Аляксандар Пушкін

Бахчысарайскі фантан

Многія, таксама, як і я, наведвалі гэты фантан; але адных ужо няма, другія ў далечы вандруюць.

Садзі

 

Гірэй насуплены сядзеў,

Янтар ў зубах яго дыміўся;

Лісліва ў вочы двор глядзеў,

Ля хана моўчкі мітусіўся.

Ў палацы цішыня была;

Пакорна ўсе чыталі ўпотай

Прыкмету гневу і сумоты

З яго пахмурнага чала.

Але ўладар той ганарлівы

Махнуў рукою нецярплівай:

І ўсе, схіліўшыся, йдуць вон.

 

Адзін ў сваіх палацах ён;

Вальней грудзямі уздыхае.

Больш жвава строгае чало

Трывогі сэрца выяўляе.

Так бурнасць хмараў адбівае

Затокі зыбістае шкло.

Што рушыць гордаю душою?

Якой заняты думай ён?

На Русь мо’ зноў ідзе вайною,

Ці Польшчы свой нясе закон,

Ці помстаю гарыць крывавай,

Ці ў войску выкрыў дзе згавор,

Баіцца мо’ народаў гор,

Падкопаў Генуі лукавай?

Не, ён сумуе збройнай славай,

Рука стамілася; вайна —

Ад дум далёка ўжо яна.

 

Няўжо, няўжо ў гарэм ягоны

Патайна здрада увайшла,

Дачка няволі, ласк, палона

Гяуру сэрца аддала?

 

Не, жонкі ціхія Гірэя

Без дум, жаданняў і надзеі,

Цвітуць у сумнай цішыні;

Пад вартай пільнай і маўклівай

На ўлонні пышнасці сумлівай

Тут здрад не ведаюць яны.

Ў цяньку захоўнае цямніцы

Утоена іх лет краса.

Так аравійскіх кветак сад

Жыве пад шыбамі цяпліцы.

Для іх панурай чарадой

Дні, месяцы, гады праходзяць

І непрыкметна за сабой

Каханне і юнацтва зводзяць.

Тут аднастайны кожны дзень,

І час ідзе марудным ходам,

Лянота тут жыццё вядзе,

Мільгае рэдка асалода.

Як-небудзь жонкі ў цішыні,

Ў жаданні сэрцу падманіць,

Мяняюць пышныя абновы,

Заводзяць гульні ці размовы,

Альбо пры шуме вод жывых,

Над іх празрыстымі струмнямі

Пад ценем явараў густых

Гуляюць лёгкімі раямі.

Між імі ходзіць злы еўнух,

І ад яго ўцякаць дарэмна:

Яго рэўнівы зрок і слух

За ўсімі крадзецца таемна.

Яго стараннем завядзён

Парадак вечны. Воля хана

Адзіны для яго закон;

Святую запаведзь карана

Пільней не наглядае ён.

Яго душа кахаць не просіць:

Як статуй — ціха пераносіць

Нянавісць і насмешак яд,

Крыўд жартаўлівыя праявы,

Пагарды, просьбы і пагляд,

І ціхі ўздых, і шэпат млявы.

Жаночы нораў ён пазнаў;

Ён іх хітрошчы вывучаў

На волі і ў глухой няволі.

І зірк з пяшчотлівай смугой

Няўладны над душой яго, —

Не давярае ім ніколі.

 

Калі расплёўшы валасы,

Йдуць паланянкі маладыя

Купацца ў спёчныя часы,

Струменяць хвалі ключавыя,

На іх чароўныя красы,

Забаў наглядчык іх паслушны

Ён тут, ён бачыць, раўнадушны,

Чароўніц голых лёгкі рой;

Ў гарэме ў змрочнасці начной

Нячутнымі шагамі ходзіць;

Ступаючы па дыванах,

Цішком ён з’явіцца ў дзвярах,

Ад ложка к ложку пераходзіць;

Ў клапотах вечных, ханскіх жон

Раскошны наглядае сон,

Падслухвае ўначы іх шолах;

Дыханне, ўздых, ледзь значны сполах,

Ўсё прагна прыкмячае ён:

І гора той, чый шэпат сонны

Імя чужое заклікаў,

Ці сябрыні непадазронай

Благія думкі давяраў!

 

Што-ж думкі сумныя ў Гірэя?

Цыбук ў руках яго патух;

Каля дзвярэй дыхнуць не смее,

Наказ чакаючы еўнух.

Ўстае ўладар ў нямым спакоі:

І дзверы — насцеж. Моўчкі ён

Ідзе ў прывабныя пакоі

Яшчэ нядаўна любых жон.

 

Ў чаканні бестурботным хана,

Вакол гуллівага фантана

На дыванах з шаўку яны

Гарэзнай грамадой сядзелі,

З дзіцячай радасцю глядзелі,

Як рыба ў глыбіню імкне,

Па мармуровым ходзіць дне.

Часом наўмысна чараўніцы

Да іх пускалі завушніцы.

Вакол нявольніцы тагды

Шэрбэт разносілі пахучы,

І заспявалі мілагучна

Прыгожым спевам маладым.

 

Татарская песня

 

1

«Даруе неба чалавеку

Замену слёз і ўсіх бядот:

Шчасліў факір, што ўбачыў Меку

На старасці сумотных год.

 

2

Шчасліў, хто бераг вод Дуная

Змог смерцю ўласнай асвяціць:

Яму насустрач дзева рая

З усмешкай палкай паляціць.

 

3

Ды больш шчаслівы той, Зарэма,

Хто ў пешчы ўвесь аддаў сябе,

Як ружу, ў цішыні гарэма

Галубіць, любая, цябе».

 

Яны пяюць. Ды дзе Зарэма,

Кахання зорка, цвет гарэма?

Сядзіць сумотная адна,

Хвальбы не слухае яна;

Як пальма, скрышаная бурай,

Панікла галавой панурай;

Нішто не цешыць ёй вачэй:

Зарэму разлюбіў Гірэй.

Ён здрадзіў!.. Але хто з табою,

Грузінка, зроўніцца красою?

Вакол лілейнага чала

Касу ты двойчы абвіла;

Твае прываблівыя вочы

Ясней за дзень, чарней ад ночы.

Чый голас выкажа мацней

Парывы палкія жаданняў?

Чый вуснаў дотык агнявей

Тваіх пякучых цалазанняў?

Як сэрца, поўнае табой,

Заб’ецца для красы чужой?

Але суровы, раўнадушны

Знявідзеў твой Гірэй цябе,

Адзін начамі у сябе

Сядзіць ён змрочны і нязрушны

З тых дзён, як польская княжна

Ў яго гарэм пасаджана.

 

Нядаўна юная Марыя

Нябёсы ўбачыла чужыя;

Нядаўна любаю красой

Яна цвіла ў сям’і сваёй;

Сівы хваліўся бацька ёю

І зваў уцехаю сваёю.

Была старому як закон

Яе гадоў юнацкіх воля.

Адзіны клопат ведаў ён:

Дачушкі каб любімай доля

Была як светлая вясна,

Каб і хвіліны гора жалю

Яе душы не засмучалі,

Каб нават замужам яна

Успамінала з захапленнем

Часы дзявоцтва, дні забаў,

Што прамільгнулі лёгкім ценем.

Яе характар захапляў;

І стройны стан яе дзявочы,

І з яснага блакіту вочы.

Прыроды любыя дары

Яна мастацтвам аздабляла;

Яна дамашнія піры

Чароўнай арфай ажыўляла;

Натоўпы знатных багачоў

Рукі Марыінай шукалі,

І многа, многа юнакоў

Цішком пакутна сумавалі.

Але ў глыбі дзявочых схоў

Яна кахання і не знала,

І ў замку бацькі вольны час

Паміж сябровак кожны раз

Адным забавам прысвячала.

 

А ці даўно?.. Гурты татар

На Польшчу хлынулі ракою:

Не так з жахлівай быстрынёю

Па ржышчу сцелецца пажар.

Увесь разбураны вайною,

Квяцісты край асірацеў;

Забавы зніклі ў дзень суровы;

У смутку сёлы і дубровы,

І пышны замак апусцеў.

Марыі ціхая святліца...

У хатняй цэркві, дзе кругом

Спяць мошчы ўжо адвечным сном.

З каронай, з княжацкім гербом

Бялее новая грабніца...

Загінуў бацька, ёй — палон,

Скупы наследнік замкам правіць

І жудасным ярмом няславіць

Краіну змучаную ён.

 

Дык вось, палац Бахчысарая

Княжны хавае ціхі сон.

Марыіна краса згарае,

Ў няволі сум заўсёды з ёй.

Шануе бедную Гірэй:

Яе самотнасць, слёзы, стогны

Трывожаць хана уначы,

Ён для яе ужо змякчыў

Гарэма строгія законы.

Наглядчык хмуры ханскіх жон

Ні днём, ні ўночы к ёй не ходзіць;

Рукою дбайнаю не ён

На ложак сну яе узводзіць;

І нават ў бок не смее той

Ёй кінуць крыўдны погляд свой;

Яна ў купальні патаёнай

Адна з нявольніцай сваёй;

Баіцца нават хан палоннай

Сумотны парушаць спакой;

Ў гарэме ў дальнім аддзяленні

Чатыры дадзены сцяны,

Здаецца, ў тым адасабленні

Захован хтосьці незямны.

І дзень, і ноч гарыць лампада

Там перад дзевай прасвятой;

Адзіная ў журбоце радасць,

Там спадзяванне, як у сне,

З пакорнай вераю лунае,

І сэрцу ўсё напамінае

Аб лепшай, блізкай старане...

Там дзева слёзы пралівае

Здалёк ад зайздрасных падруг;

І паміж тым, як ўсё наўкруг

У пешчах дзіўных замірае,

Святыню строгую хавае

Той дзівам уцалелы кут;

Так сэрца ў путах заблуканняў,

Сярод заганных хваляванняў,

Нясе святы зарок пакут,

Адно высокае пачуцце...

. . . . . . . . . . . . . . .

 

Настала ноч; у змроках сонных

Таўрыды сонечнай палі;

Ў аддалях лаўравых зялёных

Спяваюць песню салаўі;

Між зорак месяц узыходзіць;

І ён з бязвоблачных нябёс

На долы, ўзгор’і і на лес

Зіхценне млявае наводзіць.

Пад белай хусткай, між дамоў,

Як цені лёгкія мільгаюць,

Па вуліцах Бахчысарая

Адна к адной спяшаюць зноў

Бягуць татараў простых жонкі,

Дзяліць вячэрнія гамонкі.

Палац маўчыць. Гарэм заснуў,

Лунае змрочнасць ночы мерна;

Скрозь цішыня, і ўсё наўкруг

У ночы спіць. Наглядчык верны

Дазорам абышоў еўнух.

Цяпер ён спіць; ды страх бязмерны

У ім трывожыць сонны дух...

Шточас жахлівых здрад чаканне,

Ужо спакой прапаў таму:

То нечы шорах, то шаптанне,

То крыкі мрояцца яму;

Падмануты хлуслівым слухам,

Ён прачынаецца, дрыжыць,

Спалоханым прынікшы вухам...

Ды ўсё вакол яго маўчыць;

Адны фантаны мілагучна

З цямніцы мармуровай б’юць,

І з мілай ружай неразлучна

У змроку салаўі пяюць;

Еўнух іх доўга успрымае,

Але й яго ўжо сон схіляе.

 

О, вы раскошныя красы,

Наны Усхода, што навокал!

Як соладка імкнуць часы

Для ўсіх прыхільнікаў прарока!

Як добра там у іх дамах,

У іх чаруючых садах,

Ў цішы гарэмаў тых цудоўных,

Дзе ў бляску месяца мігціць

Чароўнасць дзіўных таямніц,

І захапленняў невымоўных!

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

 

Ўсе жонкі спяць. Не спіць адна.

Ледзь дышучы, ўстае яна;

Ідзе; рукою пахаплівай

Раскрыла дзверы; ў цьме начной

Ступае лёгкаю нагой...

Ў дрымоце чулай, палахлівай

Ляжыць еўнух сівы прад ёй.

Ён літасці ў сабе не мае;

Манлівы сну яго спакой!..

Як дух, яна яго мінае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

 

Ідзе к дзвярам; з неўразуменнем

Яе нясмелая рука

Кранула вернага замка...

Зайшла, і сочыць са здзіўленнем,

Спалоханая, поўна мар.

Лампады свет адасаблёны,

Ківот, журботна асвятлёны,

Прачыстай дзевы ціхі твар

І крыж, любові знак свянцоны...

Грузінка, ўсё ў душы тваёй

Радзімы штосьці нагадала,

Даўно знаёмаю вясной

Ледзь чутна сэрца ўсхвалявала.

Прад ёй салодка спіць княжна,

І цеплынёй дзявочай сна

Красуні шчокі ажывалі

І, слёз завіўшы свежы след,

Усмешкай кволай асвятлялі:

Так месячны залоціць свет

Паліты ўвесь дажджамі цвет;

Зляцеўшы з неба, сын эдэма,

Здавалася, што ангел спаў

І слёзы сонна праліваў

Ён над палонніцай гарэма...

Але, Зарэма, што з табой!

Сціскае грудзі ёй журбой,

Міжвольна хіляцца калені:

«Злітуйся, — просіць, — нада мной,

Не адхіляй маіх маленняў!»...

І слёзы горкія і стогн

Развеялі дзяўчыны сон.

Княжна спыняе прад сабою

На незнаёмай погляд свой.

Ў трывозе трапяткой рукою

Падняўшы з долу, кажа ёй:

«Хто ты?.. Адна парой начною,

Чаму ты тут?» — «К табе я йшла:

Ратуй мяне; сюды вяла

Мяне апошняя хвіліна...

Піла я шчасце безупынна,

Жыццё любіла ўсё мацней...

Мінула ўсё, і сэрца стыне,

Я гіну. Выслухай мяне.

 

Я нарадзілася далёка,

Далёка... і мінулых дзён

Любімы вобраз, гэта ён

Дасюль у памяці глыбока.

Я помню неба, скалаў гмах,

Шумяць патокі у гарах,

І непраходныя дубровы,

Другі закон, інакшы нораў;

Не адкажу перад табой,

Як край пакінула я свой,

Успамінаю толькі мора

І чалавека ў вышыні

Над парусамі...

Страх і гора —

Я іх не знала ў тыя дні,

Я ў бесклапотнай цішыні

Ў цяньку гарэма расквітала,

Каханне першае свае

Паслушным сэрцам я чакала.

Надзеі спраўдзілі мае.

Гірэй для мірнае пяшчоты

Вайной крывавай занядбаў,

Спыніў набегаў ён налёты,

Свой гарэм не пакідаў.

Прад ханам сумна у чаканні

Пасталі мы. Ён позірк свой

Спыніў тагды на мне ў маўчанні,

Прызваў мяне... З хвіліны той

У несупынным захапленні

Пілі мы шчасце; і ні раз

Ні плёткі, і ні падазрэнні,

Ні злоснай рэўнасці мучэнні, —

Нішто не мучыла ўжо нас.

Марыя, ён цябе убачыў...

І вось з таго ў душу яму

Смуга запала неіначай!

Гірэй мне здрадзіў, і таму

Не слухае мае дакоры;

Яму дакучыў сэрца стогн;

І слоў развагі ў маім горы

Са мною не знаходзіць ён.

Ты да злачынства не прычынна;

Я знаю, не твая віна...

Ды я-ж дзівосная жанчына;

Ва ўсім гарэме ты адна

Пагрозай стала несупыннай.

Мой пал дзявочы не суняць,

Ты так кахаць, як я, не можаш;

Нашто-ж халоднаю красой

Ты сэрца слабае трывожыш?

Пакінь Гірэя мне: ён мой;

Гараць цалункі яго жарам,

Прысягі страшныя мне даў,

Даўно ўсе думкі, свае мары

Гірэй з маімі спалучаў;

Загіну я ад гэтай здрады...

Я плачу; бачыш, без спагады

Я на каленях прад табой,

Малю, цябе не вінавачу,

Аддай мне радасць і спакой.

Аддай Гірэя мне, я плачу.

Ты супярэчанні спыні:

Ён мой; захоплен ён табою.

Пагардай, просьбаю, журбою

Яго чым хочаш адвярні;

Кляніся... (хоць для Алкарана,

Паміж нявольніцамі хана,

Зраклася веры я свае;

Ды вера мацеры мае

Была твая) кляніся ею,

Зарэму ты звярні Гірэю...

Дык слухай-жа, а калі не...

Кінжалам я ўладаць умею,

Каўказ радзімаю быў мне».

Сказаўшы, знікла. А за ею

Не можна ўслед ісці княжне.

Нявіннай дзеве невядома,

Як шмат каханне мук дае:

Ды голас іх, ёй ледзь знаёмы,

Здзівіў яе, жахнуў яе.

Якія слёзы і маленні

Дадуць ад сораму збавенне?

Няўжо няволя для яе?

Ёй дні астатнія свае

Пражыць наложніцай паганай?

О, божа! Хай-бы ўжо Гірэй

Яе ў цямніцы захаванай

Навекі вечныя забыў,

Ці можа смерцю нечаканай

Нудоту дзён яе спыніў;

З якою-б радасцю Марыя

Пакінула журботны свет!

Жыцця хвіліны дарагія

Даўно прайшлі, прастыў іх след!

Што-ж ёй рабіць ў пустэчы свету?

Яе чакаюць, ёй пара,

І ў неба яснага сусвету

Заве прывабная зара.

 

Няма Марыі. Знік і след.

Раптоўна сірата спачыла.

Яна даўно жаданы свет,

Як новы ангел, асвяціла.

Ды што ў труну яе звяло?

Няволі страшнай дні ліхія,

Хвароба ці другое зло,

Як знаць? Памерла ўжо Марыя.

Палац пануры затужыў;

Яго Гірэй цяпер пакінуў;

З гуртом татар у край чужы

Ён зноў набегам лютым рынуў;

І зноў у бурах баявых

Імчыцца змрочны, крыважэрны;

Ды ў сэрцы хана шмат другіх

Пачуццяў тоіцца бязмерна.

І часта ў сечах баявых

Узніме шаблю, і з размаху

Нязрушны доўга ён стаіць,

Няўцямліва вакол глядзіць.

Бляднее ўвесь, бы поўны страху,

І нешта шэпча, і парой

Лье слёзы горкія ракой.

Гарэм пракляты, занядбаны

Забыты ханам да канца;

Там на пакуты, здзек адданы,

Пад вартай вернага скапца

Старэюць жоны. Паміж імі

Няма грузінкі маладой,

Ужо наглядцамі нямымі

Спачын ёй дадзен пад вадой.

Калі сканала ўжо княжна,

Збыліся і яе пакуты.

Якою-б ні была віна,

А пакаранне было лютым!

 

Агнём спустошыўшы ў баі

Каўказу блізкія краі

І сёлы мірныя Расіі,

Вярнуўся у Таўрыду хан

І, ў знак гаротнае Марыі,

Паставіў з мармуру фантан

Ў кутку палаца запусцелым;

У ззянні крыжа там узнік

Магаметанскі маладзік

(Вядома сымбаль вельмі смелы,

Няведання відзён там след).

Ёсць надпіс: едкімі гадамі

Не сцёр яго і сонца свет.

За цмянымі яго радкамі

Вада па мармуру журчыць

І капае на дол слязамі,

Заўжды не ціхнучы бяжыць.

Так маці плача ў горкім жалі

Як сын загіне на вайне.

Дзяўчаты ў роднай старане

Паданне даўніны пазналі,

І помнік змрочлівы яны

Фантанам слёз тагды празвалі.

Пакінуўшы паўночы дні,

Піры і весялосці свайго края,

Наведаў я Бахчысарая

Палац забыты ў цішыні.

Сярод бязмоўных пераходаў

Хадзіў я там, дзе біч народаў,

Татарын буйны баляваў

І пасля страшнага налёту

У пышнай лені спачываў.

Дасюль яшчэ павеў пяшчоты

Ў пакоях і садах чуваць;

Бруяцца воды, ружы ў цвеце,

Віецца вінаграда вецце,

Зіхціць у золаце палац.

Там бачыў краты дзён суровых,

За імі, ў веснавыя дні

За зборам чотак янтаровых,

Ўздыхалі жоны ў цішыні.

Там я магілкі бачыў ханаў,

Дзе уладарцы пахаваны.

Магільныя слупы наўсцяж,

Пад мурмуроваю чалмою,

Здаецца мне, пра лёс жыцця

Гавораць моваю жывою.

Дзе хан з гарэмам залатым?

Навокал ціха, ўсё маўчала,

Усюды змены...ды не тым

Раней ты сэрца хвалявала.

Дыханне руж, фантанаў шум

Я весь быў повен захапленняў

Ад мар і светлых маіх дум

І невыказных летуценняў;

І па палацы лёгкім ценем

Мільгала дзева прада мной!..

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

 

Чый цень, сябры, убачыў я?

Скажыце мне: чый вобраз дзіўны

Хадзіў за мной, як здань мая,

Неуявімы й незабыўны?

А мо’ Марыі вобраз той

З’яўляўся мне, ці мо’ Зарэма

Лятала ў рэўнасці сваёй

Сярод пустэльнага гарэма?

 

Я помню любы мне пагляд

І хараство яшчэ зямное...

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

 

Паклоннік муз, паклоннік міра,

Забыўшы славу і любоў,

Ці хутка вас убачу зноў,

Крутыя берагі Салгіра!

Прыду на схіл сюды знарок,

Дзе успаміны след паклалі,

І зноў таўрычаскія хвалі

Узрадуюць мой прагны зрок.

Дзівосны край, вачэй прынада!

Ўсё люба там: палі, лясы,

Янтар і яхант вінаграда,

Далін прывабныя красы,

І стройных топаляў прахлада

Прытулкам путніку шуміць,

Калі на золку спяць прасторы,

Між гор дарогаю над морам

Прывычны конь яго бяжыць,

І зелянеючых прасцягаў

Прад ім бліскучы вал бурліць

Вакол уцёсаў Аю-дага...



Пераклад: Мікола Хведаровіч

Беларуская Палічка: http://knihi.com