epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксандар Пушкін

19 кастрычніка

Скідае лес барвовы свой убор,

Заслаў мароз дыван бялюткі ў полі,

Дзень выгляне, як быццам мімаволі,

І знікне зноў за край вакольных гор.

Свяці, агонь, на камінку пустэльным;

А ты, віно, пад восені выццё,

У грудзі мне пралі з настроем хмельным

Хвіліннае мук горкіх забыццё.

 

Самотны я: са мной няма сяброў,

З кім горкае запіў бы развітанне,

Каму б сказаў ад сэрца пажаданне

Вясёлага жыцця на шмат гадоў.

Я п'ю адзін: дарма маё ўяўленне

Збірае навакол сяброў маіх;

Знаёмага не чутна набліжэння,

Не чутна сэрцу крокаў дарагіх.

 

Я п'ю адзін, на беразе ж Нявы

Сябры сягоння без мяне святкуюць...

Але ці многія там з вас балююць?

Каго не дачакаліся там вы?

Хто здрадзіў нашай шматгадовай звычцы?

Каго яшчэ чакаеце дарма?

Чый голас змоўк на брацкай пераклічцы?

Хто не прыйшоў? Каго між вас няма?

 

Нама між вас сягоння спевака

З агнём душы, з гітарай красамоўнай:

Пад міртамі Італіі чароўнай

Ён ціха спіць, і брацкая рука

Не вывела на камені магілы

На рускай мове колькі родных слоў,

Каб некалі прывет сабе знябылы

Сын поўначы, там ходзячы, знайшоў.

 

Ці ты сядзіш сарод сяброў сваіх,

Каханак даляў і нябёс няродных?

Ці зноў плывеш да тропікау спякотных,

Ці да паўночных мораў ледзяных?

Шчаслівы шлях!.. З ліцэйскаґа парога

На карабель ты жартам узышоў,

І з тых часін між хваль твая дарога,

О сын любімы ўспененых валоў!

 

З ліцэя захапіў з сабою ўдаль

Ты весялосць і леты маладыя:

Ліцэйскі шум і забаўкі былыя

Ты ў марах меў сярод бурлівых хваль.

Ты прасціраў да нас з-за мора рукі,

Ты нас адных у юным сэрцы нёс

І паўтараў: на доўгі час разлукі,

Нас асудзіў, відаць, таемны лёс!

 

Сябры мае, цудоўны наш саюз!

Нібы душа, ён непадзельны, вечны,

Ён непарушны, вольны і сардэчны,

Ён рос пад засенню сяброўскіх муз.

Куды б нас ні закінула судзьбіна

І шчасце нас куды б ні павяло,

Мы тыя ўсе: нам цэлы свет чужына;

Нам бацькаўшчынай Царскае Сяло.

 

Выгнаннікам я на зямпі слыву,

Па свеце гнаны доляю суровай,

З сардэчнай шчырасцю да дружбы новай

У стоме нахіліў я галаву…

З тужліваю, з мяцежнаю мальбою,

З даверлівай надзеяй год былых

Сябрам другім аддаўся я душою;

Ды горкім быў прывет нябрацкі іх.

 

І тут цяпер у глушыні пустой,

Дзе выюць толькі сцюжы і завеі,

Мае збыліся мары і надзеі:

Я вас траіх, сяброў душы маёй,

Тут абдымаў. О Пушчын, браце родны,

Наведаў першы ты апальны дом;

Ты ажывіў выгнання дзень маркотпы,

Зрабіў яго ліцэя светлым днём.

 

Зазнаў ты рана шчасце, Гарчакоў,

Хвала табе! - фартуны бляск халодны

Не змог змяніць твой горды дух свабодны:

Той самы ты для чэсці я сяброў.

Нам рана разысціся давялося:

Я шлях абраў адзін, шлях іншы - ты,

Ды, стрэўшыся на палявой дарозе,

З табой мы абняліся. як браты.

 

Калі зазнаў я горкія часы, -

Для ўсіх чужы, выгнання не пазбыўшы,

Цябе чакаў я, галаву схіліўшы,

Пясняр дзяўчат пермескіх, іх красы

І ты прыйшоў, натхнёны сын ляноты,

О Дэльвіг мой: твой голас абудзіў

Агонь душы, што спала ў дні маркоты.

І я бадзёра долю блаславіў.

 

Дух песень мы адчулі з год малых,

Мы хваляванне светлае зазналі;

Да нас дзве музы змалку прыляталі,

І шчаснымі бьлі мы з ласкі іх.

Ды ўжо любіў я воплескі людскія,

Ты, горды, пеў для муз і для душы;

Я дар губіў, як леты маладыя,

Ты геній свой выхоўваў у цішы.

 

Служэнне муз не любіць мітусні;

Спакоем дыхаюць мастацтва чары:

Але шумлівыя нас клічуць мары,

І спакушаюць нас юнацтва дні…

Апамятаемся, - ды позна! самі

Здзіўляемся., як хутка ўсё прайшло.

Скажы, Вільгельм, а ці не так і з намі,

А ці не тое ж самае было?

 

Пара! пара! не варты гэты свет

Пакут душы; пакінем спакушацца!

А ці не час ад мітусні схавацца!

Прыходзь, мой брат, мой дарагі паэт, -

Чакаю я; з табой у добрым часе

Пагутарым пра дні былыя зноў,

Пра бурныя падзеі на Каўказе,

Пра Шылера, пра славу, пра любоў.

 

Пара і мне… прыйшла чарга мая!

Ёсць прадчуванне добрае ў паэта;

Сябры мае, вы не забудзьце гэта:

Год праміне, і з вамі буду я!

Убачу я здзяйсненне мар апальных;

Год праміне, ізноў нас злучьщь лёс!

О колькі слёз і воклічаў вітальных

І колькі чаш, узнятых да нябёс!

 

І першую паўней, сябры, паўней.

І піце ў гонар нашага саюза!

Благаславі, усцешаная Муза,

Благаславі: няхай жыве ліцэй!

Удзячна паднясём да вуснаў чашу

Яшчэ мы за настаўнікау сваіх,

За тых, што зберагалі юнасць нашу,

За ўсіх, за ўсіх, за мёртвых і жывых.

 

Паўней! ад сэрца шчырага свайго.

Зноў да канца, да кроплі выпівайце!

Ды за каго? о другі, адгадайце...

Ура, наш цар! так! вып'ем за яго.

Ён чалавек! пачуццяў раб адданы.

Настроі, чуткі для яго закон;

Забудзем мы, што ім сурова гнаны,

Ён браў Парыж, ліцэй засноўваў ён.

 

Балюйце ж, покуль лёс яднае нас!

Шкада, наш круг сяброўскіх ўсё радзее;

Хто ўжо ў труне, хто ў далях сірацее,

Лёс сочыць, вянем мы; мінае час;

З нас кожны непрыкметна халадзее

І да астатніх блізіцца гадзін…

Хто ж з нас, сябры, дзень нашага ліцэя

Пад старасць будзе святкаваць адзін?

 

Няшчасны брат! між пакаленняў новых

Дакучны госць, ён на зямлі чужой

Успомніць нас і дні сустрэч вясновых,

Закрыўшы твар дрыжачаю рукой...

Дык хай той дзень, хаця б і ў час маркотны,

Ён правядзе, пазбыўшыся нягод,

Як я сягоння, вязень ваш самотны,

Яго правёў без гора і турбот.



Пераклад: Аркадзь Куляшоў