epub
 
падключыць
слоўнікі

Аляксандар Пушкін

Казка аб залатым пеўніку

Недзе ў краі трыдзевятым,

Дзесьці ў царстве трыдзесятым

Жыў быў слаўны цар Дадон.

Змоладу быў грозны ён,

І суседзяў то, бывала,

Крыўдзіў войнамі нямала,

А пад старасць пажадаў

Адпачыць ад ратных спраў

Ды пажыць сабе спакойна;

Тут суседзі на Дадона

Сталі смела нападаць,

Яго царства разбураць.

Каб дзяржаву і уладу

Бараніць ад тых нападаў,

Ён павінен быў трымаць

Войск нязлічаную раць.

Ваяводы не драмалі,

Ды ніяк не паспявалі:

Сочыш там, а вораг — тут, —

Не дагледзіш кожны кут.

Выб’юць тут — ліхія госці

Валяць з мора — і ад злосці

Часам плакаў цар Дадон,

Часам траціў нават сон.

 

Што й жыццё ў такой трывозе!

І вось з просьбай аб падмозе

Цар хутчэй да мудраца —

Зоразнаўца і скапца —

Шле ганца свайго з паклонам.

Вось мудрэц перад Дадонам

Стаў, і выняў ён з мяшка

Залатога певунка.

“Пасадзі яго на спіцы, —

Кажа ён, — супроць святліцы,

І пабачыш, пеўнік мой

Будзе верны стораж твой:

Як нідзе не будзе войнаў,

Будзе ён сядзець спакойна;

А як толькі дзе-нібудзь

Твае ворагі пачнуць

Пагражаць табе вайною

Ці яшчэ якой бядою, —

Дык мой пеўнік залаты

Ўміг павернецца туды,

Зварухнецца, страпянецца,

На трывогу адгукнецца”.

Рады цар быў бесканца,

Шчыра дзякуе скапца:

“За такую вось паслугу, —

Кажа цар яму, як другу, —

Волю выканаць тваю

Я гатоў, як і сваю”.

 

Певунок з высокай спіцы

Вартаваць пачаў граніцы —

Ледзь задумаў хто вайну,

Верны стораж як са сну

Страпянецца над сталіцай,

У той бок глядзіць са спіцы

І крычыць: “кіры-ку-ку!

Царствуй, лёгшы на баку!”

І суседзі тут, вядома,

Выступаць супроць Дадона

Перасталі з гэтых пор, —

Даў усім Дадон адпор.

 

Год, другі жывуць без войнаў,

Певунок сядзіць спакойна;

Вось аднойчы цар Дадон

Чуе крык і шум праз сон:

“Цар ты наш! Айцец народа! —

Ледзь не плача ваявода, —

Ой, прачніся, цар, устань!”

Хто такі ў такую рань? —

Цар устаў і пазяхае: —

Га? Хто там? бяда якая?”

Ваявода адказаў:

“Зноў наш пеўнік закрычаў,

Страх і шум ва ўсёй сталіцы”.

Цар к акенцу — аж на спіцы,

Бачыць, слаўны певунок,

Адвярнуўшыся у бок

Да усходу, раскрычаўся.

Цар Дадон расхваляваўся

І гукае: “Гэй, народ,

У паход жывей на ўсход!”

І сабраўшыся ў хвіліну,

У варожую краіну

Яго войска дружна йдзе,

Сын старэйшы раць вядзе.

Певунок угаманіўся,

Шум заціх, і цар забыўся.

 

Вось праходзіць восем дзён,

І не ведае Дадон,

Што там з войскам за здарэнне,

Бо няма паведамлення.

Пеўнік зноў пачаў крычаць,

Кліча цар другую раць,

І ў варожую краіну

Пасылае з меншым сынам.

Пеўнік тут-жа і заціх.

Вестак зноў няма ад іх.

Восем дзён ізноў праходзіць;

Людзі ў страху дні праводзяць;

Пеўнік зноў пачаў крычаць,

Цар склікае трэццю раць

І вядзе яе паходам

Сам к далёкаму усходу.

 

Войска крочыць дзень за днём.

Аглядаецца кругом —

Ні пабоішча, ні стана,

Ні магільнага кургана

Не знаходзіць цар Дадон.

“Што за дзіва?” кажа ён.

Восьмы дзень ужо праходзіць,

Войска ў горы цар прыводзіць,

І паміж высокіх гор

Бачыць шоўкавы шацёр.

Цішыня стаіць навокал,

А ў цясніне нешырокай

Раць пабітая ляжыць.

Цар Дадон к шатру бяжыць.

Раптам крыкнуў ён ад жаху:

Перад ім сыны, як плахі,

Без шаломаў і без лат

На зямлі ляжаць у рад,

Меч уткнуўшы друг у друга.

Бродзяць коні іх між лугу,

Па утоптанай траве,

Па крывавай мураве.

Цар завыў: “Ах, дзеці, дзеці!

Гора мне без вас на свеце!

Хто-ж вас звёў на гэткі бой?

Хто-ж быў гэтаму віной?”

Ўсе завылі за Дадонам,

Застагнала цяжкім стогнам

Глыб далін і сэрца гор.

Раптам бачыць ён — шацёр

Адчыніўся й маладзіца,

Шамаханская царыца,

У адзенні дарагім

Ціха стала перад ім.

Як прад сонцам птушка ночы,

Цар замоўк. З любоўю ў вочы

Ёй глядзіць, і ў гэты міг

Пра сыноў забыў сваіх.

А яна перад Дадонам

Усміхнулася, з паклонам

За руку яго ўзяла

І ў шацёр свой павяла.

Там за стол яго саджала,

Рознай стравай частавала,

Ды паклала яго спаць —

Мірным сном адпачываць.

А пасля так тыдзень роўна

Ў паслушэнстве безумоўным

Баляваў там цар Дадон,

Ні аб чым не думаў ён.

 

Ды нарэшце ўсё-ж, вядома,

Ён адправіўся дадому

З сілай ратнаю сваёй

І царыцай маладой.

Перад ім на ўсю краіну

Разбягаліся навіны.

Пад сталіцай ля варот

З шумам стрэў яго народ.

Ўсе бягуць за калясніцай,

За Дадонам і царыцай.

Іх вітае цар Дадон.

Раптам збоку, бачыць ён,

Ў сарачынскай шапцы белай,

Нібы лебедзь, пасівелы,

Друг стаіць яго скапец.

“А! здаровенек, айцец!

Як сябе ты адчуваеш?

Што мне, дружа, загадаеш ?”

“Цар, — мудрэц яму сказаў,

Разлічыцца я-б жадаў.

Памятаеш? за паслугу

Абяцаў калісь, як другу.

Волю першую маю

Ты выконваць, як сваю.

Прыгажуню-маладзіцу,

Шамаханскую царыцу,

Ты аддай мне, як свой дар...”

“Што ты? што ты? — кажа цар, —

Ты напраўду, ці жартуеш?

Ну, адказвай-жа мне, чуеш?

Што ты ў голаву набраў?

Я, бясспрэчна, абяцаў,

Ды ўсяму-ж вось ёсць граніца.

І нашто табе царыца?

Маеш розум ты, ці не?

Папрасі ты у мяне

Хоць казну, хоць чын баярскі,

Хоць каня са стайні царскай,

Хоць поўцарствам адплачу”.

“Не, нічога не хачу.

Падаруй мне маладзіцу,

Шамаханскую царыцу”, —

Адказаў яму мудрэц.

“Дык-жа знай, стары скапец,

Што не дам табе нічога!

Не грашы ты лепей богу!

Выбірайся мігам вон!” —

Крыкнуў грозна цар Дадон.

Тут скапец пачаў спрачацца,

Ды з царамі лепш не знацца,

Цар па лбу яго жазлом

Стукнуў: той упаў кулём.

Ды сканаў. — Уся сталіца

Задрыжала, — а царыца

Калі стала рагатаць...

Грэх не страшны ёй, відаць.

Цар, хоць вельмі хваляваўся

Ёй пакорна усміхаўся.

Вось у горад едзе ён...

Раптам чуе лёгкі звон,

І ў вачах усёй сталіцы

Пеўнік пырх! — зляцеў са спіцы,

К калясніцы паляцеў

І цару на цемя сеў,

Дзеўбануў па цемі раз

І ўзляцеў... і ў той-жа час

З калясніцы ўпаў Дадон, —

Толькі ахнуў — і дух вон, —

А царыца з воч прапала,

Нібы ў воду яна ўпала.

Казка лжэ, ды ў ёй намёк!

Шмат каму яна урок.



Пераклад: Алесь Якімовіч