epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксандар Пушкін

«Абранніца чароўнай даўніны...»

Абранніца чароўнай даўніны,

Друг выдумак, гуллівых і маркотных,

Цябе я знаў у дні маёй вясны,

У дні пацех і сноў першапяшчотных.

Чакаў цябе; ты ў цішы да мяне

З’яўлялася вясёлаю бабулькай

І нада мной сядзела ў шушуне,

У акулярах, з гулкаю бразгулькай

Люляючы калыску, юны слых

Напевам паланіла, забаўляла,

Пакінула ў пялюшках дзён маіх

Жалейку, што сама зачаравала.

Мінула малалетва, быццам сон.

Ты подлетка любіла ўсей пяшчотай,

Між важных муз цябе і помніў ён,

І ты яго наведала употай;

Але ці той быў вобраз твой і ўбор?

Як хутка ты змянілася і міла!

Якім агнём усмешка апаліла!

Якім агнём абдаў мяне дакор!

Клубіліся нясхібнай хваляй шаты,

Былі з паветра постаць і сама ты;

Ўся ў локанах, спавітая вянком,

Духмяна пахла галава, як далі,

І грудзі белыя пад жамчугом

Ірдзеліся і ціха ажывалі...

 

1822



Пераклад: Рыгор Барадулін