epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксандар Пушкін

«Ахоўвай, талісман, мяне...»

Ахоўвай, талісман, мяне.

У дні ганення і выгнання,

У дні журбы і хвалявання

Хай смутак сэрца не кране.

 

Калі падыме акіян

Вакол мяне валы глухія

І бурай грымне ў дні цяжкія –

Мяне ахоўвай, талісман.

 

У цішыні чужых палян,

На ўлонні нуднага спакою,

У палымяным гуле бою

Мяне ахоўвай, талісман.

 

Свяшчэннай слодычы падман,

Душы чароўнае свяціла...

Яно схавалася, астыла...

Мяне ахоўвай, талісман.

 

Няхай у век сардэчных ран

Не цвеліць памяць хіжай зданню.

Бывай, надзея; спі, жаданне;

Мяне ахоўвай, талісман.

 

1825



Пераклад: Яўген Міклашэўскі