Аляксандар Пушкін

Да мора

Бывай, свабодная стыхія!

Апошні раз перада мной

Ты коціш хвалі трапяткія

І ззяеш гордаю красой.

 

Як сябра, голас твой маркотны,

Як кліч яго ў расстайны час,

Твой сумны шум, твой шум журботны

Пачуў я тут апошні раз.

 

Маёй душы рубеж жаданы!

Блукаў па берагах тваіх

Я часта ціхі і туманны

Ад запаветных дум сваіх.

 

Як я любіў, нецерпялівы,

Твой гуд і шум, бяздоння сказ,

І цішыню ў вячэрні час,

І наравістыя парывы!

 

Слухмяны парус рыбакоў,

Тваім капрызам ахаваны,

Адважна мкне на хвалях зноў,

А ты запеніў, нестрыманы, —

І тоне безліч караблёў.

 

Пакінуць не ўдалося сушу,

Навек мне ад яе ўцячы;

Аб тым пашкадаваць я мушу,

Бо марыў я на хвалях рушыць,

У сэрцы песню несучы.

 

Чакаў ты, зваў... я быў скаваны.

Хоць мкнула ў даль душа мая,

Магутнай страсцю счараваны,

Ля берагоў застаўся я.

 

Што шкадаваць? Цяпер куды я

Свой шлях бяспечны б скіраваў?

Адным прадметам ты ў стыхіі

Цяпер душу б маю здзіўляў.

 

Адной скалой, магільняй славы...

Там нікнулі ў халодны сон

Гады яшчэ нядаўняй явы:

Там патухаў Напалеон.

 

Там ён сканаў у знемажэнні,

І ўслед за ім, як буры шум,

Другі ад нас памчаўся геній,

Другі ўладар вялікіх дум.

 

Ён знік, аплаканы свабодай,

Вянец нам свой аддаўшы ў дар.

Шумі, хвалюйся непагодай:

Ён быў, о мора, твой пясняр.

 

Твой вобраз быў на ім пануры,

Ён духам створан быў тваім:

Як ты, глыбокі, горды, бурны,

Як ты, нястрыманы нічым.

 

Свет апусцеў... Куды, не знаю,

Мяне б ты вынес, акіян?

Людская доля скрозь такая:

Дзе добрае, дык там лунае

Ужо асвета ці тыран.

 

Бывай жа, мора! Не забуду

Твае ўрачыстае красы,

Твой доўга, доўга слухаць буду

Гул у вячэрнія часы.

 

У сквар пустэльні, ў лес шчаслівы

Перанясу з сабою ў даль

Твае адгор’і і залівы,

І бляск, і цень, і гоман хваль.

 

1824



Пераклад: Анатоль Астрэйка

Беларуская Палічка: http://knihi.com