Уладзіміру Высоцкаму
Паэт загінуў. Так загінуў Гамлет,
Выпрабаваны ядам і клінком.
Паэт загінуў. Мы ж - жывыя. Нам не
Судзіць аб ім, як колісь, абаколь.
Яму вы слоў пустых не балабоньце.
Што вашы плёткі ветраныя ўсе!
Паэтаў доля - паміраць на фронце
У марах аб нейтральнай паласе.
Дзе вы цяпер, яго адзінаверцы,
Яго сябры - надзея і быльлё?
Ня вытрымала змучанае сэрца!
Яму і нельга вытрымаць было.
Гамоняць гучна шэльмы і зладзеі
Над лопнутай гітарнаю струной...
Паэт загінуў - і няма надзеі,
Што гэта стане плёткай шчэ адной.
Цяпер ад папулярнасьці вар'яцкай
За іншыя пайшоў ён рубяжы.
Трывожна сьпіць ён у магіле брацкай,
Дзе руская паэзія ляжыць.
Ня страціўшы сваёй быліннай сілы,
Ляжыць паэт, набраўшы ў рот вады.
І абезгаласелая Расія
Не разумее шчэ сваёй бяды.
Нічога для яго мы не пасьпелі.
А вось і вынік - што тут гаманіць!
І колькі песень мы б усе ні сьпелі,
Яго нам - аднаго - не замяніць!
1980