epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксандар Пушкін

Гусар

Скрабніцай чысціў ён каня,

Бурчаў, разгневаны не ў меру:

«Занесла ж чортава радня

Мяне на клятую кватэру.

 

Тут чалавека берагуць.

Як на турэцкай перастрэлцы,

Нішчымны крупнік ледзь дадуць,

І ўжо не думай аб гарэлцы.

 

Тут гаспадар пільнуе дом,

За гаспадыняй сочыць зверам,

Ані дабром, ні бізуном

Не выманіш яе за дзверы.

 

Не тое Кіеў. Вось дзе край!

Там скачуць самі ў рот галушкі,

Віном хоць пары паддавай,

А маладзіцы-маладушкі!

 

Дальбог, душу аддаць быў рад

За позірк жынкі чарнабрывай

Адным, адным благія, брат...»

«А чым жа? Раскажы, служывы».

 

Ён стаў круціць свой вус густы.

Пачаў: «Калі сказаць адкрыта,

Не з баязлівых, можа. ты.

Ды зелен. Мы ж бывалі біты.

 

Ну слухай. Полк наш ля Дняпра

Стаяў, і гаспадыня ў цвеце

Была, як майская зара,

А муж памёр яе... Прыкмеціў?

 

Вось з ёй і падружыўся я;

Жывём у згодзе, адмыслова:

Прыб’ю — Марусінька мая

Насуперак не скажа й слова;

 

Нап'юся — раніцой сама

Мне прынясе чым пахмяліцца;

Міргну бывала: Гэй, кума! —

Кума, як сонца, заіскрыцца.

 

Аб чым было і бедаваць!

Жыві ў дастатку дні і ночы!

Ды не: я ўздумаў раўнаваць.

Што зробіш! Хтось, відаць, сурочыў.

 

Навошта ёй, стаў думаць я.

Да пеўняў уставаць? Хто просіць?

Сваволіць любая мая;

Куды яе нячысцік носіць?

 

Пачаў за ёй глядзець пільней.

Ляжу раз, вочы ледзь прыжмурыў

(А ноч была турмы чарней,

І за акном шумела бура),

 

І чую: з печы ціхачом

Кума, як злодзей, сіганула,

Мяне абмацала крадком

І жар на прыпечку раздула.

 

Паднесла свечку да цяпла,

Пайшла ў куточак з тою свечкай,

З паліцы шкляначку ўзяла,

На венік сеўшы перад печкай,

 

Раздзелася і галышом

Са шклянкі тры разы глынула

І ўміг на веніку вярхом.

Павер, у комін плітанула.

 

Эге! тут здагадаўся я:

Кума напэўна ж басурманка!

Чакай жа, любачка мая!...

Я з печы злез — і бачу: шклянка.

 

Панюхаў: кісла! Дрэнь, няйнач...

Лінуў на дол: вось гэта дзіва!

Падскочыў таз, за ім—рагач,

Абодва ў печ ляцяць імкліва.

 

Гляджу: там кот прылёг на ўслон;

І на яго я зеллем пырснуў —

Як фыркне! Я: апсік! І ён

Туды ж, у комін, свіснуў-бліснуў.

 

Пачаў крапіць я ўсе куткі

З пляча, куды б там ні папала;

І ўсё: сталы, услон, гаршкі,

Марш! марш! Усё ў печ паскакала.

 

А што ж! падумаў я: цяпер

І мы папробуем! І духам

Да дна ўсё выпіў; вер не вер —

Ды ўгору я ўзлятаю пухам.

 

Вышэй лячу, лячу, лячу.

Куды, не помню і не знаю;

Сустрэчным зорачкам крычу:

Правей?.. І падаю ў адчаі.

 

Гляджу: гара. На той гары

Кіпяць катлы; музыкі граюць,

І на паганскім алтары

З лягушкай нехрысця вянчаюць.

 

Я плюнуў і сказаць хацеў...

Ды тут бяжыць Маруся ў жаху:

«Дамоў! Ты пэўна звар’яцеў?

Цябе з’ядуць!» А я без страху:

 

«Дамоў? Яшчэ б! А дзе той дом?

Як шлях знайду?» — «Дзівак зацяты!

Вось качарга, сядай вярхом

І прэч хутчэй адсюль, пракляты». —

 

«Каб я ды сеў на качаргу,

Гусар прысяжны! Ах ты, дура!

Ці ж я на глум пайсці магу?

Ці мо ў цябе двайная шкура?

Каня!» — «На, дурань, вось і конь».

І праўда: конь перада мною,

Б’е капытом, увесь агонь,

Дугою шыя, хвост трубою.

 

«Садзіся!» — На каня я сеў,

Вуздэчка дзе? — няма вуздэчкі.

Ён як панёс, як паляцеў —

І апынуўся я ля печкі.

 

Гляджу: ўсё так, як і было;

Сяджу вярхом і пада мною

Не конь — стары драўляны ўслон.

Вось што здараецца парою».

 

І стаў круціць ён вус густы,

Дадаў: «Калі сказаць адкрыта,

Не з баязлівых, можа, ты.

Ды зелен. Мы ж бывалі біты».



Пераклад: Хведар Жычка