epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксандар Пушкін

Чорны шаль

Малдаўская песня

Гляджу, як шалёны, на чорны я шаль —

Халоднае сэрца сціскае мне жаль.

 

Я быў легкаверны, я быў малады,

І моцна грачанку кахаў я тады.

 

Калі яна лашчыла ўпотай мяне,

Не думаў, што дзень гэты хутка міне.

 

Аднойчы я склікаў вясёлых гасцей,

Як раптам пастукаў нікчэмны яўрэй.

 

«З табою сябры (ён шапнуў мне) ў журбе,

І здрадзіла толькі грачанка табе».

 

І, золата даўшы, я выгнаў яго,

І тут жа раба я паклікаў свайго.

 

Мы выйшлі. Калі я імчаў на кані,

Дык жалю ў душы не знайшоў ані-ні.

 

Ледзь толькі я ўбачыў грачанкі парог,

Сцямнела ўваччу, я крануцца не мог.

 

У дальні пакой уваходжу адзін...

Там дзеву галубіў чужак-армянін.

 

Я свету не ўбачыў, булат загрымеў...

І ён пацалунка спыніць не наспеў.

 

І я безгаловае цела таптаў

І, бледны, крадком на яе паглядаў.

 

Я помню і кроў, і клінка вастрыё...

Загінула дзева, каханне маё!

 

Я зняў з галавы яе мёртвай той шаль

І выцер ім моўчкі крывавую сталь.

 

Іх целы мой раб, як сцямнела зусім,

У хвалі дунайскія кінуў між тым.

 

Чароўных я больш не цалую вачэй,

З тых дзён я вясёлых не знаю начэй.

 

Гляджу, як шалёны, на чорны я шаль,

Халоднае сэрца сціскае мне жаль.

 

1820



Пераклад: Яўген Міклашэўскі