epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксандар Пушкін

Дамок у Каломне

I

Чатырохстопны ямб мне нудны стаў:

Ім кожны піша. Час бы на забаву

Яго пакінуць хлапчукам. Жадаў

Даўным-даўно я ўзяцца за актаву.

А сапраўды: я пэўна б саўладаў

З трайным сугуччам. Рынуся па славу!

Бо рыфмы проста ўсе са мной жывуць;

Хай дзве ідуць, а трэцюю вядуць.

 

II

А каб ім шлях адкрыць шырокі, вольны

На дзеясловы свой дазвол я дам…

Хоць дзеяслоўнай рыфмаю няумольна

Мы грэбуем. Чаму? Самім няўцям.

Папісваў так Шыхматаў багамольны;

І так па бальшыне пішу я сам.

Навошта? раз мы голыя на словы,

Я дзеясловы ў рыфмы браць гатовы.

 

III

Іх не пачну пыхліва бракаваць,

Як рэкрутаў, што не ўзялі здароўя,

Ці коней тых за іх благую стаць...

А падбіраю злучнікі, прыслоўі;

Я з дробнай свалаты вярбую раць.

Мне трэба рыфмы; ўсе гарнуць гатоў я,

Увесь хоць слоўнік; што ні склад, салдат —

Усім у строй: у нас жа не парад.

 

IV

Ну, блаславіўшыся,— да перамогі!

Жаночыя, мужчынскія склады.

Раўняйцеся, струнчэй цягніце ногі

Па трое ўсе ў актавіны рады!

Не бойцеся, адбор не будзе строгі;

Вальней трымайся, не збаўляй хады,

А там ужо мы звыкнем, дзякуй Богу,

І выедзем на роўную дарогу.

 

V

Як весц весела свае радкі

Пад лічбамі, парадкам, строй за строем,

Не дазваляць раскінуцца у бакі,

Як войску, ў пух рассыпанаму боем!

Тут склад любы, ўпашанены такі,

Тут кожны верш глядзіць сабе героем,

А вершатворца ... з кім жа роўны ён?

Ёй Тамерлан ці сам Напалеон.

 

VI

Крыху спачнём на гэтай кропцы самі,

Што? перастаць альбо пусціць на пe?..

Я ў пяцістопніку, ў радку з краямі

Люблю цэзуру па другой стапе.

Іначай верш — на купіне ці ў яме.

І хоць ляжу цяпер на канапе,

Мне ўсё здаецца, што ў шалёным гудзе

Трасуць калёсы па замерзлай грудзе.

 

VII

Такой бяды! Не толькі ж дзень пры дні

Хадзіць гранітам неўскім ці на балі

Вашчыць паркет ці мчацца на кані

Ў кіргізскі стэп. Пайду паціху ў далі

Развагу станцый чуць у цішыні,

Бо кажуць жа аб тым арыгінале,

Які, не кормячы, на рысаку

З Масквы прыехаў на Няву-раку.

 

VIII

Скажу, рысак! Парнаскі інаходзец

Яго не перагнаў бы. Ды Пегас

Стары, збяззубеў. Ім прабіты бродзец

Засмяг. І крапівой парос Парнас;

Жыве ў адстаўцы Феб, а карагодзец

Бабулек-музаў больш не цешыць нас.

І табар свой з класічных аблачынак

Мы перанеслі на тлумлівы рынак.

 

Сядзь, муза: рукавом да рукава,

Пад лаўку ножкі! Выструніся, спінка!

Цяцер пачнём. – Жыла-была ўдава,

Таму год восем, кволая націнка,

З АДНОЙ дачкою, Каля Пакрава

Стаяла іх ціхманая хацінка

За самай будкай. Як цяпер відны

Святліца, ганак, дзверы, тры акны.

 

Х

Тры дні назад заходзіў са двара я

З адным знаёмым перад вечарком.

Не ўсцешыць вока больш хацінка тая,

Там узвялі трохпавярховы дом.

Згадаліся нявеста і старая,

Што тут былі сядзелі пад акном.

Пра час той, маладзейшы быў калі я,

Падумалася... ці яны жывыя?

 

XI

Мне стала сумна: на высокі дом

Глядзеў я скоса. Каб пажар іклата

У гэты час яго спавіў кругом,

Майму б злюцеламу пагляду свята

Тварыў бы ён. Бывае, дзіўным сном

Запоўніць сэрца; і лухты багата

У голаў лезе, аж займае дух,

Калі ідзеш адзін ты, а ці ўдвух.

 

XII

Шчаслівы той, хто душы словам зрушыць,

Трымае думку ў ланцугах сваю,

Хто ў сэрцы прысыпае альбо душыць

Імгненна прашыпелую змяю;

Ды балбатлівага натоўп аглушыць,

Як вызвера... Я воды Леты п’ю,

Не па душы мне сумная дыета.

Зрабіце ласку мне, пакіньма гэта!

 

XIII

Старая (да апошняга штрышка

Карціна Рэмбранта згадаць павінна) –

Каптурык, акуляры. Ды дачка

Была, дальбог, прыгожая дзяўчына;

А вочы, бровы — што ўначы рака,

Бялелася галубкаю нявінна;

Быў густ адукаваны ў ёй. Яна

Чытала часта творы Эміна.

 

XIV

Таксама граць умела на гітары,

Спявала: Стогне шызы галубок,

Ці Выйду я, ці нешта з даўняй мары.

Ўсё, што ля печкі ў зімны вечарок

Ці нуднай восенню пры самавары,

А ці вясной, абходзячы лясок,

Спявае руская дзяўчына глуха,

Як музы нашы, сумная пяюха.

 

XV

Фігурна ці даслоўна: ўсёй сям’ёй,

Ад фурмана да першага паэта,

Пяём паныла. Сумны сковыт той

Ёсць рускі спеў. Вядомая прыкмета!

Пачаўшы за здароўе, за ўпакой

Звядзём якраз. Самотнасцю сагрэта

Гармонія і нашых муз і Еў.

Ды па душы нам жаласны напеў.

 

XVI

Параша (значыць, прыгажуня наша)

Умела гладзіць, плесці, шыць і праць;

Адна ў гасподзе ўсёй была Параша,

Даручана было ёй рахаваць,

Пры ёй кіпела грэчневая каша

(У важнай працы ўмела памагаць

Кухарка Фёкла ёй, старая тая,

Што слыху й нюху і не памятае).

 

XVII

Старая маці болей пад акном

Сядзела ўсё; панчоху ўдзень вязала,

А ўвечар, за маленечкім сталом

Расклаўшы карты, варжбу ўсчынала.

Між тым дачка ўвесь аббягала дом,

То ля акна, то на двары мільгала

І, хто б ні йшоў, ні ехаў навакол,

Убачыць паспявала (зоркі пол!).

 

XVIII

Зімою аканіцы спалі рана

Ды ўлетку у доме да начы ажно

Было ўсё насцеж. Бледная Дыяна

Глядзела доўга дзеўчыне ў акно.

(Без гэтага ніводнага рамана

Няма ў нас, так заведзена даўно!)

Было, даўно храпла ўжо маці смела,

Ну а дачка – на поўню ўсё глядзела

 

ХІХ

І слухала курняўканне катоў —

Спаткання знак нясціплы ў ночы цёмнай,

Крык варты, бой гадзіннікаў — і зноў

Нікога. Ноч над мірнаю Каломнай

Сцішэлая. Зрэдчас мільгнуць з дамоў

Два цені. Ёй пачуць дзяўчыны томнай

Было няцяжка сэрца, як яно

Штурхалася ў тугое палатно.

 

XX

З ёй штонядзелі, летам і зімою,

Ішла ўдава маліцца Пакраву

І станавілася перад юрмою

Ля крыласа налева. Я жыву

Цяпер не там, ды мараю былою

Люблю ляцець, заснуўшы наўяву,

Ў Каломну — і ў нядзелю ў наталенне

Там слухаць рускае богаслужэнне.

 

 

 

 

 

Туды, я помню, ездзіла заўжды

Графіня… (звалі як, не ў гэтым справа)

Багатая была не на гады;

Заходзіла ў царкву, як тая слава,

Малілася так горда, і тады,

Бывала, грэшны, ўсё гляджу направа,

Ўсё на яе. Параша перад ёй

Здавалася, бядачка, сіратой.

 

XXII

Падчас графіня на яе няснотна

Кідала зірк свой важны. Ды яна

Маліла Бога ціха і гаротна

І ў смутку заставалася адна.

Пакора ў ёй адбілася пяшчотна;

Графіня ж акуналася да дна

Ў сябе самую, ў чарах моды новай

Жыла ў красе халоднай і суровай.

 

XXIII

Была як стылы ідэал уяў

Пыхлівасці. Яго б вы ў ёй пазналі;

Ды праз халоднасць гэту я чытаў

Аповесць іншую: самоты, жалі,

Пакора скаргаў... Іх я разглядаў

Яны мой зірк міжволі захаплялі…

Графіня ж гэта ведаць не магла

І, пэўна, ў спіс ахвяр мяне ўвяла.

 

XXIV

Яна, пакутніца, хоць маладая

І гожая была, хоць і жыла

Ў раскошы пестаў; хоць была нязлая

Фартуна з ёй; хоць мода ёй дала

Свой фіміям, — яна была ў адчаі.

Сто раз шчаснейшай за яе была,

Чытач мой, новая знаёмка ваша

Прасцячка, добрая мая Параша.

 

XXV

Каса змяёй, грабеньчык веташком,

Як змейкі, сукры з-за вушэй звісалі,

Касыначка крыж-накрыж ці вузлом,

На тонкай шыі воскаўкі каралі –

Няхтры ўбор; ды за яе акном

Гвардзейцы-чарнавусы гарцавалі,

Дзяўчына ўмела так прывабіць іх

Без дапамогі ўбораў дарагіх.

 

XXVI

Каго з іх сэрцам выбрала гарачым,

А ці да ўсіх як ёсць яна была

З душой халоднаю? Ніжэй пабачым,

Пакуль жа мірнае жыццё вяла,

Не думала пра баль, Парыж, аж з плачам,

І ні пра двор (хоць пры двары жыла

Яе сястра дваюрадная, Вера

Іванаўна, палова гоффур’ера).

 

XXVII

Ды гора ўраз наведала іх дом

Шчыруха, ледзь прыйшоўшы з лазні паркай,

Злягла. Дарэмна чаем, і віном,

І воцатам, і мятнаю прыпаркай

Абходжвалі. Перад калядным днём

Сканала ўночы. З беднаю кухаркай

Рассталіся. І ў той жа дзень прыйшлі,

Труну на Охце аддалі зямлі.

 

XXVIII

Па ёй тужылі ўсе, але найболей

Кот Васька. Потым удава мая

Падумала, што два, тры дні спатолі

Жыць можна без кухаркі, ды ніяк

Аддаць свой стол няможна боскай волі.

Дачку паклікала: «Параша!» — «Я!» —

«Дзе ўзяць кухарку? Можа, што суседка

Параіць. Танныя цяпер так рэдка». —

 

XXIX

«Прачую, мамачка». І выйшла вон,

Захутана. (Зіма стаяла грозна.

І снег рыпеў, і сіні небазвон

У зорках без аблокаў ззяў марозна).

Дачку ўдава чакала доўга; сон

Яе хіліў паціху; стала позна.

Калі Параша сцішана ўвайшла,

Сказаўшы: «Вось кухарку прывяла».

 

XXX

За ёю ўслед, нясмелая такая,

Ў кароценькай спаднічцы акурат,

Высокая, на выгляд неблагая.

Ішла дзяўчына, сцішыўшы пагляд,

Хвартух распростваючы, стала з краю.

«А возьмеш што?» — старая наўпапад

Спытала. «Ўсё, што будзе вам заўгодна», —

Сказала тая сціпла і свабодна.

 

XXXI

Быў па душы ўдаве яе адказ.

«А як завуць?» — «А Маўрай».— «Ну, Маўруша,

Жыві, мой свет, апорай будзь у нас;

Ганяй мужчын. Нябожчыца Фяклуша

Служыла дзесяць год, а хоць бы раз

Нявернасцю нам зажурыла душы.

Хадзі за мной і за маёй дачкой,

Шчыруй; вядзі рахункі з галавой».

 

XXXII

Мінаюць дні. Кухаркай пахваліцца

Не могуць. Можа ці пераварыць,

Ці перасмажыць, то ляціць паліца

З пасудай; ёй каб што перасаліць.

А сядзе шыць — іголку ўзяць баіцца;

Хоць дакараюць, а яна маўчыць;

Паўсюль ва ўсім хоць нечым, а падгадзіць.

Параша б’ецца, а ніяк не зладзіць.

 

XXXIII

А на абедню, рана ўстаючы,

Пайшлі з дачкою маці. Засталася

Маўруша дома, бо ў яе ўначы

Балелі зубы; ледзьве валаклася;

Карыцы мела клопат натаўчы, —

Пірожнае спячы яна ўзялася.

Яе пакінулі; але ў царкве

Раптоўна стала боязна ўдаве.

 

XXXIV

Падумала: «Ў Маўрушы не парою

Язык стаў на пірожанае лас.

Пірожніца, дальбог, глядзіць лісою!

Задумала няйнакш абкрасці нас

Ды шмыгануць. Вось будзем з навіною

На свята! Нас міні, нядобры час».

Ад думак тых старая абмірала

І ўрэшце не стрымалася, сказала:

 

XXXV

«Стой тут, Параша. Я схаджу дамоў;

Мне боязна». Дачка не разумела,

Чаго ёй страшна. З паперці далоў

Ледзь-ледзь мая старая не зляцела;

Дрыжэла сэрца, біла ў скроні кроў.

Прыйшла ў хацінку, ў кухню паглядзела, —

Няма Маўрушы. Да сябе ў пакой

Зайшла — і што ж? бяда! о божа мой!

 

XXXVI

Перад Парашыным люстэркам смела

Кухарка брылася. Што ж з удавой?

«Ах, ах!» — і чмяк. Разгублена глядзела

Кухарка, і з намыленай шчакой

Цераз старую (тая ўхаладзела)

На ганак цераз сенцы проста скок,

І, захінуўшы твар, хутчэй наўцёк.

 

XXXVII

Абедня скончана, прыйшла Параша.

«Што, мамачка?» — «Ах, Пашачка мая!

Маўрушка...» — «Што, што з ёй?» — «Кухарка наша…

Апомніцца дасюль не ў сіле я...

У мыле... за люстэркам...» — «Воля ваша,

Не зразумець нічога мне ніяк;

Маўруша дзе?» — «Ах, чую крокаў пошчак!

Яна тут брылася!.. як мой нябожчык!»

 

XXXVIII

Ці рдзелася Параша — вось сакрэт,

Сказаць вам я не ўмею; ды Маўрушкі

З таго як не было — прастыў і след!

Пайшла, не ўзяўшы платы ні панюшкі,

Устроіць не паспеўшы важных бед.

У краснае дзяўчыны і ў шчырушкі

Хто заступіў Маўрушу? Не чуваць,

Таму і паспяшаю завяршаць.

 

XXXIX

«Як, тут і ўсё? жартуеце!» — «Ні троху», —

«Дык вось куды актавы нас вялі!

Нашто такую паднялі трывогу,

Склікалі раць і з пахвальбой ішлі?

Зайздросную ж абралі вы дарогу!

Няўжо прадметаў іншых не знайшлі?

Ды ці няма ў вас павучаць хацення?» —

«Няма... ці ёсць: хвіліначку цярпення.

 

XL

Вось вам мараль: на розум мой, чаму

Наймаць за так кухарку недарэчна;

Мужчынам нарадзіўся хто, таму

Насіць спадніцу дзіўна й небяспечна,

Бо давядзецца ж некалі яму

Брыць бараду сабе, а гэта спрэчна

З прыродай дамскай... І ўсяго таго,

Што ты з расказу выціснеш майго».

 

1830



Пераклад: Аркадзь Куляшоў