epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксандар Пушкін

Я зноў наведаў

                          ...Я зноў наведаў

Зацішны той закутак, дзе правёў

Выгнаннікам нямала часу.

З тых дзён мінула дзесяць год -

                                                  і многа

Перамянілася ў жыцці маім,

І сам, пакорны ўсеагульнаму закону,

Перамяніўся я - ды тут ізноў

Мінулае мяне усюды сустракае.

Здаецца, ўчора я яшчэ блукаў

Па гэтых пералесках.

 

                    Вось апальны домік,

Дзе жыў я з беднай няняю маёй.

Старой ужо няма - і за сцяною

Не чую я хады яе павольнай,

Ні клапатлівага яе дагляду.

Вось той лясісты ўзгорак, на якім

Сядзеў я часта нерухома і глядзеў

На возера, успамінаючы з тугою

Другія берагі, другія хвалі...

Між залацістых ніў, лугоў зялёных

Яно сінее, сцелецца шырока,

Цераз яго нязведаныя воды

Плыве рыбак і цягне за сабой

Старэнькі невад. Тут па берагах

Рассыпаліся вёскі - там за імі

Вятрак скрывіўся, ледзьве крыллі

Варочае пры ветры.

                                  На граніцы

Уладанняў дзедаўскіх, на месцы тым,

Дзе ўгору падымаецца дарога,

Размытая дажджамі, тры сасны

Стаяць - адна з іх воддаль, дзве другія

Ствалы ўздымаюць побач - тут, калі паўз іх

Я праязджаў пры месячным святле,

 

Знаёмым шумам шорах іх вяршынь

Мяне вітаў самотна. Той дарогай

Цяпер паехаў я, і прад сабою

Убачыў іх зноў. Яны ўсё тыя ж,

І той жа іх, знаёмы вуху, шорах -

Ды каля іх карэнняў застарэлых

(Дзе некалі было ўсё пуста, гола)

Гай малады цяпер ужо разросся,

Зялёная сям'я; і туляцца кусты

Ў іх засені, як дзеці. А удалі

Стаіць адзін пануры іх таварыш,

Як халасцяк стары, а навакол

Ўсё пуста па-ранейшаму.

 

                      Дзень добры, племя

Маладое, незнаёмае! не я

Убачу твой магутны позні ўзрост,

Калі перарасцеш маіх знаёмых

І іх старую галаву заслоніш

Ад воч вандроўніка. Але хай мой унук

Пачуе шум ваш прывітальны тут, калі,

Вяртаючыся ад сяброў з бяседы,

Прыемных і вясёлых поўны дум,

Ён пройдзе міма вас у змроку ночы

І ўспомніць пра мяне.

 

1835

 

 

Каментары

 

Пераклад друкаваўся:

Пушкін А. Выбр. тв. Мн., 1949.

Беларусь. 1949, № 6.

Танк М. Зб. тв.: У 6 т. Т. 5. Мн., 1980.

 



Пераклад: Максім Танк