Аляксандар Пушкін

Да Чаадаева

Надзей, кахання, ціхай славы

Нядоўга песціў нас падман,

Расталі юныя забавы,

Як сон, як ранішні туман;

Але кіпяць яшчэ жаданні,

І пад ярмом улады злой

Мы нецярпліваю душой

Айчыны чуем закліканні.

Чакаем з мукай спадзявання

Хвіліны вольнасці святой,

Як малады каханак той

Чакае вернага спаткання.

Пакуль свабодаю гарым,

Пакуль у сэрцах ёсць сумленне,

Мой друг, айчыне аддадзім

Душы прыгожыя імкненні!

Таварыш, вер: настане ён,

Шчаслівы дзень вясны і брацтва,

Расія скіне цяжкі сон,

І на абломках самаўладства

Напішуць нашых рад імён!



Пераклад: Пятро Глебка

Беларуская Палічка: http://knihi.com