epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксандар Пушкін

«Для родных берагоў айчыны...»

Для родных берагоў айчыны

Ты пакідала край чужы;

У векапомную хвіліну

Я доўга плакаў і тужыў.

Дарма гаіў надзеяй раны,

Цябе хацеў я затрымаць;

І час апошняга расстання

Маліў я не перарываць.

 

Але ад пацалункаў горкіх,

З зямлі выгнання і чужой,

На нівы родныя, узгоркі

Мяне ты клікала з сабой.

«У дзень спаткання, дзе магуча

Казала - хваль шуміць напеў,

Мы пацалункі свае злучым

Ў зялёнахмарнай цені дрэў».

 

Ды там, дзе небасхілу далі

Гараць у сонцы залатым,

Дзе сіняй песняй шэпчуць хвалі,

Апошнім сном заснула ты.

Краса і дні цярпенняў ранніх

Ў зямлі схаваліся сырой -

І пацалунак знік спаткання...

Ды жду яго: ён за табой!

 

1830

 

 

Каментары

 

Рэдакцыя 1937 года.

 

Пераклад друкаваўся:

Бел. летапіс. 1937, № 4; пад назвай «Для родных берагоў».

Танк М. Зб. тв.: У 6 т. Т. 5. Мн., 1980.

На зорных шляхах: Пераклады М.Танка. Мн., 1991.

 



Пераклад: Максім Танк