epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксандар Пушкін

Анчар

(Дрэва атруты)

Ў пустыні, у сонечным агні

На грунце бедным, амярцвелым,

Анчар, як грозны вартаўнік,

Стаіць адзін на свеце цэлым.

 

Прырода высахшых стэпоў

Яго радзіла ў дзень пакуты

І ад карэння да лістоў

Ўліла смяротную атруту.

 

Як толькі сонца стане грэць, -

Атрута капае, расіцца,

Пад вечар стыне на кары

Густой, празрыстаю жывіцай.

 

На ім і птушка не спачне,

Звер следу блізка не пакіне:

Часамі вецер ахіне, -

Смяротны веець над пустыняй.

 

Ці хмара з дальных берагоў

Над дрэвам, блудзячы, заплача,

Атрутны дождж з яго лістоў

Сплывае у пясок гарачы.

 

Ды чалавека чалавек

Паслаў загадам да анчару

Пайшоў нявольнік і ледзь свет

Прынёс з сабой атруты чару.

 

Прынёс смяротную смалу,

Ад сонца звяўшы ліст зялёны,

А пот на вопраткі палу

Крынічыў з твару, плыў сцюдзёны.

 

Прынёс змарыўшыся і лёг

У ценю на сухія лыкі,

Памёр скруціўшыся ля ног

Непераможнага ўладыкі.

 

А цар атрутай спаласкаў

Стальныя стрэлы-навальніцы

І гібель з імі разаслаў

Ўдаль за суседнія граніцы.

 

1828

 

 

Каментары

 

Рэдакцыя 1937 года.

 

Анчар - дрэва яду (заўвага А.С.Пушкіна).

 

Пераклад друкаваўся:

Бел. летапіс. 1937, № 4.

Пушкін А. Выбр. тв. Мн., 1949.

Полымя. 1949, № 6.

Танк М. Зб. тв.: У 6 т. Т. 5. Мн., 1980.

На зорных шляхах: Пераклады М. Танка. Мн., 1991.

Пушкін А. С. Выбр. тв.: У 2 т. Т. 1. Мн., 1993.

 



Пераклад: Максім Танк