epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксандар Пушкін

Дэман

Калі усё было мне новым,

Калі ўсім захапляўся я —

Дзяўчат пагляды, шум дубровы

І ўночы спевы салаўя, —

Калі пачуцці волі, брацтва,

Каханне, слава, гурт сяброў

І ўсе натхнёныя мастацтвы

Так моцна хвалявалі кроў, —

Тады надзей і ўцех імгненні

Раптоўна засцячы журбой,

Якійсьці дужа злосны геній

Хадзіць таемна ў дом стаў мой.

БЫЛІ журботныя сустрэчы:

Яго усмешка і пагляд,

Зласлівасць слоў яго штовечар

Лілі ў душу халодны яд.

Паклёпам, быццам бы ахвяру,

Ён лёс нястомна спакушаў,

Цудоўнае лічыў ён марай,

Натхненнем горда пагарджаў.

Не верыў ён каханню, волі,

З насмешкай на жыццё глядзеў —

Ва ўсёй прыродзе сам ніколі

Нічога славіць не хацеў.



Пераклад: Янка Сіпакоў