Аляксандар Пушкін

Арыён

Было на чоўне многа нас.

Адны ўжо ветразь напіналі,

Другія ў глыбіню ўпіралі

Цяжкія вёслы. І ўвесь час

Вёў човен кормшчык наш разумны,

У сэрцы затаіўшы жаль.

А я — з бяспечнасцю амаль —

Плыўцам спяваў... Ды грэбні хваль

Разбіў з налёту вецер шумны...

Усе загінулі, а я —

Такая доля ўжо мая —

Хаджу па беразе з тугою

І гімны, як раней, пяю!

І рызу мокрую сваю

Сушу на сонцы пад скалою.



Пераклад: Яўген Міклашэўскі

Беларуская Палічка: http://knihi.com