epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксандар Пушкін

Дарожныя скаргі

Колькі мне гуляць па свеце

То на брычцы закладной,

То ў кібітцы, то ў карэце,

Конна, бегма, пехатой?

 

І не ў спадчыннай бярлозе,

Сярод могілак бацькоў,

Па вялікай, бач, дарозе

Бог забраць мяне гатоў!

 

На гары пад колам збітым,

У жарстве, пад капытом,

Ці на дне, вадой размытым,

Пад раскіданым мастом.

 

Ці чума мяне падчэпіць,

Ці ў мароз свой скон знайду,

Ці калека ў лоб улепіць

Мне шлагбаум на хаду.

 

Можа ў лапы ліхадзею

Траплю недзе ў гушчары.

Ці з нуды навек здранцвею

Ў каранціне, на двары.

 

Колькі мне ў тузе галоднай

Пост нявольны адбываць,

І цяляцінай халоднай

Труфлі Яра ўспамінаць?

 

Ці ж не лепей быць на месцы,

Па Мясніцкай раз’язджаць.

І аб вёсцы, аб нявесце,

Часам, марыць, разважаць!

 

Ці ж не лепей чарка рому,

Ноччу сон, а зранку чай;

Ці не лепш, браточкі, дома!...

Ну, паехаў, паганяй!..



Пераклад: Эдзі Агняцвет