў ён пасля агляду. - Так што давядзецца з тыдзень адпачыць.

Назваўшы лекі, лекар пайшоў.

«Ну што ж, можна і адпачыць», - абвёў позіркам сваю панылую аднапакаёвую кватэру Рыгор Адамавіч, пасля нібы спатыкнуўся вачыма на стосіку папер, які ляжаў на пісьмовым стале.

Яшчэ месяцы са два таму ён задумаў напісаць адну невялікую працу, якую збіраўся выдаць асобнай брашуркай-рэкамендацыяй для студэнтаў. Пісаў ён яе ўрыўкамі, звычайна вечарамі пасля работы, калі галава была ўжо не такой яснай. Таму праца ішла марудна. Але, як той казаў, не бывае ліха без дабра, цяпер ён мог папрацаваць над рукапісам спакойна, без спеху і мітусні. Да таго ж жыў ён адзін. Была калісьці сям'я, але яшчэ гадоў з семнаццаць таму штосьці не заладзілася ў іх з жонкай. І як быццам сваркі былі дробязныя, але праз тры месяцы ўсё закончылася разводам. З той пары ён і халасцякуе. Непакоіць, такім чынам, як быццам не было каму - садзіся і працуй, а разам і лячыся.

«Заўтра з раніцы пачну. А на кафедры нічога з імі не здарыцца, з тыдзень абыдуцца без мяне», - вырашыў Рыгор Адамавіч, узяўшы лекі, і з гэтымі думкамі лёг спаць.

Але папрацаваць над брашурай на наступны дзень яму амаль не ўдалося.

Спачатку раніцай да яго нечакана з важкай гаспадарчай сумкай завітала ў госці сястра: рыжая паўнагрудая маладзіца Альжбета, якая жыла на другім канцы Менска і немаведама як прачула пра братаву хваробу. Была яна нядоўга. Трохі пасядзелі, пагаманілі, успомнілі тое-сёе з дзяцінства, і яна заспяшалася - трэба было на працу. Праводзячы сястру да дзвярэй, Рыгор Адамавіч непрыкметна саўгануў у яе пустую сумку дваццаць даляраў - ведаў, з грашыма ў яе тугавата. Няхай купіць што-небудзь пляменнікам, сама ніколі б не ўзяла - сарамлівая.

Потым, перад абедам, да яго заскочыў даўні сябар, Васіль Шэкін, які прыехаў у Менск у камандзіроўку. Калісь Васька быў бесклапотны сталічны франт, цяпер жа - хто б мог падумаць тады, што з чалавекам адбудзецца такая перамена, - строгі і разважлівы дырэктар перыферыйнага навукова-даследчага інстытута.

І, нарэшце, праз паўгадзіны пасля адыходу сябра да Рыгора Адамавіча нечакана з'явіліся калегі: сівы, зычлівы, з маленькімі летуценнымі вачыма дзядок Патапаў і тлусты фанабэрысты равеснік Латохін. Калі прыход першага яшчэ можна было растлумачыць - старога абавязвала на тое пасада старшыні прафкама факультэта, то з'яўленне Латохіна для гаспадара было загадкай. Яны не ладзілі, а на кафедры і спрачаліся.

Выяснілася ўсё, аднак, даволі хутка. Замяняць на кафедры Рыгора Адамавіча даручылі менавіта Латохіну. А ён гэтую частку курса не чытаў гадоў з пяць. Вось і прыйшоў пазычыць канспекты, каб асвяжыць іх у памяці. Што ж, як той казаў, варагуй, але рабі тое, што трэба.

Калі калегі пайшлі, Рыгор Адамавіч з палёгкай уздыхнуў, падышоў да пісьмовага стала. Турбаваць яго, здаецца, больш не было каму, можна ўрэшце і папрацаваць. Але не паспеў ён пакласці паперу, як з калідора зноў пачуўся пісклявы пранізлівы званок.

«Чорт, каго там яшчэ гоніць? Вось дык дзянёк!» - раззлавана падумаў ён.

Але яго абурэнне, як толькі ён адчыніў дзверы, крыху апала, саступіла месца лёгкаму здзіўленню. На лесвічнай пляцоўцы стаяла хударлявая, у модным прыталеным восеньскім паліто, бялявая, гадоў шаснаццаці-семнаццаці незнаёмая дзяўчына. Яна сарамліва, нібы просячы прабачэння за свой нечаканы візіт, пазірала на яго вялікімі карымі вачыма.

- Вы да мяне? - міжволі кінуў ён першае, што прыйшло ў галаву.

Дзяўчына нясмела павіталася.

- Да вас, калі можна, - дадала яна, апускаючы вочы.

«Студэнтка, ці што? Але штосьці на факультэце я такой не памятаю, - няўпэўнена разважаў Рыгор Адамавіч. - Хаця, можа, з першага курса - там я не ўсіх добра ведаю».

- Праходзьце, - як можна мякчэй сказаў ён і толькі тут звярнуў увагу на сціснуты ў руках дзяўчыны невялічкі плецены кошык, даверху напакаваны прадуктамі.

Дзяўчына ж нерашуча пераступіла парог, спынілася ў пачатку калідора ля вялікага авальнага люстэрка, што вісела на сцяне.

- Рыгор Адамавіч, вы, напэўна, не памятаеце мяне. Я - Люся. Вы прымалі ў нашай групе летам экзамен па літаратуры і паставілі мне тройку, - ціха прамовіла яна. - А цяпер я займаюся на курсах, і на мінулым тыдні вы чыталі нам лекцыю і сёння павінны былі...

Яна запытальна зірнула.

- Чаму ж, я памятаю вас, - схлусіў Рыгор Адамавіч.

Так, сапраўды, ён працаваў у прыёмнай камісіі ў гэтым годзе, але ж колькі іх было, тых абітурыентаў, хіба ж усіх запомніш?

Твар дзяўчыны пасвятлеў.

- Я на хвілінку. Сёння на лекцыях нам сказалі, што вы захварэлі. Я прыйшла вас праведаць... - Голас яе задрыжэў, відаць, яна ўсё ж хвалявалася. - Вазьміце, калі ласка, вось гэта...

Рыгор Адамавіч нерашуча ўзяў працягнуты кошык. Адмовіцца? Няёмка. Але і браць не варта: яна ўсё ж такі вучаніца, а ён настаўнік.

- Што ж, дзякуй. Толькі не варта было турбавацца. Тут лекары панавыпісвалі мне лекаў, - зычліва прамовіў ён, выкладваючы прадукты на стол. - Вы распранайцеся, праходзьце. Не саромейцеся. У мяне госці ходзяць у абутку, - заўважыўшы нерашучасць наведвальніцы, дадаў ён.

- Не-не. Дзякуй, я пайду. Мы дамовіліся схадзіць у кіно з сяброўкай, - вымавіла дзяўчына нягучна, зірнуўшы ў пакой. - А вашу кватэру я такой і ўяўляла. Папраўляйцеся.

Яна зрушылася, запынілася ля дзвярэй.

- А можна, я яшчэ да вас калі-небудзь зазірну? У суботу, напрыклад? - запытала. - Калі вы, канечне, не супраць.

- Калі ласка, - разгублена прамовіў ён, вяртаючы дзяўчыне кошык. - Буду рады...

Пачакаўшы, калі крокі дзяўчыны на пляцоўцы заціхнуць, Рыгор Адамавіч зачыніў дзверы, прайшоў у пакой, у задуменні спыніўся ля стала. Што б гэты візіт мог значыць? Проста знак увагі? Так сказаць, удзячнасць за нялёгкую выкладчыцкую ношу? І гэта за тройку, якая, напэўна ж, пазбавіла яе гэтым летам усякіх шанцаў паступіць? Ды і прачытаў ён на курсах у іх групе толькі дзве лекцыі. А можа, хацела задобрыць перад будучымі экзаменамі? Але ж да іх яшчэ далёка.

Але тады чаго яна прыходзіла?

Наступныя пасля гэтага дні для Рыгора Адамавіча прайшлі спакойна, яго амаль не турбавалі - толькі аднойчы зазірнуў лекар-хударляк ды неяк у абед патэлефанавала сястра, і ён нарэшце ў адзіноце ўвесь аддаўся працы. І ў хуткім часе яна так захапіла яго, што ён амаль забыўся пра дзіўную наведвальніцу.

А яна, як і абяцала, з'явілася пасля палудня ў суботу. З тым самым кошыкам і ў тым самым прыталеным цёмна-карычневым восеньскім паліто. Яна, як і першы раз, нясмела павіталася, прайшла ў пакой і, абвёўшы яго пільным позіркам, усклікнула:

- Ой, які ж у вас беспарадак!

Рыгор Адамавіч пільна сам азірнуў кватэру. І сапраўды, беспарадак. Паваленыя на паліцах кнігі, раскіданыя па падлозе паперы, газеты, усё пакрытае пылам... Лічы, дні чатыры не прыбіраў.

«Чорт, як няёмка. І прынесла ж яе нялёгкая менавіта сёння», - з абурэннем падумаў ён пра дзяўчыну, вымавіў:

- Вы ўжо даруйце, Люся, старому. Запрацаваўся. Я зараз прыбяру. А вы прысядзьце, пагартайце вось, - вачыма паказаў ён на стосік свежых часопісаў на пісьмовым стале.

Але дзяўчына запярэчыла:

- Не-не. Давайце я. Прыбіраць - справа жаночая. Венік у вас дзе, на кухні?

Не чакаючы згоды, яна шмыгнула ў калідор і праз хвіліну вярнулася з венікам і саўком.

Збянтэжаны і здзіўлены той зменай, якая адбылася з дзяўчынай літаральна на вачах, Рыгор Адамавіч так і прастаяў увесь час, пакуль госця прыбірала, не могучы выціснуць з сябе ні слова. Толькі ўжо за чаем, крыху апамятаўшыся, ён адважыўся завесці з ёй размову.

- А вы будзеце добрай гаспадыняй, Люся, - кіўнуў ён на вымытую да бляску падлогу і ўзяў з паўміска лустку батона.

Варэнне, якое прынесла дзяўчына, было надзіва смачнае. Салодкае, з прыемным лясным пахам, яно раставала ў роце. Адразу відаць, што не магазіннае, а свайго, дамашняга, гатунку. Калісь вось такое варыла ягоная жонка.

Выпіўшы чаю, дзяўчына ледзь прыкметна ўсміхнулася.

- Можа. Але ўвогуле я не надта люблю прыбіраць. Гэта мяне мама прывучыла. Яна цярпець не можа непарадку. А я, яна кажа, уся ў бацьку пайшла, - па яе твары прабегла загадкавая ўсмешка, - такая ж няўважлівая...

- А варэнне? Варыў хто: мама ці вы? - зацікаўлена спытаўся ён.

- Вам спадабалася?

- Вельмі! - не зводзячы з Люсі вачэй, сказаў Рыгор Адамавіч шчыра. Дзяўчына здавалася яму ў гэтую хвіліну надзвычай прывабнай. Чысты тварык, густыя бялявыя валасы, вялікія цёмна-карыя вочы, а ў іх задзірлівая ўсмешка... Зусім не выключана, што хлопцы лічылі яе нават прыгожай.

«Але ўсё ж чаго яна прыйшла? - мільганула ў яго думка. - Не можа ж быць, каб проста так? Нешта ж ёй ад мяне трэба? Але што?»

- Варыла сама, - адказвала дзяўчына весела. - Праўда, па маміным рэцэпце. Яна ў мяне вялікі прыхільнік народнай медыцыны і кухні. Нават працаваць перайшла ў аптэку.

- А бацька ваш хто, Люся?

- Ён не жыве з намі. А так па прафесіі настаўнік, - апусціўшы вочы, вымавіла госця з непрыхаваным цяжарам.

Зразумеўшы, што за словамі дзяўчыны хаваецца нейкая сямейная драма, успамінаць аб якой ёй непрыемна, Рыгор Адамавіч заспяшаўся змяніць тэму гаворкі.

- Ну а чым вы, Люся, яшчэ цяпер занятая, акрамя вучобы ў нас на курсах? Працуеце, вучыцеся? І, можа, у вас да мяне якая справа?

- Вучуся ў СПТВ на швачку, - ціха адказала дзяўчына. - Як не паступіла ва ўніверсітэт, дык адразу і падала туды дакументы. Хоць якая спецыяльнасць на руках будзе. Жыву тут, недалёка ад вас, у інтэрнаце. Ну а справа ёсць. І вельмі сур'ёзная, - дадала яна нягучна. - Толькі я не ведаю, можа, як-небудзь іншым разам.

«Ну вось, значыць, усё ж не так проста прыйшла, - расчаравана падумаў Рыгор Адамавіч, ставячы кубак на стол. - Але што ж ёй трэба? Можа, якія-небудзь непрыемнасці па вучобе?»

- Не, вы не саромейцеся, гаварыце, - як можна мякчэй вымавіў ён. - Я вас слухаю. І, калі гэта будзе мне па сіле, абяцаю дапамагчы.

Дзяўчына памарудзіла.

- Я, здаецца, закахалася, - нарэшце прамовіла нясмела.

- Закахаліся? - чамусьці запытаў ён.

- Я хачу з вамі параіцца, Рыгор Адамавіч. З вашых лекцый я зразумела, што вы добра разбіраецеся ў жыцці. Ды і, акрамя вас, у гэтым горадзе ў мяне няма нікога, каму б я магла даверыцца. Гэта здарылася яшчэ летам. Я пакахала яго адразу, як толькі ўбачыла. Але да сённяшняга дня ніяк не магу прызнацца яму ў гэтым, лепш сказаць, не адважуся.

- Між вамі існуе нейкая перашкода? - асцярожна пацікавіўся Рыгор Адамавіч.

- Так, - з горыччу ў голасе праказала дзяўчына.

- Ён што, жанаты?

- Не-не, цяпер не, - разгублена прамовіла Люся. - Проста старэйшы за мяне амаль на дваццаць пяць гадоў. І пасля... Не, я імкнулася сябе перасіліць, але не атрымліваецца.

На вачах у дзяўчыны з'явіліся слёзы.

- Ну-ну, вытрыце. Каханне - гэта ж заўсёды цудоўна, - сказаў Рыгор Адамавіч павучальна, разважаючы над тым, як гэта цяпер у маладых усё проста атрымліваецца. Пакахала амаль яго равесніка, які гадоў гэтак праз пяць-дзесяць будзе ледзь не старым. Ад кахання адмовіцца не хоча. А што ён можа ў гэтай сітуацыі параіць? Выкінуць усё з галавы, забыць? Але ж таму і прыйшла, што не можа...

- Скажыце, Люся, а хто ён, ваш выбраннік? Я яго ведаю? - спытаў ён мякка.

- Магчыма. Але ж гэта не так і важна. Галоўнае, што ён добры чалавек і нават не здагадваецца пра маё каханне.

«Усе яны добрыя спачатку, - каханне заўсёды слепіць. Гэта пасля, калі першы пыл астыне, прыходзіць прасвятленне», - нявесела падумаў Рыгор Адамавіч, міжволі ўспомніўшы пра сваё няўдалае жыццё з былой жонкай. Таксама спачатку здавалася... А пасля куды ўсё дзелася, адны папрокі ды крыўды. То ёй гэта не так, то тое, то раптам дзіцё захацелася. І гэта перад самай яго дыпломнай ва ўніверсітэце. У выніку іх сямейны саюз лопнуў, як тая мыльная бурбалка. Ну ды хай сабе, справа, як кажуць, даўно мінулая. Але як жа яму ўсё ж быць у гэтай сітуацыі?

- Значыць, калі я вас правільна разумею, вы просіце парады, як вам быць далей? - ціха спытаў ён пасля некаторай паўзы.

- Так, хацелася б. Але я разумею, што параіць вам тут цяжка што-небудзь, - сумна прамовіла дзяўчына. - І наогул, магчыма, я дарэмна вас патурбавала. Вы ўжо прабачце, калі ласка.

Яна ўстала.

- Я, напэўна, пайду. У мяне сёння яшчэ шмат спраў, - дадала яна ціха.

«Яе нельга так проста адпускаць. Нешта трэба сказаць, нечым суцешыць», - паднімаючыся, вырашыў Рыгор Адамавіч.

- А ведаеце, Люся, давайце дамовімся так, - прапанаваў ён ужо ў калідоры, - вы яшчэ раз добра ўсё абдумаеце. Узважу і я, тут жа нельга з налёту. А заўтра з вамі сустрэнемся і разам знойдзем нейкае рашэнне? Згода?

Твар дзяўчыны пасвятлеў.

- Згода, - радасна павярнулася яна на парозе.

Зачыніўшы за дзяўчынай дзверы, Рыгор Адамавіч вярнуўся ў пакой.

Вось дык размова выйшла, разважаў ён, падышоўшы да акна. Дзяўчыны на тратуары ўжо не было, на прыпынку таксама. Ці яна паспела паехаць, а мо пайшла іншай вуліцай. Але што ж ён ёй скажа заўтра? І трэба ж было ляпнуць... І чаму яна з гэтым прыйшла менавіта да яго? Бачыце, ён добра разбіраецца ў жыцці? Хіба ж гэта прычына для такой шчырасці? А хто яе абраннік? Чаму яна не назвала яго? Прыйшла з адкрытасцю і не назвала? Дзе тут логіка?

Рыгор Адамавіч адышоў ад акна, на хвілінку прыпыніўся насупраць старога трэльяжа, падараванага яму яшчэ нябожчыцай маці, міжволі ўгледзеўся ў сябе. Ну і выгляд! Божухна, якім жа таўкачом ён выглядаў у вачах дзяўчыны ў гэтым шэрым пацёртым халаце, з павязаным на горле старым і выцвілым ручніком, аброслы калючым шчаціннем, лічы, тыдзень не галіўся, з самага першага дня хваробы. Пудзіла гарохавае, а не выкладчык.

Ён, нібы малое дзіця, скрывіўся і адхіснуўся ад люстэркаў, няспешкі прайшоў па пакоі. Думкі яго зноў пераключыліся на дзіўную размову. Не, бясспрэчна, уся гэтая гісторыя неяк яму не падабалася. Такое адчуванне, што ён не ўсё зразумеў у ёй. Але што? Гэты таямнічы яе абраннік? Чаму менавіта думкі пра яго так хвалююць? Хто ж ён? Галоўнае, ён яго ведае? Значыць, ён з універсітэта? І, мяркуючы па ўзросце, нехта з калег. Але хто ж гэта можа быць?

«На дваццаць пяць гадоў старэйшы, - успомніў ён словы дзяўчыны. - Халасты. Нават не здагадваецца...»

Але ж халасты на факультэце толькі...

Ад раптоўнай здагадкі Рыгора Адамавіча нібы абліло кіпетнем.

Усхваляваны, ён доўга хадзіў па пакоі.

Пасля, калі ўзбуджэнне крыху прайшло, ён цяжка апусціўся на канапу. Трэба было ўсё абдумаць спакойна, без мітусні...

 

У нядзелю Рыгор Адамавіч прачнуўся толькі гадзін каля адзінаццаці. Спачатку глынуў лекі, пасля стаў пад душ, пагаліўся, дастаў з шафы касцюм і новую белую кашулю, старанна адпрасаваў іх, але праз хвіліну ўся гэтая падрыхтоўка падалася яму непатрэбнай і недарэчнай - не на ўрачыстасць жа збіраецца, а будзе нялёгкая і няпростая размова. Павесіўшы кашулю і касцюм назад у шафу, ён надзеў звычайны вельветавы халат і, зірнуўшы на гадзіннік, - быў пачатак трэцяй, - падышоў да акна. Дзяўчына павінна была з'явіцца з хвіліны на хвіліну. Ён паспрабаваў пракруціць у думках яшчэ раз сюжэт прызначанай на сёння размовы. Усё атрымлівалася неяк суха і штучна. І трэба ж было яму ўчора ляпнуць... Як кажуць, не мела баба клопату, купіла парася.

Ён прыкмеціў дзяўчыну здалёк, яшчэ на прыпынку, які бачыўся з яго пятага паверха як на далоні. Дзяўчына была ў джынсах і ў просценькай светла-блакітнай куртачцы. На яе правым плячы матляўся ўсё той жа плецены кошык. Ішла яна лёгка і нязмушана, нібы летучы над зямлёю.

Рыгор Адамавіч паспрабаваў на імгненне ўявіць сябе побач з Люсяй. Не, як усё выходзіла недарэчна і нават смешна. Гэтакі стары асёл побач з маладой абаяльнай дзяўчынай. Ён саркастычна ўсміхнуўся, уявіўшы зларадны твар калегі Латохіна, калі б той убачыў такую сцэну. І даўся ж яму гэты выскачка...

Калі дзяўчына параўнялася з вуглом суседняга дома, Рыгор Адамавіч адхіснуўся ад акна, прайшоў у калідор. Адчыніўшы на званок дзверы, ён з выгляду як бы здзівіўся.

- А, гэта вы? Заходзьце, рады вас бачыць. Вельмі рады.

Павітаўшыся, дзяўчына нерашуча пераступіла парог, вінавата прамовіла:

- Прабачце, я, здаецца, крыху спазнілася. Быў сход у вучылішчы.

- Нічога-нічога. Вялікай бяды тут няма. Чаго-чаго, а часу ў мяне цяпер хапае, - зычліва адказаў Рыгор Адамавіч. - Вы распранайцеся, праходзьце.

Зняўшы куртку, дзяўчына паправіла на галаве прычоску, прайшла ў пакой. Твар яе быў крыху стомлены - напэўна, ад бяссоннай ночы, але вочы глядзелі весела і гарэзна.

- Ну што ж, вернемся да ўчарашняй нашай размовы, - запрасіў Рыгор Адамавіч дзяўчыну сесці. - Бачу, вы шмат разважалі...

Ён адразу ж у думках вылаяў сябе за сухаваты тон. Праклятае становішча, як ні круці, а ён усё ж выкладчык, і перад ім будучая абітурыентка.

- Увогуле, так, - не зусім упэўнена адказала дзяўчына, нібы раздумваючы пра штосьці сваё.

- Ну і да якой жа высновы вы прыйшлі?

- Як вам сказаць... - дзяўчына на імгненне задумалася. - Ведаеце, я вырашыла так, галоўнае, я змагла пакахаць. А вы ж самі ўчора сказалі: кахаць - гэта заўсёды цудоўна.

- Гм... так, - Рыгор Адамавіч цяжка ўздыхнуў.

«А яна па-ранейшаму суцяшае сябе надзеяй, - з абурэннем падумаў ён пра дзяўчыну. - І нічога тут не папішаш - маладосць заўсёды наіўная».

- Значыць, так рашылі, - няспешна прамовіў ён, імкнучыся не пазіраць дзяўчыне ў вочы. - Што ж, магчыма, вы і праўду кажаце, але... Павінен вас, Люся, перасцерагчы ад паспешлівых учынкаў.

Рыгор Адамавіч устаў з крэсла, паволі пайшоў па пакоі. Ён адчуваў, што гаворыць не тым тонам, які цяпер патрэбны, павучальна, нібы чытае лекцыю, але нічога з сабою зрабіць не мог.

- Бачыце, на жаль, нават самыя, здавалася б, светлыя і шчырыя нашы пачуцці падчас бываюць падманнымі. Сустрэлі адно аднаго, здаецца, шчыра пакахалі, стварылі сям'ю, а праз нейкія паўгода-год прыйшло расчараванне - пачуцці некуды зніклі, засталіся толькі гаркота і крыўда. І людзі разбягаюцца ў розныя бакі. Так што спяшацца не трэба, каб пасля не расчароўвацца за неабдуманы ўчынак. І тым больш, калі каханне ўзнікае да чалавека іншага пакалення. Зразумейце мяне правільна...

Рыгор Адамавіч перавёў дыханне, кінуў позірк на Люсю. Павярнуўшы галаву, дзяўчына адлучана пазірала некуды ў акно. Насуперак яго чаканням твар яе захоўваў спакой, і толькі ў вачах чытаўся нейкі ледзь заўважны цень заклапочанасці.

- А лісце ўжо зусім асыпалася, - кіўнула яна на алею, што была відаць за шклом. - А без яго дрэвы...

Не дагаворваючы, дзяўчына павярнула галаву.

- Прабачце, я, здаецца, адхілілася, - вінавата прамовіла яна. - Не ведаю, можа, вы і праўду кажаце, Рыгор Адамавіч, але... Можна задаць вам пытанне? Яно будзе датычыцца асабіста вас, - тут жа папярэдзіла яна.

Рыгор Адамавіч са згодай кіўнуў:

- Чаму ж, пытайцеся. У мяне няма ад вас сакрэтаў.

- Тады скажыце, а ў вас у жыцці калі-небудзь было сур'ёзнае пачуццё?

Рыгор Адамавіч на хвіліну задумаўся. Пытанне падалося яму невыпадковым.

- Ды як вам сказаць, - прамовіў ён ухільна, - калісьці я быў амаль упэўнены ў гэтым. Але, ведаеце, Люся, з гадамі ўсё ўспрымаецца крыху іначай.

- Значыць, па-сапраўднаму не кахалі, калі так гаворыце, - зразумела ўсё па-свойму дзяўчына. - І цяпер я разумею вас, хоць і не зусім. Вы перасцерагаеце мяне, Рыгор Адамавіч, што каханне падманлівае, але ж не заўсёды гэта так. Не ведаю, што бывае паміж людзьмі розных пакаленняў, можа, тут вы і маеце рацыю, толькі, бачыце, я кахаю крыху інакш. А вось вас мне, Рыгор Адамавіч, шкада, - дадала яна са спачуваннем. - Вы жывяце адзін у пустой кватэры, без любімага чалавека, загадзя асуджаючы сябе на адзіноту. І, пакуль не позна, вам трэба закахацца.

«Вось табе і на, - жахнуўся Рыгор Адамавіч, як толькі дзяўчына змоўкла. - Прыйшла параіцца, а сама павучае».

Ён хацеў сказаць ёй штосьці рэзкае пра тое, што яна мала яшчэ разбіраецца ў жыцці, але, перасіліўшы сябе, спакойна прамовіў:

- Вы разважаеце, Люся, вельмі катэгарычна. Але, на жаль, у жыцці не ўсё так проста...

Ён зрабіў паўзу.

Далей размова не атрымлівалася. Калі ён падмеўся правесці яе да прыпынку, дзяўчына запярэчыла, хоць пачынала ўжо цямнець. На развітанне ў калідоры яна папрасіла прабачэння за прычыненыя турботы.

Вярнуўшыся ў пакой, Рыгор Адамавіч узяў лекі і, не распранаючыся, прылёг на канапу.

«А яна з характарам, - заклаўшы рукі за галаву, думаў ён пра дзяўчыну. - Парада ёй, бачыце, патрэбная. А ў самой даўно і на ўсё прыгатаваны адказы. Мала таго, дык яшчэ і павучае - ёй не падабаецца, як я жыву! Ды і сам таксама добры - развёў сантыменты...»

«Але пачакай, як гэта яна сказала... Ах вось - любіць іншай любоўю, - прыгадаў ён раптам словы дзяўчыны. - Гэта якой жа іншай? Як роднага, бачыце, чалавека? Гэта што ж такое за пачуццё ў семнаццаць гадоў?»

«Але ж роўна семнаццаць гадоў таму, - адхілена падумаў Рыгор Адамавіч, - ты разышоўся з жонкай».

І пабялеў.

Устаўшы з канапы, ён усхвалявана пачаў хадзіць па кватэры...

Ноччу ён спаў дрэнна.

Раніцой схадзіў у паліклінніку да ўчастковага лекара, адзначыў бюлетэнь, потым, выпіўшы кубак гарбаты, сеў за рукапіс. Але, пракарпеўшы над ім да поўдня, кінуў нудны занятак, бо думкі блыталіся, збіваліся, міжволі пераключаліся на іншае. Ніяк не забывалася ўчарашняя размова і ўсхваляванасць...

Адкінуўшыся ў крэсле, ён уявіў сабе, што ўчора дзяўчына прыйшла ў інтэрнат, пераапранулася, павячэрала, памылася, а пасля... пасля, закруціўшыся з галавою ў коўдру, доўга сядзела з сумнымі вачыма ля акна, адлучана ўзіраючыся ў начную цемру. І прычынай яе невясёлага роздуму быў ён.

Цяжка ўздыхнуўшы, Рыгор Адамавіч устаў з крэсла і, пераапрануўшыся, выйшаў на вуліцу.

Было па-восеньску халаднавата, да таго ж дзьмуў парывісты паўночны вецер. Падняўшы каўнер, ён няспешкі пайшоў па тратуары.

Хадзіў ён па горадзе даволі доўга, пакуль нечакана для сябе не ўсвядоміў, што знаходзіцца зусім побач з той вуліцай, на якой жыве дзяўчына.

«Цяпер яна ўжо, напэўна, дома, - падумаў ён, зірнуўшы на гадзіннік. - Заняткі ж у яе да трох, а зараз пачатак пятай».

Ён раптам злавіў сябе на тым, што хоча ўбачыць дзяўчыну, менавіта цяпер, тут жа, і як след пагаварыць. І тут жа пачырванеў, як школьнік, уявіўшы, што гэта будзе незвычайнае відовішча: сівы паджылы мужчына кліча маладую абаяльную дзяўчыну. У бабулі-вахцёркі, відаць, ад здзіўлення пабольшаюць вочы.

«Ну і чорт з імі, з усімі гэтымі бабулямі і Латохінымі. Няхай думаюць, што хочуць», - вырашыў Рыгор Адамавіч і накіраваўся да інтэрната.

Бабуля-вахцёрка сустрэла яго ветліва.

- Кажаце, бялявая такая, прыветлівая... А як жа, ведаю-ведаю, галубок. Толькі выбралася яна сёння. Яшчэ перад абедам. Сказала, дадому едзе...

Не перастаючы вязаць, яна зычліва зірнула з-пад акуляраў.

- А вы як ёй даводзіцеся? Бацька? Падобная на вас. Вельмі падобная.

- Ды як сказаць... Здаецца, - разгублена прамармытаў Рыгор Адамавіч і, папрасіўшы прабачэння, выйшаў, нявесела думаючы пра тое, як нядобра ўсё выйшла...

Дадому ён вярнуўся позна ўвечары, празяблы і стомлены. Ляніва пераапрануўся, выпіў кубак кавы, пасля, крыху сагрэўшыся, падумаў: «Вось дык сустрэча выйшла. Хоць у чым ты вінаваты? Ты ж нават не думаў, што яна ёсць. Не думаў ці не хацеў думаць? Як нядобра ўсё выйшла...»

Устаўшы з-за стала, ён падышоў да акна. За шклом церушыў самотны кастрычніцкі дождж. Было паныла і адзінока...


1990-2001?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая