epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксандар Гара

Нічые жыцці

Быў ціхі ясны студзеньскі дзень. Сонца ўзнялося ў свой зімовы зеніт, але амаль не грэла. Навокал на палях і лугах белым цукрам іскрыўся нечапаны снег. Аж да самага Нёмана.

Узышоўшы па вытаптанай праз поле сцяжынцы на невялічкі пагорак, Клаўдзея скінула з плячэй сумку з хлебам і прыхінулася да пакрытага наледдзю вялікага халоднага каменя, што ляжаў тут, колькі сябе помніла.

Ішла яна без перадыху кіламетры тры, ад самай сярэдзіны цэнтральнай сядзібы калгаса, дзе быў адзіны на ўсю акругу магазін, і прытамілася: ногі ўжо не тыя, не хочуць слухаць. Ды дзіва што - за сёмы дзесятак пераваліла. Хоць да яе хацінкі адсюль было рукой падаць, аж усю дарогу без перадышкі не адолела.

Хатка, старая, прыземістая, з дзіравым дахам і замшэлымі сценамі, стаяла трохі ў баку ад вёскі. На прыпарушаным снегам пагорачку каля ніцага пералеску здавалася яна здалёк сірацінкай, што выпадкова зайшла туды. Яшчэ ў мінулым годзе восенню заязджаў да яе старшыня калгаса, прапаноўваў пераехаць у вёску ў новую аднапакаёвую кватэру, але Клаўдзея Ануфрыеўна наадрэз адмовілася. Яно, відаць, было б там ёй лепш, усё побач: крама, пошта, службы ўсялякія. І да людзей бліжэй. Было б з кім перакінуцца слоўкам. Весялей, што ні кажы, чым адной. І дамы ладныя будуе цяпер калгас: двухпакаёвыя, з вялікімі гаспадарчымі прыбудовамі. І газ прыродны ў іх, і каналізацыя. Ні паліць не трэба, ні па ваду хадзіць. Але міла ёй была свая хатка. Вельмі памятліва прайшло ў ёй усё жыццё Клаўдзеі Ануфрыеўны. І хатку, пабудаваную яшчэ дзедам, пакідаць было шкада.

У гэтай хатцы яна нарадзілася, прайшло тут дзяцінства, цяжкае і галоднае, рана памёр бацька. Сюды яна вярталася пасля знясільваючай парабчанскай працы ў заможных аднавяскоўцаў пры панскай Польшчы. Тут яна справіла і вяселле са статным чубатым хлопцам, якім быў яе Васіль. Але шчасця з ім доля адпусціла нядоўгага. Муж аказаўся працавітым, клапаціўся пра сям'ю і гаспадарку. Хату падрамантаваў, паднавіў усярэдзіне, паставіў новы хлеў, абгарадзіў сядзібу. На гэты час прыйшла ў іх прынёманскі край савецкая ўлада, надзяліла ўсіх зямлёй, хто не меў яе. Пабольшала дастатку ў хаце. Нарадзіла яна Васілю дзвюх дачок. Здавалася, жыві ды радуйся...

А тут вайна праклятая. Як пайшоў яе Васіль з адступаючым войскам, дык і сёння няма. А ў самым канцы лютага ліхалецця памерла яе старэнькая маці. І засталася яна ўдавой з двума дзеткамі на руках. А ці трэба расказваць каму, якое цяжкае было пасляваенне - спусташэнне навокал. Але ўсё ж здужала, выстаяла, дачок на ногі паставіла. Спадзявалася, што на старасці памочніцамі і апорай будуць, да смерці дагледзяць. А яны выраслі, выпырхнулі з роднага гнязда і паляцелі, як пералётныя птахі. Век такі - усе маладыя шукаюць шчасця на старане, уцякаюць у горад. І засталася яна адна-адзінокая.

Дочкі, праўда, яе не забывалі, наведвалі. Старэйшая дык радзей. Надта ж далёка забралася ад роднай хаты, аж на Ўрал, у Свярдлоўск. Завербавалася на будоўлю, там і замуж выйшла, і кватэру атрымала, двух унучкаў нарадзіла. Нядаўна пісьмо прыслала. Піша, што купілі машыну. На лета сваім ходам збіраюцца прыехаць у госці. Усё, дзякаваць Богу, ладком у большанькай, у Марусечкі. А вось у меншай...

Успомніла пра яе, і заныла сэрца ў Клаўдзеі Ануфрыеўны. Пакуль не складваецца штосьці жыццё ў яе меншанькай, Сонейкі. І быццам недалёка ад яе сваё гняздзечка звіла дачушка, зусім побач з радзіннай старонкай, у Менску. Але не ва ўцеху ёй пакуль гарадское жыццё. Ледзьве ўладкавалася на працу, як замуж выйшла, а года не пражылі - разышліся. Потым другі раз выйшла. І зноў штосьці няма ладу. Муж да работы не падкі, усё больш у чарку глядзіць. З-за гэтага свет гарыць. То разбягаюцца, то збягаюцца, а маленькаму ж іх, унучачку яе, ужо два годзікі. Хутка разумець пачне. Няўжо і яго чакае праклятая бязбацькаўшчына?

А яшчэ Клаўдзея Ануфрыеўна нядаўна пачула, што быццам бы Сонейку хтосьці з аднавяскоўцаў бачыў у Менску на вуліцы п'яную... Божа літасцівы, няўжо праўда?! Але не, быць такога не можа. Не хочацца верыць, што яе крывіначка дойдзе да такога. Нагаворваюць злыя людзі, і толькі. Цяпер жа няма Бога ў сэрцы, чужая бяда радуе. Вось неўзабаве дачка кватэру павінна атрымаць. Тады, можа, і стане ўсё на месца. Свой куток шмат значыць, а там, глядзіш, і мужык астадоліцца. Адразу, як пажаніліся, не піў жа. Ды і пара яны адно аднаму. На вяселлі ўсе людзі імі любаваліся. Пажыць бы яшчэ гадок-другі. З пенсіі, з двара якую б капейку агорала, памагла б на мэблю. Усё ж лягчэй будзе дачцэ. Адна бяда - здае апошнім часам здароўе: і ногі цяжэюць, і ў руках няма былога спрыту. А на мінулым тыдні і сэрца было зайшлося. Дакторка сказала, берагчыся трэба. А за кім жа ты паберажэшся? Гэтай ноччу во сон сніла. Дрэнны, страшны сон. Але хай Бог мілуе.

Падумаўшы гэтак, Клаўдзея Ануфрыеўна цяжка ўздыхнула і перавяла позірк на сваю хацінку.

І сэрца як абарвалася.

У двары каля хаткі нехта тупаў. Мужчына гэта быў ці жанчына, здалёк не разабраць. Але там хадзіў чалавек. Упэўнена, быццам здавён ведаў кожную сцежку каля хаты. Дык то ж не чужы, нехта са сваіх. Каму ж там быць, акрамя Сонейкі, меншанькай яе?! Большая ніяк цяпер прыехаць не магла. Па ўсім выходзіць, яна, Сонейка, прыехала адведаць старую маці. Лёгкая на ўспамін! Але чаму сярод тыдня? Можа, адгул на рабоце ўзяла?

Клаўдзея Ануфрыеўна паспешліва, аж хістанула ў бакі, закінула за плечы сумку і таропка пайшла дадому.

Падышоўшы да плота, зразумела, што не пазнала. Хоць, праўда, і не зусім. Прыехала не Сонейка. Гэта быў Антон, яе мужык, зяць Клаўдзеі Ануфрыеўны. Рослы, мардаты, у доўгім чорным паношаным паліце, што і збіла яе з тропу: здалёку здалося, што гэта футра меншанькай. І быў Антон не адзін, а з двухгадовым Іванкам, яе ўнучкам. Няўмела захутанае ў коўдру, дзіця сядзела ў саначках, што стаялі ля парога, і нявінна пазырквала сваімі маленькімі вочкамі па баках. Яно яшчэ мала што разумела.

Зяць сустрэў цешчу прыветна. І, супраць яе боязі, - цвярозы.

- А, маманя. Добры дзень! Нарэшце і вы. А мы з Ванькам ужо зачакаліся вас. З гадзіну як прыехалі. У магазін, значыць, хадзілі хлеба купіць...

Клаўдзея Ануфрыеўна згодна кіўнула. Да гэтага часу адносіны з зяцем былі ў яе немудрагелістыя. Уласна, іх амаль і не было. Прыязджала з ім Сонейка не часта, разы тры-чатыры, ад сілы пяць. Ды і то кожны раз ён быў нецвярозы. А пра што ж гаварыць з п'яным? Перакінуцца некалькімі парожнімі фразамі, а паразумення няма, як і не было. Да гэтага часу яна толкам не ведала нават, адкуль ён родам. Чула ад Сонейкі, што аднекуль з Расеі. А Расея ж вялікая. І цяпер не знаходзіла, як паводзіць сябе з зяцем, пра што гаварыць з ім, цвярозым: сур'ёзна, зычліва ці па-ранейшаму насцярожана, няпэўна?

Скінула з плячэй сумку, павіталася з Антонам, падышла да ўнучка, нагнулася, пацалавала малога, узяла на рукі, павярнулася да зяця.

- Што ж ты дзіцёнка столькі марнуеш на холадзе? Хата ж незамкнёная, - з папрокам, але без крыўды ў голасе прамовіла яна і, ступіўшы на парог, дадала, адрасуючы пытанне не то зяцю, не то ўнучку: - А чаму ж мамка твая не прыехала, крывіначка ты наша?

Зяць, што пайшоў услед за ёю з сумкай у руках, прамовіў нешта няпэўнае:

- Ды так... Увогуле... Клопат у яе, маманя. А за Іванку моцна не клапаціцеся. Ён да холаду прывычны. А вось хатка ваша, бачу, зусім абсунулася.

У душы ў Клаўдзеі Ануфрыеўны варухнулася трывога. Адказ зяця падаўся ёй падазроным. Ці не пасварыліся там? Але далей распытваць пакуль не стала. Калі што і здарылася ў іх паміж сабой, то сам скажа. А пра хатку падумала: «Заўважыў нарэшце. І на тым дзякуй. А калі б быў самавіты, пасобіў бы, падрамантаваў».

Яны зайшлі ў невысокія сенцы, абабілі ад снегу ногі, прайшлі ў хату. Клаўдзея Ануфрыеўна пасадзіла Іванку на крэсла, расхутала, пагрэла ў сваіх яго ручкі. Хлопчык пазіраў на яе даверліва, мабыць, пазнаў, бо вымавіў па складах мілым галаском: «Ба-ба-ба-ба». Ды так, што сэрца ў бабы нібы аб'ехала ад замілавання. Вельмі ж яна любіла свайго ўнучка. Хаця якая баба не любіць унукаў: гэта яе радасць і ўцеха на старасці! І не дзіва, што Іванка здаваўся Клаўдзеі Ануфрыеўне самым прыгожым з усіх дзетак, што перабачыла на сваім вяку. Стройненькі, белагаловы, з нявіннымі светла-блакітнымі вачанятамі, з прыпухлымі, як бы ў капрызулі, губкамі. Лялька, дый годзе.

- Вы пакармілі б яго, маманя, - распранаючыся, сказаў зяць, - ён ад ранку галодны.

Бабка схілілася над унучкам:

- Іванка есці хоча. Няшчаснік мой. Ад раніцы без крошкі ў роціку. Зараз, зараз пакормім нашага галубка.

Дзіця ўсё тым жа тоненькім галаском праспявала ў адказ: «Ба-ба, ам-ам».

На свае два годзікі ён размаўляў слабавата. Але Клаўдзея Ануфрыеўна асабліва не перажывала з-за гэтага, ведала, што рана ці позна дзіця возьме сваё. Вунь яе старэйшая, Маруська, амаль да трох гадоў не размаўляла, і нічога, вырасла, ва ўсім дагнала аднагодкаў. Дай Бог толькі здароўе...

- Зараз-зараз, мой родненькі, - прамовіла яна замілавана. - Баба табе манную кашу зварыць.

Яна падышла да пліты - нездарма пазамінулы год абівала парогі многіх кабінетаў, каб ёй газ правялі, - пачала варыць кашку, а заадно і зяцю смажыць яечню. Трэба думаць, што і ён прагаладаўся. Вочы вунь што ў воўка блішчаць.

Увесь гэты час зяць назіраў за цешчаю з кутка, з шырокай лавы, што стаяла там, хмурыўся нейкім сваім невясёлым думкам. І Клаўдзеі Ануфрыеўне ад гэтага было трохі не па сабе, не прывыкла яна бачыць яго цвярозы позірк.

«І ўсё-такі, чаму гэта ён прыехаў адзін, без Сонейкі, пасярод тыдня? - падумала яна. - І сядзіць хмара хмарай. Ой, чуе сэрца, не так гэта ўсё».

Сасмажыўшы, яна падала зяцю на стол яечню, нарэзала на другую талерку салёных агуркоў і сала, потым накарміла ўнучка, завяла яго ў другі пакой, паклала спаць і вярнулася да Антона.

Той сядзеў, ежы не чапаў, відаць, чакаў яе.

Як толькі Клаўдзея Ануфрыеўна прысела да стала, зяць палез у адтапыраную кішэню пінжака, звычайным рухам выцягнуў адтуль бутэльку віна, якую, мусіць, прывёз з сабой з горада, бо ў іх наваколлі спіртнога не прадавалі ўжо гады тры, з самага першага дня, калі пачалася новая бязглуздая барацьба за цвярозасць. Дастаўшы пляшку, Антон прынёс з кухоннай шафы шклянкі, паставіў на стол.

- Ну што ж, маманя, прапусцім па маленькай, - сказаў ён. - Дактары сцвярджаюць, што пасля гэтага самага страўнік лепей ежу засвойвае...

Клаўдзея Ануфрыеўна адсунула свой посуд.

- Мне не трэба, - сказала яна. - Ды і табе, сыночак, можа, таксама не на карысць будзе? - з просьбай у голасе дадала яна.

- Вы як хочаце, а мне прабачце, маці. Другі дзень ужо трываю. А колькі таго жыцця? Ды і тое дрэнь. Адна ўцеха - вось яна, - вачыма паказаў ён на бутэльку і, паднёсшы да рота поўную шклянку, выпіў.

«Ну вось, зноў за сваё, - спахмурнела Клаўдзея Ануфрыеўна. - Ох і нялёгка ж даводзіцца Сонейцы з ім. Няшчасная яе долечка...»

Згадка пра меншанькую прымусіла яе зноў вярнуцца думкамі да неадчэпнага: чаму не прыехала сама? Добра, калі па рабоце не атрымалася. А калі зноў пасварыліся? А ці і яшчэ горш - захварэла! Злягла яе любачка? Яна ўздыхнула, крыўдліва падумала пра зяця: «Сядзіць, быццам у рот вады набраў, хоць бы слоўкам пра яе абмовіўся».

Счакала, калі той прыкусіць, і спытала мяккім даверлівым голасам, бо ўжо нельга было трываць:

- А Сонейка, Антон, чаму не прыехала? На рабоце?

Зяць адклаў відэлец, узняў галаву. Твар яго стаў чырвоным. Віно, відаць, ужо прабрала.

- Сучка ваша Сонейка, маманя. Даруйце за выраз.

Зноў наліў поўную шклянку, залпам выпіў, выцер рукой губы, дагаварыў:

- Гуляла, маманя, ваша Сонейка і да мяне, яшчэ пры першым мужы, і пры мне. І выпіць была моцна ахвочая... Вы не заўважалі, трымалася, саромелася, напэўна, вас.

Ён гаварыў усхвалявана, таму здавалася, што хоча выказаць усё адразу.

- А ўчора вось зусім сышла да свайго новага хахаля. Сабрала рэчы, пацалавала Іванку і пайшла... А я ж любіў яе... І, можа, праз яе і п'ю лішняе... Пра Іванку сказала: няхай тыдзень-другі пры табе пабудзе, ты ж не чужы - бацька. Уладкуюся - забяру. А куды я з ім? Я ж па сутках працую, самі ведаеце. Вось і прывёз яго пакуль да вас. Да маіх далёка, цэлых чатыры дні ехаць. Вы, можа, думаеце, што я ўсё хлушу, маманя, думаеце, заліў вочы і нясе абы-што? Але самі памяркуйце, навошта мне на сябе нагаворваць?!

У адказ Клаўдзея Ануфрыеўна толькі злёгку кіўнула. Нешта сказаць не знайшлося сілы. Пачутае падкасіла яе, нібы ўкус гадзюкі.

- Адным словам, няхай Іванка з які тыдзень у вас пабудзе, - дагаворваў зяць. - Я, можа, вазьму адпачынак, забяру яго, адвязу да сваіх... Ну і мне самому ўжо час збірацца. Наступны аўтобус будзе позна. Так што выбачайце, калі што не так сказаў.

Ён вылез з-за стала, апрануў паліто, надзеў шапку.

Цяжка ўзнялася з лавы і Клаўдзея Ануфрыеўна, выйшла ўслед за зяцем на двор праводзіць яго.

Той спыніўся, сышоўшы з парога, зірнуў на цешчу. Яна была бледная, як белае палатно, згорбленая, з усохлымі вачыма. Раптам яму стала шкада яе - успомнілася родная старэнькая маці.

- Вось як, маманя, атрымліваецца, - сказаў ён. - Дзве дачкі ў вас, а вы адна-адзінокая, радасці вам ад іх ні грама...

Ён хацеў яшчэ нешта сказаць старой, у яго было шмат розных слоў: для абыходжання на рабоце з корашамі, начальствам, жонкай, з сабутэльнікамі. Але тых слоў, якія яму цяпер захацелася сказаць цешчы, хутка знайсці ён не мог. Так і пайшоў ад яе, пахістваючыся, да вёскі.

Клаўдзея Ануфрыеўна яшчэ доўга стаяла, пазіраючы яму ўслед. Але потым, застыўшы на марозе, што браўся нанач, пайшла ў хату.

У хаце не ведала, за што ўзяцца, што рабіць. Дзеля нечага адамкнула шафу, штосьці шукала, а што - не ведала. Выйшла ў сенцы, вярнулася, прыбрала са стала, вызірнула ў акно. Сонца села, неба на захадзе чырванела, як жар, быццам дагарала ў печы. Вечар і ноч павінны былі быць марознымі.

«А не хлусіў жа, казаў праўду, - раптам падумала яна пра зяця. - І людзі такі не манілі, праўду казалі пра Сонейку. Чыстую праўдачку. Вось і вяселле яе ўспамінаецца. Пад канец так напілася, што ледзь уратавалі гуртам. Тады падумала, што ад радасці гэта, ад шчасця памылілася, не разлічыла сілы. Аж, выходзіць, невыпадкова ўсё...»

Адышоўшы ад акна, Клаўдзея Ануфрыеўна цяжка апусцілася на лаву.

«Што ж гэта такое, - апаноўвалі дакорлівыя, горкія думкі. - Соня-Сонечка, крывіначка мая... Як жа я прагледзела цябе, што не гэтак зрабіла? Ой, бяда-бяда. Божа літасцівы, за што ты пакараў мяне так на старасці? І што ж цяпер будзе?.. Калі мужчына, і то куды ні ішло, а то жанчына ў гарэлку кінулася... Да другога збегла, дзіця кінула. Ні сям'і, ні жыцця людскага ў самой, ні ў дзіцяці...»

Ад апошняй думкі Клаўдзеі Ануфрыеўне як прыпякло сэрца. Рукі і ногі наліліся цяжкім жалезам, адзеравянелі. У вочы шыбануў туман, усё паплыло... Яна прыхінулася да сцяны.

У цішыні пачуўся голас унучка, які прачнуўся, і на нейкі час апрытомніў яе. Яна паспрабавала прыўзняцца, падумаўшы, што гэта ж яна зусім забылася пра хлопчыка. Але сілы ўжо не было, яна паволі пакідала яе састарэлае спрацаванае цела. Апошняе, пра што паспела падумаць, гэта пра незачыненыя дзверы з хаты ў сенцы - каб хаця не прастудзілася яе маленькае птушанятка...

А яно, неразумнае, прыпаўзло, сплакаўшыся, з суседняга пакоя і цягала бабу за яе доўгую спадніцу, нібы прасіла прачнуцца, клікала сваім танюткім галаском: «Ба-ба, ба-ба...»

 

З міліцэйскага пратакола:

 

«У вёсцы Л. у доме пад нумарам 132 знойдзены два трупы: грамадзянкі К., гаспадыні дома, і грамадзяніна В., яе ўнука. Цела першай знойдзена ў доме, другога - у сенцах каля пакусаных буракоў.

Зыходзячы з таго, што смерць абаіх наступіла ў выніку няшчаснага выпадку, ва ўзбуджэнні крымінальнай справы супраць грамадзян Р. адмоўлена...»


1990-2001?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая