Я помню дзіўнае імгненне:
Перада мной узнікла ты,
Як лёгкі прывід захаплення,
Як геній чыстай пекнаты.
У безнадзейны час, самотны,
Калі пустых трывог стае,
Гучаў мне голас твой пяшчотны
І рысы сніліся твае.
Гады міналі. Шторм грымотны
Развеяў мары назаўжды.
Забыў я голас твой пяшчотны,
Нябесны воблік і сляды.
У змроку доўгага выгнання
Міналі дні без пачуцця,
Без захаплення, хвалявання,
Без слёз, кахання і жыцця.
Душа ускрэсла ад самоты,
І вось ізноў узнікла ты,
Як лёгкі прывід пералётны,
Як геній чыстай пекнаты.
І сэрца б’ецца ў захапленні,
І для яго ўваскрэслі зноў
Нябесны вобраз, і натхненне,
Жыццё, і слёзы, і любоў.