epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксандар Пушкін

«Ізноў наведаў я...»

...Ізноў наведаў я

Той ціхі кут, дзе доўгіх два гады

Пустэльнікам прабавіў непрыкметна.

Ўжо дзесяць год мінула з той пары,

І шмат змянілася ў жыцці маім,

І сам, пакорны вечнаму закону,

Змяніўся я, але нанова тут

У памяць кінуліся успаміны, —

Здаецца мне, яшчэ учора толькі

Хадзіў я гэтым гаем.

Вось і хатка,

Дзе жыў я з беднай няняю маёй,

Сасланы ў глуш. Няма маёй старэнькай,

Не чую больш яе паважных крокаў:

Бывала, ў досвецце на варту выйдзе

І тупае за сценкай...

А ўвечары, пад вый і скогат буры

Гаворыць казкі — я іх добра помню,

Не прыядаліся яны ніколі.

А вось лясная горка, на каторай

Сядзеў я часта моўчкі і глядзеў

На возера і смутна, смутна думаў

Аб іншых берагох, аб іншых хвалях...

Між жоўтых ніў, зялёных сенажацей,

Яно, сінеючы, лягло шырока,

І на яго прасторы невядомым

Рыбак на чоўне цягне за сабою

Убогі нерат. Берагам пакатым

Рассыпаліся вёскі, а за імі,

Сагнуўся млын, крыламі ледзьве, ледзьве

Варочае пры ветры.

На мяжы

Ўладарстваў дзедаўскіх, на месцы тым,

Дзе ўгору падымаецца дарога,

Скапаная дажджамі, тры сасны

Стаяць; адна далей, а дзве другія

Амаль што побач. Тут, калі паўз іх

Я ехаў конна месячнаю ноччу,

Знаёмым шумам шолах іх вяршынь

Мяне вітаў. Дарогай тою самай

Цяпер праехаў я, перад сабою

Пабачыў іх ізноў: яны ўсё тыя ж,

І той жа іх знаёмы слуху шолах,

Але пры каранёх іх пастарэлых,

Дзе ўсё было калісьці пуста, гола,

Цяпер разросся маладзенькі гай;

Зялёная сям’я вакол таўпіцца

Пад ценем іх, як дзеці. А паводдаль

Стаіць адзін пахмурны іх таварыш,

Як халасцяк стары: ваўкол яго,

Ян і раней, пустэча.

Добры дзень,

Плямя чужое, слаўнае! Не я

Пабачу ваш магутны сталы ўзрост,

Калі перарасцеш маіх знаёмых

І галаву старую іх заслоніш

Ад вока падарожнага. Няхай!..

Няхай жа мой унук прыветны шум

Пачуе ваш, калі вяртацца будзе

З бяседы дружнай, поўны шчасных думак;

Ён пройдзе каля вас у мроку ночы

І ўспомніць пра мяне.

Гаі

Міхайлаўскія, рознымі гадамі

З’яўляўся я пад ваш ласкавы цень.

Калі вы першы раз мяне сустрэлі,

Тады я быў вясёлым юнаком,

Бяспечна, прагна браўся толькі жыць.

Гады прамчаліся — вы прынялі мяне

Прысталага вандроўніка. Яшчэ

Я малады быў, але цяжкі лёс

Няроўнай барацьбой мяне стаміў;

Я жорсткім стаў. У смутку часта

Задумваўся аб моладасці я,

Патрачанай у іспытах бясплодных,

Аб строгасці заслужаных папрокаў,

Аб дружбе, што сплаціла шчырай крыўдай

За жар душы даверлівай і кволай, —

І горка, горка накіпала ў сэрцы...



Пераклад: Юрка Гаўрук