Аляксандар Купрын

Алеся

I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
Х
XI
XII
XIII
XIV


I

 

Мой слуга, кухар і спадарожнік па паляванні - палясоўшчык Ярмола зайшоў у пакой, сагнуўшыся пад вязкай дроў, скінуў яе з грукатам на падлогу і пачаў хукаць на адубелыя пальцы.

- У, які вецер, паныч, на вуліцы, - сказаў ён, сядаючы на кукішкі перад грубкай. - Трэба добра грубку напаліць. Дазвольце запалачку, паныч.

- Значыць, заўтра на зайцоў не пойдзем, га? Як ты мяркуеш, Ярмола?

- Не... няможна... чуеце, якая завіруха? Заяц цяпер ляжыць і - ні гу-гу... Заўтра ніводнага следу не ўбачыце.

Лёс закінуў мяне на цэлых шэсць месяцаў у глухую вёсачку Валынскай губерні, на ўскраіну Палесся, і паляванне было адзіным маім заняткам і радасцю. Прызнаюся, у той час, калі мне прапанавалі ехаць на вёску, я зусім не думаў, што буду так страшэнна сумаваць. Я паехаў нават з радасцю. «Палессе... глухамань... улонне прыроды... простыя норавы... першабытныя натуры, - думаў я, седзячы ў вагоне, - зусім незнаёмы мне народ, з дзіўнымі звычаямі, своеасаблівай мовай... і ўжо, мусіць, якая безліч паэтычных легенд, паданняў і песень!» А я ў той час (расказваць, дык ужо ўсё расказваць) паспеў нават надрукаваць у адной маленькай газетцы апавяданне з двума забойствамі і адным самагубствам і ведаў тэарэтычна, што пісьменнікам карысна назіраць за жыццём.

Аднак... ці перабродскія сяляне вызначаліся нейкай асаблівай, упартай нетаварыскасцю, ці я не ўмеў як след узяцца за справу - узаемаадносіны мае з імі абмяжоўваліся толькі тым, што, убачыўшы мяне, яны яшчэ здалёку здымалі шапкі, а параўняўшыся са мной, панура вымаўлялі: «Гай буг», што павінна было азначаць: «Памагай бог». Калі ж я рабіў спробу з імі загаварыць, дык яны пазіралі на мяне са здзіўленнем, адмаўляліся разумець самыя простыя пытанні і ўсё стараліся цалаваць у мяне рукі - даўнейшы звычай, што астаўся ад польскага прыгону.

Кніжкі, якія ў мяне былі, я ўсе вельмі хутка перачытаў. Ад нудоты - хоць спачатку гэта здавалася мне непрыемным - я зрабіў спробу пазнаёміцца з мясцовай інтэлігенцыяй у асобе ксяндза, які жыў за пятнаццаць вёрст, тамашняга «пана арганіста», мясцовага ўрадніка і канторшчыка з суседняга маёнтка - адстаўнога унтэр-афіцэра, - але з гэтага нічога не выйшла.

Потым я спрабаваў узяцца за лячэнне перабродскіх жыхароў. У маім распараджэнні былі рыцына, карболаўка, борная кіслата, ёд. Але тут, апрача маіх небагатых ведаў, я натрапіў на поўную немагчымасць ставіць дыягназы, бо прыкметы хваробы ва ўсіх маіх пацыентаў былі заўсёды адны і тыя ж: «усярэдзіне баліць» і «ні есці, ні піць не можу».

Прыходзіць, напрыклад, да мяне старая баба. Са збянтэжаным выглядам шмаргануўшы пад носам указальным пальцам правай рукі, яна дастае з-за пазухі пару яек, пры гэтым на нейкі момант я бачу яе карычневую скуру, і кладзе іх на стол. Потым яна пачынае лавіць мае рукі, каб пацалаваць іх. Я хаваю рукі і пераконваю старую:

- Ды не трэба, бабка... пакінь... я не поп... мне гэтага не трэба... Што ў цябе баліць?

- Усярэдзіне ў мяне баліць, панычу, у самай што ні ёсць сярэдзіне, ажно ні піць, ні есці не можу...

- Даўно гэта ў цябе?

- А хіба я ведаю? - адказвае яна таксама запытаннем. - Так і пячэ, і пячэ. Ні піць, ні есці не можу.

І колькі я ні б'юся, больш пэўных прыкмет хваробы не знаходжу.

- Ды вы не хвалюйцеся, - параіў мне аднойчы канторшчык з унтэраў, - самі ачуняюць. Прысохне, як на сабаку. Я, прызнаюся вам, толькі адно лякарства ўжываю - нашатыр. Прыходзіць да мяне мужык. «Чаго табе?» - «Я, кажа, хворы...» Я адразу яму пад нос пляшачку з нашатырным спіртам. «Нюхай!» Нюхае... «Нюхай яшчэ... мацней!» Нюхае... «Што, палегчала?» - «Як быццам палегчала...» - «Ну, дык і ідзі з богам».

Апрача таго, мне непрыемна было гэтае цалаванне рук (а некаторыя дык проста кідаліся ў ногі і з усяе сілы стараліся пацалаваць мае боты). Тут выяўлялася не шчырасць удзячнага сэрца, а проста гідкая прывычка, якая ішла праз вякі рабства і гвалту. І я толькі здзіўляўся, назіраючы, як той самы канторшчык з унтэраў і ўраднік з выключным спакоем соваюць у губы мужыкоў свае вялізныя чырвоныя лапы...

У мяне аставалася толькі паляванне. Але ў канцы студзеня настала такое надвор'е, што і на паляванне хадзіць зрабілася немагчыма. Кожны дзень дзьмуў страшэнны вецер, а за ноч на снезе ўтвараўся цвёрды, ледзяністы слой шарпаку, па якім заяц прабягаў, не пакідаючы следу. Седзячы ў хаце і прыслухоўваючыся да завывання ветру, я сумаваў страшэнна. Зусім зразумела, што я ахвотна ўхапіўся за такую нявінную забаву, як навучанне грамаце палясоўшчыка Ярмолы.

Пачалося гэта, між іншым, досыць арыгінальна. Я аднойчы пісаў пісьмо і раптам адчуў, што нехта стаіць у мяне за спіной. Павярнуўшыся, я ўбачыў Ярмолу - ён, як і заўсёды, зусім ціха падышоў у сваіх мяккіх лапцях.

- Чаго табе, Ярмола? - спытаў я.

- Ды вось гляджу, як вы пішаце. Вось бы мне гэтак... Не, не... не гэтак, як вы, - збянтэжана залапатаў ён, калі ўбачыў, што я ўсміхаюся. - Мне б толькі маё прозвішча...

- Навошта гэта табе? - здзівіўся я... (Трэба сказаць, што Ярмола лічыцца за самага беднага і гультаяватага мужыка ва ўсім Перабродзе; жалаванне і свой сялянскі заробак ён прапівае; такіх знясіленых валоў, як у яго, няма нідзе ў наваколлі. На маю думку, ён ужо напэўна ніколі не павінен быў бы адчуваць патрэбы ў грамаце.) Я яшчэ раз запытаўся з сумненнем: - Навошта табе трэба ўмець пісаць прозвішча?

- Бачыце, якая справа, паныч, - адказаў Ярмола незвычайна мякка, - ніводнага пісьменнага няма ў нас у вёсцы. Калі паперу якую трэба падпісаць, або ў воласці справа, або што... ніхто не можа... Стараста пячатку толькі кладзе, а сам не ведае, што ў ёй надрукавана... То добра было б усім, каб хто ўмеў распісацца.

Гэтыя Ярмолавы клопаты - заўзятага браканьера, бестурботнага валацугі, з думкаю якога ніколі нават не лічыўся б селавы сход, - гэтыя клопаты яго аб грамадскіх інтарэсах роднага сяла чамусьці кранулі мяне. Я сам прапанаваў даваць яму ўрокі. І якая ж гэта была цяжкая праца - усе мае спробы навучыць яго свядомаму чытанню і пісьму! Ярмола, які дасканала ведаў кожную сцежку ў сваім лесе, ледзь не кожнае дрэва, які ўмеў арыентавацца ўдзень і ўночы ў якім хочаш месцы, які адрозніваў па слядах усіх навакольных ваўкоў, зайцоў і лісоў, - гэты самы Ярмола ніяк не мог уявіць сабе, чаму, напрыклад, літары «м» і «а» разам складаюць «ма». Звычайна над такой задачай ён пакутліва думаў хвілін з дзесяць, а то і болей, прычым яго смуглявы худы твар з запалымі чорнымі вачамі, увесь зарослы жорсткай чорнай барадой і вялікімі вусамі, выяўляў гранічную ступень разумовага напружання.

- Ну скажы, Ярмола, - «ма». Проста толькі скажы - «ма», - прыставаў я да яго. - Не глядзі на паперу, глядзі на мяне, вось так. Ну, гавары - «ма»...

Тады Ярмола глыбока ўздыхаў, клаў на стол указку і вымаўляў сумна і рашуча:

- Не... не магу...

- Як гэта не можаш? Гэта ж так лёгка. Скажы проста «ма», вось як я кажу.

- Не... не магу, паныч... забыў...

Усе метады, прыёмы і параўнанні разбіваліся аб гэтую страшэнную някемлівасць. Аднак імкненне Ярмолы да асветы зусім не слабла.

- Мне б толькі маё прозвішча! - сарамліва прасіў ён мяне. - Болей нічога не трэба. Толькі прозвішча: Ярмола Попружук - і болей нічога.

Канчаткова пакінуўшы думку навучыць яго разумнаму чытанню і пісьму, я пачаў вучыць яго падпісвацца механічна. На маё вялікае здзіўленне, гэты спосаб быў найбольш лёгкі для Ярмолы - пад канец другога месяца мы ўжо амаль адолелі прозвішча. Што ж да імя, дык яго, каб аблегчыць задачу, мы вырашылі зусім адкінуць.

Па вечарах, скончыўшы паліць у печы, Ярмола нецярпліва чакаў, калі я пазаву яго.

- Ну, Ярмола, давай вучыцца, - гаварыў я.

Ён бокам падыходзіў да стала, апіраўся на яго локцямі, прасоўваў паміж сваіх чорных, карузлых, нягнуткіх пальцаў пяро і пытаўся ў мяне, узняўшы бровы:

- Пісаць?

- Пішы.

Ярмола даволі ўпэўнена выводзіў першую літару - «П» (гэтая літара ў нас мела назву: «два стаякі і зверху перакладзіна»); потым ён глядзеў на мяне запытальна.

- Чаго ж ты не пішаш? Забыў?

- Забыў... - з прыкрасцю ківаў галавою Ярмола.

- Эх, які ты! Ну, стаў кола.

- А-а! Кола, кола!.. Ведаю... - усміхаўся Ярмола і старанна маляваў на паперы выцягнутую ўверх фігуру, вельмі падобную па сваіх абрысах да Каспійскага мора. Скончыўшы з гэтаю працаю, ён колькі хвілін моўчкі захапляўся ёю, схіляючы галаву то на левы, то на правы бок і жмурачы вочы.

- Чаго ж ты спыніўся? Пішы далей.

- Пачакайце крышачку, панычу... зараз.

Хвіліны дзве ён думаў і потым нясмела пытаўся:

- Гэтак жа, як і першая?

- Але. Пішы.

Гэтак памалу мы дабраліся да апошняй літары - «к» (цвёрды знак мы адкінулі), якая была ў нас вядома як «палка, а пасярэдзіне палкі крывуліна хвастом набок».

- А што вы думаеце, панычу, - гаварыў часам Ярмола, скончыўшы са сваёю працаю і пазіраючы на яе з любоўным замілаваннем, - мне яшчэ месяцаў з пяць або шэсць павучыцца, дык я зусім бы добра ведаў. Што вы на гэта скажаце?

 

II

 

Ярмола сядзеў на кукішках перад грубкай, перамешваючы ў печцы вуголле, а я хадзіў узад і ўперад па дыяганалі майго пакоя. З усіх дванаццаці пакояў вялізнага панскага дома я займаў толькі адзін, былую канапную. Астатнія стаялі замкнёныя на ключ, і ў іх нерухома і ўрачыста плеснелі старасвецкая штофная мэбля, дзівосная бронза і партрэты XVIII стагоддзя.

Вецер за сценамі дома шалеў, як стары, змёрзлы голы д'ябал. У яго рове чуліся стогны, віск і дзікі смех. Мяцеліца пад вечар усхадзілася яшчэ мацней. Звонку нехта шалёна кідаў у шыбы акон жмені дробнага сухога снегу. Недалёкі лес жаліўся і гуў з бесперапыннай, затоенай, глухой пагрозай...

Вецер забіраўся ў пустыя пакоі і коміны, і стары дом, увесь расхістаны, дзіравы, напаўразбураны, раптам напаўняўся дзіўнымі гукамі, да якіх я прыслухоўваўся з міжвольнай трывогай. Вось нібы ўздыхнула штосьці ў белай зале, уздыхнула глыбока, перарывіста, самотна. Вось захадзілі і зарыпелі дзесьці далёка высахлыя гнілыя маснічыны пад нечымі цяжкімі і ціхімі крокамі. Мроіцца мне, што побач з маім пакоем, у калідоры, нехта асцярожна і настойліва націскае на дзвярную ручку і потым, неспадзявана раз'ятрыўшыся, ляціць па ўсім доме, страшэнна грукаючы аканіцамі і дзвярамі, або, забраўшыся ў комін, скавыча жаласліва, самотна і безупынна, то ўзнімаючы ўсё вышэй, усё таней свой голас да жаласлівага віску, то апускаючы яго ўніз, да звярынага рыку. Часам, бог ведае адкуль, урываўся гэты страшэнны госць і ў мой пакой, прабягаў раптоўным холадам у мяне па спіне і хістаў полымя ў лямпе, якая цьмяна свяціла пад зялёным папяровым, абгарэлым зверху абажурам.

Мяне ахапіла дзіўная, няпэўная трывога. Вось, думалася мне, сяджу я глухой і завірушнай зімняй ноччу ў старым доме, сярод вёскі, закінутай у лясах і сумётах, за сотні вёрст ад гарадскога жыцця, ад кампаніі, ад жаночага смеху, ад чалавечай размовы... І пачынала мне здавацца, што гады і дзесяткі гадоў будзе цягнуцца гэты непагодлівы вечар, будзе цягнуцца да самай маёй смерці, і гэтак жа будзе раўці за вокнамі вецер, гэтак жа цьмяна будзе гарэць лямпа пад убогім зялёным абажурам, гэтак жа трывожна буду хадзіць я ўзад і ўперад па маім пакоі, гэтак жа будзе сядзець каля печкі маўклівы, засяроджаны Ярмола - дзіўная, чужая мне істота, абыякавая да ўсяго на свеце: і да таго, што ў яго ў хаце галодная сям'я, і да завывання ветру, і да майго няпэўнага і вялікага смутку.

Мне раптам нясцерпна захацелася парушыць гэтую цяжкую маўклівасць чым-небудзь, што нагадвала б чалавечы голас, і я спытаў:

- Як ты думаеш, Ярмола, адкуль гэта сёння такі вецер?

- Вецер? - перапытаў Ярмола, ляніва ўзнімаючы галаву. - А паныч хіба не ведае?

- Пэўна не ведаю. Адкуль жа мне ведаць?

- І сапраўды не ведаеце? - пажвавеў раптам Ярмола. - Гэта я вам скажу, - гаварыў ён з таямнічым адценнем у голасе, - гэта я вам скажу: ці вядзьмака нарадзілася, ці чорт вяселле спраўляе.

- Вядзьмака - гэта чарадзейка, па-вашаму?

- Так, так... чарадзейка.

Я з прагнасцю накінуўся на Ярмолу. «Адкуль ведаць, - думаў я, - магчыма, зараз мне ўдасца пачуць ад яго якую-небудзь цікавую гісторыю, звязаную з чарадзействам, з закапанымі скарбамі, з ваўкалакамі?..»

- Ну, а ў вас тут, на Палессі, ёсць ведзьмы? - спытаў я.

- Не ведаю... Мабыць, ёсць, - адказаў Ярмола з ранейшай абыякавасцю і зноў схіліўся да печкі. - Старыя людзі кажуць, што былі калісьці... Можа, і няпраўда...

Я адразу расчараваўся. Характэрнаю рысаю Ярмолы была ўпартая маўклівасць, і я ўжо болей не спадзяваўся пачуць ад яго што-небудзь цікавае. Але, на маё здзіўленне, ён раптам загаварыў з лянівым нядбальствам і нібы звяртаючыся не да мяне, а да печы, у якой гуло полымя:

- Была ў нас гадоў пяць назад такая ведзьма... Толькі яе хлопцы з сяла выгналі!

- Куды ж яны яе прагналі?

- Куды!.. Вядома, у лес... Куды ж яшчэ? І хату яе пабурылі, каб ад таго праклятага котлішча і трэсак не асталося... А яе вывелі за вышніцы - і па шыі.

- А завошта вы з ёю так абышліся?

- Шкоды ад яе шмат было: сварылася з усімі, зелле пад хаты падлівала, закруткі вязала ў жыце... Адзін раз прасіла яна ў нашай маладзіцы злот (пятнаццаць капеек). Тая ёй кажа: «Няма ў мяне злота, адстань». - «Ну, добра, кажа, будзеш ты помніць, як мне злотага не дала...» І што ж вы думаеце, панычу: з тае самае пары пачало ў маладзіцы дзіця хварэць. Хварэла, хварэла ды і зусім памерла. Вось тады хлопцы вядзьмарку і прагналі, няхай ёй вочы павылазяць...

- Ну, а дзе ж цяпер гэтая вядзьмарка? - пацікавіўся я далей.

- Вядзьмарка? - павольна, як звычайна, перапытаў Ярмола. - А я ведаю?

- Хіба ў яе не асталося ў вёсцы якіх-небудзь сваякоў?

- Не, не асталося. Ды яна чужачка была, з кацапак ці з цыганоў... Я яшчэ маленькім хлапчуком быў, калі яна прыйшла да нас на сяло. І дзяўчынка з ёю была: дачка ці ўнучка... Абедзвюх прагналі...

- А цяпер да яе хіба ніхто не ходзіць: паваражыць там ці зелля якога папрасіць?

- Бабы бегаюць, - пагардліва кінуў Ярмола.

- Ага! Значыць, усё ж вядома, дзе яна жыве?

- Я не ведаю... Кажуць людзі, што недзе каля Бісавага Кута яна жыве... Ведаеце - балота, што за Ірынаўскім шляхам. Дык вось у гэтым балоце яна і сядзіць, ліха яе матары!

«Ведзьма жыве за якіх-небудзь дзесяць вёрст ад майго дома... сапраўдная, жывая, палеская ведзьма!» Гэтая думка адразу зацікавіла і ўсхвалявала мяне.

- Паслухай, Ярмола, - звярнуўся я да палясоўшчыка, - а як мне пазнаёміцца з ёю, з гэтай ведзьмай?

- Тфу! - плюнуў з абурэннем Ярмола. - Вось яшчэ дабро знайшлі.

- Дабро ці не, а я да яе ўсё роўна пайду. Як толькі крышку пацяплее, адразу і падамся. Ты мяне, вядома, правядзеш?

Ярмолу так уразілі апошнія словы, што ён нават усхапіўся з падлогі.

- Я?! - усклікнуў ён з абурэннем. - А ні ў якім разе! Няхай там яно бог ведае што, а я не пайду.

- Ну, вось глупства, пойдзеш.

- Не, панычу, не пайду... ні ў якім разе не пайду... Каб я?! - зноў усклікнуў ён, ахоплены новым наплывам абурэння. - Каб я пайшоў да вядзьмарчынага котлішча? Ды хай мяне бог беражэ! І вам не раю, паныч.

- Як сабе хочаш... а я ўсё ж пайду. Мне дужа цікава на яе паглядзець.

- Нічога там няма цікавага, - прабурчаў Ярмола, са злосцю бразнуўшы пячною дзверкаю.

Праз гадзіну, калі ён ужо вынес самавар і, напіўшыся ў цёмных сенцах гарбаты, сабраўся ісці дадому, я спытаў:

- Як завуць гэтую ведзьму?

- Мануйліха, - адказаў Ярмола са змрочным выглядам.

Ён хоць і не выказваў ніколі сваіх пачуццяў, але, здаецца, моцна да мяне прывязаўся; прывязаўся за нашую агульную цягу да палявання, за маё простае абыходжанне, за дапамогу, якую я зрэдку аказваў яго заўсёды галоднай сям'і, а галоўным чынам за тое, што я адзін на ўсім свеце не папракаў яго за п'янства, тых папрокаў Ярмола цярпець не мог. Таму мая рашучасць пазнаёміцца з ведзьмай вельмі моцна сапсавала яму настрой, што ён выявіў праз узмоцненае сапенне ды яшчэ, выйшаўшы на ганак, з усяе сілы выцяў нагою свайго сабаку - Рабчыка. Рабчык завішчаў і адскочыў убок, але адразу ж пабег услед за Ярмолам, не перастаючы скуголіць.

 

III

 

Дні праз тры пацяплела. Аднойчы на світанні, вельмі рана, Ярмола зайшоў у мой пакой і сказаў нядбайна:

- Трэба стрэльбы пачысціць, паныч.

- А што? - спытаў я, выпростваючыся пад коўдраю.

- Заяц уночы моцна пахадзіў: слядоў шмат. Можа, пойдзем на палёўку?

Я бачыў, што Ярмолу не цярпіцца хутчэй пайсці ў лес, але ён хавае гэтае жаданне паляўнічага пад выглядам абыякавасці. Сапраўды, у пярэднім пакоі ўжо стаяла яго аднастволка, ад якой не ўцёк яшчэ ніводзін бакас, нягледзячы на тое, што яна была ўпрыгожана некалькімі алавянымі латкамі, накладзенымі ў тых месцах, дзе ржа і парахавыя газы праелі жалеза.

Толькі мы зайшлі ў лес, як адразу напалі на заечы след: дзве лапкі побач і дзве ззаду, адна за адной.

Заяц выйшаў на дарогу, прайшоў па ёй сажняў з дзвесце і зрабіў з дарогі вялізны скачок у хваёвы маладняк.

- Ну, цяпер будзем абыходзіць яго, - сказаў Ярмола. - Як даў слупа, дык тут зараз і ляжа. Вы, паныч, ідзіце... - Ён задумаўся, мяркуючы па нейкіх яму аднаму вядомых прыкметах, куды мяне накіраваць... - Вы ідзіце да старой карчмы. А я яго абыду ад Замлына. Як толькі сабака яго ўзгоніць, я буду гукаць вам.

І ён адразу знік, нібы нырнуў у густыя нетры дробнага хмызняку. Я прыслухаўся. Ніводзін гук не выдаў яго браканьерскай хады, ні адна галінка не трэснула ў яго пад нагамі, абутымі ў лыкавыя пасталы.

Я павольна дайшоў да старой карчмы - нежылой, напаўразбуранай хаты, і спыніўся на ўскрайку хваёвага лесу пад высокай сасной з гонкім голым ствалом. Было так ціха, як бывае толькі ў зімовым лесе ў бязветраны дзень. Навіслыя на галінах пульхныя камякі снегу прыціскалі іх долу, надаючы чароўны, святочны і халодны выгляд. Час ад часу зрывалася з верхавіны тоненькая галінка, і вельмі добра было чуваць, як яна, падаючы, з лёгкім трэскам чаплялася за іншыя галіны. Снег ружавеў на сонцы і сінеў у ценю. Мной авалодала спакойнае зачараванне гэтай урачыстай, халоднай цішыні, і мне здавалася, што я адчуваю, як час павольна і бязгучна праходзіць паўз мяне...

Раптам далёка, з самага гушчару, даляцеў брэх Рабчыка - характэрны брэх сабакі, што гоніць звера: тоненькі, залівісты і нервовы, які амаль пераходзіў у віск. У тую ж хвіліну пачуў я і голас Ярмолы, які люта крычаў услед сабаку: «За - бы! За - бы!» - першы склад працяглым рэзкім фальцэтам, а другі - адрывістай басовай нотай (я толькі шмат пазней даведаўся, што гэты паляўнічы палескі крык ідзе ад дзеяслова «забіваць»).

Мне здавалася, мяркуючы па напрамку брэху, што сабака гоніць злева ад мяне, і я шпарка пабег цераз палянку, каб перахапіць звера. Але не паспеў я зрабіць і дваццаці крокаў, як вялізны шарак выскачыў з-за пня і, быццам бы не спяшаючыся, апусціўшы доўгія вушы, высокімі, рэдкімі скачкамі перабег цераз дарогу і схаваўся ў маладняку. Услед за ім маланкаю вылецеў Рабчык. Угледзеўшы мяне, ён матнуў хвастом, таропка схапіў некалькі разоў зубамі снегу і зноў пагнаў зайца.

Ярмола раптам гэтак жа ціха вынырнуў з нетраў.

- Чаму ж вы, паныч, не заступілі яму дарогі? - крыкнуў ён і дакорліва зацмокаў языком.

- Дык жа далёка было... больш за дзвесце крокаў.

Ярмола ўбачыў, што я збянтэжыўся, і памякчэў.

- Ну, нічога... Ён ад нас нікуды не ўцячэ. Ідзіце на Ірынаўскі шлях - ён зараз туды выйдзе.

Я падаўся ў напрамку да Ірынаўскага шляху і ўжо праз хвіліны дзве пачуў, што сабака зноў гоніць дзесьці непадалёку ад мяне. Захоплены паляўнічым хваляваннем, я пабег, трымаючы стрэльбу напагатове, праз густы хмызняк, ломячы галіны і не звяртаючы ўвагі на іх жорсткія ўдары. Я бег так даволі доўга і пачаў ужо задыхацца, як раптам брэх сабакі сціх. Я пайшоў цішэй. Мне здавалася, што калі я буду ісці ўвесь час у гэтым напрамку, дык абавязкова сустрэнуся з Ярмолам на Ірынаўскім шляху. Але хутка я зразумеў, што, калі абмінаў шматлікія кусты і пні, я зусім не думаў пра дарогу і цяпер заблудзіў. Тады я стаў гукаць Ярмолу, але ён мне не адказваў.

А тым часам я безразважна ішоў усё далей. Лес пакрысе радзеў, зямля апускалася і рабілася куп'істая. След, адбіты на снезе маёй нагой, хутка цямнеў і наліваўся вадою. Некалькі разоў я правальваўся па калена. Прыходзілася пераскокваць з купіны на купіну; мае ногі танулі ў густым рудым мосе, як у мяккім дыване.

Хмызняк неўзабаве зусім скончыўся. Перада мною было вялікае круглае балота, зацярушанае снегам, з-пад белага покрыву якога тырчалі рэдкія купіны. На процілеглым канцы балота, паміж дрэвамі, выглядвалі белыя сцены нейкай хаціны. «Мусіць, тут жыве ірынаўскі ляснік, - падумаў я. - Трэба зайсці і распытаць у яго дарогу».

Але дайсці да хаціны было не так лёгка. Кожную хвіліну я ўгрузаў у дрыгве. Боты мае набралі вады і пры кожным кроку гучна хлюпалі; ужо не ставала сілы валачы іх за сабой.

Нарэшце я перабраўся цераз гэтае балота, падняўся на маленькі пагорак і цяпер мог добра разгледзець хату. Гэта нават была не хата, а менавіта казачная хацінка на курыных ножках. Яна не краналася падлогай зямлі, а была пабудавана на палях, напэўна, з прычыны паводак, якія ўвесну залівалі ўвесь Ірынаўскі лес. Але адзін бок яе ад часу асеў, і гэта надавала хаціне сумны выгляд... У вокнах не хапала некалькіх шыбаў; іх замянялі нейкія брудныя анучы, якія гарбом выпіралі на вуліцу.

Я націснуў на клямку і адчыніў дзверы. У хаце было вельмі цёмна, а ў мяне, пасля таго як я доўга глядзеў на снег, хадзілі перад вачамі фіялетавыя кругі; таму я доўга не мог разабраць, ці ёсць хто ў хаце.

- Эй, добрыя людзі, хто з вас дома? - спытаў я гучна.

Каля печкі нешта заварушылася. Я падышоў бліжэй і ўбачыў старую, якая сядзела на падлозе. Перад ёю ляжала вялікая куча курынага пер'я. Старая брала па адным пёрку, здзірала з яго бародку і клала пух у кошык, а стрыжні кідала проста на зямлю.

«Дык жа гэта - Мануйліха, ірынаўская ведзьма», - мільганула ў мяне ў галаве, як толькі я больш уважліва прыгледзеўся да старой. Усе рысы бабы-ягі, як яе малюе народны эпас, былі ў наяўнасці: худыя запалыя шчокі пераходзілі ўнізе ў востры, доўгі, старэчы падбародак, які амаль датыкаўся да абвіслага носа; бабка варушыла бяззубым ротам, быццам перажоўвала нешта; выцвілыя, калісьці блакітныя вочы, халодныя, круглыя, пукатыя, з вельмі кароткімі чырвонымі павекамі, пазіралі, як вочы нейкай злавеснай птушкі.

- Добры дзень, бабка! - сказаў я як мага больш ветліва. - Ці не Мануйліхай цябе завуць?

У адказ нешта заклекатала і захрыпела ў грудзях у старой; потым з яе бяззубага рота вырваліся дзіўныя гукі, якія то нагадвалі задушлівае карканне старой вароны, то раптам пераходзілі ў сіпаты перарывісты фальцэт:

- Раней, можа, і Мануйліхай звалі добрыя людзі... А цяпер завуць завуткай, а называюць вуткай. А табе што трэба? - спытала яна непрыязна, не спыняючы сваёй аднастайнай працы.

- Ды вось, бабка, заблудзіў я. Можа, у цябе малака знойдзецца?

- Няма малака, - злосна адрэзала старая. - Многа вас тут па лесе ходзіць... Усіх не напоіш, не накорміш.

- Ну, бабка, і неласкавая ж ты да гасцей.

- І сапраўды, бацюхна мой: зусім неласкавая. Прысмакаў для вас не маем. Стаміўся - пасядзі, ніхто цябе з хаты не гоніць. Ведаеш, як у прыказцы гаворыцца: «Прыходзьце да нас на прызбе пасядзець, у нашага свята звону паслухаць, а абедаць да вас мы і самі здагадаемся». Вось яно як...

Такая гаворка адразу пераканала мяне, што старая сапраўды нетутэйшая ў гэтым краі; тут не любяць і не разумеюць вострай, прыпраўленай рэдкімі слоўцамі мовы, якой так ахвотна фарсіць гаварун-паўночнік. Між тым старая, механічна працягваючы сваю працу, усё яшчэ мармытала нешта сабе пад нос, але ўсё цішэй і цішэй. Я разбіраў толькі паасобныя словы, якія не мелі паміж сабою ніякай сувязі. «Вось табе і бабка Мануйліха... А хто такі - невядома... Гады мае не маленькія... Нагамі круціць, цвіркоча, сакоча - сапраўдная сарока...»

Я нейкі час моўчкі прыслухоўваўся, і раптоўная думка, што перада мной - вар'ятка, выклікала ў мяне пачуццё гідлівага страху.

Аднак я паспеў агледзецца вакол сябе. Большую частку хаты займала вялізная аблупленая печ. Абразоў у пярэднім куце не было. Па сценах, замест звычайных паляўнічых з зялёнымі вусамі і фіялетавымі сабакамі і партрэтаў нікому не вядомых генералаў, віселі пучкі сухіх зёлак, звязкі зморшчанага карэння і кухонны посуд. Ні савы, ні чорнага ката я не заўважыў, але з печы два рабыя паважныя шпакі пазіралі на мяне здзіўлена і недаверліва.

- Бабка, а вады ў вас напіцца можна? - спытаў я, павышаючы голас.

- А вунь, у кадушцы, - кіўнула старая.

Вада патыхала балотнаю ржою. Падзякаваўшы бабцы (на што яна не звярнула аніякай увагі), я спытаў у яе, як мне патрапіць на шлях.

Яна раптам узняла галаву, паглядзела на мяне пільна сваімі халоднымі птушынымі вачмі і замармытала хуценька:

- Ідзі, ідзі... Ідзі, хлопча, сваёй дарогай. Няма чаго табе тут рабіць. Добры госць у гасціну. Ідзі, бацюхна, ідзі...

Мне і сапраўды нічога больш не аставалася, як пайсці. Але раптам мне прыйшло ў галаву паспрабаваць апошні сродак, каб хоць крыху расчуліць суровую старую. Я дастаў з кішэні новы сярэбраны чацвяртак і працягнуў яго Мануйлісе. Я не памыліўся: угледзеўшы грошы, старая заварушылася, вочы ў яе загарэліся, і яна пацягнулася па манету сваімі скурчанымі, вузлаватымі, дрыготкімі пальцамі.

- Э, не, бабка Мануйліха, проста так не дам, - паддражніў я яе, хаваючы манету. - Давай лепш паваражы мне.

Карычневы зморшчаны твар чараўніцы скрывіўся ў нездаволенай міне. Яна, мусіць, вагалася, бо ў нерашучасці глядзела на мой кулак, дзе былі грошы. Але прагнасць узяла верх.

- Ну, ну, пойдзем, ці што, пойдзем, - прашамкала яна, з цяжкасцю падымаючыся з падлогі. - Нікому я не варажу цяпер, галубок... Забыла... Старая зрабілася, вочы не бачаць. Толькі табе хіба.

Трымаючыся за сцяну, калоцячыся на кожным кроку згорбленым целам, яна падышла да стала, дастала калоду бурых, распухлых ад часу карт, стасавала іх і падсунула да мяне.

- Здымі... Левай ручкай здымі... Ад сэрца...

Папляваўшы на пальцы, яна пачала раскладваць. Карты падалі на стол з такім гукам, як быццам яны былі збіты з цеста, і ўтваралі правільную васьміканцовую зорку. Калі апошняя карта лягла на караля, Мануйліха працягнула да мяне руку.

- Пазалаці, панок добры... Шчаслівы будзеш, багаты будзеш... - заспявала яна папрашайніцкім, чыста цыганскім тонам.

Я сунуў ёй падрыхтаваную манету. Старая спрытна, як малпа, схавала яе за шчаку.

- Вялікі інтарэс табе выпадае праз дальнюю дарогу, - пачала яна прывычнай скорагаворкай. - Сустрэча з бубновай дамай і нейкая прыемная размова ў важным доме. Неўзабаве атрымаеш нечаканае паведамленне ад трэфовага караля. Падаюць табе нейкія клопаты, а пасля зноў падаюць нейкія невялікія грошы. Будзеш у вялікай кампаніі, п'яны будзеш... Не тое каб вельмі, а ўсё ж выпадае табе выпіўка. Жыццё тваё будзе доўгае. Калі ў шэсцьдзесят гадоў не памрэш, дык...

Раптам яна спынілася, узняла галаву, быццам да нечага прыслухоўваючыся. Я таксама насцярожыўся. Чыйсьці жаночы голас, свежы, звонкі і моцны, спяваў, набліжаючыся да хаты. Я таксама пачуў словы грацыёзнай маларасейскай песенькі:

 

          Ой чи цвіт, чи не цвіт

          Калиноньку ломить.

          Ой чи сон, чи не сон

          Головоньку клонить.

 

- Ну, ідзі, ідзі цяпер, саколік, - трывожна замітусілася старая, адводзячы мяне рукою ад стала. - Няма чаго табе па чужых хатах ацірацца. Ідзі, куды ішоў...

Яна нават схапіла мяне за рукаў і цягнула да дзвярэй. На твары ў яе быў нейкі звярыны неспакой.

Голас, які спяваў песню, раптам абарваўся зусім блізка каля хаты, гучна бразнула жалезная клямка, і ў прасвеце расчыненых дзвярэй паказалася рослая вясёлая дзяўчына. Абедзвюма рукамі яна беражліва падтрымлівала паласаты фартух, з якога выглядалі тры маленькія птушыныя галоўкі з чырвонымі шыйкамі і чорнымі бліскучымі вачаняткамі.

- Глядзі, бабка, берасцянкі зноў за мною ўвязаліся, - усклікнула яна, гучна смеючыся, - паглядзі, якія смешныя... Галодныя зусім. А ў мяне як знарок хлеба пры сабе не было.

Але, убачыўшы мяне, яна раптам змоўкла і загарэлася густым румянцам. Яе тонкія чорныя бровы нездаволена сышліся, а вочы з запытаннем пазіралі на старую.

- Вось пан зайшоў... Пытаецца дарогі, - растлумачыла старая. - Ну, бацюхна, - з рашучым выглядам павярнулася яна да мяне, - хопіць табе тут прахалоджвацца. Напіўся вады, пагаварыў, ды трэба і меру знаць. Мы табе не кампанія...

- Паслухай, прыгажуня, - сказаў я дзяўчыне. - Пакажы мне, калі ласка, дарогу на Ірынаўскі шлях, а то з вашага балота ніколі і не вылезеш.

Мусіць, на яе падзейнічаў мой прыязны, лагодны тон, з якім я звярнуўся да яе. Яна асцярожна пасадзіла на печку, побач са шпакамі, берасцянак, кінула на лаву сваю кароценькую світку і моўчкі выйшла з хаты.

Я падаўся за ёю.

- Гэта ў цябе ўсе ручныя птушкі? - спытаў я, даганяючы дзяўчыну.

- Ручныя, - адказала яна коратка і нават не зірнула на мяне. - Ну, вось, глядзіце, - сказала яна, спыняючыся ля паркана. - Бачыце сцежку, вунь, паміж хвоямі? Бачыце?

- Бачу...

- Ідзіце проста па ёй. Як дойдзеце да дубовай калоды, павернеце налева і будзеце ісці ўвесь час лесам, лесам. А там неўзабаве будзе і Ірынаўскі шлях.

У той час, калі яна выцягнутай правай рукой паказвала мне напрамак дарогі, я міжвольна залюбаваўся ёю. Яна зусім не была падобна да мясцовых дзяўчат, твары якіх пад нязграбнымі хусткамі, якія закрываюць зверху лоб, а знізу рот і падбародак, бываюць такія аднастайныя, са спалоханым выразам. Мая незнаёмая, высокая чарняўка гадоў каля дваццаці - дваццаці пяці, трымалася лёгка і стройна. Шырокая белая кашуля вольна і прыгожа аблягала яе маладыя здаровыя грудзі. Арыгінальнай прыгажосці яе твару нельга было забыць ад першага позірку, але цяжка было, нават пры жаданні, дакладна яго апісаць. Чароўнасць яго была ў гэтых вялікіх, бліскучых, цёмных вачах, якім тонкія, надламаныя пасяродку бровы надавалі няўлоўнае адценне ўладнасці і наіўнасці; у смуглява-ружовым тоне скуры; у свавольным выгіне губ, з якіх ніжняя, крышку больш поўная, выдавалася наперад з рашучым і капрызным выглядам.

- Няўжо вы не баіцёся жыць адны ў такой глушэчы? - спытаў я, затрымаўшыся ля паркана.

Яна абыякава паціснула плячамі.

- Чаго ж нам баяцца? Ваўкі сюды не заходзяць.

- Ды хіба ваўкі адны... Снегам вас замесці можа, пажар можа здарыцца... І ці мала яшчэ што. Вы тут адны, вам і памагчы ніхто не паспее.

- І дзякуй богу! - махнула яна пагардліва рукою. - Каб нас з бабкаю зусім у спакоі пакінулі, дык лепей было б, а то...

- А то што?

- Шмат будзеце ведаць, хутка састарыцеся, - адрэзала яна. - Ды вы самі хто будзеце? - спытала яна трывожна.

Я здагадаўся, што, напэўна, і старая і гэтая прыгажуня баяцца якога-небудзь прыціску з боку «ўладаносцаў», і паспяшаўся яе супакоіць.

- О! Ты, калі ласка, не хвалюйся. Я не ўраднік, не пісар, не акцызны, адным словам - я ніякае не начальства.

- Не, вы праўду кажаце?

- Даю табе слова гонару. Далібог, я самы звычайны чалавек. Проста прыехаў сюды пагасцяваць на некалькі месяцаў, а там і паеду. Калі хочаш, я нават нікому не скажу, што быў тут і бачыў вас. Ты мне верыш?

Твар у дзяўчыны крышку пасвятлеў.

- Ну, значыць, калі не хлусіце, дык праўду гаворыце. А вы як: раней пра нас чулі ці самі зайшлі?

- Ды я і сам не ведаю, што табе сказаць... Чуць-то я чуў і нават хацеў калі-небудзь забрысці да вас, а сёння зайшоў выпадкова - заблудзіў... Ну, а цяпер скажы, чаго вы людзей баіцёся? Што ж яны вам благога робяць?

Яна паглядзела на мяне з дапытлівым недаверам. Але сумленне ў мяне было чыстае, і я, не маргнуўшы, вытрымаў гэты пільны позірк. Тады яна пачала гаварыць з хваляваннем, якое ўсё ўзрастала:

- Блага нам ад іх бывае... Простыя людзі яшчэ нічога, а вось начальства... Прыедзе ўраднік - цягне, прыедзе станавы - цягне. Ды яшчэ, перш чым узяць, бабку зневажаюць: ты, кажуць, ведзьма, чартоўка, катаржніца... Эх! Ды што і казаць!

- А цябе не чапаюць? - сарвалася ў мяне неасцярожнае пытанне.

Яна з ганарлівай самаўпэўненасцю павяла галавой знізу ўверх, і ў яе прыжмураных вачах мільганула злая радасць...

- Не чапаюць... Аднойчы сунуўся да мяне каморнік нейкі... Ласкі яму, бачыце, захацелася... Дык, напэўна, і да гэтае пары не забыў, як я яго прыгалубіла.

У гэтых насмешлівых, але па-свойму гордых словах прагучала столькі грубай незалежнасці, што я міжвольна падумаў: «Аднак нездарма ты вырасла сярод палескага бору - з табою і сапраўды небяспечна жартаваць».

- А мы хіба чапаем каго-небудзь! - гаварыла яна далей, усё больш і больш давяраючы мне. - Нам і людзей не трэба. Раз у год толькі схаджу я ў мястэчка купіць мыла ды солі... Ды вось яшчэ бабцы гарбаты - гарбату яна ў мяне любіць. А то хоць бы і зусім нікога не бачыць.

- Ну, я бачу, вы з бабкаю людзей не дужа любіце... А мне можна калі-небудзь завітаць да вас на хвілінку?

Яна засмяялася - і дзіўна, як нечакана змяніўся яе прыгожы твар! Ранейшай суровасці ў ім і следу не асталося: ён раптам зрабіўся светлы, сарамлівы, дзіцячы.

- Ды што ў нас вам рабіць? Мы з бабкаю невясёлыя... Што ж, заходзьце, мабыць, калі вы сапраўды добры чалавек. Толькі вось што... вы ўжо калі да нас заблудзіце, дык без стрэльбы лепей...

- Ты баішся?

- Чаго мне баяцца? Нічога я не баюся, - і ў яе голасе загучала ўпэўненасць у сваёй сіле. - А толькі не люблю я гэтага. Навошта страляць птаства або вось зайцоў таксама. Нікому яны шкоды не робяць, а жыць ім хочацца гэтак жа, як і нам з вамі. Я іх люблю: яны маленечкія, дурненькія такія... Ну, аднак, да пабачэння, - заспяшалася яна, - не ведаю, як зваць вас... Баюся, што бабка крыўдаваць будзе.

І яна лёгка і хутка пабегла ў хату, схіліўшы галаву і прытрымліваючы рукамі ўскудлачаныя ветрам валасы.

- Пачакай, пачакай! - крыкнуў я. - Як цябе завуць? Ужо будзем знаёмы як належыць.

Яна прыпынілася на хвілінку і павярнулася да мяне.

- Аленай мяне завуць... Па-тутэйшаму - Алеся.

Я закінуў стрэльбу за плечы і пайшоў у напрамку, які мне паказала дзяўчына. Падняўшыся на невялікі пагорак, адкуль пачыналася вузкая, ледзь прыкметная лясная сцежка, я азірнуўся. Чырвоная Алесіна спадніца, якую злёгку калыхаў вецер, яшчэ відаць была на ганку хаты і вылучалася яркаю плямаю на сляпуча белым роўным фоне снегу...

Праз гадзіну пасля мяне прыйшоў дахаты Ярмола. Па сваёй звычайнай неахвоце да пустых размоў ён ні слова не спытаў у мяне аб тым, як і дзе я заблудзіў. Ён толькі сказаў быццам між іншым:

- Там... я зайца на кухню занёс... смажыць будзем ці пашляце каму-небудзь?

- А ты не ведаеш, Ярмола, дзе я быў сёння? - сказаў я, загадзя ўяўляючы сабе здзіўленне палясоўшчыка.

- Чаму ж мне не ведаць? - груба прабурчаў Ярмола. - Вядома, да вядзьмарак хадзілі.

- Адкуль жа ты даведаўся пра гэта?

- А чаму б мне не даведацца? Чую, што вы голасу не падаяце, ну, я і вярнуўся на ваш след... Эх, паны-ыч! - дадаў ён з дакорлівым папрокам. - Не трэба вам такімі справамі займацца... Грэх!..

 

IV

 

Вясна наступіла сёлета ранняя, дружная і - як заўсёды на Палессі - нечаканая. Пабеглі па вясковых вуліцах бурлівыя, карычневыя, зіхатлівыя раўчукі, злосна пенячыся вакол стрэчных камянёў і шпарка круцячы трэскі і гусіны пух; у вялізных лужынах вады адлюстравалася блакітнае неба з круглымі белымі воблакамі, якія павольна плылі па ім і цяжка варочаліся адно ля аднаго; са стрэх пасыпаліся частыя звонкія кроплі. Вераб'і, якія чародкамі абсыпалі прыдарожныя вербы, крычалі так гучна і ўзбуджана, што нельга было нічога пачуць за іх галасамі. Усюды адчувалася радасная, імклівая трывога жыцця.

Снег сышоў, толькі асталіся яшчэ там-сям брудныя наздраватыя лапіны ў лагчынах і цяністых пералесках. Выглянула голая, мокрая, цёплая зямля, якая адпачыла за зіму і цяпер поўнілася свежымі сокамі, прагаю новага мацярынства. Над чорнымі нівамі вілася лёгкая пара, якая напаўняла паветра пахам адталай зямлі - тым свежым і магутным п'яным пахам вясны, які нават і ў горадзе пазнаеш сярод соцень іншых пахаў. Мне здавалася, што разам з гэтым водарам улівалася ў маю душу вясновая туга, салодкая і пяшчотная, поўная неспакойных пачаканняў і цьмяных прадчуванняў, - паэтычная туга, якая робіць у нашых вачах усіх жанчын чароўнымі і якая заўсёды прыпраўлена невыразнымі згадкамі аб мінулых вёснах. Ночы сталі цяплейшыя; у іх густым вільготным мораку адчувалася нябачная спешная творчая праца прыроды...

У гэтыя вясновыя дні вобраз Алесі не выходзіў з мае галавы. Мне прыемна было, астаўшыся аднаму, легчы, заплюшчыць вочы, каб лепей засяродзіцца, і ўвесь час выклікаць у сваім уяўленні яе то суровы, то пяшчотны і вясёлы твар, яе маладое цела, якое вырасла сярод прыволля старога бору гэтак жа строга і гэтак жа магутна, як растуць маладыя елачкі, яе свежы голас з нечаканымі нізкімі аксамітавымі ноткамі... «Ва ўсіх яе рухах, у яе словах, - думаў я, - ёсць нешта высакароднае (вядома, у лепшым сэнсе гэтага даволі пошлага слова), нейкая прыродная прыгожая стрыманасць...» Таксама прыцягваў мяне і некаторы арэол таямнічасці, які акружаў Алесю, прымхлівая рэпутацыя ведзьмы, жыццё ў лясной глушы сярод балота і асабліва - гэтая гордая ўпэўненасць у сваіх сілах, якая адчувалася нават у тых нешматлікіх словах, з якімі яна звярталася да мяне.

Няма нічога дзіўнага, што, як толькі крышку падсохлі лясныя сцежкі, я падаўся да хацінкі на курыных ножках. На выпадак, калі б спатрэбілася супакоіць бурклівую бабку, прыхапіў я з сабою паўфунта гарбаты і некалькі жменяў кускавога цукру.

Я застаў абедзвюх жанчын дома. Старая корпалася каля печы, а Алеся прала лён, седзячы на вельмі высокай лаве; калі я, заходзячы, грукнуў дзвярыма, яна павярнулася, нітка абарвалася ў яе пад рукамі, і верацяно пакацілася па падлозе.

Старая нейкі час уважліва і злосна ўглядалася ў мяне, зморшчыўшыся і засланяючы далоняй твар ад гарачыні печкі.

- Добры дзень, бабуля! - сказаў я зычным, бадзёрым голасам. - Не пазнаеш, мусіць, мяне? Памятаеш, я ў мінулым месяцы заходзіў дарогі пытацца? Ты мне яшчэ варажыла?

- Нічога не памятаю, панок, - зашамкала старая, нездаволена круцячы галавою, - нічога не памятаю. І што ты забыў у нас - ніяк не зразумею. Што мы табе за кампанія? Мы людзі простыя, шэрыя... Няма чаго табе ў нас рабіць. Лес вялікі, ёсць месца дзе разысціся... вось так...

Збянтэжаны халодным прыёмам, я зусім разгубіўся і апынуўся ў тым недарэчным становішчы, калі не ведаеш, што рабіць: ці павярнуць грубасць на жарт, ці самому ўзлавацца, ці, нарэшце, не сказаўшы ні слова, павярнуцца і пайсці назад. Міжвольна я бездапаможна павярнуўся да Алесі. Яна ледзь прыкметна ўсміхнулася з адценнем незласлівай насмешкі, устала з-за прасніцы і падышла да старой.

- Не бойся, бабка, - сказала яна прымірэнча, - гэта не ліхі чалавек, ён нам благога не зробіць. Калі ласка, сядайце, - дадала яна, паказваючы мне на лаву ў пярэднім кутку і не звяртаючы больш увагі на бурчанне старой.

Падбадзёраны яе ўвагаю, я вырашыў скарыстаць самы рашучы сродак.

- Якая ж ты злосная, бабуля... Толькі госць на парог, а ты адразу і лаяцца. А я табе гасцінца прынёс, - сказаў я, вымаючы з сумкі свае пакункі...

Старая кінула хуткі позірк на пакункі, але адразу ж павярнулася да печкі.

- Ніякіх мне тваіх гасцінцаў не трэба, - прабурчала яна, заўзята разграбаючы качаргою вуголле. - Ведаем мы таксама гасцей гэтых. Спачатку без мыла ў душу лезуць, а потым... Што ў цябе ў пакуначку? - раптам павярнулася яна да мяне.

Я адразу ж аддаў ёй гарбату і цукар. Гэта падзейнічала на старую, хоць яна і працягвала яшчэ бурчаць, але ўжо не ранейшым, непрымірымым тонам.

Алеся ўзялася зноў за пражу, а я сеў каля яе на нізкім, кароткім і вельмі хісткім услончыку. Левай рукой Алеся хутка сукала белую, мяккую, як шоўк, кудзелю, а ў правай у яе з лёгкім гудзеннем круцілася верацяно, якое яна то пускала падаць амаль да зямлі, то спрытна падхоплівала і кароткім рухам пальцаў зноў прымушала круціцца. Гэтая работа, такая простая на першы погляд, так і кіпела ў яе руках, хоць і патрабавала вялікага навыку і спрыту. Міжвольна я звярнуў увагу на гэтыя рукі: яны загрубелі і пачарнелі ад працы, але былі невялікія і такой прыгожай формы, што ім пазайздросцілі б многія шляхетныя дзяўчаты.

- А вось вы мне тады і не прызналіся, што бабка варажыла, - сказала Алеся. І, угледзеўшы, што я з апаскаю павярнуўся назад, яна дадала: - Нічога, нічога, яна крышку на вуха тугая, не пачуе. Яна толькі мой голас добра адрознівае.

- Так, варажыла. А што?

- Ды так сабе... Проста пытаюся... А вы верыце? - кінула яна на мяне цішком хуткі позірк.

- У што? У тое, што твая бабка мне варажыла, ці наогул?

- Не, наогул...

- Як сказаць, дакладней будзе, што не веру, але адкуль ведаць? Кажуць, бываюць выпадкі... Нават у разумных кнігах пра іх надрукавана. А вось у тое, што твая бабка казала, дык зусім не веру. Так і кожная баба вясковая зможа паваражыць.

Алеся ўсміхнулася.

- Так, гэта праўда, што яна цяпер дрэнна варожыць. Старая стала, ды і баіцца яна вельмі. А што вам карты сказалі?

- Нічога цікавага не было. Я цяпер і не памятаю. Што звычайна гавораць: дальняя дарога, трэфовы інтарэс... Я і забыў нават.

- Так, так, дрэнная яна ўжо варажбітка. Словы многія забыла ад старасці... Куды ёй цяпер? Ды і баіцца яна. Хіба толькі грошы ўбачыць, дык згодзіцца.

- Чаго ж яна баіцца?

- Вядома чаго - начальства баіцца... Ураднік прыедзе, дык заўсёды пагражае: «Я, кажа, цябе ва ўсякі час магу запраторыць. Ты ведаеш, кажа, што вашаму брату за чарадзейства можа быць? Ссылка на катаржныя работы, без тэрміну, на Сакаліны востраў». Як вы лічыце, хлусіць ён гэта ці не?

- Не, хлусіць ён не хлусіць; сапраўды за гэта могуць пакараць, але ўжо не так страшна... Ну, а ты, Алеся, умееш варажыць?

Яна як быццам крышку збянтэжылася, але толькі на хвіліну якую.

- Варажу... Толькі не за грошы, - дадала яна хуценька.

- Можа, ты і мне кінеш на карты?

- Не, - ціха, але рашуча адказала яна, паківаўшы галавою.

- Чаму ж ты не хочаш? Ну, не цяпер, дык калі-небудзь пасля... Мне чамусьці здаецца, што ты мне праўду скажаш.

- Не. Не буду. Нізашто не буду.

- Ну, гэта ўжо нядобра, Алеся. Дзеля першага знаёмства нельга адмаўляцца... Чаму ж ты не хочаш?

- Таму, што я на вас ужо кідала, другі раз няможна...

- Няможна? Чаму? Я гэтага не разумею.

- Не-не, няможна, няможна... - зашаптала яна з вялікім страхам. - Лёс нельга два разы турбаваць... Не выходзіць... Ён даведаецца, падслухае... Лёс не любіць, калі ў яго пытаюцца. Таму ўсе варажбіты няшчасныя.

Я хацеў адказаць Алесі якім-небудзь жартам і не мог: вельмі ўжо многа шчырай веры было ў яе словах. Вось чаму, калі яна, спамянуўшы пра лёс, з дзіўнай бояззю паглядзела на дзверы, я міжвольна паўтарыў гэты рух.

- Ну, калі не хочаш мне паваражыць, дык тады раскажы, што табе карты сказалі, - папрасіў я.

Алеся раптам кінула прасніцу і дакранулася рукой да маёй рукі.

- Не... Лепш не трэба, - сказала яна, і яе вочы набылі ўмольна дзіцячы выраз. - Калі ласка, не прасіце... Нядобра вам выйшла... Не прасіце лепш...

Але я стаяў на сваім. Я не мог разабраць: ці былі яе адмова і цьмяныя намёкі на лёс найграным прыёмам варажбіткі, ці яна сапраўды верыла ў тое, пра што гаварыла, але мне зрабілася неяк не па сабе, амаль страшна.

- Ну, добра, я, бадай, скажу, - згадзілася нарэшце Алеся. - Толькі глядзіце, умова даражэй за грошы: не злавацца, калі вам што-небудзь не спадабаецца. Выйшла вам вось што: чалавек вы хоць і добры, але толькі слабы... Дабрата ваша не добрая, не сардэчная. Слову вы свайму не гаспадар. Над людзьмі любіце верх браць, а самі ім хоць і не хочаце, але падначальваецеся. Віно любіце, а таксама... Ну, ды ўсё роўна, гаварыць, дык ужо ўсё... - да нашай сястры дужа ахвочы, і праз гэта вам шмат у жыцці благога будзе... Грошай берагчы не любіце і збіраць іх не ўмееце - багатым ніколі не будзеце... Гаварыць далей?

- Гавары, гавары! Усё, што ведаеш, гавары!

- Далей выйшла, што жыццё будзе невясёлае. Нікога вы сэрцам не пакахаеце, бо сэрца ў вас халоднае, лянівае, а тым, якія вас будуць кахаць, вы шмат гора прынесяце. Ніколі вы не ажэніцеся, так, халасты, і памраце. Радасцяў вам у жыцці вялікіх не будзе, але будзе шмат смутку і турбот. Настане такі час, што рукі самі на сябе налажыць захочаце... Такое з вамі здарыцца... Але толькі не зробіце гэтага, так сцерпіце... Вялікую нястачу будзеце адчуваць, аднак пад канец жыцця лёс ваш зменіцца праз смерць нейкага блізкага для вас чалавека, і зусім для вас нечакана. Толькі ўсё гэта будзе яшчэ не скора, а вось сёлета... Я толькі не ведаю, калі дакладна, - карты гавораць, што вельмі хутка... Мабыць, нават і ў гэтым месяцы...

- Што ж здарыцца сёлета? - спытаў я, калі яна зноў спынілася.

- Ды ўжо баюся нават гаварыць далей. Выпадае вам вялікае каханне з боку нейкай трэфовай дамы. Вось толькі не магу здагадацца, замужняя яна ці дзяўчына, я ведаю, што чарнявая...

Я міжвольна кінуў хуткі позірк на Алесіну галаву.

- Што вы гледзіцё? - пачырванела раптам яна, адчуўшы на сабе мой позірк. - Ну так, накшталт маіх, - гаварыла яна далей, машынальна папраўляючы валасы і яшчэ больш чырванеючы.

- Дык ты гаворыш, - вялікае трэфовае каханне? - пажартаваў я.

- Не смейцеся, не трэба смяяцца, - сур'ёзна, амаль строга заўважыла Алеся. - Я вам усё толькі праўду кажу.

- Ну добра, не буду, не буду. Што ж далей?

- Далей... Ох! Нядобра выходзіць гэтай трэфовай даме, горш за смерць. Ганьбу яна праз вас вялікую прыме, такую, што ўсё жыццё забыць нельга, смутак доўгі ёй выпадае... А вам у яе планідзе нічога благога не выпадае.

- Паслухай, Алеся, а ці не маглі цябе карты падмануць? Навошта ж я буду трэфовай даме столькі непрыемнасцей рабіць? Чалавек я ціхі, сціплы, а ты столькі страхаў пра мяне нагаварыла.

- Ну, ужо гэтага я не ведаю. Ды і выйшла так, што не вы гэта зробіце - не наўмысна, значыць, а толькі праз вас уся гэтая бяда здарыцца... Вось калі мае словы спраўдзяцца, вы мяне тады ўспомніце.

- І ўсё гэта табе карты сказалі, Алеся?

Яна адказала не адразу, унікліва і як быццам з неахвотаю:

- І карты... Ды я без іх шмат пра што даведваюся, вось хоць бы па твары. Калі, напрыклад, каторы чалавек павінен неўзабаве нядобрай смерцю памерці, я гэта адразу ў яго твары прачытаю; нават гаварыць мне з ім не трэба.

- Што ж ты бачыш на ягоным твары

- Ды я і сама не ведаю. Страшна мне раптам зробіцца, нібы ён нежывы перада мною стаіць. Можаце нават у бабкі запытацца, яна вам скажа, што я праўду кажу. Трахім, млынар, пазалетась у сябе на млыне задушыўся, а я яго толькі за два дні перад тым бачыла і тады ж сказала бабцы: «Вось пабачыш, бабуля, што Трахім днямі нядобрай смерцю памрэ». Так яно і выйшла. А на мінулыя каляды зайшоў да нас канакрад Яшка, прасіў бабку паваражыць. Бабка расклала на яго карты, пачала варажыць. А ён жартам пытаецца: «Ты мне скажы, бабка, ярою я смерцю памру?» А сам рагоча. Я як зірнула на яго, дык і зварухнуцца не магу: бачу, сядзіць Якаў, а твар у яго мёртвы, зялёны... Вочы заплюшчаны, а губы чорныя... Потым, праз тыдзень, чуем, што злавілі мужыкі Якава, калі ён коней хацеў украсці... Усю ноч яго білі... Злосныя ў нас людзі тут, бязлітасныя... У пяткі цвікі яму забілі, перабілі каламі ўсе рэбры, а пад раніцу з яго і дух прэч.

- Чаму ж ты яму не сказала, што яго бяда чакае?

- А навошта гаварыць? - запярэчыла Алеся. - Што лёсам наканавана, тое і будзе! Толькі марна чалавек свае астатнія дні будзе хвалявацца... Ды мне і самой брыдка, што я так бачу, сама сабе нялюбай раблюся... Але што зробіш? Гэта ж мой лёс такі. Бабка мая, калі маладзейшая была, таксама смерць пазнавала, і мая маці таксама, і бабчына маці - гэта не ад нас... гэта ў нашай крыві так.

Яна перастала прасці і сядзела, нізка апусціўшы галаву, ціха паклаўшы рукі ўздоўж каленяў. У яе нерухома застылых вачах з павялічанымі зрэнкамі адбіўся нейкі змрочны жах, нейкая міжвольная пакорлівасць перад таямнічымі сіламі і незвычайнымі ведамі, якія перапаўнялі яе душу.

 

V

 

У гэты час старая разаслала на стале чысты ручнік з вышытымі канцамі і паставіла на яго гарачы гаршчок.

- Ідзі вячэраць, Алеся, - пазвала яна ўнучку і пасля хвіліннага вагання дадала, звяртаючыся да мяне: - Можа, і вы, пан, з намі павячэраеце? Калі ласка, просім... Толькі вось не зусім смачная ежа наша, супоў не гатуем, а проста крупнічак палявы...

Нельга сказаць, каб яе запрашэнне вызначалася асаблівай настойлівасцю, і я ўжо быў хацеў адмовіцца ад яго, але Алеся ў сваю чаргу папрасіла мяне з такой мілай шчырасцю і з такой ласкавай усмешкай, што я мімаволі згадзіўся. Яна сама наліла мне поўную міску крупніку - поліўкі з грачанай крупы з салам, цыбуляй, бульбай і курацінай - вельмі смачнай і пажыўнай стравы. Сядаючы за стол, ні бабка, ні ўнучка не перахрысціліся. За вячэрай я не пераставаў назіраць за абедзвюма жанчынамі, бо, па маім глыбокім перакананні, якое я да гэтага часу захоўваю, ніколі чалавек не выказваецца так шчыра, як у часе яды. Старая сёрбала крупнік з паспешлівай прагнасцю, гучна чмякаючы і запіхваючы ў рот вялізныя кавалкі хлеба, так што пад яе старэчымі шчокамі надзімаліся і рухаліся вялікія гулі. У Алесі нават у манеры есці была нейкая прыроджаная высакароднасць.

Праз якую гадзіну пасля вячэры я развітаўся з гаспадынямі хаціны на курыных ножках.

- Калі хочаце, я магу правесці вас крышку, - прапанавала Алеся.

- Што яшчэ за провады выдумала! - злосна прабурчала старая. - Не сядзіцца табе на месцы, страказа...

Аднак Алеся ўжо накінула на галаву чырвоную кашміровую хустку і раптам, падбегшы да бабкі, абняла яе і гучна пацалавала.

- Бабуля! Мілая, дарагая, залатая... Я толькі на хвіліначку, зараз жа і назад.

- Ну добра, ідзі ўжо, кручаная, - слаба адбівалася ад яе старая. - Вы, пан, не крыўдуйце: зусім дурненькая яна ў мяне.

Абмінуўшы вузкую сцежку, мы выйшлі на лясную дарогу, чорную ад гразі, усю стаптаную слядамі капытоў і зрэзаную каляінамі, поўнымі вады, у якой адлюстроўваўся пажар вячэрняй зары. Мы ішлі ўскрайкамі дарогі, усцеленай бурым леташнім лісцем, якое яшчэ не высахла пасля снегу. Там-сям праз яго мёртвую жаўцізну ўзнімалі свае ліловыя галоўкі буйныя званочкі «сну» - першай кветкі Палесся.

- Паслухай, Алеся, - пачаў я, - мне вельмі карціць запытацца ў цябе аб нечым, ды я баюся, што раззлуешся... Скажы мне, ці праўду гавораць, што твая бабка, як бы гэта мне сказаць...

- Ведзьма? - спакойна памагла мне Алеся.

- Не... Не ведзьма... - сумеўся я. - Ды, калі хочаш, так, ведзьма... Безумоўна, ці мала што плявузгаюць. А чаму б ёй і сапраўды не ведаць якіх-небудзь зёлак, сродкаў, замоваў?.. Дарэчы, калі табе гэта непрыемна, ты можаш не адказваць.

- Не, чаму ж, - адказала яна проста, - што ж тут непрыемнага? Так, яна сапраўды ведзьма. Але толькі цяпер яна ўжо старая і не можа рабіць таго, што рабіла раней.

- Што ж яна ўмела рабіць? - пацікавіўся я.

- Усё, што хочаце. Лячыць умела ад зубоў, руду замаўляла, адчытвала, калі каго шалёны сабака ўкусіў або гадзюка, скарбы паказвала... ды ўсяго і не пералічыш.

- Ведаеш што, Алеся?.. Ты мне прабач, але ў гэта я зусім не веру. Ну, будзь са мною шчырая, я цябе нікому не выдам: не іначай усё гэта - выдумка, каб толькі людзям галовы дурыць?

Яна абыякава паціснула плячамі.

- Думайце, што хочаце. Вядома, бабу вясковую абдурыць няцяжка, але вас я не стала б падманваць.

- Значыць, ты цвёрда верыш у чарадзейства?

- Дык як жа мне не верыць? Ва ўсім нашым родзе чары... Я і сама багата чаго ўмею.

- Алеся, галубка... Каб ты знала, як мне гэта цікава... Няўжо ты мне нічога не пакажаш?

- Чаму ж, пакажу, калі маеце жаданне, - ахвотна згадзілася Алеся. - Цяпер хочаце?

- Так, калі можна, цяпер.

- А баяцца не будзеце?

- Ну, вось яшчэ глупства. Уночы, можа, баяўся б, а цяпер яшчэ светла.

- Добра. Дайце мне руку.

Я паслухаўся. Алеся хутка закасала рукаў майго паліто і расшпіліла запінку ў манжэтцы, потым яна дастала са сваёй кішэні невялічкі, вяршкі са тры даўжынёю, фінскі ножык і выцягнула яго са скуранога чахла.

- Што ты хочаш рабіць? - спытаў я, адчуваючы, як у мяне варухнулася гідкая боязь.

- А вось зараз... Вы ж сказалі, што не будзеце баяцца!

Раптам рука яе зрабіла ледзь прыкметны лёгкі рух, і я адчуў крыху вышэй таго месца, дзе мацаюць пульс, раздражняльны дотык вострага ляза. Кроў адразу паказалася на ўсю шырыню парэзу, палілася па руцэ і частымі кроплямі закапала на зямлю. Я ледзьве стрымаўся, каб не крыкнуць, але, здаецца, пабялеў.

- Не бойцеся, жывы астаняцеся, - усміхнулася Алеся.

Яна моцна абхапіла рукою маю руку вышэй раны і, нізка схіліўшыся над ёю тварам, пачала хутка шаптаць нешта, абдаючы маю скуру гарачым перарывістым дыханнем. Калі ж Алеся выпрасталася і адпусціла свае пальцы, дык на параненым месцы асталася толькі чырвоная драпіна.

- Ну што? Хопіць з вас? - з хітраю ўсмешкаю спытала яна, хаваючы свой ножык. - Хочаце яшчэ?

- Вядома, хачу. Толькі, калі можна, не так страшна і без крыві.

- Што б вам такое паказаць? - задумалася яна. - Ну, хіба вось гэта: ідзіце наперад па дарозе... Толькі, глядзіце, не азірайцеся назад.

- А гэта не будзе страшна? - спытаў я, стараючыся спакойнаю ўсмешкаю схаваць сваю боязь перад непрыемным сюрпрызам.

- Не, не... Глупства... Ідзіце...

Я пайшоў наперад, вельмі зацікаўлены вопытам і адчуваючы за сваёй спіной напружаны позірк Алесі. Але не зрабіў я і дваццаці крокаў, як раптам спатыкнуўся на зусім роўным месцы і паваліўся ніцма.

- Ідзіце, ідзіце! - закрычала Алеся. - Не азірайцеся! Гэта нічога, да вяселля загоіцца... Трымайцеся мацней за зямлю, калі будзеце падаць.

Я пайшоў далей. Яшчэ дзесяць крокаў - і я другі раз бразнуўся аб зямлю.

Алеся гучна зарагатала і запляскала ў далоні.

- Ну што? Задаволены? - крыкнула яна, бліскаючы сваімі белымі зубамі. - Далі веры цяпер? Нічога, нічога!.. Паляцелі не ўгору, а на зямлю.

- Як гэта ты зрабіла? - са здзіўленнем спытаў я, атрушваючыся ад галінак і сухой травы, якія прысталі да маёй адзежы. - Гэта не сакрэт?

- Зусім не сакрэт. Я вам ахвотна раскажу. Толькі баюся, што вы не зразумееце... Не змагу я растлумачыць...

Я сапраўды не зусім зразумеў яе. Але, калі не памыляюся, гэты своеасаблівы фокус заключаецца ў тым, што яна, ідучы за мною следам крок у крок, нага ў нагу і пільна пазіраючы на мяне, у той жа час стараецца пераймаць кожны, самы маленькі мой рух, як кажуць, атаясамлівае сябе са мною. Прайшоўшы такім чынам некалькі крокаў, яна пачынае ўяўляць на нейкай адлегласці перада мною вяроўчыну, працягнутую цераз дарогу на аршын ад зямлі. У тую ж хвіліну, калі я павінен зачапіць нагою гэтую ўяўную вяроўчыну, Алеся раптам імітуе падзенне, і тады, па яе словах, самы моцны чалавек абавязкова павінен упасці... Толькі шмат часу пазней я прыгадаў блытанае тлумачэнне Алесі, калі чытаў справаздачу доктара Шарко аб вопытах, праведзеных ім над дзвюма пацыенткамі Сальпетрыера, якія пакутавалі ад істэрыі. І я быў вельмі здзіўлены, калі даведаўся, што французскія чарадзеі з простага люду карысталіся ў такіх выпадках гэткімі ж прыёмамі, якія пускала ў ход прыгожая палеская чараўніца.

- О! Я яшчэ багата чаго ўмею, - самаўпэўнена сказала Алеся. - Напрыклад, я магу напусціць на вас страх.

- Што гэта значыць?

- Зраблю так, што вас страх апануе. Седзіцё вы, напрыклад, у сваім пакоі адвячоркам, і раптам вас зусім неспадзявана ахопіць такі страх, што вы ўвесь задрыжыце і азірнуцца пабаіцёся. Толькі для гэтага мне трэба ведаць, дзе вы жывяце, і паглядзець ваш пакой.

- Ну, гэта ўжо зусім проста, - усумніўся я. - Падыдзеш да акна, пастукаеш, крыкнеш што-небудзь.

- О, не-не... Я буду ў гэты час у лесе, нікуды з хаты не выйду... Але я буду сядзець і ўсё думаць, што вось я іду па вуліцы, заходжу ў ваш дом, адчыняю дзверы, заходжу ў ваш пакой... Вы седзіцё дзе-небудзь... Ну, хоць бы сабе ля стала... я падкрадаюся да вас ззаду ціха... вы мяне не чуеце... я хапаю вас за плячо рукамі і пачынаю душыць... усё мацней, мацней, мацней... а сама пазіраю на вас... вось так - глядзіце...

Яе тонкія бровы раптам сышліся, вочы зусім блізка ўтаропіліся на мяне з грозным і прыцягальным выразам, зрэнкі павялічыліся і пасінелі. Мне адразу прыгадалася бачаная мною ў Маскве, у Траццякоўскай галерэі, галава Медузы - праца не памятаю ўжо якога мастака. Пад гэтым пільным, дзіўным позіркам мяне ахапіў халодны жах нечага незвычайнага.

- Ну, досыць, досыць, Алеся... не трэба, - сказаў я з няшчырым смехам. - Мне куды больш падабаецца, калі ты ўсміхаешся - тады ў цябе такі мілы, дзіцячы твар.

Мы пайшлі далей. Мне раптам прыгадалася выразлівасць і нават для простай дзяўчыны вытанчанасць фраз у Алесінай гаворцы, і я сказаў:

- Ведаеш, што мяне здзіўляе, Алеся? Вось ты вырасла ў лесе, нікога не бачыла... Чытаць ты, вядома, таксама шмат не магла...

- Ды я зусім чытаць не ўмею.

- Ну, тым больш... А, між іншым, ты так добра гаворыш, не горш за сапраўдную паню. Скажы мне, адкуль у цябе гэта? Разумееш, пра што я пытаюся?

- Так, разумею. Гэта ўсё ад бабкі... Вы не глядзіце, што яна такая з выгляду. У! Якая яна разумная! Вось, можа, яна і пры вас разгаворыцца, калі прывыкне больш... Яна ўсё ведае, ну - проста ўсё на свеце, пра што ні запытаеш. Праўда, пастарэла яна цяпер.

- Значыць, яна шмат бачыла на сваім вяку? Адкуль яна родам? Дзе яна раней жыла?

Здаецца, гэтыя пытанні не спадабаліся Алесі. Яна адказала не адразу, няпэўна і неахвотна:

- Не ведаю... Ды яна пра гэта і не любіць расказваць. А калі часам што і скажа, дык заўсёды просіць забыць і не ўспамінаць болей... Ну, аднак, мне пара ўжо ісці, - заспяшалася Алеся, - бабка будзе злавацца. Да пабачэння... Прабачце, імя вашага не ведаю.

Я сказаў.

- Іван Цімафеевіч? Ну, вось і добра. Дык да пабачэння, Іван Цімафеевіч. Не грэбуйце нашай хацінай, заходзьце.

На развітанне я працягнуў ёй руку, і яе маленькая дужая рука адказала мне моцным сяброўскім поціскам.

 

VI

 

З гэтага дня я зрабіўся частым госцем у хацінцы на курыных ножках. Кожны раз, калі я прыходзіў, Алеся сустракала мяне са сваёй прывычнай стрыманасцю. Але заўсёды, па першым міжвольным руху, які яна рабіла, угледзеўшы мяне, я заўважаў, што яна рада майму прыходу. Старая па-ранейшаму не пераставала бурчаць нешта сабе пад нос, але яўнай непрыязнасці не выказвала дзякуючы нябачнаму для мяне, але несумненнаму заступніцтву ўнучкі; немалое значэнне мелі таксама падарункі, якія я час ад часу прыносіў: то цёплая хустка, то слоік сочыва, то пляшка вішнёвай наліўкі. У нас з Алесяй, нібы па маўклівай узаемнай дамоўленасці, увайшло ў звычай, што яна мяне праводзіла да Ірынаўскага шляху, калі я ішоў дадому. І заўсёды ў нас у гэты час завязвалася такая жывая, цікавая размова, што мы абое міжвольна стараліся прадоўжыць дарогу, ідучы як мага павольней ціхімі ляснымі палянкамі. Дайшоўшы да Ірынаўскага шляху, я яе праводзіў назад з паўвярсты, і ўсё ж, перш чым развітацца, мы яшчэ доўга размаўлялі, стоячы пад духмянай навіссю сасновых галін.

Мяне захапляла не толькі Алесіна прыгажосць, але таксама і яе самабытная, вольналюбівая натура, яе розум, адначасова ясны і разам з тым ахутаны непахіснай спадчыннай забабоннасцю, па-дзіцячы нявінны, але не пазбаўлены хітрага какецтва прыгожай жанчыны. Яна не стамлялася распытваць у мяне падрабязна пра ўсё, што займала і хвалявала яе першабытнае, яркае ўяўленне: пра краіны і народы, пра з'явы прыроды, пра будову зямлі і сусвету, пра вучоных людзей, вялікія гарады... Шмат з гэтага ўяўлялася ёй дзіўным, казачным, непраўдападобным. Але я з самага пачатку нашага знаёмства ўзяў з ёю такі сур'ёзны, шчыры і просты тон, што яна ахвотна прымала на бескантрольную веру ўсё, што я ёй расказваў. Часамі мне было цяжка растлумачыць ёй што-небудзь, на маю думку, незразумелае для яе напаўдзікунскай галавы (а іншы раз і для самога мяне не зусім зразумелае), тады я пярэчыў на яе прагныя пытанні... «Бачыш... я не змагу табе пра гэта расказаць... Ты не зразумееш мяне».

А яна ў сваю чаргу пачынала мяне прасіць:

- Не, калі ласка, калі ласка, я пастараюся... Вы хоць як-небудзь скажыце... хоць і незразумела...

Яна вымушала мяне рабіць страшэнныя параўнанні, прыводзіць дзёрзкія прыклады, і калі мне было цяжка падшукаць патрэбнае слова, яна сама памагала мне цэлым дажджом нецярплівых пытанняў, накшталт такіх, якія мы прапануем заіку, што пакутліва засеў на адным слове. І сапраўды - урэшце яе гнуткі розум і свежае ўяўленне атрымлівалі перамогу над маёй педагагічнай немаччу. Я міжвольна пераконваўся, што для свайго асяроддзя, для свайго выхавання (або, дакладней сказаць, адсутнасці яго) яна мела выключныя здольнасці.

Аднойчы я між іншым сказаў нешта пра Пецярбург. Алеся адразу ж зацікавілася.

- Што гэта - Пецярбург? Мястэчка?

- Не, гэта не мястэчка; гэта самы вялікі расейскі горад.

- Самы вялікі? Самы, самы, што ні ёсць? І большага за яго няма? - наіўна прыстала яна да мяне.

- Так... Там усё галоўнае начальства жыве... паны вялікія... Дамы там усе каменныя, драўляных няма.

- Ужо, вядома, значна большыя, чым у нашай Сцяпані? - упэўнена спытала Алеся.

- О так... крышку большыя... гэтак разоў у пяцьсот. Там такія ёсць дамы, у кожным з якіх людзей жыве ўдвая больш, чым ва ўсёй Сцяпані.

- Ах, божачка ты мой! Якія ж гэта дамы? - амаль у спалоху спытала Алеся.

Мне прыйшлося, як звычайна, звярнуцца да параўнання.

- Страшэнна вялікія. У пяць, шэсць, а то і ў сем паверхаў. Бачыш вось тую хвою?

- Самую вялікую? Бачу.

- Дык вось такія высокія дамы. І зверху данізу набіты людзьмі. Жывуць гэтыя людзі ў маленькіх заканурках, нібы птушкі ў клетках, чалавек па дзесяць у кожнай, так што ўсім і паветра не хапае. А другія ўнізе жывуць, пад самай зямлёй, у вільгаці і холадзе; бывае, што сонца ў сябе ў пакоі круглы год не бачаць.

- Ну, ужо я дык ні за што не прамяняла б свайго лесу на ваш горад, - сказала Алеся, паківаўшы галавой. - Я і ў Сцяпань прыйду на рынак, дык мне моташна робіцца. Штурхаюцца, крычаць, лаюцца... І такая мяне нудота возьме, што, здаецца, кінула б усё і пабегла без аглядкі... Бог з ім, з горадам вашым, не стала б я там жыць ніколі.

- Ну, а калі твой муж будзе з горада? - спытаў я з лёгкай усмешкай.

Яе бровы нахмурыліся, і тонкія ноздры ўздрыгнулі.

- Вось яшчэ! - сказала яна з пагардаю. - Ніякага мне мужа не трэба.

- Гэта ты цяпер толькі так гаворыш, Алеся. Амаль усе дзяўчаты тое ж самае гавораць і ўсё-такі замуж ідуць. Пачакай крышку: сустрэнешся з кім-небудзь, пакахаеш - тады не толькі ў горад, а на край свету з ім пойдзеш.

- Ах, не, не... калі ласка, не будзем пра гэта, - пакрыўджана адмахвалася яна. - Ну, навошта пра гэта гаварыць?.. Прашу вас, не трэба.

- Якая ты смешная, Алеся. Няўжо ты думаеш, што ніколі ў жыцці не пакахаеш мужчыну? Ты такая маладая, прыгожая, дужая. Калі ў табе кроў загарыцца, дык ужо тут не да зароку будзе.

- Ну што ж - і пакахаю! - бліснуўшы вачамі, з выклікам адказала Алеся. - Пытацца ні ў кога не буду...

- Значыць, і замуж пойдзеш, - паддражніў я.

- Гэта вы, можа, пра царкву гаворыце? - здагадалася яна.

- Вядома, пра царкву... Святар вакол аналоя будзе вадзіць, дзяк заспявае «Исайя, ликуй», на галаву табе надзенуць вянец...

Алеся апусціла павекі і са слабой усмешкай адмоўна паківала галавой.

- Не, галубок... Можа, вам і не спадабаецца, што я скажу, а толькі ў нас у родзе ніхто не вянчаўся: і маці і бабка без гэтага пражылі... Нам у царкву і заходзіць нельга...

- Усё праз вядзьмарства ваша?

- Так, праз наша вядзьмарства, - са спакойнай сур'ёзнасцю адказала Алеся. - Як жа я асмелюся ў царкве паказацца, калі ўжо ад самага нараджэння мая душа прададзена яму.

- Алеся, любая... Павер мне, што ты сама сябе ашукваеш... Гэта ж дзіка, гэта смешна, што ты гаворыш.

На твары Алесі зноў паявіўся ўжо заўважаны мною аднойчы дзіўны выраз перакананай і змрочнай пакорлівасці перад таямнічым лёсам.

- Не, не... Вы гэтага не можаце зразумець, а я гэта адчуваю... Вось тут, - яна моцна прытуліла руку да грудзей, - сэрцам адчуваю. Увесь наш род пракляты на векі вякоў. Ды вы памяркуйце самі: хто нам памагае, як не ён? Хіба можа просты чалавек зрабіць тое, што я магу? Уся наша сіла ад яго ідзе.

І кожны раз размова, ледзь толькі яна краналася гэтай незвычайнай тэмы, заканчвалася гэтак. Марна я прыводзіў усе даступныя Алесінаму разуменню довады, марна гаварыў у простай форме пра гіпнатызм, пра ўнушэнне, пра дактароў-псіхіятраў і пра індыйскіх факіраў, марна стараўся растлумачыць ёй фізіялагічным шляхам некаторыя з яе вопытаў, хоць бы, напрыклад, замаўленне крыві, якое вельмі проста дасягаецца ўмелым прыцісканнем вены, - Алеся, такая даверлівая да мяне ва ўсім астатнім, з упартай настойлівасцю абвяргала ўсе мае доказы і тлумачэнні...

- Ну, добра, добра, пра замаўленне крыві я вам, так і быць, паверу, - гаварыла яна, павышаючы голас у захапленні спрэчкі, - а скуль жа другое бярэцца? Хіба я адно толькі і ведаю, што кроў замаўляць? Хочаце, я вам за адзін дзень усіх мышэй і прусакоў выведу з хаты? Хочаце, я за два дні вылечу звычайнай вадой самую моцную восыпку, хоць вашы дактары ад хворага адмовіліся б? Хочаце, я зраблю так, што вы якое-небудзь адно слова можаце зусім забыць? А сны чаму я разгадваю? А будучыню чаму прадказваю?

Заканчвалася гэтая спрэчка заўсёды тым, што і я і Алеся змаўкалі з нейкім унутраным раздражненнем адно супроць аднаго. І сапраўды - далёка не ўсё з яе чорнага мастацтва знаходзіла ў мяне вытлумачэнне. Я не ведаю і не магу сказаць, ці знала Алеся і палову тых сакрэтаў, пра якія гаварыла з такой наіўнай верай, але тое, што я сам часта бачыў, усяляла ў мяне непахісную ўпэўненасць, што Алесі былі даступныя тыя неўсвядомленыя, інстынктыўныя, цьмяныя, здабытыя выпадковым вопытам, дзівосныя веды, якія, апярэдзіўшы дакладную навуку на цэлыя стагоддзі, жывуць, перамяшаўшыся са смешнымі і дзікімі забабонамі, у цёмнай, замкнёнай народнай масе, перадаючыся, як найвялікшая таямніца, з пакалення ў пакаленне.

Нягледзячы на рэзкае рознагалоссе ў гэтым адзіным пункце, мы ўсё больш і больш прывыкалі адно да аднаго. Пра каханне паміж намі не было сказана яшчэ ні слова, але быць разам для нас ужо зрабілася патрэбаю, і часта ў маўклівыя хвіліны, калі нашы позіркі знячэўку і адначасова сустракаліся, я бачыў, як звільгатняліся вочы ў Алесі і як білася тоненькая блакітная жылка ў яе на скроні...

Затое мае ўзаемаадносіны з Ярмолам зусім сапсаваліся. Для яго, мусіць, не былі таямніцаю мае наведванні хацінкі на курыных ножках і вячэрнія пагулянкі з Алесяй: ён заўсёды з дзіўнай дакладнасцю ведаў усё, што адбывалася ў ягоным лесе. З нейкага часу я прыкмеціў, што ён пачынае пазбягаць мяне. Яго чорныя вочы сачылі за мной зводдаля з папрокам і непрыязнасцю кожны раз, калі я збіраўся ісці ў лес, хоць папроку свайго ён не выказваў ніводным словам. Нашы камічна-сур'ёзныя заняткі граматай спыніліся. Калі ж я адвячоркам якім зваў Ярмолу вучыцца, дык ён толькі махаў рукою.

- Куды ўжо там! Пустая гэта справа, паныч, - казаў ён з ляніваю пагардаю.

На паляванне мы таксама перасталі хадзіць. Кожны раз, калі я пачынаў пра гэта гаворку, у Ярмолы знаходзілася якая-небудзь прычына, каб адмовіцца: то стрэльба няспраўная, то сабака хворы, то яму самому не было калі. «Няма часу, паныч... трэба поле сёння араць», - часцей за ўсё адказваў Ярмола на маю прапанову, і я добра ведаў, што ён зусім не будзе «араць поле», а правядзе ўвесь дзень каля манаполькі ў марнай надзеі на чый-небудзь пачастунак. Гэтая маўклівая затоеная варожасць пачынала мяне стамляць, і я пачаў ужо думаць, каб адмовіцца ад Ярмолавых паслуг, скарыстаўшы на гэта першы зручны выпадак... Мяне стрымлівала толькі пачуццё жалю да яго вялікай беднай сям'і, якой чатыры рублі Ярмолавага жалавання памагалі не памерці ад голаду.

 

VII

 

Аднойчы, калі я, як звычайна, прыйшоў пад вечар у хацінку на курыных ножках, мне адразу кінулася ў вочы засмучанасць яе жыхарак. Старая сядзела з нагамі на пасцелі і, згорбіўшыся, абхапіўшы галаву рукамі, хісталася ўзад і ўперад і нешта мармытала сабе пад нос. На маё прывітанне яна не звярнула аніякай увагі. Алеся павіталася са мной, як і заўсёды, ласкава, але размова ў нас не клеілася. Відаць, яна слухала мяне няўважліва і адказвала няўлад. На яе твары ляжаў цень нейкага вялікага ўнутранага клопату.

- Я бачу, у вас здарылася штосьці нядобрае, Алеся, - сказаў я, асцярожна дакранаючыся рукою да яе рукі, якая ляжала на лаўцы.

Алеся хутка павярнулася да акна, быццам разглядаючы там нешта. Яна старалася выглядаць спакойнай, але яе бровы сышліся і задрыжалі, а зубы моцна прыкусілі ніжнюю губу.

- Не... што ў нас магло здарыцца асаблівага? - вымавіла яна глухім голасам. - Усё як было, так і засталося.

- Алеся, чаму ты гаворыш мне няпраўду? Гэта нядобра з твайго боку... А я быў думаў, што з табою зусім сябрамі сталі.

- Ну, сапраўды, нічога няма... Проста... свае клопаты... дробязныя...

- Не, Алеся, відаць, не дробязныя. Паглядзі - цябе пазнаць нельга.

- Гэта вам так здаецца толькі.

- Будзь жа са мною шчырая, Алеся. Не ведаю, ці змагу табе памагчы, але, можа, хоць параду якую дам... Ну, нарэшце, проста табе лягчэй будзе, калі падзелішся горам.

- Ах, так, сапраўды, не варта і гаварыць аб гэтым, - з нецярплівасцю запярэчыла Алеся. - Нічым вы нам тут не зможаце памагчы.

Старая раптам з незвычайнай гарачнасцю ўмяшалася ў нашу размову:

- Чаго ты ўпіраешся, дурная! Табе дабра хочуць, а ты носам круціш. Быццам разумнейшага за цябе і на свеце няма нікога. Дазвольце, пан, я вам усю гэту гісторыю раскажу як ёсць, - павярнулася яна да мяне.

Самі непрыемнасці аказаліся значна большыя, чым я мог уявіць са слоў гордай Алесі. Учора ўвечары ў хацінку на курыных ножках заязджаў мясцовы ўраднік.

- Спачатку ён сеў як мае быць і патрабаваў гарэлкі, - гаварыла Мануйліха, - а потым і пайшоў, і пайшоў. «Выбірайся, кажа, з хаты за дваццаць чатыры гадзіны з усімі сваімі бэбахамі. Калі, кажа, я наступным разам прыеду і ўбачу цябе тут, дык ведай - не мінуць табе этапнага парадку. З двума, кажа, салдатамі адпраўлю цябе, анафему, на радзіму». А мая радзіма, шаноўны, далёкая, горад Амчэнск... У мяне там цяпер і душы знаёмай няма, ды і пачпарты нашы пратэрмінованы-распратэрмінованы, ды, апрача таго, яшчэ і няспраўныя. Ах ты, божачка, няшчасце маё!

- Чаму ж ён раней дазваляў табе жыць, а толькі цяпер надумаўся? - спытаў я.

- Ды ліха яго ведае... Брахаў ён нешта такое, але я, шчыра кажучы, не зразумела. Бачыш, якая справа: хацінка гэтая, вось у якой мы жывём, не наша, а памешчыка. Мы ж з Алесяй да гэтага на сяле жылі, а потым...

- Ведаю, ведаю, бабка, чуў пра гэта... Мужыкі на цябе ўзлаваліся...

- Ну, вось, вось гэта самае. Я тады ў старога памешчыка, пана Абросімава, гэтую халупу выпрасіла. Ну, а цяпер быццам бы купіў лес новы памешчык і быццам бы хоча ён нейкія балоты, ці што, сушыць. Толькі чаго ж я ім замінаю?

- Бабка, а можа, усё гэта адна лухта? - заўважыў я. - Проста ўрадніку «чырвоненькую» захацелася палучыць.

- Давала, родны, давала. Не бярэ-э! Вось гісторыя... Дваццацьпятку давала - не бярэ... Куд-ды табе! Гэтак на мяне ашчэрыўся, што я ўжо не ведала, дзе стаю. Заладзіў у адну душу: «Прэч ды прэч!» Што ж мы цяпер рабіць будзем, сіраты мы няшчасныя! Бацюхна наш, хоць бы ты нам чым памог, пасарамаціў бы яго, нутро яго ненасытнае. Век бы, здаецца, была табе ўдзячная.

- Бабка! - з дакорам вымавіла Алеся.

- Чаго там - бабка! - узлавалася старая. - Я табе ўжо дваццаць пяты год бабка. Што ж, па-твойму, з торбаю лепш ісці? Не, пан, вы яе не слухайце. Будзьце ўжо літасцівы - калі што можаце зрабіць, дык зрабіце.

Я ў няпэўных выразах абяцаў паклапаціцца, хоць, шчыра кажучы, надзеі было мала. Калі ўжо наш ураднік адмаўляецца «ўзяць» - значыць, справа была дужа сур'ёзная. У гэты вечар Алеся развіталася са мною холадна і не пайшла мяне праводзіць. Я бачыў, што ганарыстая дзяўчына злуецца на мяне за маё ўмяшанне і крышку саромеецца бабчынай плаксівасці.

 

VIII

 

Была шэрая цёплая раніца. Ужо некалькі разоў браўся ісці буйны, кароткі, жыватворны дождж, пасля якога ўвачавідкі расце маладая траўка і выцягваюцца новыя парасткі. Пасля дажджу на хвілінку выглядвала сонейка, абдаючы радасным зіхаценнем аблітае дажджом маладое, яшчэ пяшчотнае зяленіва бэзу, якім зарос увесь мой кветнік; гучней рабіўся вераб'іны крык на пухкіх гародных градках; мацней пахлі клейкія карычневыя пупышкі таполі. Я сядзеў ля стала і чарціў план лясной дачы, калі ў пакой зайшоў Ярмола.

- Ёсць ураднік, - вымавіў ён змрочна.

У мяне ў гэты момант зусім вылецеў з галавы аддадзены мною два дні таму назад загад паведаміць мне, калі прыедзе ўраднік, і я ніяк не мог адразу сцяміць, якое дачыненне мае цяпер да мяне гэты прадстаўнік улады.

- Што здарылася? - спытаў я, нічога не разумеючы.

- Кажу, што ўраднік прыехаў, - паўтарыў Ярмола тым жа варожым тонам, якім ён размаўляў са мною ў апошнія дні. - Зараз я бачыў яго на плаціне. Сюды едзе.

На вуліцы пачулася тарахценне колаў. Я хуценька кінуўся да акна і адчыніў яго. Доўгі, худы, шакаладнага колеру конь, з адвіслай ніжняй губой і пакрыўджанай мордай, паважным трушком цягнуў высокі дрогкі вазок, з якім ён быў звязаны адной толькі аглобляй, - другую аглоблю замяняла тоўстая вяроўка (злыя павятовыя языкі гаварылі, што ўраднік знарок завёў гэты сумны «выезд», каб стрымліваць усялякія непажаданыя размовы). Ураднік сам кіраваў канём, займаючы сваім вялізным целам у шэрым шынялі з франтаватага афіцэрскага сукна абодва сядзенні.

- Маё шанаванне, Яўпсіхій Афрыканавіч! - крыкнуў я, высоўваючыся праз акно.

- А-а, маё шанаванне! Як здароўечка? - адгукнуўся ён ветлівым, гучным начальніцкім барытонам.

Ён стрымаў каня і, дакрануўшыся далоняй да брыля, з нязграбнай грацыяй нахіліў наперад тулава.

- Зайдзіце на хвілінку. У мяне да вас адна невялічкая справа ёсць.

Ураднік шырока развёў рукамі і пакруціў галавою.

- Не магу! Выконваю службовыя абавязкі. Еду ў Валошу на мёртвае цела - тапелец.

Але я ўжо ведаў слабасці Яўпсіхія Афрыканавіча і таму сказаў са штучнай абыякавасцю:

- Шкада, шкада... А я ў эканоміі графа Ворцаля здабыў пару такіх пляшачак...

- Не магу. Абавязак службы...

- Мне буфетчык па знаёмству прадаў. Ён іх у склепе як дзяцей родных бярог... Зайшлі б... А я вашаму коніку загадаю аўса даць.

- Ды вось вы які, сапраўды, - з папрокам сказаў ураднік. - Хіба вы не ведаеце, што служба перш за ўсё?.. А яны з чым, гэтыя пляшкі? Слівянка?

- Якая там слівянка! - махнуў я рукою. - Старка, бацюхна, вось што!

- Мы, шчыра кажучы, ужо закусілі, - са спагадаю пачухаў шчаку ўраднік, страшэнна зморшчыўшы пры гэтым твар.

Я з ранейшым спакоем гаварыў далей:

- Не ведаю, ці праўда, але буфетчык бажыўся, што ёй дзвесце год. Пах - проста чысты каньяк, і самай бурштынавай жаўцізны.

- Эх! І што вы са мной робіце! - усклікнуў з камічным адчаем ураднік. - Хто ж у мяне каня прыме?

Старкі ў мяне сапраўды аказалася некалькі пляшак, хоць і не такой вытрыманай, як я выхваляўся, але я разлічваў, што сіла ўнушэння дадасць ёй некалькі дзесяткаў год... Ва ўсякім разе, гэта была сапраўдная, хатняя, ашаламляльная старка, гордасць склепа збяднелага магната. (Яўпсіхій Афрыканавіч, які паходжаннем быў з духоўных, неадкладна выпрасіў у мяне пляшку на выпадак, як ён сказаў, хваробы прастуднага характару...) І закусь у мяне знайшлася гастранамічная: маладая радыска са свежым, толькі што збітым маслам.

- Ну, а справа-то ваша якая будзе? - спытаў пасля пятай чаркі ўраднік, адкінуўшыся на спінку старога крэсла, якое ўсё ажно затрашчала пад ім.

Я пачаў расказваць яму пра становішча беднай старой, упамянуў пра яе бездапаможнасць і адчай, не прамінуў сказаць адносна непатрэбнага фармалізму. Ураднік слухаў мяне з апушчанай долу галавой, метадычна ачышчаючы ад карэньчыкаў чырвоную, тугую, ядраную радыску і жуючы яе а апетытным хрумстам. Час ад часу ён хутка ўскідваў на мяне абыякавыя, мутныя, да смешнага маленькія і блакітныя вочкі, але на яго чырвонай вялізнай фізіяноміі я не мог нічога прачытаць: ні спачування, ні супраціўлення. Калі я нарэшце змоўк, ён толькі спытаў:

- Ну, дык чаго вы ад мяне хочаце?

- Як чаго? - захваляваўся я. - Зразумейце ж, калі ласка, іх становішча. Жывуць дзве бедныя, безабаронныя жанчыны...

- І адна з іх проста бутон садовы! - кпліва ўставіў ураднік.

- Ну, бутон ці не бутон - гэта справа дзевятая. Але чаму, скажыце, вам не памагчы ім? Быццам бы вам ужо так спешна трэба іх выселіць? Ну, хоць пачакайце крыху, пакуль я сам у памешчыка папрашу. Чым вы рызыкуеце, калі пачакаеце з месяц?

- Як гэта чым рызыкую?! - усхапіўся з крэсла ўраднік. - Даруйце - ды ўсім рызыкую, і перш за ўсё службаю. Бог яго ведае, што гэта за пан Ільяшэвіч, новы памешчык. А можа, каверзнік з тых, каторыя, як што якое, адразу паперку, пёрка і данос у Пецярбург? У нас жа бываюць і такія!

Я паспрабаваў супакоіць урадніка, які з хвіліны на хвіліну разыходзіўся ўсё болей.

- Ну, хопіць ужо, Яўпсіхій Афрыканавіч. Вы перавялічваеце ўсю гэтую справу. Нарэшце - што ж? Як вядома, рызыка рызыкай, а ўдзячнасць ёсць удзячнасць.

- Фю-ю-у! - працяжна свіснуў ураднік і глыбока засунуў рукі ў кішэні шаравараў. - Вось дык удзячнасць! Што ж вы думаеце - я праз якія-небудзь дваццаць пяць рублёў пастаўлю на карту сваё службовае становішча? Не, гэта вы мяне дрэнна разумееце.

- Ды чаго вы хвалюецеся, Яўпсіхій Афрыканавіч. Тут зусім не ў суме справа, а проста так... Ну, хоць па-чалавечы...

- Па-ча-ла-ве-чы? - іранічна вымавіў ён кожны склад. - Дазвольце, ды ў мяне гэтыя чалавекі вось тут сядзяць!

Ён энергічна стукнуў сябе па магутнай бронзавай патыліцы, якая звешвалася на каўнер тлустай безвалосай складкай.

- Ну, гэта вы ўжо, здаецца, залішняе гаворыце, Яўпсіхій Афрыканавіч.

- Ні кропелькі не залішняе. «Гэта - язва тутэйшых мясцін», як казаў знакаміты байкапісец, пан Крылоў. Вось хто гэтыя дзве дамы! Вы, мусіць, не мелі ласкі прачытаць цудоўны твор яго светласці князя Ўрусава пад загалоўкам «Паліцэйскі ўраднік»?

- Не, не даводзілася.

- Вельмі шкада. Цудоўны і высокамаральны твор. Раю вольнай хвілінай пазнаёміцца...

- Добра, добра, я ахвотна пазнаёмлюся. Але я ўсё ж не разумею, якое дачыненне мае гэтая кніжка да дзвюх бедных жанчын?

- Якое? Вельмі простае. Пункт першы (Яўпсіхій Афрыканавіч загнуў тоўсты, валасаты ўказальны палец на левай руцэ): «Ураднік мае неаслабнае назіранне, каб усе хадзілі ў храм божы з дбайнасцю, знаходзячыся, аднак, у ім без натугі...» Дазвольце даведацца, а ці ходзіць гэтая... як яе... Мануйліха, ці што?.. Ці ходзіць яна калі-небудзь у царкву?

Я маўчаў, здзіўлены нечаканым паваротам справы. Ён паглядзеў на мяне важна і загнуў другі палец.

- Пункт другі: «Забараняюцца скрозь ілжэпрароцтвы, а таксама ілжэвешчаванні...» Адчуваеце? Затым пункт трэці: «Забараняецца выдаваць сябе за варажбіта або вешчуна і ўжываць падобныя ашуканствы». Што вы на гэта скажаце? А раптам усё гэта выявіцца ці акольным шляхам дойдзе да начальства? Хто будзе адказваць? - Я. Каго са службы па шапцы? - Мяне. Бачыце, якая штука.

Ён сеў у крэсла. Вочы ў яго, узнятыя ўгору, разгублена слізгалі па сценах пакоя, а пальцы гучна барабанілі па стале.

- Ну, а калі я вас папрашу, Яўпсіхій Афрыканавіч, - пачаў я зноў лагодным тонам. - Безумоўна, вашы абавязкі складаныя і клопатныя, але я ведаю, што сэрца ў вас самае добрае, залатое сэрца. Хіба вам цяжка паабяцаць мне не чапаць гэтых жанчын?

Ураднікавы вочы раптам спыніліся паўзверх маёй галавы.

- А неблагая ў вас стрэльбачка, - абыякава кінуў ён, не перастаючы барабаніць. - Цудоўная стрэльбачка. Мінулы раз, калі я да вас заязджаў і не застаў дома, я ўсё на яе любаваўся... Чароўная стрэльбачка!

Я таксама павярнуў галаву і паглядзеў на стрэльбу.

- Так, стрэльба неблагая, - пахваліў я. - Яна ж старадаўняя, фабрыкі Гасцін-Рэнета, я яе толькі летась на цэнтральную перарабіў. Вы звярніце ўвагу на ствалы.

- Як жа, як жа... я на ствалы і любаваўся галоўным чынам. Цудоўная рэч... Проста, можна сказаць, цэлы скарб.

Нашы вочы сустрэліся, і я ўбачыў, як у кутках ураднікавых губ уздрыгнула лёгкая, але шматзначная ўсмешка. Я ўстаў з месца, зняў са сцяны стрэльбу і падышоў з ёю да Яўпсіхія Афрыканавіча.

- У чаркесаў ёсць вельмі мілы звычай дарыць госцю ўсё, што ён пахваліць, - сказаў я ветліва. - Мы з вамі хоць і не чаркесы, Яўпсіхій Афрыканавіч, але я прашу прыняць ад мяне гэтую рэч на ўспамін.

Ураднік для выгляду засаромеўся.

- Ды што вы, такую стрэльбу! Не, не, гэта ўжо дужа шчодры звычай!

Аднак мне не давялося доўга яго ўпрошваць. Ураднік узяў стрэльбу, беражліва паставіў яе паміж сваіх каленяў і асцярожна зняў чыстай насоўкай пыл, які асеў на спускавой дужцы. Я крышку супакоіўся, калі ўбачыў, што стрэльба перайшла ў рукі аматара і знаўцы. Амаль адразу Яўпсіхій Афрыканавіч устаў і заспяшаўся ехаць.

- Справа не чакае, а я тут з вамі забавіўся, - гаварыў ён, гучна стукаючы аб падлогу непаслухмянымі галёшамі. - Калі будзеце ў нашых краях, калі ласка, наведвайце мяне.

- Ну, як жа наконт Мануйліхі, пан начальнік? - далікатна напомніў я.

- Паглядзім, пабачым... - няпэўна кінуў Яўпсіхій Афрыканавіч. - Я вось яшчэ пра што хацеў вас папрасіць... Радыска ў вас цудоўная...

- Сам вырасціў.

- Над-дзвычайная радыска! А ў мяне, ведаеце, мая жонка страшэнна любіць усялякую гародніну. Дык вось добра было б, каб, ведаеце, таго... пучочак адзін.

- Ахвотна, Яўпсіхій Афрыканавіч. Лічу сваім абавязкам... Сёння ж з нарачным дастаўлю кошычак. І масла ўжо дазвольце за адным заходам. Масла ў мяне на рэдкасць.

- Ну, і масла... - ахвотна дазволіў ураднік. - А гэтым бабам вы ўжо скажыце, што я іх пакуль што не крану. Толькі няхай яны ведаюць, - раптам узвысіў ён голас, - што адным «дзякуй» ад мяне не адчэпяцца. А цяпер жадаю вам здароўечка. Яшчэ раз мерсі вам за падаруначак і за пачастунак.

Ён па-вайсковаму стукнуў абцасамі і цяжкай хадой сытага важнага чалавека пайшоў да свайго вазка, каля якога ў пачцівых паставах, без шапак, ужо стаялі соцкі, сельскі стараста і Ярмола.

 

IX

 

Яўпсіхій Афрыканавіч стрымаў сваё абяцанне і пакінуў на няпэўны час у спакоі жыхарак лясной хаціны. Але мае ўзаемаадносіны з Алесяй рэзка і дзіўна змяніліся. У яе абыходжанні са мной не асталося і следу ранейшай даверлівасці і наіўнай ласкі, ранейшай жвавасці, да якой так міла прымешвалася какецтва прыгожай дзяўчыны з гарэзлівым дзіцячым свавольствам. У нашай размове паявілася нейкая непераадольная няёмкасць... З паспешлівай баязлівасцю Алеся пазбягала жывых тэм, якія раней давалі такі бязмежны прастор нашай цікаўнасці.

У маёй прысутнасці яна аддавалася рабоце з напружанай, суровай дзелавітасцю, але часта я назіраў, як сярод гэтай работы яе рукі раптам знясілена апускаліся ўздоўж каленяў, а вочы нерухома і няпэўна скіроўваліся долу, на падлогу. Калі ў такую хвіліну я называў Алесю па імі або задаваў ёй якое-небудзь пытанне, яна ўздрыгвала і марудна паварочвала да мяне свой твар, на якім адбіваліся спалох і жаданне зразумець сэнс маіх слоў. Іншы раз мне здавалася, што мая прысутнасць ёй у цяжар, але гэтая здагадка дрэнна ўжывалася з вялікай цікавасцю, якую абуджала ў ёй усяго некалькі дзён таму назад кожная мая заўвага, кожнае слова... Аставалася думаць толькі, што Алеся не хоча мне дараваць майго заступніцтва ў справе з ураднікам, якое так абурыла яе незалежную натуру. Але і гэтая здагадка не задавольвала мяне: адкуль, на самай справе, магла з'явіцца ў простай дзяўчыны, што вырасла сярод лесу, такая празмерна далікатная гордасць?

Усё гэта патрабавала тлумачэння, а Алеся ўпарта пазбягала ўсякага спрыяльнага выпадку для шчырай размовы. Нашы вячэрнія пагулянкі спыніліся. Марна кожны дзень, збіраючыся ісці дадому, я кідаў на Алесю ўмольныя позіркі - яна рабіла выгляд, што не разумее іх значэння. Прысутнасць жа старой, хоць яна і недачувала, непакоіла мяне.

Часам я абураўся супроць уласнай слабасці і супроць прывычкі, якая цягнула мяне кожны дзень да Алесі. Я і сам не падазраваў, якімі тонкімі, моцнымі, нябачнымі ніткамі было прывязана маё сэрца да гэтай чароўнай, незразумелай для мяне дзяўчыны. Я яшчэ не думаў пра каханне, але я перажываў ужо трывожны перыяд, які папярэднічае каханню, поўны цьмяных, пакутлівых перажыванняў. Дзе б я ні быў, чым бы ні стараўся заняцца - усе мае думкі былі скіраваны да Алесінага вобраза, уся мая істота імкнулася да яе; кожны ўспамін пра яе іншы раз самыя дробязныя словы, пра яе жэсты і ўсмешкі сціскаў з ціхім і салодкім болем маё сэрца. Але надыходзіў вечар, і я доўга сядзеў каля яе на нізкай хісткай лавачцы, з прыкрасцю адчуваючы, што з кожным разам раблюся менш смелы і дасціпны.

Аднойчы я правёў такім чынам каля Алесі цэлы дзень. Ужо з раніцы я адчуваў сябе блага, хоць яшчэ не мог добра зразумець, у чым была мая хвароба. Пад вечар мне зрабілася яшчэ горш. Галава пацяжэла, увушшу шумела, у цемені я адчуваў тупы безупынны боль - нібы нехта ціснуў на яго мяккай, але дужай рукой. У роце ў мяне перасохла, і па ўсім целе разлівалася нейкая лянівая, млявая кволасць, ад якой кожную хвіліну хацелася пазяхаць. У вачах адчуваўся такі боль, быццам я толькі што пільна і блізка глядзеў на бліскучую кропку.

Калі ж позна вечарам я вяртаўся дахаты, дык якраз на сярэдзіне дарогі мяне раптам усяго пачало страшэнна калаціць. Я ішоў, амаль не бачачы дарогі, амаль не ўсведамляючы, куды іду, і хістаючыся, як п'яны, між тым як мае сківіцы выстуквалі часты і гучны пошчак.

Я да гэтага часу не ведаю, хто давёз мяне да дому... Роўна шэсць дзён калаціла мяне неадчэпная, жахлівая палеская трасуха. Удзень немач як быццам сціхала, і да мяне вярталася прытомнасць. Тады, зусім знясілены хваробаю, я ледзьве перастаўляў ногі па пакоі з болем і кволасцю ў каленях; варта было зрабіць больш энергічны рух, як кроў гарачай хваляй прылівала да галавы і засцілала моракам усе рэчы перад маімі вачамі. Увечары ж, звычайна гадзін каля сямі, як бура, налятаў на мяне прыступ хваробы, і я праводзіў на пасцелі страшэнную, доўгую, як стагоддзе, ноч, то калоцячыся пад коўдраю ад холаду, то палаючы ў нясцерпнай гарачцы. Ледзь толькі дрымота злёгку закранала мяне, як дзіўныя, недарэчныя, пакутліва стракатыя сны пачыналі гуляць з маім разгарачаным мозгам. Усе мае летуценні былі поўны дробязных, мікраскапічных дэталяў, якія ў беспарадку чапляліся адна за адну ў пачварным бязладдзі. То мне здавалася, што я разбіраю нейкія разнаколерныя, дзівосных формаў скрыні, вымаючы маленькія з большых, а з маленькіх яшчэ меншыя, і ніяк не магу скончыць гэтай нуднай працы, якая мне ўжо даўно абрыдла. То мільгацелі перад маімі вачамі з неверагоднай хуткасцю доўгія яркія стужкі шпалераў, і на іх замест узораў я выразна бачыў цэлыя гірлянды з чалавечых фізіяномій - іншы раз прыгожых, добрых і вясёлых, іншы раз страшэнных, ашчэраных, з вялізнымі бялкамі. Потым я пачынаў з Ярмолам заблытаную, вельмі складаную абстрактную спрэчку. З кожнай хвілінай довады, якія мы прыводзілі адзін аднаму, рабіліся ўсё больш тонкія і глыбокія; паасобныя словы і нават гукі набывалі таямнічае значэнне, і разам з тым мяне ўсё мацней ахопліваў страх перад невядомай, ненармальнай сілай, што выцягвае з мае галавы адзін за адным дзікія сафізмы і не дазваляе мне спыніць даўно ўжо абрыдлую спрэчку...

Гэта быў нейкі дзікі віхор чалавечых і звярыных фігур, краявідаў, рэчаў самых дзівосных формаў і колераў, слоў і фраз, значэнне якіх успрымалася ўсімі пачуццямі... Але - дзіўная справа - у той самы час я не пераставаў бачыць на столі светлы роўны круг ад лямпы з зялёным абгарэлым абажурам. І ведаў чамусьці, што ў гэтым спакойным крузе з расплывістымі берагамі стаілася нямое, аднастайнае, таямнічае і грознае жыццё, яшчэ больш жахлівае, чым дзікі хаос маіх сноў.

Потым я прачынаўся або, дакладней, не прачынаўся, а раптоўна заўважаў, што адчуваю сябе даволі бадзёра. Прытомнасць амаль вярталася да мяне. Я разумеў, што ляжу ў пасцелі, што я толькі што трызніў, але светлы круг на цёмнай столі ўсё-такі палохаў мяне затоенай злавеснай пагрозай. Кволаю рукою дацягваўся я да гадзінніка, глядзеў на яго і з сумным неўразуменнем пераконваўся, што ўся бясконцая чарада маіх дзікіх сноў заняла не больш дзвюх-трох хвілін. «Божа! Дык калі ж ужо настане світанне!» - з адчаем думаў я, варочаючыся на гарачых падушках і адчуваючы, як апякае мне губы маё ўласнае цяжкое і кароткае дыханне... Але вось зноў мною авалодвала тонкая дрымота, і зноў мозг мой рабіўся гульбішчам стракатай немарасці, і зноў праз дзве хвіліны я прачынаўся, ахоплены смяртэльным смуткам...

Праз шэсць дзён мая моцная натура, пры дапамозе хініну і настою трыпутніку, перамагла хваробу. Я ўстаў з пасцелі ўвесь разбіты, ледзь трымаючыся на нагах. Ачуньваў я з прагнаю хуткасцю. У галаве, стомленай шасцідзённым ліхаманкавым трызненнем, адчувалася цяпер лянівая і прыемная адсутнасць думак. Апетыт паявіўся страшэнны, і цела маё дужэла з гадзіны на гадзіну, убіраючы кожнай сваёй часцінкай здароўе і радасць жыцця. Разам з тым з новай сілай пацягнула мяне ў лес, да адзінокай скрыўленай хаціны. Нервы мае яшчэ не паправіліся, і кожны раз, выклікаючы ў памяці твар і голас Алесі, я адчуваў такое пяшчотнае замілаванне, што мне хацелася плакаць.

 

Х

 

Мінула яшчэ пяць дзён, і я ўжо так добра сябе адчуваў, што пешкам, без аніякай стомы, дайшоў да хацінкі на курыных ножках. Калі я ступіў на яе парог, дык сэрца забілася з трывожным страхам у мяне ў грудзях. Амаль два тыдні не бачыў я Алесі і цяпер асабліва добра зразумеў, наколькі яна мне блізкая і дарагая. Трымаючыся за клямку дзвярэй, я некалькі хвілін марудзіў і ледзьве пераводзіў дух. У нерашучасці я нават заплюшчыў вочы на нейкі момант, перш чым адчыніць дзверы...

У тых уражаннях, якія я перажываў, калі заходзіў у хату, мусіць, ніколі не разбярэшся... Хіба можна запомніць словы, якія гавораць у першыя хвіліны сустрэчы маці і сын, муж і жонка або закаханыя? Вымаўляюцца самыя простыя, самыя звычайныя фразы, смешныя нават, калі іх дакладна запісаць на паперы. Але тут кожнае слова да месца і бясконца мілае ўжо таму, што гаворыцца яно самым дарагім на свеце голасам.

Я памятаю, вельмі добра памятаю толькі тое, што да мяне хутка павярнуўся бледны твар Алесі і што на гэтым чароўным, новым для мяне твары ў адно імгненне адбіліся, змяняючы адно аднаго, здзіўленне, спалох, трывога і пяшчотная, светлая ўсмешка кахання... Старая штосьці шамкала, тупаючы каля мяне, але я не чуў яе слоў прывітання. Голас Алесі даляцеў да мяне як салодкая музыка:

- Што з вамі здарылася? Вы былі хворыя? Ох, як жа вы схуднелі, няшчасны мой.

Я доўга не мог ёй нічога адказаць, і мы моўчкі стаялі побач, трымаючыся за рукі, проста, глыбока і радасна пазіраючы адно аднаму ў вочы. Гэтыя некалькі маўклівых хвілін я заўсёды лічу за самыя шчаслівыя ў маім жыцці - ніколі, ніколі, ні раней, ні пазней, я не адчуваў такога чыстага, поўнага, усеабдымнага захаплення. І як многа я чытаў у вялікіх цёмных Алесіных вачах: і хваляванне сустрэчы, і папрок за маю доўгую адсутнасць, і гарачае прызнанне ў каханні... Я адчуваў, што разам з гэтым позіркам Алеся аддае мне з радасцю, без усякіх умоў і ваганняў, усю сваю істоту.

Яна першая парушыла гэтае зачараванне, паказаўшы мне павольным рухам павек на Мануйліху. Мы селі побач, і Алеся ўзялася падрабязна і клапатліва распытваць у мяне пра хваробу і лекі, якія я прымаў, пра доктарскія парады (доктар два разы прыязджаў да мяне з мястэчка). Пра доктара яна прымусіла мяне расказваць некалькі разоў запар, і я часам заўважаў на яе вуснах ледзь прыкметную ўсмешку.

- Ах, чаму я не ведала, што вы захварэлі! - усклікнула яна з вялікім жалем. - Я за адзін бы дзень вас на ногі паставіла... Ну як гэта можна ім давярацца, калі яны нічога, ні-чо-га не разумеюць? Чаму вы па мяне не паслалі?

Я сумеўся.

- Бачыш, Алеся... гэта здарылася так раптоўна... і, апрача таго, я баяўся цябе турбаваць. Ты за апошні час зрабілася нейкая дзіўная, нібы ўсё злавалася на мяне або надакучыў я табе... Паслухай, Алеся, - дадаў я, сцішыўшы голас, - нам з табою шмат аб чым трэба пагаварыць... толькі адным... разумееш?

Яна ціха апусціла павекі ў знак згоды, потым боязна азірнулася на бабку і хутка шапнула:

- Ды... я і сама хацела... потым... пачакайце...

Ледзь толькі зайшло сонца, як Алеся пачала мяне прыспешваць дахаты.

- Збірайцеся, збірайцеся хутчэй, - гаварыла яна, цягнучы мяне за руку з лавачкі. - Калі вас цяпер волкасцю пройме - хвароба адразу ж назад вернецца.

- А ты куды, Алеся? - спытала раптам Мануйліха, убачыўшы, што яе ўнучка хуценька накінула на галаву вялікую шэрую шарсцяную хустку.

- Пайду... правяду крышку, - адказала Алеся.

Яна вымавіла гэта зусім абыякава, пазіраючы не на бабку, а ў акно, але ў яе голасе я адчуў ледзь прыкметнае адценне абурэння.

- Усё ж пойдзеш? - з націскам спытала старая.

Алесіны вочы бліснулі, і яна проста ў твар паглядзела на Мануйліху.

- Так, і пайду! - запярэчыла яна ганарыста. - Пра гэта ўжо не раз гаварылася... Мая справа, мой і адказ.

- Эх ты!.. - з прыкрасцю і дакорам усклікнула старая.

Яна хацела яшчэ нешта сказаць, але толькі махнула рукой, паклыпала сваёй старэчай хадою ў кут і, крэкчучы, пачала корпацца там у нейкім кошыку.

Я зразумеў, што гэтая хуткая вострая размова, сведкам якой я толькі што быў, - працяг многіх узаемных сварак і непаразуменняў. Ідучы ўпоплеч з Алесяй да лесу, я спытаў у яе:

- Бабка не хоча, каб ты хадзіла са мной гуляць?

Алеся з прыкрасцю паціснула плячамі:

- Калі ласка, не звяртайце на гэта ўвагі. Ну так, не хоча... Але хіба я не магу рабіць таго, што мне падабаецца?

У маёй душы раптам узнялося нястрымнае жаданне папракнуць Алесю за яе ранейшую суровасць.

- Значыць, і раней, яшчэ да маёй хваробы, ты таксама магла, але толькі не хацела аставацца са мною адзін на адзін... Ах, Алеся, каб ты ведала, як балюча ты мне рабіла... Я так чакаў, так чакаў кожнага вечара, што ты зноў пойдзеш са мною... А ты была заўсёды такая няўважлівая, сумная, злосная... О, як ты мяне мучыла, Алеся!..

- Ну, не трэба, галубок... Забудзьце пра гэта, - з мяккім прабачэннем у голасе папрасіла Алеся.

- Не, я ж не ў крыўду табе кажу - так, проста к слову прыйшлося... Цяпер я разумею, чаму гэта было... А спачатку ж - нават смешна і ўспамінаць - я падумаў, што ты пакрыўдзілася на мяне праз урадніка. І думка гэтая мяне моцна засмучала. Мне здавалася, што ты мяне лічыш за такога далёкага, чужога чалавека, што нават простую сяброўскую паслугу табе цяжка ад мяне прыняць... Вельмі мне гэта было балюча... Я нават і не падазраваў, Алеся, што ўсё гэта ад бабкі ідзе...

Алесін твар раптам загарэўся чырванню.

- І зусім не ад бабкі!.. Сама я гэтага не хацела! - горача, з запалам усклікнула яна.

Я паглядзеў на яе збоку, так, што мне стаў добра відзён чысты, прыгожы профіль яе крышку схіленай галавы. Толькі цяпер я заўважыў, што і сама Алеся схуднела за гэты час і вакол яе вачэй ляглі блакітныя цені. Адчуўшы мой позірк, Алеся ўскінула на мяне вочы, але адразу ж апусціла іх і павярнулася з сарамлівай усмешкай.

- Чаму ты не хацела, Алеся? Чаму? - спытаў я дрыготкім ад хвалявання голасам і, схапіўшы Алесю за руку, прымусіў яе спыніцца.

Мы ў гэты час былі якраз на сярэдзіне доўгай, вузкай і роўнай, бы страла, лясной прасекі. Высокія, стромкія хвоі абступалі нас з абодвух бакоў, утвараючы вялізны калідор з духмяных пераплеценых галін. Голыя, аблупленыя ствалы былі афарбаваны барвовым водбліскам вячэрняй зары...

- Чаму? Чаму, Алеся? - паўтараў я шэптам і ўсё мацней сціскаў яе руку.

- Я не магла... Я баялася, - ледзь чутно вымавіла Алеся. - Я думала, што можна абмінуць лёс... А цяпер, цяпер...

Яна задыхнулася, нібы ёй не хапала паветра, і раптам яе рукі хутка і моцна абвіліся вакол маёй шыі, і мае вусны соладка апёк гарачы Алесін шэпт:

- Цяпер мне ўсё роўна, усё роўна!.. Бо я кахаю цябе, маё шчасце, мой любы, мой дарагі!..

Яна тулілася да мяне ўсё мацней, і я адчуваў, як трапятала пад маімі рукамі яе дужае гарачае цела, як часта білася каля маіх грудзей яе сэрца. Яе палкія пацалункі ўліваліся ў маю яшчэ слабую пасля хваробы галаву, як п'янае віно, і я пачаў траціць волю над сабою.

- Алеся, богам прашу, не трэба... пакінь мяне, - гаварыў я, стараючыся разняць яе рукі. - Цяпер і я баюся... баюся самога сябе... Пусці мяне, Алеся.

Яна ўзняла ўгору свой твар, і ўвесь ён заззяў шчаслівай усмешкай.

- Не бойся, мой любы, - сказала яна з невыказнай пяшчотнасцю. - Я ніколі не папракну цябе, ні да кога раўнаваць не стану... Скажы толькі: ці кахаеш мяне?

- Кахаю, Алеся. Даўно кахаю і моцна кахаю. Але... не цалуй мяне больш... Я слабну, у мяне галава круціцца, я не ручаюся за сябе...

Яе вусны зноў доўга і пакутліва салодка прыпалі да маіх, і я не пачуў, а хутчэй адгадаў яе словы:

- Ну, дык і не бойся і не думай ні пра што болей... Сёння наш дзень, і ніхто ў нас яго не адбярэ...

 

І ўся гэтая ноч вылілася ў нейкую чароўную казку. Узышоў месяц, і яго ззянне дзівосна, страката і таямніча расквечвала лес, слалася сярод мораку няроўнымі, сінявата-бледнымі плямамі на каржакаватыя ствалы, на крывыя сукі, на мяккі, як плюшавы дыван, мох. Гонкія бярозавыя ствалы бялелі рэзка і выразна, а на іх рэдкае лісце, здавалася, былі накінуты серабрыстыя тонкія газавыя пакрывалы.

Месцамі святло зусім не пранікала пад густую навісь хваёвых галін. Там панавала непраглядная цемра, і толькі ў самай сярэдзіне яе месячыкавы прамень, які невядома адкуль слізгануў туды, ярка азарыў доўгі строй дрэў і кінуў на зямлю вузкую роўную дарожку - такую светлую, прыбраную і цудоўную, нібы прысада, упрыгожаная эльфамі для ўрачыстага шэсця Аберона і Тытаніі. І мы крочылі, абняўшыся, сярод гэтай вясёлай жывой легенды, без адзінага слова, захопленыя сваім шчасцем і жудаснай цішынёй лесу.

- Любы мой, а я зусім забыла, што табе трэба дахаты спяшацца, - спахапілася раптам Алеся. - Вось якая я! Ты толькі што ачуняў, а я цябе да гэтага часу ў лесе трымаю.

Я абняў яе і адкінуў хустку з яе густых цёмных валасоў і, схіліўшыся да яе вуха, спытаў ледзь чутно:

- Ты не шкадуеш, Алеся? Не раскайваешся?

Яна адмоўна паківала галавой.

- Не, не... Што б ні здарылася потым, я не пашкадую. Мне так шчасна...

- А хіба абавязкова павінна што-небудзь здарыцца?

У яе вачах мільгануў знаёмы мне містычны жах.

- Абавязкова... Памятаеш, я табе гаварыла пра трэфовую даму? Трэфовая дама - гэта ж я. Гэта са мной будзе няшчасце, пра якое сказалі карты... Ты ведаеш, я хацела цябе прасіць, каб ты і зусім перастаў да нас прыходзіць. А тут якраз ты захварэў, і я цябе амаль паўмесяца не бачыла... І такая мяне журба ахапіла, што, здаецца, усё б на свеце аддала, каб з табою хоць хвілінку яшчэ пабыць... Вось тады я і адважылася. Няхай, думаю, што будзе, тое і будзе, а я сваёй радасці нікому не аддам...

- Гэта праўда, Алеся? Гэта і са мною так было, - сказаў я, датыкаючыся губамі да яе скроні. - Я да таго часу не ведаў, што кахаю цябе, пакуль не расстаўся з табою. Нездарма, мусіць, нехта сказаў, што разлука для кахання тое ж самае, што вецер для агню: маленькае каханне яна тушыць, а вялікае распальвае яшчэ мацней.

- Як ты сказаў? Паўтары, паўтары, калі ласка, - пацікавілася Алеся.

Я паўтарыў яшчэ раз гэтае выслоўе, хоць і не ведаў, каму яно належыць. Алеся задумалася, і я ўбачыў па руху яе губ, што яна паўтарае мае словы.

Я зблізку ўглядаўся ў яе бледны, закінуты назад твар, у яе вялікія чорныя вочы, і раптам цьмянае прадчуванне блізкай бяды нечаканым холадам запаўзло ў маю душу.

 

XI

 

Амаль цэлы месяц працягвалася наіўная, чароўная казка нашага кахання, і да гэтае пары разам з цудоўным Алесіным абліччам жывуць у маёй душы гэтыя яркія вячэрнія зоры, гэтыя росныя, поўныя мядовага і ландышавага паху раніцы з іх бадзёрай свежасцю і звонкім птушыным гоманам, гэтыя цёплыя, млявыя, лянівыя чэрвеньскія дні... Ні разу ні смутак, ні стомленасць, ні адвечная цяга да вандроўнага жыцця не варухнуліся за гэты час у маім сэрцы. Я, як паганскі бог або як маладая, дужая жывёла, захапляўся святлом, цяплом, усвядомленай радасцю жыцця і спакойным, здаровым, пачуццёвым каханнем.

Старая Мануйліха пасля таго, як я ачуняў, зрабілася такая буркатлівая, і з такой адкрытай злосцю сустракала мяне, і, пакуль я сядзеў у хаце, з такой лютасцю перастаўляла гаршкі ў печы, што мы з Алесяй вырашылі сыходзіцца кожны вечар у лесе... І велічная зялёная краса бору, як каштоўная аправа, упрыгожвала наша супакойнае каханне.

Кожны дзень я з усё большым здзіўленнем знаходзіў, што Алеся, нягледзячы на тое, што яна вырасла сярод лесу і не ўмела нават чытаць, вельмі часта праяўляла чулую далікатнасць і асаблівую, прыродную тактоўнасць. У каханні - у простым, грубым яго сэнсе - заўсёды ёсць нешта такое, што прыносіць пакуту і сорам нервовым, чуллівым натурам. Аднак Алеся ўмела пазбягаць гэтага з такой наіўнай чысцінёй, што ні разу ніводнае благое параўнанне, ніводзін цынічны момант не абразілі нашай сувязі.

Між тым набліжаўся час майго ад'езду. Уласна кажучы, усе мае службовыя абавязкі ў Перабродзе былі ўжо скончаны, і я наўмысна адцягваў тэрмін свайго вяртання ў горад. Я яшчэ ні слова не гаварыў пра гэта Алесі, баючыся нават уявіць сабе, як яна паставіцца да майго паведамлення аб тым, што мне неабходна ехаць. Наогул я быў у цяжкім становішчы. Прывычка мая пусціла дужа глыбокія карані. Бачыць штодзённа Алесю, чуць яе чароўны голас і звонкі смех, адчуваць пяшчотнае цяпло яе ласкі стала для мяне больш чым неабходнасцю. У рэдкія дні, калі непагадзь перашкаджала нам сустракацца, я адчуваў сябе як пазбаўлены чагосьці самага галоўнага, самага важнага ў маім жыцці. Усякі занятак здаваўся мне сумны, лішні, і ўся мая істота імкнулася ў лес, да цяпла, да святла, да мілага прывычнага Алесінага твару.

Думка ажаніцца з Алесяй усё часцей прыходзіла мне ў галаву. Спачатку яна толькі зрэдку ўяўлялася мне як мажлівы, на крайні выпадак, сумленны зыход у нашых адносінах. Адно толькі палохала і стрымлівала мяне: я не мог нават уявіць сабе, якая будзе Алеся, калі яна надзене модную сукенку, пачне размаўляць у гасцінай з жонкамі маіх таварышаў па службе; я не ведаў, апрача таго, як яна будзе адчуваць сябе, вырваная з гэтай чароўнай рамкі старога лесу, поўнага легенд і таямнічых сіл.

Але чым бліжэй падыходзіў час майго ад'езду, тым усё большы страх адзіноты і ўсё большы смутак авалодвалі мною. Рашэнне ажаніцца з кожным днём мацнела ў маёй душы, і пад канец я перастаў ужо бачыць у гэтым дзёрзкі выклік грамадству. «Жэняцца ж добрыя і вучоныя людзі на швачках, на пакаёўках, - суцяшаў я сябе, - і жывуць як мае быць, і да канца дзён сваіх дзякуюць лёсу, які памог ім прыняць гэтае рашэнне. Не буду ж я, на самай справе, больш няшчасны за іншых?»

Аднойчы ў сярэдзіне чэрвеня, пад вечар, я, як звычайна, чакаў Алесю на паваротцы вузкай лясной сцежкі паміж кустамі ўсыпанай квеценню свідзіны. Я яшчэ здалёку пазнаў шум лёгкіх, шпаркіх Алесіных крокаў.

- Добры дзень, мой любы, - сказала Алеся, абдымаючы мяне і цяжка дыхаючы... - Доўга, напэўна, чакаў? Я ледзьве вырвалася... Усё з бабкаю ваявала.

- Да гэтага часу не ўціхамірылася?

- Дзе там! «Ты, кажа, загінеш праз яго... Нацешыцца ён табой уволю ды і кіне. Не кахае ён цябе зусім...»

- Гэта яна пра мяне так?

- Пра цябе, любы... Усё роўна ж я ніводнаму яе слову не даю веры.

- А яна пра ўсё ведае?

- Пэўна не скажу... але, здаецца, ведае. Я з ёю, між іншым, пра гэта нічога не гавару - сама здагадваецца. Ну, ды што пра гэта думаць...

Яна сарвала галінку свідзіны з пышным гняздом кветак і ўваткнула сабе ў валасы. Мы павольна пайшлі па сцежцы, якая ледзь-ледзь ружавела на вячэрнім сонцы.

Я яшчэ мінулай ноччу канчаткова вырашыў пра ўсё расказаць Алесі. Але дзіўная боязь ахапіла мяне. Я думаў - калі скажу Алесі пра мой ад'езд і пра жаніцьбу, дык ці паверыць яна мне? Ці не здасца ёй, што я сваёю прапановаю толькі змяншаю, змякчаю першы боль нанесенай раны? «Вось як дойдзем да таго клёна з абадраным ствалом, дык адразу і пачну», - загадаў я сам сабе ў думках. Мы падыходзілі да клёна, і я, бляднеючы ад хвалявання, пераводзіў ужо дыханне, каб пачаць гаворку, але раптоўна мая смеласць прападала, саступаючы месца нервоваму, хваравітаму біццю сэрца і холаду ў роце. «Дваццаць сем - мой феральны лік, - думаў я праз некалькі хвілін, - далічу да дваццаці сямі, і тады!..» І я пачынаў лічыць у думках, але калі даходзіў да дваццаці сямі, дык адчуваў, што рашучасці ў мяне не хапае. «Не, - казаў я сабе, - лепш ужо буду лічыць далей, да шасцідзесяці - гэта якраз будзе цэлая хвіліна - і тады абавязкова, абавязкова...»

- Што гэта з табою сёння? - спытала раптам Алеся. - Ты думаеш пра нешта непрыемнае. Што з табою здарылася?

Тады я пачаў гавярыць, але загаварыў нейкім непрыемным мне самому тонам, з фальшывай, штучнай абыякавасцю, быццам справа ішла пра самую дробязную рэч.

- Сапраўды, ёсць маленькая непрыемнасць... Ты адгадала, Алеся... Справа ў тым, што мая служба тут ужо скончана і начальства выклікае мяне ў горад.

Мелькам, збоку я зірнуў на Алесю і ўбачыў, як прапала чырвань з яе твару і як задрыжалі ў яе губы. Але яна не адказала мне ні словам. Колькі хвілін я моўчкі ішоў з ёю ўпоплеч. У траве цвіркаталі конікі, і аднекуль здалёку далятаў аднастайны напружаны крык драча.

- Ты, вядома, і сама разумееш, Алеся, - зноў пачаў я, - што мне тут аставацца няёмка і няма дзе, ды, нарэшце, і службаю грэбаваць нельга...

- Не... што ж... тут і гаварыць няма чаго, - адгукнулася Алеся, як быццам спакойна, але такім глухім, нежывым голасам, што мне зрабілася не па сабе. - Калі служба, дык, вядома... трэба ехаць...

Яна прыпынілася каля дрэва і стала спіною да ствала, уся бледная, з апушчанымі ў знямозе рукамі, з пакутлівай усмешкай на вуснах. Яе бледнасць напалохала мяне. Я кінуўся да яе і моцна сціснуў яе рукі.

- Алеся... што з табою? Алеся... любая!..

- Нічога... прабачце мне... гэта пройдзе. Так... галава закруцілася.

Яна сабралася з сіламі і пайшла наперад, не забіраючы ад мяне сваёй рукі.

- Алеся, ты цяпер пра мяне блага падумала, - сказаў я з папрокам. - Сорамна табе! Няўжо і ты думаеш, што я магу паехаць, пакінуўшы цябе? Не, мая любая. Я таму і пачаў гэтую гаворку, што хачу сёння ж пайсці да тваёй бабкі і сказаць ёй, што ты будзеш маёй жонкай.

Зусім нечакана для мяне, Алесю амаль не здзівілі мае словы.

- Тваёю жонкаю? - Яна павольна і сумна паківала галавой. - Не, Ванечка, любы, гэта немагчыма!

- Чаму ж, Алеся? Чаму?

- Не... не... Ты і сам разумееш, што пра гэта смешна і думаць. Ну якая я табе жонка? Ты - пан, ты разумны, адукаваны, а я? Я і чытаць не ўмею, і куды ступіць, не ведаю... Ты аднаго сораму праз мяне не абярэшся...

- Усё гэта глупства, Алеся! - запярэчыў я горача. - Ты праз паўгода сябе не пазнаеш. Ты не падазраеш нават, колькі ў табе прыроднага розуму і назіральнасці. Мы з табою разам прачытаем шмат добрых кніжак, пазнаёмімся з добрымі, разумнымі людзьмі, мы з табою ўвесь шырокі свет убачым, Алеся... Мы да старасці, да самай смерці будзем ісці поруч, вось як цяпер ідзём, і не саромецца, а ганарыцца я буду і дзякаваць табе!..

На маю палкую прамову Алеся адказвала мне ўдзячным поціскам рукі, але па-ранейшаму стаяла на сваім.

- Ды хіба гэта адно?.. Можа, ты яшчэ не ведаеш?.. Я ніколі не гаварыла табе... У мяне бацькі няма... Я незаконная...

- Перастань, Алеся... Гэта менш за ўсё мяне цікавіць. Што мне да тваёй радні, калі ты сама для мяне даражэй за бацьку і маці, даражэй за ўвесь свет? Не, усё гэта дробязі, усё гэта пустыя адгаворкі...

Алеся з ціхай пакорлівай ласкай прытулілася плячом да майго пляча.

- Галубок... Лепш бы ты зусім пра гэта не пачынаў размовы... Ты малады, вольны... Няўжо ў мяне хапіла б духу звязаць цябе па руках і па нагах на ўсё жыццё... Ну, а калі табе потым другая спадабаецца? Ты ж мяне тады ўзненавідзіш, праклянеш той дзень і гадзіну, калі я згадзілася пайсці за цябе. Не злуйся, мой дарагі! - умольна ўсклікнула яна, убачыўшы, што мне непрыемны гэтыя словы. - Я не хачу цябе пакрыўдзіць. Я толькі аб тваім шчасці думаю. Урэшце, ты забыў пра бабку. Ну, памяркуй сам, хіба добра будзе з майго боку яе адну пакінуць?

- Што ж... і для бабкі ў нас месца знойдзецца. - Шчыра кажучы, думка пра бабку мяне моцна скаланула. - А не захоча яна ў нас жыць, дык ва ўсякім горадзе ёсць такія дамы... яны называюцца багадзельнямі... дзе такім бабкам даюць спачынак і догляд уважлівы...

- Не, што ты! Яна з лесу нікуды не пойдзе. Яна людзей баіцца.

- Ну, дык ты ўжо сама думай, Алеся, як лепей. Табе прыйдзецца выбіраць паміж мной і бабкай. Але толькі знай адно - што без цябе мне і жыццё будзе агіднае.

- Сонейка маё! - з глыбокаю пяшчотаю вымавіла Алеся. - Ужо за адны твае словы дзякуй табе... Адагрэў ты маё сэрца... Але ўсё-такі замуж за цябе не пайду... Лепш ужо я так пайду за табою, калі не прагоніш... Толькі не спяшайся, калі ласка, не прыспешвай мяне. Дай мне дзянькі два, я ўсё гэта як мае быць абдумаю... І з бабкай таксама трэба пагаварыць.

- Паслухай, Алеся, - спытаў я, узрадаваны новай здагадкай. - А можа, ты зноў... царквы баішся?

Бадай, з гэтага пытання і трэба было пачынаць. Амаль штодзённа спрачаўся я з Алесяй, стараючыся пераканаць яе, што над яе родам не вісіць ніякае ўяўнае пракляцце разам з чарадзейнымі сіламі. Па сутнасці, у кожным расейскім інтэлігенце сядзіць крышку асветніка. Гэта ў нас у крыві, гэта дала нам расейская белетрыстыка апошніх дзесяцігоддзяў. Адкуль ведаць? - калі б Алеся глыбока верыла, строга прытрымлівалася пастоў і не прапускала ніводнай царкоўнай службы - вельмі нават магчыма, што тады я стаў бы іранізаваць (але толькі злёгку, бо я заўсёды быў набожны) з яе рэлігійнасці і развіваць у яе крытычную дапытлівасць розуму. Але яна з цвёрдай і наіўнай перакананасцю верыла ў сваю сувязь з цёмнымі сіламі і сваю адчужанасць ад бога, пра якога яна нават баялася гаварыць.

Марна я стараўся пахіснуць Алесіну забабоннасць. Усе мае лагічныя довады, усе мае, іншы раз, грубыя і злыя насмешкі разбіваліся аб яе пакорлівую веру ў сваё таямнічае фатальнае прызванне.

- Ты баішся царквы, Алеся? - паўтарыў я.

Яна моўчкі схіліла галаву.

- Ты думаеш, што бог не прыме цябе? - дапытваўся я з гарачнасцю. - Хіба ў яго не хопіць для цябе міласэрнасці? У таго, хто, верхаводзячы мільёнамі анёлаў, сышоў, аднак, на зямлю і прыняў жахлівую, ганебную смерць дзеля выратавання ўсіх людзей? У таго, хто не пагрэбаваў раскаяннем самай апошняй жанчыны і абяцаў разбойніку-забойцу, што ён сёння ж будзе з ім у раі?..

Усё гэта было ўжо не новае ў маім тлумачэнні, але на гэты раз Алеся і слухаць мяне не стала. Яна хуткім рухам сарвала з сябе хустку і, скамячыўшы яе, кінула мне ў твар. Пачалася тузанка. Я стараўся адабраць у яе кветку свідзіны. Супраціўляючыся, яна ўпала на зямлю і пацягнула мяне за сабою, радасна смеючыся і падстаўляючы мне свае, раскрытыя частым дыханнем, вільготныя мілыя губы...

Позна ўночы, калі мы развіталіся і ўжо разышліся на досыць вялікую адлегласць, я раптам пачуў за сабою голас Алесі:

- Ванечка! Пачакай хвілінку... Я табе нешта скажу!

Я павярнуўся і пайшоў ёй насустрач. Алеся хуценька падбегла да мяне. На небе ўжо стаяў тонкі сярэбраны шчарбаты серп маладзіка, і пры яго бледным святле я ўбачыў, што вочы ў Алесі паўнюткі буйных нявылітых слёз.

- Алеся, аб чым ты? - спытаў я трывожна.

Яна схапіла мае рукі і пачала іх цалаваць.

- Любы мой... які ты харошы! Які ты добры! - гаварыла яна дрыготкім голасам. - Я зараз ішла і падумала: як ты мяне моцна кахаеш!.. І, ведаеш, мне страшэнна хочацца зрабіць табе што-небудзь вельмі-вельмі прыемнае.

- Алеся... Дарагая мая, супакойся...

- Паслухай, скажы мне, - гаварыла яна далей, - ты б вельмі быў здаволены, каб я калі-небудзь пайшла ў царкву? Толькі праўду, шчырую праўду скажы.

Я задумаўся. У мяне раптам мільганула ў галаве прымхлівая думка: а ці не здарыцца праз гэта якое-небудзь няшчасце?

- Чаго ты маўчыш? Ну, гавары хутчэй, быў бы ты гэтаму рады ці табе ўсё роўна?

- Як табе сказаць, Алеся? - пачаў я сумеўшыся. - Так, мусіць, мне гэта было б прыемна. Я ж шмат разоў казаў табе, што мужчына можа не верыць, сумнявацца, нават смяяцца ўрэшце. Але жанчына... жанчына павінна быць набожная без разважанняў. У той простай і пяшчотнай даверлівасці, з якой яна аддае сябе пад ахову бога, я заўсёды адчуваю штосьці зварушлівае, жаноцкае і цудоўнае.

Я змоўк. Алеся таксама маўчала, прытуліўшыся галавою да маіх грудзей.

- А чаму ты спытала ў мяне пра гэта? - пацікавіўся я.

Яна раптам схамянулася.

- Так сабе... Проста спытала... Ты не звяртай увагі. Ну, да пабачэння, любы. Прыходзь жа заўтра.

Яна пайшла. Я яшчэ доўга глядзеў у цемру, прыслухоўваючыся да частых, ціхіх крокаў. Раптам нечаканы жах прадчування ахапіў мяне. Мне страшэнна захацелася пабегчы ўслед за Алесяй, дагнаць яе і прасіць, нават патрабаваць, каб яна не ішла ў царкву. Але я стрымаў сваё раптоўнае парыванне і нават - памятаю - ідучы дадому, сказаў уголас:

- Здаецца, вас саміх, дарагі мой Ванечка, апанавалі забабоны.

О, божа мой! Чаму я не паслухаўся тады свайго сэрца, якое - я цяпер цвёрда перакананы ў гэтым! - ніколі не памыляецца ў сваіх хуткіх тайных прадчуваннях.

 

XII

 

На другі дзень пасля спаткання было якраз свята тройцы, якое прыпала сёлета на дзень велікамучаніка Цімафея, калі, паводле народных паданняў, бываюць знакі перад бясхлебіцай. Сяло Пераброд у царкоўных адносінах лічылася за прыпісное, гэта значыць - у ім хоць і стаяла царква, але асобнага святара пры ёй не было, а зрэдку прыязджаў, пастом і па вялікіх святах, святар з сяла Воўчага.

Мне ў гэты дзень неабходна было з'ездзіць па службовых справах у суседняе мястэчка, і я падаўся туды гадзіне а восьмай уранні, яшчэ па халадку, верхам. Для раз'ездаў я даўно ўжо прыдбаў сабе невялічкага жарэбчыка гадоў шасці-сямі, з мясцовай несамавітай пароды, вельмі старанна, з любоўю выпешчанага ранейшым гаспадаром, павятовым каморнікам. Каня звалі Таранчык. Я моцна прывык да гэтай мілай жывёліны з дужымі, тоненькімі, стройнымі ножкамі, з калматай грыўкай, з-пад якой злосна і недаверліва пазіралі агністыя вочкі, з моцнымі, энергічна сцятымі зубамі. Масці ён быў даволі рэдкай і смешнай: увесь сівы, мышасты, і толькі па крыжы ў яго ішлі пярэстыя, белыя і чорныя плямы.

Мне прыйшлося праязджаць праз усё сяло. Вялікая зялёная плошча, якая ішла ад царквы да шынка, была ўсцяж занята доўгімі радамі калёс, на якіх з жонкамі і дзецьмі прыехалі на свята сяляне навакольных вёсак: Валошы, Зульні і Пачалоўкі. Паміж калёсамі сноўдалі людзі. Нягледзячы на ранні час і строгія пастановы, паміж імі ўжо заўважаліся п'яныя (гарэлкай па святах і ў начны час гандляваў паціху былы шынкар Сруль). Раніца была ціхая, душная. У паветры парыла, і дзень абяцаў быць нясцерпна гарачым. На распаленым і нібыта зацягнутым серабрыстым пылам небе не было відаць ніводнага воблачка.

Зрабіўшы ўсё, што мне трэба было ў мястэчку, я ў заезджым доме хуценька перакусіў фаршыраваным жыдоўскім шчупаком, запіў яго вельмі дрэнным, мутным півам і падаўся дахаты. Але, праязджаючы паўз кузню, я ўспомніў, што ў Таранчыка даўно хляпае падкова на левай пярэдняй, і спыніўся, каб перакаваць каня. Гэта заняло ў мяне яшчэ гадзіны паўтары часу, так што, калі я пад'язджаў да перабродскай ваколіцы, было ўжо недзе паміж чатырма і пяццю гадзінамі папаўдні.

Уся плошча аж кішэла п'яным, гаманкім народам. Агароджу і ганак шынка запоўнілі, штурхаючы і давячы адзін аднаго, пакупнікі; перабродскія сяляне перамешваліся з прыезджымі, рассеўшыся на траве, у ценю вазоў. Усюды відаць былі закінутыя назад галовы і ўзнятыя ўгору пляшкі. Цвярозых ужо не было ніводнага чалавека. Агульнае ап'яненне дайшло да той мяжы, калі мужык пачынае бурна пахваляцца сваёй хмельнасцю, калі ўсе рухі яго набываюць расслабленую і грузную размашыстасць, калі замест таго, напрыклад, каб сцвярджальна кіўнуць галавой, ён асядае долу ўсім тулавам, згінае калені і, раптам страціўшы ўстойлівасць, бездапаможна пнецца назад. Дзеці круціліся і крычалі тут жа, пад нагамі ў коней, якія спакойна жавалі сена. У другім месцы баба, сама ледзьве трымаючыся на нагах, з плачам і лаянкай цягнула за рукаў дахаты зусім п'янага мужа... У ценю плота густая купка, чалавек з дваццаць мужыкоў і баб, шчыльна абсела сляпога лірніка; яго гугнявы тэнар, які прыглушаў звонкія гукі інструмента, рэзка вылучаўся ў суцэльным гудзе натоўпу. Яшчэ здаля пачуў я знаёмыя словы «думкі»:

 

          Ой зішла зоря, тай вечірняя,

          Над Почаівом стала.

          Ой вишло війско турецьке,

          Як та чорная хмара...

 

Далей у гэтай думцы расказваецца пра тое, як туркі, не адолеўшы Пачаеўскай лаўры штурмам, вырашылі ўзяць яе хітрасцю. З гэтай мэтай яны паслалі, нібыта ў падарунак манастыру, вялізную свечку, начыненую порахам. Прывезлі гэтую свечку на дванаццаці парах валоў, і ўзрадаваныя манахі ўжо хацелі запаліць яе перад абразом Пачаеўскай божай маці, але бог не дапусціў, каб здзейсніўся зладзейскі намысел.

 

          А приснилося старшому чтецю:

          Тіі свічі не брати,

          Вивезти іі в чисте поле,

          Сокирами порубати.

 

І вось манахі

 

          Вывезли іі в чисте поле,

          Стали іі рубати,

          Кулі і патрони на всі сторони

          Стали - геть! - розкідати...

 

Нясцерпна гарачае паветра, здавалася, усё насычана агідным змешаным пахам перагару, цыбулі, аўчынных кажухоў, моцнага самасаду-бакуну і выпарэнняў брудных чалавечых целаў. Прабіраючыся асцярожна паміж людзьмі і ледзь стрымліваючы неспакойнага ад заедзі Таранчыка, я не мог не прыкмеціць, што з усіх бакоў мяне праводзілі нахабныя, цікаўныя і варожыя позіркі. Ні адзін чалавек не зняў шапкі, але гоман як быццам сціх ад майго паяўлення. Раптам дзесьці ў самай сярэдзіне натоўпу прагучаў п'яны, хрыпаты выкрык, які я, аднак, добра не разабраў, але ў адказ на яго пачуўся стрыманы рогат. Нейкі жаночы голас пачаў спалохана сунімаць гарлапана:

- Цішэй ты, дурань... Чаго крычыш! Пачуе...

- А што мне з таго? - драў горла мужык. - Што ён мне, начальства, ці што? Ён толькі ў лесе са сваёй...

 

Агідная, доўгая, жахлівая лаянка павісла ў паветры разам з выбухам шалёнага рогату. Я хутка павярнуў назад каня і сутаргава сціснуў пугаўё, ахоплены той безразважнай лютасцю, якая нічога не бачыць, ні пра што не думае і нічога не баіцца. І раптам дзіўная, хваравітая, самотная думка мільганула ў мяне ў галаве: «Усё гэта ўжо было калісьці, шмат гадоў таму назад, у маім жыцці. Гэтак жа горача смаліла сонца... гэтак жа была заліта шумным узбуджаным людам вялізная плошча... Гэтак жа павярнуўся я назад у прыпадку дзікага гневу... Але дзе гэта было? Калі? Калі?..» Я апусціў нагайку і галопам паляцеў дамоў...

Ярмола не спяшаючыся выйшаў з кухні, узяў у мяне каня і сказаў груба:

- Там, паныч, у вас у пакоі сядзіць з Марынаўскай эканоміі прыказчык.

Мне здалося, што ён хоча яшчэ нешта дадаць, вельмі важнае для мяне і непрыемнае, мне здалося нават, што на твары ў яго мільганула злая насмешка. Я знарок затрымаўся ля дзвярэй і з выклікам азірнуўся на Ярмолу. Але ён ужо, не зважаючы на мяне, торгаў за аброць каня, які выцягваў наперад шыю і асцярожна пераступаў нагамі.

У маім пакоі я застаў канторшчыка з суседняга маёнтка - Мікіту Назаравіча Мішчанку. Ён быў у шэрым пінжачку з вялізнымі рыжымі клеткамі, у вузкіх штанах васільковага колеру і ў вогненна-чырвоным гальштуку, з прыгладжаным праборам пасярэдзіне галавы, увесь надушаны персідскім бэзам. Убачыўшы мяне, ён усхапіўся з крэсла і пачаў вітацца, не кланяючыся, а неяк згінаючыся ў поясе, з усмешкаю, якая агаляла бледныя дзёсны абедзвюх сківіц.

- Маю гонар кланяцца, - ветліва залапатаў Мікіта Назаравіч. - Вельмі прыемна бачыць вас... А я ўжо тут чакаю ад самай абедні. Даўно я вас бачыў, нават засумаваў. Што гэта вы да нас ніколі не наведаецеся? Нашы сцяпанскія паненкі нават смяюцца з вас.

І раптам, падхоплены нечаканым успамінам, ён пачаў рагатаць на ўсю сілу.

- Вось я вам скажу, пацеха была сёння! - усклікнуў ён, давячыся і пырскаючы. - Ха-ха-ха-ха... Ажно сілы не ставала смяяцца!..

- Што здарылася? Што за пацеха? - груба спытаў я, не хаваючы свайго раздражнення.

- Пасля абедні скандал тут быў, - гаварыў далей Мікіта Назаравіч, перарываючы сваю гаворку залпамі рогату. - Перабродскія дзяўчаты... Не, далібог, не вытрымаю!.. Перабродскія дзяўчаты злавілі на плошчы ведзьму... Гэта значыць, вядома, яны яе ведзьмай завуць, са сваёй мужыцкай неадукаванасці... Ну, і далі ж яны ёй дыхту!.. Хацелі дзёгцем выпацкаць, ды яна выкруцілася неяк, уцякла...

Страшэнная здагадка бліснула ў мяне ў галаве. Я кінуўся да канторшчыка і, не памятаючы сябе ад хвалявання, моцна ўчапіўся рукою ў яго плячо.

- Што вы гаворыце! - закрычаў я ў шаленстве. - Ды перастаньце смяяцца, ліха на вас! Якую ведзьму вы маеце на ўвазе?

Ён раптам адразу перастаў смяяцца і вылупіў на мяне круглыя, спалоханыя вочы.

- Я... я... сапраўды, не ведаю, - разгублена залапатаў ён. - Здаецца, нейкая Самуйліха... Мануйліха... або... Дазвольце... Дачка нейкай Мануйліхі?.. Тут штосьці такое гаварылі мужыкі, але я, прызнацца, забыў.

Я прымусіў яго расказаць мне па парадку ўсё, што ён бачыў і чуў. Ён гаварыў нейкую бязглуздзіцу, блытаючыся ў падрабязнасцях, і я кожную хвіліну перабіваў яго нецярплівымі пытаннямі і выкрыкамі, амаль лаянкай. З таго, што ён расказаў, я зразумеў вельмі мала і толькі месяцы праз два аднавіў усю паслядоўнасць гэтага праклятага здарэння са слоў яго сведкі, жонкі казённага ляснічага, якая ў той дзень таксама была на абедні.

Маё прадчуванне не ашукала мяне. Алеся пераадолела сваю боязь і прыйшла ў царкву; хоць яна спазнілася і стала ў царкве пры дзвярах, яе прыход быў адразу ж заўважаны ўсімі сялянамі, якія былі ў царкве. Усю службу жанчыны перашэптваліся і азіраліся назад.

Аднак Алеся знайшла ў сабе дастаткова сілы, каб дабыць да канца абедні. Мабыць, яна не зразумела сапраўднага значэння гэтых варожых позіркаў, мабыць, з гонару пагарджала імі. Але калі яна выйшла з царквы, дык ля самай агароджы яе з усіх бакоў абступіла купка баб, якая з хвіліны на хвіліну ўсё павялічвалася і ўсё шчыльней падступала да Алесі. Спачатку яны толькі моўчкі і нахабна разглядалі бездапаможную дзяўчыну, якая палахліва азіралася на бакі. Пасля паляцелі грубыя насмешкі, моцныя слоўцы, лаянка, пасля паасобныя словы зліліся ў адзіны прарэзлівы бабскі крык, у якім нічога нельга было разабраць і які яшчэ больш распальваў нервы ўзбуджанага натоўпу. Некалькі разоў Алеся старалася прабіцца праз гэтае жывое страшнае кола, але яе адразу ж адкідалі зноў на сярэдзіну. Раптам вісклявы старэчы голас закрычаў аднекуль ззаду: «Дзёгцем яе, сцерву, дзёгцем!» (Вядома, што ў Маларасіі пэцканне дзёгцем нават варотаў той хаты, дзе жыве дзяўчына, звязана для яе з найвялікшай, нязмыўнай ганьбай.) Амаль у тую ж хвіліну над галовамі ашалелых баб паявілася мазніца з дзёгцем і пэндзлем, якую перадавалі з рук у рукі.

Тады Алеся, у прыпадку гневу, жаху і адчаю, кінулася на першую ж сваю мучыцельку так імкліва, што збіла яе з ног. Адразу ж на зямлі закіпела калатнеча, і дзесяткі целаў змяшаліся ў адну агульную крыклівую масу. Аднак Алесі проста нейкім цудам удалося выслізнуць з гэтага клубка, і яна з усіх ног пабегла па дарозе - без хусткі, у падранай адзежыне, з-пад якой у шмат якіх месцах было відаць голае цела. Услед за ёю з лаянкай, рогатам і цюгаканнем паляцела каменне. Аднак пагналася за ёю толькі некалькі чалавек, ды і тыя адразу адсталі... Адбегшы крокаў на пяцьдзесят, Алеся спынілася, павярнула да ачмурэлага натоўпу свой бледны, падрапаны, акрываўлены твар і крыкнула так зычна, што кожнае яе слова было чутно на плошчы:

- Ну, глядзіце ж!.. Вы яшчэ ў мяне ўспомніце гэта! Вы яшчэ ўсе паплачаце ўволю!

Гэтая пагроза, як мне потым перадавала тая ж самая сведка, была сказана з такой страшэннай нянавісцю, такім рашучым, прароцкім тонам, што на імгненне ўвесь натоўп як быццам скамянеў, але толькі на імгненне, бо адразу грымнуў новы выбух лаянкі.

Паўтараю, пра многія падрабязнасці гэтага здарэння я даведаўся значна пазней. У мяне не хапіла сілы і цярплівасці даслухаць да канца тое, што расказваў Мішчанка. Я раптам успомніў, што Ярмола, мусіць, не паспеў яшчэ рассядлаць каня, і, не сказаўшы збянтэжанаму канторшчыку ні слова, шпарка выбег на вуліцу. Ярмола сапраўды яшчэ вадзіў Таранчыка ўздоўж плота. Я хутка закілзаў каня, зацягнуў папругі і аб'ездам, каб зноў не прабірацца праз п'яны натоўп, паскакаў у лес.

 

XIII

 

Немагчыма апісаць таго стану, у якім я быў праз увесь час маёй дзікай скачкі. Хвілінамі я зусім забываў, куды і чаго еду; аставалася толькі цьмянае ўсведамленне, што адбылося штосьці непапраўнае, жахлівае і недарэчнае, - усведамленне, падобнае да цяжкай беспрычыннай трывогі, якая апаноўвае часам у ліхаманкавай немарасці чалавека. І ў той жа час - як гэта дзіўна! - у мяне ў галаве не пераставаў дрыжаць у такт з конскім: тупатам гугнявы, разбіты голас сляпога лірніка:

 

          Ой вишло війско турецьке,

          Як та чорна хмара...

 

Дабраўшыся да вузкай сцежкі, што вяла проста да Мануйлішынай хаты, я злез з Таранчыка, на якім па краях потніка і ў тых месцах, дзе яго скура дакраналася да збруі, белымі камякамі выступіла густая пена, і павёў яго на повадзе. Ад дзённай спёкі і шпаркай язды кроў шумела ў мяне ў галаве, нібы яе напампоўвалі нейкай вялізнай помпай.

Прывязаўшы каня да паркана, я зайшоў у хату. Спачатку мне здалося, што Алесі няма дома, і ў мяне нават у грудзях і ў роце пахаладзела ад страху, але праз хвіліну я ўбачыў, што яна ляжыць на пасцелі, тварам да сцяны, схаваўшы ў падушкі галаву. Яна нават не павярнулася на скрып дзвярэй.

Мануйліха, якая сядзела тут жа побач, на зямлі, цяжка паднялася на ногі і замахала на мяне рукамі.

- Цішэй! Не шумі ты, пракляты, - з пагрозаю зашаптала яна, падыходзячы да мяне. І, зірнуўшы мне проста ў вочы сваімі выцвілымі, халоднымі вачамі, яна прасіпела злосна: - Што? Дагуляўся, галубок?

- Паслухай, бабка, - запярэчыў я сурова, - цяпер не час спрачацца. Што з Алесяй?

- Цсс... цішэй! Непрытомная ляжыць Алеся, вось што з Алесяй... Каб ты не лез, куды табе не трэба, ды не гаварыў бы рознага глупства дзяўчыне, нічога благога не здарылася б. І я вось, дурніца старая, глядзела, патурала... А сэрца ж маё чула бяду... Чула яно нядобрае з таго самага дня, калі ты ледзь не сілаю да нас у хату ўварваўся. Што? Скажаш, не ты гэта яе падбухторыў у царкву пацягнуцца? - раптам са скрыўленым ад нянавісці тварам накінулася на мяне старая. - Не ты, паніч пракляты? Ды не хлусі - не круці лісіным хвастом, бессаромны ты! Навошта табе спатрэбілася яе ў царкву цягнуць?

- Не цягнуў я яе, бабка... Даю табе слова. Сама яна захацела.

- Ах ты, гора, гора маё! - пляснула рукамі Мануйліха. - Прыбегла адтуль - твару на ёй няма, уся кашуля на шматкі паразадрана... Проставалосая... Расказвае, як што было, а сама - то рагоча, то плача... Ну, проста вось як клікуша якая... Лягла ў пасцель... усё плакала, а потым, гляджу, як быццам бы і заснула. Я, дурніца старая, была ўзрадавалася: вось, думаю, усё пройдзе сном, перакінецца. Гляджу, рука ў яе долу звесілася - думаю: трэба паправіць, бо здранцвець можа. Кранула я яе, галубку, за руку, а яна ўся так і палае агнём. Значыць, гарачка ў яе пачалася... З гадзіну безупынна гаварыла, хутка, ды так жаласліва... Вось толькі-толькі сціхла на хвілінку. Што ты нарабіў? Што ты зрабіў з ёю? - з новым адчаем усклікнула старая.

І раптам увесь яе карычневы твар састроіў агідную грымасу плачу: губы расцягнуліся і апусціліся па кутках уніз, усе мускулы на твары напружана задрыжалі, бровы ўзняліся ўверх, зморшчыўшы лоб шырокімі складкамі, а з вачэй часта-часта пасыпаліся буйныя, як гарошыны, слёзы. Абхапіўшы рукамі галаву і паклаўшы локці на стол, яна пачала хістацца ўзад і ўперад усім целам і зарыдала напаўголаса: - Дачушка мая-а-а! Унучачка даражэнькая-а-а!.. Ох, го-о-орка мне, мло-о-осна!..

- Ды не стагні ты, старая! - груба перапыніў я Мануйліху. - Разбудзіш!

Старая сціхла, але ўсё з той жа страшнай грымасай на твары працягвала ківацца ўзад і ўперад, між тым як буйныя слёзы падалі на стол... Так прайшло хвілін з дзесяць. Я сядзеў побач з Мануйліхай і з сумам слухаў, як аднастайна гула і білася аб аконную шыбу муха.

- Бабка! - пачуўся раптам слабы, ледзь чутны голас Алесі. - Бабка, хто ў нас?

Мануйліха хуценька паклыпала да ложка і адразу ж зноў зарыдала:

- Ох, унучачка мая, ро-одная-а-а! Ох, горка мне, ста-а-арой, млосна мне-е-е-е...

- Ах, бабка, ды перастань ты! - з жальбаю і засмучэннем у голасе сказала Алеся. - Хто ў нас у хаце сядзіць?

Я асцярожна, на пальчыках, падышоў да ложка з тым няёмкім, вінаватым усведамленнем свайго здароўя і сваёй грубасці, якія заўсёды адчуваеш каля хворага.

- Гэта я, Алеся, - сказаў я, сцішыўшы голас. - Я толькі што прыехаў верхам з вёскі... А ўсю раніцу я ў горадзе быў... Табе дрэнна, Алеся?

Яна, не падымаючы твару ад падушак, працягнула назад голую руку, нібы шукаючы нешта ў паветры. Я зразумеў гэты рух і ўзяў яе гарачую руку ў свае рукі. Дзве вялізныя сінія плямы - адна над кісцю, а другая крыху вышэй локця - рэзка вылучаліся на белай, далікатнай скуры.

- Галубок мой, - загаварыла Алеся, марудна, з цяжкасцю аддзяляючы адно слова ад другога. - Хочацца мне... на цябе паглядзець... ды не магу я... Усю мяне... знявечылі... Памятаеш... табе... мой твар так падабаўся?.. Праўда, падабаўся, мой любы?.. І мне заўсёды было так радасна ад гэтага... А цяпер табе гідка будзе... глядзець на мяне... Ну, вось... я... і не хачу...

- Алеся, прабач мне, - шапнуў я, нахіляючыся да самага яе вуха.

Яе гарачая рука моцна і доўга сціскала маю.

- Ды чаго ты!.. Што ты, любы мой?.. Як табе не сорамна і думаць пра гэта. Чым жа ты вінаваты тут? Усё я адна, дурная... Ну, чаго я палезла... сапраўды? Не, сонейка, ты сябе не вінаваць...

- Алеся, дазволь мне... Толькі абяцай спачатку, што дазволіш...

- Абяцаю, галубок... усё, што ты хочаш...

- Дазволь мне, калі ласка, паслаць па доктара... Прашу цябе! Ну, калі хочаш, ты можаш нічога не выконваць з таго, што ён загадае. Але ты хоць для мяне згадзіся, Алеся.

- Ох, любы... У якую ж ты мяне пастку злавіў? Не, ужо лепей ты дазволь мне свайго абяцання не стрымаць. Я, каб і на самай справе была хворая, на парозе смерці б ляжала, дык і то к сабе доктара не падпусціла б. А цяпер я хіба хворая? Гэта проста ў мяне ад перапуду так здарылася, гэта пройдзе к вечару. А не - дык бабка мне ландышавай настойкі дасць або маліны ў імбрыку запарыць. Навошта ж тут доктар? Ты - мой самы лепшы доктар. Вось ты прыйшоў, і мне адразу лепей стала... Ах, адно мне толькі нядобра: хачу паглядзець на цябе хоць адным вокам, ды баюся...

Я з пяшчотным намаганнем адняў яе галаву ад падушкі. Твар у Алесі гарэў ліхаманкавым румянцам, цёмныя вочы блішчалі незвычайна ярка, сухія губы нервова ўздрыгвалі. Доўгія чырвоныя драпіны спаласавалі яе лоб, шчокі і шыю. Цёмныя сінякі былі на лбе і пад вачамі.

- Не глядзі на мяне... Прашу цябе... Брыдкая я цяпер, - умольна шаптала Алеся, стараючыся сваёй далонню закрыць мне вочы.

Сэрца маё перапоўнілася жалем. Я прыпаў губамі да Алесінай рукі, якая нерухома ляжала на коўдры, і стаў пакрываць яе доўгімі, ціхімі пацалункамі. Я і раней часам цалаваў яе рукі, але яна заўсёды аднімала іх у мяне з таропкім, сарамяжлівым спалохам. Цяпер жа яна не працівілася гэтай ласцы і другой, вольнай рукой ціха гладзіла мяне па валасах.

- Ты ўсё ведаеш? - шэптам спытала яна.

Я моўчкі нахіліў галаву. Праўда, я не ўсё зразумеў з таго, што расказаў мне Мікіта Назаравіч. Мне не хацелася толькі, каб Алеся хвалявалася, прыгадваючы ранішняе здарэнне. Але калі я раптам падумаў пра абразу, якую яна перацярпела, на мяне адразу наляцела хваля нястрымнай лютасці.

- О! Чаму мяне там не было ў гэты час! - закрычаў я, выпрастаўшыся і сціскаючы кулакі. - Я... я...

- Ну, не трэба... не трэба... Не злуйся, галубок, - лагодна перапыніла мяне Алеся.

Я не мог больш стрымліваць слёз, якія ўжо даўно давілі мне горла і палілі вочы. Прытуліўшыся тварам да пляча Алесі, я бязгучна і горка зарыдаў, калоцячыся ўсім целам.

- Ты плачаш? Ты плачаш? - у голасе яе загучалі здзіўленне, пяшчота і спачуванне. - Любы мой... Ды не плач ты, перастань... Не муч сябе, галубок... Мне так добра каля цябе. Не будзем жа плакаць, пакуль мы разам. Давай хоць астатнія дні правядзём весела, каб нам не так пакутліва было расставацца.

Я са здзіўленнем узняў галаву. Няяснае прадчуванне раптам страшэнна сціснула маё сэрца.

- Астатнія дні, Алеся? Чаму - астатнія? Навошта ж нам расставацца?

Алеся заплюшчыла вочы і колькі хвілін маўчала.

- Нам трэба развітацца з табою, Ванечка, - загаварыла яна рашуча. - Вось як толькі крышку ачуняю, адразу ж мы з бабуляй і паедзем адсюль. Нельга нам аставацца тут болей...

- Ты баішся чаго-небудзь?

- Не, мой любы, нічога я не баюся, калі спатрэбіцца. Толькі навошта ж людзей у грэх уводзіць? Ты, магчыма, не ведаеш... Я там... у Перабродзе... пагразіла са злосці ды з сораму... А цяпер што якое здарыцца, дык адразу на нас скажуць; ці скаціна пачне гінуць, ці хата ў каго загарыцца - усё мы будзем вінаватыя. Бабуля, - звярнулася яна да Мануйліхі, павышаючы голас, - праўду я кажу?

- Што ты сказала, унучачка? Не пачула я нешта! - прашамкала старая, падыходзячы бліжэй і прыстаўляючы да вуха далонь.

- Я кажу, што цяпер, якая бяда ў Перабродзе ні здарылася б, усе на нас з табою пакажуць.

- Ох, праўда, праўда, Алеся, усе на нас, няшчасных, пакажуць. Не жыць нам на белым свеце, заб'юць нас з табою, зусім заб'юць, праклятыя... А тады, як мяне з сяла прагналі... Што?.. Хіба не гэтак жа было? Пагразіла я... таксама вось ад крыўды... адной дурной бабе, а ў яе - хоп, - малое памерла. Хоць я ні сном ні духам не была вінаватая, а мяне ледзь было не забілі, акаянныя... Камянямі сталі кідаць... Я бягу ад іх ды толькі цябе, малалетку, усё аберагаю... Ну, думаю, няхай ужо мне перападзе, а за што ж дзіця бязвіннае крыўдзіць?.. Адно слова - варвары, вісельнікі паганыя!

- Ды куды вы паедзеце? У вас жа нідзе ні сваякоў, ні знаёмых няма... Нарэшце, і грошы патрэбны, каб на новым месцы ўладкавацца.

- Абыдземся як-небудзь, - абыякава прамовіла Алеся. - І грошы ў бабкі знойдуцца, сабрала яна тое-сёе.

- Ну, ужо і грошы такія! - нездаволена запярэчыла старая, адыходзячы ад ложка. - Капеечкі сіроцкія, слязьмі аблітыя...

- Алеся... А як жа я? Пра мяне ты і думаць нават не хочаш? - усклікнуў я, адчуваючы, як узнімаецца ў мяне горкі, балючы, нядобры папрок супроць Алесі.

Яна прыўзнялася і, не саромеючыся бабкі, узяла рукамі маю галаву і некалькі разоў запар пацалавала мяне ў лоб і ў шчокі.

- Пра цябе я больш за ўсё думаю, мой родны. Толькі... бачыш... не суджана нам разам быць... вось што!.. Памятаеш, я на цябе на карты кідала? Як бачыш, усё так і атрымалася, як яны сказалі тады. Значыць, не хоча лёс нашага з табою шчасця... А каб не гэта, хіба, ты думаеш, я спалохалася б?

- Алеся, зноў ты пра свой лёс! - усклікнуў я нецярпліва. - Не хачу я яму верыць... і не буду ніколі верыць!..

- Ох не, не... не гавары гэтага, - спалохана зашаптала Алеся. - Я не за сябе, за цябе баюся, галубок. Не, лепей ужо ты пра гэта і гаворкі не пачынай.

Дарэмна я стараўся пераканаць Алесю, дарэмна маляваў перад ёй карціны супакойнага шчасця, якому не перашкодзяць ні паганы лёс, ні грубыя, злыя людзі. Алеся толькі цалавала мае рукі і адмоўна ківала галавой.

- Не... не... не... я ведаю, я бачу, - паўтарала яна настойліва. - Нічога нам, апрача гора, не будзе... нічога... нічога...

Разгублены, збіты з панталыку гэтай забабоннай упартасцю, я нарэшце спытаў:

- Але ты хоць назавеш дзень свайго ад'езду?

Алеся задумалася. Раптам слабая ўсмешка прабегла па яе губах.

- Я табе на гэта раскажу маленькую казачку... Аднойчы воўк бег па лесе, убачыў зайчыка і кажа яму: «Заяц, заяц, а я цябе з'ем!» Заяц пачаў прасіць: «Пашкадуй мяне, воўк, мне яшчэ жыць хочацца, у мяне дома дзеткі маленькія». Воўк не згаджаецца. Тады заяц кажа: «Ну, дай мне хоць тры дні яшчэ на свеце пажыць, а потым ужо і з'еш. Усё-такі мне лягчэй паміраць будзе». Даў яму воўк гэтыя тры дні, не чапае яго, а толькі ўсё сочыць. Мінуў адзін дзень, мінуў другі, нарэшце і трэці на сыходзе. «Ну, цяпер рыхтуйся, - кажа воўк, - зараз я пачну есці цябе». Тут мой заяц і заплакаў горкімі слязьмі. «Ах, навошта ты мне, воўк, гэтыя тры дні падарыў! Лепей бы ты адразу мяне з'еў, як толькі ўгледзеў. А то я ўсе тры дні не жыў, а толькі мучыўся!» Любы мой, а зайчык усё ж праўду сказаў. Як ты думаеш?

Я маўчаў, ахоплены страшным прадчуваннем блізкай адзіноты. Алеся раптам паднялася і прысела на пасцелі. Твар у яе адразу зрабіўся сур'ёзны.

- Ваня, паслухай... - вымавіла яна спакойна. - Скажы мне: пакуль ты быў са мной, ці быў ты шчаслівы? Ці добра табе было?

- Алеся! І ты яшчэ пытаеш?

- Пачакай... Ці шкадаваў ты, што пазнаў мяне? Ці думаў ты аб другой жанчыне, калі бачыўся са мною?

- Ні адной хвіліны! Не толькі ў тваёй прысутнасці, але нават і астаўшыся адзін, я ні аб кім, апрача цябе, не думаў.

- Ці раўнаваў ты мяне? Ці злаваў калі-небудзь на мяне? Ці не сумаваў ты са мною?

- Ніколі, Алеся! Ніколі!

Яна паклала абедзве рукі мне на плечы і з невыказнай пяшчотай паглядзела ў мае вочы.

- Дык знай жа, любы мой, што ніколі ты пра мяне не ўспомніш блага або са злосцю, - сказала яна так пераканальна, нібыта чытала ў мяне ўваччу будучае. - Як расстанемся мы з табою, цяжка табе першы час будзе, ох, як цяжка... Плакаць будзеш, месца сабе не знойдзеш нідзе. А потым усё пройдзе, усё згладзіцца. І ўжо без гора ты будзеш пра мяне думаць, а лёгка і радасна.

Яна зноў адкінулася галавой на падушкі і прашаптала аслабелым голасам:

- А цяпер едзь, мой любы... Едзь дахаты, галубок... Стамілася я крышку. Чакай... пацалуй мяне... Ты бабулі не бойся... яна дазволіць. Праўда, бабуля, дазволіш?

- Ды развітайся ўжо, развітайся як мае быць, - нездаволена прабурчала старая. - Чаго ж ад мяне хавацца?.. Даўно ведаю...

- Пацалуй мяне сюды, і сюды яшчэ... і сюды, - прасіла Алеся, дакранаючыся пальцам да сваіх вачэй, шчок і рота.

- Алеся! Ты развітваешся са мною, як быццам мы ўжо і не ўбачымся больш! - усклікнуў я са спалохам.

- Не ведаю, не ведаю, мой любы. Нічога не ведаю. Ну, едзь з богам. Не, пачакай... яшчэ хвілінку... Нахілі да мяне вуха... Ведаеш, аб чым я шкадую? - зашаптала яна, датыкаючыся губамі да маёй шчакі. - Аб тым, што ў мяне няма ад цябе дзіцятка. Ах, якая я была б шчаслівая!

Я выйшаў на ганак у суправаджэнні Мануйліхі. Паўнеба закрыла чорная хмара з рэзкімі кучаравымі краямі, але сонца яшчэ свяціла, схіляючыся на захад, і ў гэтым спалучэнні святла і цемры, якая насоўвалася ўсё бліжэй, было штосьці злавеснае. Старая паглядзела на неба, прыкрыўшы вочы далонню, і шматзначна паківала галавой.

- Быць сёння над Перабродам навальніцы, - сказала яна пераканальным тонам. - А то яшчэ нават з градам.

 

XIV

 

Я пад'язджаў ужо да Пераброда, калі раптоўны віхор закружыў і пагнаў па дарозе слупы пылу. Упалі першыя - рэдкія і важкія - кроплі дажджу.

Мануйліха не памылілася. Навальніца, якая збіралася ўвесь гэты спякотны, нясцерпна душны дзень, абвалілася на Пераброд з незвычайнай сілай. Маланка бліскала амаль бесперапынна, і ад грукату грому дрыжалі і звінелі шыбы ў вокнах майго пакоя. Гадзіне а восьмай увечары навальніца аціхла на некалькі хвілін, але толькі для таго, каб потым абрынуцца з новай лютасцю. Раптам штосьці з аглушальным трэскам пасыпалася на дах і на сцены старой хаты. Я кінуўся да акна. Вялізны град, з грэцкі арэх велічынёй, густа падаў на зямлю, высока падскокваючы потым уверх. Я зірнуў на тутавае дрэва, што расло каля самай хаты, - яно стаяла зусім голае, усё лісце з яго было збіта моцнымі ўдарамі граду... Пад акном паказалася ледзь прыкметная ў цемры постаць Ярмолы, які, накрыўшыся з галавою світкай, выбег з кухні, каб прычыніць аканіцы. Але ён спазніўся. У адну з шыбаў раптам з такой сілай стукнуў вялізны кавалак лёду, што яна разбілася, і кавалкі шкла са звонам пасыпаліся на падлогу пакоя.

Я адчуў сябе моцна стомленым і прылёг, не распранаючыся, на ложак. Я думаў, што мне зусім не ўдасца заснуць у гэтую ноч і што я да раніцы буду ў бяссільным смутку варочацца з боку на бок, таму я вырашыў не распранацца, каб потым хоць крышку стаміць сябе аднастайнай хадой па пакоі. Але са мною здарылася вельмі дзіўная рэч: мне здалося, што я толькі на хвілінку заплюшчыў вочы; калі ж я расплюшчыў іх, дык праз шчыліны ў аканіцах ужо цягнуліся яркія сонечныя праменні, у якіх кружылася безліч залатых пылінак.

Над маім ложкам стаяў Ярмола. Яго твар выказваў суровую трывогу і нецярплівасць: мусіць, ён ужо тут даўно чакаў, калі я прачнуся.

- Паныч, - сказаў ён сваім глухім голасам, у якім адчуваўся неспакой, - паныч, трэба вам адсюль ехаць...

Я звесіў ногі з ложка і са здзіўленнем паглядзеў на Ярмолу.

- Ехаць? Куды ехаць? Навошта? Ты, напэўна, звар'яцеў?

- Нічога я не звар'яцеў, - агрызнуўся Ярмола. - Вы не чулі, што ўчарашні град нарабіў? У паловы сяла жыта як нагамі хто патаптаў. У аднавокага Максіма, у Казла, у Мута, у Пракапчукоў, у Гардзея Аляфіра... Наслала-такі шкоды вядзьмака чортава... каб на яе халера!

Мне раптам, у адно імгненне, прыгадаўся ўвесь учарашні дзень, пагроза, якую кінула каля царквы Алеся, і яе боязь.

- Цяпер уся грамада бунтуе, - гаварыў далей Ярмола. - Зранку ўсе зноў напіліся і крычаць... І пра вас, паныч, крычаць нядобрае... А вы ведаеце, якая ў нас грамада?.. Калі яны вядзьмакам што зробяць, дык так і трэба, гэта па справядлівасці, а вам, паныч, я скажу адно - уцякайце хутчэй.

Такім чынам, Алесіна боязь мела падставы. Трэба было неадкладна папярэдзіць яе і Мануйліху пра небяспеку, якая ім пагражала. Я хуценька апрануўся, на хаду спаласнуў вадою твар і праз паўгадзіны ўжо ехаў шпаркай рыссю ў напрамку Бісавага Кута.

Чым бліжэй пад'язджаў я да хацінкі на курыных ножках, тым больш мяне апаноўвала няпэўная, тужлівая трывога. Я з упэўненасцю гаварыў самому сабе, што зараз на мяне абваліцца нейкае новае, нечаканае гора.

Амаль бегма праскочыў я вузкую сцежку, якая вілася па пясчаным пагорку. Вокны і дзверы ў хаце былі расчынены насцеж.

- Божа! Што здарылася? - прашаптаў я, уваходзячы з заміраннем сэрца ў сенцы.

Хата была пустая. У ёй панавала тое сумнае бязладдзе, якое заўсёды астаецца пасля паспешнага выезду. Кучы смецця і ануч ляжалі на падлозе, ды ў кутку стаяў драўляны каркас ложка...

З пахаладзелым, перапоўненым слязьмі сэрцам я хацеў ужо выйсці з хаты, як раптоўна маю ўвагу прыцягнула яркая рэч, мусіць, знарок павешаная на ражок аконнай рамы. Гэта была нітка танных чырвоных пацерак, вядомых на Палессі пад назваю «каралі», - адзіная рэч, якая асталася мне на ўспамін пра Алесю і яе пяшчотнае велікадушнае каханне.



Пераклад: Леў Салавей

Беларуская Палічка: http://knihi.com