epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксандар Гара

Сіняя заранка

Бог ёсць любоў.

Першае пасланне Яна, 4:8

 

На гэтым стаю.

Марцін Лютэр

 

Апошні ўрок у школе Ёхан сядзеў нібы на вострых іголках. Ён у неспакоі круціўся, падскокваў на табурэце, час ад часу кідаючы трывожны позірк на гадзіннік. Хваляваўся ён нездарма. Фраў Энкель яўна зацягвала ўрок, дыктавала заданне, якое яны павінны зрабіць на канікулах, распісваючы яго да самых што ні ёсць драбніц. (Старыя філолагі, яны ўсе крыху дзівакі, як быццам нехта штосьці будзе рабіць на канікулах.) А ў яго ўжо праз нейкую гадзіну гульня. Ды якая! Паўфінал першынства горада па тэнісу! А Ёхану яшчэ трэба зазірнуць на пошту, даслаць бацьку ў Афрыку віншавальную тэлеграму - у яго сёння імяніны, пасля паабедаць разам з маці ў кавярні, абяцаў раніцой. А ўрок зацягваўся.

Але вось фраў Энкель, паправіўшы на галаве сівыя валасы, загарнула журнал, урачыста прамовіла: «Урок закончаны. Жадаю вам прыемнага адпачынку!» І Ёхан з палёгкай уздыхнуў. Час яшчэ меўся, праўда, не шмат, але ён паспяваў. Да таго ж заўтра пачыналіся канікулы. Не трэба ні ў школу, якая за год яму парадкам абрыдла, ні рыхтаваць нудныя хатнія заданні. Божа мой, толькі ўявіць сабе, цяпер ён можа цэлы дзень гуляць у тэніс! Але ці не час яму ісці? Здаецца, фраў Энкель ужо схавалася за дзвярыма. Вунь і клас весела загаманіў, загудзеў, нібы тая біржа. Хутка склаўшы сшыткі, Ёхан падхапіў ранец.

Але ў дзвярах, раптам засланіўшы сабою праход, яго запыніла пышная рыжавалосая Шыльда.

- Хвілінку, Ёхан, прыпыніся, калі ласка, на адну хвілінку, - хутчэй праспявала, чым прамовіла яна тонкім дзявочым сапрана.

- Чаго табе? - абурана буркнуў Ёхан. - Бачыш, я спяшаюся.

Ён цярпець не мог гэтай размаляванай ва ўсе колеры вясёлкі «фраў фрэйлін», зрэшты, як і ўсіх іншых сваіх аднакласніц. Лічы, ім па пятнаццаць, а яны - чыста дзеці. Восенню яшчэ нават лялькі ў ранцах у школу прыносілі. Цяпер жа самі зрабіліся што тыя лялькі. Накрухмаленыя, напудраныя, нафарбаваныя. Нават глядзець прыкра. Не, Ёхан не супраць таго, каб жанчыны ўпрыгожвалі сябе, але ж трэба і густ мець...

- Толькі адна невялічкая аб'ява, - прашчабятала Шыльда, адціскаючы Ёхана ад дзвярэй. - Будзь добры, прысядзь.

Яна павярнулася да класа, праспявала ўсё тым жа птушыным голасам, намагаючыся перабіць гам, што стаяў навокал:

- Увага! Прашу заставацца ўсіх на месцы! Паслухайце, калі ласка, аб'яву. Яе зробіць Карл.

Сеўшы на табурэт - бо спрачацца з Шыльдай сэнсу не было, дый што вырашалі нейкія пару хвілін? - Ёхан перавёў позірк на тлустага белабрысага Карла, які важна ўзыходзіў на кафедру. Што хоча сказаць гэты індык, з-за якога Шыльда затрымала клас?

Калі казаць праўду, Ёхан крыху недалюбліваў Карла. І невыпадкова. Прагны, пагардлівы, фанабэрысты, той, як кажа Ганс, яшчэ з калыскі быў на белай крыві замяшаны. Прычынай таму - бацька Карла, радавіты барон, які працаваў цяпер дыпламатам. Вядома ж, ягоны мажны кіндэр збіраўся ісці па яго слядах. З ведамі, праўда, у Карла было не ўсё так гладка, асабліва з мовамі - нават на роднай пісаў з памылкамі. Але ці ж гэта так важна для дыпламата? На тое ён мае армію памочнікаў. Галоўнае для яго - напышлівы выгляд, а астатняе іх справа. А гэтага Карлу якраз і не трэба пазычаць. Дый памочнік у яго цяпер быў добры - Шыльда. Той толькі б языком і малоць...

- Сябры, сёння мы скончылі вучобу, - няспешна працадзіў Карл праз зубы, амаль не адкрываючы рота. - Прапаную з гэтай нагоды сабрацца ў мяне...

- Карл хоча сказаць, - тут жа пераклала Шыльда на больш простую і зразумелую мову, - што запрашае ўсіх нас на вечарынку, якая адбудзецца паслязаўтра а 19-й гадзіне.

- Так, запрашаю ўсіх. Можна прыходзіць з сябрамі, - пацвердзіў Карл і злез з кафедры.

Зала запляскала ў далоні. Вядома ж, хто быў супраць дармовага пітва, музыкі і танцаў. Ёхана ж гэта навіна не вельмі ўзрадавала, хутчэй нават азадачыла. Па-першае, на вечарынку да Карла трэба было ісці ў касцюме, а ён адчуваў сябе ў ім, бы ў якім панцыры. Па-другое, у яго паслязаўтра адказная гульня і не будзе часу, каб як след падрыхтавацца да вечарынкі. Пасля Шыльда... Яна зноў будзе круціцца ля яго ўвесь вечар. І як толькі ад яе адчапіцца?..

Трэба сказаць, некалькі апошніх тыдняў Шыльда проста не давала Ёхану праходу. Ён бачыў яе ў парку, калі выгульваў свайго рыжага бульдога Шпігеля, у кінатэатры, калі глядзеў фільм, нават на корце, калі вёў гульню. Шыльда заўсёды была дзесьці з ім побач. Усеўшыся на трыбуне ці на лаўцы, яна пазырквала адтуль на яго сваімі маленькімі раскосымі вачыма. Аднойчы нават на вечарынцы - здаецца, гэта быў дзень нараджэння Ганса, - Шыльда запрасіла яго на танец. Спачатку Ёхан адчуваў нават нейкую прыемнасць ад таго, што танчыў з ёю. Хоць крыху і паўнаваты, але прыгожы гнуткі дзявочы стан, пышныя кучаравыя валасы, якія так звабліва казыталі ягоны твар... Ён нават прыхінуў Шыльду да сябе. Але варта той было адкрыць рот...

- Ты бачыў апошні фільм Сюзэн... Праўда, яна цудоўна сыграла сваю ролю?! А ты прыкмеціў, якая на ёй была сукенка?! А колькі брыльянтаў!.. А завушніцы!.. Якія на ёй былі завушніцы!..

Усё. Больш слухаць гэту несусветную лухту Ёхан ужо не мог. Ён думаў толькі пра адно, каб як мага хутчэй скончылася музыка.

І цяпер ад адной толькі думкі, што яму зноў давядзецца ўвесь вечар выслухваць пустую балбатню Шыльды, яго ўзяў жах.

Але ж і не прыйсці на вечарынку таксама нельга. Скажуць, што цураецца, пазбягае класа і сяброў...

 

З тэлеграмай бацьку Ёхан управіўся даволі хутка. Пасля паехаў у кавярню. Зрабіўшы заказ, колькі хвілін сядзеў, чакаў маці, разважаючы над тым, навошта яна захацела сустрэцца з ім у гэтай невялічкай змрачнаватай бура-чырвонай зале?

Маці з'явілася, як і абяцала, апоўдні. У прыгожым блакітным летнім касцюме, на імгненне прыпынілася ў дзвярах, агледзела залу, прыкмеціўшы Ёхана, лёгка, нязмушана, плаўна, бы тая фея, пайшла да яго. Ёхан пазіраў на яе захопленымі вачыма, адчуваючы гонар ад прыгажосці маці. Мала каму так пашанцавала з бацькамі, як яму, - інтэлігентнымі, тактоўнымі, разважлівымі. Бацька яго - інжынер, будуе завод у ЮАР, маці вядомы лекар.

- Прывітанне, мой хлопчык, - нахіліўшыся, маці пацалавала Ёхана ў шчаку, прысела на вольны табурэт, узяла ў руку кубак кавы. Твар яе быў крыху стомлены, вочы занепакоеныя. - Як справы ў школе? Бацьку тэлеграму адбіў? Ты часам не спознішся на гульню? - зірнуўшы на гадзіннік, засыпала Ёхана пытаннямі.

- Не, яшчэ ёсць паўгадзіны, - даеўшы бутэрброд, адказаў Ёхан. - Тату павіншаваў. А ў школе... Заўтра пачынаюцца канікулы.

- Ну вось і добра, сынок, - пяшчотна сказала маці. - Прабач, што не змагу паглядзець сёння тваю гульню, шмат працы ў бальніцы. Таму я толькі на хвілінку. Хачу папрасіць цябе зрабіць адну ласку. - Яна дапіла каву, паставіла кубак на стол. - Бачыш, у нас дома некалькі дзён будзе жыць адна мая пацыентка. Яна іншаземка, з Беларусі, ахвяра Чарнобыля. Пасля аперацыі ёй вельмі неабходна свежае паветра. Ты не змог бы ўдзяліць ёй гэтыя дні крышачку ўвагі, паставіцца да яе па-сяброўску. Я вельмі спадзяюся на цябе, мой хлопчык.

- Добра, мама, я пастараюся, - кіўнуў Ёхан галавою.

Адмовіць маці, вядома ж, ён не мог, хоць нават і не ўяўляў сабе, як можа пасябраваць з незнаёмкай, да таго ж яшчэ іншаземкай, што пасялілася ў іхнім доме. Удзяліць крыху ўвагі - гэта, канечне, можна. Праўда, на пачатак канікулаў у яго былі іншыя планы, але яны пацерпяць. Хіба ж ён можа пакрыўдзіць маці? Затое ў яго цяпер ёсць важкая падстава не пайсці на вечарынку да Карла...

 

Праз дзесяць хвілін Ёхан быў ужо на стадыёне. Прайшоўшы ў раздзявальню, павітаўся з трэнерам. Той, як звычайна, не вельмі гаваркі, хітнуў галавою ў адказ, сказаў, калі Ёхан ужо накіроўваўся на корт: «Памятай адно - твой козыр хуткасць і настрой». Пра апошняе трэнер мог і не нагадваць. Настрой на гульню ў Ёхана быў заўсёды. Ён любіў тэніс, шчыра, апантана. На корт яго некалі яшчэ шасцігадовым хлапчуком прывёў бацька, сказаўшы: «Вось тут, сынок, пакажы сваю рухавасць». Гульня Ёхану спадабалася адразу. Ён зачаравана глядзеў, як разразае паветра бялёсая ракетка, як скача, бы вавёрка, дзівосны маленькі блакітны мячык. З таго часу ён не прапусціў ніводнай трэніроўкі ў спартыўным клубе. Было, праўда, акрамя тэнісу ў Ёхана яшчэ адно захапленне. Пра яго, дарэчы, амаль ніхто не ведаў, апрача маці ды фраў Шуман, іхняй кухаркі. Дома, у ягоным светлым утульным пакоі, стаяў невялічкі металічны тэлескоп - падарунак бабулі, у які Ёхан вечарамі назіраў зорнае неба. Яго вабіў неабсяжны нябесны акіян - колькі там было таямнічага і загадкавага! Але ўсё ж на першым месцы ў Ёхана быў тэніс.

Шкада, што маці і бацька не бачылі ягонай сённяшняй гульні! Ёхан насіўся па корце, як вецер. Біў з задняй лініі, выходзіў да сеткі, наносіў удары з лёту, абводзіў, падкручваў мячык, трымаючы, як патрабаваў трэнер, увесь час свайго праціўніка ў напружанні. Праўда, той у яго сёння быў не самы моцны - высокі, шыракаплечы, але маларухомы Эрых. Яму было цяжкавата гуляць супраць бойкага Ёхана. Калі першы сет, дзякуючы моцным падачам, Эрых яшчэ неяк вытрымаў, то другі здаў Ёхану амаль без бою. Поўным гаспадаром на корце быў Ёхан і ў трэцім, заключным сеце. Ягоны настрой не змагла сапсаваць нават Шыльда, якая сядзела на галоўнай трыбуне і адтуль глядзела на яго зачараванымі вачыма. І Ёхан, чарговы раз імкліва выйшаўшы да сеткі, бліскучым ударам з лёту завяршыў матч, а разам з ім выйграў і пуцёўку ў фінал.

Дамоў ён вяртаўся ўзрушаны і натхнёны, амаль забыўшыся пра размову з маці, пра тое, што там яго чакала замежная госця.

Дом Ёханаў стаяў на ўскрайку горада, каля невялікага сасновага бору, - двухпавярховы, цагляны, з прыгожай верандай, садам, з крытым кветнікам і купальняй. Пераехала сям'я Ёхана ў яго нядаўна, мо паўгода таму. А дагэтуль жылі ў цэнтры горада ў прасторнай чатырохспальнай кватэры, з якой у Ёхана звязаны самыя светлыя ўспаміны. Але бацькі марылі пра ўласны дом. І вось іх мары здзейсніліся.

Паставіўшы матацыкл у гараж, Ёхан прайшоў у купальню, распрануўся, стаў пад душ. Тонкія цёплыя струмені вады агарнулі ягонае маладое пругкае цела, змываючы пот і стому. Душ асвяжыў. Ён нават усміхнуўся ад прыемнай асалоды, што сыходзіла ад яго чыстага сагрэтага цела, калі выціраўся мяккім махровым ручніком.

Апрануўшыся ў вячэрні касцюм, Ёхан зайшоў у дом. Маці яшчэ не было. Фраў Шуман грукатала на кухні посудам, гатавала, відаць, вячэру. Ён падняўся па лесвіцы на другі паверх, на хвіліну зазірнуў у гасціную, паклаў у шафу спартыўную сумку і, зачыніўшы дзверы, збіраўся прайсці ўжо да сябе ў пакой, калі раптам адчуў на сваёй спіне чыйсьці позірк. Павярнуўшыся, ён міжволі прытаіў дыханне.

З глыбіні пакоя на яго з цікавасцю пазірала дзяўчына. Яна сядзела каля расчыненага акна ў мяккім крэсле-круцёлцы, да грудзей захінутая коўдрай, у руках трымала разгорнутую кніжку. Ёхан ніколі яшчэ не бачыў гэткай прыгажосці - чыстай, чароўнай, як зорка. Яго ўразілі найперш валасы незнаёмкі - мяккія, бялявыя, са здаровым рамонкавым бляскам, якога ніколі не бывае ў тых дзяўчат, што нішчаць сваю прыгажосць хіміяй. І яшчэ - ейныя вочы - вялікія, выразныя, колеру мора. Бялкі іх былі светлыя і чыстыя, як цукар. Усмешлівыя вусны дзяўчыны адкрывалі бялёсую палоску прыгожых зубоў. Ёхан нават хітануў галавою - ці не бачыць ён выпадкова міраж?

- Будзьце ласкавы, зачыніце акно, - раптам папрасіла яго на чыстай нямецкай мове незнаёмка, паправіўшы на сабе коўдру, што з'ехала ад ветру, які ўварваўся ў пакой. - Штосьці прахалодна. А мне фраў доктар не дазваляе пакуль уставаць.

- Я-я, біттэ, - страпянуўся Ёхан, міжволі зірнуўшы ўбок: на цёмна-зялёны акраек бору і імжліва-хмарнае неба, што былі відаць у акне. Сапраўды, на дварэ было прахалодна і ветрана. Падобна, што нанач збіраўся сапраўдны дождж. Ён ступіў да акна, зачыніўшы яго, апусціў парцьеру.

- Данкэ! - сказала дзяўчына і працягнула яму сваю прыгожую тонкую руку. - Будзем знаёмыя - Алеся.

Ад дотыку да бялёсай скуры дзяўчыны па целе Ёхана прабеглі дрыжыкі.

- Ёхан, - збянтэжана вымавіў ён.

- Ёхан, Ёхан... - прамовіла ўслых дзяўчына. - Гэта значыць па-нашаму Ваня. Мне шмат пра цябе гаварыла фраў Вайс. Ты не пакрыўдзішся, калі мы пяройдзем на «ты»?

- Найн, біттэ, - ледзь чутна прамармытаў Ёхан.

Мяккі грудны і пяшчотны голас дзяўчыны зачараваў яго, пазбавіў волі. Таму ён з палёгкай уздыхнуў, калі на парозе з'явілася маці.

- Бачу, вы ўжо пазнаёміліся, - весела прамовіла яна, праходзячы ў пакой. - Вось і добра. Ну, а як адчувае сябе наша госця?

- Данкэ, фраў Вайс. Мне ўжо лепш, - з падзякай у голасе адказала дзяўчына.

Падышоўшы да госці, маці ўзяла яе руку, намацала пульс.

- Сапраўды, пульс проста цудоўны. Але ўставаць табе, мая родная, пакуль яшчэ ранавата. - Павярнуўшыся да Ёхана, вымавіла: - Прабач, мой хлопчык, Алесі час прымаць лекі...

Прайшоўшы ў свой пакой, Ёхан прытуліўся да сцяны, перавёў дыханне і толькі цяпер адчуў, як моцна б'ецца ў грудзіне ягонае сэрца. Гэткае рабілася з ім упершыню. Ніколі яшчэ так ён не бянтэжыўся перад дзяўчынай, як хвіліну таму. Апусціўшыся на канапу, ён узяў з паліцы кніжку, але праз колькі хвілін, пагартаўшы, паклаў на паліцу. Ён не разбіраў літар, не разумеў прыхаванага ў іх сэнсу. Толькі вочы, вялікія прыгожыя і выразныя вочы дзіўнай дзяўчыны стаялі перад ім, бы тыя акенцы ў таемны свет...

 

З раніцы Ёхан паехаў на трэніроўку. Праціўнік у фінале быў вельмі моцны - леташні чэмпіён горада. Таму да гульні, што была прызначана на паслязаўтра, Ёхан рыхтаваўся як след. Па-першае, трэба ўзмацніць падачу. І ён амаль гадзіну з упартасцю адточваў яе. Пасля папрацаваў са спарынгпартнёрам над ударамі з задняй лініі, наладзіў прыём.

Дамоў вярнуўся апоўдні. Як ні дзіўна, але сустрэчы з замежнай госцяй, што ўжо другі дзень жыла ў ягоным доме, ён адначасова хацеў і крыху пабойваўся. Ніяк не забывалася ўчарашняя ўзрушанасць і ўсхваляванасць. Ніколі яшчэ так не дранцвеў ён перад дзявочымі вачыма, як у гэты прахалодны вечар. Няўжо ўсё паўторыцца і сёння?

Маці дома не было, фраў Шуман - таксама. Відаць, паехалі ў горад па прадукты. Яны заўсёды гэта рабілі па аўторках. Ёхан няспешкі падняўся на другі паверх, пайшоў да свайго пакоя, але раптам пачуў прыгожую меладычную музыку. Гукі даносіліся з пакоя маці, ігралі на ейным фартэпіяна. Музыка была надзвычай плаўная, ціхая, самотна-чароўная, хоць і незнаёмая Ёхану. Міжволі заслухаўшыся, ён наблізіўся да расчыненых дзвярэй. Так ён і ведаў. На бліскучым чорным фартэпіяна грала госця. Дзяўчына сядзела крыху наўскос. І Ёхану ўва ўсім харастве адкрылася тонкая яе паясніца, крутаваты выгін прыгожых клубоў, пышныя валасы, якія бялёсай капою рассыпаліся па плячах дзяўчыны. Аж карцела да іх дакрануцца. Рукі госці - лёгкія, тонкія, трапяткія - амаль няўлоўна краналіся клавішаў.

Адчуўшы цёплае дыханне за спінай, дзяўчына перапыніла гранне, павярнула галаву. Засяроджанасць на яе твары змянілася ценем разгубленасці.

- Прабачце, але фраў Вайс дазволіла мне крыху пайграць, - вінавата прамовіла яна, чамусьці звярнуўшыся да Ёхана на «вы».

- Не-не, ты не звяртай на мяне ўвагі. Калі ласка, іграй, - хутка прагаварыў Ёхан. - Я проста хацеў паслухаць.

- Табе спадабалася? - зацікаўлена спытала госця.

- Вельмі. Прыгожая музыка, - шчыра адказаў Ёхан.

Твар дзяўчыны пасвятлеў.

- Гэта паланез Агінскага «Журба па Радзіме». Ён лічыцца польскім, хоць нарадзіўся ў нас, у Беларусі, - весела вымавіла яна. - А граць я навучылася ў музычнай школе.

Чуйныя тонкія рукі дзяўчыны апусціліся на чорна-белае поле клавішаў. Паплыла музыка: ціхая, чароўная, самотная. І Ёхан, міжволі прытаіўшы дыханне, заплюшчыў вочы. Адплюшчыў, калі пачуў на лесвіцы голас фраў Шуман, якая вярнулася з магазіна і клікала яго абедаць. Сыграўшы заключны акорд, Алеся, варухнуўшы капою валасоў за плячыма, павярнулася.

- Цябе, здаецца, клічуць, - вымавіла яна. - Заходзь, калі хочаш, пасля абеду да мяне.

- Данкэ, я зазірну, - ціха прамовіў Ёхан і, падзякаваўшы дзяўчыне за цудоўную музыку, пайшоў.

Але зайсці пасля абеду, як абяцаў, да Алесі Ёхан не адважыўся.

Яна сама завітала вечарам да яго.

Ёхан якраз наладжваў тэлескоп, калі ў дзверы ціхенька пастукалі.

- Хто там? - выгукнуў ён. - Заходзьце, калі ласка.

Рыпнулі дзверы. Адарваўшыся ад люстэркаў, Ёхан падняў галаву і ўздрыгнуў. У праходзе стаяла Алеся.

- Да цябе можна?

- Я-я, біттэ, - разгублена прамармытаў Ёхан, адвёўшы позірк убок. Не, ён не мог без трымцення глядзець у гэтыя вялікія вірлівыя дзявочыя вочы, што пазіралі на яго.

Алеся прайшла ў пакой, прыпынілася ля кніжных паліц, агледзела іх. Лёгкая ружовая майка і светла-сінія джынсы вабна аблягалі яе вытанчаную постаць.

- А мне фраў Вайс, як бачыш, ужо дазволіла хадзіць, - з настроем прамовіла яна. - А твой пакой я амаль такім і ўяўляла. - Позірк яе спыніўся на тэлескопе. - Гэта што, тэлескоп? Ты назіраеш за зоркамі? А мне можна зірнуць? Я яшчэ ніколі не глядзела праз яго на зоркі.

Ёхан страпянуўся:

- Чаму ж, калі ласка.

Ён счакаў, пакуль Алеся села на стул, дакрануўся да тэлескопа, наблізіў да яе твару акуляр. Дзяўчына прыпала вачыма да яго.

- Божа, якая прыгажосць! - усклікнула яна. - Колькі зорак! І якія ж яны ўсе буйныя!

- Гэта Млечны Шлях, - узрадаваўся Ёхан, што дзяўчына падхапіла размову. Прысеўшы побач з ёю, ён крануў рукою тэлескоп, скіраваў ягонае шэрае вока на Палярную зорку. - А вось гэта - бачыш, коўш - Малая Мядзведзіца, побач, крыху вышэй - Вялікая. Дарэчы, як будзе на тваёй мове гештэрн?

- Сузор'е.

- Сузор'е, - задуменна паўтарыў Ёхан дзівоснае замежнае слова. - А штэрн?

- Зорка.

- А зоннэ?

- Сонца, - адказала Алеся.

Ёхан павярнуў тэлескоп на заходнюю частку неба.

- Дас іст абэнд штэрн, - сказаў ён.

- Ранішняя і вячэрняя зорка! - радасна выгукнула Алеся: - Венера!

- Венэра, Венус, - задуменна паўтарыў Ёхан, - Зэрка Венэра.

Па твары Алесі мільганула мяккая ўсмешка.

- Трэба казаць не зэрка, а зорка, - зычліва паправіла яна Ёхана. І пачала раптам дэкламаваць на сваёй мове:

 

Зорка Венера ўзышла над зямлёю.

Светлыя згадкі з сабой прывяла...

Помніш, калі я спаткаўся з табою,

Зорка Венера ўзышла.

 

З гэтай пары я пачаў углядацца

У неба начное і зорку шукаў.

Ціхім каханнем к табе разгарацца

З гэтай пары я пачаў...

 

Прачытаўшы, Алеся пераказала сэнс верша на нямецкай, дадала:

- Гэта верш Максіма Багдановіча, быў у нас такі цудоўны паэт.

- Прыгожы верш, - шчыра сказаў Ёхан. - Максім Багдановіч, я запомню гэта імя. А якое на тваёй радзіме неба, высокае, нізкае?

- Я амаль не гуляю на вуліцы, - выпраміўшы спіну, ціха адказала Алеся. - Пасля Чарнобыля ў нас нельга ні на рэчку, ні ў поле, ні ў лес. І наогул наша мястэчка хутка знікне.

- Як гэта? - няўцямна зірнуў Ёхан на дзяўчыну.

- Адселяць. Яно ў зоне моцнага забруджвання. Таму мы амаль і не ходзім на вуліцу, - нягучна прамовіла Алеся. - Зараз там у мяне засталіся маці і бабуля.

- А бацька твой дзе?

- Ён памёр, - прашаптала дзяўчына. - Ён быў ліквідатарам...

У вачах Алесі адбіўся сум. Таму Ёхан заспяшаўся змяніць тэму гаворкі.

- Прабач, я не ведаў. А ты даўно ў нашай краіне?

- Ужо два месяцы. Толькі, акрамя бальніцы, я пакуль яшчэ нідзе не была, - страпянуўшыся, адказала Алеся. - А мову вашу я ў школе вучыла. І яшчэ - з дзедам. Ён быў перакладчыкам у вайну.

- Мой таксама ваяваў, быў паранены... «Пад Менскам», - ледзь не сказаў Ёхан, але падумаў, што Алесі, магчыма, непрыемна будзе чуць гэты факт, таму змоўчаў.

Алеся ўстала са стула, падышла да кніжнай паліцы, узяла ў рукі тоўстую кніжку.

- О, Гётэ! - радасна выгукнула яна. - Гэта любімы паэт маёй маці. Яна ў мяне настаўніца. Заўсёды цытуе вучням, калі вядзе размову пра любую прыгажосць: «Замры імгненне - ты цудоўнае!» А мне ў яго вось гэта падабаецца:

 

Шчаслівы той, каму падаравана ўцеха -

Надзея выйсці з апраметнай імглы.

Што трэба нам, тое не знаем мы...

 

- «Фаўст». Першая частка, сцэна другая, - прамовіў Ёхан.

- Ага! - усміхнулася Алеся.

І Ёхану падалося, што з гэтай шчырай чароўнай дзявочай усмешкай яно замерла - тое цудоўнае гётаўскае імгненне...

 

Раніцой ён даслаў праз фраў Шуман Алесі ружы.

Пасля, калі паснедаў, заспяшаўся на корт. Ягоная гульня была прызначана на чатырнаццаць гадзін. Але да гэтага часу яму трэба правесці размінку, прайсці абследаванне лекараў ды яшчэ скласці з трэнерам план гульні. Пра сам матч Ёхан стараўся пакуль не думаць. Ведаў, залішняе хваляванне да дабра не прыводзіць. Толькі дарма спаліш нервы. А яны патрэбны на саму гульню. Таму спакойна перанёс нудны медыцынскі агляд, нязмушана размяўся на корце. Пасля пайшоў да трэнера.

Той чакаў яго ў раздзявальні. Пад гальштукам, у цёмна-шэрым, старанна адпрасаваным касцюме, ён быў, як заўсёды, нешматслоўны і надзвычай шчыры. «Праціўнік у цябе, сам ведаеш, сёння вельмі моцны, на тое ён і фінал. Але баяцца не трэба. У яго за плячыма вопыт, а ў цябе талент. Ідзі і пакажы, сынок, усё тое, чаму я цябе навучыў», - па-бацькоўску ляпнуў ён рукою па плячы Ёхана, калі ў холе зазвінеў званок, які запрашаў тэнісістаў на гульню.

З'яўленне на корце фіналістаў стадыён сустрэў воплескамі. Тое і зразумела. Гэта была галоўная гульня дня, да таго ж па раскладзе апошняя, і трыбуны ўжо стаміліся ў доўгім чаканні цікавага паядынку.

Паціснуўшы праціўніку руку, Ёхан распіхаў тэнісныя мячыкі па кішэнях, кінуў позірк на сярэднюю трыбуну. Шыльды на ёй не было відаць. Мусіць, засталася на гэты раз прыбірацца на вечарынку да Карла, а мо проста не верыла, што ён сёння здолее выйграць. Перавёўшы позірк на ложу для гасцей, Ёхан пашукаў вачыма маці, і... сэрца ёкнула. Побач з ёй сядзела Алеся. Яна пазірала на Ёхана вялікімі выразнымі вачыма, нібы прасіла прабачэння за тое, што прыйшла паглядзець на ягоную гульню.

«Не, я проста павінен сёння выйграць, што б там ні здарылася», - падумаў Ёхан і ўзняў ракетку. Яшчэ падумаў, што гэту сваю перамогу ён прысвеціць Алесі.

Але першы сет, як Ёхан ні намагаўся, ён усё ж прайграў. Праціўнік, высокі, цыбаты і цёмнавалосы Гейдрых, быў куды мацней, чым Ёхан падазраваў. У гульні Гейдрыха амаль не было слабых месцаў. Ён аднолькава добра гуляў на задняй лініі і каля сеткі, упэўнена прымаў падачы і моцна, дакладна падаваў. І хоць Ёхану ўдалося дзесьці ўсярэдзіне сета наладзіць прыём і выраўняць гульню, але ўсё ж на тайбрэку ён зрабіў памылку, неразважліва выйшаўшы да сеткі. Таму прайграў.

Выцершы ў перапынку спацелы твар ручніком, Ёхан употай зірнуў на Алесю. У яе вачах чыталіся ўсхваляванасць і занепакоенасць. Гэта надало Ёхану сілы. Не, ён проста павінен сёння выйграць, зрабіць усё, каб толькі пабачыць на твары Алесі ўсмешку, яе цудоўную прыгожую шчырую ўсмешку... А пасля... пасля ён запросіць дзяўчыну на вечарынку да Карла. Не, ён павінен сёння выйграць...

І Ёхан выстаяў другі сет. Хоць напачатку, як ён ні стараўся, той складаўся зноў не ў яго карысць. Гейдрых нібы ўрос у корт - упэўнена прымаў падачы і дакладна, раз за разам падаваў. Здавалася, што ніхто і нішто не зможа спыніць гэтую добра адладжаную тэнісную машыну. Але дзесьці праз хвілін дзесяць Ёхан усё ж такі адшукаў у Гейдрыха слабінку, невялічкую, ледзь прыкметную. Той гуляў чыста схематычна, як бы па хрэстаматыі. Заўважыў Ёхан гэта амаль выпадкова, калі, адбіваючы падачу праціўніка, паслаў мячык не ў той бок, куды, здавалася, па логіцы яго трэба было скіраваць - не ў свабодную частку корта, а прама ў ногі Гейдрыху... І той раптам памыліўся. Гэта адкрыццё Ёхан скарыстаў. І за дваццаць хвілін выйграў не толькі сваю падачу, але ўзяў і чужую. Пасля зноў быў тайбрэк. І ён, у акуратным скачку дацягнуўшыся да мячыка, які моцна паслаў на яго бок Гейдрых, заплюшчыў вочы. Расплюшчыў, калі па захопленым воклічы трыбун зразумеў, што ягоная свечка, якой ён абводзіў саперніка, трапіла ў пляцоўку. Гейдрых выглядаў разгублена-пакрыўджаным. Відаць, ён быў зусім не падрыхтаваны да гэткага павароту гульні. І Ёхан не даў яму апамятацца. Павялічыўшы ў трэцім сеце тэмп, ён моцнымі рэзкімі ўдарамі з задняй лініі і рашучымі выхадамі да сеткі прымусіў праціўніка капітуляваць.

Першыя павіншавалі Ёхана з перамогаю трэнер і сябры па клубе. Пасля ён трапіў у пяшчотныя абдымкі маці. Алеся ж цярпліва стаяла ўбаку. Калі ўрэшце, вызваліўшыся з сяброўскага палону, Ёхан узяў яе за руку, яна затрымцела і падняла свае прыгожыя звабныя вочы:

- З перамогай цябе, Ёхан. Ты проста цудоўна гуляў!

- Гэта табе дзякуй, што прыехала падтрымаць мяне. Каб не гэта, то я ніколі б не выйграў, - вымавіў Ёхан. - І яшчэ, я запрашаю цябе на нашу сяброўскую вечарынку, - нясмела дадаў ён і ўмольна зірнуў на маці, што падышла да іх. - Мама, ты дазволіш сёння нам з Алесяй?..

- Чаму ж не? Калі Алеся не супраць, ідзіце, - ласкава перабіла яна, - але цяпер я пакуль забяру дзяўчыну. Нам трэба прыняць лекі. Дый яшчэ зрабіць нешта...

 

Гэта «нешта» Ёхан убачыў пад вечар, калі апрануўся ў старанна адпрасаваны касцюм і прайшоў да машыны, якую падаў да параднага пад'езда іх хатні шафёр. Праз хвіліну ў дзвярах з'явілася маці:

- А вось і мы...

Калі Ёхан зірнуў на Алесю, якая спускалася па прыступках, у яго перахапіла дых. Яна была ў прыгожай белай бальнай сукенцы, у шыкоўных туфлях, а яе бялявыя валасы акуратна ўкладзены на галаве і прышпілены бялёсай брошкай, бы ў казачнай прынцэсы. Ёхан міжволі ўявіў, як пабольшаюць вочы ў Шыльды, калі яна ўбачыць гэткую прыгажосць. Адчыніўшы дзверцы машыны, ён працягнуў дзяўчыне руку...

Да дома Карла яны даехалі за пятнаццаць хвілін. Вялікі шэры дом стаяў амаль побач са знакамітым замкам Фрыдрыха Мудрага, высокая круглая вежа якога, нібы тая скала, узвышалася над пузатымі цаглянымі забудовамі гарадскога цэнтра.

Вечарынку Карл ладзіў у драўляным двухпавярховым флігелі, што прылягаў да дома.

Невялікая прамавугольная, абвешаная квяцістымі каляровымі гірляндамі зала, у якую Ёхана правёў швейцар, была напоўнена ўжо гоманам, водарам духоў і кветак. Ледзь ён паспеў адшукаць вачыма ў натоўпе, што паволі рухаўся пад ціхую меладычную музыку, гаспадара вечарынкі, каб выказаць сваю ўдзячнасць, як Ёхана прыкмецілі. І зала выбухнула воплескамі.

- Чэмпіёну горада наш шчыры - віват! - выгукнуў што было моцы Карл, працягнуўшы насустрач Ёхану свае кароткія рукі.

- Віват! - дружна падхапіў натоўп.

Ёхан ад засмучэння стуліў галаву, твар ягоны наліўся чырванню. Як добра, што яшчэ ў холе ён сустрэў Грэтхен і Эльзу і яны ўзялі з сабою Алесю ў дзявочы пакой. Ёхан не цярпеў вось такіх гучных віншаванняў, як і наогул асаблівай увагі да сябе. Але сёння з гэтым даводзілася мірыцца.

- Маэстра, музыку! - усклікнуў чыйсьці фальцэт.

- Каралеву балю сёння выбіраць каралю тэніса! - раптам пазнаў ён высокі птушыны голас Шыльды. Яна была побач з Карлам. Размаляваная, у кароткай прыталенай блакітнай сукенцы, пажадліва зазірала Ёхану ў вочы.

Зайграў аркестр. Узяўшы ў рукі невялічкую белую кветкавую карону, якую яму важна працягнуў Карл, Ёхан у хваляванні абвёў вачыма залу. Калі ўбачыў у дзвярах Грэтхен, Эльзу і Алесю, у яго адлегла ад сэрца. Ха, толькі ведала б Шыльда, што ён зараз зробіць, не прамовіла б яна тыя словы, бо на карону, пэўна ж, спадзявалася сама. Падумаўшы, як праз імгненне тая пракаўтне сліну, Ёхан ступіў да Алесі. Ён ведаў, што каралева балю павінна будзе прачытаць ці выканаць нешта - так ужо павялося на іх школьных вечарынках. Але Ёхана не палохала гэта. У канцы залы, на невялічкім узвышэнні, стаяла чорнае Карлава фартэпіяна, і Алеся сыграе свой мілы цудоўны паланез Агінскага. А пасля...

Пасля быў танец. Ягоны з Алесяй танец. І Ёхан забыўся, што ў гэты момант на іх пазіраюць усе, хто знаходзіўся ў зале, - Карл, Грэтхен, Ганс, Эльза, Шыльда... Плыла музыка, варушылася полымя свечкі... Ён прыхінуў Алесю да сябе, лёгкую, амаль улоўную ў руках. Мяккія льняныя валасы, што пахлі водарам ружаў, прыемна казыталі ягоны твар. Ён чуў затоенае дзявочае дыханне, ласкавы дотык да сваіх плячэй яе...

Пасярод танца ён перахапіў позірк Шыльды, устрывожаны, крыўдны.

«Хто гэта?» - пыталіся яе вочы.

«Хіба ж не бачыш, мая госця», - адказаў Ёхан таксама вачыма.

І ён танчыў з Алесяй зноў і зноў...

Пасля да іх падышлі Ганс і Грэтхен. Ганс - сусед Ёхана па парце, высокі і кашчавы, таму касцюм на ім вісеў, бы на той вешалцы. Грэтхен крыху ніжэйшая за яго, але ладна скроеная, з прыгожай тонкай таліяй і чорнымі, як смала, вачыма.

- Ці не хопіць танчыць, маладыя людзі. Ёсць ідэя, - сказаў Ганс, бразгаючы ў кішэні ключамі. - Як вы пагледзіце на падарожжа ў шаснаццатае стагоддзе?

- Мы прымаем ідэю, - хутка адказаў Ёхан.

Ён быў удзячны сябрам за клопат аб Алесі. Сапраўды, быць у іхнім горадзе і не пабачыць галоўнай святыні? Як добра, што маці Ганса працуе ў замку гідам і той здагадаўся сёння прыхапіць з сабою ключы.

На дварэ пачынала змяркацца. З сіняга неба на захадзе глядзела барвянае вока сонца. У ягоных густа-ружовых промнях высокі шпіль замкавай царквы, ля якой яны прыпыніліся, выглядаў распаленай шабляй, якая, бы іголка, пратыкала сінюю нябесную прасціну, што паволі агортвала горад.

- Вось менавіта тут Марцін Лютэр у 1517 годзе прыбіў свае знакамітыя тэзісы, - сказаў Ганс. Промень яго ліхтара, прабегшы па высокіх драўляных дзвярах, спыніўся на невялічкай шыльдзе з надпісамі. - Вось яны.

- «Тут Бусэ» - ствары пакаянне, - ціха прачытала Алеся. Твар яе на імгненне зрабіўся задуменны. - Цікавае супадзенне, але менавіта ў 1517 годзе наш Францішак Скарына надрукаваў у Празе на беларускай мове «Стары Запавет», - дадала яна.

- А праўда, Алеся, што ваш Чарнобыль прадказваецца ў Бібліі? - спытала Грэтхен, страсянуўшы галавой з пышнымі русявымі валасамі.

- Так, там гаворыцца пра чорную зорку Палын. А чарнобыль па-ўкраінску і ёсць палын, - сумна адказала Алеся. - Толькі б не хацелася верыць, што ён прадвеснік апакаліпсіса...

Зняўшы з галавы кветкавы вянок-карону, Алеся, схіліўшыся, асцярожна паклала яе ля дзвярэй, за якімі ўжо каля пяці стагоддзяў разам са сваім вучнем, аднадумцам і сябрам Меланхтонам, спаў вечным глыбокім і спакойным сном вялікі нямецкі прафесар.

- Не будзем больш пра сумнае, - папрасіў Ёхан.

- Сапраўды, давайце лепш паглядзім на наш прыгожы горад, - прапанаваў Ганс.

Уваход у адзіную вялікую круглую замкавую вежу, шапку якой вянчалі невялічкія разныя байніцы, знаходзіўся ў двары. Прапусціўшы ўперад Грэтхен, Алесю і Ганса, Ёхан ступіў на металічную прыступку. На імгненне яму падалося, што за спінай, у расчыненых насцеж тоўстых жалезных дзвярах, мільгануў чалавечы цень. Ён азірнуўся. Двор быў пусты. І ён пайшоў па лесвіцы, што, нібы вужака, вілася ўгору.

Краявід, які ім адкрыўся амаль з сямідзесяціметровай вышыні, сапраўды зачароўваў. Вячэрні горад нечым нагадваў вялікае вогнішча. Чорныя шапкі нізкіх пузатых дамоў, быццам пагаслыя вуглі, танулі ў яркіх промнях неонавых агнёў, што бясконцымі струменямі разбягаліся ад вежы. Ад набярэжных ліхтароў, бы люстэрка, свяціліся воды Эльбы, якая тонкім звілістым шнурком перасякала горад. Былі выразна відаць нават шыльды рэклам і магазінаў - яркія, пёстрыя, квяцістыя.

- А ведаеш, Алеся, некалі ў вайну дзед Ёхана ледзь не патануў, калі пераплываў паранены Эльбу, - прамовіў Ганс. - Яго выратаваў расейскі салдат.

- Было такое, - пацвердзіў Ёхан, - праўда, у самым канцы вайны. Дзед на той час прабіраўся дамоў. Пасля вайны ён паспрабаваў адшукаць таго салдата, але не здолеў. Не хапіла звестак. Дзед ведаў толькі, што расейскага салдата завуць Васілём.

Пры апошніх словах Ёхана Алеся здрыганулася, адвяла позірк са счарнелага неба.

- Твайго дзеда звалі Гейдрых? У яго было паранена плячо? - пачулася з цемры.

- Так, - адказаў Ёхан і раптам пабялеў ад здагадкі. - Дык гэта быў твой?..

- Не ведаю, - паціснула плячыма Алеся. - Проста я аднойчы чула з вуснаў дзеда падобную гісторыю. - Яна кранула рукою галаву. - Давайце, калі ласка, спусцімся. Штосьці кружыцца галава. І наогул вам не здаецца, што паветра крыху задушліва-сціснутае?

Ганс носам глыбока ўздыхнуў.

- Праўда, пахне цвіллю, - прамовіў ён, - але ж дзверы мы не зачынялі. І хто патушыў на лесвіцы ліхтар?

Яны спусціліся па лесвіцы ўніз.

Пакінуўшы Алесю з Грэтхен, Ёхан правёў рукою ў цемры па метале. Дзверы былі шчыльна зачынены, да таго ж зашчэплены звонку на засаўку, бо калі ён, наваліўшыся на жалеза ўсім целам, паспрабаваў іх крыху прачыніць, яны не паддаліся. Не прачыніліся нават тады, калі на дапамогу прыйшоў і Ганс...

- Здаецца, нас зачынілі, - уздыхнуў той, выцершы рукою з ілба пот. - Толькі навошта?

Трывожная здагадка мільганула ў галаве ў Ёхана. Той чалавечы цень, які ён бачыў, калі ўваходзіў у вежу... І раптам Ёхана нібы апаліла. Яшчэ ж ён бачыў блакітную кароткую сукенку. Але ж такая сукенка сёння на балі толькі ў Шыльды! Значыць, гэта яна... Толькі навошта яна гэта зрабіла?

Ёхан зірнуў на Алесю, што сядзела побач з Грэтхен на прыступцы. Бледна-ружовы прамень Гансавага ліхтара на імгненне выхапіў з цемры яе твар, стомлены, збялелы. Адчувалася, што ёй патрэбен лекар.

Але як жа выбрацца адсюль на двор. Закрычаць? А хто пачуе? За гэтымі моцнымі металічнымі дзвярыма і тоўстымі каменнымі сценамі яны - бы ў падзямеллі. «Лесвіца, - раптам пранеслася ў галаве Ёхана. Там, на самым версе вежы, ён бачыў скручаную вяровачную лесвіцу. - Выбіць шкло, скінуць яе...»

Зняўшы з сябе пінжак, Ёхан ухутаў ім Алесю, папрасіў у Ганса ліхтар...

Было цяжка і страшна спускацца ў поўнай цемры па лесвіцы, якая да таго ж разгойдвалася. Ёхан не глядзеў уніз. Ён стараўся не думаць пра тое, што пад ім амаль сямідзесяціметровая бездань. Хлопца непакоіла толькі тое, што ў вежы знаходзілася Алеся і ёй зараз дрэнна. Галоўнае быць пільным і асцярожным, не спяшацца і не мітусіцца, упэўнена перастаўляць ногі і рукі. Яшчэ адзін павольны рух, яшчэ і яшчэ... І нечакана Ёхан адчуў пад нагамі зямлю.

Аддыхаўшыся, ён праз хвіліну адамкнуў дзверы. Вынес Алесю на руках з вежы...

Дамоў ён вярнуўся позна ўвечары, пасля таго як адвёз Алесю ў бальніцу. Ноччу ён амаль не спаў, сядзеў і чакаў маці. Яна з'явілася толькі пад раніцу - млявая, з чырвонымі стомленымі вачыма. Прайшоўшы да Ёхана ў пакой, ціха прамовіла:

- Ты ўстаў ужо, мой хлопчык. Прабач, што не патэлефанавала табе, рабілі аперацыю. Ты толькі не хвалюйся, крызіс у Алесі мінуў ужо. Дзякуй табе за тое, што здаў для яе кроў.

- Мама, хвароба Алесі звязана з Чарнобылем? - трывожна спытаў Ёхан.

Тая хітнула галавою.

- А яна будзе жыць?

Маці здрыганулася, прысела побач з Ёханам на канапу, прытуліла яго да сябе:

- Не буду хлусіць табе, сынок, хвароба ў Алесі вельмі цяжкая. Мы зрабілі ўсё, што маглі. Таму будзем спадзявацца... Заўтра ўжо можаш наведаць Алесю. А сёння, будзь ласкавы, купі ёй гасцінец...

Ёхан паехаў у магазін апоўдні. Купіў тры фунты апельсінаў, пачак цукерак, шакалад, сокі. Усё гэта дома ўпакаваў у бліскучы цэлафан, паклаў у лядоўню. Потым з'ездзіў у бібліятэку, заказаў слоўнік. Калі вярнуўся, маці дома ўжо не было. У холе на стале ляжала запіска: «У мяне начное дзяжурства. Вячэра на кухні, падагрэй. Я сёння адпусціла фраў Шуман. Раніцой чакаю цябе ў бальніцы. Мама».

Але на кухню Ёхан не пайшоў, есці не хацелася. Перад ягонымі вачыма стаяў твар Алесі - белы, сумны, стомлены. Як яна зараз адчувае сябе ў бальніцы? Ці ўспамінае пра яго? Падняўшыся ў свой пакой, Ёхан прысеў на стул, разгарнуў на стале слоўнік, адшукаў загаловак «Чарнобыльская катастрофа», удумліва ўчытаўся ў анатацыю. Яна была не вельмі шматслоўная, але халодная і жахлівая. Там гаварылася:

«Чарнобыльская атамная аварыя - самая буйная тэхнагенная катастрофа сучаснасці. Не мае аналагаў у сусветнай практыцы. Адбылася 26 красавіка 1986 года. У выніку выбуху і разбурэння рэактара ЧАЭС радыеактыўнаму забруджванню падвергліся землі трох дзяржаў... Агульная плошча забруджаных тэрыторый - 156 тыс. кв.км. Колькасць радыенуклідаў, што былі выкінуты ў навакольнае асяроддзе, параўноўваецца з эфектам ад выбуху двух дзесяткаў атамных бомб. У ліквідацыі аварыі бралі ўдзел каля 830 тыс. чалавек. Асноўныя радыеізатопы выкіду: ёд-131, цэзій-137, плутоній-239, 240. Усе яны складаюць небяспеку для жыцця чалавека...

Найбольш пацярпела ў выніку выбуху 4-га блока на ЧАЭС Беларусь. Практычна, гэта краіна сёння - зона глабальнага экалагічнага нацыянальнага бедства, паколькі радыенукліднаму забруджванню і ўдару падверглася па сутнасці ўся яе тэрыторыя і насельніцтва (80% ад агульнай колькасці ўсіх выкінутых радыенуклідаў). Па ацэнках вучоных Японіі аварыя нанесла ўрон гэтай рэспубліцы ў 200 млрд. даляраў. Назіраецца павелічэнне ў рэспубліцы за пасляаварыйны перыяд анкалагічных захворванняў сярод дарослых у 2 разы, сярод дзяцей у 50 разоў, перарываецца штогод да 500 цяжарнасцей па генетычных паказаннях...

Сёння на забруджаных тэрыторыях пражываюць каля 10 млн. чалавек, у тым ліку звыш 2 млн. дзяцей...»

 

Загарнуўшы слоўнік, Ёхан доўга сядзеў за сталом у трывожным роздуме...

А дзевятай гадзіне раніцы ён быў ужо ў бальніцы. Прайшоўшы ў белым халаце, які яму ўручыла ў холе медсястра, да Алесі ў палату, Ёхан зусім нечакана для сябе ўбачыў там сваіх аднакласнікаў. Прыйшоў, акрамя Шыльды, амаль увесь клас, нават - Карл. Абступіўшы з усіх бакоў Алесю, яны пра штосьці весела з ёй гаманілі. Карл, як звычайна, пагардлівы і напышлівы, першы прыкмеціў Ёхана.

- А вось і наш герой, - сказаў ён. - Гэта ж трэба, спусціцца з такой вышыні! Я ніколі б не адважыўся. Памёр бы са страху.

Ёхан павітаўся з сябрамі. Тыя далі яму праход да Алесі.

- Ну што, хлопцы, пойдзем. А то мы ўжо, відаць, надакучылі Алесі сваёй балбатнёй, - прапанаваў Ганс і, падміргнуўшы, па-сяброўску ляпнуў Ёхана па плячы.

Ёхан зычліва правёў вачыма сяброў. Ён быў шчыра ўдзячны ім за тое, што яны праведалі Алесю, а яшчэ, што здагадаліся пакінуць яго сам-насам з дзяўчынай. Пасля перавёў позірк на Алесю, якая ляжала на невысокім драўляным ложку, да грудзей захінутая коўдрай. Яе твар быў белы і стомлены, але вочы пазіралі з цяплом і пяшчотай.

- Прывітанне, Алеся, - нягучна прамовіў Ёхан.

- Добрай раніцы, Ёхан, - ціха, але зычліва адказала дзяўчына і паказала вачыма на стул, што стаяў побач з ложкам. - Ты сядай, калі ласка. Дзякуй табе, што зайшоў, а яшчэ за дапамогу і вечар. Ён быў проста цудоўны. Я ўпершыню так адпачывала. Прабач, што падвяла цябе крыху ў канцы, міжволі прымусіла рызыкаваць жыццём...

- Пра што ты, Алеся, - усхвалявана перабіў Ёхан дзяўчыну. - Якая там рызыка... Я нават і не заўважыў, як спусціўся з вежы. Толькі ўжо на зямлі, калі зірнуў увысь, спужаўся.

Алеся ўсміхнулася:

- Сапраўды? - І тут жа дадала сур'ёзна і шчыра: - Я каб ведала, куды ты тады пайшоў, ніколі б не пусціла цябе, чуеш?

Ёхан узяў руку Алесі - лёгкую, тонкую, беласнежную, прыцягнуў да сваёй грудзіны.

- Што ты, Алеся, я б дзеля цябе на край свету пайшоў бы...

Рука дзяўчыны затрымцела ў далонях Ёхана.

- Ёхан, у мяне ёсць да цябе адна просьба, - ціха прамовіла Алеся. - Ты прабач, калі ласка, Шыльду. Патэлефануй ёй. Скажы, што не крыўдуеш. Зробіш гэта дзеля мяне? Абяцаеш?

- Добра, я патэлефаную, - адказаў Ёхан і тут жа ўсклікнуў: - От, ледзь не забыў, я ж табе пачастунак прынёс! - узняў ён з падлогі сумку...

Ёхан наведваў Алесю амаль кожны дзень, пакуль яна знаходзілася ў бальніцы.

 

А праз тры тыдні дзяўчына ад'язджала дамоў...

Яны стаялі каля высокага прывакзальнага ліхтара. Дзьмуў лёгкі ветрык. Неба зацягвалі цемнавата-шэрыя хмары. І Ёхан у думках маліў нябёсы, каб тыя злітаваліся над імі і пачакалі крыху з дажджом. Рэчы Алесі - сумка і невялічкі жоўты чамадан - былі пагружаны ўжо ў аўтобус, што нягучна фыркаў крокаў за трыццаць ад іх. Да ягонага адбыцця заставалася хвілін дзесяць.

Ёхан трымаў Алесю за руку. Ён хацеў сказаць ёй шмат, вельмі шмат. І гэта турбавала яго, але ён не ведаў, з чаго пачаць. Час жа няўмольна бег. І ад думкі, што Алеся хутка паедзе і ён застанецца адзін вось на гэтай шэрай прывакзальнай плошчы, Ёхан жахнуўся.

- Ну вось, праз суткі ты ўжо будзеш дома, - зірнуўшы на гадзіннік, вымавіў ён, абы толькі не маўчаць.

- Угу, - ледзь прыкметна хітанула галавою Алеся. - Дзякуй табе за ўсё...

- Напішы мне, як прыедзеш дамоў. Я вельмі буду чакаць твой ліст, чуеш? - ціха папрасіў Ёхан.

- Я напішу, абавязкова табе напішу, - ласкава запэўніла Алеся і, кінуўшы позірк на гадзіннік, прагаварыла: - Ну вось, час ісці...

Яна зрушылася. Але Ёхан прыпыніў яе словам:

- Алеся!

Не, ён не мог расстацца з ёю вось так, не сказаўшы пра тое, ад чаго так моцна білася зараз у грудзіне ягонае сэрца.

- Алеся, хвілінку, адну хвілінку! - Ён узяў дзяўчыну за руку. - Я хачу, каб ты ведала, я кахаю цябе...

Алесіна цёплая, далікатная, пяшчотная рука дакранулася да яго твару.

- Я таксама кахаю цябе, Ёхан...

І Ёхан раптам адчуў, як датыкнуліся да ягонай шчакі гарачыя дзявочыя вусны...

Праз хвіліну, зароўшы маторам, аўтобус паехаў.

Заварожаны Ёхан доўга пазіраў яму ўслед, кранаючы рукою шчаку, дзе хвалюючым агнём усё гарэў і гарэў ласкава-пяшчотны пацалунак Алесі...

Алеся, як і абяцала, напісала адразу па прыездзе дамоў. Яе ліст быў сціплы і кароткі, але шчыры і зычлівы:

 

«Прывітанне, любы. Вось я ўжо і дома, у сваіх родных Запольцах. З радасці пагаманіла з маці і бабуляй - яны, дарэчы, вельмі ўдзячны табе, фраў Вайс, усім тваім сябрам за той шчыры і сардэчны клопат, які вы праявілі да мяне ў Германіі, - пасля схадзіла на колькі хвілінак да сябровак і села за стол пісаць табе ліст. Даруй, калі ласка, за некалькі блытаны стыль майго паслання, крыху стаміла дарога - доўгая, душная, нудная. Дый цяжка зноў прывыкнуць да той страшнай рэчаіснасці, што зараз у нас на дварэ. Ведаеш, калі я расказала сяброўкам, што ў вас, у Германіі, можна без усялякай боязі і небяспекі для сябе гуляць па вуліцы, зрываць кветкі і есці садавіну і гародніну, мне ніхто не паверыў. Нават калі я частавала іх тваімі апельсінамі, яны насцярожана пазіралі і пыталіся ў мяне: «А ці можна іх есці? Ці не радыеактыўныя яны?» Прыйшлося спачатку адзін з'есці самой.

Яшчэ хадзіла сёння ў бальніцу. Захварэў сын нашай суседкі Яніны, пяцігадовы Петрусёк. Штосьці з крывёю ў яго. Занесла яму вашых нямецкіх цукерак. Ён так узрадаваўся! На жаль, тых лекаў, што ў вас мне прызначылі, у нашай бальніцы няма. Не хапае нават самых простых медыцынскіх матэрыялаў: бінтоў, аднаразовых шпрыцаў. У палатах душна і цесна. Хворыя ляжаць нават у калідорах. Балюча глядзець, як яны пакутуюць. Як падумаю, што праз тыдзень-другі мне давядзецца сюды легчы на пасляаперацыйнае абследаванне, мурашкі бягуць па спіне.

Але не буду больш пра сумнае. Ведаеш, усю дарогу дамоў у аўтобусе я ўспамінала ваш чысты прыгожы гарадок, твой мілы ўтульны дом, цябе, мой любы. Прайшло ўсяго тры дні, як мы развіталіся, а быццам мінула вечнасць. Часам мне нават здаецца, што гэта была прыгожая казка-сон. І толькі твой невялічкі каляровы фотаздымак на маім стале сцвярджае - тое было. І ты існуеш, мой любы. І недзе там, за тысячу кіламетраў адсюль, зараз думаеш пра мяне. Як жа я хацела б быць побач з тобою ў гэтую хвілінку! Пазіраю ў расчыненае акно - здаецца, выпырхнула б у яго і паляцела да цябе «альс Блауэс Фёгэляйн»*. Але дзіва, кажуць, на свеце не бывае. Таму дапісваю свой ліст і буду ў нецярпенні чакаць твой, мой мілы. Прабач, што ён атрымаўся кароткі, але на дварэ змяркаецца, гукае мама садзіцца за ўрокі. Трэба наганяць тыя два месяцы заняткаў, што я прапусціла ў школе. Шчырае прывітанне ўсім тваім сябрам, нізкі паклон фраў Вайс. Бывай, мой любы.

* Сіняй птушкай.

 

Алеся

P.S. Пішы мне, калі ласка, як мага падрабязней пра сябе і сяброў, пра фраў Вайс. Мне так хочацца ўсё пра вас ведаць».

 

Адпісаўшы Алесі ліст, Ёхан адвёз яго на пошту. А праз паўгадзіны ён быў ужо на цэнтральнай гарадской вуліцы. Пасланне Алесі ўразіла яго. Не, ён не мог сядзець у бяздзейнасці, калі дзесьці там, у далёкай чарнобыльскай краіне, пакутуюць яго каханая і яе юныя сябры.

Мясцовае аддзяленне Чырвонага Крыжа ён адшукаў хутка - у ім некалі працавала ягоная бабуля. Яно месцілася ў высокім чырвоным цагляным доме. Невысокая, хударлявая, з акуратна ўкладзенымі на галаве бліскучымі сівымі валасамі жанчына, якую Ёхан знайшоў у прасторным і светлым пакоі, выслухала яго ўважліва. Калі Ёхан з хваляваннем растлумачыў, чаму прыйшоў да яе, жанчына загарнула вадзіцельскія правы і падняла на яго свае маленькія летуценныя вочы.

- Прабачце, а фраў доктар Вайс вам кім даводзіцца?

- Гэта мая маці, - хутка адказаў Ёхан.

- Я калісьці лячылася ў фраў Вайс. Яна - проста цудоўны лекар. Вы можаце ганарыцца сваёй маці, - зычліва падкрэсліла жанчына і, працягнуўшы Ёхану ягоныя вадзіцельскія правы, перайшла да справы. - Значыць, вы хочаце дапамагчы ахвярам Чарнобыля? У вашай сям'і хтосьці з іх папраўляў здароўе?

«Алеся», - ледзь не вымавіў Ёхан, але, падумаўшы, што гэтай прыязнай сівой жанчыне, што сядзіць насупраць яго, наўрад штосьці скажа незнаёмае імя, ціха адказаў:

- Так, у нас нядоўга жыла адна пацыентка маці.

- Што ж, мы вітаем ваша шчырае і светлае жаданне, - зычліва сказала жанчына і запрасіла Ёхана пасунуцца бліжэй да стала.

Праз паўгадзіны, атрымаўшы ад фраў Энкель новенькае бліскучае пасведчанне сябра Чырвонага Крыжа, а разам з ім і дазвол займацца дабрачыннай дзейнасцю, Ёхан быў ужо на вуліцы.

Вярнуўшыся дамоў, ён перш-наперш падняўся ў свой пакой, узяў у рукі скарбонку, разбіў яе на стале. Сабраў грошы, пералічыў іх. Было роўна 200 марак. Як добра, што ў яго паўгода таму ўзнікла ідэя купіць новы магнітафон! Акуратна склаўшы грошы, Ёхан саўгануў іх у тоўстую бліскуча-белую грашовую скрынку, якую атрымаў зусім нядаўна ад фраў Энкель. Гэта было першае ахвяраванне Алесі і яе чарнобыльскім сябрам - яго, Ёхана, ахвяраванне. Зірнуўшы на гадзіннік - быў пачатак першай, Ёхан заспяшаўся. Да абеду заставалася зусім нямнога. А менавіта ў гэты час у горадзе самы вялікі наплыў народу. Пераапрануўшыся ў касцюм і падхапіўшы пад паху скрынку, Ёхан паехаў у горад. Першы свой працоўны дзень ён вырашыў пачаць ля кірхі. Там цяпер ішла дзённая меса. А вернікі - людзі шчырыя і добрыя. І Ёхан разлічваў на іх спачуванне і міласэрнасць. Пакінуўшы матацыкл на стаянцы, Ёхан паставіў грашовую скрынку, як яго вучыла фраў Энкель, на невялічкі раскладны металічны стульчык, умацаваў побач з ім шыльду. Ён баяўся, што прахожыя не заўважаць, пройдуць побач, не звернуць увагі на ягоны заклік ці проста не кране іх сэрцаў надпіс на шыльдзе. Але тыя спыняліся, уважліва чыталі надпіс, пераводзілі позірк на Ёхана і апускалі ў скрынку грошы. Некаторыя моўчкі, іншыя пыталіся, дзе той Чарнобыль і што там здарылася? Ёхан у такім выпадку працягваў кароткую даведку-брашуру: «Вось пачытайце, тут усё напісана». Ён не крыўдаваў на людзей за іх недасведчанасць. Хіба ж ён сам яшчэ зусім нядаўна не быў гэткім жа і амаль нічога не ведаў пра Чарнобыль, пра гэтую жудасную і нечуваную бяду?

Самае прыемнае здзіўленне чакала Ёхана пад вечар, калі раптам да яго на матацыклах падрулілі Ганс, Грэтхен, Эльза і Карл.

- Мы яго па ўсім горадзе шукаем, а ён вось куды зашыўся, - заглушыўшы матор і зняўшы з галавы шлем, весела прамовіў Ганс.

- Нават і не папярэдзіў. А яшчэ сябар называецца, - з дакорам, але без крыўды ў голасе прамовіла ў такт Гансу Грэтхен. - Ці ж не дапамаглі б...

- Як жа, ён у нас герой-адзіночка. Усю славу толькі сабе, - паддзела з Карлавага матацыкла Эльза. - З вежы аднаму спусціцца... Цяпер ахвяраванні сабраць... Не, не атрымаецца, давядзецца падзяліцца...

- Ану, дзе тут твая скрынка? - спытаў Карл. - Ты не будзеш супроць, калі мы крыху пастаім ля яе. А то фраў Шуман перахвалявалася ўжо, чакаючы цябе абедаць...

Падышоўшы да Ёхана, сябры палезлі ў кішэні і праз хвіліну апусцілі адзін за адным у скрынку грошы. Па дробных купюрах Ёхан зразумеў: тыя былі з іх асабістых скарбонак. У душы Ёхан ганарыўся імі - шчырымі, зычлівымі, сумленнымі...

 

Дома вечарам яго чакала яшчэ адна прыемная навіна. Вярнуўшыся з работы, маці прыйшла да Ёхана ў пакой, схілілася, пацалавала яго ў шчаку:

- Сынок, я выпадкова даведалася... Я ганаруся табою, мой хлопчык. Мы сёння таксама сабралі ў бальніцы сёе-тое з лекаў для Алесі. Заўтра заедзеш забярэш, добра?

Яна прысела каля Ёхана на краёк канапы, пяшчотна прыцягнула яго да сябе:

- Сумуеш па Алесі, сынок? А што, калі мы запросім яе да нас на восеньскія канікулы?

Ёхан з радасці пацалаваў маці. Не, яна, безумоўна, у яго самая прыгожая, добрая і ласкавая на свеце...

 

Зборам сродкаў для чарнобыльскіх ахвяр Ёхан займаўся амаль усё лета. У самым канцы яго адправіў у далёкую Беларусь першы дабрачынны кантэйнер з лекамі, гароднінай, сокамі і цацкамі. Увесь гэты час ён з хваляваннем чакаў ліста ад Алесі. Але той прыйшоў толькі ў пачатку верасня. Пасланне Алесі было шчырае і журботнае.

 

«Дарагі мой Ёхан! Вось нарэшце і атрымала твой ліст. Прабач, што доўга не адказвала. Ляжала ў бальніцы. Адпусцілі на выхадныя, прыйшла дамоў, тут бабуля і працягвае мне тваё пасланне. Зірнула на штэмпель і жахнулася. Амаль месяц яно падарожнічала, пакуль адшукала мяне. Выняла з канверта, разгарнула, прабегла па ім вачыма і нібы зноў пабывала ў вас у Германіі. Пагаманіла з табою, мілы. Яно цяпер са мною ў бальніцы. Нанач кладу яго побач з сабою. І яно сагравае мяне на холодным і змрочным бальнічным ложку. Быццам не твой ліст, а ты побач, любы, зберагаеш мой сон і спакой.

А ўвогуле ў нас у бальніцы сумна і млосна. У палаце нас аж дванаццаць. Са старэйшых толькі я і Аня. Астатнія - малыя. Моцна сумуюць па матулях. Плачуць. Просяцца дамоў. Мы з Аняй узялі як бы шэфства над імі. Чытаем малым казкі і вершы. Выразаем з кардону розных звяроў і птушак, выдумляем гульні, каб толькі неяк суцешыць іхні боль. На жаль, не заўсёды гэта ўдаецца. Памятаеш, я табе пісала пра Петруська, сына нашай суседкі? Зараз ён не ўстае з ложка. У вачах толькі боль і нуда. Амаль ні з кім, акрамя мяне, не размаўляе. Наша санітарка цётка Маня, калі прыбірае пакой, заўсёды з жалобай пазірае на яго, выходзіць у калідор і ціха плача. А Петрусёк пытаецца ў мяне: «Я памру, Алеся?» Я адказваю: «Што ты, Петрусёк, ты хутка паправішся». А ён гаворыць: «А чаго тады плача цётка Маня? Скажы, калі ласка, маёй мамцы, як я памру, хай моцна не плача па мне...» Я ледзь стрымала слёзы. Цяпер кожную раніцу і вечар чытаю яму казкі, каб неяк адцягнуць хлопчыка ад змрочных думак. Вось і зараз ён кліча мяне пачытаць. Таму да пабачэння, любы. Прабач, што мой ліст атрымаўся сумны, але, на жаль, такая ў нас рэчаіснасць.

 

З павагай і любоўю да цябе Алеся».

 

Не прайшло і тыдня, як Ёхан атрымаў чарговы ліст Алесі - цёплы, светлы, сардэчны.

 

«Добры дзень, мой любы. Здаецца, зусім нядаўна адпісала на твой ліст. А тут яшчэ адна прыемная навіна ад цябе. Прыйшла твая пасылка з лекамі, гароднінай, сокамі і цацкамі. Лекі, бінты і шпрыцы я перадала лекарам. А вось цацкі... мы пакінулі сабе. Малыя ўвесь дзень ад іх не адыходзяць, гуляюць і гуляюць. Асабліва ім спадабалася высокая бялявая лялька з вялікімі блакітнымі вачыма. Гаворыць, спявае, апускае і падымае вейкі. Дзеці пазіраюць на яе, бы на дзіва. Нават зусім забыліся пра сум і боль. Заводзяць, слухаюць і слухаюць. Нават Петрусёк і той вывучыў словы і спявае разам з лялькай:

 

Юбэр аллэн Гіпфэльн

Іст Ру.

Ін аллэн Віпфэльн

Шпюрэст ду...

Я ім расказала, што гэта верш Гётэ. Пераказала ягоны тэкст.

Яшчэ малыя цяпер ведаюць гэткія вашыя нямецкія словы, як маммі, паппі, кіндэр, юнгэ, фройнд, лібэ, мільх, цукэр, данкэ, біттэ. А ляльку, дарэчы, яны назвалі, здагадайся як? Фраў доктар Вайс - у гонар тваёй маці. Прабач, што не стрымалася, расказала ім пра Германію, хто ім даслаў гэтыя цудоўныя падарункі. Петрусёк цяпер заўсёды ложыць нанач ляльку побач з сабою, гаворыць: «Гэта фраў доктар Вайс. Яна вылечыць мяне». А я толькі на хвілінку ўяўляю, як ты там у сябе на радзіме стаяў з шыльдай і збіраў для нас ахвяраванні, адразу замірае сэрцайка. Я ганаруся табою, любы. Не ведаю, што наканавана наперадзе мне лёсам, але я ўжо шчаслівая тым, што ў маім жыцці быў і ёсць ты, мілы. Дзякуй табе таксама за запрашэнне да вас у Германію, якое ты даслаў з пасылкай. Я абавязкова прыеду.

 

Да сустрэчы, мой любы. Алеся

P.S. Я вельмі радая за фраў Вайс, што ў яе на рабоце ўсё добра. Пацалуй яе, калі ласка, за мяне і выкажы маю вялікую падзяку за ўсё. І яшчэ - самае шчырае прывітанне ўсім тваім сябрам...»

 

Прачытаўшы ў хваляванні некалькі разоў запар ліст Алесі, Ёхан паклаў яго на стол, прайшоў да чорнага фартэпіяна маці. Адкінуўшы накрыўку, ён пяшчотна дакрануўся рукамі да бела-чорных клавішаў. Гэты дотык прыносіў яму заўсёды супакой і цяпло, бо на гэтым фартэпіяна калісьці грала Алеся. І, чапаючы рукою клавішы, ён быццам датыкаўся да яе пальцаў - лёгкіх, трапяткіх, чуйных. Так, зусім хутка прыедзе яго сінявокая зорка. Апусціўшы накрыўку, Ёхан падышоў да акна. На дварэ змяркалася. За тоўстым шклом цямнелі чорныя ствалы сосен, між імі, бы вавёрка, гойсала жоўтая пляма месячыка. Адно толькі моцна турбавала Ёхана - чаму ў сваіх шчырых светлых лістах Алеся амаль нічога не піша пра сваё здароўе? Мо не хоча яго хваляваць?

 

Амаль месяц Ёхан жыў у чаканні прыезду Алесі.

І вось надышлі вакацыі...

 

Быў ціхі і ясны восеньскі дзень. З раніцы з'ездзіў у булачную, заказаў торт. Прывёзшы яго дамоў, схадзіў у кветнік, нарэзаў вялікі букет ружаў, аднёс яго ў гасціную, паставіў у святочную вазу. Пасля прыбраў канапу і кніжныя паліцы. Агледзеўшы пакой, ён з палёгкай уздыхнуў - здаецца, усё выглядала прыгожа і прыстойна. Затым, старанна адпрасаваўшы касцюм, Ёхан прысеў на стул, з любасцю дакрануўся да фотакарткі, якая стаяла на стале. Гэты невялічкі каляровы здымак даслала яму два месяцы таму Алеся. Так, з хвілінкі на хвілінку прыедзе ўжо яго любая. Але чаму спазняецца маці? Ёхан кінуў позірк на гадзіннік - была палова на першую. Хутка ім ехаць ужо на вакзал сустракаць Алесю. А маці дзесьці затрымліваецца.

Калі ўнізе ў прыхожай рыпнулі дзверы, у Ёхана адлягло ад сэрца - вось нарэшце і яна. Пераапрануўшыся ў касцюм і белую кашулю, ён спусціўся па лесвіцы ў хол. Пачуўшы груканне посуду, якое далятала з кухні, хлопец падумаў пра торт - ці прыбрала яго фраў Шуман са стала ў лядоўню? Мяккі ж есці не вельмі прыемна.

Маці ў холе не было, як і ў прыхожай. Ёхан знайшоў яе ў гасцінай. Яна стаяла ў глыбіні пакоя каля ружаў, прытуліўшыся да сцяны, сумная, спахмурнелая, на вачах у яе былі слёзы. Ёхан міжволі насцярожыўся. Відаць, нешта здарылася.

Прыкмеціўшы Ёхана, маці падняла галаву, выцерла хустачкай вочы.

- Прабач, мой хлопчык, - сумна вымавіла, - мы не адважыліся табе сказаць учора. Не прыедзе Алеся. Я ведаю, ты ў мяне мужны, сынок. Няма больш яе, два тыдні, як няма... Вось яе апошняе пасланне, - нясмела працягнула яна беласнежны ліст паперы. - Яго даслала маці Алесі. Трымайся, мой хлопчык, - прытуліла яна Ёхана да сябе. - Я буду ў суседнім пакоі...

Паклаўшы ліст на стол, яна выйшла.

Ёхан некалькі хвілін не кранаўся з месца. Усё ягонае цела - рукі, ногі, тулава, галава, - нібы налілося непераадольным цяжарам. Ён не адчуваў ні прасторы, ні часу. Толькі вялікія выразныя вочы Алесі, бы міраж, стаялі перад ім. Не, у гэта было нельга паверыць, што ягонай мілай, добрай і любай ужо больш няма... А мо ён бачыць пачварны сон? Але гэты пах ружаў, гэты бялюткі ліст на стале... Зачапіўшы рукою фіранку акна, Ёхан цяжка апусціўся на стул.

Да апошняга паслання Алесі ён дакрануўся толькі праз гадзіну. Ліст дзяўчыны быў шчыры і чысты, нібы тыя воды Эльбы.

 

«Дарагі мой Ёхан! Колькі доўгіх нудных дзён чакала твайго пісьма і вось нарэшце атрымала яго. Схавалася ў палату, разгарнула і... не паверыла сваім вачам - ён на маёй роднай беларускай мове! Толькі ўявіла на хвілінку, як ты сядзеў і гарбеў са слоўнікам... Божа, быццам не ліст, а сэрцайка сваё ты даслаў мне, мілы. Самы шчыры і зямны паклон табе, любы, за гэты цудоўны прыгожы падарунак. Ён зараз заўсёды са мною, бы тое сонейка, сагравае і надае мне сілы.

А ўвогуле зараз у нас на дварэ сапраўдная восень. Мокра і ветрана. Неба свінцова-шэрае, цярушыць дробны халодны дождж, нібы самі нябёсы плачуць, перажываюць нашу бяду. Ведаеш, я цяпер у іншай палаце, разам з дарослымі (ты толькі не хвалюйся, любы, мне проста прыпісалі новыя лекі). З сябрамі амаль не бачуся, бо хадзіць па бальніцы забараняюць. Сумна і тужліва. Толькі аднойчы сустрэла ў перавязачным пакоі Петруська. Ледзь не расплакаліся. Ён казаў, што яму будуць рабіць аперацыю. Таму я моцна хвалююся за яго. Ці вытрымае, ён жа зусім яшчэ малы. Нават і не ўяўляю, што б я рабіла, каб не тыя цікавыя кніжкі, якія ты мне нядаўна даслаў. Яны для мяне зараз, як тая крынічка для вандроўніка, з раніцы да вечара чытаю і чытаю. А ноччу зноў паўстае перад вачыма Петрусёк... Але хопіць пра сумнае.

Ведаеш, любы, я адлічваю кожны дзянёк, што набліжае нашу сустрэчу. Прыціскаю да сэрца тваю фотакартку і ў думках уяўляю яе. А яшчэ я жыву ўспамінамі. Часамі мне нават сніцца ваш мілы, добры і ўтульны дом, ты, мілы, фраў Вайс, быццам зноў мы едзем да Карла на баль, пасля танчым з табою пры свечках вальс, стаім каля святой магілы Марціна Лютэра... Божа, няўжо ўсё гэта было? Няўжо я зноў хутка буду побач з вамі? Даруй, любы, але падчас мяне ахоплівае трывожнае прадчуванне, што не падаруе нам лёс гэтай салодкай хвіліны спаткання. Я стараюся адагнаць гэтыя змрочныя думкі, бо, што б ні здарылася, я ўсё роўна прымчуся да цябе, мой любы, у той дзень. Прылячу сіняй птушкай ці зазірну ў тваё акно бялёсай заранкай. Ты зірні ў тэлескоп, убачыш яе - чароўную, чыстую, ласкавую, ведай - гэта я. Як там у нашага Максіма Багдановіча:

 

...Буду ў далёкім краю я нудзіцца,

Ў сэрцы любоў затаіўшы сваю,

Кожную ночку на зорку дзівіцца

Буду ў далёкім краю.

Глянь іншы раз на яе, - у расстанні

З ёю зліём мы пагляды свае...

Каб хоць на міг уваскрэсла каханне,

Глянь іншы раз на яе...

 

Шчасця, цяпла, радасці табе. Бывай, мой каханы.

 

Алеся».

 

Паклаўшы развітальны ліст Алесі на стол, Ёхан дацягнуўся рукою да фотакарткі, якая стаяла побач з жоўтай ажурнай лямпай. Наблізіўшы яе да вачэй, пяшчотна правёў па ёй пальцамі. І не стрымаў слёз. Алеся, дзівосная і прыгожая, як лясная фея, бы жывая, усміхалася яму з фотакарткі сваёй шчырай і чароўнай усмешкай...

Цяжка падняўшыся са стула, ён падышоў да акна. Прыціснуўшы да сэрца маленькі бялёсы фотаздымак, Ёхан скрозь слёзы журботна зірнуў у нябесны блакіт - туды, куды сінявокай заранкай паляцела ягонае першае юначае каханне...


1990-2001?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая