epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксандар Пушкін

Дарожная жальба

Колькі мне гуляць на свеце

Ці у брычцы, ці вярхом,

Ці ў кібітцы, ці ў карэце,

Ці ў вазку, альбо пяшком?

 

І не ў спадчыннай бярлозе

І не там, дзе продкі спяць,

На вялікай мне дарозе

Бог прыдумаў паміраць,

 

У гарах ці пад ракітай,

На каменні пад канём,

Ці у рове, што размыты,

Пад раскіданым мастом.

 

Ці чума мяне падчэпіць,

Ці замерзну на двары,

Ці мне ў лоб шлагбаўм улепіць

Інвалід — цюхцяй стары,

 

Ці у лесе пападуся,

Нож зладзейскі паласне.

Ці ад суму задыхнуся

Дзесьці у каранціне.

 

Колькі мне ў журбе галоднай

І пасціць і сумаваць

І цяляцінай халоднай

Трусілі Яра памінаць?

 

І ўсё ж лепей быць на месцы,

Па Мясніцкай раз’язджаць

І аб вёсцы і нявесце

Пры каміне ўспамінаць!

 

І ўсё ж лепей чарка рому,

Ноччу сон, а ўранку чай;

І ўсё ж лепей, братцы, дома!..

Ну, пайшоў жа, паганяй!..



Пераклад: Юрась Свірка