epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксандар Пушкін

Аквілон

Навошта, грозны аквілон,

Трыснёг так хіліш неспадзеўна?

Навошта гоніш наўздагон

За бурай ты хмурынку гнеўна?

 

Нядаўна чарадою хмар

Былі абвіты небасхілы,

Падхмарных высяў уладар,

Дуб узвышаўся, поўны сілы...

 

Ды ты падняўся, застагнаў

І ўмомант, бачны ўсім і чутны,

Па небе хмары разагнаў

І скінуў з высі дуб магутны.

 

Хай сонца, песцячы аблог,

Ад гэтай хвілі ўцехай ззяе,

Зефір з хмурынкаю гуляе,

І ледзь гайдаецца трыснёг.

 

1824



Пераклад: Яўген Міклашэўскі