epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксандар Пушкін

«Я памятнік сабе стварыў нерукатворны...»

                                        Exegi monumentum.

 

Я памятнік сабе стварыў нерукатворны,

Лягла народным шляхам да яго зара,

Ён перавысіў галавою непакорнай

І мармураў, і бронзы грань.

 

Не! Увесь я не памру! Мой дух у песнях смелы

Перажыве магіл кароткі ціхі век,

І слаўным буду я, пакуль на свеце цэлым

Адзін хоць будзе чалавек.

 

Слух аба мне пойдзе па ўсёй маёй краіне,

І кожны зразумее вольны мой язык:

І горды ўнук славян, і дзесь на сопках сініх

Тунгуз, і брат стэпоў калмык.

 

Таму я доўга буду ведамы народу,

Што лірай лепшыя надзеі прабуджаў,

Што ў мой пануры век я апеяў свабоду

І міласць ў сэрца заклікаў.

 

Натхненню вольнаму будзь паслухмянай, муза!

Ня бойся крыўды, не жадай вянка,

Не пераймайся славаю і ў спрэчках дужа

Лепш не мазоль ты языка.

 

1836

 

 

Каментары

 

Рэдакцыя 1937 года.

 

Эпіграф быў узяты з Гарацыя (кн. III, ода XXX).

 

Пераклад друкаваўся:

Бел. летапіс. 1937, № 4; пад назвай «Памятнік».

Танк М. Зб. тв.: У 6 т. Т. 5. Мн., 1980.

 



Пераклад: Максім Танк